Важнейшыя падзеі. Кантрольныя пытанні і заданні. Прыкладная тэматыка рэфератаў. Літаратура. Тэма 11. Шлях да суверэнітэту і дзяржаўнай незалежнасці (1990– 2006)
ВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ 01. 09. 1939 г. − 02. 09. 1945 г. − Другая сусветная вайна. 22. 06. 1941 г. − 09. 05. 1945 г. − Вялікая Айчынная вайна савецкага народа супраць фашысцкай Германіі. Канец жніўня 1941 г. – поўная акупацыя нямецкімі войскамі тэрыторыі Беларусі. Верасень 1943 г. – пачатак вызвалення Беларусі. 23. 06–28. 07. 1944 г. – вызваленне Беларусі падчас Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён». 8 мая 1945 г. – падпісанне Германіяй акта аб безумоўнай капітуляцыі. 26 чэрвеня 1945 г. − заснаванне ААН. 2 верасня 1945 г. – капітуляцыя Японіі. Заканчэнне Другой сусветнай вайны. Сакавік 1954 г. – пачатак асваення цаліны. Люты 1956 г. – ХХ з’езд КПСС і пачатак дэсталінізацыі грамадства. 1965 г. – пачатак эканамічнай рэформы ў СССР. 1987–1991 г. – правядзенне ў СССР палітыкі перабудовы. 26 красавіка 1986 г. – аварыя на Чарнобыльскай АЭС.
КАНТРОЛЬНЫЯ ПЫТАННІ І ЗАДАННІ 1. Ці можна лічыць нападзенне Германіі на СССР 22 чэрвеня 1941 г. нечаканым? Адказ абгрунтуйце. 2. Вызначце прычыны няўдач Чырвонай Арміі на першым этапе вайны. 3. У чым былі цяжкасці і поспехі аднаўленчага перыяду 1943 – 1950 г.? 4. Дайце ацэнку гаспадарчай рэформе 1965 г. у Беларусі па наступных палажэннях: перадумовы, сутнасць, гістарычныя ўрокі. 5. Параўнайце лібералізацыю часоў «адлігі» і дэмакратызацыю часоў перабудовы ў грамадска-палітычным, эканамічным і культурным жыцці БССР. Зрабіце высновы. 6. Чым, на вашу думку, было выклікана нарастанне крызісных з’яў у сацыяльна-эканамічным і палітычным жыцці БССР у 1970-я г.? Растлумачце сутнасць паняццяў «дэфіцыт» і «застой».
ПРЫКЛАДНАЯ ТЭМАТЫКА РЭФЕРАТАЎ
1. Сацыяльна-эканамічнае жыццё на тэрыторыі Беларусі ва ўмовах нямецкай акупацыі (1941–1944).
2. Цяжкасці і поспехі пасляваеннага аднаўленчага перыяду (1943–1950). 3. Гаспадарчая рэформа 1965 г. у БССР і яе вынікі для сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. 4. Уплыў дасягненняў НТР на эканамічнае развіццё краіны. 5. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС і яе наступствы для сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны (эканамічная і экалагічная праблемы).
ЛІТАРАТУРА 1. Белязо А. П. Беларуская вёска ў пасляваенныя гады (1945–1950 гг. ). – Мінск: Выд-ва БДУ, 1974. 2. Галубовіч В. І. Перадумовы, сутнасць і гістарычныя ўрокі гаспадарчай рэформы 1965 г. // З гісторыі эканамічных рэформаў на Беларусі. Вып. 2. – Мінск, 1999. 3. Гиоргиадзе З. И., Геращенко Л. Ф. Белоруссия за десять пятилеток. – Минск: Наука и техника, 1982. 4. Грузіцкі Ю. Л. Грашовая рэформа 1947 г., яе перадумовы і вынікі // З гісторыі эканамічных рэформаў на Беларусі. Вып. 2. – Мінск, 1999. 5. Мядзведзеў Р. М. С. Хрушчоў. Палітычны партрэт. – Мінск: Беларусь, 1989. 6. Разуваева Н. Н. Супярэчнасці і цяжкасці сацыяльна-эканамічнага развіцця СССР у 1961 – 1985 гг. // Старонкі гісторыі савецкага грамадства: Факты, праблемы, людзі. – Мінск: Нар. асвета, 1990. 7. Сервачынскі І. Аграрная палітыка нацыстаў на Беларусі (1941 – 1944 гг. ) // Беларус. гіст. часопіс. – 1996. – № 4. 8. Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. – Мінск: Беларусь, 1993. 9. Факторович А. А. Крах аграрной политики немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии. –Минск: Наука и техника, 1979. 10. Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795 – 2002). – Мінск, 2003.
