Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Дзейнасць краязнаўцаў 2-й паловы ХІХ – пачатку ХХ ст.




Гаворскі Ксенафонт Антонавіч (1821–1871), археолаг, гісторык, выдавец. Ганаровы член Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта. З 1852 г. член-карэспандэнт Імператарскага Археалагічнага таварыства. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1845). З 1840 г. працаваў выкладчыкам Полацкай духоўнай семінарыі. У 1857–1858 гг. рэдагаваў неафіцыйную частку “Витебских губернских ведомостей”. З 1858 г. неафіцыйная частка складалася амаль толькі з ягоных публікацый. У 1862–1869 гг. рэдактар-выдавец часопіса “Вестник Западной России”. Адзін з ініцыятараў і галоўных праваднікоў палітыкі заходнерусізма на Беларусі. Менавіта яго хацелі прызначыць першым кіраўніком Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актавых кніг.

У пачатку 1850-х гадоў даследаваў 10 курганоў на Полаччыне, упершыню апісаў іх будову. Пісаў пра раскопкі курганоў, даследаванні каменных крыжоў. Вывучаў старажытную“Альгердаву дарогу” з Полацка на Вільню. Пісаў пра гісторыю праваслаўных цэркваў на Беларусі. Аўтар не надрукаванай работы “Гісторыя Полацкай епархіі”.

Семянтоўскі (Семянтоўскі-Курыла) Аляксандр Максімавіч (1821, Палтаўшчына – 1893), беларускі і рускі этнограф, археолаг, краязнаўца, фалькларыст. Паходзіў з Палтаўшчыны (Украіна).

Апісваў гісторыю Віцебскай губерні, Барысавы камяні, Полацкі Сафійскі сабор, сабор у Бельчыцах, старажытныя помнікі, археалагічныя знаходкі, крыж Лазара Богшы і іншыя. Сабраў звесткі пра 30 замкаў і замчышчаў на Віцебшчыне, больш як пра 1200 земляных насыпаў. Упершыню правёў класіфікацыю археалагічных аб’ектаў паводле іх прызначэння.

Стварыў карту археалагічную Віцебскай губерні, працы “Статыстычны нарыс Віцебска” і “Сінельна-набойная вытворчасць у г. Віцебску”. “Аб мерах і вазе, якія выкарыстоўваюцца цяпер і ўжываліся ў мінулыя гады ў Віцебскай губерні” (1878)

Асноўнай этнаграфічнай працай А. Семянтоўскага пра побыт і культуру беларусаў з’яўляецца “Этнаграфічны агляд Віцебскай губерні” (1872), а таксама “Памятники старины Витебской губернии” (1867), “Белорусские древности” (1890).

Шэйн Павел Васільевіч (1826, Магілёў – 14(27). 08. 1900, Дубулты), этнограф, фалькларыст, педагог. Працаваў выкладчыкам у Віцебскай гімназіі. Найбольш поўны беларускі матэрыял прадстаўлены ў кнізе «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1–3, 1887–1902). Праца Беларускія народныя песні”. Была адзначана малым залатым медалём РГТ.

Меў шырокую сетку карэспандэнтаў. З мэтай удасканалення збору матэрыялаў выдаў напісаную пад уплывам міфалагічнай школы “Праграму для збірання помнікаў народнай творчасці” (Віцебск, 1867) – адну з першых спецыяльных фальклорных праграм у Расіі і разаслаў яе па Беларусі. Праца “Беларускія песні” з’яўляецца самай буйной сярод аналагічных зборнікаў 60–70-х гг. ХІХ ст. У ёй сабрана больш 1000 беларускіх народных песень, 10 казак, легенд, паданняў, некалькі запісаў прыкмет, замоў і забабонаў.

