Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Глава 10. Пытальнік. § 42. Правілы пастаноўкі пытальніка. Клічнік. § 43. Правілы пастаноўкі клічніка




ГЛАВА 10

ПЫТАЛЬНІК

§ 42. Правілы пастаноўкі пытальніка

1. Пытальнік ставіцца ў канцы простага сказа (у тым ліку слова-сказа), якім выражаецца прамое пытанне.

 

Напрыклад:

Дзе вы, песні жніўныя? Хто вас адвячоркамі панясе над ніваю? (П. Броўка).

Адкуль тут музыка нясецца? Чыя тут песня ў душу льецца? (Я. Колас).

– Няўжо дачакаліся? Няўжо праўда? – бы дзіця, радавалася дзяўчына (В. Быкаў).

– Га? – не зразумеў пытанне дзед (Я. Колас).

 

2. Пытальнік ставіцца ў канцы складаназалежнага сказа, калі пытанне выражана ў галоўнай і даданай частках або толькі ў галоўнай.

 

Напрыклад:

Ці ты, бабка, не ведаеш, хто гэта прынёс сюды красак? (Я. Колас).

Хто згадае, чаго сэрца плача? (П. Трус).

Край мой родны! Дзе ж у свеце край другі такі знайсці, дзе б магла так, поруч з смеццем, гожасць пышная ўзрасці? (Я. Колас).

Што можа быць даражэйшае сэрцу чалавека, як у сталых гадах пачуць цябе, роднае слова, у чужой старане? (К. Крапіва).

 

Пытальнік можа ставіцца ў канцы складаназалежнага сказа і тады, калі пытанне заключаецца ў даданай частцы.

 

Напрыклад:

І скажы, дзядок, адкуль хмары гэтыя выходзяць? (Я. Колас).

 

3. Пытальнік ставіцца ў канцы складаназлучанага і бяззлучнікавага складанага сказа, калі кожная іх частка выражае пытанне або калі пытанне выражае толькі апошняя частка.

 

Напрыклад:

Будуць яшчэ пытанні ці пачнём спрэчкі? (М. Паслядовіч).

Ці гэта казку лес складае, ці даль ачнулася нямая і немасць песняй парушала?       (Я. Колас).

Яго пакрыўдзілі, зняважылі, а ён будзе кланяцца ім? (Я. Колас).

Стаміўся ў дарозе, ды дзе спачываць? (П. Броўка).

Паслухай добра: чуеш песні? (Я. Колас).

 

4. Пытальнік (або пытальнік з клічнікам) ставіцца ў дужках (звычайна ў цытаце з тэксту іншага аўтара), калі змест выказанай кім-небудзь думкі выклікае сумненне ці непаразуменне.

 

Напрыклад:

Наўрад ці ўпрыгожваюць паэтычны твор радкі накшталт: «Букет струменняў пералівісты шугнуў падобна рысаку» (? ) (Н. Гілевіч).

 

5. У пытальных сказах з аднароднымі членамі сказа пытальнік можа ставіцца пасля кожнага аднароднага члена з мэтай раздзялення пытання.

 

Напрыклад:

Вольна ішлі яны [калгаснікі] пушчай, прыцішыўшы крокі... Стрэл адзінокі рэхам трывожна глухім дакаціўся да іх. Што гэта? Стрэл паляўнічы? Ці знак таямнічы?        (А. Куляшоў).

 

ГЛАВА 11

КЛІЧНІК

§ 43. Правілы пастаноўкі клічніка

 

1. Клічнік ставіцца ў канцы простага і складанага сказа, які вымаўляецца з клічнай інтанацыяй.

 

Напрыклад:

Эх, і прывабныя стаяць летнія дзянькі! (І. Навуменка).

Слаўся, наша сталіца Мінск!

Я хачу зберагчы цябе, матчына песня, каб запоўніць табою спусцелыя душы!        (Н. Гілевіч).

Як усім было весела! (А. Васілевіч).

– Які дождж! – усклікнуў я (Г. Далідовіч).

