Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

финалистов конкурса литературной сказки имени Лазаря Лагина




Сказки

финалистов конкурса литературной сказки имени Лазаря Лагина

(Фестиваль литературной сказки и декоративно-прикладного искусства «Костюм для героя)

Шур Леонид (Витебск, Беларусь)

Алеся з Палесся

 

Чароўны чэрвень! Алеся ў ружовым сарафане басанож ляцела ад сяла па сцежцы. За Дзедам-валуном паляна – падножжа горкі. Справа – возера, злева – лес. За каменем дзяўчо ледзь не збіла карліцу ў бурштынавым капялюшыку.

- Прывітанне, Алеся!

- Дабрыдзень. Мы знаёмы?

- Усіх ведае бабуля Бадзула. Па шляхах блукаю, бадзяцца запрашаю.

- А я паляжу на паляне, пагляджу на аблокі.

- І не палохаешся злых духаў?

- Не. Але купацца не буду, у гушчар не палезу.

- Так, Алесечка. Вадзянік можа ўтапіць, а Лясун – выкрасці.

- А чаму?

- Распавяду. Некалі Вадзянік і Лясун паспрачаліся, каму паляна належыць. Вырашылі паспаборнічаць: хто данясе валун да вяршыні горкі, той і будзе гаспадаром. Вадзянік праз два крокі выпусціў груз. Лясун узяў камень і стаў паднімацца. Вадзянік залямантаваў “Лясун, кінь валун”, а затым падставіў падножку. Лясун спатыкнуўся, валун зваліўся і ўрос у зямлю.

- З той пары яны – ворагі…

- …і сабе і людзям. А жадаеш, Алесечка, ад гэтых чарцей пазбавіцца, каб жыць не заміналі?

- Пытаеце!

-  Дык сунь левую пятку ў вадаём і пакліч " Выходзь, Вадзянік, на красуню паглядзі-ка".

Калі з'явіцца, паведамі, што Лясун марыць зарасціць паляну ялінамі і ператварыць возера ў балота. Потым адыдзі да валуна і глядзі, а нячыстая сіла сама сябе вынішчыць.

 

Дзяўчынка заўсёды слухала старэйшых. Яшчэ не сустракала нягоднікаў.

Хвілінка – і вось холад вады абпаліў ножку. Алеся адскочыла, бо перш нерухомая роўнядзь па нарастальнай завіравала, з сярэдзіны возера вырасла нешта сіняе, затым наблізілася і ператварылася ў таўстуна з барадой-цінай. Рыбін хвост ды хітрая ўсмешка.

- Навошта клікала? Або пацалаваць, каб я прынцам абгарнуўся?... Маўчыш, як акунь?.. Не палохайся, я слаўны. Але павагі патрабую, бо ўладар вады. Вадзянік вясёлы!

- А я – Алеся. Як ты патрапіў у возера, з неба зваліўся?

- У багавінні нарадзіўся. А ты што тут робіш, Алеся з Палесся?

- На вакацыях.

- Ага, на дачу і лайдачу. Тады адгадай загадку. Без ног бяжыць, без вачэй глядзіць!

- Няўжо вада? Ой, справа ёсць! Тут бабка Бадзула прасіла перадаць, што…

- Ведаю. Лясун запраектаваў на палянцы пабудаваць аграсядзібу, каб запаганіць возера!

- Не… Яна казала…

- Ды якая розніца! Ну, жадаеш убачыць сапраўдную бойку?

- Не... Але… Было б цікава.

- Але, Алеся… Выбірай. Што азначыш, тое і атрымаеш! Закон сусвету!

- Добра, паказвайце!

- Тады адбягай да валуна, пачынаецца вайна!

 

Алесю ўгаворваць не трэба, адразу схавалася. Такім чынам, – шэптам пракаментавала зачыншчыца, – Зноў змаганне з-за мяне! У сінім куце рынга – вірлавокі Вадзянік. Хто ў зялёным?

Вадзянік стаў чэрпаць ваду рукамі, пальцы якіх злучалі перапонкі, і кідаць угару. Бруі злучаліся ў хмары, тыя адчалілі да лесу. Чарноцце апанавала высь, і абрынуўся лівень на дрэвы. А паветра прабіў заклік Вадзяніка, – Прыходзь, Лясун, ствары трасун!

Каля валуна была суха. А ў цемры скрозь фантаны ззяла небяспечная ўсмешка Вадзяніка.

