Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Першай трэці ХХ стагоддзя




Вобраз вандроўніка атрымаў шырокае распаўсюджанне ў беларускай літаратуры. Найбольш часта ў ёй сустракаюцца такія літаратурныя тыпы, як старац, прарок, жабрак, парабак, бядняк, музыка (да падтыпаў апошняга можна аднесці вандроўных песняроў, дудароў, лірнікаў). Стрыжнёвым, самым яркім у галерэі музыкаў можна назваць вобраз Сымона-музыкі ― героя аднайменнай паэмы Я. Коласа. Праз крыўду і непаразуменні Сымон вымушаны пакінуць родную хату, сям’ю: «У сям’і не мае сілы: // Тым нялюбы, што адметны, // І браты з ім непрыветны − // Мусіць, лёс такі пастылы» [16, с. 266]. Ён мае талент заўважаць у жыцці і наваколлі тое, што не бачаць і не чуюць іншыя ― прыгажосць і гармонію. Сымонка бачыць свет у яскравых вобразах: «Гэты быў хлапчук асобы. // У яго вачах жывых // Думка нейкая бліскала, // Утаропіцца, глядзіць, // І на губках смех, бывала, // Заблукае, задрыжыць; // Пазірае і ўнікае – Так аддасца марам ён // Ды знячэўку запытае: // Чаго, мама, стогне звон?» [16, с. 268]. Нават вясковыя дзеці не прымаюць Сымона ў свае гульні. Так нараджаецца адзінота, але стаўленне да яе ў героя адметнае: «І любіў ён адзіноту, // Бо так лепей было жыць» [16, с. 270]. Аналізуючы вобраз Сымона, І. Я. Навуменка адзначае: «Боль ― пачатак духоўнай біяграфіі мастака-самародка. Пачуцці болю, пакуты, якія не пакідаюць героя, увесь час падкрэсліваюцца паэтам» [25, с. 117]. Прырода шчодра надзяліла героя паэмы дапытлівым розумам, незвычайнай чуласцю да ўсіх праяў жыцця. Акрамя роздуму, для Сымона нічога не існуе, таму ён і далёкі ад практычнай дзейнасці, не вельмі прыдатны да гаспадаркі, матэрыяльнага жыцця. Патаемны свет народнай песні і музыкі адкрылі хлопчыку вандроўныя дудары. Адзіны чалавек, які разумее Сымона, ― гэта дзед Курыла. Перад сконам ён аддае хлапчуку скрыпку, тым самым ажыццяўляючы своеасаблівую пераемнасць мастакоў: «Грай жа, дзеткі: скрыпка важна; // Смутак ты ёй свой вальеш, // І душа заплача кажна, // Як ты смыкам павядзеш» [16, с. 286]. На думку У. Конана, дзед Курыла таксама з’яўляецца мастаком, але ён «носьбіт стыхійнай «дыянісійскай» мастацкай творчасці» [17, с. 274]. «Чалавек «звычайны», захавальнік вясковай традыцыі, нават трохі рацыяналіст, якім і павінен быць настаўнік, каб ураўнаважыць стыхію буйнай фантазіі вучня» [17, с. 283], дзед Курыла і становіцца «духоўным бацькам» таленавітага хлопчыка. «Галоўны герой паэмы Сымон ― выразнік спадзяванняў, мар і імкненняў перадавой беларускай інтэлігенцыі. Ён ― духоўны ўзбуджальнік народных мас, мастак-праўдашукальнік, вястун шчаслівай будучыні» [24, с. 272]. У. Конан адзначае: «Сымонку наканавана «несці віну без віны». А гэта ўжо прымета прарока, нацыянальнага Месіі, генія, здольнага раскрыць новыя духоўныя гарызонты народу і чалавецтву» [17, с. 282 – 283]. Той тып мастацтва, які вызначыў лёс Сымона, яго від дзейнасці, светапогляд, які зрабіўся галоўнай радасцю і ўцехай, дазваляе правесці паралель паміж вобразамі гэтага музыкі-вандроўніка і Арфея. «Міфалагічным правобразам Сымона з’явіўся антычны Арфей ― чароўны пясняр і музыка. Па антычным паданні, культ Арфея паступова трансфармаваўся ў культ добрага Пастыра, пазней ― вобраз-сімвал Іісуса Хрыста» [17, с. 509].

Вандроўныя старцы выступаюць звычайна заступнікамі духоўнасці (моліцца за ўсіх), носьбітамі мудрасці (добры дарадчык), маральнага дабрабыту людзей. Але ў літаратурных творах у вобразе героя часта выкрываецца карыслівы намер, які выяўляецца ў жаданні выдаць сябе за такога вандроўніка. У паэме «Сымон-музыка» гэта дзед-жабрак (у паэме ён не мае ні імені, ні прозвішча) ― першы чалавек, што трапўся на шляху Сымона пасля яго ўцёкаў з дому. Жабрак непрывабны як духоўна, так і знешне: «Хлопчык змоўк і здрыгануўся, // Аж падскочыў: перад ім // Сівы дзед стаіць, сагнуўся, // Вокам міргае сляпым. // Страшны, бледны, абарваны, // Жыцця пасынак, бядак, // На ім торбы і лахманы, // У руцэ кій ― то быў жабрак» [16, с. 306]. Жабрак нібы выстаўляе свае пакуты напаказ, імкнецца выклікаць у людзей жаль, выявіць сваё гора большым, чым яно ёсць на самай справе, выклікаць спагаду да сябе, каб на гэтым зарабіць. Яго жыццёвая філасофія ― падман, прыстасавальніцтва, хітрасць і беспрынцыпнасць. Жыццёвыя прыярытэты старога выяўлены ў словах: «Зверам будзь сярод звяроў, // Між авечак ― ягняткам». З існуючым ладам жыцця жабрак пагаджаецца цалкам, павучаючы Сымона не працівіцца злу, прымаць несправядлівы парадак такім, як ён ёсць. Як заўважа І. Я. Навуменка, прытча пра «варону-хвальбону» выразна перадае сутнасць рабскай жыццёвай філасофіі жабрака [25, с. 119]. Гэта носьбіт паразітычных поглядаў на жыццё, які заклапочаны, каб выгадна прадаць талент хлапчука-музыкі. Калі дзед стаў жабраваць з Сымонкам, яго «скарбонка папаўнялася паўней», але грошы жабрак не траціў, яны ператварыліся для яго ў самамэту. У адказ на просьбу Сымона купіць новы халацік дзед разгортвае цэлую філасофію жабрацтва: «Жабраку абнова ― брак! // Людзі скажуць: ён багаты, // Паглядзі, які халат!... Рвань ёсць беднасці адзнака, // Беднасць ― доля жабракоў. // А зірнуць, вось, на такого, ― Хіба той не дасць, хто ліх…» [16, с. 331–312].

