Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Урокі пазакласнага чытання, іх змест і методыка правядзення.




На правядзенне ўрокаў пазакласнага чытання адводзіцца пэўная колькасць гадзін. Гэтыя заняткі маюць сваю адметнасць і спецыфіку, і пры дакладнай арганізацыі гэтыя нешматлікія ўрокі здольны зрабіць многае. Творы для пазакласнага чытання вызначаны праграмай, аднак настаўнік мае права пашырыць гэты спіс, улічваючы здольнасці і інтарэсы сваіх выхаванцаў. Урокі плануюцца на ўвесь навучальны год. Існуюць розныя падыходы да размеркавання ўрокаў пазакласнага чытання: яны могуць далучацца да ўрокаў асноўнага курса літаратуры, могуць быць прысвечаны асобным тэмам.

Урокі пазакласнага чытання ў сярэдніх класах маюць на мэце пашырыць уяўленні школьнікаў пра пісьменнікаў, з творчасцю якіх яны знаёмяцца ў асноўным курсе літаратуры.

Часам настаўнікі плануюць урокі пазакласнага чытання адносна з жанрамі твораў, якія вывучаюцца непасрэдна на ўроках літаратуры: народныя казкі, літаратурныя казкі, паэмы, апавяданні і г. д. вызначаны парадак таксама мае права на існаванне, паколькі культура чытання прадугледжвае ўменне ўспрымаць творы пэўнага роду і віду.

Мэтазгодна пры планаванні ўрокаў пазакласнага чытання аб'ядноўваць розныя падыходы, маючы на ўвазе тое, што яны павінны адкрываць школьнікам прастору для чытацкай дзейнасці: новыя, яшчэ зусім незнаёмыя бакі дзейнасці пісьменніка, жанравыя формы, стылі.

Такім чынам, пры правядзенні ўрокаў пазакласнага чытання настаўніку варта памятаць наступнае:

§ тэму ўрока пазакласнага чытання, яго змест вызначае сам настаўнік, арыентуючыся на спіс твораў, прапанаваных праграмай, і на з'яўленне цікавых выданняў у друку і сучасную перыёдыку;

§ творы, вынесеныя на абмеркаванне, разглядаюцца без асаблівай дэталізацыі; настаўнік прагназуе, што можа быць найбольш складаным для ўспрымання вучняў і як падвесці іх да неабходных вывадаў;

§ па форме правядзення ўрокі пазакласнага чытання павінны быць больш яркія, арыгінальныя, запамінальныя, абсталяваныя цікавай і пазнавальнай нагляднасцю.

Тыпы ўрокаў Мэты
Урокі ўводнага тыпу выклікаць ў вучняў цікавасць да тых твораў, якія трэба прачытаць; даць уяўленне пра пэўную эпоху, тэму, жнр, творчасць пісьменніка; пазнаёміць з фондам школьнай (гарадской) бібліятэкі, відамі каталогаў.
Урокі навучальна-падрыхтоўчага тыпу сфарміраваць першаснае чытацкае ўспрыманне мастацкага твора; скіраваць увагу вучняў на стылёвыя асаблівасці, творчую манеру пісьменніка, адметнасць жанру.
Урокі паглыблена-аналітычнага тыпу сфарміраваць уменні самастойна аналізаваць твор (эпізод твора), даваць разгорнутыя адказы на праблемныя пытанні; навучыць вызначаць значэнне эпізоду ў характарыстыцы персанажаў, месца твора ў сістэме літаратурнай дзейнасці пісьменніка.
Урокі абагульняльнага тыпу выпрацаваць уменне самастойна сістэматызаваць і абагульняць матэрыял па пэўнай тэме, параўноўваць творчасць розных аўтараў, творы.

На ўроках пазакласнага чытання настаўнік мае магчымасць выкарыстоўваць самыя розныя метады і прыёмы працы: гутарка (праблемная, вольная, з элементамі дыскусіі), семінары, канферэнцыі, лекцыі, віктарыны, конкурсы, турніры і інш.

У залежнасці ад абраных настаўнікам метадаў і прыёмаў працы, вызначаюцца віды ўрокаў пазакласнага чытання: урок-лекцыя, урок-гутарка, урок-прэзентацыя, урок-семінар, урок-кансультацыя, урок-конкурс, урок-гульня.

Напрыклад, урок-кансультацыя ў дзевятым класе па тэме “Адам Міцкевіч і Беларусь” плануецца напярэдадні абагульняючага ўрока-семінара па дадзенай тэме, які сістэматызуе веды школьнікаў па творчасці Адама Міцкевіча і мае на мэце падрыхтаваць вучняў да ўрока-семінара, прапанаваць ім тэмы і формы работы, даць неабходныя кансультацыі і тлумачэнні, спіс даведачнай і крытычнай літаратуры.

Этапы ўрока-семінара Асноўныя пытанні Формы справаздач
Уступнае слова настаўніка (або вучня). 1. Тэма і мэты ўрока; 2. Праблемнае пытанне: Які ж народ прадстаўляе ў свеце Адам Міцкевіч?  
Галоўная частка: абмеркаванне выступленняў і творчых работ дзесяцікласнікаў. 1. “Навагрудак – старажытнейшы беларускі горад з багатай гісторыяй і культурай”. 2. “Калыска дзіцячых і юнацкіх мар” (Замкавая гара, гара Міндоўга, Шчорсы). 3. “У цішы музейных залаў”. 4. “Каханне на ўсё жыццё: вобраз Марылі Верашчакі”. 5. “Вобраз Радзімы ў творах А. Міцкевіча”. 6. “Творчая спадчына паэта ў перакладах Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Кандрата Крапівы, П. Панчанкі, А. Вялюгіна, М. Лужаніна, А. Зарыцкага, Я. Сімяжонка, Ю. Гаўрука і інш. ” 7. “Памяці паэта”. 1. Гісторыка-культуралагічны экскурс. 2. Літаратурнае падарожжа.   3. Завочны экскурс. 4. Літаратурнае эсэ. 5. Літаратурнае даследванне. 6. Літаратурнае даследванне.   7. Літаратурная кампазіцыя.
Заключнае слова настаўніка. 1. Выступленне групы апанентаў. 2. Адказ на праблемнае пытанне. 3. Рэфлексія.  

Урокі-кансультацыі ў межах урокаў пазакласнага чытання арыентаваны на навукова-пошукавую дзейнасць, іх змест складаюць тэмы, заданні і пытанні, якія прадугледжваюць самастойную працу вучняў падчас падрыхтоўкі да семінарскіх заняткаў. Пры правядзенні такіх урокаў настаўніку мэтазгодна прытрымлівацца наступнай схемы:

- вучням даецца заданне для самастойнай працы;

- указваюцца спосабы і прыёмы выканання;

- прапаноўваецца ўзор такой працы;

- на ўроках-кансультацыях замацоўваецца авалоданне вучнямі ўжо вядомым матэрыялам, спосабамі і прыёмамі працы.

Каб праца на ўроках пазакласнага чытання была эфектыўнай, настаўніку неабходна ведаць чытацкая схільнасці, інтарэсы сваіх навучэнцаў, узровень іх начытанасці. Выявіць гэта дапамогуць невялікія сачыненні, водгукі, эсэ (“Мой любімы пісьменнік”, “Самы любімы твор літаратуры”, “Мае меркаванні пра кнігу... ”), а таксама дзённікі чытачоў і анкеты, якія настаўніку пажадана правесці з мэтай атрымання інфармацыі пра чытацкія густы і прыхільнасці.

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...