Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Глава 8. Правілы пераносу. § 40. Правілы пераносу простых, складаных, складанаскарочаных слоў, умоўных графічных скарачэнняў і іншых знакаў




ГЛАВА 8

ПРАВІЛЫ ПЕРАНОСУ

§ 40. Правілы пераносу простых, складаных, складанаскарочаных слоў, умоўных графічных скарачэнняў і іншых знакаў

1. З аднаго радка на другі слова пераносіцца па складах: во-ля, тра-ва, за-яц, га-ла-ва, ка-ва-лак, стра-ка-ты, пра-ве-рыць, пе-ра-кі-нуць.

2. Калі ў сярэдзіне слова паміж галоснымі маецца спалучэнне зычных, то пераносіцца на наступны радок або ўсё гэта спалучэнне, або любая яго частка. Можна пераносіць: ся-стра, сяс-тра, сяст-ра; во-стры, вос-тры, вост-ры; пту-шка, птуш-ка; кро-пля, кроп-ля; ма-ста-цтва, мас-тац-тва, мас-тацт-ва.

Такім жа чынам перанос ажыццяўляецца, калі гэта спалучэнне разбіваецца марфемнай мяжой: ра-змова, раз-мова; за-става, зас-тава; ра-скрыць, рас-крыць, раск-рыць; бя-скрыўдна, бяс-крыўдна, бяск-рыўдна; дзя-ці-нства, дзя-цін-ства, дзя-цінс-тва, дзя-цінст-ва; двац-цаць, два-ццаць, калос-се, кало-ссе, сол-лю, со-ллю, памяц-цю, памя-ццю, мыц-ца,  мы-цца, паа-бапал, па-абапал, насе-нне, насен-не.

3. Пры пераносе нельга:

пакідаць або пераносіць на наступны радок адну літару, нават калі яна адпавядае складу: аса-ка, лі-нія, ра-дыё, еха-лі, па-коі. Нельга пераносіць: а-сака, ліні-я, рады-ё, е-халі, і-кол, а-са, я-на, ю-нак, ма-я,   а-рыя, а-лея, А-зія і інш.;

разбіваць пераносам спалучэнні літар дж і дз, калі яны абазначаюць на пісьме гукі [дж], [дз']: ура-джай, са-джаць, ра-дзі-ма, ха-дзіць. Спалучэнні дж і дз можна разбіваць пераносам, калі д адносіцца да прыстаўкі, а з, ж – да кораня: пад-жары, ад-жаць, пад-земны, ад-значыць;

аддзяляць ад папярэдняй галоснай літары й і ў: сой-ка, бой-кі, май-стар, дай-сці, зай-мацца, праў-да, слоў-нік, маў-чаць, заў-тра, праў-нук;

аддзяляць мяккі знак (ь) і апостраф ад папярэдняй зычнай: буль-ба, прось-ба, вазь-му, бур'-ян, сем'-яў, мыш'-як.

 4. У складаных словах кожная іх частка пераносіцца згодна з правіламі пераносу асобных слоў: се-на-ўбо-рка, збож-жа-зда-ча.

5. Не дзеляцца пры пераносе абрэвіятуры, якія пішуцца вялікімі літарамі або з'яўляюцца спалучэннем літар і лічбаў, а таксама графічныя скарачэнні слоў і выразаў: ААН, НАТА, АБСЕ, ДАІ, А-95, г. д., г. зн., стст. ; не адрываюцца пры пераносе ад лічбаў далучаныя да іх злучком канчаткі або часткі канчаткаў: а 19-й (гадзіне), 1-га (студзеня); не пажадана адрываць ад прозвішчаў ініцыялы: Я. Брыль, К. М. Міцкевіч, Я. Ф. Карскі, М. І. Гурскі; не пераносіцца на наступны радок працяжнік; пры пераносе нельга адрываць ад лічбы скарочаныя назвы адзінак вымярэння: 1990 г., ХХІ ст., 100 кг, 50 га, 2 км, 10 см, 1000 руб.

