Сачыненне – гэта развагі таго, хто піша аб прачытаным і прааналізаваным мастацкім творы або ўрыўку з яго, ствараючы ўласны тэкст.
Сачыненне – гэта развагі таго, хто піша аб прачытаным і прааналізаваным мастацкім творы або ўрыўку з яго, ствараючы ўласны тэкст. Ідэя сачынення самастойна вызначаецца вучнем ў выніку роздуму над мастацкім тэкстам пасля вывучэння крытычнай і навукова-папулярнай літаратуры. Сачыненне мае сваю адметную кампазіцыю, якая самастойна выбіраецца вучнем ў адпаведнасці з тэмай. Сачыненні па літаратуры дзеляцца на 2 віды: сачыненні на літаратурную тэму, сачыненні на вольную тэму Паводле будовы кожнае сачыненне павінна мець тры асноўныя часткі: уступ, галоўную частку, заключэнне. Уступ – гэта своеасаблівая прадмова, падрыхтоўка да ўспрыняцця разважання вучня. Ён (уступ) не павінен быць расцягнутым, перагружаным непатрэбнымі фактамі, якія не маюць дачынення да тэмы. Аб'ём уступа – 1/6 частка ўсяго сачынення, або 1/4 галоўнай часткі. Ва ўступе можна сказаць пра час, калі жыў аўтар, паведаміць біяграфічныя звесткі, адзначыць асноўныя творы аўтара, падаць абгрунтаванне выбару тэмы Галоўная частка – гэта сістэма тэзісаў і аргументаў, само разважанне. Гэта частка самая важная ў рабоце, тут кожная думка аргументуецца, падцвярджаецца прыкладамі з мастацкага тэксту, а таксама тэзісамі з крытычнай літаратуры. Прычым меркаванні даследчыкаў вучань можа параўноўваць, можа згаджацца з імі, а можа і абвяргаць. У заключэнні робяцца вывады з усяго напісанага, робяцца абагульненні назіранняў. Яно надае разважанню закончанасць, указвае, для чаго напісана сачыненне. Сучасная методыка выдзяляе 7 этапаў працы над сачыненнем. 1. Уменне ўдумацца ў тэму, асэнсаваць яе, вызначыць яе мэты (абмежаваць сябе пэўнымі рамкамі).
2. Уменне падпарадкоўваць сваё сачыненне пэўнай ідэі. 3. Адбор матэрыялу для сачынення. 4. Сістэматызацыя сабранага матэрыялу. 5. Праца над кампазіцыйнай будовай сачынення. 6. Выбар стылю і тыпу мовы. 7. Рэдагаванне тэксту сачынення (стылістычная папраўка напісанага). Урокі навучання сачыненням тыпу разважання з’яўляюцца эфектыўным сродкам фарміравання творчых здольнасцей вучняў, іх уменняў самастойна выказваць уласныя думкі, адстойваць пэўныя погляды, ацэньваць жыццёвыя і літаратурныя з’явы, аналізаваць іх, рабіць абагульненні і вывады. У старшых класах, акрамя таго, калі яны выконваюцца на заключных занятках па вывучэнні канкрэтнай тэмы ці твора, то даюць магчымасць пракантраляваць, наколькі свядома засвоены вучнямі пройдзены матэрыял, сістэматызаваць усю работу па ўдасканаленні навыкаў вуснага і пісьмовага выказвання, самастойнай ацэнкі пэўнай літаратурнай з явы. Разважанне найбольш складаны спосаб перадачы думак, выяўлення пачуццяў, бо ў яго аснове раскрыццё прычынна-выніковых адносін паміж пэўнымі жыццёвымі ці літаратурнымі з’явамі, іх аналіз і сінтэз, доказ і абгрунтаванне. Іх можна класіфікаваць наступным чынам: 1) характарыстыка літаратурнага героя; 2) параўнальная характарыстыка двух герояў; З) групавая характарыстыка герояў; 4) праблемныя тэмы; 5) тэмы абагульняльнага характару. Сачыненні на абагульняльныя тэмы ў сваю чаргу падзяляюцца на сачыненні аб ідэйным змесце твора, аб мастацкіх вартасцях твора, аб значэнні пэўнага твора або ўсёй творчасці пісьменніка. Работа настаўніка над гэтым тыпам сачыненняў пачынаецца з акрэслівання тэмы, вызначэння яе аб’ёму і зместу. Важна так сфармуляваць тэму, каб яна стымулявала актыўны, творчы падыход вучняў да сачынення, абуджала думкі і пачуцці, мела на мэце аргументацыю, доказы, лагічныя сцвярджэнні і абгрунтаванні, каб, абапіраючыся на атрыманыя веды, школьнікі выяўлялі больш глыбокае разуменне ідэйна-мастацкага зместу твора, яго герояў, аўтарскай эстэтычнай пазіцыі. Тэма сачынення шмат у чым прадвызначае мэты выкладання і арганізацыю матэрыялу: у адных выпадках патрабуецца даць характарыстыку літаратурнага героя; у другіх напісаць сачыненне-разважанне ў форме параўнальнай характарыстыкі герояў, у трэціх даць групавую характарыстыку або авалодаць методыкай напісання сачынення-разважання абагульняльнага ці праблемнага характару.
