Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Заключныя (абагульняючыя) заняткі ў сістэме вывучэння літаратурнага твора.




Заключныя (абагульняючыя) заняткі ў сістэме вывучэння літаратурнага твора.

Заключныя заняткі – своеасаблівае падвядзенне вынікаў у сістэме працы над літаратурным творам. На іх сінтэзуюцца і абагульняюцца набытыя веды, выяўляецца трываласць і самастойнасць вучнёўскіх меркаванняў, адбываецца карэкцыя набытых ведаў і ўменняў і выкарыстанне іх у новай сітуацыі. Для гэтага на заключных занятках неабходна стварыць умовы, у якіх школьнікам патрабуецца не проста параўнаць вывучанае, але і асэнсаваць яго нанова.

Задачы заключных заняткаў:

- пасля аналізу тэкста ў дэталях выпрацаваць погляд на твор у цэлым, прывесці вучняў да больш абагуленых высноў;

- стварэннем новых праблемных сітуацый падвесці вучняў да вырашэння больш складаных задач, да рэалізацыі даследчых і творчых здольнасцей на аснове набытых ведаў, уменняў і навыкаў;

- увядзеннем новага матэрыялу, новых ракурсаў аналізу паглыбіць веды, замацаваць трываласць перакананняў, якія склаліся ў вучняў у ходзе вывучэння твора.

Па сваёй структуры заключныя заняткі могуць быць абагульняльныя, праблемныя, паглыбляльныя (накіраваныя на больш поўнае разуменне характараў герояў, мастацкай адметнасці твора, яго ролі ў літаратурным працэсе).

Змест заключных заняткаў, выбар метадычных прыёмаў і форм правядзення залежыць ад іх тэматыкі, характару матэрыялу, акрэсленай настаўнікам структуры.

Найбольш эфектыўнымі для абагульняльных заняткаў з’яўляюцца вікратыны, міні-алімпіяды, конкурсы, франтальная работа з класам (па цікавых пытаннях і заданнях), падагульняючае слова настаўніка і інш.

Для праблемных заняткаў можна выкарыстоўваць гутарку або дыскусію па пытаннях, якія патрабуюць асэнсавання твора ў новым аспекце, прапаноўваць заданні на параўнанне, супастаўленне, напісанне сачыненняў, водгукаў.

Для паглыбляльных заняткаў прынясе карысць знаёмства з дзённікамі, успамінамі, мемуарамі; аналіз сугучных твораў сумежных відаў мастацтва, экспазіцый; абмеркаванне новых поглядаў на твор, крытычных артыкулаў, заслухоўванне творчых справаздач вучняў (па папярэдне дадзеных заданнях).

Агульнае, што забяспечвае поспех усіх відаў заключных заняткаў – гэта ўлік узроставых асаблівасцей. Вучням павінна быць цікава, яны павінны актыўна працаваць, самастойна абараняць пэўную думку, пазіцыю, падсумоўваць веды.

Вывучэнне вуснай народнай творчасці ў школе.

Беларуская літаратура надзвычай цесна спалучана з традыцыямі вуснай паэтычнай творчасці, якая з’яўляецца унікальнай сферай духоўнай дзейнасці беларускага народа. Фальклор адыграў прыкметную ролю ў станаўленні і развіцці нацыянальнага мастацтва слова, меў выключнае пазнавальнае і выхаваўчае значэнне ў жыцці грамадства, асабліва тады, калі яшчэ не склалася традыцыя пісьмовай літаратуры. Школьнымі праграмамі прадугледжана ўсебаковае і грунтоўнае вывучэнне вуснай народнай творчасці, якая паўстае перад вучнямі ў тэматычнай і жанравай разнастайнасці.

У фальклорных творах раскрыўся педагагічны талент беларускага народа, увасобіліся яго ідэалы, жыццёвыя погляды, духоўныя каштоўнасці. Пісьменнікі выкарыстоўвалі выхаваўчы патэнцыял народнай спадчыны, арыентаваліся на маральна-этычныя і гуманістычныя прынцыпы народнага выхавання, сваімі творамі абуджалі ў дзяцей лепшыя чалавечыя якасці – дабрыню, сумленнасць, чуласць, спагадлівасць і інш.

Мэтанакіраванае і актыўнае далучэнне вучняў да беларускага фальклору пачынаецца на ўроках літаратуры ў пятым класе. Дзеці знаёмяцца з народнымі казкамі, легендамі, загадкамі, прыказкамі, прыкметамі і павер’ямі. Задача настаўніка заключаецца ў тым, каб раскрыць мастацкія асаблівасці твораў гэтых жанраў. Вывучэнне далей літаратурных казак і легендаў пераканае вучняў у тым, што фальклор жыватворна сілкаваў творчую фантазію пісьменнікаў: і класікаў, і нашых сучаснікаў.

