У рускай літаратурнай традыцыі
Вобраз вандроўніка атрымаў шырокае распаўсюджанне ў літаратурах многіх краін, прычым, як адзначалася, у розных літаратурах пераважае той ці іншы тып вандроўніка, абумоўлены гісторыяй, традыцыямі народа, асаблівасцямі яго культуры (у заходнееўрапейскіх літаратурах ― круцель, пілігрым, авантурыст, вучоны; у славянскіх літаратурах ― жабрак, старац, музыка, багамолец, манах-паломнік). Зразумела, што вобразы вандроўных герояў у беларускай і рускай літаратурах па сваім ідэйным змесце, тыпалогіі, мастацкай функцыі маюць шмат агульнага, але маюць і пэўныя адрозненні. У адрозненне ад еўрапейскіх герояў, «рускія імкнуцца зразумець жыццё не праз веды. Рускі ідэал — не фаўстаўская вучонасць, рускі ідэал — святасць, — сцвярджае К. Лявонцьеў. — Рускага чалавека бесперапынна хвалюе пытанне: як жыць праведным жыццём? Ён заўсёды заняты пошукам шляхоў да такога жыцця, таму часта ў рускай літаратуры сустракаецца вобраз стомленага жыццём вандроўніка, які шукае свабоду ў сваім блуканні і беднасці — бо «кожны, хто жыве на зямлі, ёсць вандроўнік» [38]. «Вандроўніцтва» — глыбінная рыса рускай натуры. Бераг ракі, мора, «край свету» заўсёды былі ў Расіі месцамі, куды імкнуўся народ. Правобраз рускага духоўнага вандроўніка ўзнік у «смутны час» (канец XVI — пачатак XVII стагоддзя) на глебе татальнага пашырэння вандроўніцтва па ўсёй Расіі. У адрозненне ад заходнееўрапейскага героя, у яго дамінуе пачуццё безвыходнасці, выключанасці з гісторыі. Блуканне такога «адшчапенца» вымушанае і не мае на мэце гераічных подзвігаў [38]. Пашырэнне вандроўніцтва ў Расіі ў час і пасля праўлення Пятра І мае свае гістарычныя прычыны. Пастулаты старога ўкладу жыцця былі падарваны рэформамі. Патрыярхальныя традыцыі аслаблі, а новыя яшчэ не былі сфарміраваны. П. Чаадаеў у «Філасофскіх пісьмах» звяртаў увагу на ўнутраны стан гістарычнай беспрытульнасці ў рускіх: «Паглядзіце вакол сябе. Ці не здаецца, што ўсім нам не сядзіцца на месцы? Мы ўсе маем выгляд вандроўнікаў. Ні ў кога няма пэўнай сферы існавання, не патрэбны добрыя звычкі, ні для чаго няма правілаў; няма нават пачуцця дому; няма нічога, што прывязвала б і абуджала ў вас сімпатыю ці любоў, нічога трывалага; усё сыходзіць, не пакідаючы і следу ні вонкі, ні ўнутры нас. У сваіх дамах мы быццам на прыпынку, у сям’і маем выгляд чужаземцаў, у гарадах мы здаёмся качэўнікамі, і нават больш, чым качэўнікі, якія пасвяць свае статкі ў нашых стэпах, бо яны мацней прывязаны да сваіх пустыняў, чым мы да нашых гарадоў» [38].
Рускі тып вандроўніка пасля праўлення Пятра І укараніўся не толькі ў мужыцкім асяроддзі (беднякі-валацугі, адшчапенцы-выгнаннікі, юродзівыя бадзягі), але і ў жыцці арыстакратычнай і разначыннай інтэлігенцыі (вандроўнікі-багамольцы, богашукальнікі, паломнікі); другая палова XVIII стагоддзя ў Расіі была часам пачатку богашукальніцтва ў арыстакратычных колах [38]. Рускі вандроўнік з’яўляецца своеасаблівай усходняй мадыфікацыяй еўрапейскага вандроўніка, але з рускай душой і рускім мясцовым каларытам. У першай палове XIX стагоддзя для рускай літаратуры характэрны тып вандроўніка, дзейнага па натуры, але надламанага. Ён бяжыць на Каўказ, да цыганаў (як пушкінскі Алека), чаркесаў, казакоў. Ён бяжыць з горада, імкнецца знікнуць, схавацца ад цывілізацыі, як істота, якая не знайшла сабе карыснай справы. Гэты тып уцекача, адшчапенца, вандроўніка у вялікай колькасці варыянтаў з’яўляецца ў рускай літаратуры. Адчуванне стану гістарычнай беспрытульнасці прывяло да нараджэння трох характэрных тыпаў душэўнага складу героя: пушкінскага рамантычнага, лермантаўскага дэманічнага і гогалеўскага гратэскнага (лічыцца, што апошні ―мадыфікацыядэманічнага тыпа) [38].
