Аналіз мастацкага твора. Прынцыпы аналізу.
Аналіз мастацкага твора. Прынцыпы аналізу. Аналіз – гэта метад навуковага даследавання, пры якім прадмет вывучэння раскладваецца на састаўныя часткі ці ўяўна расчляняецца шляхам лагічнай абстракцыі. Прааналізаваць твор – г. зн. знасці той узровень зносін з мастацтвам, калі адбываецца пераход ад успрымання да мастацкіх абагульненняў. Аналіз мастацкага твора займае найбольш часу, які вылучаецца школьнай праграмай. На яго можа адводзіцца частка ўрока, цэлы ўрок або нават некалькі ўрокаў. Ён ўзбагачае школьнікаў новымі ведамі, паглыбляе іх літаратурнае развіццё. Школьны аналіз мастацкіх твораў заснаваны на літаратуразнаўчым, але істотна адрозніваецца ад яго і мае сваю спецыфіку. Сутнасць галоўнага адрознення заключаецца ў навучальным характары, у тым, што школьны аналіз педагагічна арыентаваны. Калі ў літаратуразнаўчым даследаванні ў цэнтры ўвагі можа быць адзін аспект аналізу, то школьны аналіз часцей за ўсё бывае комплексным, у ім выдзяляюцца найбольш істотныя бакі ідэйна-мастацкага зместу твора. Спецыфіка школьнага аналізу выяўляецца праз дыдактычныя метады, сярод якіх важнейшае значэнне мае мэтанакіраванасць аналізу (наяўнасць скразной ідэі). Прынцыпы аналізу: навуковасць, адзінства зместу і формы, улік узроставых асаблівасцей, адзінства эмацыянальнага і рацыянальнага, адзінства навуковай логікі і творчага натхнення, выхаваўчы і развіццёвы аналіз, праблемнасць. Асноўныя патрабаванні да аналізу мастацкага твора падзяляюцца на агульныя і непасрэдныя. Агульныя патрабаванні: - узбагаціць новымі ведамі, - паглыбіць літаратурнае развіццё, - фармаваць чытацкія ўменні (культуру чытання),
- садзейнічаць набыццю этычнага вопыту, - развіваць мову, камунікатыўныя навыкі, - садзейнічаць выхаванню асобы, - развіваць творчыя здольнасці. Непасрэдныя патрабаванні: - асэнсавана чытаць, - вызначаць асноўную праблематыку, - вызначаць спецыфіку жанру, сюжэта, кампазіцыі, - бачыць аўтарскую пазіцыю, - характарызаваць вобразы, сістэму вобразаў, супастаўляць іх, - характарызаваць спецыфіку мовы, ролю выяўленчых сродкаў, - умець абгрунтоўваць сваю ацэнку прачытанага. Для старэйшых класаў дзейнічаюць вышэйназваныя патрабаванні, а таксама вылучаюцца яшчэ і наступныя: - бачыць узаемасувязь з гістарычнымі умовамі і грамадскімі праблемамі, - арактарызаваць светапогляд і эстэтычныя ідэалы аўтара, - бачыць індывідуальнасць творчай манеры пісьменніка, Школьны аналіз – гэта складаны від прафесійнай дзейнасці настаўніка. Нават самая дасканалая методыка не дае вычарпальных рэкамендацый у гэтым напрамку. Падрыхтоўчым этапам да аналізу мастацкага твора з’яўляецца вызначэнне асноўных кірункаў:
Існуе тыповы парадак аналізу твора 1. Уступныя заняткі. 2. Чытанне мастацкага твора. 3. Праверка правільнасці ўспрымання. 4. Слоўнікавая праца. 5. Пераказ. 6. Складанне планаў. 7. Уласна аналіз: тэматыка, праблематыка, ідэйная накіраванасць, эмацыйны пафас, жанравая своеадметнасць, асноўныя мастацкія вобразы ў іх сістэме і ўнутраных сувязях, цэнтральныя персанажы, сюжэт і асаблівасці пабудовы канфлікту, пейзаж, партрэт, дыялогі і маналогі персанажаў, інтэр’ер, атмасфера дзеяння, моўны лад твора (аўтарскае апісанне, апавяданне, адступленне, разважанне), кампазіцыя сюжэта і асобных вобразаў, агульная архітэктоніка твора.