Што за дзяўчына! Што за натура! (Я. Колас).

Як хацеў бы я па палях прайсці і ўпіцца іх пахам, росамі, паглядзець, зірнуць, як жыты растуць, як калосікі наліваюцца! (Я. Колас).

Цыц! Не смець казаць мянушку, а то зніму на вас папружку! (Я. Колас).

«Рукі ўгору! » – грымнуў тут дзядзька Мірон... (М. Лынькоў).

Ён не служка тут больш – квіта! (Я. Колас).

 

Калі часткі складанага сказа з'яўляюцца клічнымі, то яны раздзяляюцца коскай, а ў канцы сказа ставіцца клічнік.

 

Напрыклад:

Якія знаёмыя назвы і словы, якая цудоўная родная мова! (П. Панчанка).

Ты паслухай, Апанас, што за голас, што за бас! (Я. Колас).

Параўн.: Колькі хараства і чароўнага прывабу ў сініх далях! Колькі новых малюнкаў, свежых матываў і таемных здарэнняў абяцаюць яны вачам і сэрцу падарожнага!               (Я. Колас).

Як хітра, мудра збудавана! Як чыста, хораша прыбрана! (Я. Колас).

 

2. Клічнік ставіцца пасля звароткаў, якія стаяць у пачатку або ў канцы сказа, пасля выклічнікаў і гукаперайманняў, што стаяць у пачатку, у сярэдзіне ці ў канцы сказа, калі гэтыя словы вымаўляюцца з клічнай інтанацыяй.

 

Напрыклад:

Піліпчык! Нясі з істопкі, што там ёсць у нас. Людзям час даўно снедаць.                  (М. Лынькоў).

Я помню летнія часіны і вас, грыбныя баравіны! (Я. Колас).

– Ого! – пачуў ён збоку ад сябе пявучы голас. – Малайчына, хлопчык! (М. Лупсякоў).

– Гу-гу! – штось гукне, садрыгнецца, бах-бах! – на гук той адзавецца і аж па лесе пойдзе рэхам... (Я. Колас).

Там рыба – ого-го! (Я. Маўр).

 

3. Клічнік ставіцца ў канцы слоў і сказаў, якімі эмацыянальна перадаюцца прывітанні, развітанні, віншаванні, пажаданні, заклікі і пад.

 

Напрыклад:

– Дзень добры!

– Дзень добры! Сядай, чалавеча! (А. Куляшоў).

– Добры дзень вам! – сказала, усміхаючыся ад нечаканасці і здзіўлення, Вера Сымонаўна. (Б. Сачанка).

– Да пабачэння! – Бывайце, – кінуў яму безуважна адно слова Карніцкі.                       (М. Паслядовіч).

Добрай ночы!

Слава працаўнікам-хлебаробам!

Усім народам – мір і шчасце! (А. Астрэйка).

З Новым годам! З новым шчасцем!

Здароўя вам і поспехаў!

 

4. Клічнік можа ставіцца пасля «назоўнага тэмы» («назоўнага ўяўлення»).

 

Напрыклад:

Мір! Што ёсць лепшае і прыгажэйшае на свеце? Мір – гэта і праца, і шчасце, і радасць. Усё найдаражэйшае, людское заключана ў гэтым на дзіва простым і на дзіва мілым слове (М. Гамолка).

Дарогі! Колькі іх, агульных для ўсіх людзей і асабістых у жыцці кожнага чалавека! І акружных, і простых (А. Пальчэўскі).

 

5. Клічнік можа ставіцца ў дужках для выражэння эмацыянальных адносін да зместу выказвання.

 

Напрыклад:

Прыйшоў адтуль [з рэдакцыі] ліст. А ў ім, як звычайна, пісалася: «... відаць, вы (! ) упершыню ўзяліся за пяро... » (В. Зуёнак).

Сцэна (дадатковая), якая падвешана (! ) над звычайнай сцэнай, важыць зноў жа ні многа ні мала – сорак пяць тон... (А. Васілевіч).

 

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...