Лес зароў, дрэвы сталі пампавацца у бок возера, ствараючы вецер. Насоўвалася бура, але падбухторвальніца ўжо не магла адарвацца ад гледзішча. Храбусцячы галінкамі, з гушчару павольна, але няўмольна выплюнуўся доўгі, як хвоя, зомбі. Бязлітасны Лясун. Зялены кажух навыварат. Правы лапаць на левую нагу, левы на правую. Вусы і ручышчы накіраваныя наперад. Ваявода жудасна свістаў ды пляскаў у ладкі.

Пачуўшы Лясуна, Вадзянік удвая гучней загаласіў, – Вынырайце, вадзяніцы, мае статкі прывадзіце! Клічу я маіх кароў - карпаў і ляшчоў! Дзе мой сом –" чортаў конь"? Дзе рапушкі баявыя? Дзе ракі маладыя? Утопім, адкусім, нап'емся, закусім! Не баімся кабаноў, пчол, абцугоў, нават соў!

Алеся на імгненне ўявіла сябе гледачом на рок-канцэрце двух розных па стылю груп. Такія музычныя хуліганы здольныя не толькі гітары разбіць, але і чэрапы імі праламаць!

Лясун паклікаў усіх насельнікаў лесу! Вецер падхапіў дробную жыўнасць, і паскорыў хаду буйнам звярам. Як сталі яны выць ды раўці, выдаваючы гукі, якія зліваліся ва “УРА”! Вецер у возеры падняў такі ураган, што вакол закружыліся рыбы. А Вадзянік усё чэрпаў вільгаць, ствараючы дождж. Баламутні заляглі на беразе возера ў абарону, вышчарыліся шчупакі. Хутка сыдуцца лясная ды водная гвардыі!

- Яны ж пазабіваюцца! Што я нарабіла! – Алеся заплюшчыла вочы і заціхла. Нейкі час вэрхал працягваўся, але затым нечакана усё спынілася.

А калі ачуняла, падумала, што ашалела, а ўслых прамовіла, – Алеся у краіне цудаў!

Ні дажджынкі, ні ветрыку. І лес і возера зноў былі ціхамірнымі. На беразе на ўсю забаўлялася з азёрнай лясная братва. Мядзведзі пілі з крыніцы з гарэзлівымі азярнiцамі, ліскі купаліся з расамахамі, птушачкі танчылі з рыбкамі, вавёркі бегалі за ракамі, зайчыкі і жабы скакалі ў вышыню, алені заляцаліся да русалак.

А галоўныя былыя ворагі стаялі ў абдымку, паляпваючы адзін аднаго па плячах і прыгаворваючы басамі:

- Ішоў, знайшоў рыбнага пастуха! Не ціхоня, а вірнік!

- А што ты так расшумеўся, дзікун? Не кастрычнік, ранавата лютаваць-жартаваць.

- Выдатную спартакіяду гадаванцам мы ўладкавалі! Я цябе праветрыў ня горш, чым ты мяне абмыў, Барада!

- А я смуткаваў па браціку Сіфону, ды і ўрок патрабаваўся аднаму чалавечку. Нельга адразу думаць дрэннае пра іншых. Дарэчы, – усміхнуўся Вадзянік, – Бадзула – дачка Бабы Ягі. Не вядзьмарыць, а толькі шкодзіць.

- Зайздросціць нашаму сяброўству! А яго ні ветрам не раздуць, ні вадой не разліць!

 

Алеся схіліла галаву і прамармытала, – Прабачце мяне! Што я ледзь не нарабіла! Магла нашкодзіць лесу і возеру! Вы захавальнікі прыроды! Абяцаю – пайду ў “Грынпіс”!

- Ты хоць не пэцкай, напэцкала – прыбяры, - уздыхнуўшы, прамовіў Вадзянік.

- Мы не сярдуем, – дадаў Лясун, – прымі лепш на памяць арэхі, грыбы ды ягады.

- І рыбак з ракамі ў хату знясі.

- Не, дзякуй. Я не магу ўзяць.

Алеся так засаромелася, што з усіх сіл зажмурыла вочкі, жадая апынуцца ў іншым месцы.

Праз нейкі час вейкі адкрыліся, і дзяўчо зразумела, што задрамала на палянцы. Сонейка развітвалася, а Алеся і не здагадвалася, што ў Дзеда-валуна яе чакаюць кошыкі. Адзін - з азернымі, а другі - з ляснымі дарункамі.

 

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...