Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Стан дыялектнай сістэмы беларускай мовы і сацыяльныя шанцы на яе функцыянаванне




Згодна з навуковымі лінгвапрагнозамі, у будучым развіццё беларускай нацыянальнай мовы можа ісці ў двух напрамках. Першы з іх аптымістычны: беларуская літаратурная мова стане поўнафункцыянальным інфармацыйна-камунікатыўным сродкам зносін. Але сёння гэта пакуль што немагчыма, паколькі патрэбна дробязь – статус «найбольшага спрыяння» мове тытульнай нацыі, рэалізаваны праз сістэматызаваны комплекс мерапрыемстваў адпаведнай нацыянальнай моўнай палітыкі[17]. Заканадаўчая база для гэтага ёсць. Існуюць і рэальныя знешнія падставы для падтрымкі намаганняў дзяржавы ў дадзеным кірунку. Так, жыхары рэспублікі падчас апошняй перапіснай кампаніі заявілі, што амаль палова з тых, што лічаць сябе беларусамі па этнанацыянальнай прыкмеце (такіх каля 80%), заўжды і ўсюды размаўляюць на роднай мове. Але разам з тым, аптымістычны прагноз, як відаць, з'яўляецца пакуль што патэнцыяй, і ўвасабленне яго ў рэальнасць залежыць у першую чаргу ад сферы дзяржаўных інтарэсаў[18]. Згодна з песімістычным прадбачаннем, нацыянальную мову беларусаў у самы бліжэйшы час чакае незайздросны лёс. Гэта шлях развіцця па ірландскай мадэлі. Інакш кажучы, гэта напачатку амаль паўбыццё, блізкае да заняпаду, а ў наступным і само выміранне[19]. Натуральна, узнікае пытанне: няўжо зараз становішча нацыянальнай літаратурнай мовы і моўнай сітуацыі ў Беларусі настолькі крытычнае? А моўны заняпад такі глыбокі, што ўласнамоўныя шанцы на жыццёвасць ужо вынішчаны, бо, па-першае, цалкам разбурана дыялектнае падложжа кадыфікаванага варыянта беларускай мовы і, па-другое, колькасць носьбітаў дыялектных моўных традыцый мізэрная.

Агульнавядома: лінгвістычным грунтам новай сучаснай беларускай літаратурнай мовы сталі яе традыцыйныя мясцовыя гаворкі. Функцыю выдатнага донара, бездакорнага пастаўшчыка рэгіянальнага моўнага матэрыялу выконвалі яны, нягледзячы на розныя негатыўныя адносіны да дыялектаў як натуральнага і заканамернага прадукту моўнага развіцця, на працягу амаль усяго папярэдняга стагоддзя. Разам з тым, інфармацыйна і камунікатыўна незбалансаваная білінгвальная сітуацыя, што мела месца ў Беларусі ў папярэднія дзесяцігоддзі і працягваецца зараз, зразумела, не абмінула сельскую мясцовасць, дакладней, традыцыйныя мясцовыя гаворкі розных яе рэгіёнаў. Яшчэ большы ўплыў на цяперашні стан гаворак беларускай мовы аказалі шматлікія сацыяльна-эканамічныя, у тым ліку і міграцыйныя, працэсы, што пачаліся фактычна пасля Айчыннай вайны. Аднак нягледзячы і на такі неспрыяльны фон, наяўныя фундаментальныя працы па беларусазнаўству, а гэта найперш «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963 г.), «Лексічны атлас беларускіх гаворак у пяці тамах» (1993-1995 гг.), а таксама публікацыі сацыялінгвістычнага тыпу[20], засведчылі: традыцыйны дыялектны ландшафт беларускай мовы па сённяшні дзень захаваў сваю тэрытарыяльную цэласнасць і непарушнасць[21]. Таму шматузроўневая, іерархічна ўпарадкаваная групоўка гаворак беларускай мовы на сёння захоўваецца поўнасцю. Але толькі апошняе, безумоўна, не азначае, што дыялектнае маўленне на працягу другой паловы XX ст. не зведала ніякіх структурна-семантычных змен. Натуральна, яны адбыліся. Найперш, гаворка сённяшніх вяскоўцаў з'яўляецца сацыяльна і камунікатыўна размеркаванай. Прынамсі, вынікі комплекснага сацыялінгвістычнага даследавання, праведзенага навукоўцамі Інстытута мовазнаўства ў канцы 80-х – пачатку 90-х гадоў у розных тыпах камунікатыўнага асяроддзя ў Беларусі ў яе розных геаграфічных рэгіёнах, засведчылі[22]: пашыраным сродкам пісьмовага забеспячэння незалежна ад тыпу камунікатыўнага асяроддзя з'яўляецца ў абследаваных сферах гаспадарання ў рэспубліцы руская мова. Але выкарыстанне яе як сродку вусных зносін у горадзе і вёсцы адрознае. Сельскае насельніцтва паводле ўжывання моўных сродкаў маўлення застаецца пераважна дыялектнамоўным. Традыцыйныя мясцовыя гаворкі выкарыстоўваюцца сяльчанамі не толькі ў сям'і, пры зносінах з аднавяскоўцамі, але і на працы. I толькі падчас грамадскіх мерапрыемстваў сельскія жыхары арыентуюцца галоўным чынам на рускамоўны рэпертуар. Зараз няма патрэбы вызначаць якасць такой рускамоўнай гаворкі на падставе мовазнаўчых крытэрыяў, мы гаворым адно пра суб'ектыўны выбар сістэмы моўнай камунікацыі. Прыярытэты тут не за беларускай мовай. Яны былі такімі не толькі ў час абследавання, такімі ж яны засталіся, відавочна, і зараз. Істотна і тое, што рускамоўнай па арыентацыі з'яўляецца ў сельскай мясцовасці, як правіла, мясцовая інтэлігенцыя, прадстаўнікі яе вытворчай і невытворчай частак. Гэта элітарная і, адпаведна, сацыяльна найбольш уплывовая група вяскоўцаў. Паколькі яе моўныя арыенціры маюць адрозную ад колькасна пануючай часткі сельскіх жыхароў накіраванасць, то ў сувязі з апошнім меркавальна можам сцвярджаць: сельская інтэлігенцыя для іншых сацыяльных груп вяскоўцаў пераважна не з'яўляецца зараз — і наўрад ці стане такой заўтра — прыкладам у выбары сістэмы беларускамоўнага маўлення і ўзорам яе рэалізацыі.

