Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Тэорыя літаратуры ў школьным вывучэнні.




Тэорыя літаратуры ў школьным вывучэнні.

Сучасныя Канцэпцыя літаратурнай адукацыі, агульнаадукацыйныя стандарты і праграмы па беларускай літаратуры акрэсліваюць тэарэтыка-літаратурныя веды ў якасці аднаго з ключавых элементаў навучання мастацкай славеснасці ў кантэксце культуралагічнай мадэлі развіцця асобы вучня. Менавіта яны дазваляюць у поўнай меры рэалізаваць такія агульныя прынцыпы пабудовы зместу літаратурнай адукацыі, як арыентацыя на засваенне нацыянальнай культуры ў адзінстве з агульначалавечымі каштоўнасцямі, фундаменталізацыя, практычная скіраванасць, гуманітарызацыя навучання, накуковасць навучання і інш.

Школьны аналіз мастацкага твора на розных ступенях літаратурнай адукацыі павінен абапірацца на сістэмнае засваенне тэарэтыка-літаратурных паняццяў, якія ўводзяцца ў адпаведнасці з мэтамі і задачамі вывучэння беларускай літаратуры, а таксама з улікам асаблівасцей структуравання вучэбнага матэрыялу па класах.

Важнейшымі фактарамі пры адборы тэарэтычнага матэрыялу становяцца мастацкая спецыфіка твора, яго родавая і жанравая прыналежнасць, функцыянальная роля пэўнага тэарэтычнага паняцця ў засваенні канкрэтнага літаратурнага матэрыялу, значнасць таго або іншага паняцця ў фарміраванні чытацкіх уменняў успрымання, аналізу і ацэнкі твораў, а таксама даступнасць тэарэтыка-літаратурнага паняцця для вучняў пэўнай узроставай групы.

Неабходна мець на ўвазе, што вывучэнне тэорыі літаратуры ў школе не з’яўляецца самамэтай: зварот да тэарэтыка-літаратурных паняццяў паўстае складаным працэсам іх узаемадзеяння падчас аналізу мастацкіх твораў.

Фарміраванне саміх тэарэтыка-літаратурных паняццяў адбываецца паэтапна: ад узнікнення першапачатковых стыхійных уяўленняў – праз мэтанакіраванае абстрагаванне прыкмет, што завяршаецца вызначэннем паняцця, – да ўдакладнення паняцця, уключэння яго ў адпаведную сістэму і суаднясення з новым матэрыялам. Іначай кажучы, спачатку назапашваюцца факты і характарыстыкі літаратурных з’яў, пасля ў вучняў павінна скласціся агульнае ўяўленне аб прыкметах з’явы; далей фармулюецца вызначэнне паняцця ці ўстанаўліваюцца яго характэрныя рысы. Замацаванне сутнасных прыкмет паняцця і яго далейшае развіццё (узбагачэнне новымі прыкметамі) адбываецца ў працэсе выкарыстання гэтага паняцця падчас аналізу канкрэтных літаратурных з’яў.

Школьны курс літаратуры ўключае тэарэтычныя паняцці, якія ўмоўна па характары іх засваення вучнямі можна падзяліць на два віды. Адны засвойваюцца паступова як элементы навуковага падыходу да літаратуры, калі настаўнік ужывае іх пры тлумачэнні новага матэрыялу (пісьменнік, аўтар, мастацкі твор). Такія паняцці сустракаюцца і ў метадычным апараце падручніка (апавяданне, верш). Значэнне некаторых з гэтых тэрмінаў вучні ведаюць з уласнага чытацкага вопыту. Другая група паняццяў фарміруецца ў вучняў на аснове аналізу літаратурных з’яў і замацоўваецца ў вызначэннях (эпітэт, параўнанне, метафара і г. д. ).

З комплексу тэарэтычных паняццяў, уключаных у школьны курс беларускай літаратуры, можна вылучыць умоўныя змястоўныя лініі (паняційна-катэгарыяльныя групы):

– літаратура як від мастацтва і яе суадносіны з міфалогіяй, фальклорам, іншымі відамі мастацтва;

– літаратурныя роды і жанры (родава-жанравая прыналежнасць і спецыфіка вывучаемых твораў);

– будова і структура мастацкага твора;

– сістэма вобразаў у літаратурным творы;

– вобразна-выяўленчыя сродкі ў літаратурна-мастацкім творы;

– тэорыя вершаскладання;

– стыль пісьменніка як складанае адзінства сродкаў мастацкай выразнасці і выяўленчасці.

Змест і структура тэарэтыка-літаратурных ведаў у V–VIII класах.

Курс V класа ў сістэме літаратурнай адукацыі займае адметнае месца – як пераходны ад пачатковага этапу навучання (літаратурнае чытанне) да сярэдняга (літаратурнае навучанне). Галоўным аб’ектам на ўроку літаратуры з’яўляецца мастацкі твор, яго жыццёва-пазнавальныя, мастацка-эстэтычныя, каштоўнасна-ацэначныя якасці. Тэарэтыка-літаратурныя паняцці, што вывучаюцца ў гэтым класе, адабраныя з улікам узроставых асаблівасцей малодшых падлеткаў. Яны дазваляюць скласці ўяўленні пра найбольш агульныя асаблівасці мастацкага адлюстравання жыцця, пра кампаненты літаратурна-мастацкага твора, а таксама пра фальклор і некаторыя яго жанры. Якраз са звестак пра асаблівасці жанраў вуснай народнай творчасці пачынаецца вывучэнне тэорыі літаратуры ў V класе: у працэсе знаёмства з шэрагам мастацкіх тэкстаў і адпаведных артыкулаў падручніка ў пяцікласнікаў фарміруюцца ўяўленні пра народную казку і яе віды (казкі пра жывёл, чарадзейныя, бытавыя), а таксама пра легенду і яе асаблівасці, пра загадкі, прыказкі, прыкметы і павер’і. Пасля асобныя з гэтых паняццяў пашыраюцца і замацоўваюцца пры вывучэнні літаратурных казак, легенд, паданняў, спецыфіка якіх выяўляецца шляхам параўнання з фальклорнымі ўзорамі.