Шпілеўскі Павел Міхайлавіч (псеўд. Драўлянскі, Знаёмы чалавек, Барон Ікс; 31. 10(12. 11). 1823, в. Шыпілавічы Бабруйскага павета Мінскай губ., цяпер Бабруйскі раён – 17(29). 10. 1861), этнограф, фалькларыст, краязнаўца, пісьменнік, журналіст. Аўтар нарысаў і артыкулаў “Беларускія народныя павер’і” (1846–1852), “Апісанне пасольства Льва Сапегі ў Маскве ў 1600 г. ” (1850), “Народныя прыказкі з тлумачэннем паходжання і значэння іх” (1852), “Даследаванне пра ваўкалакаў. На падставе беларускіх павер’яў” (1853), “Вясельныя абрады ў засцянкоўцаў (акалічан) Віцебскай губерні”(1854), “Мазыршчына: (З падарожжа па заходнерускім краі” (1859), “Паездка ў заходнія губерні” (1860).

П. Шпілеўскага можна лічыць адным з першых даследчыкаў і папулярызатараў беларускай гісторыі, этнаграфіі і фальклору. У цыкле белетрызаваных нарысаў “ Падарожжа па Палессі і беларускім краі ” (“Современник”, 1853–1855) і “Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках” (“Пантеон”, 1853–1856) змяшчаецца шэраг матэрыялаў краязнаўчага характару (гістарычныя даведкі, апісанні беларускіх гарадоў, вёсак і мястэчак, фальклорныя запісы і этнаграфічныя замалёўкі).

Багдановіч Адам Ягоравіч (20. 03(1. 04). 1862, в. Халопенічы Крупскага раёна – 16. 04. 1940), беларускі этнограф, фалькларыст, мовазнавец. Бацька паэта М. Багдановіча. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1882). Працаваў настаўнікам на Міншчыне. У 1880–1893 гг. актыўны карэспандэнт П. В. Шэйна. У 1895 г. апублікаваў грунтоўнае даследаванне “ Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў ”, у якім вялікі фактычны матэрыял, сабраны на тэрыторыі Мінскай, Магілёўскай (Сенненскі і Аршанскі паветы) і Віцебскай (Лепельскі павет) губерній, класіфікаваны ў асобныя раздзелы (перажыткі фетышызму, анімізму, пераўвасабленняў, культаў сонца, нячыстай сілы, чараўніцтва і іншыя).

Сапуноў Аляксей Парфенавіч(27. 03. 1851, м. Усвяты Віцебскай губ. – 2. 10. 1924, Віцебск), гісторык, археограф, краязнаўца. Сваімі працамі зрабіў найбольшы ўнёсак у краязнаўчае вывучэнне Віцебшычны ў ХІХ стагоддзі. Працы А. С. Сапунова можна падзяліць на тры часткі. Першая, – зборнікі гістарычных матэрыялаў (архіўныя крыніцы, паказальнікі, спісы), другая, – навуковыя даследаванні, прадмовы, артыкулы да гістарычных зборнікаў, трэцце, – артыкулы і творы, разлічаныя на шырокае кола чытачоў, і ў большай частцы змяшчаныя ў мясцовым друку. Такія матэрыялы ўзбуджалі інтарэс мясцовай інтэлігенцыі да гісторыі краю, станавіліся штуршком для стварэння калекцый, збірання разнастайных матэрыялаў, перашкодзілі разбурэнню шэрага помнікаў гісторыі і культуры. Пры жыцці выдадзены 72 яго працы.

Найбольш вядомымі працамі А. П. Сапунова з’яўляюцца Витебская старина”, “Историческая записка 75-летия Витебской гимназии (1808-1883)”, “Двинские или Борисовы камни”, “Река Западная Двина. Историко-георафический обзор”, “Чертеж г. Витебска 1664 г. ”, “Исторический очерк Витебской Белоруссии”.

Раманаў Еўдакім Раманавіч (літ. псеўд. Е. Радимич) (11. 09. 1855 м. Беліца, Гомельскага ўезда – 20. 01. 1922), этнограф, фалькларыст, археолаг.

Аўтар больш за 200 прац па этнаграфіі, фальклоры, гісторыі, археалогіі і мове беларусаў, сабраў і надрукаваў больш за 10 тыс. фальклорных твораў. Галоўная фальклорна-этнаграфічная праца Раманава “Беларускі зборнік” з’яўляецца своеасаблівай энцыклапедыяй побыту і культуры беларусаў дарэвалюцыйнага часу. З напісаных 15 тамоў фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў пры жыцці аўтара выйшла 9 (вып. 1–9, 1886–1912).

