Пазакласная праца па літаратуры – арганічная частка навучальна-выхаваўчага працэсу ў школе.
Пазакласная праца па літаратуры – арганічная частка навучальна-выхаваўчага працэсу ў школе. Пазакласная праца дапаўняе ўрокі літаратуры, замацоўвае і пашырае тыя веды, якія атрыманы на ўроках, дазваляе вучням больш грунтоўна і дасканала засвойваць матэрыял па літаратуры. Каб сістэматызаваць і сканцэнтраваць у патрэбных кірунках працу, неабходна: 1) на пачатку навучальнага года стварыць творчую групу з зацікаўленых літаратурай вучняў; 2) распрацаваць канкрэтныя задачы дзейнасці, галоўнымі кірункамі якой з'яўляюцца: • паглыбленне ведаў па беларускай літаратуры; • выпрацоўка камунікатыўных уменняў і навыкаў; • развіццё пошукавай і даследчай работы вучняў. Для развіцця інфармацыйна-пошукавых і арганізатарскіх здольнасцей прадугледжваюцца асобныя кірункі. Абапіраючыся на ўменні і навыкі, набытыя на ўроках, у пазакласнай рабоце плануецца іх значнае пашырэнне і ўдасканаленне. Вучні скіроўваюцца да: • ажыццяўлення бібліяграфічнага пошуку, працы са слоўнікамі, даведнікамі, іншымі крыніцамі інфармацыі; • складання рознага роду табліц, наглядных дапаможнікаў, ілюстравання, распрацоўкі і афармлення газет, вітрын, выстаў, куткоў; • падрыхтоўкі мерапрыемстваў для школ, выступленняў перад бацькамі; • інсцэніравання літаратурных твораў, паказу моўных сітуацыйных эцюдаў. Патрабаванні да пазакласнай працы. 1. Пазакласная праца праводзіцца для таго, каб замацаваць і паглыбіць той аб'ём ведаў, які вызначаны праграмай, а таксама дапоўніць цікавым, змястоўным матэрыялам, што пашырыць уяўленне пра сумежныя віды мастацтва, гісторыю і культуру. 2. Прадуманае спалучэнне, лагічная звязанасць пазакласных заняткаў з паўрочнай працай. Выключэннем могуць быць пазакласныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да юбілеяў і знамянальных дат.
3. Пазакласная праца — гэта своеасаблівы выхад са стану паўсядзённасці. Рыхтуючыся і прымаючы ўдзел у ёй, вучні заўсёды чакаюць чагосьці незвычайнага, цікавага, яркага, а таму неабходна прадумваць як афармленне, так і сродкі эмацыянальнай выразнасці. Актыўнасць вучняў абуджаецца, калі выкарыстаны цікавы, займальны матэрыял. Нельга забывацца на прынцып даступнасці: ва ўсім павінны быць улічаны ўзроставыя псіхалагічныя асаблівасці і адукацыйны ўзровень школьнікаў. 4. Пазакласная праца, яе шматлікія формы даюць магчымасць кожнаму пабыць навідавоку. Праграма, сцэнар павінны будавацца на запланаванай і ў той жа час свабоднай дзейнасці, якая дае прастор для творчага самавыяўлення кожнага ўдзельніка ў разнастайных ролях і становішчах. Такі падыход дае відавочны выхаваўчы эфект: скіроўвае на сур'ёзнае стаўленне да ведаў, дапамагае адчуць сябе значнай часткай калектыву, згуртоўвае, развівае пачуццё адказнасці, свядомай дысцыпліны. 5. Вельмі важна пры арганізацыі і правядзенні пазакласнай працы захоўваць прынцып добраахвотнасці. Але гэта зусім не значыць, што настаўнік павінен чакаць, калі з'явіцца сам па сабе літаратурны актыў. Зацікавіць, заахвоціць, пераканаць вучня, выклікаць у яго жаданне больш даведацца і паўней выявіць сябе як асобу — непасрэдны абавязак настаўніка. Утрымаць, не знізіць планку зацікаўленасці можна толькі на аснове сатворчасці. Шырокая вучнёўская ініцыятыва павінна падтрымлівацца і праяўляцца ва ўсім: у планаванні, у арганізацыйных асновах, у змесце і формах дзейнасці. 6. Усё, што праводзіцца ў рамках пазакласнай працы, павінна быць добра арганізавана, але не заарганізавана. Залішне строгі рэжым, калі ўся дзейнасць вучняў распісана па хвілінах, педагагічна рэгламентавана, калі ўсё загадзя і шматразова адрэпеціравана, часам ператварае жывую справу ў фармальнасць.
Планаванне пазакласнай працы: на аснове праграм; на аснове календара; знамянальных дат і падзей; на аснове агульнага школьнага плана. Формы і віды пазакласнай працы наступныя: Па колькасці ўдзельнікаў 1. Масавая, калі ў падрыхтоўку і само мерапрыемства (найчасцей свята, вечар, прадметны тыдзень) уключаецца шмат вучняў, не аб'яднаных стабільнымі калектывамі, класамі. Гэта могуць быць вучні розных узростаў. 2. Групавая — вялікія творчыя групы для падрыхтоўкі канферэнцый, конкурсаў, віктарын, афармлення і выпуску інфармацыйных плакатаў, насценгазет, вядзення рукапіснага альманаха, часопіса; групы, якія будуць выступаць у якасці каманды або для заняткаў у гуртках. 3. Камерная, калі да падрыхтоўкі і правядзення падключаюцца вучні з розных класаў, але іх няшмат і толькі тыя, хто пасапраўднаму цікавіцца вылучанай тэмай; кола ўдзельнікаў вельмі абмежаванае. 4. Індывідуальная — праца з вучнямі, якія атрымалі індывідуальныя заданні, даручэнні пры падрыхтоўцы да мерапрыемстваў (рэфераты, даклады, інфармацыі, ілюстрацыйны матэрыял), выступаюць у ролі вядучых, або з тымі, хто спрабуе свае сілы ў літаратуры.
Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|