У адносінах да стану дыялектных моўных сістэм як комплексаў адрознівальных структурна-семантычных асаблівасцей выяўлена: змены закранулі і саму моўную сістэму[23]. У першую чаргу вельмі інтэнсіўна мяняецца слоўнікавы склад сродкаў маўлення. Устаноўлена, што незалежна ад дыялектнага рэгіёна і дыялектнай зоны беларускай мовы ён насычаны рускамоўнымі лексічнымі адзінкамі. Але, як вядома ў мовазнаўстве, лексічныя сродкі па прычыне іх дынамічнасці не выступаюць у мове ў якасці яе канстытуцыйнай прыкметы[24]. Адметнасць і спецыфіка любой мовы ў яе фанетыка-граматычнай арганізацыі. У адносінах да стану граматычнага ладу гаворак засведчана, што некаторыя рысы, дыягнастычныя ў фанетыка-марфалагічным ладзе сучасных структурна-тэрытарыяльных дыялектных згрупаванняў, а таксама іх рудзіментныя элементы, ужо не адзначаюцца ў дыялектным маўленні цяперашніх вяскоўцаў. Аднак і гэта тыповы працэс у дынаміцы развіцця моўнай сістэмы дыялектаў. Нарэшце, лінгвістамі адзначаецца: змены трансфармацыйнага тыпу маюць месца ў фанетычнай сістэме мясцовых гаворак. Яны рэгіянальна адрозныя. Але ўжо ёсць і такія, што фіксуюцца у пераважнай большасці гаворак асноўнага дыялектнага масіву.

Так, у даследчых сацыялінгвістычных працах канстатуецца, што ў сучасным дыялектным маўленні ў пэўных лексіка-граматычных умовах досыць часта адсутнічае чаргаванне заднеязычных гукаў /г/, /к/, /х/ са свісцячымі /з/, /с/, адпаведна маюць месца словаформы: на лугу, у стагу, на берагу і да т. п. замест на лузе, у стозе, на беразе і інш. Дадзены тып чаргавання з'яўляецца выразнай адметнасцю беларускага маўлення наогул, яе гістарычнай спадчынай. Адсутнасць пазіцыйнай мены гэтых гукаў выяўлена ў розных сацыяльных групах сельскіх насельнікаў. I гэта трывожны сігнал аб стане фанетыка-марфалагічнай структуры гаворак асноўнага масіву беларускай мовы. Аднак усе ў сукупнасці наяўныя змены, тыповыя ў дынаміцы развіцця дыялектнай сістэмы і інтэрферэнтнага характару, не з'яўляюцца на сёння пагражальнымі для агульнага стану дыялектнай сістэмы беларускай мовы. Так, яны небяспечныя, але зараз, аб чым можна гаварыць пераканальна, падложжа літаратурнай мовы беларусаў, традыцыйныя мясцовыя гаворкі функцыянуюць. Яны захаваліся не толькі ў цэласным тэрытарыяльным выглядзе. Яны існуюць як адметная моўная сістэма ў комплексе сваіх адрознівальных асаблівасцей. I самае галоўнае: яны служаць натуральным сродкам зносін жыхароў сельскай мясцовасці Беларусі. Няхай сабе ўжо без пэўнай часткі.

Таму з гэтага боку, у адносінах да стану дыялектнай асновы літаратурнай нацыянальнай мовы, беларуская мова мае ўсе шанцы на жыццёвасць і жыццядзейнасць ў новым стагоддзі.

