Важнейшыя падзеі. Кантрольныя пытанні і заданні. Прыкладная тэматыка рэфератаў. Літаратура. Тэма 9. Беларусь у міжваенны перыяд (1921 − 1939).
ВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ Лістапад 1906 г. − пачатак сталыпінскай аграрнай рэформы. 1906− 1915 г. − «нашаніўскі» перыяд. 01. 08. 1914 − 11. 11. 1918 г. − Першая сусветная вайна. 23 лютага 1917 г. − пачатак Лютаўскай рэвалюцыі ў Петраградзе. 25 кастрычніка 1917 г. − Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Расіі. 7 − 17 снежня 1917 г. − Першы Усебеларускі з’езд (кангрэс) у Мінску. 3 сакавіка 1918 г. − падпісанне Брэсцкага міра. 25 сакавіка 1918 г. − абвяшчэнне незалежнасці БНР. 1 студзеня 1919 г. − абвяшчэнне БССР. 27 лютага 1919 г. − утварэнне ЛітБелССР. 31 ліпеня 1920 г. − другое абвяшчэнне БССР. 27. 11. − 28. 12. 1920 г. − Слуцкае паўстанне. 18 сакавіка 1921 г. − падпісанне Рыжскага міра. КАНТРОЛЬНЫЯ ПЫТАННІ І ЗАДАННІ 1. Чаму аграрнае пытанне было асноўным у рэвалюцыі 1905 − 1907 г.? 2. Растлумачце выраз «рэформа Сталыпіна стала чарговай чысткай зямель для капіталізму». 3. Прывядзіце як мінімум тры факты, якія сведчаць пра поспехі нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі ў «нашаніўскі перыяд». 4. Ахарактарызуйце становішча Заходняй і Усходняй Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны. 5. У чым заключаецца гістарычнае значэнне ўтварэння БНР? 6. Складзіце тэст да пытання: «Грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі ў 1917 − 1921 г. Утварэнне беларускай дзяржаўнасці». ПРЫКЛАДНАЯ ТЭМАТЫКА РЭФЕРАТАЎ 1. Дзейнасць беларускіх палітычных партый і арганізацый ва ўмовах нямецкай акупацыі. 2. Сталыпінская аграрная рэформа і яе асаблівасці ў Беларусі. 3. «Беларускае пытанне» ў савецка-польскай вайне 1919− 1920 г. ЛІТАРАТУРА 1. Актуальныя пытанні гісторыі БССР. Савецкі перыяд. − Мінск, 1991. 2. Весялкоўскі Ю. Беларусь у Першай Сусьветнай вайне (Гістарычны нарыс). – Беласток-Лёндан, 1996.
3. Игнатенко И. М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. − Минск, 1992. 4. Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. – Мінск, 2000. 5. Краўцоў М. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі // Спадчына. − 1998. − № 1. − С. 75–126. 6. Круталевіч В. А. Станаўленне дзяржаўнасці. − Мінск, 1989. 7. Марченко И. Е. Аграрные преобразования в Белоруссии в 1917–1918 гг. – Минск, 1959. 8. Мілеўскі Я. Е. Адносіны польскіх войск да насельніцтва Беларусі (1919− 1921 гг. ) //Беларускі гістарычны часопіс − 1996. − № 4. − С. 32–43. 9. Мірановіч Я. Найноўшая гісторыя Беларусі. – СПб., 2003. 10. Рудовіч С. Час выбару. Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 г. – Мінск, 2001. 11. Савицкий Э. М. Революционное движение в Белоруссии (август 1914 − февраль 1917). − Минск, 1981. 12. Скалабан В. У. Белнацком. − Минск, 1989. 13. Сташкевич Н. С. Приговор революции: крушение антисоветского движения в Белоруссии. 1917 − 1925. − Минск, 1985. 14. Цвикевич А. Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики. − Минск, 1990. 15. Шабуня К. И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в революции 1905− 1907 гг. − Минск, 1960. 16. Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795− 2002). − Мінск, 2003.
Тэма 9. Беларусь у міжваенны перыяд (1921 − 1939). 1. Новая эканамічная палітыка (НЭП) і беларусізацыя ў БССР. 2. БССР у перыяд індустрыялізацыі і калектывізацыі. 3. Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у канцы 1920-х − 1930-я г. 4. Заходняя Беларусь у складзе Польшчы. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР.
У адпаведнасці з Рыжскім мірным дагаворам ад 18 сакавіка 1921 г., тэрыторыя Беларусі амаль на два дзесяцігоддзі аказалася штучна падзеленай: Заходняя Беларусь стала часткай ІІ Рэчы Паспалітай (Польшчы), а БССР (у складзе шасці паветаў Мінскай губерні) фармальна з’яўлялася суб’ектам міжнароднага права, хаця рэальна апынулася ў эканамічнай і палітычнай залежнасці ад РСФСР. Умовы развіцця гэтых дзьвюх частак Беларусі вельмі адрозніваліся.