Пяцікласнікі на ўроках беларускай мовы знаёміліся з паняццем мнагазначнасці слова; праца над развіццём вуснага і пісьмовага маўлення звязаная з засваеннем сінанімічных магчымасцей мовы. Падчас вывучэння вершаў М. Багдановіча “Зімой” і У. Караткевіча “Лісце” (што належаць да пейзажнай лірыкі), а таксама ўрыўкаў з паэмы “Новая зямля” і трылогіі “На ростанях” Якуба Коласа канкрэтызуюцца ўяўленні пра вобразна-выяўленчыя сродкі мастацкай выразнасці, у прыватнасці, вучні засвойваюць паняцце эпітэта і параўнання, так званых “простых” тропаў. На гэтым этапе працы над мовай мастацкіх твораў варта звяртаць асаблівую ўвагу на параўнанні, назіранне над мастацкай роляй якіх – надзвычай важны этап падрыхтоўкі для разумення таго, як адбываецца перанос значэння, на якім заснаваны ўвасабленне і метафара.

У курсе літаратуры V класа, такім чынам, дамінуе жанрава-тэматычны падыход. Тэарэтыка-літаратурныя звесткі ўводзяцца з улікам узроставых асаблівасцей пяцікласнікаў: фарміраванне ўяўленняў пра адрозненне фальклорных твораў ад уласна літарататурных адбываецца шляхам супастаўлення, параўнання мастацкіх узораў; паняцці ж, звязаныя з будовай і структурай (у тым ліку “ўнутранай”) мастацкага твора (тэма, сюжэт, эпізод), а таксама са спосабамі і сродкамі стварэння вобразу-персанажу (літаратурнага героя), з вобразна-выяўленчымі асаблівасцямі мастацкай мовы (простыя тропы) канкрэтызуюцца, тэрміналагічна акрэсліваюцца падчас аналізу канкрэтных тэкстаў. Іначай кажучы, найбольш плённым (асабліва пры засваенні пачатковых паняццяў) у дадзеным выпадку падаецца шлях ад канкрэтнага назірання над тэкстам да абагульнення.

У VI класе праграма прапануе творы больш складаныя па змесце і разнастайныя па сваіх мастацкіх асаблівасцях. Працягваецца знаёмства вучняў з жанрамі і тэматыкай фальклорных і літаратурных твораў, адначасова ўводзіцца паняцце міфа як важнейшага этапу развіцця культуры ўвогуле і мастацтва слова ў прыватнасці. Важна рэпрэзентаваць звесткі пра асаблівасці міфалагічнага светаўспрыняцця такім чынам, каб у шасцікласнікаў сфарміравалася выразнае ўяўленне, па-першае, пра спецыфіку ўласна міфу як формы спасціжэння свету, па-другое, пра адрозненне міфалагічных аповедаў ад твораў фальклору і – далей – літаратуры.

У гэтым класе вучням прапануецца пазнаёміцца з народнай песняй як тэарэтыка-літаратурным паняццем: пасля вывучэння шэрагу каляндарна-абрадавых і сямейна-абрадавых узораў яны павінны не толькі арыентавацца ў жанравых разнавіднасцях народнай песеннай лірыкі, яе вобразна-выяўленчай палітры (паняцці пра алегорыю, сімвал, уяўленні пра ролю зваротаў і паўтораў, традыцыйнасць, устойлівасць эпітэтаў і параўнанняў), але і ўсведамляць адрознасць паміж песняй народнай і літаратурнай (у якасці ўзораў для яе аналізу прапануецца, напрыклад, песня А. Ставера “Жураўлі на Палессе ляцяць” – твор, які стаўся своеасаблівай “песеннай візітнай карткай” Беларусі). Засваенню гэтага пласта ведаў па тэорыі літаратуры ў значнай ступені будзе спрыяць актывізацыя міжпрадметных сувязей, у прыватнасці, зварот як да запісаў аўтэнтычнага музычнага фальклору, так і да твораў сучасных этнагуртоў.

Менавіта ў VI класе вучні назапашваюць веды пра асаблівасці эпічнага роду і асобных празаічных жанраў, у прыватнасці, упершыню знаёмяцца з паняццямі апавядання і аповесці. Настаўнік павінен звярнуць увагу шасцікласнікаў на тое, што вызначальнае адрозненне гэтых эпічных форм заключаецца зусім не ў тым, што “апавяданне меншае па аб’ёме (колькасці старонак) за аповесць”. У айчынным літаратуразнаўстве дыферэнцыяцыя апавядання і аповесці праводзіцца па ступені разгорнутасці сюжэту, а таксама па шырыні ахопу падзей, звязаных з жыццём галоўнага персанажа (персанажаў), характар якога (якіх) раскрываецца ў аповесці шматгранна, у эвалюцыі. “Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў” у школьным падручніку вызначае апавяданне як “невялікі празаічны твор, у якім расказваецца пра асобную падзею, выпадак або здарэнне ў жыцці героя. У апавяданні няшмат персанажаў, дзеянне адбываецца на працягу невялікага адрэзку часу”. У аповесці ж “расказваецца пра шэраг падзей, значны перыяд у жыцці галоўнага героя, яго ўзаемаадносіны з іншымі персанажамі”. Прапанаваныя для чытання і вывучэння апавяданне “Сябры” А. Васілевіч і аповесць “Насцечка” К. Чорнага дазваляюць выдатна праілюстраваць акрэсленую дыферэнцыяцыю.