Е. Раманаў зрабіў значны ўклад у развіццё археалогіі. Склаў археалагічныя карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў, сабраў звесткі пра больш за 1000 гарадзішчаў на Беларусі, выявіў шмат стаянак першабытнага чалавека. Першым у беларускай навуцы паставіў пытанне аб засяленні тэрыторыі Беларусі ў палеаліце; распрацаваў сістэму помнікаў археалогіі; першым з археолагаў звярнуў увагу на матэрыялы культуры ХІV–ХVIII ст.; распрацаваў інструкцыю для раскопак. Раманаў падрыхтаваў першы падручнік па археалогіі “Старина стародавняя”, адкрыў помнік эпіграфікі ХІІ ст. “Барысаў камень” (каля в. Высокі Гарадзец Талачынскага раë на). Е. Раманаў вызначыўся як археограф: выдаў Баркулабаўскі летапіс, “Апісанне Крычаўскага графства 1786 г. ” А. Меера, зборнік “Тарас на Парнасе і іншыя беларускія вершы” (1900), шэраг дакументаў і актаў. Папулярызаваў творы В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча. Вёў антрапалагічныя даследаванні.

Выдатым даследчыкам Віцебшчыны з’яўляўся беларускі этнограф, фалькларыст Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі (5(17). 05. 1845, в. Вымна Віцебскага павета – 28. 05(10. 06. ) 1910). Больш як 20 гадоў ён быў карэспандэнтам Шэйна, а з 1890-х гадоў выступаў з самастойнымі працамі. Апублікаваў каля 20 даследаванняў па этнаграфіі, фальклоры і гісторыі Віцебшчыны, якія з'яўляюцца каштоўнай крыніцай для вывучэння матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, іх вуснапаэтычнай творчасці. Найбольш вядомымі працамі даследчыка з’яўляююцца “Очерки Витебской Белоруссии”, Простонародые приметы и поверья, суеверные обряды и обычаи, легендарные сказания о лицах и местах”, “Странички из недавней старины г. Витебска”, “Белорусские песни «частушки», собранные Н. Я. Никифоровским”

З’яўляецца аўтарам першай спецыяльнай працы па матэрыяльнай культуры і вытворчай дзейнасці сельскаганасельніцтва “Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии и описание предметов быта (Этнографические сведения)” (1895). Кніга – буйнейшае даследаванне па матэрыяльнай культуры беларусаў ХІХ ст. з той прычыны, што яна засноўваецца выключна на матэрыялах Віцебшчыны, то яе можна лічыць своеасаблівай “народнай” энцыклапедыяй” нашага краю.

Ельскі Аляксандр Карлавіч [Бацян з-над Пцічы, Літвін-грамадзянін] (1834, в. Дудзічы Ігуменскага павета – 1916), беларускі гісторык, этнограф, краязнаўца, пісьменнік, перакладчык, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію, браў удзел у Крымскай вайне. З 1860-х гг. жыў у Замосці (Пухавіцкі раён), дзе ў 1864 г. стварыў літаратурна-краязнаўчы музей, у фондах якога было каля 20 тыс. аўтографаў і дакументаў, 7 тыс. кніг, больш за 1 тыс. гравюр, калекцыі карцін, манет, археалагічных знаходак.

Аўтар шэрагу кніг на беларускай, польскай, рускай мовах на тэмы гісторы, этнаграфіі, фальклору, мове і літаратуры Беларусі. “Піва і варэнне піва ў нашым мінулым” (1883), “Пра беларускую гаворку” (1885), “Адам Місцкевіч на Беларусі” (1890), “Беларуская літаратура і бібліяграфія” (1892), “Нарыс гісторыі Мінскага біскупства” (1907). Для “Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых зямель славянскіх” і “Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі” напісаў больш за 10 тыс. артыкулаў, прысвечаных населеным месцам беларускіх губерній.

Першы біёграф і сябар В. Дуніна-Марцінкевіча. Пераклаў на беларускую мову 1-ю частку паэмы А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. Выдаў зборнік “100 прыказак, загадак, прыдумак і гавэндаў для пажытку беларускага (крывіцкага) народа” (1908).