Увесці дзяцей у свет казкі можна дапамогуць такія прыёмы, як ілюстраванне ці інсцэніраванне, можна наладзіць выставу малюнкаў і розных вырабаў, падрыхтаваць для інсцэніроўкі эпізод з твора (для гэтага ствараецца невялікая “тэатральная трупа”). Эфектыўным будзе і наступныя прыёмы гульні. Можна прапанаваць адгадаць выказванне персанажа або стварыць гульнёвую атмасферу пры дапамозе слоў “Хто першы адшукае…, хто хутчэй знойдзе…” і да т. п.

Настаўнік павінен мець на ўвазе, што казачныя сюжэты праз іх займальнасць найбольш прыдатныя для чытацкага ўспрымання дзяцей, яны даволі лёгка запамінаюцца і пераказваюцца, надзвычай глыбока развіваюць фантазію. Таму асаблівае значэнне на ўроках надаецца развіццю звязнага маўлення вучняў, іх камунікатыўных здольнасцей. Гэтаму спрыяе мастацкае расказванне казкі, чытанне дыялогаў па ролях. Манера расказвання настаўнікам пераймаецца вучнямі, і таму важна імкнуцца абудзіць у іх моўнае чуццё, прадэманстраваць мастацкія магчымасці беларускага слова. Пры расказванні дзецьмі той ці іншай казкі нельга выключыць момант імправізацыі. Каб вучні захоўвалі паслядоўнасць, лагічную сувязь думкі, ім можна прапанаваць план вуснага пераказу. Больш эфектыўнай працай па ўсведамленні развіцця сюжэтнага дзеяння ўяўляецца складанне гэтага плану разам з вучнямі. Неабходна звярнуць увагу вучняў на лексічны склад казак, скарыстаць пры гэтым прыём стылістычнай гульні. Паколькі дзецям імпануюць казкі і яны чытаюць іх з вялікай ахвотай, то настаўніку неабходна прапанаваць самастойна прачытаць іншыя творы гэтага жанру.

Разгляд легендаў падобны да методыкі вывучэння казак. Ён прадугледжвае сціслае азнаямленне з спецыфікай легенды як жанру вуснай народнай творчасці. Настаўнік пачне ўрок з уступнай гутаркі, адзначыць, што ў аснове народных легендаў – расказ пра нейкую незвычайную падзею або геройскі ўчынак чалавека. Ён адзначыць, што пісьменнікі ствараюць літаратурныя творы гэтага жанру, пры гэтым яны бяруць за аснову народныя сюжэты. Вывучаючы легенду, можна скарыстаць і такія прыёмы, як вуснае маляванне, падрыхтоўка і аналіз ілюстрацый, назіранне над мовай і інш.

У сістэме ідэйна-эстэтычных сродкаў выхавання дзяцей загадцы належыць выключная роля. Загадкі развіваюць вобразнае ўяўленне, назіральнасць, дапытлівасць, кемлівасць – усё тое, што пераўтварае і ўзбагачае асобу вучня. Народныя загадкі скіраваны на актывізацыю і развіццё разумова-пазнавальных здольнасцей, яны развіваюць дзіцячае ўяўленне, адчуванне слова. Настаўнік пазнаёміць вучняў з тэматычным багаццем твораў гэтага жанру (з’явы прыроды, жывёлы, расліны, рэчы, чалавек, хата, праца, тэхніка). Загадкі ўяўляюць сабой вобразна-іншасказальнае апісанне розных з’яў, прадметаў, паняццяў. Загадкі вучаць у звычайным бачыць незвычайнае, дзівоснае, прыгожае. Загадкі – гэта своеасаблівы разумовы трэнінг для дзяцей. Правесці нейкую частку ўрока пажадана ў форме гульні, тады ён атрымаецца больш займальным, цікавым і запамінальным. У якасці дамашняга задання можна прапанаваць вучням на дзве ці тры загадкі падрыхтаваць адказы ў малюнках.

На ўроках літаратуры ў V класе школьнікі знаёмяцца з прыказкамі, народнымі прыкметамі і павер’ямі, якія сваёй мудрасцю істотна ўзбагачаюць іх кругагляд. Задача настаўніка заключаецца ў тым, каб выклікаць цікавасць у вучняў да гэтых відаў народнай творчасці, на канкрэтных прыкладах паказаць іх мастацкую своеасаблівасць. Прыказкі раскрываюць вобразнасць і афарыстычнасць беларускай мовы, сведчаць пра яе трапнасць і дакладнасць. Спасціжэнню вучнямі навакольнага свету дапамогуць прыкметы і павер’і, знаёмства з якімі можна пачаць з уключэння класа ў праблему аналізу: “Мяркуючы па народных прыкметах і павер’ях, што мы можам сказаць пра нашых продкаў і як яны ставіліся да прыроды? ”

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...