Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

§ 30. Вялікая і малая літары ў назвах дакументаў, іх зводаў, унікальных прадметаў, твораў




§ 30. Вялікая і малая літары ў назвах дакументаў, іх зводаў, унікальных прадметаў, твораў

1. З вялікай літары пішуцца:

   аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах важнейшых дзяржаўных і міжнародных дакументаў, устаноўчых пагадненняў, заканадаўчых актаў, іх зводаў: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь, Чырвоная кніга Беларусі, Закон Рэспублікі Беларусь, Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Статут Вялікага Княства Літоўскага, Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, Літоўская метрыка, Скарыніяна, Біблія, Стары Запавет, Каран, Талмуд;

аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах прадметаў мастацтва і іншых адзінкавых і ўнікальных прадметаў, іх зводаў: Дзявятая сімфонія Бетховена, Венера Мілоская, Янтарны пакой, Алмазны фонд.

2. З малой літары пішуцца агульныя назвы стыляў у мастацтве і архітэктуры: барока, ракако, готыка, ампір, мадэрн.

§ 31. Вялікая і малая літары ў назвах памятных і знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох

1. З вялікай літары пішуцца:

аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах знамянальных эпох, перыядаў і падзей у гісторыі: Варфаламееўская ноч, Адраджэнне, Рэфармацыя, Крыжовыя паходы, Лядовае пабоішча, Крычаўскае паўстанне, Супраціўленне;

аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах дзяржаўных, традыцыйных і рэлігійных свят, знамянальных дат: Дзень Канстытуцыі, Дзень Перамогі (9 Мая), Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі), Новы год, Дзень жанчын (8 Сакавіка), Свята працы (1 Мая), Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі (7 Лістапада), Нараджэнне Хрыстова, Дзень памяці, Дзень беларускай навукі, Дзень ведаў, Ушэсце Гасподняе, Уваскрэсенне Хрыстова, Вялікая субота, Таццянін дзень, Радаўніца, Вялікдзень, Каляды, Купалле, Дабравешчанне, Наўроз, Рамадан.

2. З малой літары пішуцца назвы родаў і відаў гістарычных падзей і эпох, асобных гадоў, дзён і інш.: імперыялістычная вайна, першая сусветная вайна, другая сусветная вайна, лютаўская рэвалюцыя, паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, кайназойская эра, ледавіковы перыяд, неаліт, эпоха феадалізму, капіталістычная фармацыя, перыяд аднаўлення, залаты век, высакосны год, дзень адчыненых дзвярэй, санітарны дзень, месячнік дарожнай бяспекі, год спакойнага сонца.

 

§ 32. Вялікая літара ў назвах з двукоссем

З вялікай літары пішуцца:

аднаслоўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў і інш.: Мінскі гадзіннікавы завод «Прамень», аграгандлёвая фірма «Ждановічы», кінатэатр «Перамога», Полацкі завод «Праммашрамонт», канцэрн «Белнафтагаз», адкрытае акцыянернае таварыства «Матавела», калгас «Беларусь», гасцініца «Юбілейная», рэстаран «Журавінка», кафэ «Світанак», кандытарскі магазін «Ласунак», кнігарня «Слова», выдавецтва «Полымя», спарткомплекс «Раўбічы», санаторый «Крыніца», турбаза «Дняпро», медыцынская служба «Хуткая дапамога», Беларускі рэспубліканскі фонд «Узаемаразуменне і прымірэнне», студыя «Сябры», установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка»;

аднаслоўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах перыядычных выданняў, кніг, атласаў, карт і інш.: часопіс «Полымя», газета «Звязда», вілейская раённая газета «Шлях Перамогі», інфармацыйны бюлетэнь «Беларусіка», летапіс «Хроніка Быхаўца», даведнік «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», кніга «Літоўскі статут», перыядычнае даведачнае выданне «Летапіс друку», карта «Рэспубліка Беларусь»;

аднаслоўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах літаратурных, публіцыстычных, навуковых твораў, твораў розных галін мастацтва і інш.: паэма Якуба Коласа «Новая зямля», камедыя Янкі Купалы «Паўлінка», верш М. Багдановіча «Слуцкія ткачыхі», песня «Ой, рэчанька», кінафільм Э. Клімава «Ідзі і глядзі», карціна В. К. Бялыніцкага-Бірулі «Зазелянелі беларускія бярозкі», габелен Г. Ю. Юзеевай-Шаблоўскай «Жанчыны Палесся», акварэль М. Л. Тарасікава «Букет бэзу», опера А. В. Багатырова «У пушчах Палесся», танец «Дарожка», казка «Сцяпан – вялікі пан»;

аднаслоўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах прадметаў побыту, прамысловых тавараў: набор мэблі «Вязынка», люстра «Белая Русь», духі «Расінка», зубная паста «Фтарадэнт», пральны парашок «Ветразь»;

назвы прадуктовых і іншых тавараў: хлеб «Водар», сыр «Нарач», цукеркі «Крыжачок», адэкалон «Ландыш»;

назвы машын, механізмаў, прылад, збудаванняў і інш.: аўтамашына «Жыгулі», камбайн «Ніва», трактар «Беларус», тэлевізар «Гарызонт», іянізатар «Аніён-40Т», радыёпрыёмнік «Селена-403».

