Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Храналогія падзей. Кантрольныя пытанні і заданні. Прыкладная тэматыка рэфератаў. Літаратура




ХРАНАЛОГІЯ ПАДЗЕЙ

1648 − 1651 г. − казацка-сялянская вайна.

1654 − 1667 г. − вайна Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай за беларускія землі.

1700 − 1721 г. − Паўночная вайна.

1717 г. − «нямы» сойм у Варшаве.

1765 − 1780 г. − рэфарматарская дзейнасць А. Тызенгаўза ў каралеўскіх сталовых эканоміях ВКЛ.

1772 г. − першы падзел Рэчы Паспалітай.

1773 − 1794 г. − дзейнасць Адукацыйнай камісіі.

3 мая 1791 г. − прыняцце Канстытуцыі Рэчы Паспалітай.

1793 г. − другі падзел Рэчы Паспалітай.

1794 г. − паўстанне пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі.

1795 г. − трэці падзел Рэчы Паспалітай.

КАНТРОЛЬНЫЯ ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

 

1. Чаму перыяд другой паловы ХVІІ − першай паловы ХVІІІ ст. у беларускай гісторыі называецца «разбуральным стагоддзем»?

2. Параўнайце перыяды аднаўлення гаспадаркі на землях Беларусі ў другой палове ХVІІ і першай палове ХVІІІ ст. Вызначце падабенства і адрозненні.

3. Дайце характарыстыку ўнутрыпалітычных сілаў Рэчы Паспалітай у другой палове ХVІІІ ст.

4. Якія ўмовы спрыялі распаўсюджванню ідэй Асветніцтва ў Рэчы Паспалітай?

5. Вызначце і прааналізуйце прычыны падзелаў Рэчы Паспалітай. Ці можна было, на Ваш погляд, прадухіліць падзел дзяржавы?

 

 

ПРЫКЛАДНАЯ ТЭМАТЫКА РЭФЕРАТАЎ

1. Дзяржаўная эканамічная палітыка аднаўленчага перыяду другой паловы ХVІІ ст.

2. Эканамічныя рэформы Антонія Тызенгаўза ў каралеўскіх сталовых эканоміях ВКЛ.

3. Гродзеншчына ў час паўстання 1794 г.

4. Уплыў ідэй Асветніцтва на рэфармаванне Рэчы Паспалітай у другой палове ХVІІІ ст.

ЛІТАРАТУРА

 

1. Анішчанка Я. Беларусь у часы Кацярыны ІІ. – Мінск, 1996.

2. Анішчанка Я. Інкарпарацыя. Літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай. – Мінск, 2003.

3. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 3. Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (ХVІІ–ХVІІІ стст. ) – Мінск, 2004.

4. Гісторыя сялянства Беларусі: У 3 т. Т. 1. – Мінск, 1997.

5. Голубеў В. Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі: ХVІ – ХVІІІ стст. – Мінск, 1992.

6. Грицкевич А. П. Частновладельческие города Белоруссии в ХVІ–ХVІІІ вв. – Минск, 1975.

7. Емельянчык У. П. Паланез для касінераў. З падзей паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі на Беларусі. – Мінск, 1994.

8. Кітурка І. «За вольнасць і больш заплацяць»: спрэчкі пра аграрныя рэформы ў ВКЛ у другой палове ХVІІІ ст. //Спадчына. – 2002. – № 4.

9. Кітурка І. Ф. Дзяржаўныя ўладанні на землях Беларусі ў другой палове ХVІІ − ХVІІІ ст.: палітыка гаспадарчага аднаўлення і развіцця. − Гродна, 2003.

10. Лойка П. А. Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі: эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове ХVІІ–ХVІІІ ст. – Мінск, 1991.

11. Мальдзіс А. І. На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду (другая палавіна ХVІІ–ХVІІІ ст. ). – Мінск, 1980.

12. Мелешко В. И. Очерки аграрной истории Восточной Беларуси (вторая половина ХVІІ–ХVІІІ в. ). – Мінск, 1975.

13. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. – Мінск, 1994.

14. Похилевич Л. Д. Крестьяне Белоруссии и Литвы в ХVІ − ХVІІІ в. − Львов, 1957.

15. Похилевич Л. Д. Крестьяне Белоруссии и Литвы во второй половине ХVІІІ в. − Вильнюс, 1966.

16. Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654–1667. – Мінск, 1995.

17. Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца ХVІІІ стагоддзя. – Мінск, 2001.

18. Юхо Я. А. Кароткі нарыс дзяржавы і права Беларусі. − Мінск, 1992.

 

Тэма 6. Эканамічнае і грамадска-палітычнае развіццё Беларусі ў ХІХ ст.

1. Змены ў становішчы беларускага насельніцтва пасля далучэння да

Расійскай імперыі.

2. Беларусь у вайне 1812 г.

3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў першай палове ХІХ ст.

Крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы.

4. Грамадска-палітычны рух на землях Беларусі.

5. Культура Беларусі ў першай палове ХІХ ст.

1. Змены ў становішчы беларускага насельніцтва пасля далучэння да Расійскай імперыі. Пасля кожнага падзелу Рэчы Паспалітай на далучаных тэрыторыях уводзіўся новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на генерал-губернатарствы, губерні і паветы. У 1801 г. былі створаны два генерал-губернатарствы, у якія ўваходзілі пяць беларускіх губерняў: Літоўскае генерал-губернатарства (Віленская, Гродзенская і Мінская губерні) і Беларускае генерал-губернатарства (Віцебская і Магілёўская губерні). У 1807 г. па ўмовах Тыльзіцкага міра французскі імператар Напалеон І перадаў Расіі Беласточчыну ўзамен за згоду далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі. Такім чынам уся этнічная тэрыторыя Беларусі апынулася ў складзе Расійскай імперыі.