Вярэнька Францішак Леапольдавіч (15. 03. 1862, маёнтак Пуцілкавічы Барысаўскага павета (цяпер Ушацкі р-н) – 4. 03. 1892), беларускі краязнавец і археолаг. Праводзіў археалагічныя раскопкі на тэрыторыі сучаснага Ушацкага раёна ўздоўж р. Ушача, даследаваў гарадзішчы, выявіў шмат прадметаў матэрыяльнай культуры старажытнасці. Аўтар зборніка “Аб народных леках” (выд. у 1896 г. ), матэрыялы для якога сабраў у паўночнай частцы Барысаўскага і заходняй частцы Лепельскага паветаў. Зборнік з’яўляецца самай вялікай працай аб знахарстве, вераваннях, забабонах, прымхах, звязаных з хваробамі чалавека, і аб сродках народнай медыцыны таго часу. У рукапісах засталіся падрыхтаваныя да друку яго працы Курганы ў Пуцілкавічах (1887-92) ”, “Курганы і два дагістарычныя пасяленні ў Пуцілкавічах”, археалагічныя карты, схемы гарадзішчаў, замчышчаў, запісы беларускага фальклору.

Маркс Максіміліян Восіпавіч (7(19). 10. 1816, Віцебск – 1893, Енісейск), удзельнік рэвалюцыйнага руху, этнограф Сібіры, мемуарыст. Скончыў Віцебскую гімназію (1834), вучыўся ў Маскоўскім універсітэце. У 1887–1888 гг. напісаў успаміны “Запіскі старога”. Праца з’яўляецца каштоўным дакументальным помнікам, які ўтрымлівае звесткі пра Віцебск і наваколлі 1830-х гадоў, паўстанні 1830–1831 і 1863 гг. Таксама вёў этнаграфічныя апісанні Віцебскай губерніі. Рукапіс разам з апісаннямі ў 1891 годзе даслаў свайму сябру, мастаку Э. Паўловічу. Зараз яны захоўваюцца ў бібліятэцы АН Украіны ў Львове. Выдадзены І. Абрамавай у “Віцебскіх сшытках”.

Стукаліч Уладзімір Казіміравіч (28. 10(9. 11). 1856, г. Якабштат Курляндскай губ., цяпер Екабпілс, Латвія – 18. 10. 1918, г. Віцебск), літаратуразнавец, гісторык, краязнаўца. крытычныя артыкулы, гістарычныя даследаванні, працы па пытаннях бібліяграфіі і права. У 1887 годзе імкнуўся выдаць складзены ім “Западнорусский народный календарь на 1888 год”, але цэнзура адмовіла ў яго выданні. Выдаў працы “Кароткая нататка аб беларускай гаворцы” (1895), “Да пытання пра арганізацыю універсітэта ў Віцебску” (1903), даследаванняў “А. П. Сапуноў. Да 25-годдзя яго навуковай і літаратурнай дзейнасці” (1905), “М. Я. Нікіфароўскі. 1845–1910 гады”

Краснянскі Уладзімір Гаўрылавіч (9. (21). 07. 1863, с. Руціна Валдайскага павета Наўгародскай губ. – 4. 05. 1930, Віцебск), беларускі гісторык, краязнаўца. Найбольш цікавымі з яго прац можна прызнаць дзве: прысвечаную Мсціслаўлю і капітальнае даследаванне “Чарцяжа” г. Віцебска, які быў створаны па загадзе рускага цара Аляксея Міхайлавіча ў 1664 г. Аўтар працы, прысвечанай гісторыі музейнай справы краю: “История музейного строительства в Витебске и ее современное состояние”, каталогаў музейных фондаў: “Систематический каталог музейного фонда быв. музея В. П. Федоровича”, “Систематический каталог музейных фондов Витебского церковно-археологического древнехранилища и быв. музея б. Витебской Ученой Архивной Комиссии”.

Сярод прац, прысвечаных Віцебску і яго гісторыі і культуры, між іншымі адзначым наступныя: “Кніга прывілеяў м. Віцебску” (Imbidem), “Экономическое состояние Витебска в 1606 г. по данным ведомости Витебской таможной заставы за этот год” (гіст. нарыс), “Витебское реальное училище” (“Полоцко-Витебская старина”), гісторыка-тапаграфічны нарыс “Старый Витебск”.

