Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Перспектывы развіцця I карыстання беларускай мовай




Праблема развіцця і выкарыстання беларускай мовы ў разнастайных сферах грамадскага ўжытку не толькі не страціла сваёй актуальнасці ў пачатку трэцяга тысячагоддзя, але, наадварот, набывае асаблівую вастрыню. Гэта абумоўлена ў першую чаргу наступнымі прычынамі: а) асаблівасцямі развіцця беларускай мовы ў папярэдні перыяд, у прыватнасці ў другой палове XX стагоддзя; б) характарам сучаснай моўнай сітуацыі і месцам у ёй беларускай мовы; в) тымі супярэчлівымі працэсамі, што вызначалі развіццё і фун-кцыянаванне беларускай мовы ў апошняе дзесяцігоддзе мінулага стагоддзя.

Менавіта гэтыя акалічнасці вызначаюць характар сучасных працэсаў у развіцці сістэмы беларускай літаратурнай мовы, а таксама асаблівасці яе функцыянавання ў грамадстве. Гэтыя ж акалічнасці, як уяўляецца, будуць вызначаць і развіццё сістэмы мовы і яе месца ў грамадстве ў бліжэйшую перспектыву.

Беларуская мова ў другой палове XX стагоддзя функцыянуе і развіваецца выключна ва ўмовах масавага блізкароднаснага беларуска-рускага двухмоўя. 3 сітуацыяй двухмоўя, у першую чаргу звязана неадназначнасць працэсаў як унутрымоўнага, так і сацыялінгвістычнага плану.

3 аднаго боку, сістэма беларускай літаратурнай мовы ў другой палове XX стагоддзя працягвае паслядоўна і дынамічна развівацца. Удасканальваюцца і шліфуюцца яе нормы, інтэнсіўна папаўняецца лексічны састаў, завяршаецца фарміраванне асноўных функцыянальных стыляў, канчаткова фарміруецца аснова навуковай беларускай тэрміналогіі, ствараецца разнастайная па сваіх жанрах і зместу мастацкая літаратура. Разам з тым, бясспрэчным фактам з'яўляецца тое, што ў гэты перыяд на беларускую мову, на развіццё яе слоўнікавага складу і літаратурных норм самы непасрэдны ўплыў аказвае руская мова. Праз пасярэдніцтва рускай мовы ў беларускую трапляюць іншамоўныя запазычанні, значная колькасць лексем або непасрэдна запазычваецца, або калькуецца з рускай мовы. Усё гэта дало падставы пазней гаварыць пра выразную русіфікацыю беларускай мовы ў другой палове XX стагоддзя. Тым не менш, нягледзячы на адзначаныя моманты, беларуская мова другой паловы XX стагоддзя, безумоўна, з'яўляецца высокаразвітай літаратурнай мовай, якая здольна паспяхова абслугоўваць усе камунікатыўныя патрэбы сучаснага грамадства.

Характэрнай асаблівасцю разглядаемага перыяду ў развіцці беларускай мовы з'яўляецца тое, што за параўнальна кароткі адрэзак часу беларуская мова зведала розныя, часта рэзка процілеглыя ўплывы і тэндэнцыі. Гэта ў першую чаргу наклала адбітак не толькі на характар і напрамак саміх моўных працэсаў, але і на іх грамадскую ацэнку. У выніку ў некаторых выпадках пад уплывам фактараў нелінгвістычнага парадку назіраюцца дыяметральна процілеглыя ацэнкі адных і тых жа аб'ектыўных моўных фактаў, розныя погляды на літаратурную норму і яе межы.

3 другога боку, пад уплывам перш за ўсё тых жа знешнелінгвістычных фактараў адзначаны перыяд характарызуецца паступовым выцясненнем беларускай мовы з найбольш значных і ўплывовых сфер зносін. Фактычна ў сённяшніх умовах беларуская мова — мова тытульнай нацыі і адна з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь — займае другараднае становішча ў моўнай сітуацыі. Яе роля зведзена да мінімуму ў такіх грамадскіх сферах, як дзяржаўнае кіраванне, справаводства, вышэйшая адукацыя, навука. Істотна скарацілася і колькасць актыўных карыстальнікаў беларускай мовы. Адзначаная акалічнасць самым непасрэдным чынам уплывае і на развіццё самой сістэмы беларускай мовы, што праяўляецца ў першую чаргу ў недастатковым развіцці асобных функцыянальных стыляў (афіцыйна-дзелавога, навуковага), фарміраванні асобных тэрмінасістэм і г.д.

