Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Веснавыя абрады і песні.




Веснавы песенны цыкл самы разгорнуты і жанраваразнастайны ў гадавым святочным коле. Жыццёва важная функцыя вясны спарадзіла мноства абрадаў і свят, у якіх значную ролю адыгрывалі гульнёвыя моманты, драматызаваныя сцэнкі, магічна-заклінальныя і заклікальныя формулы і асабліва песні.

Гуканні вясны пачынаюцца на Беларусі ў асобных мясцовасцях з 1, паўсюдна з 25. 03 (на Благавешчанне). У сакавіку селянін пільна прыглядаўся да з'яў прыроды, імкнуўся прадбачыць, ці спрыяльнымі будуць умовы для веснавых работ, якім будзе лета. Са зваротам да багоў, маці дазволіць вясну заклікаці звярталася старэйшая з роду. Жанчыны і дзяўчаты рушылі на ўзгорак каля вёскі, які ачысціўся ад снегу, слалі салому, кажухі і спявалі вяснянкі. Часам спявачкі размяшчаліся на гуменных стрэхах. (Размяшчэнне ўдзельнікаў абрада менавіта на ўзвышшы даследчыкі звязваюць з рэхам культа Сварога, з агульначалавечым успрыняццем гор, як месцам прынясення ахвяр. Сучасныя выканаўцы тлумачаць жаданнем «кінуць песню вышэй у неба»). Зафіксавана традыцыя выканання гуканняў каля вогнішча, на якім спальвалі старое. Спальванне кастрыцы ад лёну і пянькі, старых лапцей і іншага рыззя мае сэнс ачышчэння, аднаўлення і адначасова гэта водгук старадаўняга салярнага культа. Мясцовыя адрозненні ў абрадзе гукання вясны не кранаюць сутнасці і асноўных кампанентаў – выхад на высокае месца, паленне агню, спяванне гукальных песень, ваджэнне карагодаў, маючых магічную функцыю (“Дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць”). Музычныя асаблівасці вяснянак: вузкааб’ёмныя лады (часцей за ўсё ангемітонныя), інтанацыі кліча, зовы на слогі «гу», «агу», «аю». Заклічкі мелі форму маналагічную або дыялагічную. Распаўсюджана была антыфонная традыцыя выканання. Заклічкі падзяляюць на песні закліку вясны, чакання («Вол бушуе») і песні здзяйснення, сустрэчы («Вясна-красна, што ты нам прынясла»). Вяснянкі шырока распаўсюджаны ў Падняпроўі, Палессі, Цэнтральнай Беларусі, найбольш сканцэнтраваны на паўднёвым усходзе Беларусі. Аналагічныя святы вядомы ў сербаў («на раніла»), палякаў і чэхаў (вітанне сонца), украінцаў і рускіх.

Свята сустрэчы вясны. Для яго характэрны культ птушак як увасабленне анімістычных, татэмістычных уяўленняў. Гаспадыні пяклі “жаўрукоў” або “буслоў” з цеста або плялі з саломы. (Вучоныя бачаць таксама сляды аграрна-магічнай функцыі хлеба). Дзяўчаты і дзеці неслі іх на ўзгорак, падкідвалі ў паветра, спяваючы заклічкі. Аграрна-магічная роля надавалася гушканню на арэлях (гушкацца лічылася неабходным для дзяцей і пажаданым для моладзі).

Вялікдзень – свята старажытных славян у гонар сонца, абуджэння прыроды, надыходу вялікіх дзён палявой працы. Гэта - рэха старажытнай сустрэчы Новага года. Адзначаўся ў дзень веснавога раўнадзенства, калі “ў прыродзе дасягнута раўнавага паміж сіламі Дабра і Зла”, а з наступнага дня святло будзе дамінаваць над цемрай і дзень будзе болей за ноч (вялікі дзень – Вялікдзень). Валачобны абрададна з багацейшых традыцый беларусаў. Галоўная падзея – абыход двароў, накіраваны на стымуляванне ўрадлівасці поля, плоднасці статка. Валачобнікі (кукобнікі, лалоўнікі, ралёшнікі, валачэднікі) (7-12 нежанатых хлапцоў), у лік якіх уваходзілі: пачынальнік, музыкі (дудар і скрыпач, пазней – і гарманіст), механоша, абыходзілі двары аднавяскоўцаў з пажаданнямі дабрабыту, добрага ўраджаю. Да песні нярэдка дадаваліся арацыі – рыфмаваныя пажаданні, якія вымаўляліся хутка гаворачы, с запаволеннем на канцы:

Дай жа, Божа, пане гаспадару, жыці-быці,

сто бочак жыта намалаціці,

паўбочкі прадаці, валачобнікам даці.

Бывай здароў, мей сто кароў,

жыві долей – нажывай коней.

Калі ж валачобнікаў дрэнны частавалі спявалі інакш: Каб на тваёй хаце крапіва расла,

Каб твая жонка ў палі пашла,

Каб твае дзеці валачыліся,

Пайшлі да рэчкі й патапіліся.

