Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Выберыце з дужак патрэбнае слова.




1. А зараз даводзяць, што кратэры ад падзення (метэораў, метэарытаў). 2. Я зразумеў, што гэта мая (асабовая, асабістая) справа ў яго на стале. 3. Здзіўляе маштабнасць мастацкага (багульвання, абагульнення) у байках К. Крапівы. 4. У краме багаты выбар (шоўкавых, шаўкавістых) сукенак. 5. (Даждлівая, дажджавая) вада застаецца на паверхні зямлі, а часткова прасочваецца ў зямлю. 6. Такі (факт, фактар) не мог быць не заўважаным. 7. На (экскаватары, эскалатары) мы падняліся на другі паверх універмага. 8. Кожны год мы набываем (абаненты, абанементы) на цыкл канцэртаў. 9. Салдаты выстраіліся на вячэрнюю (паверку, праверку). 10. Настойлівасць і працавітасць – важны (факт, фактар) дасягнення поспеху.

 

3. Выпраўце памылкі ў наступных сказах.

1. Учора мой аднагрупнік набыў абанент на цыкл лекцый. 2. Гарантыйны адпачынак чакае студэнтаў летам. 3. Хуткім часам многія навучэнцы тэхнічнага універсітэта атрымаюць інжынерны дыплом. 4. На сходзе прагучала канструктарская прапанова. 5. У бібліятэцы мне выдалі дэфектыўны экзэмпляр кнігі. 6. На маю просьбу загадчык лабараторыі адказаў дэманстрацыйнай адмовай. 7. Фактары – гэта паветра навукоўца. 8. На Беларусі здабываюць разнастайныя карыслівыя выкапні. 9. Сучасныя лямпы дзённага святла ў тры разы больш эканомныя, чым звычайныя электрычныя лямпачкі. 10. Мова і стыль – гэта тыя формы, у якіх перадаецца чытальніку думка твора. 11. Метрабудаўнікі прымянілі арыгінальны спосаб абціскання тунеля чыгуначнымі кольцамі. 12. Пры сустрэчы з калегам ён надаваў свайму твару таемны выгляд.13. Каля вёскі Койтава Віцебскага раёна ёсць сядзіба Здраўнева, звязаная з імем выдатнага рускага мастака Рэпіна. 14. Вілейка атрымала статут павятовага горада ў 1796г. 15. Акрамя кніжнай графікі, пачынаючы з XVI ст. на Беларусі развіваецца станочная. 16. Галерэя вядзе вялікую даследчую і рэстаўратарскую работу. 17. Неабходна, каб лабараторныя заняткі былі больш прадуктыўнымі.

 

4. Да прыведзеных слоў падбярыце паранімічную пару, растлумачце значэнні паронімаў і складзіце з імі словазлучэнні.

Шаўкавісты, пясочны, лясісты, дымны, класавы, даходлівы, дробавы, перадавы, галасавы, зубчаты, запаветны, жалобны, хваравіты, старажытны, смаляны, залацісты.

 

 

§6. АКТЫЎНАЯ І ПАСІЎНАЯ ЛЕКСІКА

 

Словы, якія шырока выкарыстоўваюцца ў сучаснай беларускай мове і не маюць адценняў устарэласці або навізны, адносяцца да актыўнай лексікі. У яе складзе вылучаюцца дзве групы слоў:

1. Агульнанародныя словы, якімі актыўна карыстаюцца ўсе носьбіты мовы незалежна ад месца іх пражывання, роду дзейнасці ці спецыяльнасці, напрыклад, бацька, сястра, нага, заяц, вецер, зялёны, моцны, гаварыць і г. д.

2. Словы-тэрміны, якімі актыўна карыстаюцца толькі прадстаўнікі розных галін навукі, тэхнікі і культуры, напрыклад, акварэль, мерыдыян, пратаплазма, прыстаўка і інш.

Словы, якія рэдка ўжываюцца ў працэсе штодзённых моўных зносін і з’яўляюцца малавядомымі носьбітам сучаснай беларускай мовы, адносяцца да пасіўнай лексікі. У яе складзе адрозніваюць:

1. Устарэлыя словы, якія выходзяць ці выйшлі з актыўнага ўжывання і ў наш час з’яўляюцца малавядомымі. Падзяляюцца на дзве групы:

- гістарызмы – назвы такіх прадметаў, з’яў, якія перасталі існаваць на пэўным этапе гісторыі беларускага народа, напрыклад, земства, аршын, саха, лапці, рэкрут, сярмяга, батрак, ураднік, калчан.

