Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Краязнаўства ў другой палове ХХ – пачатку ХХІ ст.




Краязнаўства ў другой палове ХХ – пачатку ХХІ ст.

Краязнаўства 1950-я гг. – сярэдзіна 1980-я гг.

У гісторыі краязнаўства Беларусі другой пал. ХХ – пач. ХХІ ст. вылучаюцца два этапы: першы ахоплівае 1950 – 1985 гг., другі з 1985 – да пач. ХХІ ст.

Першаму этапу ўласцівы масавы, але фармальны ўдзел у краязнаўчым руху насельніцтва краіны. Практычна адзінай грамадскай арганізацыяй, якая мела краязнаўчыя мэты дзейнасці з’яўлялася Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (колькасць яго членаў у 1991 г. дасягала 2, 1 млн. членаў). Актыўна працавалі на ніве краязнаўства Віцебскі абласны краязнаўчы музей і Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці. На жаль, з прычыны адсутнасці у ВДПІ імя С. М. Кірава гістарычнага факультэта ў ім амаль не вывучалася гісторыя краю. Тэматыка даследаванняў абмяжоўвалася ідэалагічна і прысвечана была, галоўным чынам Вялікай Айчыннай вайне, сацыялістычнаму будаўніцтву. Краязнаўчыя матэрыялы друкаваліся, але абмежавана, на старонках мясцовага перыядычнага друку.  

Значная праца краязнаўчай накіраванасці праводзілася структурнымі падраздзяленнямі АН БССР: Інстытутам гісторыі, Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Ва ўсіх рэгіёнах краіны праводзіліся археалагічныя раскопкі, якія самі па сабе з’яўляліся краязнаўчымі даследаваннямі. У краіне склалася практыка, калі археолагі замацоўваліся за пэўнымі рэгіёнамі і помнікамі, праводзілі іх сістэматычную распрацоўку, што мела важнае значэнне для вывучэння мінулага рэгіёнаў Беларусі.

Напрыклад, даследаваннямі Віцебскай вобласці займаліся – Т. С. Бубенька, Л. У. Калядзінскі, Л. У. Дучыц, В. М. Ляўко, С. В. Тарасаў, М. А. Ткачоў, В. В. Шадыра, Г. В. Штыхаў і інш. У выніку даследаванняў, якія мелі на мэце вывучэнне мінулага Беларусі, былі створаны навуковыя працы па гісторыі асобных гарадоў, рэгіёнаў. У якасці прыклада прывядзём даследаванні В. М. Ляўко[12] і Г. В. Штыхава[13], якія вывучалі археалагічную спадчыну Віцебшчыны.

На Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (ІМЭФ) АН БССР была ўскладзена задача стварэння збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. У адпаведнасці з пастановай АН СССР і Міністэрства культуры СССР “Аб падрыхтоўцы “Збору помнікаў гісторыі і культуры народаў СССР” (1967) у структуры інстытута быў створаны сектар “Збора помнікаў гісторыі і культуры”[14]. Да працы былі далучаны вядучыя навуковыя кадры рэспублікі і з іншых навуковых устаноў: Інстытута гісторыі АН БССР, НДІ “Белспецрэстаўрацыя”, дзяржаўных музеяў, ВНУ). Супрацоўнікі сектара праводзілі пастаянныя навуковыя экспедыцыі ў вобласці краіны, прычым, да трох штогод.

Адметнай падзеяй краязнаўчай накіраванасці стала падрыхтоўка і выданне гісторыка-дакументальных хронік гарадоў і раёнаў Беларусі “Памяць”.

На працягу 1960-1980-х гг. асобнымі навукоўцамі ствараліся комплексныя працы і манаграфіі, якія насілі рэгіянальны характар. Значная колькасць такіх прац была прысвечана помнікам гісторыі і культуры асобных гарадоў і абласцей БССР. Дзяржаўныя краязнаўчыя музеі былі арганізуючымі і каардынуючымі цэнтрамі краязнаўчых даследаванняў у рэгіёнах краіны. Галоўным напрамкам дзейнасці рэгіянальных гісторыка-краязнаўчых музеяў з’яўлялася правядзенне даследаванняў у пэўнай мясцовасці: праца па збіранню рэчавых і пісьмовых крыніц, распрацоўка экспазіцый якія адлюстроўвалі жыццё рэгіёна, навукова-асветніцкая дзейнасць па гісторыі савецкага грамадства.

На працягу 1960-1980-х гг. назіралася агульнае пашырэнне музейнай сеткі, паляпшэнне якасці іх экспазіцый, што сведчыла аб узрастанні грамадскай актыўнасці насельніцтва і яго цікавасці да гісторыка-культурнай спадчыны. Напрыклад, на 1960 г. у сістэме Міністэрства культуры БССР было 42 музеі, а на пачатку 1991 г. – 141 музей. Гэта значыць, што на працягу 30 гадоў у краіне было адчынена амаль 100 музеяў. Найбольш шматлікая (каля 80%) група дзяржаўных музеяў БССР мела краязнаўчы профіль[15].

Вялікая праца па вывучэнню гісторыі і культуры роднага краю праводзілася гістарычнымі факультэтамі вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі. Менавіта тут меўся кваліфікаваны выкладчыцкі састаў, навуковыя кадры, студэнты, якія займаліся гістарычнымі даследаваннямі выкарыстоўваючы, у першую чаргу, мясцовы (г. зн. краязнаўчы) матэрыял.

