Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

§ 56. Коска ў бяззлучнікавым сказе




§ 56. Коска ў бяззлучнікавым сказе

 

Коскай аддзяляюцца часткі складанага бяззлучнікавага сказа, якія па сэнсе і інтанацыйна звязаны паміж сабой.

 

Напрыклад:

Цвітуць лугі, жаўцее проса, уздымае жыта каласы (С. Грахоўскі).

Неба сеяла цяпло, цёплы дожджык церушыў, у думках радасна было, беглі песні ад душы (Я. Купала).

Ад зямлі да самых чубоў на дрэвах не было ніводнай галінкі, сляды ад усіх колішніх галінак даўно заплылі жывой смалою, згладзіліся, кара над імі самкнулася (В. Карамазаў).

Ноч, лес, глухмень. Пагана адчувае сябе Саўка (Я. Колас).

§ 57. Коска ў складаназалежным сказе

 

1. Коска ставіцца:

паміж галоўнай і даданай часткамі складаназалежнага сказа, а калі даданая частка стаіць у сярэдзіне галоўнай, яна выдзяляецца коскамі з двух бакоў;

 

Напрыклад:

Пасаджу каля вёсак сады маладыя, каб ты вечна цвіла і ў шчасці расла, дарагая мая Беларусь (П. Панчанка).

Яны выехалі з двара, калі апошняя жоўтая палоска зары дагарала на захадзе (У. Караткевіч).

Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць... (А. Ставер).

Дзяды і бацькі нашу мову стваралі, каб звонка звінела, была як агонь (П. Броўка).

Над ускрайкам лесу, дзе пачыналіся жоўтыя пяскі, зазвінела песня ляснога жаваранка (Я. Колас).

 

паміж даданымі часткамі, якія адносяцца да адной і больш галоўных частак.

 

Напрыклад:

Глянь туды, дзе машыны спяваюць, дзе палае ў горане сталь, дзе рабочыя песні складаюць пад сталёвы напеў малатка (П. Трус).

А там, дзе разам мы прайшлі, вясенні гул не моўкнуў, газоны пышна расцвілі, зазіхацелі вокны (М. Танк).

 

2. Калі аднародныя даданыя часткі звязваюцца пры дапамозе адзіночных злучнікаў і, ды (у значэнні «і»), або, ці, то паміж імі коска не ставіцца.

 

Напрыклад:

Я люблю часіну навальніцы, калі б'е пярун па ўсіх ладах і злуюцца ў хмарах бліскавіцы (П. Панчанка).

Некаторыя ішлі далей, дзе было начальства і дзе раздаліся гэтыя нечаканыя выбухі (В. Быкаў).

Як толькі разднела і ўзышло сонца, пачалі збірацца вучні (Я. Колас).

Там, дзе раней ляжалі хмызнякі або жаўцеў голы пясок, раслі стройнымі радамі маладыя сасонкі (А. Чарнышэвіч).

Люблю твае, Нарач, затокі і тоні, як вецер густыя туманы развеіць ці снежная пена на хвалях зазвоніць (М. Танк).

 

Перад супраціўнымі злучнікамі і перад злучнікам і, які паўтараецца паміж аднароднымі даданымі часткамі, коска ставіцца:

 

Напрыклад:

Нарадзіўся я ў маі, як сады вакол цвілі, а ў наднёманскім гаі распявалі салаўі (А. Русак).

Цяпла, аднак, вялікага ўжо не чулася, бо і сонца было няяркае, нібы астуджанае, і паветра прыкметна ўжо настаялася асеннімі скразнякамі, і зямля астыла, страціла цяпло ад першых замаразкаў (Г. Далідовіч).

 

3. Коска не ставіцца перад злучнікамі і, ды (у значэнні «і»), або, ці, што звязваюць дзве галоўныя часткі, да якіх адносіцца агульная даданая частка.

 

Напрыклад:

Ужо сонца праглядвала праз вершаліны хвой і пачынала адчувацца гарачыня летняга дня, калі настаўнікі падышлі да балота (Я. Колас).

Калі наступае глыбокая восень, над зямлёй нізка сцелецца туман або імжыць дробны дождж (К. Чорны).

 

4. Калі даданая частка звязваецца з галоўнай пры дапамозе састаўных падпарадкавальных злучнікаў (перш чым, затым што, пасля таго як, для таго каб, па меры таго як, да таго часу пакуль, з прычыны таго што, нягледзячы на тое што, дзякуючы таму што, у сувязі з тым што і пад. ), то коска ставіцца:

паміж даданай часткай і галоўнай, калі даданая пачынаецца такім злучнікам і стаіць перад галоўнай (злучнік не разрываецца);

 

Напрыклад:

Пасля таго як гітлераўскія войскі генерал-фельдмаршала Модэля не здолелі затрымаць нашы войскі на Беразіне, яны паспрабавалі арганізаваць абарону на ўсход ад беларускай сталіцы на лініі Даўгінава – Лагойск – Чэрвень (А. Васілеўскі).

