Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Філаматы і Філарэты




На захопленых Расіяй беларускіх землях не спыняўся нацыянальна-вызваленчы рух. Асноўнай крыніцай вальналюбных ідэй і памкненняў быў Віленскі універсітэт. Гэта вышэйшая навучальная ўстанова на той час з’яўляўся адной з лепшых у Еўропе. Менавіта там з ініцыятывы студэнтаў Тамаша Зана, Язэпа Яжоўскага, Адама Міцкевіча, Анупрэя Петрашкевіча і Францішка Малеўскага ў 1817 годзе было заснавана таемнае патрыятычнае таварыства філаматаў (ад грэч. рhilomathes — аматар ведаў). У 1820 г. утварылася роднаснае таварыства філарэтаў — прыхільнікаў дабрачыннасці, кіраўнікамі якога былі філаматы.

Таварыствы былі заснаваны перш за ўсё для таго, каб аб’яднаць найбольш блізкіх сяброў па вучобе, што захапляліся літаратурай, філасофіяй, іншымі навукамі і ўвогуле праяўлялі ў нечым свае здольнасці. Мэтай згуртаванняў была ўзаемадапамога ў паглыбленні адукацыі, у творчым удасканальванні, грамадская праца для дабра зняволенай Айчыны.

1 кастрычніка 1817 года адбылося першае пасяджэнне філаматаў. На ім сабраліся маладыя хлопцы, якія пагадзіліся прымаць у арганізацыю толькі надзейных і правераных сяброў па вучобе. У іх статуце падкрэслівалася, што філаматы застаюцца членамі таварыства назаўсёды.

Таварыства расло не вельмі хутка, затое прыходзілі сюды папраўдзе годныя, неардынарныя маладыя людзі. Сярод іх — Міхаіл Рукевіч, Дамінік Ходзька, Ян Чачот, Ян Сабалеўскі, Ігнат Дамейка, Казімір Пясецкі і іншыя. Аб шырыні інтарэсаў філаматаў сведчыць аб’ёмісты спіс прачытаных і абмеркаваных на пасяджэннях навуковых даследаванняў і літаратурных твораў. Слухаліся і абмяркоўваліся таксама і паэтычныя творы Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана і іншых паэтаў-філаматаў.

Удзельнікі таварыства маюць вялікія заслугі ў вывучэнні гісторыі і культуры беларускага народа (амаль усе яны былі родам з Беларусі, якую называлі Літвою паводле гістарычнай традыцыі). Філаматы аналізавалі беларускі фальклор, звычаі і абрады, планавалі падрыхтаваць сінтэзаваную харахтарыстыку народнага жыцця. З ініцыятывы Францішка Малеўскага быў створаны Статыстычны камітэт, які збіраў спецыяльную інструкцыю з інфармацыяй аб тэрыторыі ўсяго былога Вялікага княства Літоўскага. У гэтай інструкцыі падкрэслівалася, што ўсе гэтыя звесткі патрэбны для таго, каб айчынная навука абапіралася на свае факты, а не на звесткі замежных краін. У вывучэнні роднага краю філаматы асаблівую ўвагу звярталі на асвету, яе стан, на школы. Яны імкнуліся практычна дапамагаць пашырэнню адукацыі народа: стваралі школы, падручнікі, нават пачалі распрацоўваць энцыклапедыю прыродазнаўчых навук.

Вядома, такая шырокая дзейнасць філаматаў і філарэтаў не магла быць не заўважана універсітэцкімі ўладамі, якія добра разумелі небяспеку якіх бы там ні было студэнцкіх згуртаванняў.

У 1823 годзе таварыства было раскрыта паліцыяй. Шмат філаматаў апынулася за кратамі. Тамаш Зан, ратуючы сяброў, усю віну ўзяў на сябе. Ён быў зняволены ў цытадэлі, іншых выслалі ў глыб Расіі.

Многія з філаматаў і філарэтаў пазней здабывалі славу ў розных галінах дзейнасці. Антон Адынец, Ян Чачот, Тамаш Зан, Аляксандр Ходзька сталі вядомымі паэтамі. Язэп Кавалеўскі — прызнаным манголазнаўцам, рэктарам Казанскага універсітэта. Ігнат Дамейка прымаў удзел у паўстанні 1830 — 31 гг., а ў эміграцыі стаў вядомым вучоным-геолагам, нацыянальным героем Чылі. Іх дзейнасць ярка асвяціла дарогу новым пакаленням змагароў за народную долю. (Паводле М.Я. Рыбко)

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...