ГЛАВА 7

ПРАВІЛЫ НАПІСАННЯ РАЗАМ, ПРАЗ ЗЛУЧОК І АСОБНА

§ 33. Агульныя правілы напісання разам, праз злучок і асобна

1. Пішуцца разам:

складанаскарочаныя словы і вытворныя ад іх: прадмаг, газпрам, журфак, прадмагаўскі, газпрамавец і інш.;

складаныя словы і вытворныя з пачатковымі часткамі авія-, агра-, астра-, аўдыя-, аўта-, аэра-, бія-, варыя-, вела-, відэа-, гама-, геа-, грам-, заа-, кіна-, макра-, мата-, медыя-, неа-, палеа-, радыё-, сацыя-, спарт-, стэрэа-, танц-, тэле-, фата-, электра- іінш. : авіябілет, аграхімія, аўтаматакрос, аўдыявізуальны, аэрафатаздымка, біяабарона, варыяфільм, веласпорт, відэафільм, геапалітычны, гамагенны, грамзапіс, заапарк, кінастужка, макрадэфармацыя, матабол, медыятэкст, неалітычны, палеаантраполаг, радыёхваля, спартбаза, стэрэакіно, танцклас, тэлебачанне, электракар і інш.;

словы з пачатковай часткай поў- (паў-): поўнач, поўдзень, паўгоддзе, паўлітра, паўсвету, паўлыжкі, паўста, паўсотня, паўчвэрткі, паўчвэртка, паўчвэрці, паўлімона, паўяблыка, паўтары, паўтара, паўсукно, паўпаліто, паўаршына і інш. Калі скарочаная ці падобная да прыстаўкі частка слова далучаецца да ўласнай назвы, яна пішацца праз злучок: паў-Слуцка, паў-Ратамкі;

словы з прыстаўкамі і падобнымі да прыставак пачатковымі часткамі: а-, анты-, арта-, архі-, гіпер-, дыс-, дэз-, звыш-, інтэр-, інфра-, квазі-, кантр-, мета-, між-, мілі-, пан-, паст-, псеўда-, пры-, сін-, супер-, транс-, ультра-, экс-, экстра- і інш.: алагізм, антыгуманны, архіважны, гіперправоднасць, дыстрафія, дэзактывацыя, звышгукавы, інтэрнацыянальны, інтраспектыўны, інфрачырвоны, квазізоркавы, кантрагент (выключэнне: контр-адмірал), метатэза, міжраённы, міліметр, панславізм, пангерманскі, пастфактум, пастпазіцыя, псеўданародны, сінгармонія, супермаркет, трансатлантычны, ультрамодны, экстэрытарыяльны, экстраардынарны і інш.;

складаныя словы, першай часткай якіх з'яўляюцца лічэбнікі: васьмітысячнік, двухбаковы, двухзначнасць, двухколка, двухмоўе, двухрогі, двухногі, двуххвостка, двухрадкоўе, трыццацідвухгадовы, двухтысячагоддзе, сямісотпяцідзесяцігоддзе, чатырохразовы, аднагодкі, адзінакроўны, дванаццаціпавярховы, дзесяціпрацэнтны, а таксама двукоссе, двукроп’е.

2. Пішуцца праз злучок утварэнні, якія з'яўляюцца:

паўторам слова для ўзмацнення яго значэння: сіні-сіні, ледзь-ледзь, горача-горача, хто-хто, ён-ён, хадзілі-хадзілі, а таксама ціп-ціп-ціп, го-го!, трэсь-трэсь;

паўторам слова ў іншай лексіка-граматычнай форме: мама-мамуся, братка-брацейка, сама-саменька, як-ніяк, хто-ніхто, што-нішто, дзе-нідзе, калі-нікалі, каму-нікаму, сам-насам, крыж-накрыж, раз-пораз;

спалучэннем блізкіх або супрацьлеглых па значэнні слоў: шум-гам, паіць-карміць, бацька-маці, хлеб-соль, рукі-ногі, шыта-крыта, больш-менш, сям-там, сяк-так, сёй-той, сюды-туды, сёння-заўтра, год-два, тры-чатыры, жыў-быў, бокам-скокам, а таксама пусці-павалюся, узвей-вецер. Два аднакарэнныя назоўнікі, калі адзін стаіць у назоўным, а другі ў творным склоне, пішуцца асобна: век вяком, пень пнём, сон сном.

3. Пішуцца праз злучок складаныя словы, першай (або апошняй) часткай якіх з'яўляецца:

літара або літарная абрэвіятура любога алфавіта: К-мезон (ка-мезон),  a-часцінка (альфа-часцінка), ЗВЧ-разрад, ДНК-залежны, Q-код (кю-код), π -падобны (пі-падобны);

лічба любога злічэння: 50-годдзе, 12-павярховы, 50-гадовы,           3-працэнтны, ХХ-вяковы, алімпіяда-97, мода-ХХ.

4. Пішуцца праз злучок літарныя скарачэнні складаных слоў: с. -г. – сельскагаспадарчы, с. -д. – сацыял-дэмакратычны, ст. -сл. – стараславянскі, і. -е. – індаеўрапейскі.

Дэфіс («вісячы дэфіс») ставіцца пасля першай часткі складаных слоў, калі другая частка апускаецца ў сувязі з наяўнасцю такой часткі ў наступным аднародным з ім складаным слове: газа- і водалічыльнік, сацыяльна- і культурназначны, фосфар- і серазмяшчальны, адна-, двух- і трохвалентны, 5-, 10- і 12-павярховы, тэле-, радыёвяшчанне.

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...