Палітыка царскіх улад у адносінах да шляхты. За выключэннем сялянства, усё насельніцтва павінна было прысягнуць на вернасць Кацярыне ІІ. Тыя, хто не жадаў прыносіць прысягу, у трохмесячны тэрмін маглі прадаць нерухомасць і пакінуць межы Расійскай імперыі. Калі прадаць маёмасць не ўдавалася, яна пераходзіла ва ўласнасць расійскага скарбу. Гэтыя землі, як і былыя сталовыя эканоміі, староствы і дзяржавы, раздаваліся ўрадам расійскім памешчыкам, у выніку чаго на тэрыторыі Беларусі насаджалася расійскае землеўладанне.

Шляхта, якая прынесла прысягу, захавала свае маёнткі, але разам з тым была пазбаўлена некаторых правоў, якія мела ў Рэчы Паспалітай: права выбіраць манарха, мець замкі, трымаць узброеныя сілы для абароны сваіх вольнасцей і інш. Але ідучы насустрач мясцовай шляхце, у якасці асноўнага закону на далучаных тэрыторыях расійскі ўрад захаваў Статут ВКЛ 1588 г.

У адносінах да шляхецкага саслоўя на землях Беларусі царскі ўрад праводзіў палітыку «разбору шляхты». У адпаведнасці з ёй, шляхціцы павінны былі прадставіць дакументы на пацвярджэнне дваранскага паходжання. Дробная шляхта, якая ў пераважнай большасці такіх дакументаў не мела, пераводзілася ў разрад аднадворцаў або мяшчан. Гэтае мерапрыемства па «разбору» шляхецкага саслоўя на землях Беларусі некалькі разоў выкарыстоўвалася расійскім урадам як своеасаблівая карная палітыка, асабліва ў часы ўздыму нацыянальна-вызваленчага руху.

Змены ў становішчы сялян і мяшчан. Пасля далучэння да Расійскай імперыі падаткі на насельніцтва выраслі ў 4-5 разоў; замест падымнага падатку, які збіраўся з гаспадаркі, быў уведзены падушны, якім абкладаліся асобы мужчынскага полу. У той час, як у Расіі падаткі збіраліся ў папяровых асігнацыях, беларускае насельніцтва абавязана было плаціць іх у сярэбранай манеце (курс сярэбранага рубля і рубля асігнацыямі ў канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ ст. суадносіўся як 1: 6).

Былі ліквідаваны катэгорыі вольных сялян (зямян і баяр), а асноўнай павіннасцю станавілася паншчына, памер якой дасягаў да шасці мужчынскіх і жаночых дзён на тыдзень. Да таго ж, на сялян ускладвалася рэкруцкая павіннасць, па якой у расійскую армію на 25-гадовую службу (з 1834 г. – 20-гадовую) сялянам неабходна было выправіць аднаго рэкрута ад 200 душ мужчынскага полу (з 1820 г. – ад 125 душ). Такім чынам, распаўсюджанне на землях Беларусі расійскай падатковай і павіннаснай сістэм прывяло да пагаршэння становішча асноўнай вытворчай сілы грамадства – сялянства.

Падатковы ціск на гарадское насельніцтва таксама ўзрос: былі ўведзены падаткі на ўтрыманне чыноўніцтва, павялічаны падаткі на рамяство і гандаль. У 1785 г. на беларускія гарады былі распаўсюджаны прынцыпы, абвешчаныя Кацярынай ІІ у так званай «Даравальнай грамаце гарадам». У адпаведнасці з ёй гарадское насельніцтва дзялілася на 6 разрадаў і на падставе маёмаснага цэнзу магло ўдзельнічаць у выбарах у гарадскую думу, але ўсе важныя пытанні гарадскога жыцця вырашаліся выключна са згоды царскай адміністрацыі (губернатараў і гараднічых). Такім чынам, самакіраванне гарадоў, якое мела на землях Беларусі больш чым 400-гадовую гісторыю і спрыяла развіццю гарадоў, было ліквідавана.     

З 1794 г. згодна з указам Кацярыны II у Расіі ўводзілася «мяжа яўрэйскай аселасці», якая амаль супала з межамі ВКЛ і Расіі. Яўрэі маглі сяліцца толькі на захад ад гэтай мяжы выключна ў гарадах і мястэчках, але пры гэтым ім забаранялася трымаць шынкі і карчмы, арандаваць маёнткі, прамысловыя прадпрыемствы, а падаткі, ускладзеныя на яўрэйскае насельніцтва, былі ў два разы большыя, чым з хрысціян.

Канфесійнае пытанне. Каб не згубіць падтрымкі шляхты, якая ў пераважнай большасці была каталіцкага веравызнання, расійскі ўрад напачатку дазволіў свабоднае выкананне каталіцкіх абрадаў, а таксама захаваў за касцёламі іх маёмасць. Але пры гэтым жорстка забаранялася схіляць у каталіцкую веру праваслаўнае насельніцтва.

    Праваслаўная царква, якая цярпела ўціск у Рэчы Паспалітай, атрымала дзяржаўную падтрымку, у Расійскай імперыі ёй надаваліся землі і багацці. Пасля ліквідацыі уніяцтва, якое адбылося на Полацкім царкоўным саборы 1839 г., усе уніяты былі пераведзены ў праваслаўе.