З той пары як пайшлі на аблаву, цягнецца іх паляванне да сённяшніх дзён (А. Куляшоў).

Для таго каб праца давала плённыя вынікі, трэба прывучыць да сталых і сур'ёзных адносін да яе з малых гадоў (Я. Колас).

Па меры таго як неба святлела, цемра змянялася рэдкім лёгкім змрокам... (І. Мележ).

 

калі даданая частка сказа стаіць пасля галоўнай, коска ставіцца або перад другой часткай састаўнога падпарадкавальнага злучніка, або перад гэтым злучнікам у поўным яго складзе ў залежнасці ад сэнсу.

 

Напрыклад:

Я гэту мову ўзяў сабе таму, што зашмат у ёй было гаротных песень (М. Танк).

Параўн.: Бабка была спагадлівая да чужога гора, таму што сама перажыла шмат пакут і нягод (Ю. Пшыркоў).

Малады патрыёт пакляўся біцца з ворагам да таго часу, пакуль родная зямля не будзе ачышчана ад фашысцкай погані (К. Крапіва).

 

5. У залежнасці ад сэнсу коска можа ставіцца пасля першай часткі састаўнога падпарадкавальнага злучніка.

 

Напрыклад:

Перад тым, як ісці ў поле, яна прыбірала ў хаце, мыла падлогу, лавы  (Б. Сачанка).

Па меры таго, як прыпыняўся дзе ў вёсцы Ельскі са сваім атрадам, прыпыняўся і Сцяпан (П. Пестрак).

У той час, калі ішлі жорсткія баі пад Віцебскам, галоўны ўдар войск 2-га Беларускага фронту быў скіраваны на Магілёў («Маладосць»).

Нягледзячы на тое, што давялося несці на плячах тол і боепрыпасы, адстаючых не было (І. Мележ).

Можа нават таму, што навокал было многа прастору, хлопцу раптам стала няўтульна (І. Чыгрынаў).

 

6. Коска не ставіцца перад як, калі, што і пад., якія ўваходзяць у склад устойлівых выразаў тыпу як лепш не трэба, як ні ў чым не бывала, калі б то ні было, што б там ні было, як вады ў рот набраўшы і пад.

Але: не хто іншы, як...; не што іншае, як... і пад.

7. Калі побач стаяць два падпарадкавальныя злучнікі (ці злучнік іадноснае слова), а таксама злучальны і падпарадкавальны злучнікі (ці злучальнае слова), то паміж імі ставіцца коска.

 

Напрыклад:

Брыгадзе рабочых сказалі, што, калі своечасова будзе закончаны аб'ект, яны атрымаюць прэмію.

Наперадзе былі ўжо добра відаць зарнічныя выбліскі ад стрэлаў батарэй, якія, як агні маякоў, указвалі напрамак танкістам (І. Мележ).

Пот заліваў вочы, але, каб не выдаць сваёй слабасці, хлопец не кідаў вёслаў (І. Шамякін).

 

8. Перад другім злучнікам коска не ставіцца, калі галоўная частка пачынаецца словамі дык, то.

 

Напрыклад:

А яшчэ помніць ён [Алесь], што калі прыходзілі жаўнеры ў вёску, дык насміхаліся з усіх, абзываючы «мужыкамі» (П. Броўка).

Ён чалавек дарма што сур'ёзны, а калі разгаворыцца, дык люба слухаць (К. Крапіва).

Трэба было адпачыць, але Іван адчуваў, што калі ўпадзе ў снег, то напэўна болей ужо не ўстане (В. Быкаў).

 

9. Калі перад падпарадкавальным злучнікам ці адносным словам стаіць адмоўе не або злучальны злучнік (і, ці, або і інш. ), які цесна зліваецца з даданай часткай, то яна не аддзяляецца коскай ад галоўнай часткі.

 

Напрыклад:

Нам трэба ведаць не дзе ты быў, а што ты за дзень зрабіў.

Ён спакойны і калі заўзята працуе, і калі адпачывае.

 

10. Даданая частка ў пазіцыі пасля галоўнай, выражаная толькі адным адносным словам або спалучэннем слоў, коскай не аддзяляецца.

 

Напрыклад:

А я хаджу і радуюся. Ведаеш чаму? (І. Шамякін).

Яны паехалі і не сказалі куды.

Моўчкі стаялі, не ведаючы што рабіць (Ф. Шкірманкоў).

Невядома хто тут гаспадар.

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...