8. Заключныя заняткі. 9. Навучанне выразнаму чытанню*. 10. Завучванне на памяць*. 11. Творчыя заданні, пісьмовыя працы. * Пункты 9, 10 – пры неабходнасці. Гэтыя агульныя метадычныя палажэнні павінны своеасабліва рэалізоўвацца ў кожным канкрэтным выпадку. Прынцыпы аналізу: навуковасць, адзінства зместу і формы, улік узроставых асаблівасцей, адзінства эмацыянальнага і рацыянальнага, адзінства навуковай логікі і творчага натхнення, выхаваўчы і развіццёвы аналіз, праблемнасць. Тыпы і віды аналізу Віды (тыпы) аналізу: аглядавы (аналіз цэлага твор, яго частак, вобразаў у агульным плане), выбарачна-накіраваны (аналіз твора, часткі, вобраза і інш з пункту гледжання асобных праблем і пытанняў), падрабязны (тэкстуальны), “скрыты” (з дапамогай творчых работ (ілюстрацый, кадрапланаў, сцэнарыяў), змешаны (свободна-накіраваны). Шляхі аналізу мастацкага твора ў школе. Шлях аналізу мастацкага твора – гэта адметная (спецыфічная) паслядоўнасць разбору, своеасаблівы ход, «сюжэт» разгляду літаратурнага твора. Сучасная методыка вылучае наступныя шляхі вывучэння мастацкага твора ў школе: “следам за аўтарам”, павобразны, праблемны, кампазіцыйны, камбінаваны. Шлях “Следам за аўтарам” самы распаўсюджаны. У аснове яго ляжыць аналіз асобных частак (эпізодаў, актаў, строф) у той паслядоўнасці, у якой яны размешчаны ў мастацкім творы. Чытаецца эпізод за эпізодам. Вучні сочаць за развіццём сюжэта, кампазіцыяй, вылучаюць цэнтральныя эпізоды, псіхалагічна матывуючы ўчынкі герояў. Пад кіраўніцтвам настаўніка вучні вядуць назіранне над ідэйным зместам, мовай твора. Яны прывучаюцца выяўляць адзінства часткі і цэлага, зместу і формы, асэнсоўваць узаемасувязь усіх элементаў твора, ідуць ад назіранняў над тэкстам да вывадаў і абагульненняў. Выбіраць яго варта, калі сюжэт твора мае паслядоўнае развіццё (без рэтраспекцый), калі твор складаны для самастойнага асэнсавання. Гэты шлях прыдатны пры вывучэнні лірыкі, драматычных, а таксама і эпічных твораў.
Названы шлях можна, да прыкладу, выкарыстоўваць пры вывучэнні такіх твораў, як “На каляды к сыну” Зм. Бядулі (6 клас), “Раманіха” Э. Ажэшкі (8 клас), “Шчасце” М. Танка, “Трэба дома бываць часцей” Р. Барадуліна (7 клас), “Хто смяецца апошнім” К. Крапівы (9 клас), трылогія “На ростанях” Я. Коласа. Напрыклад, шлях “услед за аўтарам” прапануе В. Я. Ляшук у сваім дапаможніку для настаўнікаў “Іван Мележ у школе” (2002) пры вывучэнні рамана “Людзі на балоце”. У перспектыўным планаванні (без уступнага і заключнага ўрокаў) гэта выглядае наступным чынам: 1. Аналіз першай часткі рамана. Каханне Ганны і Васіля. 2. Аналіз І – ІІІ раздзелаў другой часткі рамана. Палеская вёска 20-х гадоў. Вобразы Міканора і Апейкі. 3. Аналіз ІУ – У раздзелаў другой часткі твора. Яўхім і Халімон Глушакі. 4. Аналіз трэцяй часткі твора. Сватанне і вяселле Яўхіма і Ганны. Выдаткамі гэтага шляху з’яўляюцца яго неэканомнасць (патрабуе многа часу), вучні з аналітычнага даследавання могуць збівацца на простае каменціраванне, або часам падмяняць аналіз пераказам, а таксама наданне перавагі падзейнаму аспекту твора. Каб пазбегнуць ўзгаданых недахопаў, варта на ўроках прапаноўваць вучням арыентацыйную схему, якая будзе скіроўваць вучняў, на што неабходна акцэнтаваць увагу пры аналізе. Гэта схема можы быць запісана на дошцы або вывешвацца ў выглядзе стацыянарнай карткі. Яна будзе выглядаць наступным чынам: Аналізуючы раздзел, скіроўвайце ўвагу на тое, як у гэтай частцы развіваецца: - тэматыка, - праблематыка, - вобразы-персанажы, - асноўныя мастацкія вобразы ў іх сістэме і ўнутраных сувязях, - развіццё сюжэту і асаблівасці кампазіцыі, - моўны лад твора (аўтарскае апісанне, апавяданне, адступленне, разважанне). Павобразны – самы традыцыйны шлях аналізу мастацкага твора, паколькі вобразы-персанажы выяўляюць пазнавальную і выхаваўчую функцыю мастацтва з найбольшай паўнатой. Праз герояў, праз іх узаемаадносіны пісьменнік раскрывае свае думкі, выяўляе ідэалы, ставіць і вырашае надзённыя праблемы. Кожны тыповы характар – гэта мастацкае адкрыццё. Такім чынам, гэты від аналізу вядзецца так, што на першым плане аказваюцца вобразы герояў твора, маральныя калізіі, але гэта зусім не значыць, што ўсё астатняе застаецца па-за ўвагай. Аналіз усіх кампанентаў твора павінен уплятацца ў назіранні над вобразамі, уводзіцца ў сістэму пытанняў і заданняў. Такі шлях варта выкарыстацы пры аналізе такіх твораў, як “Жураўліны крык” В. Быкава, “Курган” Я. Купалы, “Паром на бурнай рацэ” і “Каласы пад сярпом тваім” У. Караткевіча і інш.