І. Я. Навуменка адзначае: «Вобраз гэты тыповы для дарэвалюцыйнай Беларусі. Менавіта жабракі, старцы, бадзягі, вандроўныя дудары былі ў значнай меры носьбітамі самадзейнага мастацтва. Яны зараблялі хлеб, прытулак спяваннем песень рэлігійных і ўвогуле «жаласлівых», ігралі на лірах, скрыпках, дудах, тым, хто пускаў начаваць, расказвалі незвычайныя гісторыі, былі, павер’і» [25, с. 118]. Коласаў дзед-жабрак з карыслівымі мэтамі прысвойвае знешнія атрыбуты лірніка. «На пачатку ХХ ст. фалькларыст С. Малевіч у прадмове да зборніка «Белорусский нищенский Лазарь» адзначаў: «Беларускі лірнік ― гэта асобны клас прафесіянальных жабракоў ― вандроўных спевакоў, якія спяваюць пад акампанемент свае ліры звычайна духоўна-рэлігійныя вершы. Спевы лірнікаў прыносяць вясковаму люду вялікую духоўную і эстэтычную асалоду. Само ж рамяство гэтых спевакоў лічыцца пачэсным заняткам і заўсёды ўзнагароджваецца простымі слухачамі глыбокай павагай і шчодрымі падарункамі» [17, с. 295]. У літаратуры адносіны сялян да такіх людзей звычайна перадаюцца згодна з культурнай традыцыяй. Старцу, вандроўнаму лірніку ніколі не адмаўлялі ў начлезе, прымалі як шаноўнага госця. У некаторых раёнах Беларусі ў ім прынята было бачыць самога Бога. Людзі верылі, што «ў даўнія часы Бог у выглядзе сівога старца, у простым белым адзенні, вандраваў па зямлі, асабліва прыглядаючыся да людскіх спраў. У легендах Бог заўсёды выступае як дзед, жабрак, і толькі пасля яго адыходу людзі здагадваліся, хто насамрэч быў гэты вандроўнік» [27, с. 399]. Чакалі ад яго пакарання ці ўзнагароды. Таму дзед-жабрак у паэме Я.Коласа, можна сказаць, спекулюе на традыцыйнай павазе простага вясковага люду да прадстаўнікоў адзначанага класа.

Часта ў літаратуры можна сустрэць і вобразы вандроўных ілжэпрарокаў, з’яўленне якіх сведчыць аб няздольнасці людзей адрозніць праўду ад хлусні, дабро ад зла. Апавядаючы пра гісторыю вёскі Асмолава, якая некалі славілася кірмашамі, М. Гарэцкі ў аповесці «Ціхая плынь» піша: «Апошнія гады ўсё меней і меней збіраецца народу, цішэй гудзіць дуда і цішэй галосяць дудкі-пасвісцелі… не так дужа і не так шчыра пяюць сляпыя старцы пра… божага ўгодніка Лазара і толькі дзеля гадзіся пагражаюць пякельным агнём грэшнаму люду…» [8, с. 260]. Раздзел з апісаннем вёскі мае назву «Забыты край», якая нараджае асацыяцыю з фразеалагічным выразам «Богам забыты…». Гэта, акрамя іншага, значыць, што яго насельнікі не маюць трывалых духоўных арыенціраў і схільны верыць ілжэпрарокам. Такі аднойчы аб’явіўся і ў «забытым краі», абяцаючы, што мястэчка стане «асяродкам правае веры», куды адусюль «пойдуць пабожныя людзі на ўклон святому духу…» [8, с. 264]. Аднак дзеля гэтага трэба прынесці ў ахвяру… дзіця. «…Задурыў «прарок» людзей!» [8, с. 264], і ў выніку жорсткая расправа над дзіцем адбылася. «Улез тады «прарок» на гумно – ляцець на неба – і споўз, як дурань»[8, с. 264]. Праўда, вылюдак гэты не пазбегнуў пакарання: «забрала паліцыя і яго і яшчэ многіх…» [8, с. 264].