1. Новая эканамічная палітыка (НЭП) і беларусізацыя ў БССР. Першая сусветная і савецка-польская войны, змена акупацыйных рэжымаў, а таксама палітыка «ваеннага камунізму» прывялі да глыбокага эканамічнага крызісу ў Беларусі. Асабліва цяжкім было становішча ў сельскай гаспадарцы, дзе ў выніку рэквізіцыі коней, свіней, збожжа ўсімі арміямі і правядзення бальшавікамі харчразвёрсткі вясной 1921 г. фактычна не было чым сеяць. Гэта прывяло да сялянскіх хваляванняў і нават узброеных выступленняў. Падобная сітуацыя склалася і ў расійскай вёсцы. Да таго ж, надзеі на хуткую сусветную рэвалюцыю не спраўдзіліся, і далейшы працяг палітыкі «ваеннага камунізму» з яго сістэмай надзвычайных мер ствараў пагрозу ўладзе бальшавікоў і прымусіў іх пераглядзець свой эканамічны курс. У сакавіку 1921 г. на X з’ездзе РКП(б) была прынята «новая эканамiчная палiтыка»(НЭП), якая павiнна была забяспечыць хуткi гаспадарчы ўздым, павышэнне матэрыяльнага i культурнага ўзроўню насельнiцтва i ў канчатковым вынiку − пабудову сацыялiзму. Сутнасць НЭПа. Новая эканамічная палітыка ўяўляла сабой комплекс мерапрыемстваў Савецкай дзяржавы ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі і гандлю. У прамысловасці, якая ў першыя гады савецкай улады была поўнасцю нацыяналізавана, неабходным крокам стала яе дэцэнтралізацыя. Дзяржава не мела сродкаў для аднаўлення эканомікі, і на аснове існуючых метадаў гаспадарання дзяржаўная прамысловасць не магла забяспечыць дастатковага таварнага росту, таму пачалі ўводзіцца розныя формы кіравання прамысловасцю. Буйныя і стратэгічна важныя прадпрыемствы аб’ядноўваліся ў трэсты і заставаліся ва ўласнасці дзяржавы, астатнія падлягалі кансервацыі або здаваліся ў арэнду прыватным асобам, а нерэнтабельныя дробныя прадпрыемствы закрываліся. Дапускаліся розныя формы ўласнасці – дзяржаўная, прыватная, кааператыўная. Некаторыя прадпрыемствы пераводзіліся на гаспадарчы разлік (у рамках дзяржбюджэту і фіксаваных цэн) і камерцыйны разлік (атрыманне прыбытку за кошт дагаворна-рыначных цэн) і атрымлівалі шырокую гаспадарчую аўтаномію.
Адмянялася абавязковая працоўная павіннасць, і фарміраваўся рынак свабоднай рабочай сілы. У аплаце працы рабочых ліквідавалася ўраўнілаўка, улічвалася прадукцыйнасць працы і кваліфікацыя. За гады «ваеннага камунізму» бальшавікі пераканаліся, што для кіраўніцтва прадпрыемствамі неабходны спецыяльныя веды. Таму ў перыяд НЭПа да супрацоўніцтва прыцягваліся спецыялісты (эканамісты, бухгалтары, інжынеры і інш. ), якія павінны былі перадаць свой вопыт і веды выхадцам з рабочых і сялян. У канцы 1920 г. быў распрацаваны план дзяржаўнай электрыфікацыі Расіі (ГОЭЛРО), у адпаведнасці з якім на тэрыторыі Беларусі да сярэдзіны 20-х г. было пабудавана звыш 20 электрастанцый, першай з якіх стала Аршанская БелДРЭС. У сельскай гаспадарцы харчразвёрстка была заменена натуральным харчпадаткам, памер якога да сялян даводзілi яшчэ да сева. Харчпадатак перыядычна памяншаўся ― спачатку ён складаў 20 % ад ураджаю, потым ― 10 % і 5 %. Лішкі прадукцыі сяляне свабодна маглі прадаць на рынку, што, несумненна, стымулявала працу вяскоўцаў. Для сялян, якія распрацоўвалі пусткі і зараснікі, праводзілі меліярацыю зямель, памер падатку быў яшчэ меншы. На вёсцы былі дазволены арэнда зямлі і выкарыстанне наёмнай працы, пры ўмове, што сам гаспадар таксама будзе працаваць на палетках. Развівалася і сялянская кааперацыя. Аднак заставалася праблема сялянскага малазямелля, для вырашэння якой улада заахвочвала сялян да перасялення на хутары. У БССР гэтаму працэсу актыўна садзейнічаў народны камісар земляробства БССР Д. Ф. Прышчэпаў, які быў знаёмы з арганізацыяй фермерскай гаспадаркі ў Даніі і Германіі. Па яго ініцыятыве ў 1925− 1928 г. у рэспубліцы праводзілася камасацыя сельскагаспадарчых грунтаў, якая ліквідавала цераспалоснасць сельскіх гаспадарак шляхам стварэння хутароў. Такая аграрная палітыка стымулявала развіццё прыватнай гаспадарчай ініцыятывы і садзейнічала стварэнню заможных сялянскіх гаспадарак. Пазней, падчас правядзення калектывізацыі, Д. Ф. Прышчэпаў быў абвінавачаны ў стварэнні кулацкіх гаспадарак, да яго палітыкі быў прычэплены ярлык «прышчэпаўшчына», а сам наркам рэпрэсіраваны.
