Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Глава 20. Знакі прыпынку пры. Простай мове і цытатах. § 63. Правілы пастаноўкі знакаў прыпынку пры простай мове і цытатах




ГЛАВА 20

ЗНАКІ ПРЫПЫНКУ ПРЫ

ПРОСТАЙ МОВЕ І ЦЫТАТАХ

§ 63. Правілы пастаноўкі знакаў прыпынку пры простай мове і цытатах

 

1. Простая мова аддзяляецца працяжнікам або бярэцца ў двукоссе:

працяжнік ставіцца перад простай мовай звычайна тады, калі яна пачынаецца з абзаца;

 

Напрыклад:

Васіль ужо гатоў быў зноў пакрыўдзіцца, але Ганна добра, шчыра просіць:

– Скажы што-небудзь!.. (І. Мележ).

Нехта гучна клікаў з другога берага:

– Гэй, паромшчык, давай пераправу! (М. Лынькоў).

 

двукоссе ставіцца перад простай мовай, калі яна запісваецца ў радок.

 

Напрыклад:

Барвіна праціснуўся праз натоўп да Андрэя і Санкоўскага і з ходу сказаў: «Пойдзем» (П. Пестрак).

Нехта з хлопцаў пазнаў Андрэя і крыкнуў: «Андрэй, заходзь! » (П. Пестрак).

 

2. У залежнасці ад месца слоў аўтара, якія ўводзяць простую мову, ставяцца наступныя знакі прыпынку:

калі словы аўтара стаяць перад простай мовай, то пасля іх ставіцца двукроп'е, а простая мова, якая пачынаецца не з абзаца, заключаецца ў двукоссе: У прамове на ўрачыстым сходзе Якуб Колас гаварыў: «Маё слова, хоць і вузкімі дарогамі, але даходзіла да народа»;

калі словы аўтара стаяць у сярэдзіне простай мовы, падзяляючы яе на дзве часткі, то перад словамі аўтара, у залежнасці ад інтанацыйнага афармлення першай часткі простай мовы, ставяцца пытальнік, клічнік, шматкроп'е ці коска і ўслед за гэтымі знакамі працяжнік, а пасля слоў аўтара – або кропка і працяжнік (калі першая частка простай мовы з'яўляецца закончаным сказам), або коска і працяжнік (калі першая частка простай мовы не з'яўляецца закончаным сказам).

 

Напрыклад:

«Хіба ж можам мы з табою займацца несур'ёзнымі справамі? » – пытаннем на пытанне адказала Надзя і прыгарнула да сябе Майку, прытуліла, як туляць дарослыя малых дзяцей. – Расказвай, як жывеш, як ваюеш? » (М. Лынькоў).

«Ну і напужаў мяне ён [зайчык], ды і сам, відаць, яшчэ больш напужаўся! – праказала Надзя. – Аднак чаго мы стаім? » (М. Лынькоў).

«Сцяпанка, – сказаў чалавек, – ідзі пасядзі ў цяньку, ты стаміўся» (К. Чорны).

«Эх, вадзічка... – працягваў Сава, выціраючы твар крысом курткі, – кветкамі пахне» (П. Пестрак).

 

3. У словах аўтара могуць ужывацца два дзеясловы са значэннем мовы або думкі ці блізкія да іх па функцыі; пры гэтым, калі другі дзеяслоў адносіцца да другой часткі простай мовы, то пасля слоў аўтара ставяцца двукроп'е і працяжнік.

 

Напрыклад:

«Я сказаў бы вам, ды толькі не ведаю, як прымеце вы тое, што я скажу, – ціха адзываецца ён. І, момант счакаўшы, дадае: – Я думаю, што з гэтага нічога не будзе» (Я. Колас).

– Вясна, Пётр, дружная, – загаварыў дзед, а пасля запыхкаў цыгаркай і дадаў: – Вяснянка, бач, як заліваецца (Т. Хадкевіч).

 

4. Калі ў складзе слоў аўтара, што стаяць перад простай мовай, няма дзеясловаў са значэннем мовы або думкі ці блізкіх да іх па значэнні, то ў канцы іх ставіцца кропка.

 

Напрыклад:

Урэшце дзед дастае з кішэні кавалак хлеба.