Такім чынам, пасля падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі апынуліся ў складзе адной з далёка не перадавых на той час у эканамічным развіцці краін Еўропы. Пагаршэнне становішча людзей простага стану, страта шляхтай рэальнай улады ў краіне, абвастрэнне нацыянальнага і рэлігійнага пытанняў падштурхоўвалі насельніцтва ад адзінкавых пратэстаў у канцы ХVІІІ ст. да масавага нацыянальна-вызваленчага руху ў ХІХ ст.

2. Беларусь у вайне 1812 г. Да 1812 г. французскі імператар Напалеон Банапарт падпарадкаваў сваёй уладзе амаль усе краіны Еўропы (акрамя Англіі і Даніі) і прыблізіўся да межаў Расійскай імперыі. Руска-французскія супярэчнасці асабліва абвастрыліся пасля Тыльзіцкага міра 1807 г., згодна з якім Расія вымушана была далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі. Такая палітыка была вельмі непапулярнай у Расіі, выклікала шырокую незадаволенасць у грамадстве і фактычна ўмовы кантынентальнай блакады не выконваліся. З 1809 г. Расія і Францыя пачалі рыхтавацца да вайны.

Напалеон 12 чэрвеня 1812 г. пераправіўся праз Нёман у раёне Коўна і з 448-тысячнай арміяй (у далейшым павялічылася да 600 тыс. ) пачаў рухацца па літоўскіх і беларускіх землях. 1-я і 2-я расійскія арміі пад кіраўніцтвам Барклая де Толі (120 тыс. чал., штаб-кватэра ў Вільні) і П. І. Баграціёна (49 тыс. чал., штаб-кватэра ў Ваўкавыску) не маглі супрацьстаяць французам і з баямі вымушаны былі адыходзіць, каб злучыцца ў Смаленску. 3-я рэзервовая армія на чале з А. П. Тармасавым (44 тыс. чал. ), якая перад вайной была размешчана ў ваколіцах Жытоміра, на злучэнне з асноўнымі расійскімі ваеннымі сіламі не пайшла, а здзяйсняла ваенныя рэйды супраць напалеонаўскіх войск на Брэстчыне.

Насельніцтва Беларусі, асабліва заходняй яе часткі, звязвала з Напалеонам надзеі на паляпшэнне свайго становішча:

· шляхта, якая страціла ў Расійскай імперыі свае палітычныя правы і ўплывы, спадзявалася на магчымасць аднаўлення ВКЛ, тым больш, што Напалеон пасля захопу Аўстрыі і Прусіі стварыў на акупаваных імі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай землях Герцагства Варшаўскае. Нягледзячы на тое, што Герцагства Варшаўскае знаходзілася пад пратэктаратам Францыі, на яго тэрыторыі былі абвешчаны дэмакратычныя свабоды і ажыццяўлялася парламенцкая форма кіравання.

Першапачаткова частка беларускай і літоўскай шляхты мела надзею на аднаўленне аўтаномнага ВКЛ у складзе Расійскай імперыі. З гэтай нагоды ў 1811 г. Міхал Клеафас Агінскі падрыхтаваў і прапанаваў на разгляд Аляксандру І праект, па якому планавалася, што адроджанае ВКЛ будзе мець уласны ўрад, а ролю Канстытуцыі будзе выконваць Статут ВКЛ 1588 г. Але супрацьдзеянне з боку кансерватыўнага расійскага дваранства і абвастрэнне руска-французскіх супярэчнасцяў не дазволілі гэтаму плану ажыццявіцца. Таму большасць беларуска-літоўскай шляхты ў 1812 г. звязвала планы па аднаўленню дзяржаўнасці менавіта з Напалеонам;

· сяляне, знясіленыя вялікімі падаткамі і павелічэннем паншчыны, чакалі ад Напалеона адмены прыгоннага права, якога ўжо не існавала ў Еўропе.

    Вышэйзгаданае тлумачыць, чаму на першым этапе вайны насельніцтва фактычна не аказвала значнага супраціўлення французскай арміі.

Французскі імператар не хацеў аднаўлення Рэчы Паспалітай, але быў не супраць таго, каб стварыць буфернае палітычнае ўтварэнне паміж Расіяй і Польшчай. Загадам Напалеона ад 1 ліпеня 1812 г. быў створаны Часовы ўрад ВКЛ на чале з мясцовым памешчыкам Станіславам Солтанам. Ураду падпарадкоўваліся Віленская, Гродзенская, Мінская губерні і Беластоцкая вобласць (Віцебская і Магілёўская губерні не ўваходзілі ў склад ВКЛ і падпарадкоўваліся непасрэдна французскім ваенным уладам).

Шляхта для адстойвання незалежнасці адноўленай краіны стварыла армію ВКЛ, якая налічвала каля 19 тыс. чалавек. Аднак хутка стала зразумела, што створаная на акупаваных землях дзяржава з’яўляецца толькі інстытутам для больш лёгкага і добраахвотнага забеспячэння французскай арміі фуражом і правіянтам. Рэальная ўлада ў краіне належала французскім генералам, якія ўзначальвалі адміністрацыйныя адзінкі – дэпартаменты, на якія па французскаму ўзору была падзелена тэрыторыя Беларусі. У вёсках і гарадах праходзілі рэквізіцыі на карысць французскай арміі, якія ўсё часцей суправаджаліся марадзёрствам. Рабаўніцтва простага насельніцтва з боку французскіх салдат, неспраўджанне надзей на аднаўленне ВКЛ і адмену прыгоннага права, якія звязваліся з Напалеонам, выклікалі ў значнай часткі грамадства незадавальненне, якое хутка пачало перарастаць у адкрыты супраціў. 14–16 лістапада 1812 г. пры пераправе напалеонаўскай арміі праз Бярэзіну каля вёскі Студзёнкі ад «Вялікай арміі» засталося толькі 60 тыс. чалавек.