Абрад павінен быў забяспечыць памыснае правядзенне веснавой сяўбы. Віншаванні прызначаліся кожнаму члену сям’і асобна. За віншаванне валачобнікаў адорвалі традыцыйнай ежай: яйкамі (сімвал жыццядайнасці), каўбасамі, салам, парасячым кумпячком (свіння ўвогуле сімвал урадлівасці), сырам, пірагамі. Рэшткі з велікоднага стала закапвалі на загонах з надзеяй, што гэта выратуе пасевы ад граду. З абыходам двароў звязаны музычныя асаблівасці валачобных песень - энергічная мелодыка, рытм шэсця, амаль адсутнасць унутрыслагавога распева, прыўзняты характар, мажорны пентахорд як самы распаўсюджаны лад, чаргаванне сольнага запева і харавога прыпева. Тыповыя прыпеўныя формулы: “віно ж маё зеляно”, “вясна красна на ўвесь свет”, “зялён явар кудравы”. Вялікодныя песні найбольш шырока распаўсюджаны ў Паазер’і і Панямонні.

Асобна вылучаецца жанр велікодных балад, якія выконвалі не падчас абыходаў, бо яна не маюць віншавальных завяршэнняў. З прыняццем хрысціянства супадае са святам Пасхі. На першы дзень маці апускала свянцонае яйка ў ваду, якой умываліся пасля вяртання з царквы, харчаваліся асвячоным. Хадзілі сачыць “гульню” сонца, стала пашырана гульня ў біткі і качанне яек з гары (пераможца забіраў яйкі астатніх). Неабходным было наведванне блізкіх, частаванне афарбаванымі яйкамі,. Новая рэлігія патрабавала і новых моўных формул для песень – “Хрыстос васкрос сын Божы”. Першае ўпамінанне пра валачобны абрад – у пасланні Іаана з Вішні князю Васілю Астрожскаму (к. XYI).

Свята Юр’я - увасабленне культа жывёл, апекуном якіх быў спачатку Велес, а з прыходам хрысціянства яго замяніў св. Юр’я. (6. 05 –праваслаўныя, 23. 04 – католікі). Для гэтага свята характэрна сумяшчэнне элементаў земляробчай і жывёлагадоўчай абраднасці. Існуе шмат разнастайных прыкмет: Калі раса – будзе шмат аўса;

Калі дождж – будзе жыта сцяной.

Рытуальная частка пачыналася напярэдадні ўвечары. Гаспадар з кошыкам яек (часам і грамнічнай свечкай) абыходзіў стайню, ставіў кошак на парог і па аднаму выводзіў цераз гэты кошык коней. Упершыню коней выводзілі ў начное. Раніцай буйных жывёл абкурывалі зёлкамі, пад парог хлява закапывалі яйкі (адпаведна колькасці жывёл, каб каровы былі такія ж круглыя і поўныя), пад выроты – замкнуты замок (каб не збеглі). На Магілёўшчыне тройчы абыходзілі вакол коміна з лустай хлеба, прыгаворваючы: “Як печ стаіць на месцы, так штоб скацінка хадзіла на месца”. Потым хлеб аддавалі жывёле. Асабліва ў гэты дзень ушаноўвалі пастухоў: частавалі хлебам, салам, яйкамі. Пастух лёгка сцёбаў кожную жывёліну асвячоная вярбінкай, якую потым утыркаў ў падстрэшак хлява.

Абыходзілі палі з караваем (гаспадар або ўся сям’я) і параўноўвалі з ім рунь (калі азімыя вышэй – на добры ўраджай). У некаторых мясцовасцях ніву абыходзілі дзяўчаты. Потым асвячалі каня, саху, праходзлі 3-4 баразны, гаспадар еў хлеб і сыр, частаваў каня хлебам, у канцы баразны закапываў яйка. Скончваліся засеўкі сытнай, вясёлай вячэрай, з танцамі пад дуду або скрыпку.

Дыялектныя асаблівасці юраўскіх песень датычацца эмацыянальнай афарбоўкі напеваў: велічальна-віншавальнага складу на Панямонні, патрабавальна-заклінальны – на Паазер’і. Агульныя рысы - апора на рытмшэсця і тыповы лад – тэрцыю з субквартай.

Святкаванне Юр’і ярчэй за ўсё прадстаўлены ў фальклорных традыцыях – Беларусі (асабліва - Панямонне і Паазер’е), Балгарыі, Чэхіі.

Сёмуха адзначаецца на сёмы тыдзень пасля Пасхі. Свята мае таксама назву “зялёныя святкі”, бо маладой зеленню ўпрыгожвалі хату, двор. Расліны, лічылася, маглі засцерагчы ад нечысці - асіна, ад русалак - палын. На вуліцы каля хаты ставілі ссечаныя дзве бярозкі – “май”. Вілі вянкі, якія адыгрывалі пладаносную магічную ролю, пра што сведчыць традыцыя разрываць або цэлымі закідваць іх на грады (каб расла капуста добрая). Нават карове на рогі вянок надзявалі. У многіх мясцінах абавязковым было калектыўнае пляценне вялікага вянка для русалкі, што нагадвала агульную працу па вырабе ахоўнага палатна ў экстрэмальных умовах. Абрады сёмухі і русальнага тыдня, які пачынаўся адразу за ёй, нясуць ў сабе водгукі язычніцкага пантэізму.

