Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Абрады, звязаныя са смерцю і пахавальныя галашэнні.




Радзіны

Абрад велічання нованароджанага з выпадку надання яму імя мае шматвекавую даўнасць. З прыняццем хрысціянства пераносіцца ў царкву, і старажытны радзінны абрад «размываецца», аднак асноўны сэнс рытуалу – далучэнне дзіцяці да сямейнай, радавой абшчыны – пры гэтым не змяняецца. Таму асаблівая роля пры яго здзяйсненні належыць не толькі родным бацькам, але і традыцыйным прадстаўнікам грамадскасці – кумам, бабцы-павітухе. «У паўсядзённым жыцці адказнасць за дзіця неслі родныя бацькі. У рытуальна акцэнтаванай сітуацыі на авансцэну святочнай дзеі выходзяць «культуралагічныя» бацькі – хросныя» ( Я. Крук ).

Часта будучая маці прыязджала да бацькоў і трапляла пад апеку бабкі-павітухі, роля якой не абмяжоўваецца медыцынскай дапамогай. Яна выконвала таксама і магічныя дзеянні: клала пад пасцель нож; пастуківала венікам у столь, гукаючы дамавога; расшпілівала гузікі, адмыкала замкі, расплятала косы; тройчы прадзявала праз цяжарную абруч з дзяжы. Адведкі - пасля нараджэння дзіцяці наведвалі парадзіху: тройчы – бабка-павітуха. Без запрашэння наведвалі  замужнія сяброўкі, родныя каб дапамагчы сям'і ў хатніх клопатах. У якасці падарунка неслі палатно, старыя сарочкі, яешню, сыр, мёд, кашу (падарункі аддавалі моўчкі). На Палессі прыносяць боршч, аладкі, сырнікі, варэнікі, узвар. Зліўкі – абрад ачышчэння парадзіхі і бабкі-павітухі, якія мылі рукі, суправаджаючы замовамі і магічнымі дзеяннямі. Пасля абраду бабка-павітуха атрымоўвала падарунак.

Перад радзінамі (хрэсьбінамі) бабка-павітуха мыла дзіця, клала на кажух (рэха татэмізму), загортвала ў бацькоўскую сарочку, у рукавы якой насыпалі соль, жыта, хлеб. Трымаючы немаўля на руках, тройчы абыходзіла стол, на якім стаяў каравай-соль. Хлеб за кожным разам цалавала. Дзіцю давалі тры імёны дзіцяці – радавое, уласнае (патаемнае) і мянушку, якія адпавядаюць сучасным імем па бацьку, уласнам імем, прозвішчам. Кум станавіўся на лаву, кума – на тачыльны камень і пераступалі праз тыя прылады працы, якімі павінна ў будучым дзіця валодаць (сякеру, пілу або іголку, верацяно).

Вялікая дзіцячая смяротнасць у мінулым прывяла да таго, што каб падманіць лёс і злых духаў, падкрэслівалі, што дзіця не іх, сцвярджаючы, што яго «бусел прынес» ці «у капусце знайшлі». Часам, каб сіла, што нясе смерць, не магла нічога зрабіць ішлі на падман - аддавалі дзіця першаму сустрэчнаму, які прыходзіў, стукаў у дзверы і прасіў: «Выхавайце маё дзіця як сваё». А дзіця да хрышчэння называлі «лялечкай» або «багаданькай» (такая ж традыцыя адзначаецца і ў іншых народаў – немцаў, латышоў, румын). Ёсць у многіх народаў(украінцаў, немцаў, чэхаў) павер'е, што бусел прыносіць дзяцей. Гэта рэха татэмізма.