У фінансавай сферы важным крокам стала правядзенне ў 1922− 1924 г. грашовай рэформы. Яе неабходнасць тлумачылася, з аднаго боку, гіперінфляцыяй, абясцэньваннем савецкіх папяровых грошай, з другога ― патрэбай рынку ў новай устойлівай валюце і стварэнні адзінай грашовай сістэмы. Ініцыятарам рэформы стаў наркам фінансаў Г. Я. Сакольнікаў. У выніку была створана двухузроўневая грашовая сістэма: · дзяржаўныя казначэйскія білеты вартасцю 1, 3, 5 руб., а таксама манеты: сярэбраныя (10, 15, 20, 50 кап. ) і медныя (1, 2, 3, 5 кап. ), якія выкарыстоўваліся для разлікаў унутры краіны; · банкаўскія білеты, якія атрымалі назву «чырвонец» і былі падмацаваны золатам. Залатое ўтрыманне чырвонца было роўным 7, 7 г чыстага золата. З 1923 г. чырвонец стаў адзіным цвёрдым плацежным сродкам у СССР. З грашовага абарачэння чырвонец афіцыйна быў зняты ў 1947 г., але рэальна ― яшчэ з пачатку 1930-х г., падчас правядзення палітыкі індустрыялізацыі. У гады НЭПа адбывалася станаўленне савецкай банкаўска-крэдытнай сістэмы. З 1921 г. у Мінску пачала сваю работу Усебеларуская кантора дзяржаўнага банка, а праз пяць гадоў яна ўжо мела дзевяць філіялаў. Ствараліся камерцыйныя банкі, таварыствы ўзаемнага крэдыту, ашчадныя касы. Вынiкi НЭПа. Адносная эканамічная лібералізацыя ў гады НЭПа стварала спрыяльныя ўмовы для адбудовы прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Да 1927 г. у асноўным была адноўлена сельская гаспадарка Беларусі. Разгарнулiся работы па асушэнню балот, павялiчвалася колькасць хутарскiх гаспадарак (у асобных раёнах да 70 − 80 %). Аднак усё гэта дасягалася працай сялян, якiя добраахвотна змяншалi асабiстае спажыванне. Нягледзячы на першыя поспехi, эканамічнае становiшча заставалася цяжкiм. У Беларусi па-ранейшаму пераважала дробная i саматужная прамысловасць. У другой палове 20-х г. эканамiчная сiстэма НЭПа працавала з большым напружаннем. Развязаўшы сiлы рынку, НЭП стымуляваў расслаенне грамадства. Разам з тым прыватная ўласнасць і іншыя капіталістычныя формы гаспадарання (арэнда, наёмная праца, свабодны рынак) не адпавядалі ўяўленням бальшавiкоў аб сацыялiзме. Да таго ж, НЭПу былі ўласцівы эканамічныя крызісы. Першы крызiс збыту ў прамысловасці ўзнік у 1923 г. Ён быў выкліканы тым, што прадпрыемствы ў iмкненні атрымаць вялiкiя прыбыткi штучна завышалi цэны на сваю прадукцыю, у вынiку склалiся так званыя «нажнiцы цэн» ― высокiя цэны на прамысловыя тавары i нiзкiя на сельскагаспадарчыя. Гэта прывяло да таго, што сяляне пасля продажу на рынку лішкаў сваёй прадукцыі не маглі дазволіць сабе купіць дарагія прамысловыя тавары. Для таго, каб задаволіць свае патрэбы ў прамысловай прадукцыі, у наступныя гады сяляне, здаўшы дзяржаве фіксаваны харчпадатак, паступова пераходзілі да натуралізацыі сваёй гаспадаркі. У выніку ў 1925− 1927 г. быў сарваны план дзяржаўных нарыхтовак збожжа і ў краіне ўзнік збожжавы крызіс. Улада вымушана была купляць збожжа за мяжой.
З 1927 г. НЭП пачаў згортвацца хуткімі тэмпамі, і на змену яму прыйшлі індустрыялізацыя прамысловасці і калектывізацыя сельскай гаспадаркі. Беларусізацыя. З лета 1922 г. пачаўся пошук магчымых форм аб’яднання савецкіх рэспублік у адну дзяржаву. Сталін выступіў з ідэяй «аўтанамізацыі», згодна з якой усе рэспублікі павінны былі ўвайсці ў склад РСФСР як яе складаныя часткі. Аднак супраць гэтага выступілі кіраўнікі кампартый рэспублік, у тым ліку і БССР. Яны падтрымалі план Леніна аб стварэнні федэрацыі, пры якой усе савецкія рэспублікі аб’ядноўваліся на раўнапраўнай аснове. На І Усесаюзным з’ездзе Саветаў у Маскве 30 снежня 1922 г. дэлегацыя БССР на чале з А. Чарвяковым падпісала Дэкларацыю аб стварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). У 1924 і 1926 г. двойчы адбыліся ўзбуйненні БССР, у выніку якіх Беларусі былі вернуты землі (акрамя Смаленшчыны), якія былі ўключаны ў склад Расіі ў 1919 г. Тэрыторыя Беларусі павялічылася ў 2 разы, а колькасць насельніцтва ― амаль у 3 і дасягнула 4, 9 млн. чалавек. Увядзенне пэўнай эканамічнай свабоды ў часы НЭПа патрабавала лібералізацыі і грамадска-палітычнага жыцця, а таксама вырашэння нацыянальнага пытання. У 1920-я г. у БССР праводзілася палітыка нацыянальна-дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага будаўніцтва, якая атрымала назву «беларусізацыя». Яна прадугледжвала правядзенне наступных мерапрыемстваў: · развіццё беларускай культуры і нацыянальнай адукацыі: стварэнне навучальных установаў з беларускай мовай навучання, выданне на беларускай мове кніг, газет і часопісаў, развіццё беларускай