Субота - сёмушныя дзяды. Перад правядзеннем абраду вымяталі з хаты смецце, мыліся ў лазні, апраналіся ва ўсё чыстае. Рыхтавалі няцотную колькасць страў, у ліку якіх былі вараная капуста, свіное мяса, квашаніна, яешня, бліны, ячневая каша, якую падавалі апошняй. Гукалі дзядоў: “А кыш, душачкі, на абед: малыя цераз барану, старыя праз дзверы”. Елі з адной міскі ў парадку ўзроставага старшынства. Першыя тры лыжкі кожнай стравы адкладалі дзядам, потым елі самі. Канон з мёду, маку, хлеба і вады елі па чарзе, па тры лыжкі на чалавека. Выпівалі па адной чарцы гарэлкі, праліваючы некалькі кропель – дзядам.

Нядзеля - кумленне (абрадавая форма выбару кумы). Хату, двор аздаблялі зеленню. Дзяўчаты ішлі за аколіцу. Вілі вянкі, упрыгожвалі імі (а таксама каралямі, кветкамі, шкуркамі) дзве стаяўшыя побач бярозкі, “завівалі” іх (рознакаляровымі стужкамі звязвалі галінкі адной і другой), праходзілі пад ўтварыўшайся аркай па парах, цалаваліся, абменьваліся пярсцёнкамі, крыжыкамі або варонымі яйкамі. Удзел ці няўдзел у абрадзе звязвалі з лёсам родных:

Хто ня йдзець вянкоў завіваць, палож таго калодаю дубоваю,

Дзяцей яго курчыжкаю сасноваю.

Хто вянкоў не ўець, таго матка памрэць,

А хто віць будзіць, таго жыць будзіць.

Упрыгожвалі бярозкі вянкамі, загадваючы канкрэтную асобу (завяне- не быць разам). Вадзілі вакол бярозак карагоды, частаваліся традыцыйнай ежай (галоўная – яешня). З гэтага часу да бярозак ніхто не падыходзіў, бо лічылася, што на іх галінках гойдаюцца русалкі. Іншы раз з ссечанай бярозкай абыходзілі вакол аржанога поля. Бярозавае лісце павінна было надаць сваю раслінную сілу пасевам.

Панядзелакдухаў дзень. Пачатак русальнага (гранога) тыдню. На Брэстчыне пачыналі вадзіць куста. Абыходзілі ўсе двары, спявалі велічальныя песні, услаўлялі гаспадароў, іх дзяцей, за што атрымлівалі пачастункі. Па заканчанні абыхода двароў “куста” разрывалі і падбіралі лісце, каб выкарыстаць для лячэння ран і нарываў.

Аўторак конскі вялікдзень. На конях не працавалі. Іх мылі, часалі, запляталі грывы. За іх здароўе ў канюшнях вешалі свечкі.

Серада градавая ці градабой. Хто працуе на зямлі – пасевы град паб’е. На Палессі здабывалі “жывы агонь”.

Чацверсухі, бо ніколі не ідзе дождж. Выконвалі абрад выкліку дажджу – “абліваха”.

Пятніцапровады русалкі. Самую прыгожую дзяўчыну ў адной сарочцы, з распушчанымі валасамі праводзлі па вёсцы з велічальнымі песнямі, на ўскрайку вёскі яе штурхалі ў жыта і разбягаліся. Перад гэтым маглі весці на прыгорак, дзе разам вадзілі карагод. Другое сакральнае месца, якое часам наведвалі з русалкай – могілкі. Дзяўчыну маглі замяніць пудзілам (яго потым спальвалі).

Нядзеля або панядзелак – развівалі бярозкі, варажылі на вянках, пускаючы па вадзе, “май” выкідалі або тапілі(на дождж), абыходзілі палі з “каралаеўнай” і 8 маршалкамі (тры разы вакол вогнішча, потым вакол поля). У апошні дзень бярозку выносілі да ракі, дзе, зняўшы з яе ўсе аздабленні і растрапаўшы, патаплялі ў вадзе. У іншых выпадках дрэва выносілі і кідалі на ржаным полі.

Вылучаецца шмат рэгіянальных разнавіднасцей песень – духаўскія (Падняпроў’е), русальныя (Гомельшчына), куставыя (Брэстчына). Гэтыя песні маюць сказавую рытмаформулу, у якасці ладавай апоры – трыхорд ці пентахорд, пераважаюць заклінальныя, клічныя інтанацыі.

Аналагі нашага свята можна сустрэць у многіх народаў – албанцаў (русаліі), галандцаў (троіца), сербаў (духове), чарнагорцаў (троіце), харватаў (русалле). З прыняццем хрысціянства з сёмухай стала супадаць троіца.

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...