Пры вывучэнні аднаго і таго ж твора варта прапаноўваць некалькі раўназначных тэм сачынення-разважання на выбар. Гэта павышае цікавасць вучняў да напісання сачыненняў, дае магчымасць выбіраць адну з тэм у адпаведнасці з набытым вопытам работы над літаратурным матэрыялам, з асабістымі схільнасцямі і густамі. Але любая з прапанаваных тэм сачынення-разважання мае на мэце аргументацыю, доказы, абгрунтаванні пэўнай літаратурнай з’явы ці праблемы з захаваннем лагічнай паслядоўнасці ў выкладзе думак, калі наступнае выказванне выцякае з папярэдняга і дае пачатак новай думцы. Калі тэма абрана, пачынаецца наступны этап падрыхтоўкі да напісання сачынення. Ён уключае выяўленне мэт і задач сачынення, адбор неабходнага фактычнага матэрыялу. Не менш важна ўмець прывесці сабраны матэрыял у сістэму, скласці план, падабраць цытаты з тэксту, аформіць тэзісы. Навучанне гэтым уменням ажыццяўляецца ў працэсе аналізу падзей і эпізодаў твора, тлумачэння ўчынкаў і паводзін герояў, правядзення разнастайных вусных і пісьмовых заданняў. Падрыхтоўка да сачынення-разважання пачынаецца з 5 класа, калі вучні авалодваюць майстэрствам вуснага выказвання ў выглядзе разгорнутых адказаў, адказаў на пытанні настаўніка і паведамленняў пра герояў. Для паспяховага правядзення такой работы неабходна ўлічваць наступнае: абраны тэкст павінен несці вялікую сэнсавую нагрузку, адказам на пытанні па ім павінна папярэднічаць чытанне і каменціраванне яго вузлавых эпізодаў, выкананне лексіка-фразеалагічных практыкаванняў, складанне плана. Улічваецца і дыферэнцыраванасць падыходу да адбору матэрыялу па ступені цяжкасці.
Так, для фарміравання ў пяцікласнікаў навыкаў работы над характарыстыкай літаратурнага героя неабходна выявіць матывы ўчынкаў героя (ідэю вобраза) і акрэсліць мэту характарыстыкі; скласці план-характарыстыку вобраза з пералікам асноўных рыс яго характару; падрыхтаваць разгорнутыя адказы-разважанні па пунктах плана, якія заключаюць у сабе тэзіс (асноўную думку, ацэнку той ці іншай з’явы, той ці іншай рысы. героя, якая акрэслена ў плане) і доказы (прыклады ў форме цытат ці ўласнага аналізу асобных сцэн і эпізодаў). Адказы на пытанні з’явяцца своеасаблівым вусным уступам да характарыстыкі літаратурнага героя, бо ў іх фармулююцца зыходная думка і асноўныя палажэнні, неабходныя для раскрыцця тэмы, пададзена яе асабістае разуменне школьнікамі.
Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|