Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Насовіч Іван Іванавіч




[26.9(7.10). 1788—26.7(6.8). 1877]

Мовазнавец-лексікограф, фалькларыст, этнограф. Нарадзіўся ў вёсцы Гразівец Быхаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Чавускі раён) у сям'і псаломшчыка. Адукацыю атрымаў у Магілёўскай гімназіі, потым у Магілёўскай духоўнай семінарыі. Там ён грунтоўна авалодаў стараславянскай, лацінскай, грэчаскай і французскай мовамі, вывучаў польскую і старажытнаяўрэйскую мовы, што, пры дасканалым валоданні беларускай і рускай мовамі, адкрывала яму шырокія перспектывы даследчыка ў галіне мовазнаўства. 3 1812 Насовіч працаваў выкладчыкам рускай мовы і славеснасці вышэйшага аддзялення Аршанскага духоўнага вучылішча, выкладчыкам, рэктарам Мсціслаўскага духоўнага вучылішча (1813 – 22 гг.), загадчыкам, наглядчыкам, выкладчыкам Дынабургскай гімназіі, Маладзечанскага, Свянцянскага дваранскіх вучылішчаў (1822 – 43 гг.). Пераезды па службе, а таксама падарожжы па Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай губернях далі яму магчымасць глыбока пазнаёміцца з народнай творчасцю, сабраць багаты лексічны, фразеалагічны і фальклорны матэрыял з розных рэгіёнаў Беларусі. Таму, выйшаўшы ў 1843 г. у адстаўку і пасяліўшыся ў Мсціславе, ён заняўся навуковай работай. У выніку цеснага супрацоўніцтва з Археаграфічнай камісіяй, этнаграфічным аддзяленнем Рускага геаграфічнага таварыства, Аддзяленнем рускай мовы і славеснасці Пецярбургскай Акадэміі навук ён распачаў падрыхтоўку першага гістарычнага слоўніка беларускай мовы пад назвай «Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі», выдадзеных у 1853 годзе, рукапіс якога завяршыў у 1867. У ім ён даў тлумачэнне і лексікаграфічную інтэрпрэтацыю 13 тысячы слоў (рукапіс зберагаецца ў бібліятэцы Расійскай АН у Санкт-Пецярбургу).

Значнае месца ў яго творчай спадчыне займаюць фальклорна-этнаграфічныя працы, у якіх аналізуецца і асэнсоўваецца жыццё і побыт народа, яго духоўны свет і мараль, звычаі і павер'і, практычная мудрасць і вусная паэтычная творчасць. Здабыткам беларускай фалькларыстыкі сталі яго зборнікі «Беларускія прыказкі і прымаўкі» (1852), «Беларускія прыказкі і загадкі» (1868), «Зборнік беларускіх прыказак» (1867). У апошнім ён змясціў каля 3500 прыказак, прымавак і блізкіх да іх прыгаворак, праклёнаў, скорагаворак і інш., тонка прааналізаваў змест і сэнс «маральна-практычнай філасофіі простага народа», мудрых гаспадарчых і прыродных назіранняў. У многіх выпадках ён высвятляў паходжанне, прыводзіў эквіваленты з рускай, а часам і іншых моў. За гэты зборнік яму прысуджаны залаты медаль Рускага геаграфічнага таварыства, ён абраны членам гэтага таварыства па аддзяленні этнаграфіі. У зборніку «Беларускія песні» (1873), акрамя 350 тэкстаў песень, даследчык змясціў шэраг артыкулаў, прысвечаных песеннай культуры беларусаў. Падрыхтаваны Насовічам зборнік, у якім былі сабраны беларускія вусна-паэтычныя творы (байкі, легенды, павер'і, быліны, анекдоты і інш.), не быў выдадзены, і сёння лёс яго невядомы. Да гэтых зборнікаў Насовіч пісаў прадмовы, дзе выказваў свае погляды на беларускую народную вусна-паэтычную творчасць народа, рабіў фанетыка-граматычныя і лексічныя каментарыі, тлумачэнне асобных выразаў і слоў.

Значную ўвагу надаваў Насовіч пытанням гісторыі, асабліва старажытнай гісторыі Беларусі. У гісторыка-лінгвістычным даследаванні «Аб плямёнах да часоў Рурыка, што засялялі беларускую тэрыторыю» ён даводзіў, што назвы плямён «дрыгавічы», «радзімічы» і «крывічы» паходзяць ад беларускіх народных слоў. Ён пераклаў з лацінскай мовы трохтомную працу А.Тэйнера «Старажытныя помнікі, што асвятляюць гісторыю Польшчы і Літвы», у якой адлюстраваны ўзаемадачыненні Польшчы і Вялікага княства Літоўскага і праліта святло на гісторыю беларускіх зямель у часы з 1217 па 1696 гг. Іван Іванавіч – аўтар грунтоўнай (каля 1000 старонак) гісторыка-мемуарнай працы «Успаміны з майго жыцця», дзе дадзена шырокая панарама тагачаснага грамадства, раскрыты духоўныя інтарэсы і маральнае аблічча беларускай інтэлігенцыі з канца 18 да сярэдзіны 19 ст. Значнае месца ў гэтым творы адведзена педагагічным ідэям самога Насовіча, які больш як 30 гадоў працаваў на ніве асветы (рукапіс захоўваецца ў Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа АН Беларусі).

