Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

41. Деятельность белорусских организаций в России.




41. Деятельность белорусских организаций в России.

Па афіцыйных дадзеных, найбольшая колькасць беларусаў зараз пражывае ў Расійскай Федэрацыі — 810 тыс. чалавек. А згодна з падлікамі старшыні Маскоўскага клуба беларусаў А. Кандыбы, у Расіі пражывае больш двух мільёнаў чалавек, якіх можна аднесці да беларускай дыяспары. У апошні час назіраецца змяншэнне колькасці беларусаў, старэйшае пакаленне фізічна вымірае, а іх дзеці і ўнукі асімілююцца. Сярод іншых нацыянальных меншасцей беларуская дыяспара ў Расіі ў колькасных адносінах займае пятае месца. Расіі сярод краін СНД найбольш актыўна функцыянуюць грамадскія аб'яднанні. У прыватнасці, асабліва значную ролю адыгрывае Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Расіі» (ФНКА «Беларусы Расіі»). ФНКА з 1999 г. стварыла 14 рэгіянальных аўтаномій, якія аб'ядноўваюць больш пяцідзесяці грамадскіх арганізацый у найбольш развітых рэгіёнах Расіі. У 2005 г. завершана стварэнне культурна-нацыянальных аўтаномій беларусаў Маскоўскай вобласці, Архангельска, Самары, Томска, беларускіх грамадскіх аб'яднанняў у Кастраме, Цверы. Ва Уладзівастоку, Петрапаўлаўску-Камчацкім, Благавешчанску і на Сахаліне плануецца стварыць арганізацыі дзелавога супрацоўніцтва з Беларуссю. Прадстаўнікі аўтаноміі аказваюць усялякае садзейнічанне прасоўванню беларускай прадукцыі на расійскі рынак, усталяванню ўзаемавыгадных дзелавых кантактаў, арганізацыі сумесных культурных акцый. Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Расіі» з'яўляецца формай нацыянальна-культурнага самавызначэння і ўяўляе сабой грамадскае аб'яднанне грамадзян Расійскай Федэрацыі — беларусаў, якія адносяць сябе да дадзенай лучнасці, на падставе іх добраахвотнай самаарганізацыі. Аўтаномія самастойна вырашае справы захавання тоеснасці, развіцця беларускай мовы, адукацыі, нацыянальнай культуры. У апошнія гады актывізаваў сваю дзейнасць Маскоўскі клуб беларусаў (МБК). З 1998 па 2005 гады ў розных федэральных цэнтрах РФ створана 47 аналагічных клубаў, якія аб'ядналі нашых суайчыннікаў. Клубная форма кантактаў падтрымана і ў 8 іншых краінах свету. Галоўная дзейнасць Маскоўскага клуба засяроджана на прапагандзе гісторыі, мовы, культуры, пісьменнасці, традыцый, духоўным адраджэнні Беларусі, сацыяльнай і прававой падтрымцы. Арганізуюцца і праводзяцца сустрэчы з кіраўніцтвам гарадоў, абласцей Рэспублікі Беларусь, умацоўваюцца дзелавыя і творчыя сувязі паміж членамі клуба, суайчыннікамі, сябрамі і гасцямі. Па ініцыятыве Маскоўскага клуба створана міжнародная арганізацыя Сусветны беларускі нацыянальны кангрэс «Сябры» (СБНК «Сябры»). Пры МБК заснаваны гандлёвы дом, газета «Сябры», юрыдычны цэнтр. Пасля Масквы пэўную актыўнасць беларускіх суполак можна назіраць у Санкт-Пецярбургу, Калінінградзе, Іркуцку, шэрагу іншых гарадоў і рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. У 1990 г. тут было створана Беларускае грамадска-культурнае таварыства, якое ўзначаліў гісторык Валянцін Грыцкевіч. Таварыства вядзе актыўную работу па адраджэнню «беларушчыны», выдае газету «Родзічы». Па яго ініцыятыве ў Санкт-Пецярбургу ўвекавечана памяць беларусаў — ахвяр рэпрэсій, устаноўлены помнік на Левашоўскіх могілках.

