Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

§ 48. Коска пры адасобленых азначальных зваротах




§ 48. Коска пры адасобленых азначальных зваротах

і словах

1. Коскамі выдзяляюцца:

дапасаваныя азначэнні, выражаныя дзеепрыметнікавымі і прыметнікавымі словазлучэннямі, што стаяць пасля назоўніка, які паясняюць;

 

Напрыклад:

Між імён, праслаўленых на свет, былі імёны нашых блізкіх і знаёмых (П. Глебка).

Вядома, няма ўжо таго пярэстага дывана, калі бела-сінім полымем палае дол, зарослы пралескамі (І. Навуменка).

Сінявокая смуга, поўная цеплыні і ласкі, песціла далёкія лясы і купчастыя бярозы  (Я. Колас).

 

дапасаваныя азначэнні, выражаныя прыметнікамі і дзеепрыметнікамі без паясняльных слоў, калі яны стаяць пасля назоўніка, з якім звязаны, і звычайна маюць падкрэсленую сэнсавую нагрузку;

 

Напрыклад:

Шуміць рака, вясёлая, жывая (А. Бачыла).

А пад поўнач пасыпаў сняжок, заложны, спорны, густы і сухі (Я. Колас).

Хата, вымытая і прыбраная, чакала гасцей.

Лабановіч, зацікаўлены, глянуў яшчэ раз на пасаду (Я. Колас).

 

дапасаваныя азначэнні, выражаныя прыметнікамі і дзеепрыметнікамі як з паясняльнымі словамі, так і без іх, калі яны стаяць перад назоўнікам, які паясняюць, і, з'яўляючыся азначэннем, маюць дадатковае акалічнаснае адценне (прычыны, уступкі);

 

Напрыклад:

Узрушаны і выведзены з раўнавагі, старшыня грозна ўшчувае крыкуноў (Я. Колас).

Захоплены гэтаю новаю думкаю, Пракоп доўга не можа заснуць (Я. Колас).

Падахвочаныя, дужыя, хлопцы адразу ўзяліся за працу (Я. Колас).

 

Дапасаваныя азначэнні, выражаныя прыметнікамі і дзеепры-метнікамі з паясняльнымі словамі і без іх, якія адносяцца да назоўніка (пераважна да дзейніка) і стаяць перад ім, радзей – пасля яго, але аддзеленыя ад гэтага назоўніка выказнікам ці іншымі членамі сказа;

 

Напрыклад:

Магутныя ў сваёй велічы, стаялі старыя дубы (І. Навуменка).

Мокрая і прыціснутая асеннім холадам, цяпер гэта расліннасць усё яшчэ гусцілася і ўпарта зелянелася (К. Чорны).

Ігнась вярнуўся дадому праз два тыдні, схуднелы, абарваны (У. Ліпскі).

 

дапасаваныя азначэнні, выражаныя прыметнікамі і дзеепрыметнікамі, адзіночныя і з паясняльнымі словамі, якія адносяцца да асабовых займеннікаў;

 

Напрыклад:

Пранікніцеся любоўю да маёй Беларусі, людзі. Велічная і гордая, яна таго вартая (У. Караткевіч).

Радасная здагадка азарае мяне, і, здзіўлены, я паволі ўстаю ў акопе (В. Быкаў).

Пільны, насцярожаны, ступіў ён у хату (І. Мележ).

 

Калі ў склад адасобленага азначальнага звароту ўключана іншая ўдакладняльная канструкцыя, то яна выдзяляецца коскамі: Навокал быў густы травяністы луг, усыпаны, нібы пацеркамі, расою... (Я. Сіпакоў).

Калі дапасаваныя азначэнні не маюць выражанага акалічнаснага значэння, коска можа не ставіцца: Працяты марозам снег хрустка скрыпеў пад нагамі дзеда Талаша і грамознага Мартына Рыля (Я. Колас).

2. Дапасаваныя азначэнні, выражаныя прыметнікамі і дзеепрыметнікамі, адзіночныя і з паясняльнымі словамі, адасабляюцца і выдзяляюцца коскамі і ў тым выпадку, калі пры іх займеннік адсутнічае, але падразумяваецца.

 

Напрыклад:

Занятыя размовай, [мы] непрыкметна пад'язджаем да шырокай прасекі (У. Правасуд).

 

3. Калі да аднаго назоўніка або займенніка ў сказе адносяцца некалькі адасобленых азначэнняў, выражаных дзеепрыметнымі і прыметнымі словазлучэннямі або адзіночнымі азначальнымі словамі, то яны раздзяляюцца коскамі як аднародныя члены сказа.

 

Напрыклад:

Гаспадар-камень быў відаць здалёк. Ён, зверху белаваты, пасярэдзіне нібы ружовы, здаецца, выветраны да шкляной празрыстасці і цвёрдасці, спадыспаду нібы не зусім ужо моцны, шэры, аброслы тоўстым цвёрдым мохам, патрэсканы, быў вышэйшы за чалавека і ёмісты (Г. Далідовіч).

 

4. Не адасабляюцца і не выдзяляюцца коскамі дапасаваныя азначэнні, выражаныя адзіночнымі прыметнікамі і дзеепрыметнікамі, якія хоць і стаяць пасля назоўніка, які паясняюць, але не вызначаюцца адноснай сэнсавай самастойнасцю (іх значэнне не падкрэсліваецца) і зліваюцца з назоўнікам у адно сэнсавае цэлае.