У выніку вайны 1812 г. тэрыторыя Беларусі зноў была разбурана. Па некаторых падліках, страты насельніцтва вызначаліся больш чым у 25 %, амаль напалову скарацілася колькасць жывёлы, зменшыліся пасяўныя плошчы. На фоне гаспадарчай разрухі ўзмацніўся прыгон. Вясной 1813 г. паўсюдна была адноўлена расійская адміністрацыя. Зыходзячы з палітычных меркаванняў, урад Аляксандра І аб'явіў амністыю той шляхце, якая ўдзельнічала ў вайне на баку Напалеона.

3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў першай палове ХІХ ст. Крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы. На пачатку ХІХ ст., калі ў вядучых краінах Еўропы адбываўся пераход да індустрыяльнай цывілізацыі, у Расійскай імперыі па-ранейшаму панавала феадальна-прыгонніцкая сістэма. Галоўнай галіной гаспадаркі на беларускіх землях з’яўлялася ворыўнае земляробства, якое вялося на аснове прыгонніцтва з выкарыстаннем трохпольнай сістэмы і пераважна прымітыўных прылад працы. Ад эканамічных рэформ, якія праводзіліся на землях Беларусі ў другой палове ХVІІІ ст. і былі накіраваны на інтэнсіфікацыю сельскагаспадарчай вытворчасці пры паслабленні павіннаснага ціску сялян, засталіся адныя ўспаміны.

    У першыя дзесяцігоддзі ХІХ ст. на гаспадарчае развіццё маёнткаў беларускіх памешчыкаў вызначальны ўплыў аказала кан’юнктура цэн на збожжа ў Заходняй Еўропе. Хуткае развіццё капіталізму ў эканоміцы Еўропы суправаджалася ростам колькасці насельніцтва і адпаведна павелічэннем попыту і росту цэнаў на збожжа. Гэтая сітуацыя была выкарыстана беларускімі памешчыкамі. З мэтай павелічэння аб’ёмаў продажу зерня за мяжу пашыраліся плошчы панскага заворвання за кошт сялянскіх надзелаў і сенажацяў, але гэта прывяло да скарачэння колькасці жывёлы і адпаведна пагаршэння ўгнаення глебы.

    Аднак спыніць пранікненне капіталістычных адносін у вёску было ўжо немагчыма. У сувязі з рыначнымі патрабаваннямі ў першай палове ХІХ ст. адбываецца спецыялізацыя сельскай гаспадаркі асобных рэгіёнаў Беларусі: у Віцебскай, а таксама паўночных паветах Мінскай і Магілёўскай губерняў развівалася льнаводства; у цэнтральных і паўднёвых частках Мінскай і Магілёўскай губерняў − вырошчванне канопель і вытворчасць пянькі; у Гродзенскай губерні перавага аддавалася танкаруннай авечкагадоўлі. Ва ўсіх губернях была развіта вытворчасць збожжавых культур, з канца 30-х гадоў пачалі вырошчвацца цукровыя буракі. У Беларусі з’явіліся прадпрымальніцкія гаспадаркі, якія былі арыентаваны не толькі на вырошчванне сельскагаспадарчай сыравіны, а і на яе перапрацоўку. Шырока развівалася вінакурэнне.

Аднак адзінкавыя факты прымянення памешчыкамі ў сваіх маёнтках лепшай тэхнікі, наёмнай працы і шматпольных севазваротаў не маглі прывесці да істотных змен у арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. Эканамічнае развіццё ў першай палове ХІХ ст. яскрава сведчыла, што спалучэнне прыгоннай працы з патрабаваннямі ўнутранага і знешняга рынкаў магло прынесці толькі часовыя прыбыткі. З цягам часу станавілася відавочным адначасовае збядненне як панскай, так і сялянскай гаспадарак. Гэта адбывалася з прычыны таго, што працаваць на ўласным надзеле пры паншчыне ў 12 дзён у тыдзень (6 мужчынскіх і 6 жаночых) у сялян не было часу, а праца на панскім ворыве была прымусовай і не выклікала ў селяніна зацікаўленасці ў яе выніках. Такім чынам, эканамічныя магчымасці феадальна-прыгонніцкай сістэмы былі вычарпаны, а формы яе арганізацыі і спосабы вядзення гаспадаркі не маглі канкурыраваць з капіталістычным спосабам вытворчасці.

Рэформа П. Д. Кісялёва ў дзяржаўнай вёсцы. Ва ўмовах крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы ўрад Мікалая І вымушаны быў шукаць выйсце з існуючага становішча. У 1837–1841 г. у дзяржаўных уладаннях Беларусі быў праведзены шэраг мерапрыемстваў, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай рэформы Кісялёва. Граф П. Д. Кісялёў быў міністрам дзяржаўных маёмасцяў, і распрацаваная ім рэформа тычылася толькі дзяржаўных сялян, якія складалі пятую частку ўсяго сельскага насельніцтва Беларусі. Мэтай пераўтварэнняў было павелічэнне дзяржаўных даходаў і спыненне працэсу збяднення сялянства.