Усё гэта ставіць пад пагрозу поўнафункцыянальнасць беларускай мовы ў трэцім тысячагоддзі. Сур'ёзнасць праблемы заключаецца яшчэ і ў тым, што толькі на тэрыторыі Беларусі беларуская мова можа найбольш поўна рэалізаваць свае камунікатыўныя функцыі. Таму поўнае яе выцясненне хаця б з адной сферы грамадскага ўжытку будзе непапраўнай стратай. А гэта азначае, што ў сённяшніх умовах задача пашырэння ўжытку беларускай мовы ва ўсе важнейшыя сферы жыцця сучаснага грамадства з'яўляецца, відаць, найбольш актуальнай. Неабходнай умовай для гэтага з'яўляецца, відавочна, наяўнасць стабільных літаратурных норм, без чаго немагчыма паспяховая канкурэнцыя з другой, больш моцнай у камунікатыўных адносінах і больш пашыранай у грамадстве мовай. Менавіта з гэтых пазіцый павінны ацэньвацца і прагназавацца ўсе працэсы, што адбываюцца ў сістэме сучаснай беларускай мовы.

Трэба таксама канстатаваць, што намаганні па пашырэнні беларускай мовы ў найбольш важныя і ўплывовыя сферы грамадскага ўжытку, якія мелі месца ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, хаця і садзейнічалі ў значнай ступені павышэнню яе грамадскага прэстыжу, пэўнаму ўмацаванню ў такіх сферах, як мова рэкламы і інфармацыі, СМІ, школьнае навучанне, але, на жаль, не далі чакаемых вынікаў. Гэты працэс, вельмі актыўны ў першай палове 90-х гадоў мінулага стагоддзя, па розных прычынах аб'ектыўнага і суб'ектыўнага плану фактычна спыніўся к канцу дзесяцігоддзя. Больш таго, пачаўся адваротны працэс, які звёў да мінімуму дасягнутыя станоўчыя вынікі, асабліва ў сферы школьнага навучання, справаводства, дзяржаўнага кіравання. Таму беларуская мова, хаця і ўмацавала ў нейкай ступені свой грамадскі прэстыж, па сутнасці, застаецца на другарадных пазіцыях як сродак зносін.

Акрамя ўсяго іншага, сітуацыя двухмоўя ў яго сённяшнім выглядзе і моцная канкурэнцыя з боку рускай мовы робіць надзённай таксама праблему захавання нацыянальнай адметнасці беларускай мовы, што знайшло свае адлюстраванне ў пурыстычных «дэрусіфікатарскіх» падыходах да ацэнак літаратурнай нормы і тых актыўных працэсаў, якія адбываюцца на розных узроўнях моўнай сістэмы.

Гэта прывяло да таго, што ў 90-я гады XX ст. працэс пашырэння беларускай мовы ў розных сферах ужытку адначасова справакаваў ажыўленне пурыстычных тэндэнцый у сферы сістэмы самой беларускай літаратурнай мовы, якія закранулі ўсе яе ўзроўні, асабліва слоўнікавы склад, сістэму словазмянення і арфаграфію. У беларускай мове канца XX стагоддзя гэтыя пурыстычныя тэндэнцыі набылі ярка выражаную тэндэнцыю адштурхоўвання ад рускай мовы, што стала асабліва адчувальным у слоўнікавым складзе беларускай мовы. У прыватнасці, гэта акрэслілася ў імкненні да рэвізіі і пераацэнкі нарматыўнага статусу наяўных моўных сродкаў. У значнай ступені зразумелыя і часта апраўданыя пурыстычныя дэрусіфікатарскія памкненні, на жаль, у колькасных адносінах значна перавысілі разумныя межы, у выніку чаго рэальныя страты для сістэмы беларусай мовы аказаліся больш значнымі ў параўнанні з набыткамі: фактычна было парушана адзінства літаратурных норм на ўсіх узроўнях мовы. Больш таго, адбылася палярызацыя беларускамоўнага грамадства паводле моўных густаў і амбіцый. Фактычна сёння мы сутыкнуліся з сітуацыяй паралельнага існавання двух літаратурна-пісьмовых варыянтаў беларускай мовы. Аднак апошняе асабліва небяспечна ва ўмовах двухмоўя, таму што значна зніжае канкурэнтаздольнасць беларускай мовы ў найбольш важных і ўплывовых сферах грамадскага ўжытку, ускладняе яе рэальнае выкарыстанне, асабліва ў сферы школьнага навучання і СМІ. Больш таго, нярэдка некаторыя заканадаўцы сучаснай моўнай моды ўласнае няведанне элементарных норм беларускай літаратурнай мовы выдаюць за патрэбу да яе ўдасканалення.