 

Напрыклад:

Плыве, гудзе шум гулкі, будаўнічы... (Я. Купала).

Травою спелаю, мурожнай уся запахла сенажаць (А. Астрэйка).

 

5. Не выдзяляюцца коскамі дапасаваныя азначэнні, выражаныя прыметнікамі, і тады, калі пасля назоўніка перад першым з іх стаіць злучнік і, які набывае значэнне ўзмацняльнай часціцы.

 

Напрыклад:

Гэткім часам і сумным, і хмурым адлятае і песня, і смех (М. Машара).

 

6. Не аддзяляюцца коскамі дапасаваныя азначэнні, выражаныя прыметнікамі і дзеепрыметнікамі (з паясняльнымі словамі або без іх), якія пры цеснай сувязі з дзеясловам, пасля якога яны стаяць, і пры аслабленай сувязі іх з паясняльным назоўнікам становяцца іменнай часткай выказніка.

 

Напрыклад:

Саша ішла дадому вясёлая, узрушаная гульнёй (І. Шамякін).

Узыходзіла сонца, і палі пад яго праменямі ляжалі залітыя залаціста-ружовымі і бледна-зялёнымі фарбамі (Т. Хадкевіч).

 

7. Адасабляюцца і выдзяляюцца коскамі:

недапасаваныя азначэнні, выражаныя назоўнікамі ва ўскосных склонах з паясняльнымі словамі і без іх, з прыназоўнікамі і, радзей, без прыназоўнікаў;

 

Напрыклад:

Без шапкі, у адной гімнасцёрцы, Васіль з усяе сілы працаваў вёсламі (І. Шамякін).

Хутчэй бы прыйшла зіма, белая і маладая, з малінавымі маразамі, са звонам канькоў на лёдзе і навагодняй ёлкай (П. Панчанка).

На гарадок паўзла цёмна-шызая хмара, з ружова-серабрыстымі беражкамі (С. Грахоўскі).

 

прыдаткі, якія адносяцца да асабовых займеннікаў і звычайна стаяць пасля іх, зрэдку – перад займеннікам;

 

Напрыклад:

І толькі ён, мароз заўзяты, мароз занадта зухаваты, адзін па лесе пахаджае... (Я. Колас).

Вунь яны цягнуцца, варожыя акопы (А. Марціновіч).

Сын лесніка, я сам з маленства любіў паліць касцёр, пасядзець ля вогнішча (І. Шамякін).

 

прыдаткі, якія адносяцца да назоўнікаў, стаяць пасля іх і не ўтвараюць з імі цеснага сэнсавага адзінства, у тым ліку і тыя, што далучаюцца пры дапамозе злучніка як (з адценнем прычыны);

 

Напрыклад:

І мядзведзь, даўні ўладар пушчаў, таксама прабівае сабе сцежку, прыходзячы з далёкіх нязведаных сховаў (П. Пестрак).

Сцяпана, як смелага салдата, часта пасылалі ў разведку (В. Быкаў).

 

прыдаткі, якія з'яўляюцца ўласнымі імёнамі, стаяць пасля агульнага назоўніка і маюць удакладняльнае значэнне (перад імі можна без змены сэнсу ўставіць словы гэта значыць, а іменна);

 

Напрыклад:

Часцей заходзіць туды і старшыня, Захар Лемеш (Я. Колас).

Большыя сыны, Кастусь і Язэп, ужо валтузіліся, змагаліся за бацькаву чорную, з блакітным брылём фуражку (Г. Далідовіч).

Гэта быў наш сусед, Іван Бразоўскі, Шуркаў бацька (Я. Брыль).

 

прыдаткі, якія адносяцца да ўласнага імя, стаяць пасля яго і маюць удакладняльнае значэнне.

 

Напрыклад:

Ганна, маці Лабановіча, была жанчына добрая, працавітая, руплівая... (Я. Колас).

Самай выдатнай фігурай Адраджэння быў Францыск Скарына, сын купца з Полацка (У. Караткевіч).

 

Перад уласным імем і агульным назоўнікам прыдатак адасабляецца толькі тады, калі мае дадатковае акалічнаснае значэнне: Пісьменнік-псіхолаг, Колас вельмі добра разумеў чалавечыя характары (І. Шамякін).

Перад злучнікам як у зваротах, што адносяцца да назоўнікаў, коска не ставіцца, калі злучнік ужываецца са значэннем ‘у якасці’ і зварот не мае дадатковага адцення прычыны або ўступкі: Ён славіўся ў брыгадзе як выдатны падрыўнік (І. Мележ). Лапко прыглядаўся да работы як гаспадар (Я. Колас).

Два прыдаткі да ўласнага імя коскамі не аддзяляюцца, тры і болей – аддзяляюцца: доктар тэхнічных навук прафесар Сідарчук; начальнік штаба капітан Дзянісаў; доктар тэхнічных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Ю. Ф. Мацкевіч; дэкан, доктар хімічных навук, прафесар Васільеў і інш.

8. Выдзяляецца коскамі прыдатак да назоўніка або асабовага займенніка, які ёсць і падразумяваецца ў папярэднім сказе ці ў частцы складанага сказа: Дзе ж падзеўся той Сымон? Ці дзе ходзіць спазарання, непаседа-ветрагон? (Я. Колас).

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...