Тэма 11. Шлях да суверэнітэту і дзяржаўнай незалежнасці (1990– 2006) 1. Абвяшчэнне дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі і эвалюцыя палітычнай сістэмы. 2. Эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь у 1990 – 2006 г. 3. Рэспубліка Беларусь на міжнароднай арэне. 4. Духоўнае і культурнае жыццё беларускага народа на рубяжы стагоддзяў.
1. Абвяшчэнне дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі і эвалюцыя палітычнай сістэмы. На хвалі перабудовы і новага палітычнага мыслення ў СССР у канцы 1989 г. адбыліся змены ў краінах Усходняй Еўропы, якія ўваходзілі ў так званы «сацыялістычны лагер». У іх узняліся масавыя антытаталітарныя рухі за аднаўленне дэмакратычных правоў і свабод, якія прывялі да падзення кіруючых дзяржаўна-палітычных рэжымаў. Рух за набыццё дзяржаўнага суверэнітэту ў канцы 1980 - пачатку 1990- х г. актывізаваўся і ў рэспубліках СССР. Дэмакратызацыя перыяду перабудовы нечакана абвастрыла нацыянальныя праблемы, якія лічыліся кіраўніцтвам Савецкага Саюза вырашанымі. У 1990 г. адбыўся сапраўдны «парад суверэнітэтаў». Першымі запатрабавалі ажыццяўлення свайго канстытуцыйнага права на выхад са складу СССР рэспублікі Прыбалтыкі: у сакавіку 1990 г. аб поўнай дзяржаўнай незалежнасці абвясціў урад Літвы, а пазней - Латвіі і Эстоніі. У той жа час у Маскве стала відавочнай канфрантацыя паміж саюзным урадам М. С. Гарбачова, прызначанага ў сакавіку 1990 г. прэзідэнтам СССР, і кіраўніцтвам РСФСР на чале з Б. М. Ельцыным. 12 чэрвеня 1990 г. быў абвешчаны дзяржаўны суверэнітэт Расійскай Федэрацыі, а 16 ліпеня 1990 г. - Украіны. Пад уплывам падзей, якія адбываліся ў суседніх рэспубліках, рух за набыццё дзяржаўнага суверэнітэту актывізаваўся і ў Беларусі. Гэтаму спрыялі таксама праведзеныя ў 1990 г. у БССР першыя альтэрнатыўныя выбары і абранне ў беларускі парламент значнай колькасці прыхільнікаў дэмакратычнага развіцця. 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. Першы артыкул гэтага дакумента дэклараваў, што Беларусь з’яўляецца суверэннай дзяржавай, якая ўсталявана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад’емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу. Пры гэтым ажыццяўленне пералічаных прынцыпаў планавалася ў рамках Савецкага Саюза, ператворанага ў дэмакратычную прававую дзяржаву. Між тым, палітычная сітуацыя ў СССР абвастралася, паўстала пытанне аб магчымасці існавання Саюза ўвогуле. У сакавіку 1991 г. адбыўся рэферэндум па праблеме захавання СССР, у якім прынялі ўдзел толькі 9 з 15 саюзных рэспублік (акрамя Літвы, Латвіі, Эстоніі, Грузіі, Арменіі і Малдовы). І хоць 3/4 удзельнікаў галасавання выказаліся станоўча на карысць СССР, але гэта не магло адбыцца пры адначасовым жаданні рэспублік ажыццяўляць дзяржаўны суверэнітэт.