На радзінах маглі прысутнічаць толькі жанатыя і замужнія. Вялікае значэнне меў абмен падарункамі, ручнікамі, палатном, хлебам. Садзіліся за стол цесна (каб у дзіцяці зубы былі густыя), падавалі цотную колькасць страў (каб была пара), не напіваліся (каб не стаў п'яніцай). Кумы за сталом імкнуліся шмат гаварыць, каб дзіця было гаворкае. Адзін з ўдзельнікаў пераапранаўся ў «бусла», віншаваў бацькоў, абяцаў прыносіць дзяцей штогод. Абрадавай стравай была «бабіна каша» - каша з прасяных, ячных або грэцкіх круп з цукрам, ці мёдам, на малаке і масле (на большай частцы Беларусі). На Гродзеншчыне яе замяняе яешня, на поўначы Віцебшчыны – пірагі. Яе варыла бабка-павітуха, аздабляла кветкамі, хавала. Госці шукалі, прыносілі штосьці непадыходзячае (гаршчок з гарбузом, бульбай ці нават кацянём). Кум павінен быў выкупіць кашу (торг мог цягнуцца доўга, частку атрыманых грошаў бабка брала сабе, частку аддавала парадзісе – «на мыла»)

Ой, чыя то каша не гарожана, Срэбрам – золатам не абложана?

Трэба тую дыру загарадзіці, Срэбрам-золатам тай аблажыці.

Гаршчок разбівалі аб вугал (калі нарадзіўся хлопчык) ці край (калі дзяўчынка) стала і з найвялікшага чарапка надзяліць гасцей лыжкай кашы, пры атрыманні якой трэба прамовіць пажаданні дзіцяці: «Каб мая ўнучка не была беларучка, рана ўставала і доўга працавала», «Каб мой унучак здаровенькі падрастаў, бацьку з маткай шанаваў».

На галовы бяздзетных прысутных жанчын клалі чарапкі з пажаданнямі ім праз год такой кашы. Рэшткі бабінай кашы неслі дадому дзецям як пачастунак і каб багата жылі. Бацьку частавалі моцна перасоленай кашай, з'еўшы якую, павінен быў даць за яе грошы. Родная бабка, атрымаўшы намітку, тройчы перакручвалася, падскоквала. На працягу абраду госці імкнуліся не звяртаць ўвагі на нованароджанага, каб не сурочыць. Ва ўсходніх і цэнтральных рэгіёнах склалася традыцыя: у вазок, на які ставілі барану, ўпрагаліся госці і каталі бабку-павітуху.

Незалежна ад ступені захаванасці старажытных элементаў змест песнь, што ўваходзяць у радзінную велічальна-віншавальную святочную дзею, не адлюстроўвае хрысціянскага хрышчэння. Асноўная частка радзінных песень – велічальныя і застольныя, якія выказваюць добрыя пажаданні дзіцяці, яго бацькам і родным; паказваюць у выглядзе жартоўных спрэчак ўзаемаадносіны родзічаў маці нованароджанага з родзічамі яго бацькі, што сабраліся на сямейную ўрачыстасць. Па традыцыі першай песняй на хрэсьбінах была велічальная «Дзякуй таму кавалю», у якой бацька параўноўваецца з богам-кавалём, які скаваў дзіця. Шырокую группу ў рэпертуары радзінных песень складаюць песні з вясёлымі кепікамі з бабкі-павітухі, кума, кумы. Назіраецца тэндэнцыя збліжэння застольных песень з мелодыкай лірыка-эпічных або жартоўных песень. У радзінным абрадзе, безумоўна, захаваліся водгаласы татэмнасці, культа Воласа, фетышысцкіх уяўленняў, кантактнай і імітацыйнай магіі.

Вяселле.

Старажытны вясельны абрад мае эпікалірычны характар і надзвычайную разгорнутасць. Назіраецца падабенства вяселля з народнай операй: падрабязная распрацаванасць «сюжэта», абавязковы «спіс» дзеючых асоб, усталяванасць «лібрэта». Народ стагоддзямі дасканаліў лібрэта гэтай «оперы», надзвычайна багатай спевамі, музыкай, танцамі, вострым дыялогам, гумарам. Асаблівая роля надаецца хору – аднаму з актыўнейшых удзельнікаў тэатралізаванага дзейства і галоўнага «сведкі», замяняючага афіцыйны дакумент. Род даваў санкцыю на шлюб праз шэраг рытуалаў, якія узаконьвалі маёмастныя і этычныя правы новай сям'і. Галоўнымі прадстаўнікамі роду былі маці, брат, дзядзька з боку маці. Даследчыкамі адзначаюцца водгукі ў беларускім вяселлі татэмістычных (пасад на скуру казы, мядзведзя), фетышысцкіх (пасад на дзяжу) уяўленняў, культа продкаў, раслін, адлюстраванне гістарычных падзей (набегаў татар і літвы). Час святкавання вяселляў быў абмежаваны, найбольш папулярны – восень ад Пакроваў да піліпаўскага посту.

