Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

58. Деятельность белорусских организаций в Австралии.




Беларусы як нацыянальная супольнасць з'явіліся ў Аўстраліі ў выніку паваеннай хвалі эміграцыі 1945–1949 гг. Дружалюбна прынятыя мясцовым грамадствам, нашы суайчыннікі мусілі прыстасоўвацца да новай сацыяльна-культурнай рэчаіснасці.

Канец 1940-х — першая палова 1950-х гадоў можна лічыць часам пачатковага афармлення структур дыяспары. Першыя нацыянальныя арганізацыі вельмі часта найбольш увагі аддавалі праблемам сацыяльнай дапамогі суайчыннікам. Адначасова склаліся спецыфічныя асаблівасці асобных асяродкаў і агульныя характарыстыкі ўсёй беларускай дыяспары. Ад самага пачатку ў грамадах адчуваўся ўплыў палітычнага і рэлігійнага падзелу, што адбыўся ў беларускай паваеннай эміграцыі яшчэ ў Нямеччыне. Усе новаствораныя арганізацыі на пэўным этапе (або адразу) вымушаны былі рабіць выбар, да якога палітычнага лагеру належаць: прыхільнікаў Рады БНР ці БЦР. Большасць беларускіх імігрантаў у Аўстраліі складалі былыя калабаранты. Жах перад НКУС падштурхнуў іх з'ехаць з Германіі аж у Аўстралію. Таму прыхільнікі БЦР тут пераважалі.

Не ўсе створаныя на пачатковым этапе арганізацыі мелі доўгае жыццё. Некаторыя, нават цэнтрастваральныя, як, напрыклад, Задзіночанне беларускіх ветэранаў у Брысбене, не здолелі пераадолець крызіс першага адтоку сяброў, які меў месца ў другой палове 1950-х гадоў.

Галоўнай прычынай нежыццяздольнасці некаторых арганізацый была іх палітычная заангажаванасць. З гэтай прычыны спынілася дзейнасць агульнааўстралійскай арганізацыі — Беларускага аб'яднання ў Аўстраліі з галоўнай сядзібай у Сіднеі. Толькі год існавала надпалітычнае Беларускае аб'яднанне ў Аўстраліі, што згуртавала беларусаў Новай Паўднёвай Валіі і Вікторыі.

Альтэрнатыўны Каардынацыйны камітэт беларускіх арганізацый у Аўстраліі, створаны прафесарам Міколам Ніканам у 1952 г., аб'ядноўваў суполкі прыхільнікаў Рады БНР у Сіднеі і Мельбурне. Як і Задзіночанне беларускіх ветэранаў, і Беларускае аб'яднанне ў Аўстраліі, Каардынацыйны Камітэт у якасці агульнааўстралійскай ініцыятывы праіснаваў нядоўга.

Да пачатку 1970-х гадоў доўжыліся пошукі варыянтаў найбольш эфектыўнага функцыянавання беларускіх асяродкаў у аўстралійскім грамадстве. Відавочнае паслабленне інтэнсіўнасці працэсу арганізацыйнага будаўніцтва змянілася больш-менш стабільным суіснаваннем суполак на поўдні Аўстраліі (Сідней і Мельбурн), у структурна аднастайных грамадах Адэлаіды і Перту.

На пачатку 1970-х гадоў ў Сіднеі і Мельбурне арганізацыі набылі ўласныя Беларускія дамы, што сталі рэальнымі цэнтрамі правядзення беларускіх мерапрыемстваў, ў Адэлаідзе было вырашана пытанне вяртання парафіі ў БАПЦ. Вынікам пашырэння актыўнасці беларусаў стала, напрыклад, адкрыццё беларускіх радыёперадач у Мельбурне і Сіднеі (а пазней і ў Перце), стварэнне ў 1977 г. у Адэлаідзе Беларускага аб'яднання ў Паўднёвай Аўстраліі.

Актывізаваліся кантакты паміж геаграфічна аддаленымі асяродкамі. Гэта паспрыяла ажыццяўленню ідэі наладжвання сустрэч беларусаў Аўстраліі, а таксама стварэнню агульнай арганізацыі — Федэральнай рады беларускіх арганізацый Аўстраліі (ФРБАА), якая артымала права каардынаваць дзейнасць беларускіх арганізацый і выступаць ад імя ўсіх беларусаў краіны ў адносінах з аўстралійскімі ўладамі і іншымі грамадскімі арганізацыямі. Арганізацыйнае аб'яднанне спрыяла больш эфектыўнаму функцыянаванню структур дыяспары.

