Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

50. Деятельность белорусских организаций в Польше




50. Деятельность белорусских организаций в Польше

1956 г. першая пасля вайны беларускай арганізацыя — Беларускае грамадска-культурнае таварыства. У духу часу ў статуце таварыства было запісана, што яго задачай з'яўляецца «мабілізацыя беларускага насельніцтва на актыўнае будаўніцтва сацыялізма ў Польшчы» і «ўмацаванне братэрскіх сувязяў» паміж беларускім і іншымі народамі. Аднак разам з палітычнымі ў статуце былі акрэслены і культурныя мэты. Таварыства павінна было апекавацца беларускай адукацыяй, інспіраваць і развіваць беларускую мастацкую і літаратурную творчасць — «нацыянальную па форме і сацыялістычную па зместу», клапаціцца аб помніках архітэктуры і культуры і беларускім фальклоры. З яго дзейнасцю звязана выданне беларускай газеты «Ніва», выхад беларускамоўных перадач беластоцкага радыё. Штогод друкаваўся беларускі каляндар, 1–2 кнігі. Узніклі дзесяткі песенных, тэатральных, інструментальных калектываў. Народныя тэатры і хоры існавалі амаль у кожнай беларускай вёсцы. Сімвалам беларускага рэнесансу стала ўзнікненне ў канцы 1960 г. эстраднага калектыву «Лявоніха». Яго мастацкі ўзровень выглядаў рэкламай беларускай культуры ў польскім асяродку. Іншым дасягненнем БГКТ было адкрыццё 12 сакавіка 1966 г. рэгіянальнага беларускага этнаграфічнага музея ў Белавежы, які штогод наведвалі дзесяткі тысяч экскурсантаў.

30 мая 1981 г. у Варшаве ўзнік арганізацыйны камітэт Беларускага аб'яднання студэнтаў. Падобны камітэт быў створаны 3 чэрвеня ў Беластоку. Галоўнымі мэтамі аб'яднання мелі быць інтэграцыя студэнцкага асяродка беларускай нацыянальнасці, папулярызацыя беларускай культуры, пазнанне ўласнай гісторыі і традыцый, ахова помнікаў беларускай матэрыяльнай культуры і г. д. Аднак увядзенне ў снежні 1981 г. ваеннага стану не дало магчымасці стварыць беларускую студэнцкую арганізацыю. Праўда, студэнцкая актыўнасць не была цалкам замарожана. У рэшце рэшт, 28–29 сакавіка 1987 г., пасля шматлікіх намаганняў актывістаў у Бельску Падляшскім адбыўся з'езд беларускіх студэнтаў. На яго з'ехаліся прадстаўнікі ВНУ з Беластока, Варшавы, Ольштына, Любліна і іншых гарадоў. Беларускае аб'яднанне студэнтаў 29 лістапада 1988 г. было зарэгістравана, а 17 снежня адбыўся яго І з'езд. Якраз набліжаўся чарговы палітычны пералом у Польшчы і новы раздзел у дзейнасці беларускага студэнцкага руху, а таксама іншых беларускіх арганізацый. З пачаткам сацыяльна-палітычнай і эканамічнай трансфамацыі ў 1989 г. у Польшчы паўстала больш за дзесятак грамадскіх арганізацый. Акрамя БГКТ і Беларускага аб'яднання студэнтаў варта назваць наступныя арганізацыі і ўстановы беларускай меншасці:

Беларускае літаратурнае аб'яднанне «Белавежа», Беларускае гістарычнае таварыства, Бельскі Дом культуры, Гайнаўскі Дом культуры, Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання імя. Б. Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім, Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы, Праграмная рада штотыднёвіка «Ніва», Радыё Беласток — беларуская рэдакцыя, Аб'яднанне беларускіх журналістаў — штомесячнік «Czasopis», Асноўная школа з беларускай мовай навучання № 3 у Бельску Падляшскім, Таварыства сяброў зямлі Гарадоцкай, «Гарадоцкія навіны — Wiadomo? ci Gr? deckie», Беларускі Саюз у РП, Саюз беларускай моладзі, Беларускі самаўрадавы форум, Беларуская асветніцкая арганізацыя, Таварыства «Хатка» ( у Гданьску).

Вартая больш падрабязнай увагі алімпіяда беларускай мовы сярод школьнікаў, якая ўжо 11 гадоў праводзіцца па ініцыятыве і актыўным удзеле Таварыства Польшча–Беларусь. Згодна з рашэннем Міністэрства нацыянальнай адукацыі алімпіяда беларускай мовы арганізавана кафедрай беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта, якая вельмі цесна супрацоўнічае з Таварыствам Польшча–Беларусь.