Вясельныя песні з'яўляюцца найбольш значнай часткай беларускага сямейна-абрадавага цыкла, якая паўнакроўна функцыяніруе і ў наш час. Традыцыйныя песні беларускага вяселля захавалі водгукі старажытных ініцыіруючых абрадаў (спецыяльна распрацаваных і разнастайна абстаўленых цырымоній, якія былі некалі звязаны з рытуальнымі выпрабаваннямі).

Уся абрадавасць вяселля падзяляецца на тры часткі: падрыхтоўчую (давясельную), якая носіць фармальна-бытавы характар; асноўную (уласна вясельную), найбольш святочная і насычаная цырымоніямі і заключную (паслявясельную), якая мае пераважна гульнёвы характар. У залежнасці ад таго, хто ўступае ў шлюб вылучаюць 5 тыпаў вяселля:

· звычайнае – у шлюб уступаюць упершыню, жыць будуць у хаце мужа,

· прымацкае - у шлюб уступаюць упершыню, жыць будуць у хаце жонкі,

· удавецкае – выконвыецца толькі вянчанне – калі абодва ўдовыя, калі адзін – вяселле не праводзяць ў яго хаце,

· пакрыцкае – калі ў шлюб уступае маючая пазашлюбнае дзіця ці цяжарная – не выконваецца пасад.

· сіроцкае – сірата, які бярэ шлюб, абавязкова галасіць на могілках.

Падрыхтоўчая частка вяселля: выглядзіны, даведкі, сватанне, агледзіны, заручыны. У некаторых мясцовасцях яшчэ – зборная субота і каравайны абрад. Часам дзяўчыну перадшлюбнага ўзросту бацька вазіў на вазы і голасна крычаў «Паспялуха! »

« Выглядзіны ». Пад выглядам падарожніка або шорніка бацька хлопца заяжджаў у хату дзяўчыны, і пад час гаворкі пра што-небудзь не звязанае з вяселлем, разглядаў яе.

« Даведкі » = «выведы» = «допыты» - бацькі хлопца з якой-небудзь старай сваячаніцай паслалі дзяўчыне і хлеб-соль, каб разведаць, ці згодна зяўчына пайсці замуж. Часам хлеб-соль адносіла будучвя свякрова, ці нават будучы жаніх (каб не атрымаць адказ прылюдна).

«Сватанне » = «сугляды» = «малыя запоіны» - прынцыповая згода бацькоў нявесты на ўступленне ў шлюб. Праходзілі ў аўторак, чацвер або суботу. Нярэдка прыходзілі нечакана, каб убачыць: ці парадак ў хаце, як выглядае штодзённа нявеста. Сваты ўваходзілі з прамовай: «Мы - купцы заморскія, шукаем тавару не ляжачага, а хадзячага. Калі ў вас ёсць – пакажыце ліцом, а мы пахвалімся сваім таварцом». Бацькі адгаворваюцца, але сват знаходзіць дзяўчыну і прыводзіць ў хату, часам рассцілае перад ёю сваю світку. Да наступнага абраду сваты пакідалі ў хаце гарэлку. Дзяўчына пачынае ткаць абрусы, вышываць кашулі, шыць бялізну.

«Заручыны» = « зговар» = «вялікія запоіны » - канчатковая дамова па ўсіх пытаннях (срок, госці, прыданае, падарункі). У абрадзе прымаюць ўдзел бацькі, жаніх з сябрамі («дружына»), нявеста з сяброўкамі. Нярэдка адбываецца агляд хаты і гаспадаркі жаніха. Калі агляд задавальняў сватоў і маладых, замацоўвалі згоду на шлюб: паціскалі рукі адзін аднаму або хросная маці нявесты біла сватоў па руках і казала: «Каб моцная была сям'я». За добрым сталом спяваюць, таньчаць. Пасля вялікіх запоін ні адна старана не можа парушыць слова.