Вобраз вандроўніка-«бесхацінца», які шмат гадоў марна шукаў шчасця на чужыне і на старасці вярнуўся ў вёску, створаны М. Гарэцкім у апавяданні «Хадзяка». Вялікая радасць ахоплівае хадзяку, калі ён убачыў вёску: «Падыходзячы… да гэтай вёскі, ён быццам ажывіўся і не так нізка хіліў касцістыя плечы пад убогім хатыльком. Схапіў кій з-пад пахі ў руку і дужэй цюкаў ім па зямлі і цікавей углядаўся навокал…» [41]. Збіраецца сход, каб вырашыць, ці сапраўды ён тутэйшы. Калі так, то вясковая грамада павінна ўзяць на сябе клопат пра старога. Аднак ніхто не прызнае ў бедаку земляка, яго крыўдзяць, абражаюць: «Давай ты яму веры, калі яны, такія, усё жыццё сваё так бадзяюцца…»; «Цягаешся, валаводзіш людзей, язвіна ты сібірская…» [41]. У апавяданні ёсць онім «абадраны старац». М. Гарэцкі надзяляе свайго несамавітага героя асобнымі паказчыкамі духоўнага зместу, уласцівага архетыпу старца. Гуманістычныя памкненні «беднага хадзякі» бачны з яго слоў: «А я думаў: во разжывуся, дасць Бог, намыю золата, царкву тут збудую, каб не хадзілі за дзесяць вёрст. А вы тут цяпер во якія…» [41]. Герой апавядання ціхі, незласлівы, пакорліва прымае свой лёс. У біблейскай традыцыі паняцце «ціхія» (кроткие) блізкае да паняцця бедных, жабракоў, па семантыцы супадае з паняццем «непасіянарныя». «Шмат высокіх і слаўных, але таямніцы адкрываюцца «ціхім» (Сірах 3, 19).

У апавяданні К. Чорнага «Жалезны крык» паказаны безыменны герой, «худы і шчуплы чалавек, з тварам зеленаватага колеру, абросшым рэдкімі, мяккімі валасамі» [4, с. 274]. Гэта адна з іпастасей «маленькага чалавека». Эпітэты, выкарыстаныя пісьменнікам для яго характарыстыкі, утвараюць своеасаблівы сінанімічны рад: «сутулы, мізэрны», «плаксівы», «ціхі» — які асабліва адметны ў параўнанні з характарыстыкамі «вясёлыя людзі», «жалезныя людзі» … Гэта вобраз вандроўніка, тыповы для рускай літаратуры, але ён валодае тыпова беларускай рысай — здольнасцю да сузірання. Хоць людзі і кажуць, што «ціхі чалавек» даўней часта праходзіў тут, ідучы на «пакланенне», сам ён не вызначае гэтага ў якасці асноўнай мэты сваіх вандровак. На пытанне, куды яму трэба і адкуль ён ідзе, герой адказвае: «Ніадкуль і нікуды — хаджу я па зямлі, гляджу і шукаю… цішыні… Каб жыць. Не магу я жыць у шуму і крыку. Усюды жалеза, людзі як жалезныя. Гіне цішыня… людзі рвуцца да шуму…». Нават у лесе «няма… цішыні: прыйдуць у лес людзі ды папытаюць — хто ты такі?» [4, с. 274]. На прапанову жыць у людзях, як раіць яму субяседнік, чалавек адказвае: «Не магу: людзі другімі робяцца. Прападае іх цішыня… Ахвацілі яны сабою ўсё, працягнулі лапу сваю на ўсю зямлю. І няма дзе супачыць ад людзей» [4, с. 275]. Калі ў свеце не знаходзілася месца праўдзе і дабру, «маленькія людзі» не скараліся і сыходзілі ў вандроўкі, захоўваючы вернасць маральным прынцыпам. У смерці «багамольца» закладзены пратэст К. Чорнага як пісьменніка і чалавека супраць пагрозы запанавання эпохі крывадушнасці: «Разрэзанае напалам калёсамі ляжала ўпоперак на дарозе цела чалавека-пасажыра. <…> І быў роспач у шырока расплюшчаных, шкляных вачах перарэзанага чалавека. <…> І многія пазналі разрэзанага чалавечка. …І чамусь то ніхто не пашкадаваў яго. Як бы чужым сабе ўсе адчувалі яго. …Яго адцяглі яшчэ бліжэй ад ядлаўцовага куста і кінулі. <…> З-за пазухі ў яго вылез, павешаны на шнурку на шыю, жоўты мяшэчак, з надпісам: «Святыя мошчы» [4, с. 275].

