Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Нацыянальная гарадская беларуская інтэлігенцыя: супольна ці па абодва бакі?




Як агульнавядома і што падмацоўваюць даследчыя матэрыялы з розных навукова-культуралагічных крыніц, беларуская інтэлігенцыя выканала сваю гістарычную місію стваральніка літаратурнага варыянта нацыянальнай мовы. Гэта адбылося ў пачатку мінулага стагоддзя. Але адметнае тут у тым, што на той час у моўным літаратурастваральным працэсе ўдзельнічала пераважна вясковая і шляхетна-сялянская па паходжанні інтэлігенцыя. Апошняя па сутнасці не мела істотнай падтрымкі з боку гараджан, бо буйная гарадская прамыслова-вытворчая структура тады яшчэ толькі фарміравалася. У дадатак да гэтага, што трэба ўзгадаць, яшчэ ў пачатку XX ст. дарэвалюцыйны беларускі горад не быў беларускім па складзе насельніцтва (для прыкладу, беларусы складалі: у Мінску – 9 %, у Гродна – 11,6 %, у Віцебску – 12,2 %, у Гомелі – 17,4 %), а таму патэнцыяльна як бы і не мог прэтэндаваць на моўнае лідэрства. Але сутнасць праблемы не зусім у гэтым. Склад насельніцтва нават пры пануючым прадстаўніцтве карэннага этнаса на самай справе далёка не зыходны, самы ўплывовы чыннік у выбары сістэмы моўных сродкаў зносін, хоць, зразумела, важны з заканадаўчага боку. Вядучая большасць насельнікаў незалежна ад месца свайго пражывання заўжды выбірае тую моўную сістэму, якая выступае дамінуючым сродкам зносін у дадзеным тыпе камунікатыўнага асяроддзя. Прыгадаем, што на пачатку мінулага стагоддзя характар моўнай палітыкі, у тым ліку і ў галіне асветы і адукацыі, якую праводзіла расійскае самадзяржаўе ў адносінах да «іншародцаў», не быў спрыяльным для беларусаў[26]. Зыходзячы з гэтага, ужо можна меркаваць: тагачасны беларускі горад і не мог быць у значнай ступені беларускамоўным па маўленчым абліччы, як і вёска пераважна рускамоўнай ці польскамоўнай. Такім чынам, па прычыне фактычнай адсутнасці беларускамоўнага асяроддзя наўрад ці маглі на пачатку XX ст. з'явіцца лідэры нацыянальнамоўнага адраджэння сярод тагачасных гараджан і тым больш з ліку прадстаўнікоў яе вытворчай часткі, якія б супольна здзяйснялі сваю культуралагічную місію. У перыяд кароткачасовага Рэнесансу ў Беларусі беларуская частка ў агульнай колькасці гарадскога насельніцтва ўжо складала 39,3 % (перапіс 1926 г.). Гэта, зразумела, у спалучэнні з іншымі чыннікамі патэнцыяльна пашырала кола носьбітаў беларускай мовы і спрыяла ўмацаванню беларускай мовы як актыўнага сродку маўлення. Але і тады, у час Адраджэння, складвалася дастаткова спецыфічная сітуацыя: мовастваральны працэс у беларускім гарадскім асяроддзі адбываўся па сутнасці без ўплывовага ўдзелу вытворча-тэхнічнай інтэлігенцыі. Ініцыятыўнай мовастваральнай і моватворчай працай займалася пераважна філалагічна-гуманітарная інтэлігенцыя. У пасляваеннае ліхалецце аб'яднальны па моватворчай прыкмеце працэс супрацоўніцтва вытворчай і гуманітарнай частак беларускай інтэлегінцыі зноў не меў свайго лагічнага завяршэння. І не толькі па прычыне жахлівых вынікаў татальнага вынішчэння нацыянальнай гуманітарнай інтэлігенцыі ці нязначнай колькасці беларусаў у складзе гарадскога насельніцтва (яно складала 31% паводле перапісу 1959 г.). Справа ў наступным. У пачатку 50-ых гадоў XX ст. было вызначана месца Беларусі ў структуры тагачаснага індустрыяльна-прамысловага комплексу былога СССР і праведзены адпаведныя палітычна-кадравыя мерапрыемствы[27] па рэалізацыі статусу Беларусі ў Савецкім Саюзе як «зборачнага (чытай: тэхніка-прамысловага — В. К.) цэха». Рэалізацыя гэтага праекта дасягалася за кошт тэхнічных кадраў з Расіі, зразумела, рускамоўных па характары маўленчай дзейнасці. А таму шанцы быць разам гуманітарна-філалагічнай беларускай інтэлігенцыі і рускамоўнай вытворчай яшчэ больш разыходзіліся. I гэта адбывалася на той момант, калі горад меў магчымасць па сістэме вуснай камунікацыі быць хутчэй беларускім, чым рускамоўным. Такому павароту ў развіцці моўнай сітуацыі ў горадзе спрыялі істотныя міграцыйныя працэсы сельскіх жыхароў ў горад, якія мелі месца ў 50 – 60-ых гадах, а таксама папярэдні характар развіцця моўнай сітуацыі ў вёсцы ў ваенны і пасляваенны час[28]. Гэтага не адбылося. Бракавала адпаведнай моўнай палітыкі ў спалучэнні яе з дамінантным становішчам беларускай літаратурнай мовы ў інфармацыйнай прасторы. У выніку і ў новых сацыяльна-палітычных умовах Беларусі, з усталяваннем новых ідэалагічных дактрын у грамадстве менавіта гуманітарнай частцы тагачаснай інтэлігенцыі зноў давялося трымаць штандар беларушчыны. Трымаць адной, без падтрымкі і ўзаемадзеяння з боку яе сацыяльна-вытворчага прадстаўніцтва. Такая ж сітуацыя без істотных перамен працягваецца і зараз.