Менавіта гэтыя аспекты, як уяўляецца, будуць вызначаць у бліжэйшай перспектыве асаблівасці развіцця беларускай мовы і яе функцыянаванне ў грамадстве.

Таму самай важнай задачай сучаснага развіцця беларускай мовы з'яўляецца неадкладная стабілізацыя літаратурных норм, што можа быць дасягнута толькі ў выніку разумнага кампрамісу паміж прыхільнікамі розных падыходаў да названай праблемы (паміж так званымі рэфарматарамі і традыцыяналістамі). Толькі ў такім выпадку беларуская мова зможа эфектыўна выкарыстоўвацца ў сферы школьнага навучання, сродках масавай інфармацыі, рэкламе і г.д., а таксама прэтэндаваць на рэальнае пашырэнне ў якасці сродку зносін.

Разам з тым неабходна адзначыць, што, нягледзячы на адзначаныя негатыўныя моманты, намінатыўная сістэма беларускай мовы па-ранейшаму захоўвае сваю здольнасць да намінацыі самых разнастайных з'яў рэчаіснасці, аператыўна рэагуе на ўсе змены ў жыцці грамадства. Гэта праяўляецца ў інтэнсіўным развіцці слоўнікавага складу беларускай мовы. 3 аднаго боку, яна валодае развітай сістэмай словаўтваральных спосабаў і сродкаў для ўтварэння новых лексічных адзінак. 3 другога боку, беларуская мова адкрыта для іншамоўных запазычанняў і валодае шырокімі адаптацыйнымі магчымасцямі, што забяспечвае свабоднае і натуральнае ўваходжанне іншамоўных адзінак у лексічную і словаўтваральную сістэмы. Таму развіццё слоўнікавага складу беларускай мовы ў бліжэйшым будучым будзе праходзіць, як уяўляецца, у рэчышчы дзвюх асноўных тэндэнцый, што вызначаюць сучаснае развіццё большасці славянскіх моў: тэндэцыяй да інтэрнацыяналізацыі і тэндэнцыяй да нацыяналізацыі.

3 першай тэндэнцыяй звязана папаўненне слоўнікавага складу беларускай мовы іншамоўнымі словамі, якія называюць актуальныя з'явы рэчаіснасці, а таксама ўтварэнне на іх базе новых лексічных адзінак з дапамогай уласных і запазычаных словаўтваральных сродкаў. Напрыклад, маркетынгмаркетынгавы; дылер – дылерскі; спонсар – спонсарскі, спонсарства; інаўгурацыя – інаўгурацыйны; камп'ютэр – камп'ютэрны, камп'ютэршчык, камп'ютэршчыца, камп'ютэрызаваць, камп'ютэрызацыя; лобі – лабіраваць, лабіраванне і інш. Працэсы, што адбываюцца ў рэчышчы названай тэндэнцыі маюць характар руху звонку ўнутр сістэмы (запазычванне і пашырэнне ва ўжыванні іншамоўных лексічных адзінак тыпу дылер, кілер, маркетынг, рэйтынг, холдынг) з адначасовым расшырэннем унутры сістэмы (утварэнне на базе іншамоўных запазычанняў новых лексічных адзінак: дылерскі, маркетынгавы, холдынгавы).