Паглыбленне паняццяў аб “простых тропах” – эпітэце і параўнанні – адбываецца і пры вывучэнні вусна-паэтычных тэкстаў, і пры аналізе літаратурных твораў. У VI класе ўводзяцца пачатковыя паняцці асноўных “ складаных тропаў” – метафары і ўвасаблення. Веды пра метафару як літаратурны троп (разуменне агульнага механізму яе ўтварэння, асэнсаванне функцыі, якую яна выконвае ў мастацкім творы і г. д. ) адыгрываюць адну з ключавых роляў у спасціжэнні ўсяго комплексу вобразна-выяўленчых мастацкіх сродкаў. Метафарычнасць з’яўляецца адной з вызначальных прыкмет вобразнага мыслення; да таго ж, у класічнай філалогіі неаднаразова гучала думка пра тое, што ўсе тропы можна разглядаць як своеасаблівыя версіі адзінага метафарычнага прататыпу.

Не меншай увагі патрабуе і ўвядзенне пачатковага паняцця пра літаратурны вобраз. У сучасным літаратуразнаўстве гэтае словазлучэнне надзвычай мнагазначнае, размытае – і ў змястоўных адносінах, і ў функцыянальным плане. У падручніку прыводзіцца азначэнне “вобраза мастацкага – карціны жыцця, створанай пры дапамозе творчага ўяўлення пісьменніка, якая адлюстроўвае яго думкі, пачуцці і эмацыянальна ўздзейнічае на чытача. Мастацкім вобразам можа быць герой твора – чалавек, жывёла, нават прадмет, з’ява прыроды; а можа быць пейзаж, мастацкае апісанне нейкай рэчы, з’явы”. Такім чынам, вучні павінны ўяўляць, што пад літаратурным вобразам можа мецца на ўвазе як літаратурны герой (вобраз-персанаж), так і адноўленыя ў мастацкім слове фрагменты рэчаіснасці.

У VI класе паглыбляецца паняцце тэмы і ўводзіцца паняцце ідэі мастацкага твора. Варта зазначыць, што семантычная празрыстасць абодвух тэрмінаў з’яўляецца ўяўнай; гэта нярэдка прыводзіць да іх размывання, а часам – і да “ўзаемазамяняльнасці”, калі вучні не бачаць сутнаснага адрознення паміж паняццямі.

Вучні з дапамогай настаўніка павінны усвядоміць розніцу паміж колам адлюстраваных у творы жыццёвых з’яў разам з узнятымі пры гэтым праблемамі, якія складаюць аснову літаратурнага твора (тэма) – і асноўнай думкай твора, увасобленай ва ўсёй сістэме вобразнага ладу літаратурнага твора, аўтарскімі адносінамі да ўзнятых у творы тэм і праблем (ідэя). Іначай кажучы, калі тэма – тое, пра што піша аўтар, дык ідэя – гэта своеасаблівае выяўленне адносінаў, стаўлення да падзей, абставінаў, герояў і г. д. Асэнсаванне гэтых паняццяў дапамагае разуменню аўтарскай пазіцыі, спасціжэнню ролі і функцый вобразу апавядальніка ў творы. Пры ўвядзенні пачатковага паняцця кампазіцыі мастацкага твора варта акцэнтаваць увагу на тым, што мастацкі твор – складанае і непадзельнае мастацкае адзінства (пра што размова вялася яшчэ ў V класе). Вучні павінны ўсвядоміць, што кампазіцыя – не выпадковая “сукупнасць” асобных частак, раздзелаў, эпізодаў і г. д., але будова твора, абумоўленая яго зместам.

Такім чынам, у курсе беларускай літаратуры VI класа паглыбленне ведаў пра родава-жанравую спецыфіку, будову і структуру вывучаемых твораў, вобразна-выяўленчыя сродкі спалучаецца з паступовым увядзеннем шэрагу новых для вучняў тэарэтыка-літаратурных паняццяў, калі ўвага акцэнтуецца на ўзаемасувязі, узаемаабумоўленасці (напрыклад, сюжэт і кампазіцыя) ці тыпалагічным падабенстве (параўнання і метафары, якую часам называюць “згорнутым параўнаннем”) вядомых і новых з’яў, што спрыяе сістэмнаму засваенню матэрыялу.

У VII класе вучні, якія ўжо атрымалі ўяўленне пра жанрава-тэматычную разнастайнасць, будову і структуру літаратурных твораў, пазнаёміліся з шэрагам тропамі, працягваюць спасцігаць сутнасць літаратуры як мастацтва слова, у тым ліку – праз параўнальны разгляд двух асноўных тыпаў літаратурна-мастацкай творчасці – паэзіі і прозы, а таксама шляхам супастаўлення мастацкіх твораў з творамі публіцыстычнай, навуковай (гістарычнай) літаратуры.