Таварыства Польшча–Беларусь, побач з галоўным спонсарам, якім для ўсіх прадметных алімпіяд у Польшчы з'яўляецца Міністэрства нацыянальнай адукацыі, падтрымлівае алімпіяду фінансава і арганізацыйна.

Старшынёй Галоўнага камітэта ад самай першай алімпіяды з'яўляецца прафесар Аляксандр Баршчэўскі. Месцам знаходжання Галоўнага камітэта алімпіяды з'яўляецца Беласток.

Алімпіяда беларускай мовы займае раўнапраўнае становішча сярод шэрагу іншых прадметных алімпіяд.

 

 

51. Деятельность белорусских организаций во Франции.

 

Тысяча ўдзельнікаў тайных таварыстваў патрыятычнай моладзі ў Літве і Беларусі — філаматаў і філарэтаў, нацыянальна-вызваленчых пастанняў 1794, 1830–1831, 1863–1864 гадоў былі сасланы на катаргу, на пасяленні, у арыштанскія роты і г. д. У той жа час многія патрыёты знайшлі сабе паратунак на Захадзе, у тым ліку ў Францыі.

Многія з беларусаў уцякалі за мяжу разам з палякамі і там аказваліся ў польскім асяроддзі. Частка іх залічвала сябе ў палякі. Аднак большасць, каб адрознівацца ад палякаў, называла сябе ліцвінамі, або літоўскай шляхтай. З гэтай мэтай яны стваралі свае арганізацыі. Да таго часу належыць дзейнасць літоўскага таварыства ў Парыжы.

Да таго ж Францыя з’яўляецца ў асноўным каталіцкай дзяржавай. З гэтай акалічнасцю звязаны пераезд сюды жыхароў еўрапейскіх краін каталіцкага веравызнання. У ліку 3, 5 мільёна імігрантаў Францыі міжваеннага перыяду было каля 35 тыс. беларусаў-католікаў. Па прыкладу іншых імігрантаў беларусы цягнуліся да арганізаванага жыцця. Напачатку яны стварылі ў Эльзасе і Латарынгіі некалькі гурткоў і арганізацый, якія мелі галоўным чынам сяброўска-сямейны характар. Два гады (1927–1929) працаваў такі гурток у Біянкуры. Ён налічваў каля 50 беларусаў-імігрантаў. Гурток быў арганізаваны работнікам фабрыкі Рэно Сарокай.

Пачаткам самастойнага арганізаванага руху беларускай працоўнай эміграцыі можна лічыць снежань 1930 г., калі па ініцыятыве двух маладых інжынераў-будаўнікоў, выпускнікоў Карлавага універсітэта, Міколы Абрамчыка і Лявона Рыдлеўскага была заснавана культурна-асветная арганізацыя беларускіх працаўнікоў пад назвай «Хаўрус». Намаганнямі кіраўнікоў «Хаўрус» набыў юрыдычны статус і права на адкрыццё сваіх аддзяленняў па ўсёй краіне. Ідэя стварэння агульнафранцузскай арганізацыі знайшла вялікую падтрымку сярод імігрантаў-беларусаў. За першыя 8 месяцаў дзейнасці Генеральнай рады «Хаўруса» было створана і афіцыйна зацверджана 5 філіяў арганізацыі. Аднак пасля двух гадоў «Хаўрус» спыніў сваю дзейнасць па той прычыне, што яго кіраўнікі не атрымалі дазволу на пражыванне ў краіне.

У 1935 г. пасля таго, як Міколе Абрамчыку, пазнейшаму прэзідэнту рады БНР, удалося пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў Францыю, дзейнасць «Хаўруса» была адроджана. Яго кіраўніцтва пачало выдаваць на літографе «Бюлетэнь арганізацыі». У ім падавалася хроніка беларускага жыцця на Бацькаўшчыне, друкаваліся творы беларускіх пісьменнікаў, Пры «Хаўрусе» была адчынена бібліятэка-чытальня на 50 месцаў, арганізаваны штотыднёвыя курсы па падрыхтоўцы спецыялістаў для беларускай вёскі. З 1938 г. пачала выходзіць газета «Рэха», орган беларускай працоўнай эміграцыі. Друкавалася як кірыліцай, так і лацініцай, каб ахапіць пабольш чытачоў з ліку тых, хто навучаўся ў польскіх школах.

У снежні 1938 г. у Парыжы была створана арганізацыя беларускіх жанчын — Беларуская жаночая грамада імя Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Арганізацыя мела культурна-асветніцкі характар. Беларусы супольна адзначалі беларускія нацыянальныя святы, праводзілі літаратурныя вечарыны, ладзілі мастацкую самадзейнасць.

