Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

§ 27. Вялікая і малая літары ў назвах органаў дзяржаўнай улады і арганізацый




§ 27. Вялікая і малая літары ў назвах органаў дзяржаўнай улады і арганізацый

1. З вялікай літары пішуцца:

першае слова ў састаўных найменнях органаў дзяржаўнай улады і арганізацый (іх аднаслоўныя адпаведнікі): Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь (Мінэканомікі), Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь (Белтэлерадыёкампанія), Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт (Мінгарвыканкам), Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Мінскі абласны (гарадскі, раённы) выканаўчы камітэт, Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча, Мінскі трактарны завод, Новалукомская дзяржаўная раённая электрастанцыя, Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь, Мірскі замак, Дом культуры (пісьменнікаў, афіцэраў, чыгуначнікаў), Палац прафсаюзаў (культуры, спорту), Мінскі кафедральны сабор, Мінскі касцёл і кляштар езуітаў, Еўрапейскі саюз (Еўрасаюз), Арганізацыя краін-экспарцёраў нафты, Сусветны паштовы саюз, Міжнародны алімпійскі камітэт, Міжнародная авіяцыйная федэрацыя;

усе словы ў састаўных афіцыйных поўных уласных назвах вышэйшых органаў дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь, іншых краін і вышэйшых сусветных арганізацый: Савет Міністраў (Урад) Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны Сход (Парламент) Рэспублікі Беларусь, Савет Рэспублікі Нацыянальнага Сходу (Парламент) Рэспублікі Беларусь, Палата Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу (Парламент) Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўная Дума (Расійская Федэрацыя), Нацыянальны Кангрэс (Злучаныя Штаты Амерыкі), Усекітайскі Сход Народных Прадстаўнікоў, Сусветны Савет Міру;

простыя і састаўныя ўласныя назвы ў складзе ўласных найменняў органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў: Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр балета Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны літаратурны мемарыяльны музей Якуба Коласа, Парламенцкая асамблея Савета Еўропы, Таварыства Чырвонага Крыжа, Савет Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН), Міжнародны суд Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТА).

2. З малой літары пішуцца назвы саветаў (вучоных, навуковых, па абароне дысертацый і інш. ): вучоны савет філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

§ 28. Вялікая і малая літары ў назвах асоб па пасадах, званнях, тытулах

З вялікай літары пішуцца:

словы або спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца афіцыйнымі назвамі асобы па вышэйшых дзяржаўных і рэлігійных пасадах: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, Старшыня Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь, Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінска-Маладзечанскай мітраполіі і апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі, Апостальскі Візітатар, Кароль Іярданіі, Каралева Аб’яднанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Імператар Японіі, Папа Рымскі, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі, Далай-Лама. У неафіцыйным ужыванні словы прэзідэнт, міністр, старшыня пішуцца з малой літары: Выступае прэзідэнт суседняй краіны. На нарадзе прысутнічаў міністр;

словы або спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца назвамі асобы па вышэйшых дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь і іншых краін (акрамя слова кавалер): Герой Беларусі, Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы, Георгіеўскі кавалер, кавалер ордэна Ганаровага Легіёна;

у розных афіцыйных пасланнях, лістах з вялікай літары пішацца займеннік Вы як форма ветлівага звароту да адной асобы;

з вялікай літары ў асобным стылістычным ужыванні могуць пісацца такія агульныя назвы, як Радзіма, Айчына, Чалавек (у значэнні чалавецтва);

словы ў назвах бакоў у дагаворах, пагадненнях, кантрактах: Высокія Дагаворныя Бакі, Аўтар і Выдавецтва, Заказчык і Выканаўца.

§ 29. Вялікая літара ў назвах дзяржаўных і нацыянальных

сімвалаў, помнікаў, рэліквій, узнагарод, прэмій, ордэнаў,

грамат, прызоў

З вялікай літары пішуцца:

словы Дзяржаўны, Сцяг, Герб, Гімн і ўсе словы ў назве краіны ў складзе назваў дзяржаўных сімвалаў: Дзяржаўны Сцяг Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны Герб Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны Гімн Рэспублікі Беларусь;

усе словы (акрамя агульнай назвы) у назвах дзяржаўных і нацыянальных, ваенных і культурных рэліквій, помнікаў: Сцяг Перамогі, Крыж Ефрасінні Полацкай, Курган Славы, Курган Бессмяротнасці, Востраў Слёз, Помнік Перамогі;

першае слова ў назвах дзяржаўных узнагарод, дзяржаўных і міжнародных прэмій, грамат, кубкаў і інш.: Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь, Ганаровая грамата Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міжнародная прэмія Міру, Нобелеўская прэмія, Кубак свету, Кубак федэрацыі (тэніс), Каралеўскі кубак;

усе словы ў назвах ордэнаў (акрамя слоў медаль, ордэн і ступень): медаль Залатая Зорка Героя Савецкага Саюза, Залатая Зорка Героя Сацыялістычнай Працы, Залатая Зорка Героя Беларусі, ордэн Айчыны І (ІІ, ІІІ) ступені, ордэн Маці, ордэн Пашаны, ордэн Славы І (ІІ, ІІІ) ступені, ордэн Францыска Скарыны, ордэн Ганаровага Легіёна (Францыя), Георгіеўскі Крыж; але: ордэн Дружбы народаў.

 

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...