Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Прынцыпы літаратуразнаўчага аналізу на ўроках літаратуры




Прынцыпы літаратуразнаўчага аналізу на ўроках літаратуры

Акрамя агульнададактычных настаўнік літаратуры абавязкова павінен выкарыстоўваць спецыфічныя (літаратуразнаўчыя, якія склаліся ў літаратуразнаўчай навуцы) прынцыпы пры выкладанні адпаведнага вучэбнага прадмета.

Вызначальным пры навуковым аналізе літаратурных твораў з’яўляецца прынцып іх вывучэння як твораў мастацтва слова. Адна з задач навучання беларускай літаратуры – далучэнне школьнікаў да мастацтва слова праз эстэтычнае ўспрыманне. Літаратура, як вядома, з’яўляецца адным з відаў грамадскай свядомасці і духоўнай культуры чалавецтва. Аднак яна мае сваю спецыфіку, якая заключаецца ў тым, што літаратура адлюстроўвае свет у вобразнай форме. Вобразнасць адрознівае яе ад такога віду пазнання, як навука, дзе вынікі пазнання падаюцца ў форме навуковых паняццяў. Аб’ектам літаратуры і навукі могуць стаць адны і тыя ж падзеі. Пры аналізе мастацкіх вобразаў трэба звяртаць увагу на чалавечыя характары, іх індывідуальнасць, тыповасць. Змест твора і сутнасць вобразаў нельга падмяняць сацыялагічнымі схемамі, як гэта мела месца ў 30-я гг., а часам і пазней. Літаратурныя творы не павінны разглядацца як ілюстрацыі да гісторыі ці грамадазнаўства. Пры іх аналізе звесткі гэтых навуковых дысцыплін могуць паслужыць дапаможнай крыніцай для глыбокага разумення толькі канкрэтна-гістарычнага і агульначалавечага зместу твора.

Мастацкая творчасць выклікае эмацыянальныя перажыванні, прыносіць асалоду, фарміруе эстэтычны густ, уяўленні пра прыгожае жыццё і іншыя ідэалы. Разгляд літаратурнага твора вымагае эстэтычнага падыходу, г. зн. яго аналізу і ацэнкі з пазіцый мастацкай цэласнасці, вобразна-выяўленчай арыгінальнасці, асноўных эстэтычных катэгорый. Літаратура – спецыфічны від мастацтва, яе першаэлементам выступае слова, якое рэалізуецца ў мастацкі вобраз (канкрэтнае, адзінкавае і абагульненае, рацыянальнае і эмацыянальнае). Вось чаму слова становіцца аб’ектам павышанай цікаўнасці пры аналізе мастацкіх твораў. Мастацкі вобраз сінтэзуе ў сабе канкрэтнае, адзінкавае і абагульненае, рацыянальнае і эмацыянальнае.

Адной з умоў забеспячэння глыбокага вывучэння твора з’яўляецца арыентацыя настаўніка на прынцып аналізу мастацкіх з’яў у адзінстве іх зместу і формы. У працэсе аналізу літаратурных твораў разглядаюцца ўнутраныя (мастацкі сэнс, характары, абставіны і інш. ) і знешнія (арганізацыя тэксту, мовы і інш. ) кампаненты. Пад зместам мы разумеем тое, што адлюстроўвае пісьменнік, і тое, да якіх вывадаў ён падводзіць чытача паказам пэўных жыццёвых калізій. Змест твора знаходзіць сваё ўвасабленне ў форме, пад якой разумеюць пэўную сістэму мастацкіх сродкаў яго выяўлення. Змест і форма выступаюць як два бакі адной і той жа з’явы і пры аналізе твора трэба ўлічваць іх дыялектычнае адзінства. Яно выяўляецца ў тым, што састаўныя элементы зместу (праблематыка, тэма, ідэя) разглядаюцца не самі па сабе, а ў адзінстве з выяўленчымі сродкамі. У сваю чаргу ўвага да мастацкіх сродкаў пры вывучэнні твораў абумоўлена тым, што менавіта яны з’яўляюцца носьбітамі зместу. Задача настаўніка заключаецца ў тым, каб вучань авалодаў уменнем характарызаваць твор цэласна, у адзінстве яго зместу і формы. Азначаны прынцып вывучэння літаратуры не можа рэалізавацца без азнаямлення вучняў з тэарэтычнымі паняццямі, без ведання якіх нельга вырашыць адну з важнейшых мэтаў вывучэння літаратуры – выхаванне культуры чытання.