Асноўнае месца ў навуковай спадчыне Насовіча займае тлумачальна-перакладны «Слоўнік беларускай мовы», над якім ён самааддана працаваў 16 гадоў (скончыў у 1863 г., выдадзены ў 1870 г.). Гэта навукова- лінгвістычны летапіс народа і часу, самы поўны на той час збор лексікі і фразеалогіі жывой беларускай мовы, які ахоплівае больш за 30 тысяч слоў. У гэтым арыгінальным і непаўторным творы засведчаны стан і ўзровень развіцця беларускай мовы сярэдзіны 19 ст., данесены нашчадкам лексічныя скарбы і фразеалагічнае багацце нацыянальнай мовы. Матэрыялы для слоўніка Насовіч чэрпаў з гаворак Магілеўшчыны, Міншчыны, Віцебшчыны, Гродзеншчыны, некаторых паветаў Прывіленскага краю – г. зн. усяго моўнага ландшафту тагачаснай Беларусі. Аўтар свядома не ўключаў у рэестр словы, агульныя для беларускай і рускай моў. Для пацвярджэння ўжывальнасці слоў і дакладнасці тлумачэння іх семантыкі выкарыстоўваў самы аўтарытэтны ілюстрацыйны матэрыял – народныя песні, прыказкі, выслоўі, фразеалагізмы. Многія словы ўзяты са старабеларускіх пісьмовых помнікаў. Усе значэнні слоў і словазлучэнняў раскрываюцца аўтарскімі тлумачэннямі і цытатамі з дыялектнай, фальклорнай ці агульналітаратурнай мовы; часам даецца этымалогія слоў. Такім чынам, у «Слоўніку...» шырока выкарыстана жывое народнае беларускае слова, да гэтага часу ён з'яўляецца унікальным творам у беларускай лексікаграфіі.

(Паводле І.П. Хаўратовіча)

 

КАРСКІ ЯЎХІМ ФЁДАРАВІЧ

[20.12.1860(1.1.1861)—29.4.1931]

Філолаг-славіст, заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф жыў і працаваў на мяжы дзвюх эпох. І яго дзейнасць – цэлая эпоха. Нарадзіўся ў вёсцы Лаша Гродзенскага павета ў мнагадзетнай сям'і настаўніка. Яго бацька ў пошуках лепшай долі не раз пераязджаў з месца на месца (вёскі Лаша на Гродзеншчыне, Ятра і Бярозавец на Навагрудчыне, Волма на Міншчыне), што дазволіла будучаму вучонаму з маленства глыбей спазнаць Беларусь і яе духоўную культуру. Пачатковую адукацыю атрымаў у Ятранскім народным вучылішчы. На вучобу ў гімназіі не было сродкаў, таму паступіў у Мінскае духоўнае вучылішча, а потым у семінарыю. Каб матэрыяльна дапамагчы сям'і, у семінарскія часы даваў прыватныя ўрокі. У 1881, закончыўшы вучобу ў семінарыі, паступіў на казённы кошт у Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут (Украіна), дзе ў свой час у колішнім юрыдычным ліцэі вучыўся Ф.Багушэвіч. У 1885 пасля выдатнага заканчэння інстытута ўладкаваўся на працу ў Вільні і на працягу 8-мі гадоў выкладаў рускую і стараславянскую мовы, а таксама рускую літаратуру ў 2-ой Віленскай гімназіі. У 1891 здаў у Варшаве магістарскі экзамен, а праз два гады за даследаванні беларускай мовы савет Кіеўскага універсітэта прысудзіў яму вучоную ступень магістра рускай мовы і славеснасці (гэта была першая ў гісторыі дысертацыя па беларускім мовазнаўстве). У 1893 ён перабраўся ў Варшаву і надоўга звязаў свой лёс з Варшаўскім універсітэтам, дзе спачатку працаваў выкладчыкам-лектарам, з 1897 прафесарам кафедры рускай і славянскай моў і рускай літаратуры, а пазней і рэктарам. За працы па беларусазнаўстве ў 1894 узнагароджаны вялікім залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства. А затым былі шматлікія даследаванні ў галіне славяназнаўства. Яго «Граматыка царкоўнаславянскай мовы» вытрымала 19 выданняў. Манаграфіі, артыкулы па старажытнарускай і сучасных славянскіх мовах – усё гэта шчодры ўклад сына беларускага народа ў скарбніцу славянскай культуры.

Але галоўны клопат жыцця Карскага – беларусістыка. 37 гадоў жыцця Карскі аддаў сваёй асноўнай працы – шматтомнай манаграфіі «Беларусы», у якой на аснове глыбокага параўнальна-гістарычнага даследавання гісторыі мовы, фальклору, пісьменнасці, шматвяковай культуры беларускага народа ўпершыню была навукова абгрунтавана яго нацыянальная самабытнасць як самастойнага славянскага народа. Тры тамы «Беларусаў», якія ўключаюць сем кніг, – гэта сапраўдная энцыклапедыя беларусазнаўства, роўнай якой, па прызнанні аўтарытэтных вучоных, няма ні ў аднаго славянскага народа. Вучоны рашуча змяніў традыцыйнае ўяўленне пра беларусаў, паказаў іх самабытны шлях развіцця, іх багатую духоўную спадчыну.