«Зборная субота» = «вяночкі»= «дзявочы вечар» -лірычная кульмінацыя вясельнага абрада. У вечар напярэдадні вяселя да нявесты збіраюцца сяброўкі, ідуць у садок з рэшатам па кветкі. Калі якіх-небудзь кветак няма, нявеста з лустачкай хлеба ішла да суседзяў. Потым в'юць 2 вянкі. Вялікі (каркасны) ў дзень вяселля апраналі на галаву, маленькі вілі з руты на пярсцёнку, прышпільвалі на макушцы падчас пасаду, потым на намітку. Вянцы выкупаў брат, бацька нявесты або сват, дзяўчаты клалі вянцы на талерку з жытам, перадавалі маці. Спявалі песні, рабілі адмысловыя кветкі для дружыны маладога. Выконвалі пасад на дзяжу, пакрытую кажухом; рыхтавалі «елку» для вяселя (сімвал дзявоцтва маладой, маладога, іх яднання). Гэта невялікае дрэўца або галінка сасны, елкі, летам – яблыні, вішні, грушы, каліны. «Елку» рыхтавалі і ў маладой, і ў маладога: утыкалі ў адмыслова спечаны хлеб або падстаўку з дрэва, упрыгожвалі стужкамі, каляровай паперай, кветкамі, васкавымі свечкамі. На працягу вяселля елка стаяла на стале перад маладымі. Пачастункам на гэты вечар быў дзядзькаў пірог (брат маці маладога), разам з ім дзядзька прывозіў маладой чаравікі, вянок, іншыя падарункі. Узамен маладая дарыла маладому кашулю, якую апраналі толькі пасля смерці. Пад канец вечара прыходзілі і хлопцы. У некаторых мясцовасцях і ў маладога праводзіўся гэткі абрад, зваўся хлапечнік, быў карацейшы, не такі ўрачысты.

Амаль паўсюдна (а больш за ўсё – на Палессі) паралельна «вяночкам» праходзіў каравайны абрад, бо каравай – неабходны элемент благаслаўлення, пасада, сустрэчы маладых. Хросная маці нявесты запрашае 3-7 лепшых каравайніц вёскі. Шматлікія працоўныя дзеянні выконваюцца падкрэслена святочна, урачыста (паход за крынічнай вадою, замес цеста і г. д. ) Каравайніцы па чарзе сыплюць муку, льюць ваду або ўсё робіць старэйшая каравайніца. Калі цеста падрыхтавана, мужчыны, узяўшы дзяжу, тройчы перакручваюць яе і ставяць на крыж супраць печы. Каравай лепяць, упрыгожваюць кветкамі, зорачкамі, шышачкамі, выпякаюць. І кожны этап выпечкі каравая суправаджаецца спецыяльна прызначанымі песнямі. Калі каравай гатовы, ў некаторых мясцовасцях (в. Моталь Брэсцкай вобласці) распачынаюць гульню ў кавалёў. Каб паказаць насколькі вялізным атрымаўся каравай, завуць кавалёў нібыта для таго, каб разабраць чалеснік. Адна з каравайніц апранае вывернуты кажух, бярэ сякеру і пачынае сімвалічна сячы печ. Кара вай дастаюць, ставяць на 10-15 хвілін на крышку ад дзяжы, спяваюць яму песню. Выкупае каравай брат нявесты ці яе хросны, высока падымае каравай над галавой і тройчы круціцца з ім па хаце пасалонь, адносіць у камору, пасля чаго ўсе спяваюць песню-заклінанне на дабрабыт. У каравайных песнях нярэдка сустракаецца выраз: «Каравай, мой, Раю». Гэта звяртанне да язычніцкага бога ўраджаю, імя якога трывала звязана з дабрабытам сялянскай сям'і. Напевы каравайных песень прыўзнята «буйнага» характару са звонкімі воклічамі. Вобраз каравая паэтызуецца, ачалавечваецца: «каравай ходзіць, каравайніц кліча», «прыпечак рагоча, печ каравая хоча», «каравай у печы іграе, заслонку адбівае», яго памеры гіпербалізуюцца: «30 бочак пшанічнай мукі, 3 бочкі крынічнай вады, 40 коп яец».

