Асаблівасці ўрокаў па вывучэнню драматычных твораў. Улік спецыфікі драматычнага роду і драматычных жанраў.
Асаблівасці драмы як роду літаратуры. Найменш чытабельнымі сярод твораў розных родаў літаратуры з’яўляюцца драматычныя Рэчаіснасць адлюстроўваецца ў драме ў своеасаблівых тэатральных формах, і канчатковая мэта для драматурга – стварыць «тэатральнае перажыванне». Такім чынам, цяжкасць успрымання драматычных твораў у многім абумоўлена складанасцю драмы як роду літаратуры і яе спецыфікай. Адна з асаблівасцей драматычных твораў – сцэнічнасць, іх тэатральнае прызначэнне. Сцэнічнасць, тэатральнае прызначэнне драматычных твораў даюць падставу гаварыць аб выкарыстанні спецыяльнай методыкі пры іх вывучэнні. Драматычны твор часцей за ўсё вывучаецца так, як і эпічны У лепшым выпадку настаўнік пры заканчэнні вывучэння тэмы паведамляе сцэнічную гісторыю п’есы, а з так званых «тэатральных» прыёмаў, якія павінны дапамагаць абуджаць фантазію, развіваць уяўленне, вобразнае мысленне, выкарыстоўвае толькі чытанне па ролях. Драма адлюстроўвае найбольш вострыя супярэчнасці жыцця, для яе характэрны большая канцэнтрацыя падзей, чым у эпасе, дынамічнасць, напружанасць дзеяння. Спецыфіка ж драматычнага дзеяння вызначаецца канфліктам. Выяўленне канфліктнасці драматургічнага дзеяння і ёсць тая першасная задача, на якую павінны быць накіраваны намаганні настаўніка і вучняў у працэсе вывучэння п’есы. У драматычным творы вобразы людзей характарызуюцца выключна праз іх учынкі, перажыванні, мову. Мова п’есы наогул надзвычай дзейсная, у ёй канцэнтравана выражаюцца пачуцці і думкі дзеючых асоб, таму вельмі важна звярнуць увагу вучняў на дыялогі, маналогі, падтэкст. Адметнасць драматычных твораў і ў тым, што аўтар не можа актыўна, яўна ўмешвацца ў ход падзей, даць разгорнуты каментарый або апісанне прыроды, штосьці «дагаварыць» за героя, псіхалагічна абгрунтаваць, ацаніць яго ўчынак, а ў асноўным абмяжоўваецца кароткімі рэмаркамі. Аўтарская пазіцыя ў п’есах завуаліравана больш, чым у творах іншых жанраў, і пры няўважлівым чытанні выявіць яе нялёгка, а гэта, зноў-такі, абцяжарвае ўспрыманне драматычных твораў вучнямі. Акрамя таго, адсутнасць умення бачыць аўтарскае «я» не толькі адбіваецца на аб’ектыўнасці ацэнкі твора, але і запавольвае працэс літаратурнага развіцця школьнікаў, якія залішне доўга застаюцца наіўнымі рэалістамі.
Арганізацыя чытання драмы і ўступныя заняткі. Настройванне на драматургію, на тэатр – так можна назваць тую падрыхтоўчую работу, якая праводзіцца на ўступных занятках перад вывучэннем аднаго з першых праграмных драматычных твораў. Менавіта тут мэтазгодна даць паняцце аб асаблівасцях драматычных твораў, іх сцэнічнасці, абавязковай наяўнасці канфлікту, даць агульныя звесткі аб спектаклі. Разам з вучнямі важна высветліць, што спектакль выконваецца цэлым калектывам творцаў: артыстаў, мастакоў, музыкантаў, касцюмераў, грымёраў, электратэхнікаў, бутафораў і да т. п. Кожны з іх у залежнасці ад магчымасцей і сродкаў яго спецыяльнасці (акцёр – словам, жэстам, мімікай; мастак – фарбамі; электратэхнік – святлом і г. д. ) стараецца выканаць сваю задачу. I ўсё ж павінна быць адна і тая ж агульная, абавязковая мэта – звышзадача, якая аб’ядноўвае ўсіх творцаў. Яе звычайна фармулюе рэжысёр. Без яе і без агульнай партытуры не можа быць спектакля. Калі ж рэжысёру ўдаецца зліць намаганні ўсяго калектыву, то спектакль мае поспех. Азнаямленне вучняў з адметнасцю драматургічнага жанру можна арганізаваць па-рознаму. Адзін з варыянтаў – знаёмства з артыкулам падручніка, дзе даецца паняцце пра драматычныя творы, затым гутарка, каментарый настаўніка, складанне ў ходзе работы апорнага канспекта.