На працягу 12-ці гадоў Яўхім Фёдаравіч бясплатна рэдагаваў самы буйны ў дарэвалюцыйны час часопіс па філалогіі – «Русский филологический вестник», чытаў сам артыкулы, рыхтаваў у набор. А сваю выдатную бібліятэку, паводле ўспамінаў яго дачкі, без шкадавання падарыў толькі што адкрытаму тады Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту.

Яркая і неардынарная асоба, чалавек энцыклапедычнай эрудыцыі і шматграннага таленту, Яўхім Фёдаравіч Карскі з’яўляецца аўтарам звыш 700 навуковых прац у галіне філалогіі. Адзіны з беларусаў, хто атрымаў у дарэвалюцыйны час званне акадэміка Пецярбургскай Акадэміі навук, рэктар Варшаўскага універсітэта, правадзейны член Інстытута беларускай культуры, Чэшскай Акадэміі навук, уладальнік імянных прэмій і медалёў Ламаносава, Бацюшкава, Ахматава. Старшыня слоўнікавай Камісіі і Камісіі па адкрыцці ў Мінску Беларускага дзяржаўнага універсітэта...Усё гэта — Яўхім Фёдаравіч Карскі.

(Паводле Г.В. Кісялёва)

«НАША НІВА»

Штотыднёвая, грамадска-палітычная, навукова-асветніцкая і літаратурна-мастацкая газета, якой належыць велізарная роля ў згуртаванні ўсіх нацыянальных сіл, што змагаліся за адраджэнне Беларусі. Разам з тым «Наша ніва» з’яўляецца практычна першай беларускай газетай (пасля «Мужыцкай праўды»). У выніку падзей рускай рэвалюцыі 1905 г. была знята забарона друку на нацыянальнай мове. Беларусы ўпершыню атрымалі магчымасць узяць у рукі нумар газеты на роднай мове, якая доўгі час была забаронена.

«Наша ніва» выдавалася з 10(23).11.1906 г. да 7(20).8.1915 г. у Вільні на беларускай мове кірыліцай, да 18(31). 10.1912 г. і лацінкай. Заснавана лідэрамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) братамі I. і А. Луцкевічамі, В. Ваноўскім, А. Уласавым, А. Пашкевіч (Цётка) і інш. Рэдактарамі аддзелаў у розны час былі Я. Купала, Я. Колас, З. Бядуля, В. Ластоўскі, Ядвігін Ш., С. Палуян і інш. Газета друкавала вершы, нарысы, мастацкую прозу, навукова-палулярныя артыкулы. Гуртавала аўтараў усіх веравызнанняў і кірункаў, якія выступалі за культурна-нацыянальнае адраджэнне Беларусі. Мела больш за 3 тысячы сталых і часовых карэспандэнтаў у гарадах, мястэчках і вёсках Беларусі, Маскве, Пецярбургу, Сібіры, за мяжой. Газета здолела зрабіцца сапраўды народнай, агульнабеларускай. Дастаткова сказаць, што за першыя тры гады тут было надрукавана болей за дзевяцьсот допісаў з 490 мястэчак і вёсак.

Нязменнымі ў «Нашай ніве» заставаліся ідэя сацыяльна-палітітычнага, эканамічнага і культурнага адраджэння Беларусі, яе супрацоўніцтва з іншымі народамі, апазіцыя да самадзяржаўя. У праграмным артыкуле 1-га нумара падкрэслена агульнанацыянальная пазіцыя газеты: «Наша ніва» — газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае...». Выданне арыентавалася на абарону адраджэнскіх ідэалаў Беларусі, мірнага і паступовага прагрэсу праз дэмакратызацыю цэнтральных і мясцовых органаў улады, выступала за стварэнне ўрада, адказнага перад парламентам, выбранага шляхам усеагульнага, роўнага і прамога галасавання, за ліквідацыю рэшткаў феадальнага прыгонніцтва, рэарганізацыю сельскай гаспадаркі, культурна-нацыянальную аўтаномію, развіццё адукацыі, друку і кнігавыдання на роднай мове. Пад уплывам сацыяльна-эканамамічнай праграмы БСГ «Наша ніва» заставалася выданнем, арыентаваным на абарону правоў і свабод беларускага працоўнага народа – сялян, рабочых, рамеснікаў, народнай інтэлігенцыі. «Наша ніва» асуджала рэпрэсіі супраць удзельнікаў вызваленчага руху, выкрывала дэяржаўную эксплуатацыю сялянства, прапаганду і правакацыі чарнасоценных палітычных груповак. У шэрагу артыкулаў і нататкаў абгрунтоўвала неабходнасць супрацоўніцтва беларусаў з нацыянальнымі меншасцямі на аснове раўнапраўя і асветы на роднай мове. «Наша ніва» высвятляла сацыяльнае бяспраўе сялян-беднякоў, рабочых, эмігрантаў у Еўропе і ЗША, выкрывала імперыялістычную сутнасць 1-й сусветнай вайны.