 

РАЗДЗЕЛ ІІ

ПУНКТУАЦЫЯ

ГЛАВА 9

КРОПКА

 

§ 41. Правілы пастаноўкі кропкі

 

1. Кропка ставіцца ў канцы закончанага апавядальнага сказа: Вечар быў цёмны і ціхі. Побач з чыгункай стаяў высокі стары лес, таемны, пануры і важны. На станцыі шумеў паравоз таварнага цягніка, шумеў ціха і роўна, як бы баючыся парушыць спакой гэтага лесу. Замаўкаюць птушыныя звонкія спевы, калі восень прыходзіць у край наш лясны. Позняя ноч. Цішыня. Старонкі добрай кнігі.

2. Калі ў канцы апавядальнага сказа ў дужках указваецца аўтар або даецца пашпартызацыя, то кропка ставіцца пасля дужак: Жнеі спяваюць у полі, жыта густое жнучы (М. Танк). Госця, – маладая дзяўчына, – сядзела ў пакоі і ціха размаўляла з маці (У. Караткевіч). Выдатны паэт і крытык Максім Багдановіч вылучаўся глыбокай і шырокай адукацыяй, тонкім разуменнем і пачуццём паэзіі («ЛіМ»).

3. Пасля слоў і сказаў, якія з'яўляюцца загалоўкамі да тэкстаў, папер рознага прызначэння, а таксама твораў, кніг, карцін, фільмаў, пасля надпісаў на шыльдах кропка не ставіцца. Калі ж загаловак, назва або надпіс складаюцца з двух або некалькіх сказаў, то кропка не ставіцца толькі пасля апошняга.

4. Кропкай звычайна аддзяляецца «назоўны тэмы» – назва прадмета, асобы ці з'явы, пра якую будзе ісці гутарка ў наступным тэксце.

 

Напрыклад:

Піхты. Вынослівыя, гонкія, стройныя. Яны, як громаадводы, тырчаць з тайгі. Без сукоў, адны голыя ствалы. Толькі на самай макавіне дзе-нідзе рэдзенькія кароценькія лапкі (Я. Сіпакоў).

Дзед Міронавіч. З-за яго і запісваю гэта. Дзед – у капелюшы, з сахаром у руцэ. А барада… раскошная, як у прарока (Я. Брыль).

 

5. Кропка ставіцца ў канцы пабуджальных сказаў, калі просьба ці пажаданне выказаны спакойным тонам, без клічнай інтанацыі.

 

Напрыклад:

Углядайся, мой сыне, пільней углядайся ў святыя абрысы бацькоўскай зямлі         (Н. Гілевіч).

Не хітруй, Аўсееў. Тут табе не кірмаш – таргавацца. Табе загадана, ты і выконвай (В. Быкаў).

 

6. Кропка ставіцца ў канцы складаных сказаў з ускосным пытаннем.

 

Напрыклад:

Пятро падышоў і спытаў у шафёра, ці можна пад'ехаць (І. Шамякін).

Дзед Талаш і Мартын Рыль сталі раіцца аб тым, што рабіць далей і куды ісці     (Я. Колас).

Міхалка і не стараўся дазнацца, дзе бывае яго гаспадар (К. Чорны).

 

7. Кропка ставіцца пасля сцвярджальных ці адмоўных слоў-сказаў так, неі іх сінонімаў (ага, але, эге, ну, добра і інш. ) пры адсутнасці клічнай або пытальнай інтанацыі.

 

Напрыклад:

«У бібліятэку збіраецеся? » – «Так».

«А вы, уласна кажучы, хто? Інжынер? » – «Не. Настаўніца» (І. Шамякін).

«Ты мяне слухаеш? » – «Ага»(Я. Колас).

 

8. Кропка ставіцца перад злучнікамі і, ды, а, але, аднак і пад., калі яны звязваюць паміж сабой самастойныя сказы.