Асноўная частка пачынаецца ў дзень вяселля са збораў нявесты, жаніха. Сяброўкі апранаюць нявесту да шлюбу, у апошні раз заплятаюць касу, надзяваюць вянок. Сват запрашае гасцей і пачынаецца благаслаўленне. На стале – хлеб-соль, авёс у кошыку. Сват кіруе: «Родныя бацька і маці! Станьце на постаці, дайце благаслаўленне свайму дзіцяці». Нявеста кідаецца ў ногі бацькам і галасіць. Галашэнні нявесты – драматычная кульмінацыя абраду, асабліва характэрна для Паазер'я. Нявеста звяртаецца да бацькоў як абаронцаў ад чужакоў (рэха захопу нявесты сілай). «Стукаюць, грукаюць на нашым двары, і дзверы ламаюць яны ў хату к табе, заграбуць, павязуць, мяне, младу, к сабе…» Вясельныя галашэнніўмузычна-стылявых адносінах валодаюць рытмічнай мабільнасцю, рэчытатыўным складам мелодыкі, ў іх ясна адчуваюцца гаротныя інтанацыі галашэння, а таксама моўная насычанасць меласу. Бацькі пасля гэтага ляманту бяруць са стала хлеб-соль і кажуць: «Благаслаўляем цябе хлебам, солю, шчасцем, доляй і добрым здароў'ем, не на адну гадзіну, а на ўвесь доўгі век». Благаслаўляючы нявесту, саджалі на дзяжу, пакрытую вывернутым кажухом. Пасад ўдавы, цяжарнай, ці маючай пазашлюбнае дзіця не праводзілі. Калі нехта з маладых стрціў цнатлівасць, саджалі не на кажух, а на голую калодку (зманіць нельга, бо пакаранне багоў будзе жорсткім).

Адначасова адбываюцца зборы, благаслаўленне жаніха, часам яго пасад на кораб з жытам, дзяжу, лаву, пакрытую кажухом; клятва на скаварадзе.

Стаўбавы абрад (традыцыя паўднёва-усходняга Паазер'я) адбываецца ў хаце жаніха перад ад'ездам за нявестай. У ім удзельнічае сельская абшчына пад кіраўніцтвам яе старшыні, пазней – дружкі. Садзіліся за стол разам з блізкімі сваякамі. Дружка, кланяючыся на ўсе бакі, тройчы пытаў: «Хто праспявае песню старую, дарагую». Часцей за ўсе гэта быў старонні мужчына або госць (стаўбавы або пачынальнік), хто ведаў прамову-зварот благаславіць вяселле і праспяваць пачынальную (стаўбавую) песню. Часам загадзя дамаўляліся хто будзе і ён апранаўся ў драную вопратку. Скончыўшы з дружкамі торг, ён, узяўшы две булкі ішоў да печы і сеўшы на стоўб (палок) прасіў благаслаўлення. Стаўбавая песня – прамова – формула, якая заклікала на раду людзей з'явіцца багоў і выканаць свае функцыі. Скончыўшы песню, кідаў булкі дзецям, што таўкліся ў парозе. Яму падносілі выпіць і закусіць. Пасля гэтага ўсе прысутныя частуюцца. Стаўбавя песні – з'ява выключна беларуская. Паэтыка і вобразнасць гэтых твораў мае сувязь з былінным эпасам і асабліва з духоўнымі вершам (тыя ж вобразы, песенны танічны верш з дзвума галоўнымі націскамі).

Сустрэча жаніха суправажджалася запіраннем варот і патрабаваннем выкупа (рэха куплі-продажу нявесты). Маладога з дружынай сустракае маці нявесты з караваем, талеркай мёду і каўшом вады. Сяброўкі прышпільваюць дружыне кветкі. Сядаюць. Адбываецца выкуп маладой.

Злучыны маладых у дахрысціянскія часы праходзіла ў хаце нявесты: сват абвязваў рушніком рукі, тройчы абводзіў па шляху сонца вакол стала, на якім стаяў каравай.

Потым замацаванне шлюба было перанесена ў царкву – вянчанне (але перад ім нярэдка выконвалася апісанае аб'яднанне). Пасля вянчання маладыя ехалі ў хату да маладой, дзе іх сустракала цешча з караваем і жытам: «Благаслаўляю і сустракаю вас, дзеткі, жытам, бытам, доўгім векам, добрым здароўем, каб доўга жылі, мяне не забылі, адно аднаго шанавалі, што маю – тым сустракаю» У некаторых мясцовасцях сустрэча праходзіць больш арыгінальна – цешча выходзцьу вывернутым кажуху з вядром вады з аўсом, зяць павінен дагнаць яе і адабраць вядро. Гасцей частавалі. Дзялілі каравай, дарылі падарункі, суправаджаючы іх пажаданнямі: Дару свёклу, каб угаджала свёкру. Дару маркову, каб паважала свякрову. Дару дайніцу, каб муж не бегаў за чужой спадніцай. Дару срэбра і медзі, каб дзеці былі, як мядзведзі.