Найважнейшай задачай «Наша ніва» лічыла ўсебаковае развіццё эканомікі, грамадскай духоўнай культуры народа, стварэнне нацыянальнага стылю культуры і нацыянальнай школы беларускай літаратуры, тэатральага, музычнага і выяўленчага мастацтва шляхам засваення культурных традыцый і творчых здабыткаў сусветнай культуры. На яе старонках упершыню апублікаваны многія творы Я. Купалы (паэмы «Курган», «Бандароўна», 170 вершаў і каля 30 артыкулаў), Я. Коласа (каля 125 вершаў, больш за 40 апавяданняў, нарысаў і артыкулаў, урыўкі з паэмы «Новая зямля»), М. Багдановіча, Цёткі, А. Гаруна, лепшыя дарэвалюцыйныя вершы і артыкулы З. Бядулі, М. Гарэцкага, Ц. Гартнага, К. Каганца, У. Галубка, К. Буйло, А. Гурло, Я. Журбы, А. Паўловіча, Ядвігіна Ш., А. Петрашкевіча і інш. На старонках газеты адбывалася станаўленне беларускай літаратурна-мастацкай крытыкі, публіцыстыкі, культуралогіі, фалькларыстыкі (артыкулы, нарысы, даследаванні Я. Купалы, Я. Коласа, Багдановіча, Гарэцкага, Ластоўскага, братоў Луцкевічаў і інш.). Яе супрацоўнікі даследавалі народны побыт і фальклор, хатнія рамёствы, праводзілі арганізацыйную і навуковую працу па даследаванні гісторыі беларускай культуры і яе тагачаснага стану, стваралі музычна-тэатральныя гурткі, дапамагалі станаўленню Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, заснавалі Беларускі музей у Вільні.

Газета прапагандавала здабыткі іншанацыянальных культур, змяшчала ў перакладзе на беларускую мову творы Э.Ажэшкі, А.Міцкевіча, У.Сыракомлі, Т.Шаўчэнкі, Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага, У.Караленкі, В.Брусава, урыўкі з артыкулаў В.Бялінскага; адзначала юбілеі Л.Талстога, М.Гогаля, Т.Шаўчэнкі, Ч.Дарвіна.

На старонках газеты складваліся лексічныя і граматычныя нормы новай беларускай літаратурнай мовы, бо выдавалася яна ў той час, калі яшчэ адсутнічалі нарматыўныя слоўнікі, граматыкі, спецыяльныя лексікаграфічныя і лексікалагічныя працы. Дзесяцігадовы «нашаніўскі» перыяд з’яўляецца вырашальным у фарміраванні беларускай літаратурнай мовы.

«Наша ніва» была свайго роду грамадскім інстытутам беларускай культуры, выконвала ролю каардынацыйнага выдавецкага цэнтра. У 1907 – 13 гг. яе намаганнямі апублікаваны зборнікі «Песні-жальбы» і «Апавяданні» Я. Коласа, «Вянок» М. Багдановіча, «Бярозка» Ядвігіна Ш., «Чыжык беларускі» Леўчыка, літаратуразнаўчыя брашуры Зямкевіча. Важнае месца на яе старонках займалі праблемы вясковага самакіравання, народнай адукацыі, культуры,экалогіі, папулярызацыя прыродазнаўчых, эканамічных, сельскагаспадарчых і прававых ведаў. Друкавала практычныя рэкамендацыі па земляробстве, жывёлагадоўлі, агародніцтве, выхаванні дзяцей. Апублікаваныя ў ёй даследаванні — аўтарытэтныя крыніцы па агульнай гісторыі, гісторыі літаратуры, этнаграфіі, мастацтве, гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху, рэлігіязнаўстве. Важнай крыніцай па гісторыі беларускай літаратуры, мовы, журналістыкі, мастацтва з'яўляецца архіў «Нашай нівы» Беларускага музея ў Вільні, рукапісная спадчына Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Гаруна, Гарэцкага і інш. (захоўваецца ў архівах Літвы і ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва).

(Паводле У.М. Конана)

СЦЯПАН НЕКРАШЭВІЧ

Беларускі мовазнавец Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч нарадзіўся 8 мая 1883 г. у в. Данілаўка Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут (1913). 3 1918 г. загадваў беларускай секцыяй пры губернскім аддзеле народнай асветы г. Адэса, вёў арганізацыйную і культурна-масавую работу сярод дэмабілізаваных беларусаў-салдат і беларусаў-бежанцаў. Дзякуючы яго намаганням, да пачатку 1918 г. навучальнага года ў Адэсе было адкрыта 30 пачатковых беларускіх школ і беларуская гімназія. Вучыўся ў Адэскім вышэйшым міжнародным інстытуце (скончыў 2 курсы). 3 1920 г. у Мінску, дзе працуе ў апараце Наркамасветы БССР, займаючы розныя кіраўнічыя пасады: загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела, інспектара навуковых устаноў, старшыні Навукова-тэрміналагінай камісіі, намесніка старшыні Галоўпрафасветы і інш. С.М. Некрашэвіч прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі Інбелкульта і ў 1922 – 25 гг. узначальваў яго. У 1926 – 28 гг. ён старшыня аддзела гуманітарных навук, кіраўнік класа мовы і літаратуры, старшыня слоўнікавай камісіі Інбелкульта. Арганізацыйную і навуковую дзейнасць спалучаў з выкладчыцкай у Белдзяржуніверсітэце: у 1923 – 25 гг. вёў беларусазнаўства на медыцынскім факультэце, а з 1927 г. чытаў курс беларускай дыялекталогіі на педагагічным факультэце. У пачатку 1925 г. быў камандзіраваны ў Навукова-даследчы інстытут мовы і літаратуры пры Ленінградскім універсітэце, дзе да ліпеня 1926 г. займаўся беларускай мовай пад кіраўніцтвам акадэміка Я.Ф. Карскага.