Усведамленне таго, што паэзія з’яўляецца адметным тыпам мастацкай творчасці, адбываецца праз засваенне цэлага комлексу паняццяў з тэорыі вершаскладання: рытм і рыфма, віды стопаў і памераў у вершах, гукапіс і інш. Знаёмячыся з новымі паняццямі, вучні актывізуюць ужо набытыя веды (напрыклад, пра ролю і асаблівасці выяўленчых сродкаў мовы ў паэтычных творах), паглыбляючы і ўдакладняючы іх. Для асэнсавання вучнямі спецыфікі паэтычнага тэксту неабходна задзейнічаць музычны матэрыял: так, больш “рэчыўным” становіцца паняцце паэтычнага рытму, праз параўнанне сродкаў стварэння музычнага і вершаванага твораў выяўляюцца агульнае і адметнае ў комплексе рытматсваральных кампанентаў.

Засваенне паняццяў пра двух- і трохскладовыя стопы варта спалучыць з назіраннямі над сэнсава-выяўленчай роляй рытму і памеру вершаў, дзеля чаго настаўнік можа прапанаваць вучням скласці графічныя схемы рытмічнага ладу двух вершаў і вызначыць, якім настроем прасякнуты кожны з іх. Увогуле ж, засваенне паняццяў, звязаных з тэорыяй вершаскладання, мэтазгодна сумяшчаць з так званымі творчымі практыкаваннямі як элементамі ўрокаў і па літаратуры, і па мове: маюцца на ўвазе не толькі спробы вершаванняў з вызначанай настаўнікам рыфмай, але і перастварэнне гатовых паэтычных узораў – напаўненне іх новым зместам пры захаванні рытміка-інтанацыйнага малюнку (у гэтым выпадку больш эфектыўна выпрацоўваюцца навыкі вызначэння вершаванага памеру).

У VІІ класе развіццё ведаў аб прозе як асаблівым тыпе мастацкай літаратурнай творчасці адбываецца на аснове аналізу мастацкага тэксту. Так, выразнасць апісанняў вясковага побыту ў “Сірочым хлебе” Янкі Брыля дапамагае наглядна прадэманстраваць спецыфіку эпічнага адлюстравання рэчаіснасці, калі адным з важнейшых сродкаў псіхалагізацыі аповеду (як у апісаннях, так і ў дыялогах) становіцца мастацкая дэталь. Праз параўнанне твораў розных аўтараў сямікласнікі вучацца адрозніваць розныя віды апісанняў (інтэр’ер, пейзаж, партрэт). Тут важна звярнуць увагу вучняў на тое, што ў мастацкім творы яны маюць справу не з “копіямі” фрагментаў рэчаіснасці, але з яе вобразнымі адбіткамі: пераствораныя з дапамогай аўтарскай фантазіі, яны напаўняюцца новым этыка-эстэтычным зместам і самі могуць успрымацца як частка новага, непаўторнага свету, індывідуальна-аўтарскага “космасу”. Асобаснасць, унікальнасць адлюстраванняў жыцця ў эпічнай прозе выдатна ілюструецца з дапамогай твораў “сюжэтнага” жывапісу: вучні разам з настаўнікам вызначаюць спосабы і прыёмы мастацкай дэталізацыі і псіхалагізацыі, якія надаюць таму ці іншаму жыццёваму эпізоду эстэтычную каштоўнасць.

Спасціжэнне адметнасцей паэтычнага і празаічнага тыпаў літаратурнай творчасці стварае ўмовы для засваення ліра-эпічных жанраў, да якіх адносяць байку (паняцце пра яе ўводзілася ў VI класе), паэму, баладу. Увага вучняў акцэнтуецца на тым, што ў згаданых творах адзнакі эпічнага і лірычнага светаадчування спалучаюцца не механічна, але сінтэзуюцца ў адметнае мастацкае цэлае, дзе апісанні абставін, падзей, герояў у рэшце рэшт працуюць на шматграннае выяўленне думак, пачуццяў, перажыванняў лірычных герояў і апавядальніка.

Засваенне паняцця паэтычнай (лірычнай) прозы таксама грунтуецца на разуменні спецыфікі эпічнага і лірычнага тыпаў літаратурна-мастацкай творчасці. Напрыклад, падчас вывучэння твораў “Думкі ў дарозе” Якуба Коласа або “Шчасце не ў золаце” Змітрака Бядулі акцэнтуецца ўвага вучняў на абвострана-эмацыйным успрыманні жыцця, на сродках і спосабах лірызацыі аповеду (насычэнне тропамі, своеасаблівая сінтаксічная арганізацыя фразы і тэксту ў цэлым, падкрэсленая ўвага да рытмічнай арганізацыі празаічнага тэксту і інш. ).

Калі лірычная проза, пры ўсёй важкасці асобасна-суб’ектыўнага пачатку, застаецца ў межах эпасу, дык пры знаёмстве вучняў са свабодным вершам (верлібрам) падкрэсліваецца яго прыналежнасць да лірыкі як літаратурнага роду. Адсутнасць фармальных прыкмет традыцыйнага верша, уяўленні пра які ўжо сфарміраваліся ў вучняў, – рыфмы, выразнага, рэгулярнага рытму, – не сведчыць пра тое, што разглядаемы твор належыць да прозы: верлібр – паэзія ў формах свабодна арганізаванай мовы, якая мае свой адмысловы рытм, падпарадкаваны руху лірычнага пачуцця, асацыятыўнасці паэтычнага светабачання. Вучні падчас аналізу верлібраў М. Танка “Дрэвы паміраюць…” і А. Разанава “Гоніцца чалавек…” павінны зразумець, што ў аснове рытму свабоднага верша ляжыць чаргаванне вершаваных радкоў як аднатыпных інтанацыйна-сэнсавых адзінстваў. Іначай кажучы, у верлібры, вершы дысметрычным, менавіта “вершаваны радок як цэласны інтанацыйна-сінтаксічны і сэнсавы комплекс, выразна выдзелены паўзамі (а на пісьме – яшчэ і графічна), выступае ў якасці асноўнай рытмічнай адзінкі”. Празаічны тэкст, запісаны “ў слупок”, не становіцца велібрам, бо ў дадзеным выпадку не вытрымліваецца ўмова падабенства радкоў паводле іх лексіка-граматычнай структуры, што дасягаецца за кошт дапаможных рытмастваральных кампанентаў (аднатыпных сінтаксічных канструкцый, аднолькавых слоў ці іх форм, гукаспалучэнняў, чаргавання моцных (апорных) націскаў і інш. ). Для свабоднага верша характэрная філасофска-медытатыўная скіраванасць зместу, разнастайнасць паэтычнага сінтаксісу, якая абумоўлівае зменлівасць, размаітасць інтанацыйнага малюнку ў межах адной рытміка-інтанацыйнай структуры.

