Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Фунтикова Анастасия, Хлуденко Елена (Витебск, Малые Лётцы, Беларусь)




Сплюшык

 

У пакоі было шумна. Сям’я толькі прыехала ў вёску на канікулы. Тата сядзеў у фатэлі і чытаў нешта вельмі дарослае. Маці глядзела выпуск сваёй любімай перадачы. Ніхто нібы не заўважаў, што адбывалася на другім паверсе.

Пакой, у які пасялілі Алеся, Сафію і Янку, быў невялікі і пах старымі рэчамі. Ён не падабаўся нікому, але дзеці вырашылі не спрачацца. Хлопцы туліліся на цвёрдай канапе, а дзяўчынке дастаўся мяккі ложак з вельмі калючай коўдрай.

– Тата кажа, што я сільнейшы з вас! – крычаў Алесь.

– Але не разумнейшы, – з’едлева адказала яму Сафія.

У гэты час Янка круціўся на канапе, пытаючыся заснуць:

– Вы што, з глузду з’ехалі? Ужо амаль 10!

– Дзіцячы час скончыўся, маленькім трэба СПАЦЬ, – са здзекам адказаў яму Алесь. – Не перашкаджай дарослым!

На вочках Янкі з’явіліся слёзкі:

– Тата казаў, што сільнейшы той, хто больш за ўсіх спіць.

Сафійка ўсміхнулася. Пабачыўшы гэта, маленькі хлопчык заплакаў.

– Задаволена? – спытаўся у сястры Алесь.

***

У шафе, якая стаяла ў пакоі, было ціха. Маленькі Сплюшык вельмі любіў яе. І ў гэты вечар ён спадзяваўся павандраваць па Соннаму Каралеўству. Але штосьці пайшло не так.

Спачатку ён пачуў, шум ад машыны. Потым былі громкія галасы. Пасля гэтага – пах ежы. Гэта было дзіўна. А калі пачуліся гучныя галасы і пачалася сапраўдная сварка ў самім пакоі, тады Сплюшыку стала цікава.

***

Алесь крычаў, Янка плакаў, а Сафія глядзела, як дзверы шафы адчыняліся.

– Алесь, – прашаптала дзяўчынка, тузаючы брата за руку. – Паглядзі на шафу.

– Зноў мяне пужаеш? – з’едліва спытаўся Алесь.

Але ўсё ж азірнуўся. З цемры шафы выкацілася Нешта з жоўтымі вочкамі. Яно паднялося і зацікаўлена паглядзела на іх. Гэта быў невялікі фіялетавы камячак з маленькімі ручкамі і ножкамі. З галавы тырчалі тры антэнкі з сардэчкамі.

– Што тут адбываецца? – ціхім голасам спыталася Нешта.

– Ты хто? – ледзь прамармытаў Янка.

– Я Сплюшык! А вы хто такія? Я жыву тут ужо 20 год і ніколі не чуў такога шуму!

– Маці бы нам сказала пра такое, – абурыўся Алесь.

– Маці? Марыйка, штоль? Дык яна ніколі мяне не бачыла.

У гэты момант Сафійка заўважыла, як з шафы палілося фіялетавае святло. Сплюшык азірнуўся, схапіў Янку за руку і пабег у шафу. Астатнія дзеці паспяшаліся за імі.

***

Гэта была звычайная паляна дзьмухаўцоў. Але так здавалася толькі спачатку. На вялізных матылях сядзелі нейкія дзіўныя істоты. Яны былі падобныя на дзьмухаўцы, але з серабрыстымі вочкамі, стрункімі ручкамі і ножкамі. Яны бясконца пелі адну і тую ж песню:

 

Нам вельмі гарна жыць на гэтым полі,

Дзе можна разгуляцца на прасторы.

Заходы і світанкі сустракаючы,

Гасцей жаданых ветліва прымаючы.

Пачастуйце нас гарбатай з дзьмухаўцоў,

Мы захавальнікі вашых добрых сноў.

 

Дзеці разглядалі паляну і не верылі сваім вачам. Іх здзівіла неба: ружовае, з пералівамі залатога. Янка адразу пабег у кветкі, а Сплюшык за ім. Яны пачалі гуляць у даганялкі, весела смеючыся і не звяртаючы ўвагі на Алеся з Сафійкай.