Побач з Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміяй у Расіі існуе шэраг беларускіх суполак, якія па палітычных прычынах не ўваходзяць у склад аўтаноміі. У 1999 г. яны ўтварылі Міжрэгіянальнае аб'яднанне беларусаў Расіі. Асноўныя накірункі дзейнасці — вывучэнне беларускай мовы, гісторыі Беларусі, сумеснае святкаванне нацыянальных і рэлігійных святаў.

Адна з галоўных праблем дыяспары — недахоп інфармацыі як з Беларусі, так і з рэгіянальных арганізацый і суполак дыяспары. Каб задаволіць запатрабаванні ў актуальнай інфармацыі беларуская амбасада ў Маскве пачала выдаваць свой бюлетэнь «Белорусы России», а Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія наладзіла выпуск штотыднёвай газеты з аналагічнай назвай. Аб'ектыўнай цяжкасцю культурна-асветніцкай і адукацыйнай дзейнасці беларускай супольнасці ў Расійскай Федэрацыі з'яўляюцца вялікія адлегласці паміж месцамі больш-менш кампактнага пражывання. Гэта вымушае ладзіць грамадскае жыццё ў асобных, часамі — невялікіх па колькасці грамадах.

 

42 Деятельность белорусских организаций в Украине.

Найбольш старажытныя пасяленні беларусаў ва Украіне знаходзяцца ў межах заходніх раёнаў украінскага Палесся, галоўным чынам у Сарненскім і Ракітнянскім раёнах Ровенскай вобласці. Для іх характэрна кампактнае пражыванне. Нямала беларусаў пераехала са сваёй этнічнай Радзімы ва ўсходнія раёны ўкраінскага Палесся і Слабажаншчыну. У савецкія часы папаўненню беларускай дыяспары спрыялі патрэбы экстэнсіўнага развіцця эканомікі, што выклікала пераліў з рэгіёна ў рэгіён працоўнай сілы. Па перапісу насельніцтва, у 1989 годзе ва Украіне пражывала 440 тыс. беларусаў, што складала 0, 9% усяго насельніцтва краіны. Аднак згодна з перапісам насельніцтва 2001 года, за 12 год паміж перапісамі колькасць беларусаў ва Украіне паменшылася на 1/3 і склала 275, 5 тысячы. Гэтую з'яву можна патлумачыць значнай рээміграцыяй нашых суайчыннікаў, выкліканай развалам Савецкага Саюза, узнікшымі матэрыяльнымі цяжкасцямі і няпэўнасцю сацыяльнай перспектывы ва ўмовах дзяржаўнай незалежнасці Украіны. На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў месцах найбольш кампактнага пражывання беларусаў пачалі стварацца беларускія арганізацыі з культурна-асветным накірункам дзейнасці. Адным з першых узнікла Крымскае беларускае культурна-асветнае таварыства. Таварыства было зарэгістравана ў красавіку 1991 года. У адпаведнасці са Статутам таварыства, асноўная яго мэта — развіццё рознабаковых сувязяў паміж беларускім і ўкраінскім народамі, прапаганда беларускай нацыянальнай культуры, мастацтва, народнай творчасці. Яно аб'ядноўвае 21 пярвічную арганізацыю, якія створаны і працуюць практычна ва ўсіх гарадах і пасёлках паўвострава. У 2004 г. Крымскае беларускае культурна-асветніцкае таварыства перайменавана ў Саюз беларусаў Крыма. Грамадская арганізацыя беларусаў Крыма штогод праводзіць у Ялце і Сімферопалі фестывалі беларускай культуры. Перыядычна арганізуюцца мастацкія выставы. Фонд культуры Рэспублікі Крым устанавіў прэмію імя Максіма Багдановіча найбольш