§ 36. Складаныя лічэбнікі. § 37. Прыслоўі
§ 36. Складаныя лічэбнікі 1. Пішуцца разам: складаныя колькасныя лічэбнікі, апошняй часткай якіх з'яўляецца -дзясят, -сце, -ста, -сот: шэсцьдзясят, дзвесце, трыста, пяцьсот; складаныя парадкавыя лічэбнікі, апошняй часткай якіх з'яўляецца -дзясяты, -соты, -тысячны, -мільённы і інш.: пяцідзясяты, трохсоты, двухтысячны, сямімільённы, пяцімільярдны, двухсотпяцідзесяцівасьмі-мільённы і інш. 2. Асобна пішуцца састаўныя колькасныя, парадкавыя і дробавыя лічэбнікі: сто дваццаць пяць, трыццаць тры, тысяча пяцьсот адзін, сто дваццаць пяты, трыццаць трэці, тысяча пяцьсот першы, два з паловай, пяць з чвэрткай, тры пятыя, пяць дзясятых, сем сотых. 3. Пішуцца праз злучок: парадкавыя лічэбнікі, напісаныя лічбамі, пры спалучэнні іх з канчаткамі, часткамі канчаткаў, састаўнымі часткамі ў выглядзе слоў: 25-ы, на 10-м км, 31-га, 10-мільённы, 18-мільярдны; лічэбнікі, напісаныя словамі або лічбамі, якія абазначаюць прыблізны лік: восем-дзесяць гадоў, дзве-тры гадзіны, сёмае-восьмае стагоддзе, 2-3 гады. У лічэбніках прыблізнага ліку замест злучка ўжываецца працяжнік, калі гэта складаныя і састаўныя лічэбнікі: праз трыццаць пяць – трыццаць сем год, 50 – 60-я гады. § 37. Прыслоўі 1. Пішуцца разам: прыслоўі, утвораныя ад прыслоўяў прыставачным спосабам: назаўтра, назаўсёды, назаўжды, назусім, намнога, наколькі, настолькі, нашмат, напаверх, насупраць, заўчора, залетась, паслязаўтра, пазаўчора, пазалетась, замнога, задоўга і інш. Ад такіх прыслоўяў трэба адрозніваць спалучэнні назоўнікаў з прыназоўнікамі, якія ўжываюцца ў значэнні дапаўнення. Назоўнікі з прыназоўнікамі пішуцца асобна: на смех (падняць), на заўтра (адкласці), за дзякуй (рабіць), да заўтра (скончыць); ад цямна да відна, з цямна да цямна, да ранку, у адно, па двое, па трое і інш.;
прыслоўі, якія ўтвораны са спалучэння прыназоўнікаў у і на з рознымі склонавымі формамі колькасных і зборных лічэбнікаў: удвая, утрая, удваіх, утраіх, утрох, учатырох, усемярых, удвух, удзвюх, усямёх, надвое, натрое; прыслоўі, утвораныя ад прыметнікаў прыставачна-суфіксальным спосабам: дабяла, дачыста, дасуха, дасыта, здалёку, звысоку, зрэдку, справа, сослепу, змоладу, змалку, злёгку, паблізу, папросту, паціху, падоўгу, пароўну, улева, управа, навечна, надоўга, насуха, зажыва, зацемна, а таксама заадно, наўдалую, ушчыльную, урассыпную, упустую, збольшага, нашто, навошта, нізашто, потым, надта, зусім, затым, прытым і інш. 2. Пішуцца праз злучок словы па-першае, па-другое, па-трэцяе і г. д., а таксама ўтвораныя ад прыметнікаў і займеннікаў прыслоўі, якія пачынаюцца з па- і заканчваюцца на -ку, -і (-ы), -аму, (-яму), -ому (-ему, -йму): па-гаспадарску, па-беларуску, па-латыні, па-бацькоўску, па-чалавечы, па-хлапечы, па-добраму, па-ранейшаму, па-даўняму, па-веснавому, па-мойму, па-свойму і інш. 3. Трэба адрозніваць: прыслоўі нашто, нізашто, зусім, затым ад спалучэнняў займеннікаў з прыназоўнікамі: на што, ні за што, з усім, за тым: нашто ты зрабіў? (з якой мэтай) – ён не разумеў, на што згадзіўся (на якое дзеянне); нізашто не скажа (ні пры якой умове) – працаваў ні за што (без аплаты). 4. Пішуцца разам прыслоўі, якія ўтвораны ў выніку спалучэння: прыназоўнікаў і склонавай формы назоўнікаў, якая не ўжываецца ў літаратурнай мове: бесперастанку, дашчэнту, досыць, замуж, запанібрата, знячэўку, знянацку, навобмацак, наогул, напагатове, напавал, напалам, наперакор, наперарэз, напрост, напярэймы, нарасхват, нараспеў, насторч, насцеж, наўздагон, наўздзіў, наўпрост, наўскос, наўцёк, неўзабаве, неўпапад, неўспадзеўкі, паасобку, паблізу, спакон, уваччу, удоўжкі (удоўж), упокат, употай, усутыч і інш.;
