53. Деятельность белорусских организаций в Германии.
Германія — параўнальна новае месца на карце сусветнай беларускай дыяспары, хаця традыцыі беларускай прысутнасці тут вельмі багатыя. Менавіта тут з'явілася першае ў гісторыі беларускае пасольства ў 1918 г., якое праіснавала да 1925 г. Тут у горадзе Брэслаў у свой час паўстаў першы ў свеце беларускі цэнтр прафесара Абіхта, які разам з маладым тады яшчэ ваеннапалонным расійскай арміі Янкам Станкевічам распачаў беларусаведчую справу. Захоўваючы надзею на нацыянальнае адраджэнне, беларускія эмігранты ў Германіі наладжвалі культурнае і рэлігійнае жыццё. У 1947 г. пачаў дзейнічаць Ватыканскі беларускі эміграцыйны камітэт. Некаторыя святары ў эміграцыі займаліся літаратурнай, мастацкай творчасцю. Напрыклад, Язэп Германавіч і Леў Гарошка многа зрабілі для папулярызацыі беларускай культуры ў эміграцыі, для абуджэння і захавання сярод беларусаў нацыянальнай самасвядомасці. Узнік і лагерны беларускі друк. У другой палове 1947 г. амерыканскія акупацыйныя ўлады выдалі ліцэнзію на друкаванне часопіса «Сакавік» і газеты «Бацькаўшчына». Выхад у свет газеты быў значным дасягненнем. Акрамя таго, што вакол яе аб’ядналіся выдатныя журналісцкія, навуковыя і літаратурныя сілы (Антон Адамовіч, Юрка Віцьбіч, Сымон Кабыш, Рыгор Крушына, Алесь Салавей, Янка Станкевіч і інш. ), праз яе Захад атрымліваў інфармацыю пра Беларусь. З 1946 г. пачалася паступовая рээміграцыя ўцекачоў з лагераў ДП у Германіі. Беларусы выяджалі ў большасці ў Англію, Аргенціну, Аўстралію, Бельгію, ЗША, Канаду, Францыю. Пераважна рээміграцыя скончылася ў 1951 г. Але значная частка эмігрантаў засталася ў Германіі. Гэта былі ў асноўным хворыя, інваліды, састарэлыя, шматдзетныя, яны мелі абмежаваныя магчымасці для эміграцыі і вялі паўгалоднае існаванне ў лагерах.
Цэнтр беларускай калоніі ў Германіі ўсталяваўся ў Мюнхене, дзе сканцэнтравалася тая частка беларускай эміграцыі, якая ў гады вайны супрацоўнічала з немцамі. Тут асела таксама частка былых ваеннапалонных. У гэтым асяроддзі доўгія гады культывіраваліся антысавецкія настроі. Актывісты Мюнхенскага цэнтра супрацоўнічалі з радыёстанцыяй «Свабодная Еўропа», удзельнічалі ў 50–70-я гады ў ідэалагічнай барацьбе паміж Захадам і Усходам. Натуральна, што і з савецкага боку да іх былі варожыя адносіны. Зараз эмацыянальная афарбоўка тых падзей істотна паблекла. Непасрэдных удзельнікаў вайны там засталося нямнога, гэта людзі ўжо досыць сталага ўзросту. Асноўную ж частку беларускай калоніі ў Германіі складаюць сёння дзеці і ўнукі ўдзельнікаў вайны. Натуральна, адрасаваць ім якія-небудзь палітычныя прэтэнзіі за мінулае іх бацькоў і дзядоў было б несправядліва. Таму зараз з гэтай калоніяй спрабуюць наладзіць адносіны беларускія творчыя саюзы, ЗБС «Бацькаўшчына», тым больш што там, у Мюнхене, назапашана нямала важных і цікавых дакументаў па гісторыі Беларусі і беларускай эміграцыі. Мясцовыя інтэлектуалы выдаюць іх у штогадовым часопісе, які называецца «Мюнхенскі беларускі зборнік». Сёння ў Германіі жыве і працуе Юрка Сянькоўскі, шматгадовы кіраўнік беларускай рэдакцыі радыё «Свабода», акадэмік Барыс Кіт, бадай што самы вядомы вучоны беларускага замежжа, адзін з заснавальнікаў амерыканскай астранаўтыкі. У Мюнхене таксама працуюць мастак Зміцер Чайкоўскі, былы старшыня Беларуска-амерыканскага задзіночання, а зараз кіраўнік беларускай рэдакцыі радыё «Свабода» Вячка Станкевіч. Доўгі час беларуская эміграцыя не мела сваёй арганізацыі. Ужо ў 90-я гады такая арганізацыя створана, яна носіць назву Рэгіянальная суполка МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” “Згуртаванне беларусаў у Нямеччыне”. У 2004 годзе заснавана Згуртаваньне Беларусаў Нямеччыны (ЗБН). Але па-ранейшаму актыў беларускай грамадскасці гуртаваўся вакол беларускай рэдакцыі радыё «Свабода». Створаны таксама свой культурны асяродак: Беларускі аддзел у музеі горада Ляймена на захадзе Нямеччыны. Раней быў самастойны беларускі музей, які ўзнік у 1980 г. дзякуючы намаганням шчырага беларуса Юрыя Попкі. Пасля смерці Ю. Попкі ўсе сродкі, якія былі ў яго, былі накіраваны на дзейнасць новага беларускага асяродка. Навуковы кіраўнік Беларускага музея ў Ляймене — Мікола Іваноў, супрацоўнік радыё «Свабода». З яго актыўным удзелам быў выдадзены на пачатку 90-х гадоў так званы «Ляйменскі сшытак», збор навуковых твораў аб гісторыі і сучасным развіцці Беларусі. Разам з Міколам Івановым на ніве беларускай культуры актыўна працуюць журналіст Аляксандр Лукашук, айцец Кастусь Бандарук, які пераехаў у Германію з Беласточчыны, і іншыя.
Апошнія 15 гадоў беларуская дыяспара ў Германіі інтэнсіўна папаўняецца эмігрантамі з Рэспублікі Беларусь, якія выязджаюць на заробкі альбо на вучобу і застаюцца там надоўга. Па ацэнкам беларускіх навукоўцаў і дыпламатаў, іх колькасць налічвае дзясяткі тысяч чалавек. Буйных грамадскіх арганізацый яны яшчэ не стварылі, нацыянальна-культурнае жыццё не наладзілі, сувязі з Бацькаўшчынай падтрымліваюць у індывідуальным парадку.
Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|