    Сярод асноўных мерапрыемстваў рэформы можна вылучыць наступныя:

1) змена кіравання дзяржаўнай вёскай. Была ўсталявана трохярусная сістэма: губерня – акруга – сельскае ўпраўленне. Губернскія органы (палаты дзяржаўных маёмасцяў) адказвалі за правядзенне рэвізій, ахоўвалі грамадскі парадак, вырашалі пытанні харчовай і медыцынскай дапамогі. Адміністрацыя акругі займалася арганізацыяй сельскіх грамад, а сельскія ўпраўленні (сельскія сходы і старосты) праводзілі сялянскае землеўладкаванне, размеркаванне і збор падаткаў;

2) правядзенне люстрацыі, падчас якой складаліся інвентары з падрабязным апісаннем усіх дзяржаўных маёнткаў і вызначэннем павіннасцей сялян у залежнасці ад іх гаспадарчага становішча;

3) спыненне здачы дзяржаўных зямель у арэнду прыватным уласнікам, паколькі апошнія не дбалі аб захаванні гаспадарчага патэнцыялу ўладанняў, а клапаціліся толькі пра ўласную выгаду;

4) ліквідацыя фальваркаў. Гэтае мерапрыемства было адным з самых эфектыўных, паколькі з ліквідацыяй фальваркаў адмянялася паншчына, сяляне пераводзіліся на чынш, што садзейнічала павелічэнню іх зацікаўленасці ў выніках сваёй працы. Да таго ж, была ўсталявана сярэдняя норма надзела на рэвізскую (мужчынскую) душу;

5) палітыка «апякунства», якая прадугледжвала стварэнне ў вёсках хлебных магазінаў, прыходскіх школ для навучання сялянскіх дзяцей, наяўнасць у вёсках фельчараў, а таксама правядзенне розных агранамічных мерапрыемстваў, добраўпарадкаванне сялянскіх сядзібаў, развіццё сістэмы страхавання і інш.

Як бачна, рэформа П. Д. Кісялёва ў многім была падобнай на рэформу А. Тызенгаўза ў каралеўскіх сталовых эканоміях ВКЛ: тая ж мэта – павелічэнне даходаў скарбу, люстрацыя дзяржаўнай маёмасці, спыненне здачы дзяржаўных зямель у арэнду і ўвядзенне кіравання імі дзяржаўнай адміністрацыяй пры адначасовым павелічэнні ролі сялянскай абшчыны, стварэнне магазінаў, школ, наяўнасць фельчараў, удасканаленне форм і метадаў вядзення сельскай гаспадаркі – усё гэта мела месца ў дзяржаўных уладаннях на землях ВКЛ у другой палове ХVІІІ ст. Але ў рэформах мелася адно вельмі значнае адрозненне: калі А. Тызенгаўз для павелічэння прыбыткаў скарбу аднавіў у эканоміях фальваркі і паншчыну, то ліквідацыя фальваркаў П. Д. Кісялёвым і перавод сялян на чынш з’явіліся яскравым сведчаннем разумення міністрам дзяржаўных маёмасцяў вычарпанасці магчымасцяў феадальна-прыгонніцкай сістэмы і немагчымасці прагрэсіўнага развіцця сельскай гаспадаркі пры захаванні прымусовай працы асноўнага вытворцы. Калі ў другой палове ХVІІІ ст. сяляне не прынялі рэформу А. Тызенгаўза і адказалі на яе масавымі ўцёкамі з каралеўскіх эканомій, то рэформа П. Д. Кісялёва не выклікала сялянскіх пратэстаў, а, наадварот, прывяла да пэўнага павелічэння надзелаў дзяржаўных сялян (у беларускіх губернях у сярэднім на 45 %), памяншэння іх павіннасцей (у сярэднім на 56 %), прадстаўлення сялянам пэўнай эканамічнай свабоды, што, тым не менш, спрыяла павелічэнню ўраджайнасці і дзяржаўных даходаў.

Інвентарная рэформа. Становішча насельніцтва ў прыватнаўласніцкіх маёнтках таксама выклікала занепакоенасць уладаў. Рэформа П. Д. Кісялёва не стала прыкладам для памешчыкаў. Кансерватыўныя памешчыкі працягвалі весці гаспадарку старым «дзедаўскім» спосабам і нічога не хацелі мяняць. У 40-я г. ХІХ ст. Мікалай І некалькі разоў ствараў сакрэтныя камітэты з мэтай распрацоўкі мерапрыемстваў па сялянскаму пытанню, але, баючыся страціць падтрымку дваранства, на рашучыя меры, якія б закраналі асновы феадальна-прыгонніцкай сістэмы, царскі ўрад не ішоў.

Становішча сялян у прыватнаўласніцкіх маёнтках было вельмі цяжкім: вялікі памер паншчыны пры ўстанаўленні так званых урокаў – нормаў дзённага вырабатку, вялікія дадатковыя павіннасці (будаўніцтва ў панскім фальварку, дарожныя работы, вартавыя абавязкі), згоны – прыцягненне сялян да тэрміновых сельскагаспадарчых работ, акрамя паншчыны, праца сялян у падрадчыкаў на кантрактных умовах на сплаўных і будаўнічых работах і інш. Сяляне часта не ведалі дакладна ўсіх сваіх павіннасцей і выконвалі іх па загаду ўласніка. Усё гэта выклікала сацыяльныя пратэсты сялян, якія праяўляліся, у першую чаргу, у масавых уцёках з маёнткаў.

З мэтай рэгулявання адносін паміж памешчыкамі і сялянамі і зняцця сацыяльнай напружанасці ў прыватнаўласніцкай вёсцы П. Д. Кісялёў у 1840 г. прапанаваў увесці на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны абавязковыя інвентары, у якіх былі б зафіксаваны памеры сялянскіх надзелаў і вызначаны дакладныя нормы павіннасцяў. Нягледзячы на тое, што прапанаванае мерапрыемства, якое стала вядома як інвентарная рэформа, не закранала асноў феадальна-прыгонніцкай сістэмы, але выклікала рэзкае непрыняцце з боку памешчыкаў. Складанне інвентароў, якое было ініцыявана дзяржавай, прыватныя ўласнікі расцанілі як умяшальніцтва ўрада ў іх асабістыя справы і наступленне на іх правы. «У сваіх маёнтках робім, што хочам» ― такі быў адказ памешчыкаў на рэформу. Інвентарная рэформа ў памешчыцкай вёсцы правалілася, а крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы паглыбляўся.

