Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Культура прафесійнага маўлення




Мова – неацэнны скарб народа. У жыцці кожнага чалавека яна адыгрывае надзвычай важную ролю. З яе дапамогай чалавек думае, афармляе і выражае свае думкі і пачуцці, яна з’яўляецца сродкам шматбаковых зносін з іншымі народамі, магутным сродкам ідэалагічнага ўздзеяння і выхавання патрыятызму. Кожны аспект чалавечага жыцця звязаны з мовай. Без яе немагчыма існаванне ніякага калектыву. У мове адлюстравана ўся мінуўшчына народа і яго гістарычная памяць. Мова забяспечвае гістарычную пераймальнасць духоўнай культуры народа. Усё гэта патрабуе ад нас беражліва і дбайна ставіцца да мовы, імкнуцца да найбольш эфектыўнага выкарыстання яе неабмежаваных выяўленчых здольнасцяў, няспынна рупіцца пра павышэнне культуры ўласнага вуснага і пісьмовага маўлення.

Пад паняццем культуры маўлення разумецца перш за ўсё правільнасць літаратурнага вымаўлення, згоднасць з прынятымі лексічнымі і граматычнымі нормамі.

Найважнейшай прыметай літаратурнай мовы з’яўляецца яе нарматыўнасць, якая характэрная для пісьмовай і вуснай формаў маўлення. Літаратурная норма — агульнапрынятыя правілы, замацаваныя ў маўленчай практыцы і зафіксаваныя ў слоўніках, даведніках, граматыках. У сучаснай беларускай літаратурнай мове існуюць арфаэпічныя, акцэнталагічныя, лексічныя, фразеалагічныя, словаўтваральныя, арфаграфічныя, марфалагічныя, сінтаксічныя, пунктуацыйныя і стылістычныя нормы.

Паняцце нормы звязана з уяўленнем аб правільнасці ўжывання моўнай адзінкі ў дадзенай сітуацыі зносін. Правільным, дапушчальным лічыцца ў мове тое, што адпавядае законам яе развіцця і спрыяе працэсу камунікацыі. Няправільным, недапушчальным – усё, што парушае ўнутраныя законы мовы і перашкаджае выконваць яе асноўную функцыю – быць сродкам зносін.

Характэрнымі асаблівасцямі літаратурнай нормы з’яўляюцца:

- адносная ўстойлівасць, уласцівая для пэўнага перыяду развіцця мовы;

- шырокая распаўсюджанасць у маўленчай практыцы;

- аб'ектыўнасць, адлюстраванне тыповасці, заканамернасці пэўнай моўнай з'явы;

- зафіксаванасць у слоўніках, даведніках, падручніках.

 

Нормы літаратурнай мовы (фанетычныя, лексічныя, марфалагічныя, сінтаксічныя) рэгулююцца спецыяльнымі раздзеламі мовазнаўства. Працэс замацавання літаратурнай нормы ў нарматыўных слоўніках і граматыках з мэтай яе далейшага пашырэння называецца кадыфікацыяй.

Літаратурная норма — з'ява гістарычная, зменлівая, абумоўленая развіццём мовы. Тое, што было нормай для пэўнага перыяду развіцця, з часам можа разглядацца, кваліфікавацца як адхіленне ад нормы. Устарэлыя нор­мы з часам могуць станавіцца агульнапрынятымі. Напрыклад, сёння ўжываюцца ўстарэлыя словы: бортнік — пчаляр, вакацыі — канікулы, гута — шклозавод, мыта — пошліна, скрыжалі — законы, спадар — гаспадар, таварыш.

Літаратурная норма можа быць варыянтнай. Варыянтнасць нормы — гэта паралельнае суіснаванне магчымых, раўнацэнных варыянтаў словаўжывання, словаўтварэння. Як правіла, адзін з варыянтаў больш частотны, распаўсюджаны або ўніверсальны. Напрыклад, у сучаснай беларускай мове ўжываюцца: вачыма і вачамі, форм і формаў, песняй і песняю, ядзім.