Паколькі гістарызмы з’яўляюцца ўстарэлымі назвамі прадметаў і паняццяў, то яны не маюць сінонімаў у сучаснай беларускай мове.

Асобную групу сярод гістарызмаў складаюць словы, якія ўзніклі ў савецкі час і абазначалі асобныя паняцці, характэрныя для савецкай рэчаіснасці (саветызмы): нэп, рабфак, лікбез, камбед і інш. Гэтыя словы адлюстроўваюць падзеі, якія адбываліся ў нашай краіне ў першыя гады станаўлення Савецкай улады.

- архаізмы – устарэлыя назвы такіх прадметаў ці з’яў, якія існуюць і ў наш час, але для іх абазначэння выкарыстоўваюцца іншыя словы, напрыклад, бортнік (пчаляр), лемантар (буквар), аэраплан (самалёт), ловы (паляванне), скрыжалі (закон).

Архаізмы маюць у сучаснай мове сінонімы, але адрозніваюцца ад іх, у сувязі з чым вылучаюцца:

- фанетычныя архаізмы – словы, якія адрозніваюцца ад сучасных назваў асобнымі гукамі: кроніка (хроніка), часопісь (часопіс), сымболь (сімвал);

- словаўтваральныя архаізмы – словы, што адрозніваюцца ад сучасных назваў суфіксамі ці прыстаўкамі, пры дапамозе якіх утвораны; канчар (канчатак), васход (усход), стваліна (ствол);

- лексічныя архаізмы – словы, якія сваім марфалагічным складам поўнасцю адрозніваюцца ад сучасных назваў: раць (войска), самаезд (аўтамабіль), злічво (сума);

- семантычныя архаізмы – словы, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў сучаснай мове, але адно са значэнняў якіх устарэла: жывот (устарэлае значэнне – ‘жыццё’), віна (устарэлае значэнне – ‘штраф за невыкананне чаго-небудзь’).

Гістарызмы і архаізмы выкарыстоўваюцца і як нейтральныя словы (у навуковых працах па гісторыі, этнаграфіі, археалогіі), і як стылявы сродак у творах мастацкай літаратуры для перадачы каларыту адпаведнай эпохі, адлюстравання асаблівасцей мовы.

2. Неалагізмы – словы, якія ўзніклі ў мове для абазначэння новых прадметаў, з’яў, паняццяў і вызначаюцца ў лексічным складзе адценнем навізны, напрыклад, веласамалёт, гідрабасейн, акватрон, акванаўт, дыгітацін, месяцаход.

Самая істотная асаблівасць неалагізмаў – гэта тое, што свежасць, незвычайнасць, навізна падобных слоў адчуваецца ўсімі носьбітамі мовы.

У якасці назвы новых прадметаў ці з’яў могуць узнікаць новыя словы або словы, якія ўжо вядомы ў мове. У адпаведнасці з гэтым адрозніваюць лексічныя і семантычныя неалагізмы.

Лексічныя неалагізмы – гэта новыя словы, якія ўзніклі ў мове для абазначэння новых прадметаў ці з’яў: авіявадавоз, гемабіёніка, гідрамолат і інш. Семантычныя неалагізмы – гэта новыя значэнні вядомых слоў. Напрыклад, слова павук набыло наступнае новае значэнне – ‘прыстасаванне ў выглядзе кальца, што надзяваецца на крук пад’ёмнага крана і служыць для падымання ўгару’. Гэта значэнне слова павук і з’яўляецца неалагізмам.

Новыя словы, якія ствараюцца пісьменнікамі, каб больш ярка і вобразна сказаць пра што-небудзь у творы, называюцца аўтарскімі неалагізмамі. Вось некалькі прыкладаў: Падданых з’ярміў ён мільён (Я. Купала); Разам з вамі я выйду на ворагаў, карчаваць чарнацвет нашай спадчыны (А. Александровіч).

 

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

 

1. Чым тлумачыцца з’яўленне новых слоў у мове?

2. Чым адрозніваюцца паміж сабой архаізмы і гістарызмы, у чым праяўляюцца іх функцыі ў мове?