Уяўленні пра поліфанію мастацкіх сродкаў і спосабаў адлюстравання свету ўдакладняюцца і падчас супастаўлення мастацкіх твораў з творамі публіцыстычнай, навуковай (гістарычнай) літаратуры. Так, знаёмства з артыкулам Цёткі “Шануйце роднае слова” выяўляе дваістую прыроду публіцыстычнага тэксту, у якім довады і аргументы спалучаюцца з эмацыйнымі зваротамі і заклікамі, рацыянальны аналіз праблемы цесна знітаваны з яе эмацыйным перажываннем. У цыкле ж мастацкіх нарысаў “Зямля пад беламі крыламі” У. Караткевіча сінтэзуюцца элементы трох стылявых сфер – публіцыстычнай, мастацкай і навуковай. Нарысы, угрунтаваныя ў патрыятычна-асветніцкай ідэі, утрымліваюць багаты гісторыка-этнаграфічны матэрыял, але выкладзены ён не моваю бесстаронных навуковых паняццяў ды тэрмінаў, але мовай вобразаў, якая, у адрозненні ад навуковай, дазваляе выявіць аўтарскія адносіны да прадмета апісання, дапускае эмацыйна-эскпрэсіўную ацэнку з’яў, падзей, постацей.

Такім чынам, у VII класе прапанаваныя для вывучэння звесткі па тэорыі літаратуры так ці іначай зарыентаваныя на спасціжэнне агульных асаблівасцей прозы і паэзіі як тыпаў літаратурнай творчасці. Асэнсаванне ж спецыфічных уласцівасцей празаічных і паэтычных твораў адбываецца праз увядзенне шэрагу новых паняццяў і паглыбленне папярэдне набытых ведаў – падчас вывучэння твораў, што належаць да розных жанраў і стылявых сфер.

У вучняў VIII класа ўвага канцэнтруецца на розных спосабах паказу чалавека ў літаратуры, г. зн. на літаратурных родах і адпаведных ім жанрах, жанравых формах. Праз паняцце жанру ўстанаўліваецца арганічная сувязь паміж тэмай і ідэяй твора і яго мастацкай формай. Жанр, нарэшце, – гэта сфера, дзе выяўляецца майстэрства пісьменніка. Менавіта жанравы аналіз скіроўвае на спасціжэнне твора ў адзінстве формы і зместу, што дазваляе пераадолець “той адрыў формы ад зместу, які ў школьнай практыцы праяўляецца звычайна ў асобным разглядзе “мастацкіх сродкаў” пасля аналізу зместу, у дадатак да яго”.

У гэтым класе прадугледжваецца паглыбленне ведаў пра цэлы шэраг тэарэтыка-літаратурных паняццяў, што ахопліваюць пераважную большасць акрэсленых вышэй паняційна-катэгарыяльных груп. На падставе аналізу твораў, больш складаных у змястоўным і мастацка-эстэтычным планах, чым тыя, што вывучаліся ў папярэдніх класах, выяўляюцца новыя ўстойлівыя прыкметы такіх паняццяў, як

– эпічны літаратурны род і эпічныя жанры (як фальклорныя (казка легенда, паданне), так і літаратурныя); лірыка і асаблівасці мастацкага свету лірычнага твора, мастацкія асаблівасці народных песняў; ліра-эпічныя літаратурныя жанры, паэма (змястоўныя межы гэтага паняцця пашыраюцца за кошт асэнсавання спецыфікі яе сюжна-кампазіцыйнай будовы, а таксама ўяўленняў пра лірычныя адступленні), балада (удакладняецца праз супастаўленне фальклорных узораў з літаратурнымі, з вызначэннем спецыфікі ўласна літаратурнага твора, драматычнай напружанасці сюжэту, гераічнага мастацкага пафасу і г. д. ).

– эпізод, сюжэт, тэма, ідэя, кампазіцыя ў эпічным творы;

– вобраз-характар і спосабы яго раскрыцця: апісанне ўчынкаў і паводзін, партрэт, пейзаж, мова героя, аўтарская характарыстыка; апавядальнік у эпічным творы;

– вобразна-выяўленчыя сродкі паэтычнай мовы;

– вершаскладанне, рытміка-інтанацыйныя сродкі ў літаратурна-мастацкім творы.