Пачуццё гістарычнай бяздомнасці ў інтэлектуальных герояў рускіх раманаў канца XIX стагоддзя часта ўскладняецца трагізмам трансцэндэнтальнай беспрытульнасці, звязанай са стратай Бога. Рускіх пісьменнікаў у першую чаргу хвалюе пытанне: які хаатычны будзе свет, калі знішчыць Бога са светапогляду і светаразумення, як прапанаваў гэта Ніцшэ? «Пад пустым, астранамічным небам у людзей заканамерна прачнецца пачуццё адзіноты і богазабытасці. Да гэтага часу мы ўсе каштоўнасці зводзілі да Хрыста як каштоўнасці абсалютнай. Пасля знішчэння Яго са светабудовы што мы паставім замест Яго? Няўжо сябе, калі мы такія агідныя?» — пісаў Ф. М. Дастаеўскі [38]. У фармулёўцы пытання адчуваецца крытыка скептыцызму Асветніцтва, якое паставіла ў цэнтр светабудовы чалавека і ўсемагутнасць розуму. Рускія пісьменнікі жадалі ўзнавіць былую ролю рэлігіі, якую яна страціла ў выніку распаўсюджання асветніцкіх ідэй. «Раман XIX стагоддзя вяртаецца да хрысціянскіх традыцый, робіцца тэургічным», — адзначае Г. П. Фядотаў [38]. Лепшыя яго героі змагаюцца, аднак, за дасягненне не толькі «асабістай святасці, але і грамадскай справядлівасці». Таму ў літаратуры з’яўляецца шмат вобразаў, у якія ўкладаецца і пэўнае рэлігійнае, маральнае гучанне. На працягу стагоддзяў у рускай літаратуры існаваў жанр «раман-вандроўніцтва». Пазней этнаграфічны дарожны дзённік далучыўся да багатых традыцый псіхалагічнага рамана. Рускія пісьменнікі другой паловы XIX стагоддзя выкарыстоўвалі ўсё, што назапасілася ў гэтым жанры, пачынаючы з «круцельскіх» раманаў Чулкова і Нарэжнага, працягваючы вандраваннем Радзішчава, пошукамі пушкінскага Анегіна, дарожным дзённікам Пячорына і прыгодамі Чычыкава. З’яўляюцца героі, якія не толькі змяняюць месцы тапаграфічна, а самі змяняюцца маральна (Раскольнікаў, Дзмітрый Карамазаў, Няхлюдаў). Мэта і кірунак іх вандраванняў іншыя. Ф. Дастаеўскі і Л. Талстой раскрываюць некалькі этапаў пазнання ісціны сваімі вандроўнікамі, прычым кожны этап утрымлівае моманты асэнсавання памылак і прыходу да новай праўды. Вандраванне паломніка набывае характар пакаяння. Героі рускіх раманаў выпраўляюцца ў дарогу грэшнымі, даходзячы да Сібіры праведнымі людзьмі. У душы кожнага паломніка павінна разыгрывацца ісусаўская драма сусветнага маштабу. Згодна рэлігійнай традыцыі, неспакойнымі ў рухах прынята было паказваць людзей грэшных, мітуслівых. Святыя былі супакойлівымі і нерухомымі. Таму ў жыціях святых звычайна адсутнічае апісанне шляху, які прывёў іх да святасці. Лічылася, што грэшны чалавек павінен прайсці праз пакуты і страты, каб атрымаць як дар спакойнае шчасце; павінен перамагчы розныя цяжкасці і перашкоды, што сімвалізуюць пачуццёвую прыроду чалавека, для таго, каб магла ўваскрэснуць прырода духоўная. «Бяздомны круцель толькі бадзяецца па свеце ― духоўны вандроўнік ідзе па шляху да Нябеснага Чалавека» [38].