Адбываліся распляценне касы, апрананне галаўнога ўбора замужняй жанчыны (які маладая двойчы скідвае і толькі на трэці раз пакідае на галаве) і выкуп касы. Вясельны поезд рушыў у хату да маладога, часам у варотах запальвалі куль саломы каб коні праехалі праз полымя.

Вясельны баль (пір вясёлы). Госці за стол садзіліся ў строгім парадку. Пад час застолля выконвалі шмат песень (лірычных, жартоўных, віншавальных). Квінтовая «святочная» інтанацыйнасць, рытмаформула 5+3 складаюць мелодыка-рытмічныя асаблівасці вясельных песень. Выключнай яскравасцю вылучаюцца “песенныя спаборніцтвы”(песні з адказам) паміж родам жаніха і нявесты, прадстаўнікі якіх выказваліся ў максімальна імператыўным плане:

Наша поле шырэй, наша свечка ярчэй, наша Танечка крашэ!     – спявае род нявесты.

Наша поле шырэй, наша свечка ярчэй, наш Ванечка крашэ!  – адказвае ім род жаніха.

Скончвалася вясельнае застолле падзелам каравая, які суправаджаліся арацыямі (рацэямі) – вершаванымі пажаданнямі «Дай Бог вам жыць у раскошы, мець торбу грошай. каб багатыя былі і сто год жылі».

Заключная частка вяселля. Камора. Хросныя рыхтавалі маладым пасцель ў клеці (каморы, гумне), пад пасцель, вывезеную ад маладой, клалі зярняты, хмель, зёлкі, ніткі. Вывернутым кажухом засцілалі парог, часам і пасцель. З песнямі і жартамі, у якіх чуліся адкрытыя намёкі на мэты першай ночы, маладых, цягнучы за ручнік, адводзілі спаць. Маладая разувала маладога і брала з яго ботаў грошы. Зачыніўшы маладых, вясельнікі спявалі жартоўныя песні, пляскалі ў далоні, скакалі, білі ў бубен.

Раніцай маладых будзілі (свацця ці сястра маладога), пераконваліся ў цноце нявесты. Калі гэта было не так, хроснай маці, бацьку ці брату надзявалі на шыю лашадзіны хамут і вадзлі па вёсцы, пакуль жаніх у знак даравання не падносіў чарку. Родную маці паілі з дзіравага чарпака, маладому абмазвалі вароты дзёгцем, маладую аблівалі вадой, білі. Калі ж нявеста была цнатлівая, ім з маладым падносілі смажаную курыцу або яешню, прыносілі вады памыцца, апраналі ў чыстую бялізну. У гонар маладой у хаце вывешвалі чырвоны пояс або хустку, каля варот ставілі куст каліны. Бацькі маладой, падпярэзаўшысь чырвонымі паясамі, ехалі да маладых, дзе іх з вялікай пашанай частавалі. Вясельнікі (т. зв. каліннкі) спявалі песні пра добрую нявесту і яе «чырвоную каліну». Іншы раз сваякі маладой скакалі на лавах, білі посуд, а бацькі маладога ім выбачалі.

Маладая ішла да калодзежа, упрыгожвала яго, на край клала грошы. Хадзіла па мясцінах будучай працы і развешвала вышытыя паясы.

Пярэзвы – звычай, паводле якога сваты, іншыя вясельныя чыны або суседзі маладых запрашалі маладых і найбольш паважаных удзельнікаў вяселля да сябе ў госці. Узяўшы з вясельнага стала лустачку хлеба ці пірог, старшы дружка пераводзіў «бяседу» да сябе ў хату. І далей пераход ад адных да другіх гасцей адбываўся з гэтай лустачкай. І нарэшце ўсе вярталіся(з той жа лустай хлеба) да бацькоў маладой.