Для чалавека (асабліва для беларуса, які ўвогуле «дамасед») такі крок, як «пайсці ў вандроўкі», стаць жабраком заўсёды абумоўлены нейкімі выключнымі, трагічнымі жыццёвымі абставінамі, калі жабрацкі лёс застаецца адзіным шляхам у жыцці. Не з дабра, відаць, пайшлі жабраваць і героі апавядання У. Галубка «Смерць старца». «Дзед моўчкі кратаўся, закідаў наперад доўгі кій, а за ім ледзь падцягваў цяжка абутую нагу правадыр… Ведаў добра, што не сілы дзеда цягацца па хатах, але што зробіш – не лезці ж жывым у яму» [7, с. 82]. Дзед-жабрак у творы названы старцам, і на гэтую адметнасць паказвае шаптанне ім малітваў, а таксама фізічная слепата ― прымета таго, што ён надзелены якасцю бачыць больш і інакш, чым відушчыя, духоўным зрокам, знутры. А гэта прымета прарока, празорцы. Так і Габрусь, герой апавядання З. Бядулі «Умарыўся», не з радасці пайшоў жабраваць: «накінуў вялікую палатняную торбу за спіну, узяў кій…» [5, с. 74]. Усё жыццё Габрусь быў ціхмяным, цярплівым чалавекам, ніколі «не еў задарма хлеба на свеце ― гнуў шыю, рукі намазольваў» [5, с. 72], лічыўся «прыкладным, здатным гаспадаром, якога дзеці не толькі баяцца і паважаюць, але і слухаюць, не п’юць і не марнуюць гаспадаркі» [5, с. 73 ]. Жыў Габрусь, можна сказаць, як вучыць Біблія: «Ні сыну, ні жонцы, ні брату, ні сябру не давай улады над табою пры жыцці тваім; і не аддавай іншаму маёмасці тваёй, каб, раскаяўшыся, не прасіць аб ёй. Пакуль ты жывы і дыханне ў табе, не замяняй сябе нікім. Бо лепш, каб дзеці прасілі цябе, чым самому глядзець у рукі сыноў тваіх… Пры заканчэнні дзён жыцця твайго і пры смерці перадай спадчыну» (Сірах 33, 19 — 24). Ён выгадаваў сваіх дзяцей, добра павыдаваў замуж дачок, усцешліва думаў: «Сыны — гаспадары рупныя і баяцца мяне яшчэ цяперака, як дзеці малыя! Ой, трымаў я іх дагэтуль у сваіх абцугах! Ой, кіраваў я сваёй гаспадаркай! …Быў хлеб, было і да хлеба…» [5, с. 73]. Але ўжо даводзіцца старому выпускаць лейцы з рук, паддавацца старасці. Габрусь хоча без крыўды для дзяцей падзяліць гаспадарку і, як належыць, жыць у старшага сына Янука. Так і сталася. Але калі дзеці зрабіліся гаспадарамі, нямоглы бацька стаў для іх да такой ступені лішнім, што нявесткі пачалі называць яго ў вочы гультаём і дармаедам. Сыны ж адсылалі адзін да аднаго, «як шкодную, непатрэбную рэч… Перакідваліся ім, як дзіцячай качалкай» [5, с. 74]. Калі азвярэлыя нявесткі пачалі бессаромна зычыць яму смерці, «ўмарылася старое сэрца… умарыліся думы», дзед сышоў з роднай хаткі і, «як бы ўцякаючы ад ворага, сунуўся далей і далей», бо «дрэннае жыццё — бадзяцца з хаты ў хату, і дзе апынешся, не асмелішся і рота адкрыць», і «лепш жыццё беднага пад дахам з дошак, чым раскошныя бяседы ў чужых дамах», «цяжкі для чуйнага чалавека папрок за прытулак у доме і за асуджэнне за паслугу» (Сірах 29, 25 —31). Са слязьмі на вачах Габрусь разважае: «Добрыя людзі будуць карміць, адзяваць і дазволяць хоць на адну ночку галаву старую прытуліць… Затое будзе спакайней на душы. Яны ж людзі чужыя. На іх крыўдзіцца не стану» [5, с. 74].

У беларускай літаратуры досыць распаўсюджаны і тып лірніка, для якога характэрна ўбогасць, фізічная непаўнавартаснасць; такім героям выпадае цяжкі лёс, або ў іх жыцці здараецца нешта незвычайнае. Герой апавядання М. Гарэцкага «Лірныя спевы» Янка ў юнацтве сустрэў пакутны прывід княжны Ганны Саламярэцкай, якім і быў пракляты. Жыццё героя склалася нешчасліва. На старасці гадоў сляпы Янка, з мянушкай Пракляты, грае на сваёй «плакучай ліры» аб княстве Саламярэцкім.

«― Дзе ж твая, дзед, радзіна?

― У Бога, ― сумна і паважна адкажа ён.

― А ці меў жонку, дзед, а дзеткі ці ёсць?

― Пахаваў жонку, пагарэлі на пажары дзеткі, пагарэла дабро і хатка, і конікі, і кароўка, і ўсё. А зямелька неўрадліва мая…

― Які ты жалобны, дзядуля, ― скажуць яму, а ён паводзіць прад сабою невідушчымі вачамі, падтрахнець хатыль на плячах, ліру абправіць, крэкніць:

― Дзякуй Богу за ўсё, усё пад ім, а Ён адзін бяссмертны над намі, ― і пад ліру сваю старэцкую запяець сумную-сумную песню аб княжне Ганне Саламярэцкай, і аб часах Літоўскай Русі, і аб уладарстве князёў Саламярэцкіх над радзімічамі» [8, с. 95]. Слепата героя тут таксама набывае сімвалічнае значэнне, азначаючы, што дэфект зроку зусім не замінае дальнабачнасці мыслення, а «блізарукасць» думкі можа перамагчы і людзей са стапрацэнтным зрокам. У невідушчых абвастраецца здольнасць іншым чынам успрымаць свет, «слухаць душой», «думаць сэрцам».

Такім чынам, вобраз вандроўніка ў творах беларускай літаратуры розных аўтараў і розных жанраў вылучаецца канцэптуальнай разнастайнасцю. Гэта і музыка, выразнік ідэі свабоднага мастацтва, і ідэалізаваны вобраз прарока, і вобраз-папярэджанне пра небяспеку ілжэпрарокаў, і прыземлены тып карыслівага жабрака, і вобразы абяздоленых беднякоў, пазбаўленых роднага кутка, і шукальнікаў шчасця на чужых дарогах. У іх па-мастацку адбіліся як спрадвечныя каштоўнасці беларусаў, так і іх супярэчлівыя, часам супрацьлеглыя, уяўленні аб каштоўнасцях жыцця на рубяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. Можна адзначыць, што архетыпавы вобраз вандроўніка ва ўсходнеславянскіх, дакладней беларускай і рускай, літаратурах мае як рысы тыпалагічнага падабенства па прычыне свайго агульначалавечага зместу, так і ідэйна-мастацкую спецыфіку, абумоўленую асаблівасцямі менталітэту кожнага народа. Аб’ядноўваюць усе вобразы вандроўных людзей пэўныя філасофскія, рэлігійныя хрысціянскія, унутраныя ці знешнія, ідэі; сярод іх — праўдашукальніцтва, мудрасць, здольнасць да прароцтва. Можна сцвярджаць, што ў рускай і беларускай літаратурах вобразу вандроўніка адведзена асаблівая канцэптуальная роля як выразніка духоўных ідэалаў.