Варта зазначыць, што ў некаторых выпадках паглыбленне раней набытых ведаў адбываецца праз супастаўляльны аналіз з пачатковымі паняццямі. Так, у папярэднім класе вучні спасцігалі адрозненні паміж апавяданнем і аповесцю як жанравымі разнавіднасцямі эпасу. Васьмікласнікам жа прапануецца засвоіць новыя характэрныя прыметы згаданых паняццяў падчас асэнсавання жанравай спецыфікі навелы. У айчынным літаратуразнаўстве навела разглядаецца як адна з жанравых разнавіднасцей апавядання і характарызуецца “напружаным, драматычным дзеяннем, лаканічным паказам не столькі знешніх падзей, колькі перажыванняў і настрою персанажаў, нечаканым фіналам (“Бунт” Я. Коласа, “Пяць лыжак заціркі” З. Бядулі, “Наталя” Я. Скрыгана, “Марыля” Я. Брыля)”. У сваю чаргу, асаблівасці жанру прытчы (прыпавесці), невялікага алегарычнага аповеду павучальнага характару, зручна раскрываць праз параўнанне з байкай, ужо добра вядомай вучням VIII класа: прытча (прыпавесць) блізкая да байкі, але ў адрозненне ад яе не мае традыцыйных умоўных персанажаў, вызначаецца, як правіла, больш выразнай філасофскай скіраванасцю зместу і сімвалічнай заглыбленасцю.

Папярэдняе знаёмства з паняццем драматычнай напружанасці дзеяння ў эпічных творах, а таксама з батлейкай (беларускім народным лялечным тэатрам) будзе спрыяць засваенню пачатковага паняцця пра драму як літаратурны род, яе асноўныя жанры (трагедыя, камедыя, драма) і важнейшыя “атрыбутаў” (канфлікт, сюжэт, характар, сцэна, карціна, дыялог, рэпліка, рэмарка). Прапанаваны для чытання і вывучэння ў гэтым класе твор – камедыя В. Вольскага “Несцерка” – мае фальклорную аснову (што дазваляе звярнуць увагу на вытокі літаратурнай камедыі); аналізуючы яркія вобразы-характары вучні без асаблівых цяжкасцей вызначаюць сродкі іх індывідуалізацыі (напрыклад, дасціпнасць, кемлівасць, мудрасць галоўнага героя Несцеркі яскрава выяўляецца на ўзроўні яго мовы, пералічаныя рысы пацвярджаюцца і ў працэсе разгортвання драматургічнага дзеяння), а таксама прыёмы, з дапамогай якіх аўтар выяўляе ў творы ўласную пазіцыю.

У VIII класе ўводзіцца паняцце “ лірычны герой”, якое ў сучасным літаратуразнаўстве мае размытыя тэрміналагічныя межы. Звычайна гэтым умоўным тэрмінам абазначаюць вобраз, што ўзнікае ў свядомасці чытача ў выніку знаёмства з творчасцю таго ці іншага паэта. Прычым вобраз гэты нельга наўпрост атаясамліваць з асобай паэта, а яго перажыванні – з пачуццямі і думкамі аўтара; з другога боку, сувязь паміж жыццёвым, мастацкім, духоўна-маральным досведам паэта і вобразам лірычнага героя відавочная. В. П. Рагойша параўноўвае суадносіны паміж аўтарам лірычнага твора і лірычным героем з суадносінамі прататыпу і вобразу-персанажу ў ліра-эпічных і эпічных творах – зазначаючы, што вобраз лірычнага героя паўстае найбольш аб’ёмным, рэльефным у кантэксце ўсёй творчасці паэта. Але нават на падставе аналізу асобных вершаў А. Грачанікава “Свяці, кахання чыстая краса…” і Д. Бічэль “Трыялет” васьмікласнікі здолеюць выявіць глыбокую інтымнасць перажыванняў лірычных герояў, іх датклівасць і разам з тым вітальнасць; а вось у “Трыялеце” (“Калісь глядзеў на сонца я…”) М. Багдановіча лірычны герой паўстае больш роздумным, сканцэнтраваным на вырашэнні “адвечных пытанняў” (пра сэнс чалавечага існавання, пра бясконцасць сусвету і інш. ), нават ахвярным – у высока гуманістычным, філасофска-быційным сэнсе.

Падчас вывучэння згаданых паэтычных твораў у вучняў фарміруецца паняцце і пра класічныя жанры і формы верша – санет (“Санет” (“Замёрзла ноччу шпаркая крыніца…”) М. Багдановіча), актаву, трыялет. Развагі пра асаблівасці светаадчування лірычных герояў спалучаюцца з аналізам вобразна-выяўленчых магчымасцей класічных форм паэзіі (іх рытміка-інтанацыйнага ладу, мелодыкі, афарыстычнасці мовы і інш. ) для выражэння нязменна актуальнага для чалавека зместу (філасофскіх разваг, асабістых перажыванняў, духоўна-маральных пошукаў, грамадзянскай пазіцыі і г. д. ).

У выніку вывучэння беларускай літаратуры ў гэтым канцэнтры у школьнікаў павінны сфарміравацца паняцці пра родава-жанравую прыналежнасць і спецыфіку вывучаемых твораў, іх будову і структуру, пра вобразны лад (элементы сістэмы вобразаў) твора, вобразна-выяўленчыя сродкі ў літаратурна-мастацкім творы, стрыжнявыя паняцці тэорыі вершаскладання, а таксама асаблівасці публіцыстычных і навуковых тэкстаў і іх адрозненне ад мастацкіх твораў.

Набытыя веды фарміруюць уменні адрозніваць роды і жанры твораў; вызначаць узаемасувязь і функцыянальнае значэнне кампанентаў твора, яго сюжэтныя і кампазіцыйныя асаблівасці; акрэсліваць тэму, ідэю, праблематыку твора; выяўляць аўтарскую пазіцыю ў творы; знаходзіць выяўленчыя сродкі мовы (эпітэт, параўнанне, метафару, увасабленне) і тлумачыць іх мастацкую ролю ў тэксце. Школьнікі вучацца самастойна набываць веды (аналізаваць, супастаўляць, шукаць адказы на пастаўленыя пытанні); выпрацоўваць навыкі абагульнення вывучанага, вылучэння галоўнага, істотнага, бачання своеасаблівага, адметнага пры параўнанні вывучаных твораў; параўноўваць літаратурныя творы з творамі жывапісу, музыкі, тэатру і інш.