літаратуры, арганізацыя навукова-даследчай дзейнасці па ўсебаковаму вывучэнню гісторыі Беларусі; · перавод на беларускую мову дзяржаўнага апарату, партыйных органаў і Чырвонай Арміі; · вылучэнне на дзяржаўную, партыйную і грамадскую работу карэннага беларускага насельніцтва, што атрымала назву «карэнізацыі». Як дзяржаўная палiтыка беларусiзацыя ажыццяўлялася ў 3 этапы: 1 ) 1921 − 1924 г. − падрыхтоўка фундаменту для нацыянальнага адраджэння. У кастрычніку-лістападзе 1921 г. ЦК КП(б) Беларусі апублікаваў тэзісы «Беларускае нацыянальнае пытанне і камуністычная партыя», у якіх ставілася задача неабмежаванага ўжывання беларускай мовы і развіцця беларускай нацыянальнай культуры. У 1921 г. быў адкрыты Беларускi дзяржаўны унiверсiтэт; у 1922 г. ― Інбелкульт (Iнстытут беларускай культуры). Згуртаванню творчых сіл народа садзейнічала абвешчаная ў ліпені 1923 г. амністыя ўсім удзельнікам антысавецкіх нацыянальных фарміраванняў і арганізацый 1918 − 1920 г.; 2 ) 1924 − 1928 г. − рэальнае ажыццяўленне беларусiзацыi як афiцыйнай палiтыкi. Рашэннем ліпеньскага 1924 г. пленума ЦК КП(б) Беларусі была абвешчана шырокая праграма нацыянальна-культурнага адраджэння і правядзення ў рэспубліцы «нацыянальнай палітыкі» − беларусізацыі. Сярод найбольш важных яе дасягненняў можна вылучыць наступныя: · да 1928 года прыкладна 80 % агульнаадукацыйных школ былi пераведзены на беларускую мову; беларуская мова была ўведзена ў дзяржаўных установах i вайсковых адзiнках БССР. Асаблівасцю беларусізацыі было тое, што дзяржаўнымі мовамі адначасова былі абвешчаны беларуская, руская, яўрэйская і польская; · каля 48 % раённых кiруючых пасад да 1927 г. займалі беларусы; · развiваліся беларуская лiтаратура, тэатр, утварылася выдавецтва «Cавецкая Беларусь», у 1928 г. быў створаны першы беларускі фільм «Лясная быль»; · гісторыкамі У. Ігнатоўскім, В. Ластоўскім, У. Пічэтай былi зроблены першыя спробы стварыць нацыянальную канцэпцыю беларускай гiсторыi; · дзякуючы палiтыцы беларусiзацыi ў БССР паспяхова вырашылiся пытаннi, звязаныя з лiквiдацыяй непiсьменнасцi сярод дарослага насельнiцтва, былi створаны рабочыя факультэты (рабфакi) для падрыхтоўкi рабоча-сялянскай моладзi да паступлення ў ВНУ. Праўда, ажыццяўленне беларусізацыі адбывалася фарсіраванымі тэмпамі з выкарыстаннем адміністрацыйных метадаў; 3) з 1929 г. − згортванне беларусiзацыi. Палітыка беларусізацыі праіснавала нядоўга і была спынена разам з адмовай ад НЭПа і зменай палітычнага курса партыі. Праз палiтыку беларусiзацыi аднаўлялася iдэя беларускага адраджэння, але яна не адпавядала ідэі бальшавікоў аб хуткай сусветнай рэвалюцыi, пры якой нацыi не павінны мець істотнага значэння. У канцы 1920-х г. у БССР пачалася кампанія па выкрыцці так званага нацыянал-дэмакратызму, пад якім разумелі варожую ідэалогію, накіраваную на рэстаўрацыю капіталізму ў БССР. Нягледзячы на хуткае згортванне, беларусiзацыя заклала трывалыя асновы развіцця беларускай нацыянальнай дзяржавы, абудзіла да свядомага нацыянальнага жыцця шырокія слаі беларускага насельніцтва, садзейнічала развіццю беларускай культуры, стварэнню першай нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі. 2. БССР у перыяд індустрыялізацыі і калектывізацыі . У другой палове 1920-х г. на змену эканамічнаму лібералізму перыяду НЭПа ў прамысловасці прыйшла палітыка індустрыялізацыі, прыярытэтным накірункам якой стала стварэнне ў СССР машыннай вытворчасці. Правядзенне індустрыялізацыі тлумачылася неабходнасцю пераадолення тэхнічнай адсталасці і залежнасці СССР ад імпарту прадукцыі цяжкай прамысловасці. Індустрыялізацыя ў БССР была часткай агульнасавецкага працэсу ў прамысловасці, але пры гэтым мела свае асаблівасці. Яе правядзенне звязвалася з шырокiм выкарыстаннем значных прыродных багаццяў Беларусі ― лесу i торфу, а таксама рэзерваў рабочай сiлы ў сельскай мясцовасцi, таму вялікая ўвага надавалася харчовай, тэкстыльнай і гарбарнай галінам. Курс на індустрыялізацыю быў узяты бальшавікамі на ХІV з’ездзе ВКП(б) у 1925 г., але фактычнае яе ажыццяўленне пачалося з абвяшчэння першага пяцігадовага плана 1928− 1932 г. Для стварэння машыннай вытворчасці патрабаваліся вялікія сродкі. Сярод асноўных крыніц індустрыялізацыі можна вызначыць наступныя: · калектывізацыя вёскі, у выніку якой былі створаны калгасы ― вялікія фабрыкі па вытворчасці збожжа, якое прадавалася за мяжу, а аплата працы калгаснікаў была натуральная і адбывалася раз у год пасля збору ўраджаю, што дазваляла дзяржаве эканоміць вялікія грашовыя сродкі; · дзяржаўныя