Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Вучань як чытач. Асаблівасці ўспрымання школьнікамі мастацкіх твораў на розных узроставых ступенях.




Сістэматызуючым стрыжнем узроставай адметнасці, якую ў першую чаргу, плануючы вучэбны працэс, неабходна ўлічваць настаўніку, з’яўляюцца наступныя паказчыкі:

· эмацыйнае жыццё,

· сацыяльныя пачуцці ў дзіцяці,

· эстэтычнае жыццё школьніка,

· рэлігійнае жыццё,

· развіццё інтэлекту,

· спецыфіка мыслення.

Пры дадзеным новым напаўненні традыцыйным застаўся падзел падлеткаў на ўзроставыя групы. Гэта:

1) малодшы падлеткавы ўзрост (10 – 12 гадоў),

2) старэйшы падлеткавы ўзрост (13 – 15 гадоў),

3) старэйшы школьны ўзрост: ранняе юнацтва (16 – 18 гадоў).

Адразу агаворымся, што падзел падлеткаў на ўзроставыя групы ў пэўнай меры ўмоўны, паколькі развіццё асобы залежыць ад розных фактараў і вельмі індывідуальнае. Даволі часта ў адной і той жа ўзроставай групе можна сустрэць вучняў з вельмі рознымі ўзроўнямі псіхалагічнага развіцця ў цэлым і ў яго межах – літаратурнага: некаторыя школьнікі апярэджваюць сваіх аднагодкаў на 1-2 гады, другія – наадварот, адстаюць. Аднак пры ўсёй адноснасці ўзроставых характарыстык, у вучняў аднаго ўзросту вельмі многа агульнага. На гэтых агульных тэндэнцыях мы і спынімся больш падрабязна.

Першая група (малодшы падлеткавы ўзрост), вучні 5-7 класаў народ энергічны, рухавы. Падлеткі ў гэтым узросце звычайна лічаць сябе людзьмі дарослымі, у іх жыве ўнутраная патрэба ўсім даказваць, што яны ўжо немаленькія, што здольны прыняць самастойна разумнае і адзіна правільнае рашэнне. Вось чаму малодшыя падлеткі ахвотна бяруцца рабіць усё: публічна чытаць мастацкія творы, танцаваць, спяваць, маляваць, не заўсёды маючы здольнасці для гэтага, менавіта такім чынам яны сцвярджаюць сваю даросласць і значнасць.

Яшчэ адзін «рыф», якія павінен ўлічваць настаўнік, працуючы з вучнямі гэтых класаў, – гэта паслядоўнае праяўленне асаблівай формы самасвядомасці: прэтэнзіі на сталасць. Гэта праяўляецца ў маральным максімалізме, безапеляцыйных сцвярджэннях або адмаўленнях, катэгарычнасці. З-за гэтага вучням гэтага ўзросту вельмі цяжка разабрацца са складанымі і супярэчлівымі героямі твораў. Таму пры аналізе твора настаўнік павінен праецыраваць пытанні і заданні, ашчаджаючы згаданыя вышэй прэтэнзіі на сталасць, дыпламатычна падводзячы да правільных высноў. Саюзнікам настаўніка ў гэтым будзе характэрнае для дадзенага ўзросту імкненне да самастойнасці. Шырока выкарыстоўваючы разнастайныя віды самастойнай дзейнасці, настаўнік зможа рэалізоўваць патрабаванні праграмы да засваення матэрыялу, вучыць школьнікаў мысліць літаратурна і ўдасканальваць чытацкую культуру.

Дзеці гэтага ўзросту вельмі эмацыянальныя і ўражлівыя. Яны хутка ўключаюцца ў тыя сітуацыі, пра якія чытаюць у кнізе, бурна рэагуюць, перажываюць за любімага героя. Эмацыянальная спагадлівасць і рухомасць вучняў ствараюць спрыяльную аснову для глыбокага ўспрымання літаратурнага твора, бо яны здольныя лёгка пранікнуцца думкамі і пачуццямі аўтара і герояў.