Адным з найбольш яркіх тыпаў вобраза манаха-паломніка з’яўляецца вобраз Івана Флягіна з аповесці М. С. Ляскова «Очарованный странник». Галоўны герой прайшоў шэраг жыццёвых выпрабаванняў, але свайго лёсу не пазбегнуў («вымалены» і «абяцаны Богу» сын). Уся аповесць пранізана хрысціянскімі матывамі і сімволікай. Сам аповед жыцця «волата-чарнарызца» пачынаецца з размовы аб царкоўных правілах, згодна з якімі забараняецца маліцца за душы самагубцаў. Іван Флягін (Галаван) уключаецца ў размову і паведамяе сваю гісторыю сыходу ў манастыр. Падлеткам ён выпадкова забівае манаха. Уночы да яго прыходзіць прывід забітага і прарочыць: «А вось табе знаменне, што будзеш ты шмат разоў гінуць і ні разу не загінеш, пакуль прыйдзе твая сапраўдная пагібель, і тады ты згадаешь матчына абяцанне за цябе і пойдзеш у чарнарызцы» [22, с. 20]. Прароцтва здзейснілася. Вобразы і думкі, звязаныя з хрысціянскімі каштоўнасцямі, з’яўляюцца ў Івана яшчэ ў свецкім жыцці. У час вымушанага знаходжання ў татарскіх стэпах падаюцца яму такія вобразы: «…Глядзіш сам не ведаеш куды, і раптам перад табою акрэсліцца манастыр ці храм, і ўспомніш хрышчоную зямлю і заплачаш» [22, с. 53]. Усё, што мае сувязь з царквой, Хрыстом і хрысціянскімі святымі, асацыіруецца ў вандроўніка з радзімай, асабліва далёка ад яе: «Як ты можаш на Мікалая Цудатворцу не спадзявацца і яму, рускаму, толькі дзве грыўны, а сваёй мардоўскай Керамеці паганай цэлага бычка! Ідзі прэч… я з табою не паеду, калі ты гэтак Мікалая Цудатворцу не паважаеш» [22, с. 65]. І як бы Іван Флягін ні сцвярджаў, што не верыць у дапамогу малітвы, у момант моцнага душэўнага хвалявання ён ёю карыстаецца: «Я ад жаху ледзь на зямлю не ўпаў, але прытомнасці зусім не страціў… Я стварыў у галаве малітву, і што ж? ― бачу перад сваім тварам якраз твар Грушы …» [22, с. 109].
Флягін звязвае сваё жыццё з манастыром, праўдзячы прароцтва, і гэтым быццам замыкае шэраг сваіх няшчасцяў: «…так я ўзяў і пайшоў у манастыр» [22, с. 122]. Там ён знаходзіць супакой, адкрывае ў сабе дар празарліўца, робіць прароцтвы, якія суняць не можа нават абраз «Святое маўчанне». Герой прадказвае хуткую вайну і рыхтуецца аддаць у ёй жыццё за свой народ, перад гэтым выпраўляючыся на маленне ў Салаўкі і Саватыю. Апошні факт пацвярджае ў яго характары жыццёвую неабходнасць вандроўніцтва (ігумен раіць адпусціць яго: «…праганіце яго куды-небудзь далей выбегацца, можа, засядзеўся ён на месцы…» [22, с. 129]). Звернемся яшчэ да аднаго вобраза рускай літаратуры, створанага М. Горкім. Вандроўнік Лука з п’есы «На дне» ― носьбіт шэрагу супярэчнасцей, галоўная з якіх палягае ў наступнай дылеме: ён праведнік ці прыстасаванец? У адрозненне ад старцаў-багамольцаў, Лука ні за каго не моліцца, а Бога часцей за ўсё згадвае ў бытавых момантах, з выпадку, у нейкай нечаканай сітуацыі (калі яго амаль не прыдушылі ў момант падслухоўвання): «Я… я самы… О госпадзі Ісусе Хрысце!» [11, с. 34]; у ходзе размовы: «Праўда, мілы! Дай табе госпадзі… дапамажы табе Хрыстос!» [11, с. 44]. Герой сам прызнаецца падчас свайго аповеду аб праведнай зямлі, што «не заўсёды праўдай душу вылечыш» [11, с. 43]. Імя героя можа ўказваць на яго амбівалентную сутнасць, акцэнтуючы, з аднаго боку, святасць, а з другога ― на роднасную семантыку з рускім словам «лукавый». І ўсё ж такі пэўная доля філасофскай і хрысціянскай праўды ў яго словах ёсць: «Усе, значыць, роўныя…» [11, с. 18], «Ён [чалавек] ― які ні ёсць ― а заўсёды мае сваю каштоўнасць…» [11, с. 23], «Я толькі кажу, што, калі хто каму дабра не ўчыніў, той і дрэнна зрабіў…» [11, с. 30], «У што верыш, тое і ёсць…» [11, с. 31], «Любіць – жывых трэба…» [11, с. 36], «Астрог добраму не навучыць, і Сібір не навучыць… а чалавек – навучыць… так! Чалавек можа дабру навучыць… вельмі лёгка!» [11, с. 42], «Хто шукае – знойдзе» [11, с. 44]. Такім чынам, характэрнымі рысамі вандроўніка ў творах рускай літаратуры выступаюць праўдашукальніцтва, асэнсаванне жыцця праз святасць, імкненне да асабістай свабоды; звычайна праз вандраванне рускі герой унутрана самаўдасканальваецца (грэшнік у выніку вандроўніцтва, паломніцтва становіцца на шлях выпраўлення). Акрамя таго, праз вобразы вандроўных герояў нярэдка па-мастацку транслююцца грамадскія заганы і рознага роду адхіленні ў маральным стане асобы і грамадства.