 

Напрыклад:

Лён быў дагледжаны, падкормлены. А тут і цёплыя дні надышлі. І закучаравіўся, пайшоў лён у рост  (А. Бялевіч).

Лабановіч борздзенька кінуўся да форткі. Але там было ўсё ціха (Я. Колас).

Саўчанка дазволіў разлікам добра адаспацца. Ды на холадзе, у сырых нішах, не надта спіцца (І. Шамякін).

 

9. Кропкай аддзяляюцца асобныя часткі выказвання пры парцэляцыі.

 

Напрыклад:

Людзі змагаюцца і перамагаюць. Вайну. Страх. Голад. Дэспатызм, тупасць...        (І. Шамякін).

Назаўтра першы падхапіўся Гарбацэвіч. Яшчэ на світанні (Г. Далідовіч).

«Тады будзе мір. І шчасце. І жыццё», – сказаў я не без некаторага пафасу (В. Быкаў).

 

10. Кропка ставіцца ў канцы рубрык пералічэння, калі гэтыя рубрыкі з'яўляюцца самастойнымі сказамі. Паслядоўнасць пунктаў абазначана лічбамі з кропкай.

 

Напрыклад:

У пастанове былі запісаны чатыры пункты:

1. Арганізаваць саюз настаўнікаў на падставе пастановы сходу ад 9 ліпеня 1906 года.

2. Саюз ставіць сабе асноўнай мэтай – весці барацьбу з самадзяржаўным ладам шляхам прапаганды ідэі рэвалюцыі сярод насельніцтва і распаўсюджання рэвалюцыйнай літаратуры. Кожнаму члену арганізаванага настаўніцкага саюза ставіцца ў абавязак – стварэнне на месцах рэвалюцыйных ячэек з мэтай прыцягнення найбольшай колькасці членаў у саюз настаўнікаў.

3. Арганізаванаму настаўніцкаму саюзу далучыцца да Усерасійскага саюза настаўнікаў і ўвайсці з ім у цесныя зносіны.

4. Для вядзення спраў саюза выбіраецца бюро ў складзе 3-х асоб: Садовіча, Райскага і Тукалы (Я. Колас).

 

11. Кропка ставіцца пасля ўмоўных графічных скарачэнняў (акрамя стандартных скарочаных абазначэнняў метрычных мер): г. Мінск; в. Лебядзінец; г. Капыль Мінскай вобл. ; але: 100 г, 5 см, 3 сек і інш.

Калі ўмоўным графічным скарачэннем заканчваецца сказ, то ў канцы сказа другая кропка не ставіцца.

 

Напрыклад:

Існуюць індукцыйная электрычная зварка (токамі высокай частаты), зварка электронным промнем і інш. (БелСЭ).

 

12. Кропкай аддзяляюцца назвы дзейных асоб у драматургічных творах, калі гэтыя імёны запісваюцца ў адным радку з рэплікай.

 

Напрыклад:

Ч а р н а в у с. Можа, я занадта рэзка выступіў. Трэба будзе пагаварыць з ім.

В е р а. Я лічу, што вы вельмі добра выступілі, і няма чаго вам прабачэння прасіць

 (К. Крапіва).

 

13. Кропка ставіцца ў спасылках (у тым ліку і падрадковых) пры ўказанні на прыналежнасць цытаты пасля прозвішча аўтара, калі ўслед за ім ідзе назва твора гэтага аўтара.

 

Напрыклад:

Было лета, самая зялёная пара яго (І. Мележ. «Подых навальніцы»).

Тварэц мовы – народ. Задача ж пісьменніка –  у фарміраванні, адборы лепшага, у прывядзенні мовы да літаратурных норм. Як бачым, задача немалая. Мы павінны мець мову прыгожую, гучную, простую, але гнуткую і выразную (Я. Колас. «Развіваць і ўзбагачаць літаратурную мову»).

 

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...