На першы погляд вялікай бяды ў гэтым нібыта і няма. Попрасту гістарычныя абставіны склаліся так, што беларуская інтэлігенцыя на працягу фактычна стогадовага прамежку часу не змагла інтэгравацца па моўнай прыкмеце. Адпаведна і не здолела поўнасцю выканаць сваю мова- і культуратворчую місію. Аднак, паколькі існуе вера маладога пакалення гараджан, будучых вядучых спецыялістаў у галіне прамысловасці, у жыццёвасць беларускай мовы і яе паўнавартаснае функцыянаванне[29], а таксама зыходзячы з характару развіцця культуратворчых працэсаў, шанцы здзейсніць незрэалізаванае ў яе як бы застаюцца. Але гэта са сферы віртуальнага.

Факт моўна непаяднанай інтэлігенцыі у Беларусі на самай жа справе не настолькі бяскрыўдны і неістотны, калі кваліфікаваць яго з пазіцый сацыяльна-камунікатыўнай запатрабаванасці мовы. Па сутнасці, з-за функцыянальна абмежаванага выкарыстання беларуская літаратурная мова з'яўляецца культурастваральным сродкам для невялікай часткі беларускага грамадства. I спецыфіка тут у тым, што гэты статус яна захоўвае амаль на працягу двух апошніх стагоддзяў. Інакш кажучы, як выступала яна сродкам стварэння галоўным чынам літаратурных твораў у іх розных тыпах форм, пачынаючы з першых беларускіх камедый, такой жа і засталася, па сутнасці, яе ніша ў сучаснай інфармацыйнай прасторы. Усё астатняе ва ўмовах Беларусі ў інфармацыйнай сферы належыць рускай мове. 3 улікам стану і развіцця сучасных інфармацыйных тэхналогій якраз гэта становіцца найбольш небяспечным.

Уратаваць сітуацыю сёння яшчэ магчыма. Для гэтага, як паказана вышэй, існуюць і лінгвальныя, і сацыяльныя перадумовы. Аднак жыццесцвярджальны прагноз прыхільнікаў аптымістычнага лёсу беларускай літаратурнай мовы здзейсніцца толькі пры ўмове выхаду яе за межы культурастваральнай нішы і існавання ў дастаткова шырокай інфармацыйнай прасторы. Якраз гэта ў сваю чаргу можа паспрыяць таксама і завяршэнню паяднання беларускай інтэлігенцыі па моўнай прыкмеце. Але вырашэнне падобных задач — у сферы дзяржаўнай кампетэнцыі, і яны могуць ажыццявіцца праз адпаведную праграму дзяржаўнай моўнай палітыкі пры вядучай ролі ў ёй інстытута нацыянальнай моўнай адукацыі.

Першазначнасць менавіта гэтых чыннікаў у беларускай нацыянальна-моўнай праблематыцы падмацоўваецца самой гісторыяй Беларусі. Так, у 1864 г. былы папячыцель Віленскай вучэбнай акругі I.П.Карнілаў пісаў, што супраць паланізацыі нельга змагацца толькі войскамі і паліцыяй, бо гэта можа выклікаць пратэсты, нянавісць і варожасць. «Трэба, каб расійская думка, расійскае слова і расійская кніга маральна заваявалі гэты край паўсюдна»[30]. Больш за тое, ён лічыў, што для паспяховай русіфікацыі краю патрэбны толькі тры рэчы: «рускі склад адміністрацыі, першаснае значэнне праваслаўя і рускай школы»[31].

Нельга не згадзіцца, што гэтае самае патрэбна здзейсніць дзяржаўным інстытуцыям у Беларусі і сёння, толькі з дакладнасцю наадварот. Пры гэтым варта, аднак, усведамляць, што зварот да ўтварэння адзінамоўнай нацыянальнай беларускай інфармацыйна-камунікатыўнай прасторы ў сённяшніх гістарычных умовах ужо не толькі не магчымы, але і не пажаданы. Беларусь як была на працягу ўсёй сваёй гісторыі шматмоўнай, такой яна павінна і застацца. У моўнай сферы рэспублікі найперш трэба змяніць становішча моў, а тым самым вызначыць пазіцыю і месца кожнай з іх. А якую з іх выбраць у якасці сродку камунікацыі — права і магчымасць самой асобы. Наданне ж статусу дамінантнай мовы беларускай літаратурнай мове і забеспячэнне яе функцыянальнай актыўнасці абумоўлена неабходнасцю ўсведамлення пазнаваўчай каштоўнасці любой мовы свету. У свой час сусветна вядомы лінгвіст Б. Л. Уорф у сярэдзіне мінулага стагоддзя пісаў: «Тыя, хто ўяўляе сабе чалавецтва будучага з адной мовай, няхай сабе англійскай, нямецкай ці рускай, надзвычай памыляюцца, калі прымаюць за ідэал тое, што можа прынесці найвялікшую шкоду развіццю чалавечага мыслення»[32].

Таму, каб не страціць беззваротна беларускую мову ў працэсе глабалізацыі сучаснай інфармацыйнай прасторы і захаваць яе як адзін з унікальных помнікаў і сродкаў чалавечай культуры, пра яе мы вымушаны дбаць сёння.

Поделиться:





Читайте также:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...