Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Правапіс вялікай і малой літар




ГЛАВА 6

ПРАВАПІС ВЯЛІКАЙ І МАЛОЙ ЛІТАР

§ 23. Агульныя правілы правапісу вялікай і малой літар

 

1. З вялікай літары пішацца:

першае слова ў сказе: Былі пагодныя дні. З сонцам ад рання да вечара, з сінім небам (I. Мележ). Уцякай, мароз-дзядуля! Чуеш ты, стары, ці не? (Я. Колас). Усю дарогу праз лес мяне суправаджала нябачная птушка тоненькім жалобным плачам. Што яна страціла? Па чым плакала? (I. Шамякін). Найсмачнейшыя цяпер брусніцы – як вінныя яблыкі... Яны на пасецы растуць шышкамі. Як бабок на балоце                  (І. Пташнікаў);

першае слова пасля клічніка, якім выдзяляецца зваротак, а таксама выклічнік у пачатку сказа: Зямля Беларусі! Табой мы сагрэты, ніколі не сходзіш ты з нашых вачэй (П. Броўка). А-я-яй! Хто ж бы гэта мог падумаць! Гэтакі, здаецца, чалавек!.. ( К. Крапіва);

першае слова ва ўстаўных сказах-рэмарках, якія падаюцца ў дужках у пачатку тэксту і пасля кропкі, клічніка, пытальніка і шматкроп’я ў канцы сказа: Гарлахвацкі. Не толькі сакрэт, а дзяржаўная тайна. (Ідзе ў свой кабінет. ) (К. Крапіва). Я размяк. (Душа ў паэта чулая. ) (П. Панчанка). С ы м о н. Калі пытаюся, то няхай кажа! (Да Данілкі. ) Ну! Чуеш ці не? (Я. Купала). С ы м о н. А хто будаваў гэтай вось сякерай? (Трасе сякерай. ) (Я. Купала). Д а н і л к а. Я ж табе, мама, казаў! Зоська пайшла… (Глянуўшы на матку, не дагаворвае. ) (Я. Купала).

2. Па традыцыі з вялікай літары пачынаецца кожны новы радок (першае слова) у вершаваных тэкстах:

                      Дагарэў за брамай небакрай,

Месяц паміж воблачкаў плыве,

Выйду зноў, як у мінулы май,

Басанож прайдуся па траве.

                                              (У. Караткевіч).

3. З вялікай літары пішацца першае слова пасля двукроп’я:

у пачатку простай мовы: Ён падумаў: «Ніхто цябе не бачыць, ніхто не ведае, якая ты слаўная і мілая, – і дадаў: – Дурні яны! » (Я. Колас). Уладзімір Святаслававіч паслаў да полацкага князя Рагвалода сказаць: «Хачу дачку тваю ўзяць за жонку». Рагвалод спытаў у дачкі: «Ці хочаш ісці за Уладзіміра? » Яна адказала: «Не хачу разуць сына рабыні, а хачу за Яраполка» (М. Ермаловіч);

у пачатку цытаты, якая з’яўляецца самастойным сказам: П. Глебка з поўнай падставай пісаў: «Лірычную плынь унёс у нашу празаічную мову М. Лынькоў» («ЛіМ»);

у сцвярджальнай частцы рашэння, пастановы, рэзалюцыі, пратакола, акта, выпіскі з дакумента і інш.

Напрыклад:

Пастанавілі:

Зацвердзіць справаздачу рэвізійнай камісіі аб фінансавай дзейнасці прафкама

(з пратакола прафсаюзнага сходу).

З арыгіналам згодна:

Сакратар выканкама         (подпіс)

(з копіі дакумента).

4. Калі цытата ўключаецца ў просты ці складаны сказ у якасці яго граматычнай часткі, тады яна пачынаецца з малой літары: Якуб Колас справядліва ўказваў, што «родная мова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет» («ЛіМ»). Паводле глыбокага пераканання Дубоўкі, моўныя скарбы – у народзе, «настаўнікаў, мудрэйшых, чым народ, не бывае» («Беларуская мова. Энцыклапедыя»).