актыўным прапагандыстам беларускай культуры. Шмат прыкметных спраў на карысць захавання і развіцця беларускіх нацыянальных традыцый зроблена ў Данецкай гарадской арганізацыі «Нёман». Тут ажыццяўляюцца праекты пад назвамі «Лідэр», «Хатняя школа». На аснове матэрыялаў газеты «Голас Радзімы», якія змяшчаюцца пад рубрыкай «Урокі Дзеда Усёведа», актывісты грамадскай арганізацыі распрацоўваюць праграмы ўрокаў па беларускай мове, якія затым друкуюцца на беларускамоўнай старонцы пад назвай «Нёман» у абласной газеце «Світліця». Шырокую вядомасць набыла дзейнасць Рэгіянальнага нацыянальна-культурнага таварыства беларусаў «Белая Русь» у Харкаве, Таварыства беларусаў «Белая Русь» у Львове, Нацыянальна-культурнага аб'яднання «Беларусь» у Адэсе, Вінніцкага абласнога зямляцтва беларусаў, Таварыства беларускай мовы імя М. Багдановіча ў Запарожжы. У кастрычніку 1997 г. у мэтах каардынацыі і аб'яднання суполак Кіеўскім гарадскім нацыянальна-культурным таварыствам «Беларусь» быў створаны Усеўкраінскі савет кіраўнікоў таварыстваў і актывістаў беларускага нацыянальна-культурнага руху. Савет паклапаціўся аб стварэнні неабходных прававых умоў для заснавання Усеўкраінскога аб'яднання беларусаў. 19 мая 2000 г. ў Кіеве адбыўся ўстаноўчы з'езд дэлегатаў з 16 рэгіёнаў Украіны, на якім быў створаны саюз грамадскіх культурна-асветніцкіх арганізацый беларусаў Украіны — Усеўкраінскі саюз беларусаў. Агульнай мэтай саюза абвешчана аб'яднанне намаганняў яго сяброў па рэалізацыі агульных інтарэсаў у зберажэнні нацыянальнай, культурнай, моўнай, рэлігійнай самабытнасці беларускай супольнасці ва Украіне. Адным з метадаў дасягнення мэты з'яўляецца садзейнічанне развіццю і ўмацаванню культурных і эканамічных сувязяў з Рэспублікай Беларусь. Саюз беларусаў ажыццяўляе сваю дзейнасць у адпаведнасці з заканадаўствам Украіны. Кіраўніцтва саюза прадстаўлена ва ўсіх грамадскіх міжнацыянальных структурах, у тым ліку ў нарадзе грамадскіх арганізацый нацыянальных меншасцей пры Прэзідэнце Украіны. Саюз працуе з дапамогай і пад кіраўніцтвам Дзяржаўнага камітэта Украіны па справах нацыянальнасцяў і міграцыі. Сярод праблем і цяжкасцей прадстаўнікі дыяспары называюць недахоп фінансавых сродкаў, рэдкія кантакты з Радзімай, часамі — даволі халоднае стаўленне да іх справы з боку мясцовых улад. Найбольш часта сустракаюцца прапановы прыняць закон Рэспублікі Беларусь «Аб беларускай дыяспары», увесці ў пасольствах і консульствах Рэспублікі Беларусь пасаду саветніка па справах дыяспары» (В. Барташ, Севастопаль). Такім чынам, адметнай рысай беларускіх суполак ва Украіне можна зазначыць прыхільнасць да культурнай дзейнасці, самадзейнай мастацкай творчасці. Іншыя накірункі — вывучэнне роднай мовы, гісторыі, асветніцтва ўвогуле, эканамічныя сувязі з Бацькаўшчынай — прыцягваюць значна менш увагі нашых суайчыннікаў у гэтай краіне. Па ацэнках украінскіх спецыялістаў, сярод нацыянальных меншасцей, што жывуць ва Украіне, беларуская абшчына выдзяляецца хутчэй пасіўнасцю, чым актыўнасцю.

 

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...