Пастановай СНК БССР ад 26 снежня 1928 г. быў зацверджаны акадэмікам і віцэ-прэзідэнтам АН БССР. Адначасова (з 1929) з'яўляўся дырэктарам акадэмічнага Інстытута мовазнаўства, старшынёй камісій правапіснай і па ўкладанні слоўніка жывой беларускай мовы. 21 ліпеня 1930 г. арыштаваны і высланы ў г. Сарапул Удмурцкай АССР. На зыходзе 1937 г. арыштаваны паўторна, прывезены ў Мінск і 20 снежня расстраляны.

Асноўны кірунак навуковай дзейнасці С.М. Некрашэвіча – лексікаграфічны. Як старшыня Навукова-тэрміналагічнай камісіі, ён непасрэдна ўдзельнічаў у апрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі па розных галінах ведаў. Апрацаваная і зацверджаная на пасяджэннях камісіі Інбелкульта беларуская навуковая тэрміналогія спачатку публікавалася ў «Вестнике Народного Комиссариата Просвещения», а з 1922 г. выдавалася асобнымі выпускамі.

У лютым 1925 г. Інбелкульт прыняў рашэнне ўкласці слоўнік жывой беларускай мовы. Была створана спецыяльная камісія, якую ўзначаліў С.М. Некрашэвіч. У хуткім часе ён вызначыў і навукова абгрунтаваў тып слоўніка як тлумачальны, крыніцы лексічнага матэрыялу, метады збірання і структуру слоўнікавых артыкулаў. Слоўнік павінен быў абнародаваць з навуковымі каментарыямі лексічныя багацці беларускай мовы з усёй этнаграфічнай тэрыторыі Беларусі ад пачатку 19 ст. да апошняга часу. Крыніцамі лексічнага матэрыялу былі вызначаны народная мова, лепшыя фальклорныя запісы, літаратурная мова і лексікаграфічныя працы. Да канца 1927 г. картатэка ўжо налічвала больш за 400 000 адзінак. 20 лістапада 1929 г. быў зацверджаны канчатковы праект слоўніка, і камісія прыступіла да непасрэднай распрацоўкі слоўнікавых артыкулаў, аднак у сувязі з арыштам С.М. Некрашэвіча і іншых выканаўцаў работа над слоўнікам жывой беларускай мовы спынілася. Багатая картатэка і апрацаваныя слоўнікавыя артыкулы загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Улічваючы вялікую патрэбу ў лексікаграфічных даведніках практычнага тыпу (слоўнік жывой беларускай мовы меркавалася выдаць толькі ў канцы 30-х гадоў), С.М. Некрашэвіч і М.Я. Байкоў па даручэнні Інбелкульта ўзяліся за падрыхтоўку перакладных слоўнікаў. У 1925 г. яны выдалі «Беларуска-расійскі слоўнік», а ў 1928 – «Расійска-беларускі слоўнік». Працы адыгралі вялікую ролю ў фарміраванні беларускай літаратурнай мовы.

С.М. Некрашэвіч шмат займаўся правапісам і беларускай дыялекталогіяй. Распрацоўкі Сцяпана Міхайлавіча Некрашэвіча ў галіне лексікаграфіі залажылі тэарэтычныя асновы і прынцыпы стварэння дыялектных слоўнікаў беларускай мовы.

(Паводле К. Германовіча)

ВАЦЛАЎ ЛАСТОЎСКІ

Беларускі гісторык, мовазнавец, пісьменнік, публіцыст, літаратуразнавец, выдавец, грамадска-палітычны дзеяч Вацлаў Юстынавіч Ластоўскі нарадзіўся 1 лістапада 1883 г. ў засценку Калеснікі Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер Міёрскі раён Віцебскай вобласці) у сям'і дробных арандатараў-земляробаў. Скончыў Пагосцкую пачатковую школу, вучыўся ў Дзісенскім павятовым вучылішчы, слухаў лекцыі ў Пецярбургскім універсітэце. 3 1902 г. займаўся палітычнай і грамадска-культурнай дзейнасцю. У 1909 – 14 гг. сакратар газеты «Наша ніва», у 1916 – 17 гг. рэдактар газеты «Гоман», з 1918 г. сакратар Беларускага навуковага таварыства. 3 14.12.1919 г. Старшыня Рады Народных Міністраў ВНР. У 1920 г. эмігрыраваў з урадам ВНР у Коўна, у 1923 г. адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці. 3 1923 да 1927 года выдаваў літаратурна-навуковы часопіс «Крывіч». Па запрашэнні Інбелкульта прыняў удзел у працы Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926). Тады ж атрымаў ад кіраўнікоў БССР прапанову пераехаць у Мінск. 3 1927 г. дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея, неадменны сакратар Інбелкульта. 26.12.1928 г. В. Ластоўскі быў зацверджаны правадзейным чле­нам Беларускай акадэміі навук. Удзельнічаў у працы Правапіснай камісіі Інстытута мовазнаўства. Увесну 1930 г. па сфабрыкаваным абвінавачанні арыштаваны, 6.12.1930 г. пазбаўлены звання акадэміка, а ў 1931 г. высланы ў г. Саратаў. Працаваў ва універсітэцкай бібліятэцы загадчыкам аддзела рэдкай кнігі і рукапісаў. У 1937 г. зноў арыштаваны і 23.1.1938 г. засуджаны на смерць Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Часткова рэабілітаваны ў 1958 г., цалкам – у 1988 г., 17.5.1990 г. адноўлены ў званні акадэміка.