Нормы дапамагаюць літаратурнай мове захаваць цэласнасць, агульназразумеласць. Яны аберагаюць мову ад неапраўданага ўжывання дыялектнага маўлення, жарганізмаў, прастамоўных, вульгарных слоў. Дзякуючы літаратурным нормам дасягаецца адзінства мовы, узаемаразуменне ў маўленчых зносінах.

Культура маўлення заключаецца таксама ва ўменні дакладна і поўна выражаць любую думку, лагічна разгортваць яе, падбіраць словы, фразеалагічныя звароты і граматычныя формы, найбольшы адпаведныя стылю маўлення, творча выкарыстоўваць моўныя скарбы для выражэння паняццяў з розных галін жыцця народа. Чалавек думае з дапамогай мовы і з яе дапамогай афармляе і выражае свае думкі, таму ўзбагачэнне і ўдасканаленне ўласнага маўлення – гэта развіццё і ўдасканаленне свайго лагічнага мыслення.

З улікам вышэйзгаданага, вылучаюць наступныя камунікатыўныя якасці культуры маўлення:

правільнасць — адпаведнасць нормам літаратурнай мовы;

дакладнасць — выкарыстанне слоў, фразеалагізмаў з уласцівым ім значэннем, адпаведнасць выказвання мэце і сітуацыі ўжывання;

лагічнасць як сэнсавая несупярэчлівасць паміж ужытымі моўнымі адзінкамі і законамі логікі;

чысціня — адсутнасць у маўленні нелітаратурных слоў і выразаў (жарганізмаў, слоў-паразітаў, беспадстаўна ўжытых дыялектных і запазычаных слоў);

дарэчнасць, пры якой моўныя сродкі адпавядаюць стылю, жанру, мэтам і ўмовам зносін;

багацце — выкарыстанне разнастайных сінанімічных моўных сродкаў;

выразнасць як эмацыянальнае ўздзеянне выказван­ня, развіццё ўвагі, цікавасці чытачоў (слухачоў) праз фанетычныя, сінтаксічныя сродкі, праз мастацкія тропы (параўнанне, метафара, эпітэт і інш. ).

Культура маўлення падразумявае веданне мовы, валоданне нормамі і стылямі літаратурнай мовы ў адпаведнасці з мэтай і задачамі зносін. Паняцце ўключае і захаванне асноўных якасцей культуры маўлення, і маўленчае майстэрства, і ўменне выбраць з некалькіх магчымых найбольш дакладны, дарэчны, дасканалы варыянт.

Вядома, што маўленне чалавека непарыўна звязана з мысленнем, свядомасцю, аб'ектыўнай рэчаіснасцю. Таму дакладнасць маўлення — гэта адэкватнасць выказвання рэчаіснаму прадмету ці яго паняційнаму ўзнаўленню. Для таго каб маўленне было дакладным, неабходна ведаць тое, пра што гаворыш, а таксама ўлічваць мнагазначнасць слоў, словазлучэнняў, размяжоўваць паронімы, умела выбіраць неабходнае слова з рада сінонімаў і г. д.

Дакладнасць маўлення непарыўна звязана з правільнасцю, асабліва з лексічнымі, фразеалагічнымі і сінтаксічнымі нормамі. Дакладнасць маўлення часцей за ўсё парушаецца ў выніку фактычных памылак, а таксама:

а) няведання лексічнага значэння слова: вырэзваць апендыцыт;

б) няведання спалучальнасці слоў: адчыніце падруч нік;

в) няўдалага выкарыстання аднаго з сінонімаў: Хатнія свінні пасябравалі з дзікімі кабанамі. (Сінонімы: свойскі, дамашні, хатні);

г)  няўдалага парадку слоў: Арганізатары фесты­валю разлічваюць атрымаць грошы ад продажу білетаў і спонсараў;

д) пропуску неабходных слоў: Я заўсёды купляю гэтых паэтаў (прапушчана слова творы);

е)  няўдалага ўжывання займеннікаў: Максім ужо дастаў з партфеля сшытак, але, пачуўшы голас бацькі, паклаў яго на стол і пайшоў да яго;

ж) ненарматыўнага ўжывання фразеалагізмаў: Мы пагаварылі душа ў душу.