Побач з імі прызямліліся некалькі матылёў з Дзьмухаўчатамі, якія выглядалі не вельмі задаволенымі:

– Па полю нельга бегаць без дазвалення!

– Як я мог запамятаваць! – стукнуў сябе па лбе Сплюшык. – Дзеці, цягніце дзьмухаўцы, будзем гарбату рабіць!

І яны хутка пабеглі збіраць кветкі.

– А як мы зробім гарбату без вады? – спытаўся Янка. – Гэта не магчыма, я ведаю!

– Моўчкі, – адказаў яму Сплюшык і аднекуль дастаў кацялок.

Ён паставіў яго перад дзецьмі, зняў з яго крышку, засыпаў кветачкі, і крышачка як зачараваная паляцела на месца. Праз некалькі імгненняў усе адчулі духмяны водар.

Сплюшык павёў рукой і перад ім з’явіліся празрыстыя кубачкі, а кацялок самастойна пачаў разліваць гарбату, якая паляцела ў рукі Дзьмухаўчатам. Зрабіўшы па глытку, яны хутка задрамалі.

– Я не буду гэта піць, прабачце, – дзеці здзіўлена паглядзелі на гэта і пайшлі далей.

***

– І што гэта было? – спыталася Сафійка, калі яны адышлі ад поля.

– Ну, Дзьмухаўчаты яны такія, – Сплюшык ішоў і перакідваў у ручках маленькі каменьчык. – Дарма вы не паспрабавалі гарбату, ад яе так салодка спіцца.

– Ты хацеў, каб мы ляглі спаць немаведама дзе? – раздражнёна спытаўся Алесь. – Мы можа і не выглядаем вельмі разумнымі, але…

– Цішэй, хлопчык, чаго ты такі нервовы? Мы вось да рэчкі падыйшлі. Глядзіце, якая прыгажосць.

Гэта было такое цудоўнае месца. Белая малочная рака, ад якой ішла пара, рамонкі цвілі паўсюль, дзіўныя птушкі нібы плылі, а не ляцелі ў гэтай смуге. Гэта было падобна на раніцу, калі ты толькі адчыняеш вочкі, а ўсё побач нібы шэпча табе: “Спі далей”.

Дзеці плюхнуліся на зямлю.

– Гэта, дзеці, самая смачная рака ў жыцці. – Сплюшык паглядзеў на іх. – Напэўна, гэта адзіная рака, якую можна паспрабаваць. Малочная рака.

– Пабеглі купацца!

– Не, тут нельга плаваць! – у апошні момант Сплюшык схапіў Янку за кашулю. – Гэта ж сырадой!

– Навошта патрэбна рака, у якой нельга купацца? – нахмурана спыталася Сафійка.

– Дык я ж казаў вам, яна СМАЧНАЯ! Яе патрэбна піць. Хто плавае ў малаке?

– Прабачце, – ціха сказаў Янка.

Сплюшык цяжка ўздыхнуў:

– Будзеце спрабаваць малако?

– Канешне! – хорам адказалі дзеці.

Сплюшык зноў павёў рукой і перад імі з’явіліся кубачкі. Яны самі паляцелі да ракі, набралі смачнага сырадоя і вярнуліся да кампаніі.

Дзеці з асцярожнасцю зрабілі па глыточку і іх павекі зрабіліся свінцовымі. Дзеці плюхнуліся на зямлю і салодка засапелі.

– Не прайшло і году, – Сплюшык задаволена паглядзеў на іх. – Нават не прыйшлося весці іх далей. А зараз і я змагу адпачыць.

Сплюшык лёг пад вярбой і салодка задрамаў. Там было ціха і спакойна.

***

– Соні, пара ўставаць, – ласкава сказала маці. – Там блінчыкі з дзьмухаўцовым варэннем і смачны сырадой.

Прачынацца было цяжка. Праз фіранкі прабіваліся праменьчыкі, і пыл у пакоі быў падобны на зарапад. І канапа ўжо здавалася самай мяккай ва ўсім свеце. І калючая коўдра нагадвала вялікую мяккую пярынку.

Дзеці прачнуліся нібы перапоўненыя нейкай невядомай сілай, нібы могуць зрабіць усё што заўгодна.

 “Доўгі сон – самы лепшы лекар ў свеце”, – заўсёды казаў тата.

 

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...