абавязковыя ўнутраныя пазыкі і жорсткая эканомія пры аплаце працы рабочых; · сацыялістычнае спаборніцтва («стаханаўскі рух»), якое патрабавала вялікай мабілізацыі сіл працоўных і арганізоўвала працу рабочых пад лозунгам: «Выканаць план − доўг, перавыканаць − гонар! »; · продаж матэрыяльных каштоўнасцей за мяжу, сярод якіх у асноўным былі прадметы мастацтва: залатыя і сярэбраныя вырабы, карціны заходнееўрапейскіх майстроў і інш.; · барацьба з рэлігіяй, якая яшчэ раней была абвешчана «опіумам для народа», а закрыццё царквоў, касцёлаў і іншых рэлігійных установаў і канфіскацыя прадметаў рэлігійнага культу ў канцы 1920-х – 1930-я г. давала дадатковыя сродкі для правядзення індустрыялізацыі; · бясплатная праца зняволеных ГУЛАГА. Ажыццяўленне індустрыялізацыі адбывалася адміністрацыйнымі метадамі. У 1929 г. Сталіным былі папраўлены лічбы пяцігадовага плана ў бок іх павелічэння, што было эканамічна неабгрунтавана, а ў студзені 1930 г. для фарсіравання тэмпаў індустрыялізацыі была абвешчана палітыка «вялікага скачка». Для прыбліжэння да планавых лічбаў індустрыялізацыя праводзілася экстэнсіўнымі сродкамі: за гады першай пяцігодкі толькі ў БССР было пабудавана 78 буйных і 480 дробных прамысловых прадпрыемстваў, а ў другой пяцігодцы ― 1 700 прадпрыемстваў. Індустрыялізацыя суправаджалася вялікім напружаннем сіл працоўных і значнымі цяжкасцямі. У 1929 г. была ўведзена картачная сістэма размеркавання прадуктаў ва ўсіх гарадах. Міграцыя, выкліканая індустрыялізацыяй, ахапіла вялікія масы людзей, што абвастрыла жыллёвую праблему, павялічыла колькасць беспрацоўных. Разам з тым не хапала кваліфікаваных рабочых. Насуперак рэальным вынікам 7 студзеня 1933 г. Сталін абвясціў пяцігодку выкананай за 4 гады і 3 месяцы. Гэта не адпавядала рэчаіснасці, паколькі план першай пяцігодкі, як і ўсіх даваенных пяцігодак, не быў выкананы. Вынiкi iндустрыялiзацыi не былі адназначнымі: cтаноўчыя: у 1931 г. былі ліквідаваны біржы працы і знікла беспрацоўе. У БССР узніклі новыя галіны прамысловасці, такія як сельскагаспадарчае машынабудаванне, станкабудаванне, хімічная вытворчасць і інш. За гады першай пяцігодкі былі пабудаваны швейная і панчошна-трыкатажная фабрыкі ў Вiцебску, фабрыка штучнага валакна і трубаліцейны завод у Магілёве, дрэваапрацоўчыя камбiнаты ў Гомелi, Бабруйску і Барысаве, завод сельскагаспадарчых машын у Гомелi i iнш.; у другой пяцігодцы (1933 − 1937) былі пабудаваны Гомельскі шклозавод, Крычаўскі цэментны завод, Аршанскі льнокамбінат, Магілёўскі аўтаматорны завод і інш. З аграрнай краіны БССР ператварылася ў аграрна-індустрыяльную; адмоуныя: iндустрыялiзацыя праводзiлася фарсiраваннымі тэмпамі і камандна-адміністрацыйнымі метадамі. Фактычна аднаўлялася жорсткая цэнтралізаваная сістэма кіравання прамысловасцю перыяду «ваеннага камунізму». Прамысловасць Беларусі стала часткай адзінага эканамічнага арганізма Савецкага Саюза і магла функцыяніраваць толькі ў ім, паколькі гаспадарчыя сувязі паміж прадпрыемствамі былі жорстка рэгламентаваны цэнтрам. Сацыялiстычнае спаборнiцтва суправаджалася павелiчэннем норм выпрацоўкi i знiжэннем расцэнак выпускаемай прадукцыi, што патрабавала неверагоднага напружання сiл працоўных. Невыкананне плана разглядалася як наўмыснае «шкодніцтва», і па ўсёй краіне разгарнуліся масавыя кампаніі па выкрыцці «контррэвалюцыйных элементаў». У ходзе індустрыялізацыі пагоршылася матэрыяльнае становiшча ўсiх слаёў насельнiцтва і у першую чаргу сялянства ў час правядзення калектывiзацыi. Калектывiзацыя ― палiтыка ў СССР у канцы 1920-х − 1930-я г., якая заключалася ў масавым пераводзе сялянскіх гаспадарак з індывідуальнай сістэмы гаспадарання на калектыўную і стварэнні калгасаў. Прычыны калектывiзацыi былі абумоўлены неабходнасцю пошукў сродкаў для правядзення iндустрыялiзацыi. Разам з тым бальшавікамі была пастаўлена задача ліквідацыі прыватнай уласнасцi ў вёсцы, а для гэтага неабходна было ліквідаваць заможныя (кулацкія) сялянскія гаспадаркі. Іх уласнікі, як свабодныя таваравытворцы, не «ўпісваліся» ў рамкі адміністрацыйнага рэгламентавання эканомікі, паколькі выкарыстоўвалі ў сваёй гаспадарцы наёмную сілу, мелі прыбытак і таму разглядаліся бальшавікамі як класавыя ворагі. Кааперыраванне сялянскiх гаспадарак адбывалася i раней у розных формах: спажывецкай, збытавай, вытворчай. Яны былі распаўсюджаны ў перыяд НЭПа, а галоўным прынцыпам была добраахвотнасць. Курс на калектывізацыю быў узяты ў 1927 г. на ХV з’ездзе ВКП(б), а з 1928 г. аб’яднанне сялянскiх гаспадарак у буйныя калгасы стала генеральнай