ГЛАВА 2 МАСТАЦКАЯ КАНЦЭПЦЫЯ ВОБРАЗА ВАНДРОЎНІКА Ў ЛІТАРАТУРЫ ХХ СТАГОДДЗЯ 2.1 Метафара шляху і вандроўныя героі ў творах Янкі Купалы Першымкласікам ХХ стагоддзя, на думку У. Конана, з’яўляецца Янка Купала. «Янка Купала не толькі літаратар. Ён ― адзін з творцаў беларускай нацыі, бо ў ім з найбольшай паўнатой выявіўся беларускі культурны тып, нацыянальная ідэя-мара, урэшце, беларуская ментальнасць» [17, с. 289]. Варта разгледзець выяўленне метафары шляху, сацыяльны змест і эстэтычную значнасць вобразаў вандроўных герояў на прыкладзе твораў нашага класіка, кіруючыся перадусім тым, што калі ведаеш творы Я. Купалы ― ведаеш усё пра беларусаў. У творчасці Я. Купалы вершаў, якія толькі ў загалоўку ўтрымліваюць канцэпт шляху ці дарогі, назбіраецца на добрую паэтычную кнігу, а адзін са зборнікаў мае назву «Шляхам жыцця». Выбіраючы загаловак, Купала, відаць, не мог прадбачыць, што ў канчатковым выніку тэма шляху і матыў шляху атрымаюць далёка не адназначнае творчае вырашэнне. «Матыў шляху як феномен, што актуалізуе пошукавы кампанент сэнсаў, выступае ў Купалы аптымістычнай дамінантай, стаічнага, часам нават заклікавага эмацыйнага патэнцыялу, у той час як тэма шляху як абагульненасць сэнсаў спыненых замірае на выключнай мінорнай ноце і нават ноце чалавечай і грамадзянскай безнадзейнасці» [12, с. 188]. Так, у вершы «Перад будучыняй» шлях паўстае жабрацкім, па якім брыдуць, абапіраючыся на кій, сляпыя падарожныя: «Аграбленыя з гонару й кашулі, // З свайго прыпынку выгнаныя вон, // Мы дзякуем, што торбы апранулі // На нас ды з нашых нітак-валакон. // З кійком жабрачым так мы, паўналеткі, // Брыдзём, паўзём у свет ― скрозь неўпапад. // І прысягаем, клічам Бога ў сведкі, // Што мы ― не мы, што нехта вінават…» [42]. У нашаніўскай паэзіі Я. Купалы міфалагема шляху рэалізуецца ў вобразах сцежкі, дарогі, гасцінца, пуцявіны, следу, Млечнага Шляху. З імі ў гэты перыяд звязаны вобразы вандроўнікаў, матывы беззямельнасці, бездарожжа, блукання (вершы «Беззямельныя», «Старцы», «Прарок», «Чатыры крыжы» і інш.). У вершы «Па жыццёвай пуцявіне» вобраз пуцявіны сімвалізуе лёс чалавека ад нараджэння да смерці (такі ж вобраз дарогі і ў вершы «З песень жыцця»), услед за чалавекам нядоля гоніць бяду, якая насылае слёзы, жаль: «Па жыццёвай па цярністай // Пуцявіне йду, // А за мной мая нядоля // Гоне ўслед бяду. // Бяда чорная такая // Сунецца, бяжыць, // Слёзы, жаласць насылае // Аж трудненька жыць» [43]. Вобраз вандроўніка, паводле Я. Купалы, гэта вобраз чалавека, які ў выпрабаваннях спасцігае жыццё. Падарожны ў вершы «Чатыры крыжы» зведаў і горыч разлукі з роднай зямлёй («…Пакланіўся, памаліўся, // Выплеўся за вёску. // На мяжу, як сноп, зваліўся // Пад крывой бярозкай. // Паліліся самі слёзы, // Хоць даўно не плакаў… // Ўстаў, пайшоў, я не цвярозы, // Далей, небарака…»), і пакуты, і выпрабаванні ў чужым краі («…Смоллю вецер лез у вочы, // Хмары палівалі; // Пушча страшыла уночы // Людзі ўдзень чапалі…»), і новую няпэўнасць у час вяртання – усведамленне страты блізкіх і родных людзей («Да сваёй даплёўся вёскі // І… пляцецца далей, // Дзе магілкі, дзе бярозкі // Ля крыжоў стаялі. // Тры крыжы там небарака // Новенькія ўбачыў… // Сеў пад імі і заплакаў ― // Па сваіх няйначай»). У выніку ад перажытага герой сам гіне: «Першы ― маткі, другі ― таткі, // Трэці ― Паланеі… // Ў месяц стаў яшчэ адзін крыж // На магільнай кнеі» [44]. Вандроўнікамі становяцца і людзі, выгнаныя з хаты, якія не маюць сваёй зямлі (вершы «З песень беззямельнага», «Беззямельныя»): «Крывавім сцежкі мы слязьмі, // Увесь свет для нас магільным сном». У вершы «З дарогі» Я. Купала стварыў вобраз вандроўніка-падарожнага, бедака, які быў вымушаны пакінуць «хату, і бацьку, і матку, і жонку… і дзетак маленькіх». У фінале жыцця «на кій абапёрты, стары і абдзёрты…» вяртаецца ён на радзіму, каб «пабачыць сваіх», але ў роднай хаце не знаходзіць сваёй сям’і: «Заплакаў нябожа і глянуць не можа: // Чужыя ужо там былі!» [45]. У вершы Я. Купалы «Прарок» паўстае духоўная трагедыя пасіянарнай асобы: «Сярод маны, сярод насмешкаў, // Знак нейкі тулячы к грудзям, // Ішоў прарок пясчанай сцежкай // З навукай новаю к людзям» [18, с. 195]. Герой апелюе да слаўных гістарычных дзеяў: «Глядзіце: прадзедавы косці // Ў зямлю калісь за вас ляглі, // А вы, як збэшчаныя госці, // Пракляццем сталі той зямлі»; звяртаецца да культурных каштоўнасцей: «Дзе вашы песні жыватворны? // Дзе ў вас прарокі й дудары, // Што над пагібельнасцю чорнай // Віталі б полымем зары» [18, с. 196]; заклікае суайчыннікаў паверыць у сваю сілу: «Назло крывавым перашкодам // Скідайце ёрмы, клічце сход, // І дайце знаць другім народам, // Які вы сільны йшчэ народ!». Але людзі не адгукаюцца на шчыры заклік: «Па колькі ж нам дасі чырвонцаў, // Калі мы пойдзем за табой?..» [18, с. 197]. З вобразам блукання звязаны таксама вобразы старцаў, жабракоў. Як заўважае А. Я. Ленсу, у даўнія часы людзі шанавалі старцаў: «Беларускія старцы мелі сваё самакіраванне… сваіх настаўнікаў (майстроў), якія вучылі навічкоў спеву песень і малітваў… Але ў канцы ХІХ стагоддзя, калі пад прыгнётам капіталістычных адносін, якія развіваліся і рушылі ў беларускай вёсцы асновы патрыярхальнага быту, пачало выраджацца і старцаванне. Старцы ператварыліся ў звычайных жабракоў, у іх асяроддзе ўліваўся авантурыстычны элемент, словам, гэта была ўжо маса басоты… з характэрным для гэтага асяроддзя маральным разлажэннем» [21, с. 111]. Вандроўныя старцы, як ужо адзначалася, звычайна выступаюць заступнікамі духоўнасці, носьбітамі мудрасці, маральнага дабрабыту людзей. Такі вобраз створаны Я. Купалам ў драме «Раскіданае гняздо». У вершы ж «Старцы» паэт перадае з’яву знешняга прыпадабнення да такога стану (як гэта робіць жабрак у паэме Я. Коласа «Сымон-музыка»). Героі Купалавага верша зарабляюць на кірмашы. Аўтар падкрэслівае непрывабнасць не толькі знешнасці, а і паводзін герояў: «Быццам горбы, іхні торбы // Выдаюць парад; // На кірмашы старцы нашы // Садзяцца ў рад. // Кожны прэцца ў лепша мейсца…» [46]. Іх маленне «за змарлыя, за жывыя // Душкі, за жыццё, // За скацінку, за збажынку // І за ўсё, за ўсё…» з’яўляецца толькі знешнім атрыбутам, бо думкі герояў на самай справе аб іншым: «Гэй, малітвам, быццам бітвам, // Стар’ё аддалось, // А з-пад воку глядзяць к боку, // Ці дадуць хто штось…» [46]. Пэўны гістарычны час і сацыяльна-грамадскія ўмовы стварылі і такую сацыяльную групу вандроўнікаў, што знайшло выяўленне ў мастацкім паказе Я. Купалы. Як ужо адзначалася, матыў шляху можа перадаваць разнастайныя сэнсы: вандраванне, дарога, чалавечае жыццё, а таксама выбар. Праблема выбару перад чалавекам