 

2.3 Вандроўнік як сведка і суб’ект гісторыі

ў рамане ХХ стагоддзя

Вандроўнік — традыцыйны вобраз у славянскіх літаратурах. Гэты тып героя служыць абагульненню гістарычнага вопыту, выяўленню народнай думкі, пропаведзі вечных маральных каштоўнасцей і ў гэтым збліжаецца з вобразам летапісца. Значнасць падобнага мастацкага тыпа надае і тое, што ў ХХ стагоддзі ён актыўна ўводзіцца ў раманнае дзеянне і нават становіцца сюжэтаўтваральным, як у рамане рускага пісьменніка-эмігранта Міхаіла Асаргіна «Сведка гісторыі» (з прычыны стылёвай адметнасці мастацкага маўлення М. Асаргіна мы падаём цытаты з яго раманаў на мове арыгіналу). Як вядома, прататыпам «бесприходого попа», выхадца з прыуральскай губерні, айца Якава Кампінскага, з’яўляецца даўні знаёмы пісьменніка публіцыст-краязнаўца і кніжнік-бібліёграф Якаў Васільевіч Шастакоў (1870—1919), забіты ў час грамадзянскай вайны ў Пярмі.

«В… тетрадочках, на обеих сторонах линованных страниц, отец Яков записывал ход лично им наблюденных достопамятных событий, а также доверия заслуживающие слухи, с предпочтением — которых не было в газетах. Тетрадок с собой не возил, кроме последней, а, заполнив, оставлял… на сохранении у верных людей… <…> Все любопытно отцу Якову! Кипит Россия — и отец Яков стоит у котла со своей ложкой, вынутой из всевмещающего портфеля. Вперед других не суется, а если возможно, тихонько и неазартно зачерпнет похлебки. Лю-бо-пытно! Но в общем — его дело сторона, он только частный наблюдатель жизни, смиренный свидетель истории. В мемуарах своих, конечно, поместит все, но это уже для потомства, а не ради пустого разговора» [3, с. 74].

Сёння ён у Маскве, паведамляе М. Асаргін, заўтра ў Пецярбургу, праз тыдзень у Волагдзе, ва Уфе, у Разані, зімой — па гарадах, летам — на Волзе і Каме, ад Рыбінска да Астрахані, ад Ніжняга да Пярмі… І паўсюль у яго знойдуцца сябры і знаёмыя, ласкавы прыём і прытулак. Ніхто не ведае дакладна, навошта вандруе айцец Якаў, і ніхто не здзіўляецца яго дальнім пералётам. І толькі адзін «таинственный человек», з якім айцу Якаву давялося начаваць разам пад Масквой «на даче почтенной, у земляка и старого знакомого, большого либерала, помогавшего революционерам», спытаў яго дзеля жарту:

«— А может быть, вы — опасный человек, отец Яков? Чем вы подлинно занимаетесь — никому не ведомо» [3, с. 74].

Ніхто ніколі не папракнуў айца Якава ў нетактоўнасці: сам ён слухаць слухае, але пачутае па чужых хатах не разносіць.

Падобнай жыццёвай стратэгіяй кіруецца і іншы герой М. Асаргіна (раман «Сіўцаў Вражак»), стары солдат Рыгор: «словоохотлив, однако на вопросы отвечал кратко, без пустых слов, осуждающе и мудро» [3]. Гэта таксама своеасаблівы сведка гісторыі. Былы дзяншчык маладога афіцэра, пакалечанага на фронце, які з гэтай прычыны пайшоў на самагубства, Рыгор стаў вандроўнікам, прычым не столькі ў сацыяльным, колькі ў духоўным сэнсе. Гналі яго ў дарогу «сиротство и монашество суровой его мысли». Герой ідзе ў Кіеў. Засталася ў яго «теперь на Свете… только прочная вера в сурового Бога, ушедшего из Москвы в мать городов русских, а может, и дале. Говорили — не дойти. Но кому хранить и терять нечего, тот — свободный землепроход. Хаживали по Руси во все концы странники… за истиной и милостыней... никто не миновал Киева» [47]. Стары салдат — адзін з носьбітаў «простой житейской правды, искателей истины вековечной». Аўтар апавядае, як непаспешліва, упарта, крок за крокам «подале уводил Григорий к местам святого упокоения старую Русь. Не с гиком и проклятьями, как уводили ее другие, не в кладях и чемоданах, не под охраной штыков, которым судьба не сулила вернуться, — но старым путем богомолов и странников». Сюжэтная лінія, звязаная з вобразам Рыгора, дае дакладнае ўяўленне аб асаблівасцях міфалагічнай кампазіцыі. «Не беглец, не родине изменник, не трус, а отрясший прах лжи и осмелевшего бесчестья» [47]. Абцякаючы яго, «с пулеметным треском катилась волна ненависти, смерти, а то и просто озорства и охальства, и все за свободу, и все за свободу, а в чемсвобода?». Гэта толькі адно з рытарычных пытанняў, якія ставіць М. Асаргін, выкарыстоўваючы ў выяўленні асабістай пазіцыі чалавека і творцы прыём «перададзенай трыбуны», характэрны для літаратуры «эпохі рубяжа».