прыназоўнікаў з формамі назоўнікаў і іншых часцін мовы, калі да падобнай формы назоўніка не можа быць далучана азначэнне або пастаўлена склонавае пытанне з адпаведным прыназоўнікам: апоўдні, апоўначы, даволі, дадому, замужам, зроду, наадварот, наадрэз, накрыж, напаказ, напалавіну (напалову), напераменку, напракат, напралом, напрыклад, насілу, насмерць (але: не на жыццё, а на смерць), наўдачу, навек, паволі, падрад, падчас, пакрысе, увосень, уброд, уголас, удзень, углыб, упершыню, уранку, уранні, уразброд, усур'ёз і інш.; прыназоўнікаў з формамі назоўнікаў верх, ніз, перад, зад, бок, гара, высь, даль, век, пачатак, раз, ноч, вечар, раніца і некаторых іншых пры адсутнасці пры іх азначэння або дапаўнення: зверху, наверх, уверх, уверсе, данізу, знізу (але: з верху да нізу), наніз, унізе; наперад, уперад, уперадзе; ззаду, назад, узад; збоку, набок, убок, убаку; дагары, згары, угары, угару; увысь; удалеч; навек, навекі; спачатку, упачатку; адразу, ураз; уночы, поначы, звечара (але: з вечара да ранку); надвечар, увечары; зранку (але: з ранку да вечара), уранку. 5. Пішуцца разам прыслоўі таксама, гэтаксама, штодзень, штоноч (штоночы), штовечар (штовечара), штотыдзень (штотыдня), штомесяц, штогод і інш. 6. Трэба адрозніваць ад прыслоўяў спалучэнні прыназоўнікаў з назоўнікам пры наяўнасці паясняльнага слова: на верх гары, на ніз ямы, у высь завоблачную, у даль палёў, на векі вечныя, у пачатку года, з пачатку вясны. 7. Асобна пішуцца прыназоўнік у і склонавая форма поўнага прыметніка ў значэнні прыслоўя, калі яна пачынаецца з галоснай: у адкрытую. 8. Пішуцца асобнаблізкія па значэнні да прыслоўяў спалучэнні назоўніка з прыназоўнікам: калі паміж прыназоўнікам і назоўнікам можна паставіць азначэнне: у момант (у адзін момант), у тупік (папаў у такі тупік, што не выбрацца), да астатку (да самага астатку); калі назоўнік у пэўным (адным) значэнні захаваў хаця б некаторыя склонавыя формы з прыназоўнікамі (за выключэннем назоўнікаў верх, ніз, перад, зад, бок, гара, высь, далеч, век, пачатак, раз, ноч, вечар, ранак і інш. ): падпаху, пад пахі, пад пахамі; па часе, да часу, з часам, у час; праз меру, у меру, па меры; на памяць, на памяці, па памяці; на руку, не з рукі; да душы, па душы; у пару, да пары, не ў пару; за мяжой, за мяжу, з-за мяжы; за граніцай, з-за граніцы.
9. Пішуцца асобна наступныя блізкія па значэнні да прыслоўяў спалучэнні назоўнікаў з прыназоўнікамі: без: без упынку, без аглядкі, без разбору, без развагі, без толку, без канца; але: бясконца, безупынна, безаглядна, безразважна, бесталкова; да: да адвалу, да зарэзу, да ўпаду, да смерці; на: на баку, на хаду, на ляту, на скаку, на віду, на відавоку, на смак, на слых, на вока, на грэх, на дзіва, на славу, на смех, на гвалт, на злосць, на жаль; з: з налёту, з разбегу, з разгону, з размаху, з наскоку, з ходу, з гарачкі. 10. Пішуцца асобна: спалучэнні адмоўяў не і ні з прыназоўнікавымі формамі назоўнікаў: не ў меру, не ў пару, не ў лад, не пад сілу, не да смеху, не да спеху, не да смаку, не да твару, не на жарт, ні на ёту, ні за грош; спалучэнні назоўнікаў, якія пачынаюцца галоснай, з прыназоўнікам у: у абхват, у абдымку, у абмен, у абрэз, у адзіночку, у абцяжку, у імгненне і інш.; выразы: усё роўна, усё адно, як бачыш, як след, як мага і інш. ; але: якраз.
Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|