Прамысловасць і гарады ў першай палове ХІХ ст. Прамысловасць у сваім развіцці праходзіць тры стадыі: 1) рамесная вытворчасць; 2) мануфактура;       3) фабрычна-заводская прамысловасць. У першай палове ХІХ ст. аснову прамысловасці Беларусі складала рамесная і мануфактурная вытворчасць. Значную ролю адыгрывала вотчынная прамысловасць памешчыкаў. Як правіла, вотчынныя мануфактуры перапрацоўвалі мясцовую сыравіну і былі заснаваны на бясплатнай працы прыгонных сялян. Памешчыкі ў пачатку ХІХ ст. з’яўляліся галоўнымі ўласнікамі капіталу, і менавіта ў іх уладаннях былі заснаваны першыя на землях Беларусі прадпрыемствы фабрычнага тыпу: у 20-я г. ХІХ ст. памешчык Пуслоўскі пабудаваў у мястэчках Хомск (Кобрынскі павет) і Косава (Слонімскі павет) дзве суконныя фабрыкі, на якіх выкарыстоўваліся паравыя рухавікі.

У гарадах і мястэчках былі распаўсюджаны пераважна рамесныя майстэрні, але змены ў іх арганізацыі сведчылі аб пачатку фарміравання капіталістычных адносін: былі ліквідаваны самастойнасць і замкнутасць цэхаў, узрасла колькасць рамесных спецыяльнасцяў. Пры гэтым гарадская прамысловасць на пачатку ХІХ ст. не магла канкурыраваць з вотчыннай, паколькі выдаткі на яе арганізацыю былі значна большымі з-за неабходнасці аплочваць зямельныя ўчасткі, закупку сыравіны і працу наёмных рабочых. Існавала і яшчэ адна перашкода на шляху эфектыўнага развіцця гарадской прамысловасці ― наяўнасць феадальна-прыгонніцкай сістэмы рабіла немагчымым стварэнне рынку свабоднай рабочай сілы. Таму са 140 мануфактур на землях Беларусі ў 1860 г. купцам і мяшчанам належалі толькі 3, а астатнія – памешчыкам.

У другой чвэрці ХІХ ст. на тэрыторыі Беларусі назіраўся рост гарадоў і колькасці гарадскога насельніцтва. Працэс урбанізацыі ў гэты час быў звязаны не з развіццём прамысловасці і гандлю, а ў першую чаргу з існаваннем «мяжы яўрэйскай аселасці» і перасяленнем яўрэяў з сельскай мясцовасці ў гарады і мястэчкі, прычым колькасць апошніх у першай палове ХІХ ст. значна павялічылася. Гэта тлумачылася тым, што памешчыкі сталі актыўна дабівацца пераводу сваіх буйных вёсак у разрад мястэчак, паколькі ў такім выпадку яны атрымлівалі права адкрываць карчмы для продажу гарэлкі, што пры распаўсюджанні вінакурэння значна павялічвала прыбытковасць іх маёнткаў.

Паступова таварна-грашовыя адносіны ўсё больш уваходзілі ў жыццё насельніцтва. Для развіцця гандлю ў першай палове ХІХ ст. надавалася ўвага паляпшэнню шляхоў зносін: будаваліся паштовыя тракты, рэканструяваліся водныя каналы (Аўгустоўскі, Бярэзінскі, канал Агінскага і інш. ). Важную ролю ў пашырэнні гандлю адыгрывалі кірмашы, якія праводзіліся ў час рэлігійных святаў. У Беларусі дзейнічала каля 270 кірмашоў, найбольш вядомымі з якіх былі Кантрактавы кірмаш у Мінску, Троіцкі ў Гомелі, Зэльвенскі і Свіслацкі ў Гродзенскай губерні, Любавіцкі – у Магілёўскай, Асвейскі і Бешанковіцкі – у Віцебскай. Але з цягам часу павялічвалася роля стацыянарнага гандлю ў крамах гарадоў і мястэчак.

Такім чынам, у сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі першая палова ХІХ ст. характарызавалася крызісам феадальна-прыгонніцкай сістэмы, які выявіўся ў памяншэнні даходаў уласнікаў зямлі, павелічэнні павіннаснага ўціску сялян, што таксама з’яўлялася вялікай перашкодай на шляху развіцця гарадской прамысловасці.

4. Грамадска-палітычны рух на землях Беларусі. На развіццё грамадскага руху ў Беларусі ў першай палове ХІХ ст. аказаў уплыў шэраг падзей: падзелы Рэчы Паспалітай і ліквідацыя дзяржаўнасці ВКЛ і Польшчы, Вялікая Французская рэвалюцыя, вайна 1812 г. і ўключэнне Царства Польскага ў склад Расійскай імперыі. Арганізатарамі і ўдзельнікамі нацыянальна-вызваленчага руху былі ў першую чаргу шляхецкая інтэлігенцыя і студэнты. У сваёй барацьбе за незалежнасць яны падтрымлівалі сувязі з перадавымі людзьмі Польшчы і Расіі. Асяродкам выспявання ідэй вальнадумства і аб’яднання іх прыхільнікаў у розныя арганізацыі ў першай палове ХІХ ст. стаў Віленскі універсітэт.