Асаблівасці працы над тэарэтыка-літаратуразнаўчымі паняццямі ў ІХ – ХІ класах вынікаюць з таго, што тут літаратура вывучаецца на гістарычнай аснове. Мастацкія творы разглядаюцца ў больш шырокіх сувязях з гістарычнай эпохай, творчасцю пісьменнікаў у цэлым, з літаратурным працэсам. Іх творчасць разглядаецца ў кантэксце нацыянальнай культуры.

Навучанне тэорыі літаратуры ў ІХ–ХІкласах арганічна звязана з папярэднім этапам і мае на мэце замацаваць веды пра будову і структуру мастацкага твора, сродкі мастацкай выразнасці, асноўныя вершаваныя памеры, пра роды і жанры мастацкай літаратуры, узбагаціць набытыя ўменні і навыкі аналізу мастацкага твора. Акрамя таго, у гэтым канцэнтры ўводзяцца звесткі пра асаблівасці творчай манеры, стылю пісьменніка, а таксама пра асноўныя напрамкі развіцця літаратуры, фарміруецца ўяўленне пра гісторыка-літаратурны працэс, яго перыяды. Гісторыка-храналагічны прынцып канструявання зместу літаратурнай адукацыі ў ІХ–ХІ класах закліканы спрыяць “фарміраванню гістарычнага падыходу да літаратурных з’яў, першапачатковаму разуменню ўзаемасувязей і ўзаемаўплыву ў творчасці розных пісьменнікаў, успрыманню літаратуры як працэсу”. Асэнсаванне асноўных этапаў развіцця нацыянальнай і сусветнай літаратуры дае магчымасць адчуць адметнасць роднай літаратуры, яе самабытнасць.

Паспяховая рэалізацыя асноўных мэтаў навучання беларускай літаратуры ў гэтым канцэнтры – сфарміраваць у вучняў цэласнае ўяўленне пра беларускую літаратуру ад старажытнасці да сучаснасці, дапамагчы асэнсаваць ідэйна-мастацкі змест лепшых твораў беларускага мастацкага слова і паасобных твораў замежных аўтараў у перакладзе на родную мову, спрыяць выхаванню творчай, высокамаральнай асобы, з шырокім кругаглядам і развітым эстэтычным густам – у значнай ступені абумоўленая тым, наколькі паслядоўна і сістэмна вучні будуць засвойваць новыя і ўдакладняць ужо вядомыя ім тэарэтыка-літаратурныя паняцці.

Паняцці гэтыя падаюцца ўжо не на матэрыяле аднаго твора, а ўключаны ў аглядавыя ці манаграфічныя тэмы. Ад зместу кожнай тэмы залежыць выбар шляху іх вывучэння.

Аб’ём і характар тэарэтыка-літаратурных звестак у ІХ класе суадносіцца з патрабаваннямі да ведаў і ўменняў, што павінны сфарміравацца ў школьнікаў у залежнасці ад узроўню вывучэння літаратуры.

Так, падчас вывучэння твораў школьнікі паглыбляюць паняцці пра міф і міфалогію, уводзіцца паняцце пра вечны вобраз (вобраз-тып, які выяўляецца ў літаратуры розных краін і эпох, набываючы статус агульначалавечых, шматзначных, нязменна актуальных сімвалаў).

На гэтым этапе літаратурнай адукацыі ўводзяцца некаторыя сінтэтычныя ў жанравых адносінах паняцці, такія як паэма-балада (чые сутнасныя адзнакі выяўляюцца падчас вывучэння “Бандароўны” Янкі Купалы), паэма-эпапея (часцей сустракаецца тэрміналагічнае спалучэнне “эпічная паэма”; асаблівасці гэтага жанру асэнсоўваюцца пры аналізе класічнага паэтычнага эпасу ХХ ст. “Новая зямля” Якуба Коласа). Уяўленні пра жанравую разнастайнасць твораў нацыянальнай і сусветнай літаратуры развіваюцца за кошт увядзення новых паняццяў пра жанры летапісу, жыція (падчас вывучэння твораў, што належаць да эпохі Сярэднявечча).

Асобнай увагі настаўніка вымагае ўвядзенне паняццяў пра літаратурна-мастацкія эпохі. Нягледзячы на тое, што ў ІХ класе вучні знаёмяцца з агульнай характарыстыкай прыгожага пісьменства эпох Сярэднявечча, Адраджэння, Асветніцтва і рамантызму, надзвычай важна структурыраваць звесткі так, каб ужо на гэтым этапе ў іх склаліся выразныя, дакладныя, сістэматызаваныя ўяўленні пра спецыфіку і характэрныя, сутнасныя асаблівасці мастацкай славеснасці адпаведных эпох. Дасягненне гэтай канкрэтнай мэты навучання немагчымае без актывізацыі міжпрадметных сувязей – звароту да шырокага спектру ведаў па гісторыі, айчыннай і сусветнай мастацкай культуры, выкарыстання твораў жывапісу, скульптуры, музыкі і інш. Варта зазначыць, што размова ідзе не проста пра ілюстратыўную функцыю акрэсленага матэрыялу, але пра неабходнасць шматаспектнай рэалізацыі культуралагічнага патэнцыялу беларускай літаратуры як вучэбнага прадмета.