паўстала з часоў, калі на Зямлі з’явіўся сам чалавек. Найчасцей чалавеку прыходзілася выбіраць паміж дабром і злом. Прыярытэтным накірункам для літаратуры з высокім узроўнем псіхалагізму з’яўляецца паказ выбару чалавекам менавіта жыццёвых шляхоў і духоўных арыенціраў. Я. Купала ў сваёй творчасці неаднойчы звяртаўся да асэнсавання гэтай праблемы, але найбольш ярка і нестандартна яна вырашаецца ў драме «Раскіданае гняздо» [30, с. 165]. І. В. Жук, разглядаючы на прыкладзе дадзенай п’есы сутнасць ініцыятыўнай метафары шляху, адзначае, што звыклая трохступенная структура матыву «страта – пошук – набытак» скарочана тут да двухступеннай «страта ― пошук» пры моцнай сэнсавай акцэнтацыі на першай, пачатковай ступені [12, с. 207]. Ант. Адамовіч адзначае, што праз вобразы дзеючых асоб у адпаведнасці з іх характарам і значэннем аўтар паказвае тры галоўныя шляхі выхаду з «раскіданасці». Так, Лявон Зяблік рэпрэзентуе сабою выхад з жыцця ў смерць праз самагубства; Старац ― выхад з жыцця ў жыццё, якое прымае ў яго усеахопнасці, выхад праз вандраванне «з свету ў свет», як сам ён кажа, праз старцаванне, але «без лішняй жабрацкай жаласлівасці»; Незнаёмы ― выхад праз «вялікі сход» ― усенароднае паўстанне, нацыянальную рэвалюцыю, што і мусіць вярнуць ужо не проста кавалак зямлі гэтай сям’і, а цэлую бацькаўшчыну ўсяму «раскіданаму народу» [2, с. 428]. Усе гэтыя выхады пералічваюцца ў рытарычна-пытальнай форме і ў вершы «Над Свіслаччу» са зборніка «Шляхам жыцця»: «Сам сабой не знаеш, што рабіць, // Як жыць… ці сніць, // Ці пайсці гасцінцам долі ў свет шукаць, // Ці рачцэ, русалкам галаву аддаць» [2, с. 428 ― 429]. Архетыпавы вобраз вандроўніка (старца, багамольца) традыцыйна звязваецца з такой ментальнай характарыстыкай, як мудрасць ― шляхі або спосабы, праз якія чалавек можа лепш пражыць сваё жыццё, засцерагаючы яго ад небяспекі і разбурэнняў, абараняючы яго ад памылак і выраджэння, робячы яго абачлівым адносна падманлівых ілюзій… [1, с. 7 ― 8]. Мудрасць адкрывала рэчы такімі, якія яны ёсць, тым самым засцерагаючы чалавека ад дрэнных учынкаў, узмацняючы яго здольнасць да маральнага выбару як знаку годнасці, што і вылучае чалавека з шэрагу іншых жывых істот. І калі ў старажытнасці мудрасць увасаблялася ў постацях мысляроў, якія тым ці іншым спосабам адыходзілі ад штодзённай мітусні свету, то старац-вандроўнік у беларускай літаратуры ― гэта не той, хто ізаляваў сябе ва ўяўнай дасканаласці, а «той, хто жыве сярод іншых, рэалізуючы пэўную ступень згоды і чалавечай сімпатыі, якая робіць яго ўраўнаважаным і спакойным» [1, с. 9]. Вобраз жабрацтва шматзначны, дапускае розныя трактоўкі. На думку П. В. Васючэнкі, жабрацтва ― гэта асаблівы сацыяльны, духоўны, псіхалагічны стан, які ў кантэксце Купалавага твора звязаны не толькі з вобразамі парадку «хата – шлях», але і з стасункамі Маладой і Старой Беларусі. Жабрацтва тут не выглядае як суцэльнае прыніжэнне; у нечым яно якраз сімвалізуе разняволенасць, выратаванне ад страху страціць сваё жытло, працу, кавалак хлеба, пад час якога духоўныя сілы чалавека могуць скіроўвацца да іншых, ідэальных субстанцый. Вось чаму Старац ідэалізуе сваё становішча жабрака, вечнага вандроўніка: «Там добра дзе нас няма. Але мне ў маім жабрачым палажэнні ўсюды някепска. Што мне там, сынку, нягоднага быць можа?... Цэлы