Тайныя таварыствы. У 1817 г. студэнты Віленскага універсітэта ўтварылі тайнае патрыятычнае згуртаванне, якое назвалі «Таварыства філаматаў» (аматараў ведаў). У яго ўвайшлі таленавітыя маладыя людзі, імёны якіх стануць вядомыя ў свеце. Найперш, паэт з сусветным імем Адам Міцкевіч, пачынальнік новай беларускай літаратуры і фалькларыст Ян Чачот, таленавіты паэт і грамадскі дзеяч Тамаш Зан, вялікі вучоны і асветнік Ігнат Дамейка і інш. Старшынёй Таварыства быў выхадзец з Украіны Язэп Яжоўскі.

Таварыства філаматаў мела аддзяленні ў Свіслацкай гімназіі, Полацкім піярскім вучылішчы і іншых навучальных установах. З мэтай пашырэння свайго ўплыву Таварыства ў 1819 г. стварыла шэраг структур ― «Таварыства сяброў», «Таварыства філарэтаў» (аматараў дабрачыннасці), «Саюз прамяністых», «Таварыства літаратараў».

Філаматы трактавалі веды і навуку як найвышэйшыя каштоўнасці чалавека, выступалі супраць афіцыйнай палітыкі ў галіне адукацыі, асуджалі прыгонніцтва і феадальна-абсалютысцкія парадкі. Галоўнай мэтай, якую ставілі перад сабой філаматы і іншыя суполкі, − асвета роднага краю. Яны вывучалі прыроду, гаспадарку, этнаграфію, фальклор, мову Беларусі. Ставілі задачу падрыхтаваць моладзь да рознабаковай дзейнасці на карысць Айчыны, пад якой разумелася былое Вялікае княства Літоўскае.

У 1823 г. «Таварыства філаматаў» было раскрыта ўладамі, а многія яго ўдзельнікі падвергнуты рэпрэсіям праз турэмнае зняволенне і высылку за межы Бацькаўшчыны. Але, нягледзячы на гэта, менавіта дзякуючы філаматам і іх выхавальнікам у Віленскім універсітэце пачала кшталтавацца беларуская нацыянальная ідэя.

Паўстанне 1830− 1831 г. У лістападзе 1830 г. у Варшаве пачалося нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць царскай Расіі. Для падрыхтоўкі паўстання ў Беларусі і Літве ў студзені-лютым 1831 г. быў створаны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт, а ўжо вясной беларускія землі далучыліся да паўстання. Найбольш актыўная барацьба разгарнулася на Віленшчыне, у Ашмянскім, Браслаўскім, Вілейскім паветах. На памежжы Віцебскай і Віленскай губерняў дзейнічаў атрад, створаны графіняй Эміліяй Плятэр ― паэткай і збіральніцай беларускага фальклору, якая атрымала званне капітана і была прызначана ганаровым камандзірам роты паўстанцкага атрада.

У стане паўстанцаў існавала дзве плыні:

1) рэвалюцыйная на чале з Я. Лялевелем, якая выступала за надзяленне сялян зямлёй (з кампенсацыяй страт памешчыкам) і супольную з расійскім народам барацьбу супраць царызму «за нашу і вашу свабоду»;

2) арыстакратычна-кансерватыўная, прыхільнікі якой галоўнай мэтай лічылі аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.

Неарганізаванасць кіраўніцтва паўстаннем зводзіла на нішто патрыятычныя памкненні шляхты і простага насельніцтва. У выніку 19 чэрвеня 1831 г. паўстанцы пацярпелі паражэнне ад 26-тысячнага расійскага войска ў бітве пад Вільняй. У ліпені 1831 г. паўстанне перакінулася на Мазырскі, Рэчыцкі і Пінскі паветы, але да канца жніўня 1831 г. яно было падаўлена расійскім войскам, а яго ўдзельнікі былі падвергнуты рэпрэсіям.

Змены ў палітыцы царызму пасля паўстання. Нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1830− 1831 г. паказала, што палітыка царскага ўрада канца ХVІІІ − пачатку ХІХ ст. у адносінах да мясцовай шляхты не прынесла плёну, што шляхта не стала апорай самадзяржаўя, а, наадварот, актыўна ўдзельнічала ў антыўрадавых выступленнях. Таму пасля падаўлення паўстання палітыка царызму на землях Беларусі і Літвы рэзка змянілася.

Маёнткі памешчыкаў, якія ўдзельнічалі ў паўстанні, канфіскоўваліся і перадаваліся ў казну. Усяго ў пяці заходніх губернях і Беластоцкай вобласці было канфіскавана 217 маёнткаў, у якіх налічвалася 72, 5 тыс. прыгонных.

З мэтай аслаблення пазіцый шляхты згодна з царскім указам ад 19 кастрычніка 1831 г. на беларускіх і літоўскіх землях узмацніўся «разбор шляхты», у выніку якога больш за 10 тысяч прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя былі пазбаўлены права прыналежнасці да яго.

На землях Беларусі на змену паланізацыі прыйшоў перыяд адкрытай русіфікацыі краю. У 1832 г. быў створаны Камітэт па справах заходніх губерняў, зачынены Віленскі універсітэт, а з 1836 г. забаронена вывучэнне польскай мовы ў школах. Вялася актыўная праца па змяншэнню ўплыву каталіцкай царквы на грамадскую думку. Зачыняліся каталіцкія манастыры, а маёнткі, якія ім належалі, пераводзіліся ў разрад казённых. Канфіскаваныя прыватнаўласніцкія, дзяржаўныя і манастырскія землі перадаваліся расійскім памешчыкам у арэнду на сто гадоў.