Федаровіч Вацлаў Пятровіч (25. 09. 1848, г. Магілёў – 12(25). 01. 1911, г. Рыга), краязнаўца, калекцыянер, юрыст. Калекцыяніраваў зброю, археалагічныя, нумізматычныя, сфрагістычныя, этнаграфічныя матэрыялы. Калекцыя Федаровіча па была адна з самых багатых археалагічных калекцый на тэрыторыі Беларусі ў канцы XIX ст. У 1917 г. калекцыя В. Федаровіча была нацыяналізавана. У 1918 г. перададзена Віцебскаму аддзяленню МАІ. У 1920 г. на пасяджэнні губкамісіі па ахове помнікаў даўніны і мастацтва было прынята рашэнне аб стварэнні асобнага музея на аснове калекцыі. Адказнай асобай для падрыхтоўкі музея прызначаны У. Г. Краснянскі. У 1923 г. музей адчынены пад назвай “Музей Беларуска-польскай даўніны”. У 1924 г. ë н стаў часткай Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.

Доўнар - Запольскі Мітрафан (2(14). 06. 1867, г. Рэчыца Мінскай губ. – 30. 09. 1934), беларускі гісторык, эканаміст, этнограф, адзін з заснавальнікаў беларукай гістарыяграфіі. Скончыў Кіеўскі універсітэт (1894). Доктар гістарычных навук (1905), прафесар (1902).

Большасць краязнаўчых даследаванняў прысвечаны Міншчыне, Гомельшчыне, Магілёўшчыне. Аднак вядома, што шмат нарысаў па гісторыі беларускай этнаграфіі змяшчаў у “Мясцовым аддзеле” Віцебскіх губернскіх ведамасцей. Даследаваў паэму “Тарас на Парнасе”. Для 9-га тома выдання “Россия. Полное географическое описание” разам з даследчыкам Д. Шэндрыкам падрыхтаваў главу 5 “Исторические судьбы Верхнего Поднепровья и Белоруссии и культурные их успехи” і главу 6 “Распределение населения Верхнего Поднепровья и Белоруссии по территории, его этнографический состав, быт и культура”, якія ўтрымліваюць багата інфармацыі пра Віцебшчыну.

Вядомым гісторыкам, археолагам, краязнаўцам быў І. І. Далгоў Ён вывучаў гісторыію Полацка са старажытных часоў, даследаваў археалагічныя помнікі Полаччыны і склаў іх рэестр. Вялікую вядомасць атрымалі экскурсіі Далгова па Полацку. Вядомымі полацкамікраязнаўцамі з’яўляўся А. К. Морель, які з’яўляўсяаўтарам кнігі “История г. Полотска и возникновение здания Полотского кадетского корпуса”. У 1910 г.         У. П. Вікенцьеў выдаў кнігу “Полоцкий кадетский корпус. Исторический очерк”. Краязнаўчыя даследаванні рабіў і генерал-лейтэнант Н. Н. Кайгародаў.

Найбольш вядомымі краязнаўцамі Лепельшчыны другой паловы ХІХ ст. з’яўляліся В. Мяніцкі, М. Кусцінскі. В. Мяніцкі ў сваім маёнтку стварыў каштоўную бібліятэку, якая знікла ў часы І сусветнай вайны. У бібліятэцы працаваў і тварыў сваю вядомую “Беларускую хрэстаматыю” Б. Эпімах-Шыпіла. Таксама В. Мяніцкі дапамагаў матэрыяламі пры стварэнні польскага слоўніка геаграфічнага. М. Кусцінскі праводзіў археалагічныя раскопкі курганаў на Лепельшчыне, а таксама Гнёздаўскага курганнага могільніка на Смаленшчыне. Адшукаў і перавёз у Маскву адзін з Барысавых камянёў (так званы Сулібор-крыж). На Сенненшчыне вывучэннем павета займаўся К. Ц. Анікевіч. У 1907 г. у Магілёве выйшла яго кніга“Сенненский уезд Могилевской губернии”.

 

 

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...