Мельбурнцы ездзілі да сіднейцаў і адэлаідаўцаў, сіднейцы да мельбурнцаў і адэлаідаўцаў, нават далёкі Перт часамі наведвае Адэлаіду, Мельбурн ці Сідней. Вынікам гэтых вандровак стала ідэя арганізацыі на ўзор Амерыкі Сустрэч беларусаў Аўстраліі, дзе б суайчыннікі з розных рэгіёнаў краіны дзяліліся сваімі дасягненнямі, абмяркоўвалі агульныя праблемы.

У 1976 годзе была заснавана Федэральная рада беларускіх арганізацый у Аўстраліі (ФРБАА), прадстаўленая 12 арганізацыямі, на яе аснове праводзяцца сустрэчы беларусаў Аўстраліі.

У 80-я гг. да супольных праектаў беларускіх арганізацый дадалося збіранне сродкаў у створаны Чарнобыльскі фонд дапамогі ахвярам катастрофы. Аўстралійская калонія беларусаў пасля чарнобыльскай катастрофы выказала гатоўнасць узяць на пражыванне і працаўладкаванне з зоны забруджання некалькі тысяч беларусаў, як было заяўлена, «для зберажэння генафонду беларускай нацыі».

Ад імя рады цяпер рабіліся дабрачынныя ўзносы на патрэбы беларусаў за межамі Аўстраліі, напрыклад, музей у Гайнаўцы (Падляшскае ваяводства, Польшча). ФРБАА ўзяла на сябе і абавязак ажыццяўляць асноўную сувязь з беларускімі арганізацыямі ў розных краінах, паступова акумуляваўшы ў сабе рэальнае прадстаўніцтва беларусаў звонку.

Са студзеня 1993 г., калі дэлегаты беларускіх асяродкаў Аўстраліі спаткаліся ў дзесяты раз, мерапрыемствы больш не называліся Сустрэчамі, а ператварыліся ў З'езды выканаўчага камітэта ФРБАА.

Аднак да 1990-х гадоў рэальных кантактаў з Бацькаўшчынай, тым больш на арганізацыйным узроўні, аўстралійскія беларусы не шукалі. Жаданне дапамагаць суайчыннікам на Радзіме вельмі актыўна праявілася на пачатку 90-х гадоў, калі была наладжана і сувязь з арганізацыямі ў Беларусі, і шмат хто з аўстралійскіх беларусаў прыняў удзел у Першым з'ездзе беларусаў свету і стварэнні Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Аднак нельга сказаць, што наладжаныя ў гэты перыяд кантакты з урадавымі коламі былі доўгатрывалымі. Ад сярэдзіны 1990-х гадоў беларусы з Пятага кантынента зноў засталіся ў арганізацыйнай ізаляцыі ад метраполіі, пакінуўшы сувязі з суайчыннікамі на ўзроўні асабістых кантактаў. Гэтая адсутнасць трывалых сувязяў з Бацькаўшчынай і падтрымкі з яе боку на працягу ўсёй гісторыі беларускіх асяродкаў у Аўстраліі моцна паслабляла іх магчымасці развіцця і кансалідацыі.

Крытычныя з'явы 90-х гадоў адлюстраваліся не толькі ў колькасным змяншэнні складу беларускіх асяродкаў, але і ў іх відавочным старэнні і паступовым закрыцці раней значных беларускіх праектаў. Так, быў прададзены Беларускі дом у Мельбурне, зачынена беларускае радыё ў Сіднеі. Нават нягледзячы на частковае пераадоленне крызісу, напрыклад, у Адэлаідзе, перспектывы існавання беларускай дыяспары ў Аўстраліі на сёння застаюцца даволі цмянымі.

Можна сцвярджаць аб пэўнай сацыяльнай аднастайнасці беларускіх арганізацый, пераважная большасць сяброў якіх паходзіла з беларускага сялянства і належала да ніжэйшых катэгорый сярэдняга класа Аўстраліі.

У Аўстраліі існуюць таксама: Беларуская асацыяцыя Аўстраліі, Беларускі Цэнтральны Камітэт у Вікторыі заснаваны ў 1963 г., Беларускае Аб’яднаньне ў Паўднёвай Аўстраліі (Б. А. П. А. ) заснавана ў 1978 г., Беларускі сацыяльны клюб у Мэльбурне, Беларускі Грамадзка-Культурны Клюб (Файрфілд) заснаваны ў 1974 г.

 

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...