Вобраз вандроўнага лірніка ў рамане беларускага пісьменніка У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» нельга назваць сюжэтаўтваральным, але, нягледзячы на сваю эпізадычную прадстаўленасць, ён выконвае надзвычай важную функцыю ў выяўленні аўтарскай канцэпцыі галоўнага героя. Ім з’яўляецца патомны дваранін Алесь Загорскі — вымышлены герой, які дзейнічае ў рамане разам з гістарычнымі асобамі, і асабліва цесна звязаны, сюжэтна і светапоглядна, з Кастусём Каліноўскім. Князь Аляксандр Загорскі, згодна з задумай пісьменніка, павінен быў зрабіцца адным з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў на Беларусі. Яшчэ падлеткам Алесь знаёміцца са сваім аднагодкам Кастусём. Іх сустрэча адбываецца на радзіме Каліноўскага, у беларускім мястэчку Свіслач, падчас кірмашу. Менавіта ў гэтым эпізодзе У. Караткевіч і ўводзіць у сюжэтнае дзеянне вобраз старога лірніка. «Стары спяваў: цёмны правал рота ў срэбнай барадзе. Лірнік быў такі стары, што барада яму была не ў загану». Каля яго амаль не было людзей, бо «не даць — грэх, а даць не было чаго» [15, c. 273]. Сляпы вандроўнік спяваў песню пра турэцкага караля, што чорнай хмарай наступаў на «белыя землі» — «усю зямлю… бедную сватаць». І пра гэта «страшна гулі струны» [15, c. 274]. Алесь хацеў пакласці на ліру срэбны паўрубель, але яго даволі груба прыпыніў хлопец — як пазней высветлілася, Каліноўскі. Менавіта ў яго маналогу і выяўляецца сутнасць вобраза вандроўнага музыкі. Алесь даведаўся, што старога за паўрубель маглі адвесці ў паліцыю: «у бедных… бываюць толькі медныя грошы» [15, c. 275]. Кастусь таксама паведаміў, што страшна б’юць вандроўных лірнікаў, лічаць іх падазронымі людзьмі, нязлоўленымі злодзеямі і злачынцамі, а ў песнях пра турэцкага цара бачаць намёк на цяперашняга самадзержца: «…Ды старому ― ў вуха. А на ліру ― нагою. <…> Кніг пазбавілі ― хочуць і ліры пазбавіць. Ведаюць: пакуль слухаюць людзі хаця аднаго лірніка, не памерла воля» [15, c. 277]. Гэтыя словы падкрэсліваюць у вобразе вандроўнага лірніка рысы народнага заступніка, духоўнага правадыра.

Асобныя вобразы герояў-вандроўнікаў з’яўляюцца прэцэдэнтнымі. Часцей за ўсё гэта біблейскія прэцэдэнты. Так, у аснову шэрагу твораў заходнееўрапейскіх літаратур пакладзена легенда пра Вечнага Жыда. Паводле яе, іудзей-рамеснік не дазволіў прыхінуцца да сцяны свайго дома, каб адпачыць, Ісусу Хрысту, калі той нёс крыж. За гэта іудзей быў пакараны блуканнем па зямлі да другога прышэсця і вечнай людской пагардай. Своеасабліва, з папраўкай на гістарычны кантэкст, гэты легендарны вобраз пераасэнсоўваецца як «сведка гісторыі» ў рамане І. Ільфа і Я. Пятрова «Залатое цяля», дзе ёсць устаўны «Аповед Астапа Бэндэра пра Вечнага Жыда». Яго герой прывандраваў у 1919 годзе ў Кіеў. Там у гэты час гаспадарылі пятлюраўцы. І павялі яго да кураннога атамана.

«―Жыд? — спытаў атаман з вясёлым здзіўленнем.

― Жыд, — адказаў вандроўнік.

― А пастаўце яго да сценкі, — ласкава сказаў куранны.

― Але ж я Вечны! — закрычаў стары.

― Маўчы, жыдоўская морда! — радасна закрычаў чубаты атаман. — сячы яго, хлопцы-малойцы!

І Вечнага вандроўніка не стала» [14, с. 467—468]. У гэтым эпізодзе прачытваецца пратэст пісьменнікаў-гуманістаў не толькі супраць такой канкрэтна-гістарычнай праявы інталерантнасці, як антысемітызм, а і супраць знішчэння рэлігійных і культурных традыцый. «…Стары мог бы распавесці шмат цікавага калі б у канцы кожнага стагоддзя пісаў мемуары» [14, с. 467].

Адметны вобраз вандроўніка створаны класікам польскай літаратуры У. Рэймантам у рамане «Мужыкі». Імя вандроўніка — Рох, што таксама ўказвае на прэцэдэнтнае паходжанне вобраза героя. Рох — гэта імя асабліва пашаноўнага каталіцкага святога. Як сведчыць паданне, Рох нарадзіўся ў Францыі ў ХІІІ ст. ў сям’і губернатара. Калі юнак страціў бацькоў, ён раздаў усю маёмасць бедным і выправіўся паломнікам у Італію, дзе ў той час панавала чума. Рох пачаў вандраваць па краіне, даглядаючы хворых на чуму і ацаляючы іх малітваю і крыжовым знакам. Хутка ён сам захварэў на чуму, быў выгнаны з горада і чакаў галоднай смерці ў закінутай лясной хаціне. Сабака прынёс яму хлеб, і хутка святы пачаў папраўляцца, а потым вярнуўся на радзіму. Тут ён адмовіўся назваць сваё імя і, па загадзе роднага дзядзькі, апынуўся, як шпіён, у турме, дзе і загінуў. Пасля смерці Рох быў апазнаны па знаку крыжа на грудзях, якім быў пазначаны пры нараджэнні [48].