Маўленне з'яўляецца лагічным, калі сэнсавыя сувязі паміж яго асноўнымі элементамі (словамі, словазлучэннямі, сказамі) адпавядаюць законам логікі, законам мыслення.

Да лінгвістычных сродкаў, што забяспечваюць лагічнасць маўлення, адносяцца, акрамя дакладнага слова ўжывання, яшчэ і правільны парадак слоў, правільны выбар патрэбнай сінтаксічнай канструкцыі, а таксама правільны выбар сродкаў і лагічнай, і сінтаксічнай сувязі паміж часткамі выказвання (тэксту). У тэкстах вялікая роля адводзіцца таксама абзацам і параграфам.

Чыстае маўленне — гэта маўленне, у якім адсутнічаюць моўныя сродкі, не ўласцівыя літаратурнай мове а таксама беспадстаўна ўжытыя моўныя адзінкі.

Чысціня як якасць маўлення патрабуе стылістычна абгрунтаванага ўжывання:

- адзінак літаратурнай мовы (запазычаных слоў і выразаў, моўных штампаў, слоў і выразаў, якія не нясуць ніякай сэнсавай нагрузкі (так званых слоў-паразітаў);

- моўных элементаў, якія знаходзяцца за межамі літаратурнай мовы (дыялектных слоў, прафесіяналізмаў, жарганізмаў, вульгарызмаў).

Асноўнымі характэрнымі рысамі багатага маўлення з'яўляюцца вялікі аб'ём актыўнага слоўніка, разнастайнасць марфалагічных формаў і сінтаксічных канструкцый. Пры гэтым маўленне аптымальна насычана рознымі сродкамі мовы.

Багацце і беднасць маўлення чалавека залежыць ад яго адукацыі, жыццёвага вопыту, умення гаварыць і пісаць, яго адносін да мовы як сродку зносін і інш. Багацце маўлення вызначаецца, як правіла, на аснове ўліку частаты ўжывання тым ці іншым індывідам слоў, словазлучэнняў, сказаў. Асабліва частыя нематываваныя паўторы тых са­мых моўных адзінак, аднастайнасць выкладу (выражэння думкі) сведчаць пра беднае вуснае ці пісьмовае маўленне аўтара. Праўда, тут трэба ўлічваць і нормы функцыянальных стыляў літаратурнай мовы, бо, напрыклад, у афіцыйным і навуковым стылях часцей дапускаюцца паўторы, чым сінанімічныя замены.

Багацце маўлення — гэта не толькі развіццё сінанімікі і варыянтнасці літаратурнай мовы, але і ўменне карыстацца ўсім скарбам нацыянальнай мовы, найперш апрабаванымі ўжо сінонімамі і варыянтамі.

Багацце маўлення непарыўна звязана з формай і зместам, якія ў сваю чаргу залежаць і ад функцыянальных стыляў, і ад моўна-выяўленчых сродкаў. Акрамя таго, павінна дзейнічаць і мера ўжывання ўсіх сродкаў мовы, якая вызначаецца інтэлектам, чуццём і адчуваннем мовы.

Выразнасць маўлення ствараецца пры дапамозе адбору моўных сродкаў, якія ў найбольшай ступені адпавядаюць умовам і задачам зносін. Гэта азначае, што той, хто гаворыць або піша, адчувае асаблівасці сітуацыі зносін і ўлічвае іх пры выбары слоў, канструкцый і ўвогуле стылю, тыпу, жанру маўлення.