Сталенне В. Ластоўскага як даследчыка мовы прыпала на часы ўздыму беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку 20 ст. Ен быў адным з ідэолагаў нацыянальнага рамантызму – ідэйнай плыні беларускага адраджэння, якая выразна выявілася ў мастацкай і навуковай творчасці Я. Купалы, М. Багдановіча, 3. Бядулі, У. Жылкі. В. Ластоўскі пачаў друкавацца з 1909 г. у «Нашай ніве», дзе змяшчаў мастацкія творы і навукова-папулярныя артыкулы па этнаграфіі, гісторыі, фалькларыстыцы. Першая навуковая манаграфія даследчыка – «Кароткая гісторыя Беларусі» (Вільня, 1910) – мае раздзелы, прысвечаныя гісторыі пісьменства. У артыкулах закранаў праблемы паходжання беларускай мовы, яе самабытнасці, гістарычнага абшару. Дзеля забеспячэння беларускіх школ неабходнай літаратурай В. Ластоўскі ўклаў некалькі чытанак і падручнікаў. Чытанкі маюць апарат спасылак – тлумачэнняў лексікі. Намаганнямі В. Ластоўскага ў Коўне выйшлі перакладзеныя з рускай мовы падручнікі па астраноміі, біялогіі, анатоміі, батаніцы, сусветнай гісторыі, рыхтаваліся арыгінальныя рукапісы дапаможнікаў па трыганаметрыі, геаметрыі, хіміі, мінералогіі. Іх рэдагаванне вымагала распрацоўкі тэрміналогіі з розных галін ведаў, і В. Ластоўскі заняўся ўкладаннем тэрміналагічных спісаў. Асаблівасці тэрміналогіі – перавага ўласнабеларусіх тэрмінаў над інтэрнацыяналізмамі ды іншымі запазычаннямі, пазбяганне супадзенняў з рускімі і польскімі адпаведнікамі, выкарыстанне сінанімікі.

Даследуючы этнагенез беларусаў на матэрыяле мовы, анамастыкі, духоўнай і матэрыяльнай культуры, вучоны прыйшоў да высновы пра неабходнасць укаранення першаснай саманазвы беларусаў крывічы. Ужыванне імёнаў Беларусь, Белая Русь у дачыненні да нашай зямлі лічыў пазнейшымі, прынесенымі звонку. Тэрміны ж Літва, ліцвіны абазначалі, на думку Ластоўскага, дзяржаўна-палітычную прыналежнасць.

Грунтоўна займаўся В. Ластоўскі моўна-стылістычным аналізам фальклорнага тэксту, супастаўляльна-тыпалагічным вывучэннем культуры і мовы, даследаваў індаеўрапейскія асновы беларусістыкі.

Плёнам шматгадовай працы ў галіне беларускай лексікалогіі, тэрміналогіі, анамастыкі стаў «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (Коўна, 1924; факсімільнае перавыд., Мінск, 1991; каля 17 тыс. слоўнікавых артыкулаў). Беларускую частку слоўніка склалі матэрыялы, якія Ластоўскі пачаў збіраць яшчэ ў 1902 г., запісваючы «цікавыя» словы, пачутыя ў народзе або знойдзеныя ў кнігах. Слоўнік спалучае рысы перакладнога, тлумачальнага, сінанімічнага, часткова этымалагічнага і энцыклапедычнага слоўнікаў. Значэнне слова ілюструецца прыкладамі з дыялектаў або фальклору. Найважнейшая асаблівасць слоўніка – вялікая колькасць наватвораў, якія Ластоўскі ўводзіў тады, калі пошукі ўласнабеларускай лексікі ў дыялектах і помніках пісьменства не давалі выніку (напрыклад: гудзьбіт «музыкант», кудар «чародей», хваласьпеў «гимн»). Слоўнік Ластоўскага мае выразны індывідуальна-творчы характар і не прэтэндуе на нарматыўнасць.

(Паводле В. Вячоркі, С. Шупа)

 

ЯЗЭП ЛЁСІК

Беларускі грамадскі дзеяч, мовазнавец, пісьменнік, педагог Я.Ю. Лёсік нарадзіўся 6-га лістапада 1883 г. ў в. Мікалаеўшчына Мінскай вобласці. Дзядзька па матчынай лініі Якуба Коласа. Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. Скончыў Ноўгарад-Северскае гарадское вучылішча (1902). За ўдзел у рэвалюцыйных падзеях 1905 г. быў арыштаваны і пасаджаны ў турму, з якой уцёк у 1907 г. У 1911 г. быў арыштаваны паўторна і сасланы на пажыццёвае пасяленне ў Сібір, дзе жыў каля г. Кірэнск Іркуцкай вобласці і каля г. Бадайбо. Вярнуўся на Беларусь пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г.