свет ― хата мая, усе людзі ― радня мая, уся зямелька ― поле маё роднае…» [6, с. 130]. Старац з’яўляецца на спустошанае сямейнае гняздо Зяблікаў як сімвал старой, патрыярхальнай Беларусі. «Старац – купалаўскае ўвасабленне адвечнай мудрасці і духоўнай сілы народа, народнага аптымізму, веры ў перамены» [23, с. 201], гэта асабліва відаць пры супастаўленні вобразаў Старца і Незнаёмага. Агульнае ў гэтых герояў тое, што яны прыносяць навіны, звесткі аб грамадскіх працэсах, аб усім, што адбываецца за межамі хаты Зяблікаў; увогуле адсутнасць у іх імёнаў робіць вобразы сімвалічнымі. Але даследчыкі літаратуры сыходзяцца ў тым, што Незнаёмы ― «вобраз умоўны, абстрагаванае выражэнне рэвалюцыйнай ідэі», «ён створаны выключна прыёмамі сімволіка-рамантычнага пісьма, без псіхалагічнай дэталізацыі, гэта своеасаблівы рупар аўтарскіх ідэй» [34, с. 152]. У адрозненне ад Незнаёмага, Старац рэпрэзентаваны ў драме як жывы, рэальны чалавек. Старцаў выхад (выхад «з жыцця ў жыццё», паводле Ант. Адамовіча) прымаецца большасцю герояў драмы ― ад найстарэйшай Марылі і да поўнасцю яшчэ залежных ад маткі малодшых дзяцей. Выхад Незнаёмага (выхад праз «вялікі сход») прымаецца Сымонам і Зоськай. У фінале п’есы персанажы разыходзяцца па гэтых двух шляхах пры праракуючых словах аб зыходжанні-сустрэчы гэтых шляхоў у будучыні; аўтар пакідае аднак адкрытым, на якім грунце адбудзецца гэтая сустрэча ― «ці на старацкім вандравальным, ці на грунце «вялікага сходу» [2, с. 429]. Такая складаная пастаноўка праблемы выбару далейшага жыцця і асабістых жыццёвых дарог і грамадскага развіцця цалкам адпавядала канкрэтным гістарычным рэаліям, дамінантным у якіх было нацыянальнае, культурнае, эканамічнае адраджэнне Беларусі на фоне пераацэнкі спрадвечных духоўных каштоўнасцей, нярэдка ў бок духоўнай дэградацыі. Таму тэма «раскіданага гнязда» ніяк не абмяжоўваецца сацыяльнай праблематыкай, калі пакрыўджаным застаецца самы абяздолены і безабаронны чалавек працы. Я. Купала закрануў глыбінную праблему маральнай катастрофы, дзе раскіданымі сталі хрысціянскія каштоўнасці [30, с. 169]. У п’есе яны транслююцца аўтарам праз вобраз Старца. Старац ― чалавек з шырокімі поглядамі, які добра ведае жыццё народа, яго думкі і спадзяванні. Мова яго насычана размоўна-бытавой лексікай, але не пазбаўлена годнасці; у ёй шмат прыказак, якія зберагаюць мудрасць народа («Свайго не меўшы ― трэба легчы спаць не не еўшы», «Там добра, дзе нас няма», «Заўсёды бяда бяду вядзе»,«Чалавек страляе, а чорт кулю носіць» [19, с. 346 ― 347]. Старац не скарыўся свайму лёсу, калі зрабіўся жабраком, а заклікае ніколі не здавацца: «Ганьба таму чалавеку, што рукі апусціць, як перавяслы, і чакае, пакуль сама доля к яму прыйдзе ў хату і папросіцца, каб прыняў яе з ласкі свае! Ганьба таму, хто, вочы на ўсё заплюшчыўшы, будзе ісці ўцёртай здавён сцежкай няпраўды і бяспраўя, думаючы, што іначай быць ніколі не можа і што не ў яго волі змяніць стары парадак бессумленнага жыцця! Ганьба таму…» [19, с. 403]. Ён тонка адчувае надыход змен у жыцці грамадства: «Цяпер такі на свеце між людзьмі несупакой расце, што не дай ты божачка!» [19, с. 403]. Старац не з’яўляецца прыкладам акамянелай традыцыйнасці,прыхільнікам старога жыццёвага ўкладу, а разважае і аб сучаснасці: «Слабы сталі цяперашнія людзі: кепскія вочы маюць, каб