Кожны функцыянальны стыль мае свае сродкі выразнасці. Акрамя гэтага, сродкамі надання выразнасці вуснаму маўленню з'яўляюцца тэмп, тон, тэмбр, гучнасць голасу. Выразнасць маўлення непарыўна звязана з пра­вільнасцю і багаццем маўлення.

Вырашыць пытанне аб выбары тону выказвання дапаможа вызначэнне асноўнай ідэі выказвання. Тон выказвання падкрэслівае яго асноўную думку, адносіны аўтара да таго, пра што ён гаворыць. Адно і тое ж можна сказаць розным тонам, выражаючы тым самым розныя адносіны да сказанага і выклікаючы адпаведную рэакцыю слухачоў.

У паняцце тэмп маўлення ўваходзяць хуткасць маўлення ў цэлым, працягласць гучання асобных слоў інтэрвалы і працягласць паўз.

Маўленне лічыцца дарэчным, калі яно ажыццяўляецца з улікам месца, часу, мэт і ўмоў зносін, а выкарыстаныя ў ім моўныя сродкі адпавядаюць стылю і жанру маўлення. Важнае значэнне для дарэчнасці маўлення мае стылістычная норма, якая не заўсёды супадае з літаратурнай нормай. Літаратурная норма не ўлічвае канкрэтных умоў, у якіх адбываюцца зносіны, яна безадносная да індывідуальнай маўленчай практыкі і аднолькавая для ўсіх камунікатыўных сітуацый. У сваю чаргу стылістычная норма вызначае патрабаванні да розных камунікатыўных сітуацый.

Стылістычная норма дапамагае людзям не толькі дакладна і вобразна перадаваць думкі, але і правільна разумець выказванне.

Так, стылістычнай нормай для гутарковай мовы з’яўляецца выкарыстанне, акрамя нейтральнай лексікі, слоў і выразаў з выразнай эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкай, разнастайных вобразных сродкаў мовы – эпітэтаў, метафар, параўнанняў. Гутарковая мова характарызуецца ўжываннем выклічнікаў, часціц, усечаных дзеяслоўных формаў (глянь, скок, хваць).

Мова афіцыйных дакументаў патрабуе дакладнасці, адназначнасці фармулёвак. Стылістычным нормам дзелавых папер уласціва сцісласць, эканомнасць выкладу, своеасаблівая кніжная лексіка, ужыванне спецыфічнай тэрміналогіі. У афіцыйнай мове не павінны ўжывацца эмацыянальна-афарбаваныя выразы, дыялектызмы, словы ў пераносным значэнні, клічныя, пытальныя, інверсійныя сказы, простая мова.

Для мовы навуковых твораў характэрна аб’ектыўнасць, акрэсленасць, лаканічнасць, інфармацыйная насычанасць. Лексіка напоўнена кніжнымі словамі, навуковымі тэрмінамі. Сінтаксіс вызначаецца ўскладненымі і складанымі сінтаксічнымі канструкцыямі.

Мова мастацкай і публіцыстычнай літаратуры характарызуецца стылістычнай незамкнутасцю, здольнасцю сумяшчаць розныя лексічныя, марфалагічныя, сінтаксічныя сродкі ў адпаведнасці са спецыфікай твора. Можна сустрэць устарэлыя словы, жарганізмы, нават вульгарызмы, калі гэта матывавана, стандартныя ўстойлівыя выразы, эмацыянальна-экспрэсіўную лексіку і інш.

Культура мовы прадугледжвае дбайнае стаўленне да чысціні мовы, яе прыроднай красы. Неаспрэчна і тое, што носьбіт высокай агульнай культуры ніколі не дазволіць сабе засмечваць маўленне, псаваць мову, якой ён карыстаецца, парушаць яе ўнутраныя законы. Скалечаная, папсаваная мова толькі прыніжае чалавека, прымітывізуе яго мысленне, перашкаджае яго інтэлектуальнаму росту. Таму справядліва кажуць, што культура роднай мовы – гэта важны паказчык агульнай культуры чалавека.

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...