– Еш, Віхор... На-а-а... (З. Бядуля).

Віктар заплюшчыў вочы і на ўвесь пакой прытворна захроп. «Хай думае, што я сплю... » (Б. Сачанка).

 

5. Калі словы аўтара ідуць за простай мовай, то пасля простай мовы, у адпаведнасці з інтанацыяй, ставяцца пытальнік, клічнік, шматкроп'е ці коска (на месцы кропкі), а за гэтымі знакамі – працяжнік.

 

Напрыклад:

– Што вы сёння нешта не ў гуморы? – запыталася Ядвіся і глянула на настаўніка (Я. Колас).

– Эх, што за мясціна! – пачаў ён [Лабановіч] і раптам перапыніў самога сябе (Я. Колас).

– Праўды нідзе не любяць, – паківаў галавою Кірыла (Г. Далідовіч).

«Вам, Лескавец, відаць, хочацца, каб асабіста вас пахвалілі», – Ліда сказала гэта як бы між іншым, нават не павярнуўшыся да яго (І. Шамякін).

 

6. Нявыказаная простая мова, пры якой у складзе слоў аўтара звычайна ёсць дзеяслоў думаць (падумаць) або іншыя словы, спалучэнні слоў і нават сказы са значэннем думкі, меркавання, разважання і пад., заўсёды бярэцца ў двукоссе.

 

Напрыклад:

«Удзячнасці ў нас мала», – думаў сам сабе Андрэй, да болю адчуваючы сябе вінаватым перад некім (У. Краўчанка).

«Чаму гэта пытала яна [Ядвіся] пра кнігу? – падумаў Лабановіч. – Ці не палажыла яна чаго туды? » (Я. Колас).

«Да Апанаса Харчэні трэба, мабуць, зайсці», – цюкнула неяк у галаву (Б. Сачанка).

«Што тут, у гэтым пакеце? – зайшлася душа ў Алеся. – Выклік на суд? Дараванне? » (Г. Далідовіч).

«Во ўскочыў дык ускочыў», – чухаў патыліцу Яўхім Бабай (Б. Сачанка).

«Нешта ў іх дома здарылася, – забілася ў Івана трывожна сэрца. – Інакш чужога чалавека на ноч не запрашалі б» (Б. Сачанка).

 

7. Рэплікі дзвюх і болей асоб (у дыялогу) звычайна запісваюцца з чырвонага радка і з працяжнікам перад кожнай.

 

Напрыклад:

– Ты па вёсцы вольна ходзіш?

– Хаджу, як і хадзіў. А што?

– Нічога, нікога не баішся?

– Я не злодзей, не забойца. Чаго ж мне баяцца? (Б. Сачанка).

– Бой быў, Валя.

– Дзе?

– Над морам. Далёка.

– З кім?

– Невядома (І. Мележ).

 

8. Калі некалькі рэплік запісваецца ў радок без указання, каму яны належаць, то паміж імі ставіцца працяжнік і кожная з іх звычайна бярэцца ў двукоссе.

 

Напрыклад:

«Вы яшчэ не былі ў сваёй школе? » – «Не, не была. І не ведаю, якая яна там. А вы ўжо даўно тут? » – «А ўжо зараз два месяцы будзе» (Я. Колас).

 

9. Калі пасля папярэдняй рэплікі ідуць словы аўтара, то перад наступнай рэплікай працяжнік не ставіцца.

 

Напрыклад:

Нарэшце адчыняюцца дзверы, недзе брэша сабака, уваходжу. Перада мной хлопчык з лямпай у руках. «Ты што тут робіш? » – пытаюся. «Нічога, – кажа. – Чыстапісанне пішу» (В. Быкаў).

 

10. Цытаты, як і простая мова, бяруцца ў двукоссе. Скарачэнне цытаты абазначаецца шматкроп'ем.

 

Напрыклад:

Кандрат Крапіва адзначаў, што «... канцылярызмы больш за ўсё псуюць нашу літаратурную мову, і ім трэба аб'явіць бязлітасную вайну».

«Пісьменнік, які не працуе над мовай, не клапоціцца аб папаўненні сваіх моўных запасаў, – пісаў Якуб Колас, – можа стаць перад небяспекай апынуцца за дзвярыма літаратуры».

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...