У 1839 г. у Полацку быў арганізаваны сабор уніяцкіх мітрапалітаў, на якім было прынята рашэнне аб далучэнні уніяцкай царквы да праваслаўнай. Такім чынам, была ліквідавана адзіная ўстанова, якая ў сваёй дзейнасці карысталася беларускай мовай.

У 1830 і 1831 г. царскім указам была адменена дзейнасць Статута ВКЛ у Віцебскай і Магілёўскай губернях, а ў 1840 г. − на астатняй тэрыторыі Беларусі і Літвы. На гэтых землях былі ўведзены расійскія законы. Паводле ўказа Мікалая І ад 18 чэрвеня 1840 г. у афіцыйных дакументах замест назваў «Беларусь» і «Літва» былі ўведзены тэрміны «Западнорусские губернии» ці «Северо-Западный край».

Аднак рэпрэсіі і прымусовая русіфікацыя не спынілі развіцця нацыянальнага руху. Працягвалі дзейнічаць тайныя арганізацыі: «Дэмакратычнае таварыства», заснаванае ў 1836 г. у Вільні Францам Савічам, «Саюз свабодных братоў», які дзейнічаў у 1846–1849 г. у Вільні, Гродне, Мінску, Лідзе і іншых гарадах. У рукапісных спісах па тэрыторыі Беларусі распаўсюджваліся напісаныя па-беларуску паэмы «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат». Не толькі сяляне, але і шляхта ўсё больш актыўна карысталася беларускай мовай у паўсядзённым жыцці. Па-беларуску пісалі Я. Чачот, П. Багрым, В. Дунін-Марцінкевіч.

5. Культура Беларусі ў першай палове ХІХ ст. Як і на ўсе галіны жыцця беларускага грамадства, вызначальны ўплыў на культуру аказала ўключэнне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі. Вектар развіцця беларускай культуры і адукацыі вызначаўся расійскімі ўладамі, іх палітычнымі інтарэсамі.

У першай палове ХІХ ст. у палітыцы царызму на тэрыторыі Беларусі панавала тэорыя «заходнерусізма», згодна з якой беларусы не лічыліся самастойным этнасам, а разглядаліся як неад’емная частка рускага народа. Натуральна, што ім адмаўлялася ў праве мець сваі мову і культуру.

Умоўна ў развіцці культуры Беларусi ў XIX cт. можна вылучыць тры этапы:

1) канец XVIII ст. – 1830–1831 г. У першыя дзесяцiгоддзi пасля падзелаў Рэчы Паспалітай уплывам пры расiйскiм імператарскім двары карысталася апалячаная шляхта былога ВКЛ. Дзеля паразумення з яе прадстаўнікамі царскія ўлады дазволілі праводзіць адукацыю на польскай мове, што прывяло да паглыблення працэсаў паланiзацыi;

2) 1830–1831 г. – 1863–1864 г. Перыяд характарызаваўся ўзмоцненай русiфiкацыяй у сувязi з тым, што шляхта не спраўдзіла надзей на супрацоўніцтва і не стала апорай царскага рэжыму, а арганізавала і правяла два вызваленчыя паўстанні за аднаўленне незалежнасцi Рэчы Паспалітай;

3) 1863 – 1864 г. – пачатак ХХ ст. У гэты час насуперак палітыцы русіфікацыі адбывалася станаўленне беларускай нацыянальнай ідэі і фармiраванне беларускай нацыi.

    Адукацыя. У 1802 г. у Расійскай імперыі было створана Міністэрства народнай асветы і шэсць навучальных акруг на чале з універсітэтам. Навучальныя ўстановы Беларусі ўваходзілі ў Віленскую акругу, цэнтрам якой стаў Віленскі універсітэт (1803). У 1812 г. статус акадэміі з правамі і прывілеямі універсітэта атрымаў і Полацкі езуіцкі калегіум. Такім чынам, на тэрыторыі Беларусі некаторы час дзейнічалі дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы, прычым Віленскаму універсітэту быў уласцівы дух рамантызму і непакорлівасці (яго выпускнікі, студэнты і выкладчыкі з’яўляліся ўдзельнікамі паўстання 1830–1831 г. ), а Полацкая акадэмія стала сапраўднай сталіцай езуітаў, дзе вучыліся дзеці кансерватыўна настроенай шляхты.

Паводле школьнага статута 1828 г. адукацыя была саслоўнай:

прыходскiя вучылiшчы (1 год) ― для дзяцей «самых нiзкiх станаў»;

павятовыя вучылiшчы (3 гады) ― для купцоў, рамеснiкаў i iншых катэгорый

заможных гараджан;

гiмназii (4 гады) ― для дзяцей шляхты i чыноўнiкаў;

унiверсiтэты (5 год) ― вышэйшая ступень адукацыі для дзяцей шляхты i

чыноўнiкаў.     

У 1820-я г. пачалося распаўсюджванне ланкастэрскіх школ для небагатых вучняў. Гэтыя школы ўзніклі ў канцы XVIII – першай палове XIX ст. у розных краінах у выніку грамадскага руху за танны і хуткі спосаб атрымання адукацыі. Паводле ланкастэрскай сістэмы (ад імя англійскага педагога Дж. Ланкастэра) адбывалася навучанне дзяцей і дарослых больш падрыхтаванымі вучнямі пад кіраўніцтвам настаўніка. Першая ў Расійскай імперыі школа ўзаемнага навучання была адкрыта ў 1819 г. у Гомелі, у маёнтку графа М. Румянцава. У 1840-я гг. сталі адкрывацца пачатковыя школы для дзяржаўных с

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...