Палітычная сітуацыя ўскладнялася пагаршэннем эканамічнага становішча. 2 красавіка 1991 г. урад СССР павялічыў цэны на прадукты харчавання, што выклікала ў Беларусі шматтысячныя забастоўкі, адным з галоўных патрабаванняў якіх было ўсталяванне дзяржаўнай незалежнасці. Путч ГКЧП. Падчас падрыхтоўкі новага саюзнага дагавора актывізаваліся рэакцыйныя сілы ў Маскве, якія выступалі супраць змен ва ўсіх сферах жыцця грамадства і за захаванне Савецкага Саюза як унітарнай дзяржавы. У перыяд з 19 па 21 жніўня 1991 г. група вышэйшых дзяржаўных асоб, карыстаючыся адсутнасцю ў Маскве М. С. Гарбачова, здзейсніла спробу дзяржаўнага перавароту. Прадстаўнікі партыйна-дзяржаўнай наменклатуры звярнуліся да грамадзян СССР з заявай аб тым, што палітыка перабудовы зайшла ў тупік, прэзідэнт «у сувязі з хваробай" не можа выконваць свае функцыі, і абвясцілі, што ўлада пераходзіць да створанага імі Дзяржаўнага камітэта па надзвычайнаму становішчу. Гэтыя падзеі ўвайшлі ў гісторыю як путч ГКЧП (ад расійскага ― Государственный комитет по чрезвычайному положению). Аднак дэмакратычныя сілы на чале з Б. М. Ельцыным арганізавалі сапраўдную акцыю грамадзянскага непадпарадкавання ГКЧП, паколькі відавочнымі былі сапраўдныя мэты змоўшчыкаў: пры дапамозе войскаў і КДБ падавіць дэмакратычныя рухі і аднавіць таталітарны рэжым у СССР. У шмат якіх рэспубліках і гарадах прайшлі мітынгі і дэманстрацыі пратэсту. На тэрыторыі Беларусі партыйнае кіраўніцтва падтрымала путч, але дэмакратычныя сілы рэспублікі адкрыта выступілі супраць змовы і па прыкладу Масквы арганізавалі мітынгі пратэсту. Путч з самага пачатку быў асуджаны на няўдачу, паколькі немагчыма атрымаць прыхільнасць насельніцтва, вяртаючы яго ў лона таталітарнага рэжыму. Шлях да незалежнасці. Правал путча значна паскорыў працэсы дэзінтэграцыі ў Савецкім Саюзе і спрычыніўся да хутчэйшага набыцця Беларуссю сапраўднага дзяржаўнага суверэнітэту. 25 жніўня 1991 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў рашэнне аб наданні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статуса канстытуцыйнага закона. На тэрыторыі Беларусі, як і ўсяго Савецкага Саюза, была прыпынена дзейнасць КПСС. Законам «Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці БССР», прынятым 26 жніўня 1991 г., усе прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы саюзнага падпарадкавання, размешчаныя на тэрыторыі БССР, пераводзіліся ва ўласнасць рэспублікі.