Калі з ранейшых методыках сцвярджалася, што ў падлеткаў праяўляецца павышаная цікавасць да мастацтва у цэлым, і кіно і літаратуры ў прыватнасці, то на сённяшні дзень цікавасці да чытання рэзка знізілася. Гэта павінен ўлічваць настаўнік і рабіць стаўку на тое, што ў гэты перыяд жыцця развіваецца тэарэтычнае рэфлексіўнае мысленне. Таму ў ацэнцы літаратурных герояў вучні 1-й узроставай групы падыходзяць толькі з маральнымі (у 5 класе нават спрошчанымі) крытэрыямі: усё добрае, моцнае, смелае імі прымаецца, а злое адмаўляецца, а таму і ўспрымаюць яны герояў часта не як тыпізаваныя вобразы, а як рэальных асоб, што прымітывізуе ўспрыняцце мастацкага твора.

Падыход да літаратуры ў малодшых падлеткаў характарызуецца наіўна-рэалістычнымі адносінамі: мастацкі твор яны ўспрымаюць і аналізуюць як з'яву рэчаіснасці, занатаваную на паперы, жыццёвы факт прыраўноўваюць да яго літаратурнага адлюстравання. Чытачы гэтага ўзросту лічаць, што ўсё апісанае ў кнізе было на самай справе, што героі яе рэальна жылі і жывуць, чым і тлумачацца пісьмы на іх адрас, просьбы да пісьменнікаў назваць дакладна вуліцу, дом, дзе жывуць героі, якія палюбіліся асабліва.

Малодшыя падлеткі, такім чынам, не ўлічваюць спецыфіку літаратуры як віду слоўнага мастацтва. Многія з іх не разумеюць ролі аўтара ў творы, не могуць вызначыць яго адносіны да героя, выявіць падтэкст, значэнне мастацкіх дэталяў. Малодшыя падлеткі наогул не звяртаюць увагі на тое, хто выступае апавядальнікам у творы, аднак, пры гэтым аддаюць перавагу форме апавядання ад першай асобы, ад імя галоўнага героя, калі герой – іх аднагодак, які дзейнічае смела, мужна. Дзяцей гэтага ўзросту надзвычай захапляюць кнігі пра незвычайныя падзеі, творы прыгодніцкага жанру. Усё гэта прываблівае іх таму, што ў нейкай ступені стварае ілюзію іх саўдзельніцтва ў тым, пра што расказваецца ў кнізе. Жаданне дзейнічаць па законах мужнасці і гераізму – узроставая дамінанта малодшых падлеткаў, чым і тлумачыцца іх цікавасць да кніг, у якіх героі самі расказваюць пра час і пра сябе.

Тэматычны дыяпазон інтарэсаў малодшых падлеткаў шырокі і разнастайны. Дзеці хочуць ведаць і чытаць пра многае, але самую вялікую цікавасць выклікаюць у іх дэтэктывы і прыгодніцкая літаратура, калі ў цэнтры ўвагі пісьменніка станоўчы герой, а таксама казкі.

Малодшыя падлеткі не могуць самастойна, без кіраўніцтва настаўніка вызначыць форму мастацкага твора. Яны наогул не вызначаюць мастацкіх асаблівасцей. На пытанні аб форме твора яны звычайна адказваюць: «Лёгка чытаецца», «Добра, цікава напісана», а растлумачыць, чаму гэта так, не могуць.

Літаратурнага героя малодшыя падлеткі ўспрымаюць некалькі спрошчана. Як правіла, яны сочаць толькі за яго ўчынкамі, дзеяннямі, а матывы гэтых учынкаў выпадаюць з іх поля зроку.

Вучні 5-7 класаў недастаткова арыентуюцца ў паэзіі, мала чытаюць паэтычных твораў, не атрымліваюць асалоды ад прачытанага, бо ў паэзіі на першым плане пачуцці, перажыванні, думкі, настроі, гэта значыць унутраны свет чалавека, які мала цікавіць малодшых падлеткаў.

Другая група (старэйшы падлеткавы ўзрост), вучні 8-9 класаў, характарызуецца такой дамінуючай асаблівасцю, як фармаванне «Я-канцэпцыі» – сістэмы ўнутрана ўзгодненых уяўленняў пра сябе. Адсюль выцякае цікавасць да ўнутранага свету, складаных перажыванняў, узаемаадносін. Ён ў асноўным складваецца як чытач: ад чыста падзейных, маральных крытэрыяў у ацэнках літаратурных твораў ён паступова пераходзіць да асэнсаваных, эстэтычных.