лiнiяй партыi. Першапачаткова калектывізацыя разумелася як добраахвотнае і паступовае аб’яднанне сялянскіх гаспадарак. Але сама ідэя аб’яднання ў калгасы на тэрыторыі Беларусі, як і ў іншых рэгіёнах СССР, не знайшла падтрымкі не толькі сярод простага насельніцтва, але і сярод кіруючых партыйных работнікаў. Супраць яе правядзення выступіла большасць беларускіх камуністаў, сярод якіх быў наркам земляробства БССР Д. Ф. Прышчэпаў. Таму ажыццяўленне калектывізацыі на тэрыторыі Беларусі стала магчымым толькі пасля іх арышту. Добраахвотна ў калгасы да сярэдзіны 1929 г. аб’ядналіся каля 13 тыс. сялянскіх гаспадарак Беларусі, што складала прыблізна 1, 4 % ад іх агульнай колькасці. Пераважна гэта былі гаспадаркі бяднейшых сялян, якім абагульняць у калгасную маёмасць па сутнасці не было чаго. Калектывізацыя ў БССР, як і ва ўсім Савецкім Саюзе, актывізавалася ў перыяд збору ўраджаю 1929 г., а вялікіх тэмпаў дасягнула ў снежні 1929 г. На паскарэнне тэмпаў калектывізацыі паўплываў артыкул Сталіна «Год вялікага пералому», які быў надрукаваны ў газеце «Праўда» 7 лістапада 1929 г. У ім сцвярджалася, што ў калгасы пайшлі асноўныя серадняцкія масы, што абсалютна не адпавядала рэчаіснасці, паколькі ў калгасах на той час было аб’яднана каля 6− 7 % сялянскіх гаспадарак, большасць з якіх былі бядняцкімі. Каб прывесці ў адпаведнасць сталінскія жаданні і рэальную сітуацыю, у СССР пачалася «гонка за тэмпамі». 5 студзеня 1930 г. ЦК ВКП(б) выдаў пастанову «Аб тэмпе калектывізацыі і мерах дапамогі дзяржавы калгаснаму будаўніцтву», у якой для БССР быў вызначаны тэрмін завяршэння калектывізацыі − да 1933 г. Ад прынцыпу паступовасці і добраахвотнасці бальшавікі перайшлі да прынцыпу суцэльнай калектывізацыі, якая ажыццяўлялася гвалтоўнымі, прымусовымі метадамі. У дапамогу партыйным і савецкім работнікам у сельскую мясцовасць па ўсім СССР былі накіраваны 25 тысяч найбольш актыўных рабочых-камуністаў («дваццаціпяцітысячнікі»). Такім чынам, за першыя тры месяцы 1930 г. колькасць сялянскіх гаспадарак, аб’яднаных у калгасы, узрасла да 58 % працэнтаў. Але гэта выклікала супраціў сялянства: ад забойства жывёлы, каб не здаваць яе ў калгас, сяляне перайшлі да антысавецкіх узброеных выступленняў. З пачатку студзеня да сярэдзіны красавіка 1930 г. толькі ў БССР было зарэгістравана 520 сялянскіх выступленняў. Газета «Праўда» 2 красавіка 1930 г. апублікавала артыкул Сталіна «Галавакружэнне ад поспехаў», у якім крытыцы была падвергнута практыка прымусовай калектывізацыі. Сталін абвінаваціў ва ўсім мясцовыя ўлады («перагібы на месцах»). Сяляне зразумелі гэта як права выхаду з калгасаў, і да 1 чэрвеня 1930 г. колькасць сялянскіх гаспадарак у калгасаў скарацілася да 11 %, зніклі гвалтоўна створаныя калгасы. Аднак летам 1930 г. адбылася наступная хваля калектывізацыі. Дапамогу ў яе правядзенні аказвалі машына-трактарныя станцыі (МТС) і створаныя пры іх палітаддзелы. Гэтая хваля прыкрывалася лозунгам аб «класавай барацьбе ў вёсцы». Яшчэ 1 лютага 1930 г. была выдадзена пастанова, якая заканадаўча замацоўвала неабходнасць ліквідацыі кулацтва як класа. З гэтага ж года было забаронена прымаць у калгасы кулакоў. Працэс калектывізацыі быў падменены працэсам «раскулачвання». Лёс кулакоў быў цяжкі: ад перасяленняў на Поўнач да турэмнага зняволення і нават расстрэлаў. 1932 г. быў абвешчаны «годам суцэльнай калектывізацыі». Адсутнасць грашовай аплаты работы (сяляне працавалі за працадні) і ўласнай гаспадаркі ставіла пад пагрозу жыццё сялян. Разам з тым хутка падала прадукцыйнасць калгаснай сельскагаспадарчай вытворчасці, як у галіне вырошчвання збожжа, так і ў жывёлагадоўлі. У 1932 г. для ўсіх грамадзян СССР была ўведзена пашпартная сістэма, якая давала свабоду перамяшчэння, аднак сяляне пашпартаў не атрымалі. Гэта была свядомая палітыка дзяржавы, накіраваная на спыненне масавых уцёкаў сялян у гарады. Найбольш цяжкая сітуацыя склалася ў 1932− 1933 г., калі ў многіх раёнах Расіі і ва Украіне ўзнік страшэнны голад, выкліканы продажам за мяжу вялікай колькасці збожжа на патрэбы індустрыялізацыі. 