А 19 верасня 1991 г. вышэйшы заканадаўчы орган краіны зрабіў наступны крок насустрач дзяржаўнаму суверэнітэту – у гэты дзень была зацверджана новая назва дзяржавы – «Рэспубліка Беларусь», а яе дзяржаўнымі сімваламі сталі бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». 18 кастрычніка 1991 г. быў прыняты Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». Разам з тым саюзнае кіраўніцтва рабіла апошнія спробы стрымаць канчатковы развал СССР. На пачатку верасня 1991 г. у Маскве працаваў V з’езд народных дэпутатаў СССР, які так і не здолеў стварыць новы Вярхоўны Савет СССР, паколькі некаторыя рэспублікі накіравалі туды сваіх прадстаўнікоў толькі з правам назірання. Было відавочна, што прапанаваныя Прэзідэнтам СССР М. С. Гарбачовым прынцыпы аб’яднання ў рэспубліках сустрэлі насцярожана. Да таго ж, факт афіцыйнага прызнання 9 верасня 1991 г. незалежнасці трох Прыбалтыйскіх рэспублік яшчэ больш умацаваў цэнтрабежныя сілы ў СССР. Кіраўнікамі Беларусі (С. Шушкевіч), Расіі (Б. Ельцын) і Украіны (Л. Краўчук) 8 снежня 1991 г. былі падпісаны Белавежскія або Віскулёўскія пагадненні (ад назвы ўрадавай рэзідэнцыі «Віскулі» ў Белавежскай пушчы) аб утварэнні новай саюзнай супольнасці – Садружнасці Незалежных Дзяржаваў (СНД) са штаб-кватэрай у Мінску. Адначасова было абвешчана аб дэнансацыі дагавора аб утварэнні СССР ад 30. 12. 1922 г. Да канца снежня да СНД далучыліся Казахстан, Малдова і Азербайджан. Сітуацыя, звязаная з узнікненнем СНД, ацэньваецца неадназначна. З аднаго боку, распад СССР прывёў да парушэння эканамічных сувязяў, якімі былі звязаны прадпрыемствы ў адзіны эканамічны арганізм. Гэта прывяло да скарачэння вытворчасці, паглыблення крызісу і, як следства, да рэзкага падзення жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Да таго ж, у некаторых рэгіёнах былога СССР выбухнулі нацыянальныя канфлікты. З другога боку, распад Савецкага Саюза садзейнічаў афармленню незалежнасці рэспублік, якія атрымалі рэальную магчымасць будаваць сваю дзяржаўнасць. Перад Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь стаялі задачы па фарміраванню органаў дзяржаўнага кіравання, стварэнню Узброеных Сіл, мытнай службы, банкаўскай сістэмы Беларусі і інш.
Для замацавання суверэнітэту важнае значэнне мела прыняцце Вярхоўным Саветам 15 сакавіка 1994 г. у якасці асноўнага закона Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Згодна з яе артыкуламі, Беларусь абвяшчалася унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай дзяржавай. Канстытуцыя ўвяла пасаду прэзідэнта і замацавала прынцып падзелу ўлады. Выбары першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адбыліся 10 ліпеня 1994 г. У другім туры перамогу атрымаў А. Р. Лукашэнка. Эвалюцыя палітычнай сістэмы суверэннай Беларусі звязана і з правядзеннем агульнарэспубліканскіх рэферэндумаў: · рэферэндум 14 мая 1995 г. , паводле якога адбылася замена дзяржаўнай сімволікі; рускай мове быў нададзены статус другой дзяржаўнай мовы; былі адобраны дзеянні Прэзідэнта, накіраваныя на інтэграцыю з Расіяй; унесены змены ў Канстытуцыю, згодна з якімі Прэзідэнт атрымаў права датэрмінова спыняць паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета ў выпадку парушэння апошнім Канстытуцыі; · рэферэндум 24 лістапада 1996 г. праводзіўся па пытаннях аб прыняцці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. са змяненнямі і дапаўненнямі, аб перанясенні Дня незалежнасці з 27 ліпеня на 3 ліпеня, за якія прагаласавала большасць выбаршчыкаў. Але пры гэтым народ выказаўся супраць свабоднай, без абмежаванняў, куплі і продажу зямлі і супраць адмены смяротнай кары ў Беларусі. Умовы правядзення і вынікі гэтага