Такому падлетку важна мець не столькі адказы на пытанні кшталту «Што здарылася? », «Што адбылося? », «Які герой? », колькі на пытанні «Чаму так здарылася?, «Па якой прычыне адбылося? », «Чаму такі герой? », як бачым, асаблівая ўвага скіроўваецца на прычынна-выніковыя сувязі. Але навыкаў у гэтым рэчышчы аналізу ў іх яшчэ не хапае. На гэтай базе і павінна грунтавацца стратэгія працы настаўніка па навучанні літаратуры.

Аднак неабходна ўлічваць, што і адмоўныя рысы чытачоў гэтага ўзросту. Першая з іх заключаецца ў тым, што псіхалагічная неабходнасць у самавыражэнні аказваецца настолькі моцнай, што аналіз твора падмяняецца часам аналізам уласных перажыванняў або разважанняў на тэмы, якія іх хвалююць. Такія суб’ектыўныя адносіны неабходна пераадольваць, падбіраць формы аналізу, дзе б арганічна злучаліся асобасныя ацэнкі і аб’ектыўныя погляды на твор.

Другая складанасць бачыцца ў наяўнасці арыентаванасці на поспех, многія вучні не жадаюць выказвацца, удзельнічаць у абмеркаванні, баючыся даць няправільнае тлумачэнне, выказаць памылковую думку і праз гэта трапіць, як яны лічаць, у смешнае становішча і выставіць сябе ў нявыгадным святле. а таму настаўніку варта вельмі далікатна ставіцца да недакладных адказаў, ашчадна і дыпламатычна папраўляць памылкі і накіроўваць на правільныя адказы і ўхваляць цікавыя разважанні.

Вучні 8-9 класаўмаюць больш высокі інтэлектуальны узровень, чым малодшыя падлеткі, які вызначаецца развіццём абстрактнага мыслення. Гэта забяспечвае засваенне даволі складанага вучэбнага матэрыялу, стварае перадумову паўнацэннага ўспрымання мастацкіх твораў.

Вучні 8-9 класаў пільна ўглядаюцца ў акаляючы свет, шукаючы прычынна-выніковыя сувязі, многае бачаць, эмацыянальна перажываюць. Абвостраная назіральнасць і ўспрымальнасць старэйшых падлеткаў ствараюць умовы для паглыбленага прачытання мастацкіх твораў. Трэба адзначыць, што некаторыя вучні 8-9 класаў да ўсяго ставяцца нігілістычна, што праяўляецца і ў адносінах да літаратуры.

Дыяпазон чытацкіх інтарэсаў старэйшых падлеткаў шырокі, што абумоўліваецца спецыфікай іх узросту. Тэматычная градацыя кніг, якія чытаюць васьмікласнікі, выглядае наступным чынам: дэтэктывы; фантастыка; кнігі гераічнага гучання; гумарыстычныя кнігі; кнігі пра каханне; масавая літаратура.

Прыходзіцца канстатаваць, што старэйшыя падлеткі сталі менш чытаць, яны аддаюць перавагу тэлеперадачам, відэастужкам.

Увага да герояў твораў у вучняў 8-9 класаў вялікая. Менавіта герой з'яўляецца ў кнізе тым асноўным кампанентам, што прыцягвае цікавасць падлеткаў. Падлетак «як бы ўступае ў асабовыя адносіны з героямі кніг». Аднак такое ўспрыманне характэрна кількі для літаратурна падрыхтаваных вучняў. Для большасці ж чытачоў гэтага ўзросту ўнутраны свет персанажа застаецца неасэнсаваным, ён успрымаецца просталінейна, толькі на ўзроўні дзеянняў, учынкаў. Такія чытачы не ўмеюць узважыць усе абставіны паводзін героя, мэты і матывы яго ўчынкаў, не ўмеюць пранікнуць у настрой, перадаць усе нюансы пачуццяў.