Гасціна ў першую суботу пасля вяселля бацькі маладога і маладыя прыязджалі да яе бацькоў. Звычай захаваўся да нашага часу: праз тыдзень пасля вяселля бацькі маладога запрашаюць да сябе бацькоў маладой паглядзець, як жыве іх дачка.

Назіраецца шматжанравасць вясельных песень – ад журботных нявесціных галашэнняў, лірычных сяброўчыных песень да жартоўных і велічальных застольных. Вызначальная роля квінтовага інтанацыйнага комплексу для беларускіх вясельных песень. Дэкламацыйна свабодная і ўстойліва перыядычная рытміка песень.

Абрады, звязаныя са смерцю і пахавальныя галашэнні.

Сур'ёзнае стаўленне да смерці як пераходу ў іншы свет спрыяла фарміраванню вялікай колькасці абрадавых момантаў, большая частка іх мае сувязь з культам продкаў.

Калі чалавек паміраў, абвяшчалі блізкіх, родных. Гукалі суседзяў, якія абмывалі, апраналі і клалі ў труну нябожчыка. Праходзіла першае галашэнне. Хараніць трэба на трэці дзень, пры гэтым магілу можна капаць у межах 8. 00 – 12. 00, час пахавання - паміж палуднем і 16. 00. Перад вынасам з хаты нябожчыка адпявалі. Выносілі нагамі наперад праз вакно або дзверы(тройчы краналіся касяка ці парога). Адразу пасля вынасу табурэты, на якіх стаяла труна – перакульвалі, падлогу пасыпалі жытам. Пахавальная працэсія выглядае так: крыж, абраз, кветкі і вянкі (нясуць перадшлюбныя дзяўчаты), крышку ад труны, саму труну. Тым часам падлогу ў хаце падмяталі, мылі, але ваду да вяртання людзей з могілак не вылівалі. Абрадавай стравай на хаўтурах быў канун або абаранкі з макам, размочаныя ў малацэ..

Даволі моцна адрозніваецца сістэма пахавальнай абраднасці самазабойцаў. Іх хавалі нямытымі; у тым адзенні, у якім яны сустрэлі смерць; у труну клалі рэч, якой тыя пазбавіліся жыцця. Хавалі або на месцы самазабойства, або за агароджай могілак, памінкі ўвогуле рабіць забаранялася.

У падрабязна распрацаваным, насычаным мноствам умоў, абмежаванняў абрадзе пахавальныя галашэнні выконваюць найважнейшую ролю, бо «дапамагаюць праз слёзы, праз эмацыянальна прамоўленае слова пазбегнуць глыбокіх псіхічных надломаў і стрэсаў». У галашэннях найбольш арганічна знітаваліся мастацкія традыцыі і душэўны боль – роспач асірацелай радні. Сярод асаблівасцей галашэнняў - стварэнне іх у працэсе выканання, надзвычайны эмацыянальны накал, апора на музычна-паэтычныя мастацкія традыцыі. Такія як: прэваліраванне слова над музыкай, моўнае інтанаванне, зонны строй, пераход у пэўны час да рытмізаванага говара скрозь рыданні, акцэнтна-неперыядычная рытміка, танічны няроўнаскладаны верш, дактылічныя канчаткі нізыходзячых фраз з апорай на вымаўляемую кадансавую прыму ў значнай ступені вызначае меладычную лінію плача. Галашэнні праяўляюць сінкрэтычную сувязь з мімікай, жэстам, рухам. Існуюць мясцовыя разнавіднасці галашэнняў – моўнага, песеннага, напеўна-рэчытатыўнага характару. Сустракаюцца калектыўныя галашэнні і адзіночныя жаночыя прычыты. Вывучэнне пахавальных галашэнняў ускладено тым, што ў адрозненні ад твораў каляндарна-земляробчага цыклу, народныя спевакі лічаць недапушчальным выкананне прычатаў па-за межамі абраду. Сям’я памершага на год выключаецца з кола святаў. Абавязкова праходзяць памінкі - абрад ушанавання памяці памерлага чалавека, звязаны з культам продкаў, яны праводзіліся на 3 (трэціны), 9 (дзевяціны), 40 (сарачыны), паўгоддзе і год.

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...