Другі варыянт – тэарэтычныя звесткі аб адметнасці драматычных твораў дапаўняюцца практычным азнаямленнем з такімі знешнімі адзнакамі п’есы, як рэпліка, рэмарка, дзеючыя асобы, для чаго арганізуецца ў тэатралізананай форме прад-стаўленне дзеючых асоб. Размову пра спецыфіку драматычных твораў можна пачаць і з невялікага тэатральнага эцюда, падрыхтаванага гурткоўцамі. Аўтарская пазіцыя ў драматычным творы выяўляецца праз: 1) размяшчэнне і суадносіны частак твора; 2) сітуацыі, у якія аўтар ставіць свайго героя; 3) мову дзеючых асоб, 4) назву твора, аўтарскія рэмаркі, дзеючых асоб, указанні для акцёраў і пастаноўшчыка і г. д. У далейшым на ўступных занятках перад вывучэннем драматычнага твора акрамя традыцыйнай характарыстыкі эпохі трэба шырока ўводзіць сцэнічную гісторыю п’есы. Добра, калі настаўнік зможа паказаць фотаздымкі сцэн спектакляў, тэатральныя афішы, праграмкі розных гадоў, падзяліцца асабістымі ўражаннямі ад прагледжаных спектакляў, выкарыстаць тэатральныя мемуары. На ўступных занятках настаўнік можа раскрыць праблематыку драматычнага твора, вызначыць яго жанр, паставіць перад вучнямі пазнавальную задачу, якая павінна вырашацца ў працэсе аналізу драматычнага твора. Калі вучні прачыталі п’есу самастойна да моманту яе вывучэння, то ўжо на ўступных занятках мэтазгодна выявіць першаснае ўспрыманне твора. Прыродзе драматычнага твора найбольш адпавядае чытанне па ролях, якое, безумоўна, рыхтуецца загадзя, бо пры імправізаваным чытанні, калі вучні яшчэ не «ўвайшлі» ў тэкст, могуць дапускацца скажэнні, няправільная трактоўка ролі, неразуменне падтэксту. Аналіз драматычнага твора. Аналіз драматычнага твора, як і эпічнага, можа весціся рознымі шляхамі: павобразным, праблемна-тэматычным, «следам за аўтарам», камбінаваным і інш. Каб пазбегнуць шаблону, шляхі аналізу можна вар’іраваць. Неабходна, аднак, мець на ўвазе, што найбольш эфектыўны і найбольш распаўсюджаны ў школе шлях аналізу драматычных твораў – у сілу іх спецыфічнасці – аналіз па ходу развіцця дзеяння, які дае магчымасць прасачыць унутраную логіку п’есы. М. А. Рыбнікава раіла пачынаць аналіз з вызначэння канфлікту п’есы, каб затым на ўроках вучні маглі сачыць за яго развіццём. Заканчваючы вывучэнне драматычнага твора, вельмі важна абагульніць, сінтэзаваць матэрыял, каб у школьнікаў засталося цэласнае ўяўленне аб творы, абагульненне звязваецца з разглядам апошняга акта п’есы, бо менавіта тут расстаўлены ўсе акцэнты і, як у фокусе, высвечваецца маральная пазіцыя аўтара.
Прыёмы вывучэння драматычнага твора. На першым этапе работы над драматычным творам, калі вучні сочаць за развіццём асноўнага канфлікту ў п’есе, выяўляюцца прычынна-выніковыя сувязі, можна карыстацца і такімі традыцыйнымі метадычнымі прыёмамі, як вусныя і пісьмовыя пераказы, каменціраванае чытанне, гутарка. Слова ў п’есе пры сцэнічным яго ўвасабленні непасрэдна звязана з інтанацыяй, жэстам, мімікай, таму ў працэс працы над п’есай варта ўсё ж часцей практыкаваць метадычныя прыёмы, якія дапамагаюць раскрыць двуадзіную мастацкую прыроду драматычнага твора і драматычнага характару. Гэта – азнаямленне вучняў з акцёрскім вырашэннем той або іншай сцэны, выразнае чытанне, чытанне па ролях, праслухоўванне тэкста ў грамзапісе, інсцэніраванне асобных сцэн, слоўнае маляванне, распрацоўка мізансцэн, складанне рэжысёрскага плана акта або карціны, напісанне «рэжысёрскіх рэмарак», «рэжысёрскіх каментарыяў», супастаўленне розных літаратуразнаўчых і акцёрскіх трактовак і г. д. Інтэнсіўную разумовую дзейнасць вучняў выклікае і прыём супастаўлення розных акцёрскіх трактовак ці меркаванняў крытыкаў.
Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|