Гэты шлях таксама мае і свае пэўныя недахопы. У школьнай практыцы звесткі разбору вобраза зводзяцца часам да называння асобных рыс герояў і ілюстравання гэтых рыс цытатамі. Падобная схема ў аналізе можа быць пераадолена, па-першае, разбурэннем замкнутасці аналізу характару героя, суаднясеннем персанажа з усёй сістэмай вобразаў, па-другое, знаходжаннем своеасаблівага ключа да кожнага героя і кожнага характару. Так пры вывучэнні ў 11 класе рамана Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” павобразны шлях можа быць адлюстраваны ў наступным фрагменце перспектыўнага планавання. 1. Алесь Загорскі і сяляне (Кагуты і Корчак). 2. Алесь Загорскі і сям’я (Стары Вежа, Юры Загорскі, маці). 3. Алесь Загорскі і дваранства (Чорны Война, Раўбіч, Клейна; Кроер, Хаданскія). 4. Алесь Загорскі і канкрэтныя гістарычныя асобы (Кастусь Каліноўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, Т. Шаўчэнка і інш. ). Кампазіцыйны шлях уключае ў сябе падрабязнае вывучэнне мастацкай арганізацыі матэрыялу ў творы. У 6–7 класах такі аналіз праводзіцца праз складанне плана твора (простае пералічэнне частак), а таксама праз назіранне таго, як у паасобных частках твора выяўляецца адзіная мэтанакіраванасць. Пазней уключаецца аналіз кампазіцыйных кампанентаў твора. Школьнікі вучацца бачыць ролю розных кампанентаў у выяўленні ідэйнага зместу твора. У сярэдніх класах кампазіцыйны аналіз можа праводзіцца з выкарыстаннем наступнай табліцы:
У час запісу пунктаў плана і кампанентаў абавязкова робіцца кароткі аналіз (высвятленне) ролі кожнага кампанента ў выяўленні ідэйнага зместу твора, спецыфікі вобразаў. Кампазіцыйны аналіз садзейнічае раскрыццю ўсёй глыбіні майстэрства пісьменніка. Але выбраны для такога шляху твор павінен мець асаблівую кампазіцыйную аснову. Для ўзмацнення сэнсавага ўспрыняцця варта прапаноўваць вучням пасля прачытання твора паспрабаваць скласці схематычную сюжэтна-кампазіцыйную структуру твора. Школьная практыка паказвае, што пры выкарыстанні гэтага шляху паняцце кампазіцыі вучнямі часам ўсведамляецца толькі як развіццё сюжэта (экспазіцыя, завязка, развіццё дзеяння, кульмінацыя, развязка), што і з’яўляецца адным са слабых момантаў. Менавіта гэта і павінна быць пад пільнай увагай настаўніка, які, абіраючы такі шлях аналізу мастацкага твора, павінен давесці да сваіх навучэнцаў, з чаго складаецца паняцце кампазіцыі.