рэферэндуму неадназначна былі ацэнены сусветнай супольнасцю. У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Канстытуцыі значна пашырылася кола правоў і абавязкаў Прэзідэнта: ён не з’яўляецца кіраўніком урада, прызначае ўсіх вышэйшых службовых асоб, фарміруе ўрад, падпісвае законы і выдае дэкрэты, якія маюць сілу закона, валодае правам распускаць абедзве палаты Нацыянальнага сходу. У Нацыянальны сход быў перайменаваны парламент Беларусі. Ён з’яўляецца прадстаўнічым і заканадаўчым органам улады і складаецца з дзвюх палат: Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. А. Р. Лукашэнка 9 верасня 2001 г. быў пераабраны Прэзідэнтам Беларусі на другі тэрмін; · рэферэндум 17 кастрычніка 2004 г. , на які было вынесена пытанне: «Ці дазваляеце Вы першаму Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнку А. Р. удзельнічаць у якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах і ці прымаеце частку першую артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: «Прэзідэнт выбіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на падставе ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні». Па выніках рэферэндуму і на падставе новай папраўкі ў Асноўны закон дзяржавы 19 сакавіка 2006 г. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь трэці раз абраны А. Р. Лукашэнка. 2. Эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь у 1990 – 2006 г. Пошук новых шляхоў эканамічнага развіцця звязваўся суверэннай Беларуссю з пераходам да рыначных адносін. Першымі крокамі ў гэтым накірунку стала раздзяржаўленне і прыватызацыя. На пачатку станаўлення дэмакратыі ў краінах на постсавецкай прасторы дзейнічаў цалкам ліберальны прынцып: «Дазволена ўсё, што не забаронена законам». Але шлях краін Заходняй Еўропы да рыначнай эканомікі быў паступовым і натуральным, праз сістэму першапачатковага накаплення капіталу і стварэнне рыначнай інфраструктуры. На працягу больш чым двух стагоддзяў у гэтым рэгіёне праходзіла кшталтаванне і ўдасканаленне заканадаўчай базы эканамічнага развіцця. Пры пераходзе ад камандна-адміністрацыйнай эканомікі да рыначных адносін на пачатку 90-х г. ХХ ст. такой базы папросту не існавала. Таму вышэйадзначаны прынцып разумеўся ў краінах былога СССР абсалютна адвольна і па сутнасці ператварыўся ў беззаконнасць. Яшчэ ў канцы 80-х г. ХХ ст., калі ў Савецкім Саюзе быў уведзены закон аб кааперацыі, у большасці саюзных рэспублік ва ўмовах панавання аднапартыйнай сістэмы, манаполіі дзяржаўнай уласнасці і наяўнасці карупцыі кааператывы ўзначальвалі партыйныя і камсамольскія работнікі. А на пачатку 1990-х г. абвешчаная прыватызацыя па сутнасці ператварылася ў крадзеж. Беларусь, уступіўшы на шлях рэфармавання пазней за сваіх суседзяў, магла скарыстаць іх вопыт і не паўтарыць іх памылак. Краіна мела нядрэнныя стартавыя магчымасці: патэнцыял вытворчасці, выгаднае геаграфічнае становішча і самы нізкі ўзровень карумпіраванасці сярод усіх рэспублік СССР. У кастрычніку 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Праграму пераходу да рыначных адносін, якая прадугледжвала: 1) раздзяржаўленне, прыватызацыю, дэманапалізацыю і развіццё канкурэнцыі; 2) стварэнне банкаўскай сістэмы, бюджэтнага і падатковага механізмаў, сістэмы цэнаўтварэння; 3) стварэнне рыначнай інфраструктуры ― рынку тавараў, капіталу, паслуг, працоўнай сілы і г. д.; 4) сацыяльную ахову насельніцтва ва ўмовах пераходу да рынку; 5) пераадоленне наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Апошні пункт быў асабліва важны, паколькі праблема Чарнобыля станавілася ўсё больш праблемай толькі Беларусі, пасля распаду СССР грошы на ліквідацыю наступстваў аварыі з саюзнага