З аднаго боку, з’явы і тэндэнцыі яе развіцця ў той ці іншы гісторыка-літаратурны перыяд вывучаюцца ў кантэксце разгортвання сусветнага літаратурнага працэсу. Гэта дазваляе як выявіць тыпалагічныя сыходжанні, агульныя рысы, кропкі судакранання нацыянальнай традыцыі і сусветнага мастацтва слова – так і акрэсліць унікальнасць шэрагу літаратурных феноменаў, сфарміраваных у працэсе станаўлення нацыянальнай культуры. (Надзвычай удзячны матэрыял у гэтым сэнсе – літаратура эпохі Адраджэння з яе яскрава выяўленым гуманістычным пачаткам, універсальнымі духоўна-маральнымі, этыка-эстэтычнымі каштоўнасцямі, па-мастацку ўвасобленымі ў прадмовах Ф. Скарыны да біблейскіх кніг “Іоў” і “Юдзіф”, з яе “паваротам да чалавека”, рэнесансавыя ўяўленні пра якога ўтрымлівае “Песня пра зубра” М. Гусоўскага. )

З другога боку, асэнсаванне спецыфікі літаратурна-мастацкага адлюстравання рэчаіснасці ў пэўную эпоху – праз суаднясенне твораў прыгожага пісьменства з творамі іншых відаў мастацтва – дазваляе наглядна акрэсліць характэрныя адзнакі, найбольш агульныя прыкметы, уласцівыя для мастацкай свядомасці канкрэтнай эпохі, сістэматызаваць яе светапоглядныя ды эстэтычныя адкрыцці і набыткі. Напрыклад, фарміруючы паняцце пра рамантызм (гэтая мастацкая з’ява, бясспрэчна, выходзіць далёка за межы “літаратурнага напрамку”, якім прапануюць яго лічыць складальнікі праграм), настаўнік будзе змушаны разглядаць постаць рамантычнага героя не толькі ў кантэксце тагачаснай літаратуры, але і як своеасаблівага “персанажа” грамадска-культурнага жыцця, чый вобраз выяўлены ў рамантычнай партрэтыстыцы, скульптуры, для якога і ў жыцці ствараўся адпаведны антураж (напрыклад, намаганнямі майстроў ландшафтна-паркавай архітэктуры, што рупліва імітавалі, выштукоўвалі куткі “дзікай прыроды”, “натуральнай прыроднай стыхіі”).

Знаёмства з рэалістычным тыпам адлюстравання жыцця ў літаратуры дзевяцікласнікі, якія вывучаюць беларускую літаратуру на базавым і павышаным узроўнях, ажыццяўляюць падчас аналізу асобных вершаў Ф. Багушэвіча і яго паэмы “Кепска будзе! ”. Развіваецца паняцце пра рэалізм (а таксама пра літаратурны характар) у працэсе асэнсавання жыццёвай і псіхалагічнай змястоўнасці вобразаў-персанажаў “Новай зямлі” Якуба Коласа. Уяўленні пра спецыфіку рэалізму як літаратурнага метаду канкрэтызуюцца праз параўнальны аналіз важнейшых светапоглядных, эстэтычных, мастацкіх прынцыпаў і ўстановак, якімі кіраваліся пісьменнікі-рамантыкі і пісьменнікі-рэалісты. Вучні пасля знаёмства, напрыклад, з апавяданнямі з кнігі Я. Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” здолеюць вызначыць “апорныя” адрозненні ў адлюстраванні побыту і светапогляду беларусаў у гэтым творы – і ў “мастацкай энцыклапедыі народнага жыцця”, “Новай зямлі” Якуба Коласа.

У ІХ класе ўводзіцца пачатковае паняцце пра стыль пісьменніка, надзвычай складаную катэгорыю, уяўленні пра якую значна змяняліся не толькі па меры змены літаратурна-мастацкіх эпох, але і па меры пераходу ад адной мастацкай сістэмы да другой у межах адной эпохі. Сучаснае айчыннае літаратуразнаўства рэпрэзентуе стыль як цэласнае адзінства сродкаў мастацкага выяўлення і выразнасці. У школьнай практыцы замацавалася вызначэнне стылю пісьменніка як ідэйна-мастацкай своеасаблівасці яго творчасці.

У Х класе працягваецца вывучэнне беларускай літаратуры на гісторыка-храналагічнай аснове, пры гэтым захоўваецца пераемнасць у паглыбленні папярэдне набытых і засваенні новых тэарэтыка-літаратурных ведаў.

Пры вывучэнні твораў першай паловы ХХ стагоддзя паглыбляюцца паняцці пра рэалістычнае ўзнаўленне жыцця і вобраз апавядальніка. Аднак аналіз апавяданняў М. Гарэцкага “Роднае карэнне”, “Літоўскі хутарок” (апошняе прапанавана для вывучэння на павышаным узроўні) ужо дазваляе сфарміраваць уяўленні пра псіхалагізм у рэалістычным творы, якія пашыраюцца падчас вывучэння апавяданняў К. Чорнага.

У Х класе актывізуюцца тэарэтыка-літаратурныя веды практычна па ўсіх умоўных змястоўных лініях. Акрамя родава-жанравай спецыфікі вывучаемых твораў, вучні дэталізуюць уяўленні пра будову і структуру твора: паглыбляюцца паняцці пра тэму, ідэю, лейтматыў, праблематыку твора; пра сюжэт і яго элементы (пралог, завязка, развіццё дзеяння, кульмінацыя, развязка, эпілог), а таксама пра пазасюжэтныя кампаненты (пейзаж, партрэт, апісанні, аўтарскія адс

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...