Чачот Ян антоні тадэвушавіч
(7.7.1796 – 23.8.1847) Паэт, фалькларыст і драматург. Нарадзіўся ў вёсцы Малюшычы Навагрудскага павета ў сям'і арандатара Тадэвуша Чачота і Клары Гасіцкай. Маленства прайшло ў маёнтку графа Тызенгаўза, дзе яго бацька быў аканомам. Пачатковую адукацыю атрымаў у Навагрудскай дамініканскай школе, у старэйшых класах якой зблізіўся і на ўсё жыццё пасябраваў з Адамам Міцкевічам. У 1815 г. паступіў на аддзяленне маральных і палітычных навук Віленскага універсітэта. Але, не маючы сродкаў на плату за навучанне, праз год пакінуў вучобу і ўладкаваўся ў Віленскае бюро па ўпарадкаванні архіваў князёў Радзівілаў. Душою і справамі ён застаецца з універсітэцкімі сябрамі, і, калі ў 1817 г. у асяроддзі віленскіх студэнтаў нараджаецца тайнае таварыства філаматаў, Чачот у 1818 г. становіцца яго членам. Ледзь не з дзяцінства ён спрабаваў сябе ў паэзіі. У філамацкі перыяд захапіўся стварэннем вершаў на роднай мове, і яго творы карысталіся вялікім поспехам на пасяджэннях таварыства. На паэтычным турніры, які адбыўся 21.12.1818 г., Ян Чачот прызнаны трэцім паэтам пасля А.Міцкевіча і Т.Зана. У 1819 г. ён напісаў некалькі беларускамоўных імянных вітанняў і драматычных сцэнак, заснаваных на беларускім фальклоры. У вершах і баладах ён адстойваў інтарэсы самага бяспраўнага класа тагачаснага беларускага грамадства — сялянства, заклікаў паважаць простага мужыка, паляпшаць яго дабрабыт, крытыкаваў жорсткасць прыгоннікаў, выказваўся за адмену прыгоннага права. Вырашэнне праблем беларускага селяніна ён бачыў пераважна ў дабраце і іншых маральных вартасцях пана. Паэт заклікаў паноў зацікавіцца хараством народных абрадаў, песень, паданняў, прыгледзецца да іх стваральніка — селяніна і спрыяць паляпшэнню яго долі. Прасякнутыя сапраўднай народнасцю і павагай да мужыка-беларуса, яго песні і балады зрабілі важкі ўплыў на творчасць Міцкевіча. Адначасова з беларускімі вершамі Чачот працягваў пісаць і на польскай мове. У гэты час ён стварыў вершаваную гісторыю Літвы і Польшчы, рамантычныя балады «Свіцязь-возера», «Мышанка», «Навагрудскі замак», «Калдычэўскі шчупак». У аснове яго балад былі паданні, якія паэт чуў у дзяцінстве на Навагрудчыне. Гэтымі творамі ён праславіўся як паэт-фалькларыст і ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры.
У 1821 г. таварыства філаматаў пераўтварылася ў патрыятычнае таварыства філарэтаў, яно было больш заканспіраванае, але і гэта не выратавала яго членаў ад арыштаў і рэпрэсій, якія пачаліся ў 1823 г. Пасля выкрыцця царскімі ўладамі віленскіх студэнцкіх згуртаванняў у 1823 г. Чачот зняволены ў Віленскую турму, потым сасланы на Урал, дзе адбываў турэмнае зняволенне ў крэпасці Кізіл, у 1825 г. пераведзены ва Уфу, у 1831 г. — у Цвер. Толькі праз 10 гадоў паэту дазволілі вярнуцца на Беларусь. На радзіме ён працаваў сакратаром кіраўніцтва Бярэзінскім каналам, бібліятэкарам у графа Храптовіча. Са ссылкі Чачот вярнуўся цяжка хворым, але знайшоў у сабе сілы зноў займацца творчай справай. Ён вывучаў фальклор, збіраў і перакладаў беларускія народныя песні. У вёсцы Бортнікі на Навагрудчыне ён запісаў і склаў цэлы зборнік беларускіх народных песень (не захаваўся). На працягу 1837—46 гг. сабраў і выдаў у Вільні 6 фальклорных зборнікаў «Сялянскія песні», куды ўвайшло каля 1000 песень у перакладзе на польскую мову і ў арыгінале, уласна беларускія вершы, а таксама прыказкі і прымаўкі, слоўнік беларускай мовы (200 слоў). Амаль кожны з гэтых зборнікаў адкрываўся прадмовамі, у якіх аўтар з глыбокай сімпатыяй адзначаў асаблівасці фальклору і мовы беларускага народа. (Паводле А. Мальдзіса)
Читайте также: Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|