Старэйшыя падлеткі звычайна дакладна выдзяляюць і называюць самыя вострыя жыццёвыя сітуацыі, у якіх раскрываецца характар героя. Аднак у большасці сваёй у ацэнцы вобразаў часта назіраецца спрашчэнне, бо звычайна вылучаецца толькі адна якая-небудзь грань характару персанажа, якая з'яўляецца вызначальнай. Гэтым тлумачыцца просталінейнасць ацэнак, што даюць чытачы героям. Бачыць характар чалавека шматбакова, разумець усе яго ўчынкі і пачуцці як належыць падлеткі яшчэ не могуць.

Калі вучні 8-9 класаў характарызуюць героя мастацкага твора, то звычайна перадаюць толькі падзейную канву, пакідаючы ўбаку ўсе тонкасці перажыванняў, асаблівасці душэўнага стану. Жаданне хутчэй даведацца пра лёс вобраза-персанажа прымушае чытачоў, як гавораць, «глытаць» цэлыя старонкі, не ўнікаючы ў адступленні, не спыняючыся на апісаннях, што ўрэшце пазбаўляе магчымасці атрымаць эстэтычную асалоду.

У гэтым узросце ўвага да пазіцыі аўтара, на жаль, яшчэ слабая. На пытанне, якім уяўляецца аўтар любімай кнігі, вучням адказаць цяжка. Вельмі часта ў адказах вучняў аўтар поўнасцю атаясамліваецца з героем. 3 цяжкасцю вучні гэтага ўзросту вызначаюць аўтарскую пазіцыю, аўтарскія адносіны да героя. I хоць аўтарскі пункт гледжання выразны ва ўсёй мастацкай структуры твора: у адборы матэрыялу, яго мастацкай падачы, у кампазіцыі, мове, вобразах, – старэйшыя падлеткі ўспрымаюць адносіны пісьменніка да персанажа толькі ў агульным выглядзе і ставяць іх у залежнасць ад таго, станоўчы герой ці адмоўны. Вучні не заўсёды разумеюць падтэкст твора, не ўнікаюць у мастацкія дэталі, якія садзейнічаюць абмалёўцы вобраза, выяўляюць аўтарскія адносіны, без якіх нельга асэнсаваць усю глыбіню твора.

Вучні 8-9 класаў не валодаюць навыкам цэласнага аналізу літаратурнага твора. Часта яны праяўляюць цікавасць да асобных важных дэталей мастацкай тканіны твора, аднак не ўмеюць рабіць абагульненні, бачыць у адлюстраваным тыповае. Творы мастацтва старэйшыя падлеткі ацэньваюць вельмі асцярожна, як правіла, іх ацэнкі заніжаныя. Чытачы баяцца трапіць у смешнае становішча, таму прытрымліваюцца трафарэтных, шаблонных меркаванняў і ацэнак.

Адносіны старэйшых падлеткаў да паэзіі шмат у чым супярэчлівыя. Здавалася б, сам узрост чытачоў, які вызначаецца інтэнсіўным развіццём іх эмацыянальнай сферы, павінен ствараць перадумовы для ўспрымання прыгожага ў жыцці і мастацтве наогул і ў паэзіі, у прыватнасці. Аднак менавіта ў гэтым узросце часта назіраецца адмоўнае стаўленне да вершаў. Старэйшыя падлеткі, вядома, чытаюць паэзію, аднак найбольшую цікавасць у іх выклікаюць вершы з ярка выражаным сюжэтам, такія, дзе ёсць факт, падзея. Вершы філасофскага зместу з цяжкасцю ўспрымаюцца падлеткамі, застаюцца ім незразумелымі. Асабліва вабіць старэйшых падлеткаў паэзія рамантычнага гучання, і ў гэтым выяўляецца ўплыў узроставай дамінанты – цягі да ўсяго яркага, незвычайнага. Чытачы найчасцей аддаюць перавагу паэтычным творам, у якіх эмацыянальны змест выражаны даволі просталінейна і адназначна, ідэя ляжыць, як кажуць, на паверхні і даступная для ўспрымання. Форма паэтычных твораў звычайна цікавіць іх мала. У цэлым для старэйшых падлеткаў характэрна наіўна-рэалістычнае ўспрыманне лірыкі, яны не ўздымаюцца да разумення яе як мастацтва, да асэнсавання ў ёй умоўнага.