бюджэту перасталі паступаць, і ў перыяд незалежнасці ў бюджэце Рэспублікі Беларусь прадугледжвалася на гэтыя мэты каля 16 % выдаткаў. Аднак рэфармаванне народнай гаспадаркі адбывалася не так хутка, як планавалася, і ў 1991–1993 г. у краіне рэзка абвастрыўся эканамічны крызіс. У пэўнай ступені ён быў абумоўлены пераходным працэсам да новай сістэмы гаспадарання, структурнай перабудовай народнай гаспадаркі, усталяваннем новых гаспадарчых сувязяў. У Савецкім Саюзе Беларусь выконвала ролю так званага «зборачнага цэха», тут завяршаўся цыкл многіх галін прамысловай вытворчасці. З распадам СССР парушыўся і адзіны эканамічны арганізм, мэтанакіравана створаны ўрадам, спынілася вытворчасць прадпрыемстваў, у фінансавай сферы панавала гіперінфляцыя. Вярхоўным Саветам 30 верасня 1994 г. была прынята Праграма неадкладных мер па выхаду эканомікі Рэспублікі Беларусь з крызісу, прапанаваная Прэзідэнтам А. Р. Лукашэнкам. З аднаго боку, гэтая Праграма была дастаткова радыкальная, яна прадугледжвала лібералізацыю цэнаўтварэння, аслабленне падаткаў, прыватызацыю, а з другога ― строгі кантроль за прыватнай гаспадарчай дзейнасцю. Эканамічнай стратэгіяй краіны быў абвешчаны «рыначны сацыялізм», а спосабам вырашэння задач ― дысцыпліна на ўсіх узроўнях вытворчасці. У верасні 1996 г. Прэзідэнтам былі зацвержаны «Асноўныя накірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 1996–2000 гг. ». Мэтай праграмы стала пабудова сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі на падставах: · шырокага ўдзелу дзяржавы ў кіраванні эканомікай; · задавальнення сацыяльных запатрабаванняў у галіне аховы здароўя, культуры, адукацыі; · прыпынення прыватызацыі; · адмовы ад ліквідацыі калгасаў; · адмовы ад фарсіраваных тэмпаў пераходу да фермерскага гаспадарання на вёсцы і інш. Важным штуршком для некаторай стабілізацыі эканомікі паслужыла падпісанне вясной 1996 г. Б. М. Ельцыным і А. Р. Лукашэнкам пагаднення «Аб задавальненні ўзаемных прэтэнзій Беларусі і Расіі». Згодна з дакументам, беларускія даўгі за энерганосьбіты ў памеры 1, 4 млрд. амерыканскіх долараў былі спісаны, і краіны перайшлі да так званага «нулявога варыянта». Аднак пры выкананні праграмных палажэнняў былі заўважаны некаторыя негатыўныя фактары. У першую чаргу, гэта аднабаковая прывязанасць эканомікі Беларусі да расійскай эканомікі. Пасля жнівеньскага 1998 г. дэфолта ў Расіі зменшыліся паказчыкі развіцця і ў Беларусі. Разам з тым у канцы 1990-х г. эканамічная сітуацыя ў краіне стабілізавалася, а ў 2005 г. упершыню быў дасягнуты прафіцыт бюджэту. З мэтай стварэння ўмоваў для прыярытэтнага сацыяльна-эканамічнага развіцця сельскай мясцовасці і павышэння эфектыўнасці працы аграпрамысловага комплексу 25. 03. 2005 г. была прынята дзяржаўная Праграма адраджэння і развіцця сяла на 2005 – 2010 г. Асноўнымі мэтамі Праграмы з’яўляюцца адраджэнне і развіццё сяла на аснове ўмацавання аграрнай эканомікі, павышэнне даходаў сельскага насельніцтва, узроўню сацыяльнага, бытавога і інжынернага ўладкавання сельскіх населеных пунктаў, захаванне і паляпшэнне экалогіі ў іх і рацыянальнае выкарыстоўванне інвестыцый. Згодна з прагнозамі, рэалізацыя Праграмы дазволіць забяспечыць тэхнічнае і тэхналагічнае пераабсталяванне АПК, павялічыць аб’ём валавой унутранай прадукцыі на 45 %, пабудаваць 1 480 аграгарадкоў, палепшыць жыллёва-бытавыя ўмовы сельскага насельніцтва. На падставе Праграмы плануецца стварыць устойлівую аграрную эканоміку, якая будзе гарантаваць харчовую бяспеку краіны і забяспечыць больш высокі ўзровень жыцця сельскага насельніцтва. Пошук Беларуссю шляхоў пабудовы ўласнай эканамічнай мадэлі працягваецца. Пачалася практычная