Важным прынцыпам, якога прытрымліваецца настаўнік пры выкладанні літаратуры, з’яўляецца прынцып гістарызму. Ажыццяўленне гэтага прынцыпу вымагае не толькі азнаямлення вучняў з творамі, але і далучэння іх да гісторыі літаратуры. Вучні павінны атрымаць агульнае ўяўленне пра развіццё беларускай літаратуры, яе ідэйна-эстэтычныя асновы, каб у свядомасці выпускнікоў школы беларускае і замежнае мастацтва не ўяўлялася як сума твораў, а каб яны ўсведамлялі літаратуру як цэласны працэс. Гісторыка-храналагічны прынцып выступае галоўным у пабудове зместу літаратурнай адукацыі на апошняй ступені навучання (ІХ – ХІ класы).

Выкарыстанне разгледжаных дыдактычных прынцыпаў залежыць ад многіх фактараў: узроставых асаблівасцей вучняў, іх падрыхтоўкі, тыпу навучальнай установы, нават ад канкрэтнай сітуацыі, якая складваецца на ўроку. Уменне правільна выбраць адзін з іх з’яўляецца паказчыкам прафесійнай падрыхтоўкі настаўніка.

Метады і прыёмы выкладання літаратуры. Разнастайныя прынцыпы класіфікацыі метадаў.

Метад – у самым агульным значэнні – “спосаб дасягнення мэты; сукупнасць вызначаных правілаў, прыёмаў, норм пазнання і дзеяння. Асноўная яго функцыя – арганізацыя і рэгуляцыя дзейнасці ў любой яе форме, а не толькі навуковай”. Метад – гэта “... сістэма паслядоўных узаемазвязаных дзеянняў настаўніка і вучняў, якія забяспечваюць засваенне зместу адукацыі. Метад навучання характарызуецца трыма прыкметамі: вызначае мэту навучання, спосаб засваення, характар узаемадзеяння спосабаў навучання”.

Метад навучання, па меркаванні В. Галубкова – “гэта такі спосаб навучання, які ўжываецца сістэматычна і аказвае вялікі ўплыў на агульны напрамак педагагічнай працы”. Рускі метадыст вызначыў тры асноўныя метады правядзення заняткаў па літаратуры: лекцыйны метад, які разумеецца як паведамленне новага матэрыялу, як выразнае чытанне і як слова настаўніка; метад літаратурнай гутаркі і метад самастойнай працы вучняў. Асновай гэтай класіфікацыі стала крыніца атрымання ведаў, прычым навуковец бачыць метады і прыёмы выкладання ў жывым працэсе, калі адзін і той жа спосаб працы можа быць або метадам, або прыёмам. Прыём, па меркаванні навукоўца, мае ў параўнанні з метадам больш абмежаванае ўжыванне і “звычайна ўваходзіць у метад як яго складнік”. Кожны метад рэалізуецца праз адпаведныя прыёмы.

На іншай аснове пабудавана класіфікацыя метадаў навучання літаратуры, створаная М. І. Кудрашовым. Ён абумоўлівае сістэму метадаў навучання логікай пазнавальнай дзейнасці вучняў і ступенню яе самастойнасці: творчага чытання, рэпрадуктыўны, эўрыстычны або часткова-пошукавы і даследчы.

Такім чынам, у методыцы навучання літаратуры (рускай і беларускай) найбольшае распаўсюджанне атрымалі дзве класіфікацыі метадаў і прыёмаў: 1) па крыніцы атрымання ведаў: славесныя (чытанне, пераказ, гутарка, лекцыя), наглядныя (ілюстрацыя, дэманстрацыя), практычныя (самастойная работа вучняў) метады; 2) па спецыфіцы ўнутранай сутнасці пазнавальнай дзейнасці вучняў і ступені іх самастойнасці (творчага чытання, рэпрадуктыўны, эўрыстычны, даследчы).

Разгледзім адзначаныя метады на канкрэтных прыкладах.

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...