Выхаванне чытальніцкіх якасцей ў гэтай групы значна ў большай меры, чым у папярэдняй, павінна ўключаць фарміраванне тэарэтыка-літаратурных ведаў і перш за ўсё, аб’ектыўных крытэрыяў падыходу да чытання і аналізу твора.

Трэці перыяд 10 – 11 класы (16 – 18 гадоў) – гэта перыяд ранняга юнацтва, чым у многім абумоўлена і ад чаго залежыць навучанне маладых людзей. У гэты час падлетак імкліва выйшаў за межы школьных зацікаўленасцей і, адчуўшы сябе дарослым, рознымі спосабамі імкнецца далучыцца да жыцця старэйшых. Аднак у гэтым узросце школьнікі ўсё ж застаюцца на ўзроўні сваёй падлеткавай субкультуры, яны ўсё яшчэ залежаць як ад бацькоў, так і ад настаўнікаў. Што да апошніх, то варта зазначыць, што ў гэты перыяд узаемаадносіны вучняў з настаўнікам адбываюцца на прынцыпова іншым ўзроўні.

Калі ў больш раннія перыяды развіцця падлеткі не заўважалі прабелаў настаўніка, адсутнасці ў яго глыбокіх ведаў і педагагічнай культуры, але пры добрай арганізацыі працы вучні досыць плённа выконвалі нават аднатыпныя заданні, то са старэйшакласнікамі працэс літаратурнага навучання павінен адбывацца па-іншаму.

Па-першае, неабходна памятаць, што ў гэты час у юнакоў замацоўваюцца эстэтычныя ідэалы, адносіны да мастацтва ў цэлым. Сутыкаючыся з творам любога віду мастацтва, яны асэнсоўваюць, што гэта – толькі мастацкае адлюстраванне рэчаіснасці, створанае пры дапамозе вымыслу, фантазіі, але разам з тым гэта мастацкае адлюстраванне заключае ў сабе глыбінны сэнс. У 16 – 18 гадоў, калі фактычна сфармавана мастацкая свядомасць, маладыя людзі разумеюць, што кожны твор мастацтва павінен у першую чаргу выконваць функцыю эстэтычную, а ўжо пасля адукацыйную, развіццёвую, выхаваўчую і г. д. Менавіта ўлічваючы гэта і павінна планавацца праца па літаратурнай адукацыі ў старэйшых класах.

Па-другое, акрэслены перыяд жыццёвага цыклу развіцця чалавека з’яўляецца пераходным, ад чаго таксама залежыць спецыфіка і навучанне ў школе. У гэты перыяд вырашаецца пытанне пра далейшае жыццё: адбываецца прафесійнае самавызначэнне, разам з якім часта назіраюцца і крызісныя моманты. Пошукі сэнсу жыцця, свайго месца ў гэтым жыцці становяцца, бадай што, асноўным. І тут вялікую ролю павінны адыгрываць урокі літаратуры, якую паправу называюць чалавеказнаўствам. Школьная праграма па беларускай літаратуры для старэйшых класаў прапануе зварот да мастацкіх твораў, якія сваім зместавым напаўненнем, ідэйным зместам часта вельмі блізкія юнакам. Многія героі твораў, што вывучаюцца, з’яўляюцца равеснікамі старшакласнікаў. Таму, характарызуючы герояў вывучаемых твораў вучні воляй-няволяй будуць параўноўваць сябе з героямі. А такое параўнанне вельмі часта можа дапамагчы вучням разабрацца ў сабе, убачыць сябе як бы з боку і зрабіць пэўныя высновы.

Пры ўспрыманні і аналізе мастацкага твора старшакласнікі часта імкнуцца да арыгінальнасці. Іх ужо не заўжды задавальняе матэрыял падручніка (часам свядома, а часам – каб паказаць сваю індывідуальнасць), меркаванне настаўніка можа быць праігнараваным або ўспрынятым у штыкі. І тут важна даць магчымасць таму ці іншаму вучню выказацца цалкам, і калі ягоная думка памылковая, то пры плённай працы на ўроку, у час дыскусій ён сам зразумее, што яго меркаванне не зусім правільнае ці няправільнае зусім.