Адзначым, што на ўсіх гістфаках выкладаўся прадмет “Гістарычнае краязнаўства”. Летам, разам з музейнай і археалагічнай, студэнты праводзілі трохтыднёвую краязнаўчую практыку, у ходзе якой вывучалі гісторыю, геаграфію, помнікі гісторыі і культуры асобных рэгіёнаў Беларусі і сумежных рэспублік СССР.

У фондах дзяржаўных абласных і занальных архіваў захоўваюцца каштоўныя і цікавейшыя неапублікаваныя дакументы, у тым ліку і краязнаўчага характару На працягу 1960–1980-х гг. асноўнай формай краязнаўчай навуковай дзейнасці архіваў, была публікацыя артыкулаў па гісторыі краю, падрыхтоўка перадач для сродкаў масавай інфармацыі. Напрыклад, дырэктар архіва дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці (ДАВВ) К. М. Коласаў з 1958 па 1977 г. стаў аўтарам больш за 75 артыкулаў у мясцовым перыядычным друку[16].

Значная праца па вывучэнню рэгіёнаў ажыццяўлялася ў абласных, гарадскіх і раённых бібліятэках краіны. У 1960-я гады ў абласных бібліятэках былі створаны аддзелы беларускай і краязнаўчай літаратуры. Пазней яны былі рэарганізаваны ў аддзелы краязнаўства і бібліяграфіі. У іх абавязкі, акрамя іншага, ўваходзіла складанне рэкамендацыйных спісаў па гісторыі рэгіёна, пра розныя бакі жыцця краю. Напрыклад, на працягу 1960-1980-х гг. супрацоўнікамі аддзела Віцебскай абласной бібліятэкі была праведзена вялікая праца па складанні бібліяграфіі Віцебшчыны.

Грамадскае краязнаўства. На працягу другой паловы ХХ ст. у БССР асноўнай арганізацыяй, якую можна лічыць краязнаўчай, з’яўлялася Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГіК) бо ў сваіх статутных мэтах яна дэкларавала задачы, якія мелі на мэце вывучэнне гістарычнай спадчыны і яе ахову.

На працягу 60–80-х гадоў ХХ ст. БДТАПГіК уцягнула ў сваю дзейнасць каля 2, 1 млн. індывідуальных членаў (1991 г. ). Была створана грамадская сістэма аховы помнікаў гісторыі і культуры, адрэстаўрыравана, адноўлена і збудавана вялікая колькасць помнікаў мясцовага і рэспубліканскага значэння. З удзелам членаў таварыства падрыхтаваны і выдадзены шматлікія выданні краязнаўчай тэматыкі. Сярод праблем у дзейнасці таварыства адзначым недастатковую фінансавую базу, невялікую колькасць кваліфікаваных спецыялістаў для правядзення рэстаўрацыйных работ, слабую іх падрыхтаванасць.

Важную ролю ў развіцці гістарычнага краязнаўства 60–80-я гг. ХХ ст. адыгралі краязнаўцы-аматары. Большасць з іх з’яўляліся членамі БДТАПГіК і актыўна ўдзельнічалі ў працы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Сярод іншых адзначым А. М. Белакоза, В. А. Ермалёнка, М. Х. Плавінскага, А. М. Пяткевіча, М. Ф. Мельнікава, І. І. Філіповіча і інш. Сваімі даследаваннямі, пошукам і вывучэннем матэрыялаў, публікацыямі ў рэспубліканскім і мясцовым друку яны ўнеслі пэўны ўклад у развіццё гістарычнай навукі, выхаванне патрыятызму, гістарычнай свядомасці і нацыянальнай самасвядомасці беларусаў.

Кіруючая роля ў развіцці турысцкага накірунку школьнага краязнаўства Беларусі ў вывучаемы перыяд належала Цэнтральнай дзіцячай экскурсійна-турыстычнай станцыі. Дзейснай формай развіцця гістарычнага краязнаўства Беларусі ў 1960–80-я гады сталі саюзныя і рэспубліканскія экспедыцыі піянераў і школьнікаў па родным краю. Яны праводзіліся ў межах доўгатэрміновай турысцка-краязнаўчай экспедыцыі“Мая Радзіма – СССР”. Асноўнымі накірункамі з’яўляліся: музейны, турысцка-краязнаўчы і пошукавы.

На 1982 г. у БССР налічвалася ўжо больш за 10 тысяч школьных музеяў, з якіх, праўда, толькі 2, 5 тыс. былі гісторыка-краязнаўчымі. Удзел у пошукавым руху садзейнічаў матывацыі юнацтва на вывучэнне падзей Вялікай Айчыннай вайны, спрыяў выхаванню любові да Радзімы.

Вынікі краязнаўчых даследаванняў як навуковага, так грамадскага і школьнага накірункаў знаходзілі адлюстраванне ў сродках масавай інфармацыі. Штатныя супрацоўнікі газет, радыё і тэлебачання вялі распрацоўку краязнаўчай тэматыкі, дапамагалі мясцовым краязнаўцам у падрыхтоўцы іх матэрыялаў да друку. Напрыклад, журналіст А. М. Падліпскі, які працаваў у віцебскіх выданнях “Строитель”, “Народнае слова” ў 1960–1990-я гг., падрыхтаваў больш за 800 артыкулаў, прысвечаных гісторыі і культуры Прыдзвіння[17].

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...