5. Асноўныя вынікі і ўрокі гістарычнага развіцця Беларусі.
5. Асноўныя вынікі і ўрокі гістарычнага развіцця Беларусі. АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ Прыватызацыя – раздзяржаўленне, пераход маёмасці з дзяржаўнай уласнасці ў прыватную або акцыянерную. Путч - спроба дзяржаўнага перавароту з удзелам невялікай групы змоўшчыкаў, тайная змова перавароту, якая не ажыццявілася. Ратыфікацыя – зацвярджэнне органамі дзяржаўнай улады міжнароднага дагавора альбо пагаднення, пасля якога дакумент набывае юрыдычную сілу. Рэферэндум – галасаванне выбаршчыкаў па якім-небудзь пытанні дзяржаўнага або грамадскага жыцця. ВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ 26 студзеня 1990 г. – прыняцце Вярхоўным Саветам БССР Закона аб мовах. 27 ліпеня 1990 г. - прыняцце Вярхоўным Саветам БССР Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. 13 кастрычніка 1990 г. – прыняцце Вярхоўным Саветам БССР Праграмы пераходу да рыначных адносін. 19 – 21 жніўня 1991 г. – путч ГКЧП. 25 жніўня 1991 г. – наданне Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР статусу канстытуцыйнага закона. 4 верасня 1991 г. – прыняцце Вярхоўным Саветам БССР Закона аб культуры. 19 верасня 1991 г. – зацвярджэнне назвы дзяржавы – Рэспубліка Беларусь і дзяржаўных сімвалаў – герба «Пагоня» і бела-чырвона-белага сцяга. 18 кастрычніка 1991 г. – прыняцце Закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». 8 снежня 1991 г. – падпісанне кіраўнікамі Беларусі, Расіі і Украіны Белавежскіх (Віскулёўскіх) пагадненняў аб ўтварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаваў (СНД) і дэнансацыі саюзнага дагавора 1922 г. 15 сакавіка 1994 г. – прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. 10 ліпеня 1994 г. – першыя выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 14 мая 1995 г., 24 лістапада 1996 г., 17 кастрычніка 2004 г. – агульнарэспубліканскія рэферэндумы.
КАНТРОЛЬНЫЯ ПЫТАННІ І ЗАДАННІ
7. Як Вы лічыце, ці магчымы пераход краіны ад таталітарных да дэмакратычных форм жыцця без перамен у грамадскай свядомасці? Адказ абгрунтуйце. 8. Дайце ацэнку жнівеньскаму путчу ГКЧП і прааналізуйце прычыны правалу спробы дзяржаўнага перавароту. 9. Паспрабуйце змадэліраваць альтэрнатыўныя варыянты магчымага развіцця Беларусі ў апошняй чвэрці ХХ ст. 10. Вызначце і прааналізуйце сувязь паміж палітычнымі і эканамічнымі рэформамі ў Рэспубліцы Беларусь. 11. Дакажыце шматвектарнасць знешнепалітычнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь.
ПРЫКЛАДНАЯ ТЭМАТЫКА РЭФЕРАТАЎ 1. Беларуская эканамічная мадэль: ад пераходу да рынку да сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі. 2. Эвалюцыя палітычнай сістэмы Рэспублікі Беларусь. 3. Культура незалежнай Беларусі: умовы развіцця, здабыткі і дасягненні.
ЛІТАРАТУРА
1. Агульныя пытанні гісторыі Беларусі. Беларусь ад Старажытных часоў да нашых дзён: Зб. артыкулаў. – Мінск, 1993. 2. Данилов А. Н. Переходное общество: проблемы системной трансформации. – Минск, 1997. 3. Драгун О., Креп Т. Предпринимательская деятельность в Белоруссии //Человек и экономика. – 1991. – № 9. 4. Елаўскіх В. У. Механізм тармажэння і шляхі пераадольвання ў вынаходніцтве і рацыяналізацыі // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. – 1991. – № 6. 5. Злотников Л. Годы независимости, движение по замкнутому кругу // Белорус. рынок. –1995. – № 2. 6. Мірановіч Я. Найноўшая гісторыя Беларусі. – Санкт-Пецярбург, 2003. 7. Мясникович М. В. Становление рыночной экономики в Республике Беларусь. – Минск: Изд-во БГУ, 1995. 8. Тихомиров А. В. Беларусь в международных отношениях 1772 – 2002 гг. – Минск, 2003. 9. Шимов В. Н. Экономическое развитие Беларуси на рубеже веков: проблемы, итоги, перспективы. – Минск, 2003.
10. Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795 – 2002). – Мінск, 2003. 11. Эканамічная гісторыя Беларусі /Пад рэд. В. І. Галубовіча. – Выд. 3-е. – Мінск, 1999.
ЗАКЛЮЧЭННЕ Гісторыя Беларусі багатая і самабытная. Яна з’яўляецца скарбам не толькі непасрэдна беларускага народа, але і неад’емнай часткай славянскай і еўрапейскай гісторыі. У беларускай гістарыяграфіі вылучаюцца некалькі агульных заканамернасцей, у адпаведнасці з якімі адбывалася развіццё народаў Еўропы, у тым ліку і беларускага: · асноўныя этапы цывілізацыйнага развіцця (Старажытнасць, Сярэднія вякі, Новы час, Навейшы час); · этапы сацыяльна-эканамічнага развіцця (дзікасць, варварства, аграрнае грамадства, індустрыяльнае грамадства); · формы палітычнага ладу (манархія, таталітарызм, дэмакратыя); · этапы духоўнага і культурнага развіцця (прыняцце хрысціянства, Рэнесанс, Рэфармацыя, Контррэфармацыя, Асветніцтва) і інш. У сваім развіцці беларускі народ прайшоў доўгі і няпросты шлях. Займаючы выгаднае геаграфічнае становішча, беларускія землі траплялі ў сферу палітычных інтарэсаў розных дзяржаваў і вельмі часта паняволі ўцягваліся ў ваенныя канфлікты. Войны аказалі вельмі значны ўплыў на фарміраванне беларускага этнасу і менталітэту. Але ў гэтых цяжкіх выпрабаваннях беларусы здолелі выстаяць, зберагчы нацыянальныя каштоўнасці і адметнасці – мову, культуру, звычаі. Адной з асаблівасцяў гісторыі Беларусі з’яўляецца той факт, што беларуская нацыя фарміравалася ў асноўным як нацыя сялянская. Уваходжанне Беларусі ў склад Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі і Савецкага Саюза суправаджалася палітыкай паланізацыі і русіфікацыі. У выніку гістарычна склалася так, што беларуская нацыянальная інтэлігенцыя доўгі час існавала толькі ў першым пакаленні. Таму можна сказаць, што беларускі народ здолеў захавацца як самастойны этнас не «дзякуючы», а «насуперак» многім гістарычным падзеям і палітычным памкненням. Галоўным багаццем Беларусі заўсёды былі людзі. Працавітыя, таленавітыя і сумленныя, яны штодзённай працай стваралі матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці, якія сёння з’яўляюцца нашымі здабыткамі. Гісторыя беларускага народа працягваецца, і ад кожнага з нас залежыць, якім будзе будучае нашай краіны.
Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|