У 1917 г. ўвайшоў у Беларускую сацыялістычную грамаду. Удзельнічаў у абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Быў адным са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Рэдагаваў газеты «Вольная Беларусь» (1917 – 18) і «Беларусь» (1920), выступаў у друку з публіцыстычнымі артыкуламі пра актуальныя пытанні дзяржаўнага і грамадскага ладу краю, культурна-асветныя, нацыянальныя задачы беларускага народа і інш.

У 20-я гады Я. Лёсік выкладаў беларускую мову на Мінскіх лектарскіх курсах, у Беларускім дзяржаўным універсітэце і Белпедтэхнікуме. 3 1922 г. правадзейны член Інбелкульта. Уваходзіў у склад акадэмічнай рады гэтай установы, рады аддзела гуманітарных навук, узначальваў 1нстытут навуковай мовы, працаваў на кафедрах гісторыі беларускай мовы і жывой беларускай мовы, уваходзіў у правапісную, дыялекталагічную камісіі і камісію беларускай літаратурнай мовы. У 1928 г. Я. Лёсік быў зацверджаны правадзейным членам Беларускай акадэміі навук. У Інстытуце мовазнаўства ён працаваў намеснікам дырэктара і ўзначальваў Тэрміналагічную камісію.

У ліпені 1930 г. Я. Лёсік быў беспадстаўна арыштаваны, у снежні пазбаўлены звання акадэміка, а ў красавіку 1931 г. высланы ў г. Камышын Сталінградскай вобласці. Жыў у горадзе Нікалаеўскі, дзе працаваў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў педтэхнікуме. У 1935 г. пераехаў на Браншчыну, але ў 1936 г. вымушаны быу вярнуцца ў Сталінградскую вобласць. Жыў у г. Дубаўка, а з 1937 г. – у г. Аткарск Саратаўскай вобласці. У час ссылкі напісаў сваю апошнюю працу — «Синтаксис русского языка» для педвучылішчаў, рукапіс якой быў канфіскаваны пры апошнім арышце ў 1938 г. Памёр у 1940 г. ў турме Саратава. Пастановай судовай калегіі Вярхоўнага суда БССР ад 10 чэрвеня 1988 г. справа ў адносінах Я. Лёсіка спынена, а з 17 мая 1990 г. ён адноўлены ў званні акадэміка.

У гісторыі беларускай мовазнаўчай навукі Я. Лёсік пакінуў след як арганізатар і ўдзельнік мовазнаўчага жыцця ў 20-я гг., як аўтар шматлікіх навукова-практычных дапаможнікаў і навуковых прац па беларускай мове. Падручнікі Я.Лёсіка былі адным з самых пашыраных сродкаў навучання беларускай мове сярод розных груп насельніцтва, яны неаднаразова перавыдаваліся (дапаможнік па правапісе, напрыклад, 8 разоў). У значнай ступені дзякуючы ім у Савецкай Беларусі стала шырока выкарыстоўвацца правапісная сістэма беларускай мовы, зафіксаваная ў «Беларускай граматыцы для школ» (1918) Б. Тарашкевіча. Ад падручнікаў Я. Лёсіка, а таксама ад распрацаваных ім у 20-я гг. слоўнікаў лінгвістычнай тэрміналогіі ідзе сталая традыцыя выкарыстання ў беларускім мовазнаўстве многіх лінгвістычных тэрмінаў (напрыклад, назоўнік, прыметнік, займеннік, лічэбнік, дзеепрыметнік, дзеепрыслоўе, злучнік, прыназоўнік, выклічнік, выказнік і інш.). Адным з першых у беларускім мовазнаўстве Я. Лёсік пачаў грунтоўна распрацоўваць пытанні нацыянальнай літаратурнай мовы, займаўся праблемамі правапісу, займаўся пытаннямі граматычнай нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы. Я. Лёсік таксама пісаў мастацкія творы. Яго пісьменніцкі талент быў заўважаны і высока ацэнены

М. Гарэцкім, які асабліва вылучыў «Апавяданне без назвы» (1917—19). Я. Лёсік перарабіў на літаратурную мову і апублікаваў «Пінскую шляхту», а таксама пераклаў на беларускую мову празаічныя часткі камедыі-оперы «Ідылія» В. Дуніна-Марцінкевіча, фрагменты са «Шляхціца Завальні...» Я. Баршчэўскага і інш. творы. Уклаў некалькі літаратурных чытанак для школ.

Вобраз Я.Лёсіка адлюстраваны ў паэме «Новая зямля» Я.Коласа (эпізадычна) і ў рамане «Пабуджаныя» Г. Далідовіча (персанаж Максім Лашковіч).