5. Пішацца з малой літары:

першае слова пасля шматкроп’я, калі яно стаіць у сярэдзіне сказа і абазначае прыпыненне ў маўленні: Зямля... зямля... туды, туды, брат, будуй яе... ты дай ёй выгляд... . Колас). Т у л я г а. Толькі я хацеў запытацца ў вас, ці не будзе гэта... подласцю? (К. Крапіва). А што вы скажаце на крытыка, Іван Ант.., выбачайце, Мацвеевіч? (З. Бядуля);

першае слова ў сярэдзіне сказа пасля шматкроп’я, якое абазначае, што частка гэтага сказа апушчана: З невялікай і чыстай крыніцы лірычнага пачуцця... пачынаецца раман-паэма аб жыцці беларускага простага люду (А. Адамовіч);

першае слова пасля клічніка, калі ён стаіць у сярэдзіне сказа:       І кожны, хто мяне спытае, пачуе толькі адзін крык: што хоць мной кожны пагарджае, я буду жыць! – бо я мужык! . Купала);

першае слова ў словах аўтара, якія ідуць пасля простай мовы з клічнікам, пытальнікам або шматкроп’ем: «Надзя! Надзейка!.. » – кліча жалейка (П. Броўка). – У школу я больш не пайду!.. – Як гэта – не пайду? А куды ты пойдзеш? – абурыўся Сяргей (I. Шамякін);

першае слова ў рэмарках да слоў дзейнай асобы, калі рэмарцы не папярэднічае кропка, клічнік, пытальнік ці шматкроп’е пасля гэтых слоў: Г а р л а х в а ц к і. А можа, і праўда бландзінка. Значыць, яна гэтае самае (круціць рукой каля валасоў) пабландзінілася, а я і не заўважыў        (К. Крапіва).

§ 24. Вялікая і малая літары ў асабовых назвах

1. З вялікай літары пішуцца:

імёны, імёны па бацьку, прозвішчы, псеўданімы, мянушкі, а таксама дадатковыя азначэнні пры гэтых назвах: Іван, Янка, Ясь, Яська, Ваня; Ганна, Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас), Іван Дамінікавіч Луцэвіч (Янка Купала), Алаіза Пашкевіч (Цётка), Сымон Якаўлевіч Баранаў (Сымон Баранавых); Алесь Булавешка, Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька, Казімір Чацвёрты Ягелончык, Іаан Багаслоў, Кірыла Тураўскі; Віктор Гюго, Джэк Лондан, Вольфганг Моцарт; Дон Кіхот, Дон Жуан, Сімяон Полацкі, Нестар Летапісец;

кожнае імя ў састаўных імёнах і прозвішчах, калі яны пішуцца асобна або праз злучок: Эрых Марыя Рэмарк, Іаган Себасцьян Бах, Джон Ноэль, Ханс Крысціян Андэрсен, Джавані Джакома Казанова, Жак Іў Кусто, Марыя-Луіза-Жазэфіна (каралева Этрурыі); Вікенцій Дунін-Марцінкевіч, Марыя Складоўская-Кюры;

прозвішчы, а таксама імёны ў множным ліку, калі яны выступаюць як назва роду, групы асоб ці ўжываюцца ў значэнні агульнай назвы: Міцкевічы, браты Гарэцкія, маёнтак Тышкевічаў, род Радзівілаў, абодва Жукі, бязродныя Іваны; Гагарыны, Заслонавы;

часткі састаўных асабовых імёнаў кітайцаў, карэйцаў, в’етнамцаў, бірманцаў, інданезійцаў, тайландцаў, цэйлонцаў, японцаў: Ань Лушань, Ван Янмінь, Сунь Ятсен, Тао Юаньмінь, Цзян Гуанцы (Кітай); Ан Чхан Хо, Чхве Чxі Вон, Пак Ін Но (Карэя); Нгуен Фук Ань, Нгуен Чай (В’етнам); Пі Маў Нін, Такін Кода Хмайн (Бірма); Сутан Такдыр Алішахбана, Прамудзья Ананта Тур, Утуі Тутанг Сантані (Інданезія); Кулаб Сайпрадыт, П’я Тасін (Тайланд); Карахара Карахіта (Японія);

пачатковыя часткі Ібн, Бен, Шах-, Мак-, Сан-, Сант-, Сент-, Сен-, Тэр- у іншамоўных асабовых імёнах, якія пішуцца асобна, разам або далучаюцца да іх праз злучок, а таксама пачатковыя О’, Д’, якія пішуццапраз апостраф: Ібн Сіна, Бен Алі, Шах-Джахак, Мак-Доўэл, Мак-Кінлі, Сан-Мартын, Сант-Эліё, Сент-Эцьен, Сен-Жуст, Тэр-Петрасян, О’Генры, Д’Аламбер, Д’Артаньян;