3. Размяркуйце прыведзеныя словы на групы ў залежнасці ад іх ужывальнасці:

Архіварыус, асэсар, балкон, бурлакі, войт, дружына, каваль, метад, рабфак, фунт, прасвета, перст, артрамант, фальварак, лучына, хлеб, стражнік, бортнік, чырвоны, жандар, раніца, пяць, гарбата, ваявода, сажань, веча, чало, кветка, пракламацыі, гута, снег, лютня, стралец, вуглякоп, сеча, губерня, вярста, вакацыі, раме, буклі.

 

 

Актыўная лексіка Устарэлыя словы
гістарызмы архаізмы
     

4. Складзіце сказы з наступнымі неалагізмамі і растлумачце мэту іх выкарыстання:

Аэраджып, фанемафон, стэрэакіназала, тэрмавізар, вададром, галаграфія.

5. Прачытайце тэксты, вызначце актыўную і пасіўную лексіку. Якая функцыя ўстарэлых слоў і неалагізмаў?

А) Князь Вячка дрэнна спаў у гэту ноч. Трохі прыдрамаў на адно вока, нібы малады воўк пад кустом, і зноў пругкае моцнае цела падкінула з одра трывога. Ён устаў, да хрусту ў плячах пацягнуўся, узяў са стала срэбную карчагу з вадой, глыток адпіў, астатнюю ваду лінуў сабе на рукі і апаласнуў ёю твар. Сон адразу ж адляцеў ад яго.

Апошнія ночы ён вельмі мала спаў. Хварэла дачка, пяцігадовая Соф’я. З захаду, з вусця Дзвіны, даходзілі кепскія навіны. Рыжскі епіскап Альберт са сваімі пілігрымамі і рыцарамі, мяркуючы па ўсім, зламаў супраціўленне ліваў, хрысціў іншых старэйшын, а сыноў старэйшын узяў у заложнікі. Тэўтоны па ніжнім цячэнні Дзвіны ліхаманкава будавалі крэпасці, каменныя замкі. Альберт, праўда, яшчэ не бярэ даніну і царкоўную дзесяціну з ліваў. Лівы пакуль што лічацца даннікамі вялікага князя полацкага Уладзіміра. Але што будзе заўтра? Што прынясе світанак?

Вячка падышоў да акна апачывальні. Тысячамі нябачных пагрозлівых вачэй глядзела на яго цемра. Дзесьці там цякла Дзвіна, шырокая і няспынная. І цяжка было яму думаць, што за некалькі попрышчаў ад Кукейноса тэўтонскія рыцары пояць з яе коней. (Л. Дайнека)

Б) Усяго некалькі год таму чалавек быў адзіным выканаўцам музычных твораў. Але інжынеры і канструктары стварылі нечаканых сапернікаў – электрамузычныя інструменты, здольныя суправаджаць спевакоў і артыстаў. І музыкантам-выканаўцам прыйшлося прыняць цудоўныя прыборы з незвычайнымі назвамі: электраліна, эквадын, арганола, арганэта. А якім цудам тэхнікі з’яўляецца каляровы стэрэавізар, які стварае эфект прысутнасці і пераўтварае гледачоў ва ўдзельнікаў падзей?! Важную ролю адыгрываюць таксама аптычныя прыборы, якія называюцца чароўнымі вачамі, альбо русарамі.

Прыбор палірограф рэгіструе стан хворага ў час аперацыі і вызначае артэрыяльны ціск, ступень насычэння крыві кіслародам, электрычную актыўнасць сэрца і інш., а дэфібрылятар у выпадку патрэбы можа ўзнавіць рытмічную работу сэрца. Кардыёсігналізатар дазволіць няспынна назіраць на экране асцылографа вымярэнні электракардыяграмы, а механатроп вымярае артэрыяльны ціск.

 

6. Растлумачце значэнні новых слоў і словазлучэнняў, якія ўзніклі ў пачатку 90-ых гг. 20-га ст.

АНБ, бартэрная здзелка, бомж, брокерскае месца, талон, гандлёвы дом, датацыя, дэпазітны сертыфікат, дэпартызацыя, кааператыў, кансэнсус, купон, лібералізацыя цэн, малое прадпрыемства, наменклатура, НЛА, прыватызацыя, плюралізм, РБ, рэкет, рэферэндум, СНД, спонсар, таварная біржа, ценявая эканоміка, цэнавая палітыка, экстрасенс.

 

 

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...