Тэндэнцыя да нацыяналізацыі (ці маніфестацыі спецыфічных моўных рыс) звязана, як адзначалася вышэй, з пурыстычнымі падыходамі і накіравана ў асноўным на рэвізію існуючых моўных сродкаў. Пры гэтым галоўным крытэрыем адбору з'яўляецца ступень падабенства ці адрознення ад адпаведных адзінак рускай мовы. Змены ў слоўнікавым складзе мовы ў межах названай тэндэнцыі абумоўлены складанымі працэсамі ўнутрысістэмнага перамяшчэння. 3 аднаго боку, гэта рух ад перыферыі да цэнтра: вяртанне ў актыўны ўжытак устарэлай і рэгіянальнай лексікі (напрыклад, мытня, мытны, мытнік; аповяд, выступ, наступ, мысляр, лётнік, рэзервіста, амбасадар, міліцыянт, спартовы, вечаровы, нармалёвы і інш. замест таможня, таможанны, таможнік; апавяданне, выступленне, наступленне, мысліцель, лётчык, рэзервіст, пасол, міліцыянер, спартыўны, вячэрні, нармальны). 3 другога боку, паколькі актуалізацыя прыведзеных лексічных адзінак не звязана з неабходнасцю называння новых з'яў рэчаіснасці, а толькі з імкненнем замяніць тыя адзінкі, што да нядаўняга часу актыўна функцыянавалі ў мове, паралельна назіраецца рух ад цэнтра да перыферыі (вывад з актыўнага ўжытку лексем тыпу мысліцель, радавы, выстаўка, тыраж, экземпляр і інш.). Больш таго, перамяшчэнне ад цэнтра да перыферыі мае тэндэнцыю выхаду нават за межы сістэмы нацыянальнай мовы наогул. Напрыклад, фармулёўкі тыпу «гэта не характэрна для беларускай мовы» фактычна азначаюць, што тая ці іншая лексічная адзінка выводзіцца не толькі за межы літаратурнай нормы, але і наогул за межы беларускай мовы. Ілюстрацыяй тут могуць паслужыць словы тыпу суфіксальны, прэфіксальны, выступаючы, нармальны, радавы, мысліцель, замест якіх прапануюцца суфіксавы, прэфіксавы, нармалёвы, шараговец, мысляр. 3 тэндэнцыяй да нацыяналізацыі звязаны таксама працэс унутрымоўнага развіцця, які ілюструецца ўтварэннем новых матываваных адзінак з дапамогай разнастайных словаўтваральных сродкаў: шараговец, бубнач, бальшыня, лецішча, наступант.

Такім чынам, нягледзячы на супярэчлівасць сучасных працэсаў, намінатыўная сістэма беларускай мовы развіваецца дынамічна, у адпаведнасці з патрэбамі моўнай практыкі. Усе гэта стварае добрыя перспектывы для паспяховага выкарыстання беларускай мовы ва ўсіх камунікатыўных сферах сучаснага грамадства. Безумоўна, усё гэта вымагае неадкладнай стабілізацыі літаратурных норм у сферы словаўжывання, словазмянення і асабліва правапісу.

Што ж датычыцца праблемы рэальнага карыстання беларускай мовай, то тут перспектывы значна больш сціплыя. Нават пры самых спрыяльных умовах, відаць, нельга разлічваць, што беларуская мова ў бліжэйшы час зможа заняць належнае месца ў такіх грамадскіх сферах зносін, як дзяржаўнае кіраванне, справаводства, вышэйшая адукацыя, сродкі масавай інфармацыі, рэклама. Гэта справа больш працяглага перыяду і вымагае вельмі абдуманых і ўзважаных крокаў не толькі з боку грамадскасці, але і з боку дзяржаўных структур.

Таму невыпадкова, што для значнай часткі грамадзян Рэспублікі Беларусь беларуская мова сёння з'яўляецца не столькі рэальным сродкам зносін, колькі сімвалам нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Менавіта гэта адлюстроўваюць дадзеныя перапісаў насельніцтва. Так, паводле апошняга перапісу насельніцтва 1999 года беларускую мову ў якасці роднай назвалі 85,6% беларусаў, 9,1% рускіх, 67,1% палякаў, 14,3% украінцаў. Усё гэта сведчыць аб тым, што са змяншэннем ролі беларускай нацыянальнай мовы як сродку камунікацыі паміж членамі грамадства ўсё больш прыкметнай, самастойнай і актуальнай становіцца функцыя беларускай мовы як сімвала нацыянальнай самаідэнтыфікацыі асобы. Гэтую акалічнасць адлюстроўваюць прыведзеныя лічбы. Разам з тым, яны даюць падставы для «асцярожнага» («стрыманага») аптымізму адносна перспектыў выкарыстання беларускай мовы. Хаця значная колькасць насельніцтва Беларусі і не карыстаецца сёння актыўна беларускай мовай у сваей дзейнасці, аднак лаяльна ставіцца да яе, лічыць сваёй роднай мовай. Менавіта гэтая функцыя нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларускай мовы ў двухмоўным грамадстве, як уяўляецца, можа і павінна адыграць галоўную ролю ў захаванні яе статуса як поўнафункцыянальнай мовы тытульнай нацыі Рэспублікі Беларусь і з'яўляецца базай для пашырэння ў найбольш важныя і ўплывовыя сферы ўжытку.

 

 

Поделиться:





Читайте также:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...