рэалізацыя перспектыўнай ідэі стварэння Парка высокіх тэхналогій. На сучасным этапе рэфармаванне эканомікі ажыццяўляецца ў адпаведнасці са зместам шэрагу Дзяржаўных праграм – Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2010 г., Канцэпцыя сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2015 г., Асноўныя накірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006 – 2010 г. і інш. 3. Рэспубліка Беларусь на міжнароднай арэне. З часу набыцця суверэнітэту Рэспубліка Беларусь ператварылася ў паўнапраўны суб’ект міжнароднай супольнасці. Атрымаўшы міжнароднае прызнанне, Рэспубліка Беларусь пачала ўсталёўваць дыпламатычныя адносіны з краінамі свету. Толькі ў 1991 – 1995 г. было падпісана звыш за 600 двухбаковых міждзяржаўных і міжурадавых дагавораў па пытаннях знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай дзейнасці. На новы ўзровень перайшла дзейнасць Рэспублікі Беларусь у складзе Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Беларусь з’яўляецца членам 13 спецыялізаваных установаў ААН. За кароткі тэрмін дзяржава стала членам Арганізацыі Бяспекі і Супрацоўніцтва ў Еўропе і атрымала статус спецыяльна запрошанай у Савеце Еўропы. У 1992 г. з рэспублікі была выведзена тактычная ядзерная зброя, Беларусь адмовілася ад статуса ядзернай дзяржавы. У 1992 г. Рэспубліка Беларусь уступіла ў Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародную фінансавую карпарацыю і інш. Умацаванню палітычных і эканамічных кантактаў Рэспублікі Беларусь з Еўрасаюзам (ЕС) садзейнічалі заключаныя Дагавор аб партнёрстве і супрацоўніцтве з ЕС (1994 г. ) і Рамачнае гандлёвае пагадненне з ЕС (1995 г. ). Аднак, неабходна прызнаць, што адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і ЕС не прывялі да ўсталявання цесных узаемаадносін. Ужо ў 1995 г. Беларусі было адмоўлена ў паўнапраўным удзеле ў Савеце Еўропы па выніках выбараў, якія еўрапейскімі назіральнікамі былі прызнаныя недэмакратычнымі, а ў 1997 г. Беларусь была пазбаўлена статусу спецыяльна запрошанай краіны ў Савеце Еўропы. Палітыка Еўрасаюза і ЗША ў адносінах да Беларусі вызначаецца як стратэгія «выбарачных кантактаў», якая прадугледжвае ізаляцыю афіцыйнага Мінска і наладжванне ўзаемаадносін са структурамі грамадзянскай супольнасці. Адносіны з краінамі СНД. Галоўным накірункам міжнароднай дзейнасці Рэспублікі Беларусь з’яўляецца ўмацаванне адносін з краінамі СНД. 29 сакавіка 1996 г. быў падпісаны Дагавор аб паглыбленні эканамічнай інтэграцыі з Расіяй, Казахстанам і Кыргызстанам («саюз чатырох»). У 2003 г. краінамі СНД была створана арганізацыя рэгіянальнай інтэграцыі. Беларусь, Расія, Украіна і Казахстан падпісалі Пагадненне аб фарміраванні Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) з мэтай стварэння зоны свабоднага гандлю. Але, бясспрэчна, прыярытэт адводзіцца пашырэнню і ўмацаванню стасункаў з Расіяй. Можна вылучыць асноўныя этапы інтэграцыі Беларусі і Расіі: 1) 2 красавіка 1996 г. быў заключаны Дагавор аб Супольнасці суверэнных дзяржаваў ― Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі; 2) 2 красавіка 1997 г. падпісаны Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі, які прадугледжваў забеспячэнне ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця краін, іх бяспекі, абараназдольнасці; 3) 8 снежня 1999 г. – Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Асноўныя накірункі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь на бліжэйшы час і на перспектыву вызначыў А. Р. Лукашэнка, выступаючы са штогадовым пасланнем Прэзідэнта да Парламента. Галоўным прынцыпам знешняй палітыкі названа шматвектарнасць. 