Кампазіцыя твора ўключае: · сюжэт, · групоўку вобразаў, · пазасюжэтныя элементы (лірычныя адступленні, апісанні), · устаўныя элементы (легенды, песні, лісты, дакументы і пад. ), · чляненне твора на часткі, · апавядальніка і яго ролю ў творы, · назву твора, · прысвячэнні, эпіграфы і г. д. Але нават пры выкарыстанні апоры настаўніку неабходна сачыць, каб не адбывалася звычайная накладка тэарэтычных кампазіцыйных паняццяў на саму тканіну твора, а арганізоўваць працу так, каб вучні, аналізючы змест, заўважалі, як размешчаны эпізоды, якая іх роля, чаму менавіта так пададзены яны пісьменнікам. Важна, каб вучні прыйшлі да высновы, што ў высокамастацкім творы ўсё гарманічна спалучана і нічога нельга апусць або пераставіць, не парушыўшы арыгінальнасці аўтарскай задумы. Эфектыўна разглядаць гэтым шляхам раман Кузьмы Чорнага “Пошукі будучыні”, аповесць Васіля Быкава “Аблава”, апавяданне “Плачка” Яна Баршчэўскага, паэмы “Песня пра зубна Міколы Гусоўскага і “Курган” Янкі Купалы, “Сымон-музыка” Якуба Коласа, ўлічваючы яскравасць сюжэтна-кампазіцыйных асноў гэтых твораў. Праблемна-тэматычны шлях артымаў сваё развіццё ў другой палове 60-х гадоў ХХ стагоддзя. Ён дазваляе пранікнуць у глыбіню ідэйнага зместу твора і стварае спрыяльную глебу для вучнёўскіх пошукаў і разважанняў. Пры праблемным вывучэнні мастацкага твора спалучаюцца два ракурсы: па-першае, увага канцэнтруецца на філасофскіх, сацыяльных, маральных, эстэтычных праблемах, якія раскрываюцца ў творы, па-другое, сама тэхналогія аналізу грунтуецца на праблемным навучанні, на стварэнні праблемных сітуацый, пастаноўцы праблемных пытанняў. Праблемны аналіз варта пачынаць звылучэння магістральнай праблемы твора, якая афармляецца ў цэнтральнае перспектыўнае пытанне. Вылучаная праблема павінна вырашацца ўсім ходам аналізу і весці да асэнсавання агульнай ідэйна-мастацкай канцэпцыі твора. Сістэма ўрокаў пры гэтым аналізе ўяўляе ланцужок звязаных паміж сабой праблемных сітуацый, у ходзе вырашэння якіх вучні пад кіраўніцтвам настаўніка асэнсоўваюць ідэйны змест, вобразы, мастацкую арыгінальнасць твора. Праблемная сітуацыя ствараецца шляхам пастаноўкі перспектыўнага праблемнага пытання і разгортваецца праз дабаўленне больш дробных (падпарадкаваных асноўнаму) пытанняў і заданняў. Гэтыя пытанні дапамагаюць не пакінуць без увагі ўсе аспекты твора. Праблемны аналіз, такім чынам, будуецца на сувязі пытанняў, кожнае з якіх вырашаецца ў проціборстве думак, і выхоўвае ў вучняў уменне аргументаваць, абараняць свой пункт гледжання, фармуляваць высновы. Літаратурны аналіз як бы выбудоўваецца намаганнямі саміх вучняў, іх творчага пошуку, але плённы ён тады, калі праблемныя пытанні патрабуюць увагі да сюжэта, кампазіцыі, вобразаў, аўтарскай пазіцыі і абуджаюць цікавасць вучняў. Выкарыстоўваючы гэты шлях, неабходна памятаць і пра тое, што вучні (а часам і настаўнік), працуючы над пэўнай пастаўленай праблемай, могуць разважаць сумарна і некалькі адцягнена, пакідаючы па-за ўвагай цэласнасць мастацкага палатна і іншыя, больш вузкія, праблемы, ўзнятыя аўтарам у творы. Каб недапусціць названых недахопаў, настаўніку варта дэталізоўваць і канкрэтызаваць вузлавыя праблемныя пытанні. Названым шляхам можна вывучаць такія творы, як “Шчасце” М. Танка, “Чалавеку патрэбна не слава... ” С. Грахоўскага, “Тутэйшыя” Янкі Купалы, “Memento mori” Я. Брыля, “Знак бяды” В. Быкава і інш. Адразу пасля прачытання твора павінна быць прапанавана пытанне (шэраг пытанняў), пошукі адказу на якое вызначаць увесь наступны алаліз твора. Такое пытанне з’яўляецца перспектыўным або вузлавым. Сярод праблемных пытанняў пры вывучэнні аповесці Васіля Быкава “Знак бяды” могуць быць наступныя: 1. У чым бачыў Васіль Быкаў маральныя асновы чалавечых паводзін, свабоду маральнага выбару ў самыя драматычныя моманты жыцця? 2. Пятрок і Сцепаніда Багацькі: ахвяры ці героі? 3. Выпадковы ці заканамерны прыход на службу да фашыстаў Гужа, Каландзёнка і Недасекі? 4. З якой мэтай у творы выкарыстаны прыём рэтраспекцыі? 5. Чаму Васіль Быкаў паставіў знак роўнасці паміж фашызмам і сталінізмам? Мастацкая сімволіка твора: якая і для чаго? Шлях камбінаваны ўяўляе сабойспалучэнне некалькіх шляхоў. Такі шлях аналізу выкарыстоўваецца пераважна пры вывучэнні вялікіх эпічных твораў.
Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|