мянушкі жывёл, птушак і іншых істот: конь Варанок, карова Красуля, сабака Рэкс, кот Кузя, курыца Рабка, папугай Гоша;

прыналежныя прыметнікі, утвораныя ад асабовых імён і мянушак розных істот пры дапамозе суфіксаў -ов-, -оў (-ав-, -аў), -ёв-, ‑ ёў (-ев-, -еў), -ын-, -ін-: Кузьмоў сусед, Скарынава біблія, Багдановічаў верш, Міхасёвы прыгоды, Васілёў голас, Зосьчыны бацькі, Рагуліна малако;

адносныя прыметнікі, утвораныя ад імён і прозвішчаў, псеўданімаў, калі такія прыметнікі ўваходзяць у склад састаўных уласных назваў у якасці пачатковага слова: Купалаўская прэмія (прэмія імя Янкі Купалы), Нобелеўская прэмія, Коласаўская стыпендыя (стыпендыя імя Якуба Коласа), Гарэцкія чытанні (чытанні, прысвечаныя Максіму Гарэцкаму), Варфаламееўская ноч (вядомая гістарычная падзея ў Парыжы ў ноч святога Варфаламея), Маркаўскія рады (тэрміналагічная назва ў матэматыцы).

2. Пішуцца з малой літары:

агульныя назвы людзей, прадметаў, рэчываў і хімічных элементаў, адзінак вымярэння, якія ўтварыліся на аснове асабовых ігеаграфічных назваў: донжуан (быў донжуанам), донкіхот (такі донкіхот), эскулап; бефстроганаў, браўнінг, дызель, кацюша, маўзер, маргарытка, наган, такай, форд, фрэнч, шавіёт; морфій, амерыцый, палоній, уран, фермій; ампер, вольт, джоўль, ом, рэнтген, фарада;

асабовыя назвы (прозвішчы, імёны і інш. ) у форме множнага ліку, калі іх ужыванне выяўляе пагардлівыя, зневажальныя адносіны: гарлахвацкія, заблоцкія, кручковы, пісулькіны, тулягі;

назвы чалавека, утвораныя ад асабовых імёнаў, што паказваюць яго прыналежнасць або прыхільнасць да каго-, чаго-небудзь: гегельянец, купалавец, магаметанін, махновец, талстовец;

прыметнікі, утвораныя ад асабовых назваў, якія ўжываюцца ў складзе ўстойлівых спалучэнняў з назоўнікамі (фразеалагізмаў) або ў складзе састаўных агульных назваў са значэннем адпаведнай адноснай прыкметы: эзопаўская (эзопава) мова, пірава перамога, ахілесава пята, танталавы мукі, шамякаў суд, бальзакаўскі ўзрост, броўнаўскі рух, гегелеўская дыялектыка, купалаўскі верш, напалеонаўскія планы, гітлераўская ідэалогія, дэголеўская Францыя, рэнтгенаўскі здымак, сідарава каза;

часткі ван, да, дзі, дзю, дон (донна), дэ, дэр, ле, ло, фон, эль інекаторыя іншыя ў іншамоўных асабовых назвах: Людвіг ван Бетховен, Леанарда да Вінчы, Кола дзі Рыёнца, дзю Гар, дон Фердынанд, Лопэ дэ Вега, ле Карбюзье, Ота фон Шанхаўзен (Бісмарк); але ў асабовых назвах літаратурных герояў (Дон Кіхот, Дон Хуан), а таксама ў некаторых выпадках у прозвішчах і імёнах пішуцца з вялікай літары: Дзі Віторыё, Дэ Лонг, Ван Гог, Эль Грэка, Ла Баэсі;

часткі ага, ад, ал, ас, ар, аш, бей, бек, задэ, аглы, уль, зуль, кызы, аль, паша, хан, шах, эд, эль і некаторыя іншыя ў іншамоўных асабовых назвах, якія падаюцца звычайна пасля назвы або перад ёй і пішуцца праз злучок: Ібрагім-ага, Амар аш-Шарыф, Ібрагім-бей, Амад-задэ, Турсун-задэ, Кёр-аглы, Мамед-аглы, Сейф уль-Іслам, Зульфія-кызы Амад эд-Дзін, Седах зуль-Факар, Сулейман-паша, Махамед эль-Куні і інш.

§ 25. Вялікая і малая літары ў назвах асоб, звязаных з рэлігіямі,

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...