Старшакласнікі праяўляюць цікавасць да тэарэтычнай думкі, многа аналізуюць, не схільныя прымаць на веру вывады, зробленыя іншымі. Разумовая дзейнасць юнакоў актыўная, вызначаецца значнай ступенню самастойнасці. Гэты ўзрост цікавы тым, што школьнікі задумваюцца пра будучае, пачынаюць планаваць свае далейшае жыццё. Многія даволі выразна фармулююць свае жаданні і інтарэсы, упэўнена і матывавана вызначаюць прафесію, якой хочуць авалодаць.

У старшакласнікаў выяўляецца дыферэнцыраваны падыход да людзей і да ўсяго, што іх акружае, у тым ліку да мастацтва, літаратуры. Яны не баяцца здацца смешнымі і адстойваюць свой пункт гледжання, сваю ацэнку. Імкненне знайсці сваё месца, вызначыць сваё «я» выклікае спробы асэнсаваць свет і чалавечыя адносіны, павышаную ўвагу да філасофскіх, палітычных праблем.

Старшакласнікі ахвотна ўключаюцца ў дыспут, абмеркаванне. Яны хутка натхняюцца і выяўляюць гатоўнасць адстойваць свой пункт гледжання, сваю пазіцыю. Пры гэтым яны лёгка адыходзяць ад зместу мастацкага тэксту, ад першапачатковага канкрэтнага прадмета размовы і пераключаюцца на агульныя разважанні. У параўнанні з васьмікласнікамі старшакласнікі больш адкрыта выказваюць свае пачуцці, аднак інтэлектуальнае ў падыходзе да мастацкага твора пераважае над эмацыянальным. Цэласнае асэнсаванне свету, імкненне бачыць і знаходзіць прычынную сувязь з'яў спрыяюць таму, што юнакі пачынаюць успрымаць твор як цэлае, лёгка пераадольваюць дробнасць мастацкіх уражанняў, у выніку чаго знікае адналінейнасць іх падыходу да твора Учынкі герояў, іх псіхалагічны свет вучні гэтага ўзросту тлумачаць сацыяльнымі ўмовамі, часам, у які яны жывуць і дзейнічаюць, выхаваннем, псіхалагічнымі асаблівасцямі кожнага героя як індывідуума, мастацкім стылем аўтара. Трэба адзначыць, што ў чытачоў старэйшага школьнага ўзросту нярэдка складваецца скажонае ўяўленне аб тыповасці і тыпе. Чытачы старэйшых класаў не прымаюць пад увагу, што літаратура патрабуе пазнання індывідуальнага ў тыповым і, наадварот, тыповага ў індывідуальным. Як зазначаюць даследчыкі, «яны не разумеюць законаў мастацкага пераўтварэння рэчаіснасці, не ўмеюць ацаніць кнігу з пункту гледжання яе праўдзівасці, эстэтычнай каштоўнасці. Нягледзячы на развітую здольнасць абстрагавання і пазнання заканамернасцей акаляючага свету, багацце і асэнсаванасць эмоцый, веды па тэорыі і гісторыі літаратуры, моладзь вызначаецца параўнаўча невысокім узроўнем мастацкага ўспрымання».

Нярэдка ў старшакласнікаў выклікаюць цяжкасці пытанні пра асобу аўтара, пра мастацкі стыль, яго манеру. Літаратурнага героя яны ўспрымаюць больш крытычна, чым іншыя школьнікі, нават калі ён з'яўляецца іх ідэалам. У моладзі выяўляецца імкненне зразумець не толькі ўчынкі герояў (гэта характэрна для падлеткаў), але і матывы гэтых учынкаў, паглыбляецца ўвага да ўнутранага свету чалавека Старшакласнікі падаюць вялікае значэнне зместу, ідэйнай накіраванасці твора, але, як правіла, пакідаюць па-за ўвагай яго мастацкі бок.

Як бачна, кожная прааналізаваная група мае сваю асаблівую, адметную спецыфіку развіцця (у тым ліку і літаратурнага), і толькі пры дасканалым валоданні асновамі ўзроставай псіхалогіі і прыёмамі працы на ўроку з боку настаўніка магчыма паўнавартаснае літаратурнае навучанне ў сярэдняй школе.

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...