(Паводле С.М. Запрудскага)

БРАНІСЛАЎ ТАРАШКЕВІЧ

Вядомы беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, публіцыст, літаратуразнавец, мовазнавец і перакладчык Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч нарадзіўся 20 студзеня 1892 г. у засценку Мацюлішкі (цяпер Літва). Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Петраградскага універсітэта (1916), працаваў у ім прыват-дацэнтам грэчаскай і лацінскай моў. 3 1918 г. загадваў культурна-асветным аддзелам Пецярбургскага аддзялення Беларускага нацыянальнага камісарыята. У 1919 г. выкладаў беларускую і грэчаскую мовы ў Мінскім педінстытуце, у 1920 г.— загадваў беларускім сектарам дэпартамента асветы так званай Сярэдняй Літвы, у 1921 — 1922 г. працаваў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі і быў адным з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы. У 1922 г. выбраны паслом (дэпутатам) сейма Польшчы, узначаліў у ім Беларускі пасольскі клуб. За абарону правоў беларускага насельніцтва і палітычную дзейнасць у студзені 1927 г. арыштаваны і асуджаны на 12 гадоў турэмнага зняволення. У 1930 г. з мэтай дыскрэдытацыі яго выпусцілі на волю, але праз год зноў арыштавалі і ў лістападзе 1932 г. асудзілі на 8 гадоў катаржнай турмы. У верасні 1933 г. быў абменены на савецкага палітвязня і жыў у Маскве, працаваў у Міжнародным аграрным інстытуце загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі. У маі 1937 г. арыштаваны і па беспадстаўным абвінавачанні ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Польшчы 29 лістапада 1938 г. расстраляны.

Беларускім мовазнаўствам Б. Тарашкевіч займаўся на працягу ўсяго свайго жыцця. Яшчэ студэнтам 3-га курса Пецярбургскага універсітэта ён апублікаваў у часопісе «Раніца» (1914, № 1) артыкул «Не пакідайце сваёй мовы», у якім заклікаў суайчыннікаў шанаваць родную мову, таму што яна з'яўляецца душой народа, запісваць мясцовую лексіку і розныя віды вуснай народнай творчасці — казкі, легенды, песні, прыказкі, загадкі.

У 1913 г. па прапанове Я. Купалы Браніслаў Тарашкевіч пачаў працаваць над беларускай граматыкай, і ў 1918 г. ў Вільні яна ўбачыла свет. Гэтая праца была высока ацэнена спецыялістамі, некалькі разоў перавыдавалася і адыграла выключна вялікую ролю ў нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы. Менавіта як аўтар «Беларускай граматыкі для школ» Б. А. Тарашкевіч у 1928 г. быў абраны правадзейным членам АН БССР. «Беларуская граматыка для школ» — праца, у якой упершыню былі вызначаны правапісныя і граматычныя нормы сучаснай беларускай мовы. Тарашкевіч здолеў, як ніхто да гэтага, выявіць галоўныя заканамернасці беларускай літаратурнай мовы, гістарычна абумоўленую сувязь яе з цэнтральнымі беларускімі гаворкамі. Улічваючы традыцыі беларускага кнігадрукавання, ён замацаваў фанетычны прынцып напісання галосных, а для перадачы зычных – марфалагічны. Асобна быў распрацаваны правапіс запазычаных слоў. Правільна былі вызначаны галоўныя граматычныя катэгорыі беларускай мовы, характэрныя для яе формы словазмянення. Сфармуляваныя ў граматыцы правілы атрымалі ўсеагульнае прызнанне, многія замацаваліся ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. На аснове граматыкі Тарашкевіча хутка сталі выходзіць падручнікі беларускай мовы іншых аўтараў. З выхадам граматыкі Тарашкевіча пачаўся працэс стабілізацыі норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы, быў створаны грунт для яе далейшай граматычнай распрацоўкі, удасканалення ўласцівых ёй структурных элементаў.

Б.А. Тарашкевіч займаўся і іншымі лінгвістычнымі даследаваннямі. Так, у 1923 г. ім завершаны і здадзены ў друк «Сінтаксіс беларускай мовы», які, на жаль, па нейкіх прычынах не выйшаў, прычым рукапіс яго да гэтага часу не знойдзены. У 1933 г. Б.А. Тарашкевіч пісаў з турмы да пракурора ў Вільню, што ўжо доўгі час працуе над гістарычнай граматыкай беларускай мовы. Магчыма, праца была закончана, аднак яе лёс пакуль невядомы. Тое ж можна сказаць і пра доктарскую дысертацыю Б.А. Тарашкевіча «Стыль і фанетыка Лаўрэнцьеўскага летапісу», назва якой вядома з матэрыялаў аб судовым працэсе над Беларускай сялянска-работніцкай грамадой.

Б.А. Тарашкевіч пераклаў на беларускую мову два сусветна вядомыя паэтычныя творы – «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча. Пераклад «Іліяды» ён пачаў у час працы ў Петраградскім універсітэце, а закончыў у 1927 г. у адной з самых суровых турмаў Польшчы – на Вронках. Месцазнаходжанне рукапісу да гэтага часу невядома. У перыядычным друку апублікаваны толькі дзве перакладзеныя песні «Іліяды» з прадмовай перакладчыка. Паэма Міцкевіча «Пан Тадэвуш» была перакладзена ў турэмных засценках у 1931 – 32 гг. Рукапіс перакладу захаваўся і быў выдадзены ў 1981 г. ў Мінску і ў 1984 г. ў Польшчы. Гэты пераклад атрымаў высокую ацэнку беларускіх і польскіх спецыялістаў.

(Паводле К. Германовіча)

 

 

¨ Дадатак 2

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...