Жыццёвыя перыпетыі героя У. Рэйманта сведчаць аб перайманні пісьменнікам легендарнага сюжэта. Вобраз Роха шмат у чым спрыяе вырашэнню адной з задач, пастаўленых аўтарам, — «…адлюстраваць усю містэрыю польскага жыцця» [28, c. 8]. Герой, як і кожны персанаж «у складаным, шматгалосым хоры эпічнага аповеду… вядзе сваю партыю» [28, с. 13]. Рох у рамане — праведнік і народны абаронца, настаўнік і суцяшальнік. Савецкае літаратуразнаўства знаходзіла некаторую заганнасць у мастацкай канцэпцыі гэтага вобраза, сцвярджаючы, што ён быццам бы сведчыць «аб магчымасці прымірэння класавых груп у імя агульнанацыянальных патрыятычных задач» [28, с. 13]. Аднак сёння ў гэтым якраз і бачыцца адна з вартасцей вобраза вандроўніка Роха.

Менш распаўсюджаны ў беларускай літаратуры тып «старыцы». Канцэпцыя вобраза жанчыны-жабрачкі Агаты з рамана У. Рэйманта «Мужыкі» тыпалагічна падобная да асабовай канцэпцыі Габруся з апавядання У. Галубка і Купалавага Старца. Агата пакорліва прымае свой лёс і, не крыўдуючы на сваякоў, ідзе жабраваць: «Па свеце пайду, дабрадзей, па людзях… А госпад наш міласцівы, беднага чалавека не пакіне…» [28, с. 17]. Яе заўсёднае вітанне — «Слава Ісусу!». Сімволіка імені сведчыць, што жанчына-носьбіт добрая, даволі настойлівая ў дасягненні мэты, не любіць плакаць і скардзіцца на лёс. Агата звычайна стрыманая, умее схаваць і радасць, і гора [32, с. 255]. Жанчына-жабрачка мае даволі неардынарную мэту: «Шмат гадоў яна толькі пра тое і думала, каб, калі прыйдзе яе смяротны час, памерці ў роднай вёсцы, у хаце, на ложку з пярынаю, пад абразамі, так, як паміраюць ўсе паважаныя людзі. <…> Ніколі яна не сунулася да ўладарных і багатых, не наракала на свой лёс, бо цвёрда верыла, што ўсё на зямлі даецца па волі божай і грэшны чалавек не можа нічога змяніць. І толькі патаемна, нясмела прасіла ў бога прабачэння за ганарлівасць, марыла і малілася аб адным ― каб яе пахавалі, як хаваюць паважаных гаспадынь» [29, с. 13]. Агата і сапраўды настойліва ідзе да дасягнення сваёй мэты, бо ўсё жыццё бадзялася па чужых вуглах, спала на саломе. Яна ўсе ж сабрала сабе і падушкі, і пярыну, і прасціны: «…Ёсць усё, што трэба! Яна несла з сабою васковую свечку, якую выпрасіла, калі яе нанялі маліцца над нейкім нябожчыкам, і бутэльку са святой вадой. Купіла і новае крапідла, і абразок Чанстахоўскай божай маці, які, паміраючы, будзе трымаць у руках» [29, с.14]. Моцна перажывала жанчына, калі даведалася, што сваякі без яе ведама пазычылі яе пярыну, парушылі яе мару, сапсавалі тое, што збіралася гадамі: «Агата не дагаварыла ― нешта сціснула ёй горла. <…> Так… Пярыны няма. А пакінула ж зусім новую. Ні разу на ёй не спала. Столькі часу па пер’ечку збірала, каб памерці на пярыне, як усе паважаныя гаспадыні. А яе забралі!.. Яе душылі слёзы, сэрца амаль разрывалася ад болю. Доўга малілася яна, доўга плакала і доўга жалілася Іісусу на сваю крыўду» [29, с. 24]. Праз лінію жанчыны-жабрачкі своесабліва актуалізуецца звязанае з матывам шляху семантычнае звяно «страта ― набытак». Вобразы Роха і Агаты, выступаючы мадыфікацыямі аднаго і таго ж тыпу вандроўнага героя, выяўляюць, між тым, розныя сутнасці.

Такім чынам, у галерэі эпічных герояў ХХ стагоддзя вылучаецца вобраз вандроўніка, паказаны напярэдадні або ў эпіцэнтры бурных гістарычных падзей. У кожнай з літаратурных асоб, да якіх мы звярнуліся, дыялектычна спалучаюцца традыцыйныя рысы вобраза-архетыпа, рысы «нацыянальнага нязменнага» з канкрэтна-гістарычнымі рысамі суб’екта гістарычнага працэсу, «сведкі гісторыі», яе своеасаблівага летапісца, духоўнага лідара ў плане ўздзеяння на светапогляд сучаснага герою грамадства.

 

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Аналіз навуковай літаратуры па тэме даследавання, праведзеныя назіранні і аналіз корпусу мастацкіх тэкстаў дазваляюць зрабіць наступныя вывады:

1. Шлях як філасофская катэгорыя ў літаратуры выяўляецца як вобраз, сімвал, метафара, матыў і ўключае ў сябе шэраг гуманітарных аспектаў. Гэта міждысцыплінарны феномен, які можа разглядацца з пазіцый філасофіі, міфалогіі, гісторыі, культуры. У сусветнай культуры канцэпт шляху звязаны з анталагічнай праблематыкай і адносіцца да ліку ўніверсальных. Прастора шляху не ўтварае ідэальную семантычную аднароднасць. Шлях у народнай культуры, рэлігіі і міфалогіі можа суадносіцца з жыццём, падарожжам героя ў іншасвет, пераходнымі рытуаламі, станаўленнем асобы, пошукам сэнсу жыцця і ідэалаў. Семантыка і сімволіка матыву шляху сфарміравалася гістарычна пад уплывам грамадскага ладу, культуры і рэлігіі. Дарога і шлях з’яўляюцца сімваламі лёсу, пакут, выпрабаванняў, выбару, таму часта канцэптуальная метафара «жыццё ― шлях» змяшчае ў сабе семантычнае звяно «страта ― набытак» (або «страта ― пошук ― набытак»). Матыў «шляху ― дарогі» схільны да сваёй мастацкай трансфармацыі ў гістарычным ходзе літаратурнага развіцця, што і тлумачыць магчымасць рознага трактавання аднатыпных вобразаў.