Больш-менш арганізаванае імігранцкае жыццё беларусаў у Францыі перапыніла Другая сусветная вайна. У 1939 г. упершыню ў французскую армію былі прызваны імігранты. У адпаведнасці з новым законам Францыі супраць Германіі ваявалі больш 6 тыс. беларусаў, а пасля акупацыі краіны нямецкімі войскамі — у шэрагах руху Супраціўлення.

У пасляваенныя гады была адроджана дзейнасць «Хаўруса». Праўда, зараз ён мае назву «Беларускі хаўрус». Вакол яго гуртуецца галоўным чынам паваенная беларуская эміграцыя. Працяглы час старшынёй савета арганізацыі з'яўляўся прафесар вышэйшай школы анатоміі і марфалогіі Міхась Наумовіч.

Акрамя згаданай арганізацыі ў паваеннай Францыі важную ролю адыгрывала першая ў Еўропе Беларуская каталіцкая місія, створаная а. Львом Гарошкам. Адметнай з’явай было таксама выданне часопіса „Моладзь”, якому, між іншым, быў прысвечаны выдадзены ў 2004 г. заснаваны на яго матэрыялах зборнік „Месца выданьня — Парыж”.

Зараз на змену старэйшым імігрантам з Беларусі прыходзяць іх нашчадкі. Праўда, апошніх не вельмі многа: пераважная большасць беларусаў паступова асімілюецца ў французскую нацыю. Аднак есць маладыя людзі, якія праяўляюць вялікую зацікаўленасць гісторыяй і лёсам сваіх продкаў, праяўляюць рашучасць і настойлівасць дзеля таго, каб беларуская справа ў Францыі не заглохла.

Да іх можна аднесці, напрыклад, Вірджынію Шыманец і Аляксандру Гужон. Абедзве яны маюць беларускія карані. Аляксандра Гужон скончыла факультэт палітычных навук Сарбонскага універсітэта, спецыялізавалася ў Інстытуце палітычных даследаванняў па беларускай праблематыцы. На працягу шасці гадоў А. Гужон перыядычна прыязджала ў Беларусь, дзе працавала ў архівах, бібліятэках, брала інтэрв'ю ў лідэраў розных партый і рухаў, гутарыла з вядомымі беларускімі вучонымі, літаратарамі, грамадскімі дзеячамі. І, зразумела, наведвала радзіму свайго дзядулі Васіля пад Слуцкам, дзе да 2001 года амаль да стогадовага ўзросту дажыла яе прабабуля Ефрасіння.

За час правядзення даследавання палітычных працэсаў на Беларусі А. Гужон атрымлівала дзяржаўную стыпендыю. Матэрыялы яе даследаванняў па Беларусі часта друкуюцца ў французскай прэсе. Разам з маладым французскім рэжысёрам Франкам Жуні яна падрыхтавала тэлефільм пра наступствы Чарнобыля ў Беларусі. Фільм быў паказаны па розных каналах французкага тэлебачання.

З Вірджыніяй Шыманец яна заснавала невялікі часопіс «Беларускія перспектывы», які ў значнай ступені арыентаваны на беларусаў, што пражываюць у Францыі, у прыватнасці, на маладых людзей з сем'яў, што маюць беларускае паходжанне. Выдаўцом часопіса з'яўляецца вядомы беларусазнавец Бруно Дрэўскі. Выходзіць часопіс паквартальна на французскай мове.

Вірджынія Шыманец нарадзілася ў Парыжы, у беларуска-французскай сям'і. Скончыла тэатральны інстытут у Сарбоне, абараніла доктарскую дысертацыю па гісторыі беларускага тэатра. У 1999 г. разам з тэатральным рэжысерам Бруно Бусагола яна паставіла спектакль па творы Святланы Алексіевіч «Чарнобыльская малітва». З гэтай работай французская тэатральная група гастралявала па ўсёй краіне. Зараз у Францыі звыш 20 рэжысеёраў звярнуліся да Чарнобыльскай тэматыкі. І гэта невыпадкова: у Францыі дзейнічае 60 атамных электрастанцый, таму пачуццё пагрозы існуе ва ўсім французскім грамадстве.

Паступова рэдакцыйная група часопіса «Беларускія перспектывы» ператварылася ў аднайменную арганізацыю беларуска-французкай моладзі, на ліку якой многа цікавых спраў. Арганізацыя прымала самы актыўны ўдзел у стварэнні Франка-беларускага таварыства, у правядзенні ў 1996 і 2001 гадах Дзён беларускай культуры ў Парыжы. «Беларускія перспектывы» наладжваюць сувязі з асяродкамі беларусаў у розных краінах свету.

 

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...