усё як належыцца бачыць імі, кепскія вушы маюць, каб кожны шорах пачуць і згадаць, адкуль вецер прыхільны вее, і кепскі розум маюць, каб ім раскумекаць усё чыста, дзе дабро іх чакае, а дзе зло» [19, с. 401]. Ён суадносіць свой жыццёвы вопыт, мудрасць народа з сучаснасцю і паказвае, які шлях трэба выбраць. Характэрная кампазіцыйная асаблівасць п’есы ― час паяўлення Старца на сцэне: цяжкае чаканне Зяблікамі выгнання ў пачатку п’есы і поўная страта надзей на будучыню ў канцы. З’яўляючыся ў пераломныя быццёвыя моманты, Старац набывае рысы прарока. Ён месцамі і гаворыць неакрэслена, загадкава, быццам прарочыць: «Але прыйшла пара, выбіла такая шчасная і няшчасная гадзіна, і прабудзілася ў яго думка вялікая, важная…» [19, с. 403]. Паказальна, напрыклад, тое, што ў заключнай рэмарцы адзначаецца: «Старац (не галоўная дзеючая асоба! ― Н. З.) ідзе наперад, за ім… (усе астатнія – Н. З.)». Пры з’яўленні ў сцэнічным дзеянні купалаўскі Старац вітаецца з усімі словамі «Слава Хрысту, добрыя людзі!», а ў фінале сцвярджае: «Святую песню хоць калі не грэх запець» [19, с. 407]. Пры гэтым у рэмарцы ўказваецца: «Усе пяюць «Лазара». Фалькларыст Е. Раманаў адзначаў у канцы XIX стагоддзя: «Лазар бедны шырока распаўсюджаны на Беларусі, яго спяваюць не толькі старцы, але і ўсе прыгнечаныя і пакрыўджаныя. Здаецца, беларус не супраць таго, каб бачыць у бедным Лазары самога сябе» [17, с. 504]. І вызначаная вышэй кампазіцыйная роля вобраза Старца ў п’есе, і сам онім, абраны аўтарам, паводзіны і словы героя надаюць купалаўскаму Старцу рысы евангельскага прапаведніка і лірніка ― вандроўнага народнага песняра (іх у народзе таксама называлі старцамі). Можна сцвярджаць, што вобразу старца, як аднаму з самых пашыраных тыпаў вандроўніка, належыць асаблівае месца ў сацыякультурнай прасторы Беларусі, што не пакінуў без сваёй увагі Я. Купала, наш нацыянальны класік. Такім чынам, матыў шляху, дарогі перадае як і ў паэзіі, так і ў драматургіі Я. Купалы розныя значэнні, ідэйнае выражэнне, рэпрэзентуе розныя экзістэнцыйныя пазіцыі: гэта і жыццёвыя выпрабаванні, якія неабходна пераадольваць, і значны, пераломны выбар у жыцці, і вызначэнне лёсу. Шлях у Я. Купалы нярэдка азначае спосаб выхаду з пэўнай сітуацыі (смерць, паўстанне, пошукі лепшага жыцця праз вандраванне). Адпаведна і вобразы, якія звязаны са шляхам, нясуць у сабе шмат трактовак і канатацый, часцей за ўсё яны гэта пераадоленне цяжкасцей, выпрабаванні асобы неспагадлівым светам, сцвярджэнне культурных і духоўных каштоўнасцей. Найбольш распаўсюджанымі вобразамі вандроўных герояў у творчасці Я. Купалы з’яўляюцца старац і жабрак, якія звычайна ўвасабляюць станоўчыя маральныя якасці або ў пэўнай мадыфікацыі могуць выкрываць адхіленні ад прынятых норм культуры і этыкі, грамадскія заганы. У паэзіі Я. Купалы міфалагема шляху рэалізуецца звычайна ў вобразах сцежкі, дарогі, гасцінца, пуцявіны, следу, з імі звязаны матыў беззямельнасці, блукання. Шлях злучае ў сабе як мінулае і сучаснасць, так і веру ў лепшую будучыню. Маштабнасць і эстэтычнае багацце матыву шляху і абумоўленых ім вобразаў у мастацкай спадчыне Я. Купалы надаюць ім значэнне нацыятворчых.
2.2 Канцэптуальная разнастайнасць тыпаў вандроўнікаў
Читайте также: V. Функцыянальныя стылі беларускай Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|