7 жніўня 1932 г. СНК СССР прыняў закон аб ахове сацыялістычнай уласнасці, які ў народзе атрымаў назву «закон аб трох каласках». Згодна з ім, за збор збожжавых калоссяў з калгасных палёў вінаватыя падлягалі расстрэлу, які ў асобных выпадках мог быць заменены на 10-гадовае зняволенне з канфіскацыяй маёмасці. У БССР па гэтаму закону было асуджана амаль 11 тыс. чалавек. Каб некалькі палепшыць жыццё сялян, толькі ў 1937− 1938 г. ім былі выдзелены невялікія зямельныя ўчасткі для вырошчвання бульбы і гародніны. Вынiкi калектывізацыі. Да 1939 г. у калгасах на тэрыторыі БССР было аб’яднана больш за 90 % сялянскіх гаспадарак. Усталявалася калгасная ўласнасць, і калгаснiкi фактычна былi адхiлены ад валодання сродкамi вытворчасцi. Невялікі працэнт аднаасобнікаў быў абкладзены нязноснымі падаткамі. У БССР было раскулачана 34 тыс. сялянскіх гаспадарак, каля 700 тыс. вяскоўцаў былі высланы на Поўнач. Такім чынам, за кошт каласальных ахвяраў да 1939 г. калектывізацыя ў БССР была завершана. Аднак вытворчасць у створаных калектыўных гаспадарках падала, скарачалася колькасць цяглавай і прадукцыйнай жывёлы, а праца, нягледзячы на стварэнне МТС, заставалася ў асноўным ручной. Але сваёй галоўнай мэты калектывізацыя дасягнула ― прыватная ўласнасць на вёсцы была ліквідавана; за кошт стварэння калгасаў і арганізацыі калектыўнай працы дзяржава атрымала вялікія сродкі, неабходныя для правядзення індустрыялізацыі. 3. Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у канцы 1920-х − 1930-я г. У канцы 1920-х − сярэдзіне 1930-х г. з прыходам да ўлады Сталіна ў БССР, як і ва ўсім Савецкім Саюзе, адбывалася ўсталяванне таталітарнага рэжыму. Таталітарызм ― гэта тып палітычнай і грамадскай сістэм, які характарызуецца імкненнем дзяржавы да поўнага (татальнага) кантролю над усімі сферамі жыцця грамадства, забаронай дэмакратычных арганiзацый i лiквiдацыяй канстытуцыйных правоў i свабод грамадзян. Сутнасцю таталітарызму з’яўляецца яго ідэалогія. У адрозненне ад іншых сацыяльных сістэм, напрыклад, феадалізму або капіталізму, якія ўзніклі натуральным шляхам развіцця гісторыі, таталітарны строй ствараўся мэтанакіравана на падставе вызначанай ідэалагічнай дактрыны. Ёй з’яўлялася ідэя аб непазбежнасці пабудовы «светлай будучыні» ― камунізму. Для гэтага неабходна было адмовіцца ад мінулага, а цяперашняе жыццё падпарадкаваць ажыццяўленню вышэйзгаданай ідэі. Таталітарызму ўласцівы наступныя прыкметы, якія мелі месца ў Савецкай Беларусі разглядаемага часу: · манаполія дзяржаўнай уласнасці на сродкі вытворчасці і вынікі працы. Такая сітуацыя стала магчымай з ліквідацыяй НЭПа і ажыццяўленнем палітыкі індустрыялізацыі і калектывізацыі, пры якіх быў поўнасцю ліквідаваны прыватны капітал у прамысловасці і сельскай гаспадарцы, а непасрэдны вытворца − рабочы і селянін ― адхілены ад валодання сродкамі вытворчасці; · жорсткая дзяржаўная сістэма размеркавання матэрыяльных даброт. У выніку правядзення індустрыялізацыі ўзмацнілася эканамічная залежнасць БССР ад цэнтра. Усе даходы пералічваліся ў саюзны бюджэт, а там адвольна вырашалі, колькі сродкаў выдзеліць на развіццё народнай гаспадаркі Беларусі. Размеркаванне ажыццяўлялася і сярод кіраўнікоў партыйных і савецкіх органаў. Простае насельніцтва (рабочыя і сяляне) пераводзілася на сістэму самазабеспячэння за кошт выдзялення ім невялікіх зямельных надзелаў і прысядзібных участкаў; · культ асобы ― рэжым асабiстай улады, пры якiм узвялiчвалася роля аднаго чалавека (Сталiна), яму ж прыпiсвалася магчымасць вызначальна ўплываць на ход гiстарычных падзей. Замацаванне культу асобы ў БССР, як і ва ўсім Савецкім Саюзе, фактычна адбылося да сярэдзiны 1930-х г.; · наяўнасць камандна-адміністрацыйнай сістэмы ― іерархічна арганізаванай сістэмы кіравання грамадствам, якая заснавана на прынцыпах бюракратычнага цэнтралізму. У СССР характарызавалася непадзельнай уладай адной партыі ― партыі камуністаў. У рамках камандна-адміністрацыйнай сістэмы дзейнічаў прынцып: «Забаронена ўсё, што не загадана». Узаемадзеянне апарата кіравання і мас ажыццяўлялася праз іерархічную сістэму сувязяў «загад ― выкананне», прычым зваротнай сувязі не існавала. Гэтая сістэма выхоўвала паслухмяных выканаўцаў, якія павінны былі верыць у бязгрэшнасць і беспамылковасць вышэйшага кіраўніцтва партыі і дзяржавы. У такiх умовах страчвалася роля саветаў, грамадскiх арганiзацый, нiзавых органаў самой партыi. Затое павялiчылася роля Народнага камiсарыята ўнутраных спраў (НКУС), якi выкарыстоўваўся для расправаў з працiўнiкамi cталiнскага курса. Дзяржава з грамадска-палітычна інстытута ператваралася ў нейкі механізм, у якім чалавек, пазбаўлены ўласнасці, улады і кіравання, станавіўся простым «вінцікам» велізарнай машыны пад назвай «дзяржава»; · адсутнасць дэмакратычных правоў і свабод. У 1936 г. у СССР была прынята Канстытуцыя, якая прадэкларавала права савецкіх грамадзян на свабоду слова, недатыкальнасць асобы, тайну перапіскі, незалежны суд і інш. дэмакратычныя правы. Але на самай справе гэта не выконвалася. Побач