4. Духоўнае і культурнае жыццё беларускага народа на рубяжы стагоддзяў. Ва ўмовах дэмакратызацыі грамадска-палiтычнага і сацыяльна-эканамічнага жыцця ў Савецкім Саюзе ў другой палове 1980-х г. паскорыўся працэс духоўнага і культурнага развіцця ў Беларусі. Важную ролю ў гэтым адыграла палітыка галоснасці, якая вызваліла культуру ад дыктату партыйнага апарату, скасавала ідэалагічныя рамкі і прынцыпы часоў сацыялізму, у якія было «ўціснута» духоўнае жыццё насельніцтва, і спрыяла пачатку новага этапа беларускага нацыянальнага Адраджэння. Аднак на гэтым шляху мелася шмат цяжкасцяў, якія патрабавалі пераадолення. У першую чаргу беларусам неабходна было ўспомніць, што яны ― не толькі «савецкі народ», а нашчадкі шматвяковай гісторыі і культуры. Неабходна адзначыць, што такія ж працэсы адбываліся і ў іншых саюзных рэспубліках. У адраджэнні пачатку 1990-х г. можна вызначыць некалькі ключавых момантаў: 1) адраджэнне беларускай мовы. 26 студзеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў закон, згодна з якім беларуская мова набыла статус дзяржаўнай. Законам прадугледжваўся паступовы перавод на дзяржаўную мову ўстановаў ураду, навукі, адукацыі, культуры і інш. Па сутнасці, гэта была другая беларусізацыя ў ХХ ст. Пры гэтым у Беларусі дазвалялася свабоднае выкарыстанне іншых моваў нацыянальных меншасцяў. Мовай міжнацыянальных зносін была прызнана руская; 2) адраджэнне беларускай культуры. 4 верасня 1991 г. быў прыняты Закон аб культуры, які гарантаваў свабоду творчай дзейнасцi, абарону інтэлектуальнай уласнасці, адмаўленне ад манапалізму ў культуры, права на развіццё культуры нацыянальных супольнасцяў і інш. Паводле Закона аб свабодзе веравызнання ў Рэспубліцы Беларусь (1992 г. ), у нацыянальную культуру пачалі вяртацца прынцыпы хрысціянскай духоўнасці і маралі; 3) вяртанне гiстарычнай спадчыны. Гістарычная памяць народа з’яўляецца сведчаннем яго самабытнасці і разумення сваёй ролі ў развіцці сусветнай цывілізацыі. Дэмакратызацыя грамадскага жыцця ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х г. стварыла спрыяльныя ўмовы для вяртання гістарычнай спадчыны Беларусі. Пiсьменнiкi i гiсторыкi краіны пачалi звяртацца да нацыянальнай гiсторыi, выводзiлi на свет з небыцця гiстарычныя асобы: полацкіх князёў, князёў ВКЛ, прадстаўнікоў беларускай культуры, дзеячоў нацыянальна-вызваленчага руху і інш. Пачалася новая хваля рэабілітацыі ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Значную ролю ў гэтым працэсе адыграла выданне часопісаў «Спадчына», «Беларуская мінуўшчына», «Беларускі гістарычны часопіс», «Беларуская думка» і інш. На іх старонках друкаваліся артыкулы, у якіх, у адпаведнасці з нацыянальнай канцэпцыяй, па-новаму ацэньваліся шмат якія падзеі даўняга і недалёкага гістарычнага мінулага Беларусі. Навукова-папулярная гістарычная літаратура пачатку 1990-х г. мела самы высокі рэйтынг, што сведчыла пра цікавасць народа да сваіх гістарычных каранёў і мінулага сваёй краіны. У гэтым накірунку развіваліся таксама літаратура і мастацтва. Такім чынам, поспеху нацыянальна-культурнага адраджэння ў першыя гады незалежнасці, у першую чаргу, садзейнічаў той факт, што стварэнне беларускай нацыянальна-дзяржаўнай ідэалогіі стала афіцыйным накірункам палітыкі ўлад. Важнай задачай дзяржавы ў галіне культуры з’яўляецца захаванне помнікаў гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны. У Беларусі праводзіцца вялікая рэстаўрацыйная праца, дзякуючы якой другое жыццё набылі Мірскі замак, Камянецкая вежа, палац Радзівілаў у Нясвіжы і інш. Мірскі замак і Нясвіжскі палац унесены Міжнароднай арганізацыяй ЮНЕСКА ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны.
Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|