2. Вобраз вандроўніка ― гэта вобраз-архетып; ён атрымаў шырокае распаўсюджанне ў літаратурах розных краін. Вобраз вандроўнага героя ў заходнееўрапейскіх літаратурах (валацуга-бяздомнік, рыцар-авантурыст, круцель, філосаф, астраном) даволі істотна розніцца ад аналагічнага вобраза ва ўсходнеславянскіх літаратурах, што тлумачыцца рознымі абставінамі гістарычнага развіцця, грамадскім ладам і культурай. Існуе вялікая колькасць тыпаў вандроўных герояў, якія вылучаюцца атрыбутамі знешнасці і побыту, мэтамі, паводзінамі, асаблівасцямі камунікацыі. Паводле «культуры шляху» іх умоўна падзяляюць на тры тыпы: тыя, хто сыходзіць з пастаяннага месца жыхарства («ушельцы»), падарожныя («путники») і «прышэльцы». Адным з самых пашаноўных вандроўнікаў паводле гісторыка-культурнай традыцыі славян, з’яўляўся старац, багамолец.

3. Вобраз вандроўніка ў рускай і беларускай літаратурах мае як рысы тыпалагічнага падабенства з прычыны свайго агульначалавечага зместу, так і ідэйна-мастацкую спецыфіку, абумоўленую асаблівасцямі менталітэту кожнага народа. Аб’ядноўваюць вобразы вандроўных людзей пэўныя філасофскія, рэлігійныя хрысціянскія, унутраныя ці знешнія, ідэі. Вандроўныя героі рускай літаратуры – гэта жабракі, гандляры, беглыя сяляне, богашукальнікі, адшчапенцы-выгнаннікі. У беларускай літаратуры гэта найчасцей старцы, багамольцы, музыкі, прарокі, ілжэпрарокі, прыземленыя карыслівыя жабракі, абяздоленыя беднякі, пазбаўленыя роднага кутка, шукальнікі шчасця на чужых дарогах ― у іх па-мастацку адбіваюцца як спрадвечныя каштоўнасці беларусаў, так і іх супярэчлівыя, часам супрацьлеглыя, уяўленні аб каштоўнасцях жыцця на рубяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. Вобраз-архетып вандроўніка ў беларускай і рускай літаратурах набывае ідэйна-мастацкую спецыфіку, абумоўленую асаблівасцямі менталітэту кожнага народа. Можна сцвярджаць, што ў рускай і беларускай літаратурах вобразу вандроўніка адведзена асаблівая канцэптуальная роля як выразніка духоўных ідэалаў.

4. Матыў шляху ў яго метафорыка-сімвалічным значэнні надзвычай пашыраны ў творчасці Я. Купалы. У нашаніўскі перыяд праз вобразы шляху і вандроўных герояў выяўляўся матыў беззямельнасці, бездарожжа, блукання. З імі звязаны і экзістэнцыйныя праблемы: пераломны выбар у жыцці, вызначэнне лёсу. Вобразы, якія абумоўлены матывам шляху, нясуць у сабе шмат канатацый, багацце трактовак. Гэта тлумачыцца ўласцівасцю катэгорыі шляху да трансфармацыі ў сувязі з гістарычнымі падзеямі, зменамі ў грамадстве і культуры. Часта шлях сімвалізуе кардынальныя жыццёвыя выпрабаванні, рэпрэзентуе трагедыю пасіянарнай асобы. У драме «Раскіданае гняздо» аўтар паказвае патэнцыяльныя магчымыя шляхі выхаду з «раскіданасці»: з жыцця ў смерць, з жыцця ў жыццё, на «вялікі сход». Старац у драме – гэта увасабленне адвечнай мудрасці і духоўнай сілы народа, аптымізму і веры ў перамены; мастацкі носьбіт рысаў евангельскага прапаведніка і лірніка. Праз вобразы вандроўнікаў Старца і Незнаёмага, за якімі ідуць, раздзяліўшыся, Зяблікі, выяўляецца асноўная ідэя драмы. Маштабнасць і эстэтычнае багацце матыву шляху і абумоўленых ім вобразаў у мастацкай спадчыне Я. Купалы надаюць ім значэнне нацыятворчых.

5. Вобразы вандроўнікаў у разгледжаных намі буйных эпічных творах славянскіх літаратур ХХ стагоддзя паказаны напярэдадні або ў эпіцэнтры значных гістарычных падзей, на якія была багатая эпоха. У раманным дзеянні мы назіраем як скразныя, так і сюжэтаўтваральныя вобразы герояў-вандроўнікаў, якія па сваім значэнні ў пэўнай ступені працягваюць тэндэнцыю выразнікаў пэўнага гуманістычнага і рэлігійнага пафасу, але, акрамя таго, у кожным з вандроўных герояў дыялектычна спалучаюцца рысы «сведкі» гісторыі як летапісца (абагульняе гістарычны вопыт, выяўляе народную думку) і рысы суб’екта гістарычнага працэсу, духоўнага лідара ў плане ўздзеяння на светапогляд сучаснага герою грамадства.

 

Поделиться:





Читайте также:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...