з усімі пералічанымі ў Канстытуцыі правамі ў Савецкім Саюзе існавала бязлітасная рэпрэсіўная машина, прымяняліся арышты і расстрэлы; · масавыя рэпрэсіі з’яўляліся важным атрыбутам функцыяніравання таталітарнай сістэмы. У краіне не існавала прэзумпцыі невінаватасці: на людзей прычэпліваўся ярлык «ворагаў народа», яны падвяргаліся рэпрэсіям. Часта канчатковае рашэнне аб лёсе чалавека прымалі знакамітыя «тройкі». Яшчэ хутчэй закруціла рухавік масавых рэпрэсій пастанова ЦВК СССР ад 1 снежня 1934 г., якая прадпісвала праводзіць следства па справах тэрарыстычных арганізацый у 10-дзённы тэрмін, разглядаць іх у судзе без прысутнасці адвакатаў, а прысуды выконваць адразу пасля іх абвяшчэння. Па абвінавачванню ў тэрарызме і супрацоўніцтве з варожымі разведкамі (у БССР ― пераважна з Польшчай) былі рэпрэсіраваны сотні тысяч людзей. Барацьба з нацдэмамі. Сталіну для таго, каб трывала замацаваць свае пазiцыi, трэба было знiшчыць найбольш адукаваную частку грамадства, здольную разабрацца ў рэальнай сітуацыі ― iнтэлiгенцыю. На беларускую iнтэлiгенцыю прычапiлi ярлык «нацыянал-дэмакратызму» (нацдэмаў), абвінаваціўшы ў варожай савецкаму ладу дзейнасці з мэтай рэстаўрацыi капiталiзму ў Беларусi. Ужо ў канцы 1920-х г. арыштам падвергліся тыя дзеячы, якія актыўна праводзілі палітыку беларусізацыі: быў змешчаны з пасады старшыня ўрада БССР І. Адамовіч, пераследу падвергліся прэзідэнт Акадэміі навук БССР У. Ігнатоўскі і першы старшыня СНК БССР З. Жылуновіч. З больш чым 800 удзельнікаў беларускага нацыянальнага руху 1917 − 1927 г. былі рэпрэсіраваны ўсе, хто не з’ехаў у эміграцыю. Вышэйшай кропкай барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам стала сфабрыкаваная справа, якая атрымала назву «Саюз вызвалення Беларусi» (СВБ). У 1931 г. за «прыналежнасць» да яе было асуджана 90 чалавек, галоўным чынам работнiкаў культуры, навукi, мастацтва. Роля кiраўнiка СВБ адводзiлася народнаму пiсменнiку Янку Купалу, але спробай самагубства ён сябе «рэабiлiтаваў» у вачах дзяржаўнай улады. У 1930-я г. вялікі ўрон быў нанесены беларускай культуры, навуцы і беларускай нацыянальнай ідэі. Пасля палітыкі беларусізацыі, у канцы 1920-х − 1930-я г., савецкі ўрад праводзіў на тэрыторыі БССР цэлы комплекс мерапрыемстваў у галіне навукі і культуры, які атрымаў назву «культурнай рэвалюцыі». З аднаго боку, гэтыя мерапрыемствы садзейнічалі павышэнню адукаванасці насельніцтва і павышэнню культурнага ўзроўню мас, а з другога ― рабілася ўсё для таго, каб знішчыць адметнасць і самабытнасць беларускага народа. Нават выкладанне на беларускай мове ў 1930-я г. магло быць пастаўлена ў вiну i квалiфiкавана як нацдэмаўшчына. Так здарылася з рэктарам БДУ У. Пiчэтам. У 1933 г. была праведзена рэформа беларускай мовы, у вынiку чаго яна значна наблiзiлася да рускай. 1 778 найменняў кніг на беларускай мове падлягалі знішчэнню. Былі расстраляныя больш за 100 навуковых супрацоўнікаў Акадэміі навук БССР, большасць выкладчыкаў БДУ, з 238 беларускіх пісьменнікаў больш за 200 былі рэпрэсіраваны. Чарговы раз у гісторыі Беларусь па сутнасці апынулася без нацыянальнай эліты. Акрамя таго, рэпрэсіі зведала і простае насельніцтва: сяляне-«кулакі» і абвінавачаныя ў «шкодніцтве» рабочыя. Ад маршала да хатняй гаспадыні ― ніхто не быў застрахаваны ад арышту. Пiк сталiнскiх рэпрэсiй прыйшоўся на 1937− 1938 г. Было абвешчана, што ў БССР icнуюць антысавецкае падполле i нацыянал-фашысцкая арганiзацыя, у якія ўваходзіць вышэйшае партыйнае кіраўніцтва рэспублікі. У выніку праведзеных рэпрэсiйрэспублiканская партыйная арганiзацыя страцiла 40 % свайго складу, а з 101 сакратара райкамаў Беларусi былi рэпрэсiраваны 99 чалавек. У 1939 г., у час знаходжання на пасадзе кiраўнiка НКУС БССР Л. Цанавы, было арыштавана 27 тыс. чалавек ― амаль па 900 чалавек у дзень. Толькі ў адным месцы ― ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам ― было знойдзена больш за 100 тыс. пахаваных ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Усяго, паводле падлiкаў вучоных, у 1930-я г. у Беларусi было рэпрэсiравана больш за 600 тыс. чалавек. Такiм чынам, грамадска-палiтычнае жыццё ў Савецкай Беларусі ў канцы 1920-х − 1930-я г. характарызавалася ўсталяваннем таталiтарнага рэжыму i культу асобы, якiя суправаджалiся непрымiрымасцю да любых спроб непадпарадкавання i масавымi рэпрэсiямi. 4. Заходняя Беларусь у складзе Польшчы. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. За тэрыторыяй Заходняй Беларусі, якая па Рыжскаму мiр
Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|