Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Раннетрадыцыйная класіка. Каляндарна-земляробчы цыкл




Беларуская каляндарная абрадавасць – помнік этнічнай гісторыі беларускага народа, культурная спадчына. Раннетрадыцыйная класіка ўзнікла ў першабытным грамадстве і захавала элементы язычніцкай рэлігіі, маральна-этычныя нормы народа, а таксама стыхійна-матэрыалістычныя погляды ( анімізм) Магія сукупнасць уяўленняў і абрадаў, звязаных з верай ў звышнатуральныя магчымасці мага. Вылучаюць белую і чорную, лекавую, ваенную, любоўную, прамысловую, аграрную і злачынную магіі. Фетышызм культ рэчаў, якім надаюцца звышнатуральныя якасці. Гэта не столькі самастойная рэлігійная форма, колькі частка практычна ўсіх рэлігійных сістэм (як ранніх, так і сучасных ). Татэмізм – адна з ранніх форм рэлігіі, заснаваная на перакананасці людзей ў іх асаблівай роднасці да якога-небудзь віда раслін ці жывёл як першапродка і апякуна. Гэты пласт народнай творчасці фарміраваўся ў тыя старадаўнія часы, калі продкі нашы толькі пачалі вылучаць сябе з навакольнага асяроддзя. Прыродным з’явам яны надавалі чалавечыя якасці – хітрасць, розум, злобу (так званы антрапамарфізм). Шматлікія богі нашых продкаў-язычнікаў мелі строгую іерархію.

Галоўныя богі жылі на нябёсах, адказвалі за самыя сутнасныя з’явы: Род стварыў сусвет, а сваё імя даў такім важным словам як Радзіма, народ, родныя; Сварог – бог нябеснага агню, Пярун – бог маланкі, грома і вайны; Дажбог – бог сонечнага свтла, які на поясе хавае ключы ад зямлі; Стрыбог – бог вятроў і іншых паветраных з’яў; Ярыла – бог сонца; Велес – апякун жывёл.

Другую групу складалі богі і духі, што жылі побач з людзьмі. Бялун – бог жатвы, Іпабог – бог палявання, Проў – правасуддзя, Зібог – бог землятрусу, Дана – багіня вады (з яе імя пачынаюцца назвы галоўных рэк ўсходняй Еўропы – Данапрыс, Данай, Дон, Днестр), Лада – багіня кахання і яе сыны – Лель (абуджаў каханне ў сэрцах хлопца і дзяўчыны), Палель (даводзіў справу да шлюбу), Дзід (захоўваў каханне паміж мужам і жонкай). Нездарма вясельныя песні нярэдка мелі прыпеў: “Ой, Дзід-Лада-Лель”.

Нежыць ці па-іншаму нячысцікі калісьці жылі на нябёсах, але за свавольства і шкодніцтва скінуты адтуль, і хто куды трапіў – той там застаўся: лугавік, вадзянік, межавік, дамавік, лясун і іншыя. Да нячысцікаў беларусы адносіліся з павагай, бо тыя маглі прыносіць як дабро, так і зло, і залежыла гэта ад чалавека. Калі нешта дрэннае здаралася сяляне схільны былі абвінаваціць сябе. Яны верылі, што лазнік не стане пужаць працавітага гаспадара, які прыйшоў памыцца пасля працы, калі ж лазня была абрана як месца для папойкі, лазнік дэманстраваў свой характар. Калі дамавік шкодзіў – гаспадыня хутчай за ўсё была неахайнай.

Беларускі фальклор – бяздоннае сховішча паэтыкі язычніцтва. Гэта працоўны, маральна-этычны і эстэтычны вопыт мільёнаў, вялікі пласт духоўнасці, створаны чалавекам на працягу тысячагоддзяў ў ходзе пазнання свету. Назіранні старажытнага чалавека над кругазваротам у прыродзе, біялагічнымі цыкламі раслін і жывёл склаліся ў цэласную сістэму поглядаў. Не маючы магчымасці разгадаць таямніцы прыроды, чалавек імкнуўся паўплываць на іх магічным словам, рытуалам. Рытуалы - дзеянні, з дапамогай якіх людзі дэманструюць веру, падкрэсліваюць схільнасць да пэўных сімвалічных сістэм. Не маючы ўтылітарна-практычнага прызначэння, рытуал паступова набывае характар сістэматычнага ваканання традыцыйных правіл. Згубіўшы сакральны сэнс, рытуал ператвараецца ў абрад. Абрады – сукупнасць агульнапрынятых традыцыйных умоўных дзеянняў, якія сімвалічна выражаюць і замацоўваюць адносіны людзей да прыроды і паміж сабою, іх паводзны ў важных жыццёвых сітуацыях. “Абрад надае песні асаблівую ўстойлівасць, пад яго прыкрыццём можа захавацца песня многія стагоддзі”¹. Большасць абрадаў КЗЦ і САЦ ва ўсходніх славян абрады пераходу (тэрмін французскага этнолага Арнольда ван Геннеппа). Першы этап такіх абрадаў звязаны з вылучэннем аб’екта рытуала і падкрэсленнем яго пераходнага становішча паміж мінулым і будучым. Гэтым аб’ектам выступае рытуальны сімвал – пудзіла на Масленіцу, страла на Троіцу; жаніх і нявеста(ужо не хлопец і дзяўчына, але яшчэ не мужык і баба). Другім этапам з’яўляецца знішчэнне папярэдняга статуса аб’екта – спаленне пудзіла, пахаванне стралы, распляценне і выкуп касы. Трэці этап – нараджэнне аб’екта ў новым стане: запляценне двух кос і апрананне жаночага галаўнога убора.

Звычай – стэрэатыпізаваны тып паводзін, які з’яўляецца тыповым для канкрэтнай сацыяльнай групы ці пэўнага грамадства. Гэта рэшткі рытуалаў і абрадаў, што ператварыліся ў і нясефункцыю злучэння людзей. І рытуал, і абрад, і звычай ўваходзяць у традыцыю як бытавыя спосабы захавання культуры з пакалення ў пакалене.

У аснове большасці абрадавых дзеянняў – імітатыўная, кантактная і ініцыяльная магія. Большаць абрадаў старажытнага паходжання ўзніклі на агульнай усходнеславянскай (а ў многіх кампанентах – агульнаеўрапейскай) глебе. Паступова адбываліся змены народнай абраднасці ў выніку гістарычнага развіцця і пад уплывам хрысціянства. Беларускі народны календар злучыў і сінхранізаваў две рознастадыянальныя рэлігійна-культурныя плыні – язычніцкую і хрысціянскую. Асноўныя святы ў выніку маюць дваякую трактоўку і абрадавы комплекс, і менавіта ў такім выглядзе ўтвараюць этнічны святочны каляндар. Песні каляндарна-земляробчага цыкла абапіраюцца на працоўную тэматыку, злучаную з тэмамі быту і язычніцкіх святаў. Каляндарна-земляробчы цыкл – унікальная духоўная з’ява этнакультуры, строгая сістэма духоўных арыенціраў, выражаных ў форме абрадаў і звычаяў, аб’яднаных у сваеасаблівая этнаграфічныя комплексы.

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...