Праўда, калі большай частцы нацыянальнага дыялектнага ландшафту пакуль што не пагражае татальнае зруйнаванне, то яе чарнобыльскі лінгваанклаў, найперш прымусова вылюднелая тэрыторыя, — гэта тое, дзе спрадвечныя мясцовыя гаворкі ўжо не загучаць. Hi ў іх ранейшым выглядзе, ні ў змадэрнізаваным абліччы. Не загучаць ні сёння, ні заўтра, ніколі. Гэта незваротны моўны скарб. Дзякаваць, што ён хоць часткова ўвекавечаны беларускімі лінгвістамі, найперш у такіх фундаментальных працах, як Дыялекталагічным і Лексічным атласах беларускіх народных гаворак, а таксама рэгіянальных слоўніках.

Характарыстыка сацыяльнага боку маўлення, на самай справе неад’емнага і непадзельнага ад моўнага, не з'яўляецца ў параўнанні з уласна лінгвістычным прагнозам у такой ступені суцяшальнай.

Прыгадаем толькі некаторыя статыстычныя выкладкі. Згодна з апошнім перапісам, колькасцъ жыхароў у сельскім рэгіёне Беларусі склала крыху больш за 31%. Гэта не мала ў параўнанні з іншымі урбаністычна-прамысловымі дзяржавамі свету. Але бяда тут у тым, што якраз сярод дадзенай колькасці вяскоўцаў пераважаюць людзі немаладога ўзросту. А менавіта яны з'яўляюцца носьбітамі моўных традыцый, менавіта ў іх гаворцы асаблівасці дыялектнага маўлення ўвасабляюцца найбольш поўна і разнастайна. Патомныя пакаленні вяскоўцаў, што ідуць ім на змену, ужо маюць пераважна іншую моўную арыентацыю. Не з'яўляецца цалкам уласнадыялектным таксама і рэпертуар сродкаў іх гутарковага маўлення. Але і такая бяда яшчэ не ліха. Як канстатуюць аўтары сацыялінгвістычнага даследавання «Тыпалогія двухмоўя і шматмоўя ў Беларусі», амаль траціна сельскіх насельнікаў Беларусі вызначыла сваё маўленне як змешанае, інакш кажучы, прызнала, што размаўляе на «трасянцы». Заўважым для ўразумення: «трасянка», што пашырана ў вёсцы, ды і гарадах, з боку сваіх моўных асаблівасцей, найперш фанетыка-граматычнай арганізацыі, застаецца ўсё ж бліжэйшай да рэгіянальных традыцыйных мясцовых гаворак, чым да рэгіянальнага рускамоўнага маўлення[25]. Асобныя рысы рускай мовы, якія адзначаюцца ў падобным маўленні, хутчэй адпавядаюць лінгвістычнай «інкрустацыі», чым выступаюць паказчыкамі крызісу дыялектаў беларускай мовы. Відавочна, такая гаворка, у параўнанні яе з уяўным тыпова дыялектным маўленнем, дастаткова рэдукаваная і змененая па знешнім абліччы. Іншая рэч, што чуецца яна далёка не з вуснаў людзей сталага веку. А значыць, у зусім неаддаленай перспектыве менавіта дадзены тып маўлення прэтэндуе стаць пераважным сродкам зносін у вёсцы. Аднак і такі характар развіцця сацыяльна-камунікатыўных працэсаў у сельскай мясцовасці Беларусі не самы небяспечны і тым больш не трагічны. Пагроза ў іншым. Сённяшняе маладое пакаленне сяльчан, цяперашніх школьнікаў, у якасці сістэмы сродкаў камунікацыі выбірае не мясцовую гаворку (выбраць яе фактычна немагчыма па прычыне грэблівых адносін да апошняй), а рускую мову. 3 улікам шматлікіх фактараў развіцця сацыяльна-эканамічных працэсаў у вёсцы, і найперш у яе прамысловых агракомплексах, якія, па прычыне зыходу з’явы «неперспектыўных» вёсак, стануць аднымі з пашыраных тыпаў паселішчаў сельскага жыхарства, можна прадбачыць, якая моўная сістэма прэтэндуе стаць у будучым рэальным сродкам зносін. А вось такое развіццё падзей можа, зразумела, падарваць трывалы лінгвальны грунт вартаснага функцыянавання нарматыўнай беларускай мовы з-за незапатрабаванасці дыялектнай моўнай сістэмы. Аднак падобны працэс сацыяльна-моўнай дынамікі — прагноз перспектыўнага тыпу. Сёння і на бліжэйшае дзесяцігоддзе глыбокага сацыяльна-моўнага заняпаду традыцыйных мясцовых гаворак беларускай мовы не прадбачыцца. Відавочна, і развіццё яе на ўзор ірландскай мовы ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі — прагноз папярэдні і не дастаткова абгрунтаваны з сацыяльна-лінгвальных пазіцый.

Поделиться:





Читайте также:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...