Літаратура
1. Бохан Ю. М. Войска ВКЛ у другой палове ХІV – канцы ХVІ ст. – Мінск, 2002. 2. Бушчык Г. П. Прычыны, механізмы і вынікі аграрнай рэформы сярэдзіны ХVІ – першай паловы ХVІІ ст. // З гісторыі эканамічных рэформаў на Беларусі. – Мінск: Экаперспектыва, 1997. Вып. 2. – С. 3 – 14. 3. Вішнеўскі А. Ф., Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. – Мінск, 1998. 4. Гісторыя сялянства Беларусі: У 3 т. Т. 1. – Мінск, 1997. – С. 46 – 121. 5. Голубеў В. Ф. Вялікая аграрная рэформа ХVІ ст. //Спадчына. – 1993. – № 4. – С. 63 – 78. 6. Голубеў В. Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі: ХVІ – ХVІІІ стст. – Мінск, 1992. – С. 21 – 90. 7. Іванова Л. Рэфармацыйны рух на Беларусі (другая палова ХVІ – першая палова ХVІІ стст. ) //Беларускі гістарычны часопіс. – 1997. – № 2. – С. 65–85. 8. Лойка П. А. Шляхта беларускіх зямель у грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы ХVІ – першай трэці ХVІІ ст. – Мінск, 2001. 9. Мараш Я. Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569–1795). – Мн., 1971. 10. Марозава С. В. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596–1839 гады). –Гродна, 2001. 11. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. – Мінск, 1994-1995. 12. Падокшын С. А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі. – Мінск, 1990. 13. Пичета В. И. Аграрная реформа Сигизмунда Августа в Литовско-Русском государстве. – М.: Изд-во АН СССР, 1958. – С. 183 – 202. 14. Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца ХVІІІ стагоддзя. – Мінск, 2001. 15. Спиридонов М. Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (ХV–ХVІ вв. ). Минск: Наука и техника, 1993. – С. 84 – 113.
Тэма 5. Беларусь у другой палове ХVІІ – ХVІІІ ст. 4. Войны сярэдзіны – другой паловы ХVІІ ст. і іх уплыў на развіццё
Беларусі. 5. ВКЛ у Паўночнай вайне (1700 – 1721). 6. Культура Беларусі ў другой палове ХVІІ – ХVІІІ ст. Ідэалогія Асветніцтва. 4. Спробы мадэрнізацыі жыцця ў другой палове ХVІІІ ст. Рэформы А. Тызенгаўза ў дзяржаўных уладаннях. 5. Падзелы Рэчы Паспалітай. Паўстанне Т. Касцюшкі 1794 г. 1. Войны сярэдзіны – другой паловы ХVІІ ст. ХVІІ і іх уплыў на развіццё Беларусі. Другая палова ХVІІ ст. - пачатак ХVІІІ ст. сталі самым цяжкім часам у беларускай гісторыі. Ён атрымаў назву «разбуральнага», або «крывавага стагоддзя», паколькі ў гэты перыяд усю Рэч Паспалітую ахапіла паласа працяглых войнаў і палітычнай смуты. Распачаўся ён з казацкага паўстання ва Украіне пад кіраўніцтвам гетмана Запарожскага войска Багдана Хмяльніцкага. Казацка-сялянская вайна (1648–1651). Змагаючыся за незалежнасць Украіны, Б. Хмяльніцкі меў на мэце стварэнне ўласнай дзяржавы, у межы якой хацеў уключыць і паўднёвыя землі Беларусі — Падняпроўе і Палессе. Каб заручыцца падтрымкай мясцовага насельніцтва, на землях Беларусі распаўсюджваліся гетманскія універсалы, у якіх Хмяльніцкі заклікаў жыхароў уздымацца на барацьбу супраць «паноў і ляхаў». Б. Хмяльніцкі нават пасылаў на Палессе казацкія загоны, якія ўзначальвалі Галавацкі, Галота, Нябаба, Гаркуша і іншыя яго паплечнікі. Гэтыя атрады адыгралі ролю каталізатара ў пачатку народнага руху на тэрыторыі Паўднёвай Беларусі. Звесткі пра перамогі Хмяльніцкага над каронным войскам у маі 1648 г. пад Корсунем і Жоўтымі Водамі спрыялі ўцягванню ва ўзброеную барацьбу сялян і гарадскіх нізоў Беларусі, асабліва на памежных з Украінай тэрыторыях. Казацка-сялянскія атрады авалодалі Гомелем, Лоевам, Чачэрскам, Брагінам, Бабруйскам, Пінскам, Кобрынам і некаторымі іншымі гарадамі. Па сваім характары вайна ў Беларусі мела яскрава выражаны антыфеадальны, антыкаталіцкі і антыуніяцкі характар. Дзейнасць казацка-сялянскіх атрадаў заключалася найперш у руйнаванні і рабаванні шляхецкіх маёнткаў, а таксама пераследаванні і фізічным вынішчэнні уніятаў і католікаў, якія вымушаны былі ратавацца ўцёкамі ўглыб краіны. Не пазбеглі казацкіх рэпрэсій і прадстаўнікі іудзейскага веравызнання.
На ўтаймаванне паўстанцаў было накіравана спецыяльна сабранае войска ВКЛ на чале з гетманам Янушам Радзівілам, якое ў першай палове 1649 г. здолела ўзяць пад свой кантроль поўдзень Беларусі. Рашаючая бітва, у якой галоўныя сілы казакаў былі разбітыя, адбылася 6 ліпеня 1651 г. пад Лоевам. Армія ВКЛ, развіваючы поспех, 4 жніўня 1651 г. увайшла ў Кіеў. Паводле Белацаркоўскага пагаднення, падпісанага ў верасні 1651 г., Хмяльніцкі абавязваўся вывесці ўсе казацкія загоны з Беларусі. Гэта прывяло да спынення супраціўлення народных мас Беларусі, якія аказаліся пазбаўленымі арганізаванай ваеннай падтрымкі. Чатыры гады вайны адмоўным чынам адбіліся на эканоміцы і дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі. Найбольш пацярпелі паўднёвыя землі, дзе спачатку казацка-сялянскія атрады рабавалі і знішчалі феадальныя маёнткі разам з сем’ямі, а потым, помсцячы, войска Радзівіла спальвала разам з насельніцтвам вёскі і цэлыя гарады. У краіне абвастрыліся сацыяльнае становішча і канфесійная сітуацыя. І галоўнае, заклікаючы сялян да паўстання, Хмяльніцкі зусім не дбаў пра самастойнасць беларускага народа, які ў той час ажыццяўляў сваю дзяржаўнасць у складзе Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай. Украінскі гетман хацеў уключыць (інкарпараваць) паўднёвую Беларусь у склад сваёй казацкай дзяржавы. Каб захаваць сваю ўладу і забяспечыць спадчыннае панаванне дынастыі гетманаў Хмяльніцкіх, ён у 1654 г. заключыў з рускім царом пагадненне аб уваходжанні Украіны на правах аўтаноміі ў склад Маскоўскай дзяржавы (Пераяслаўская рада) і яшчэ здолеў адыграць адмоўную ролю ў гісторыі Беларусі. Казацка-сялянская вайна з’явілася прадвеснікам больш разбуральных ваенных дзеянняў, якія паклалі пачатак сапраўднаму «крываваму патопу» на тэрыторыі ўсёй Рэчы Паспалітай. Вайна Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай за беларускія землі (1654 – 1667). Ва ўмовах нестабільнасці ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Рэчы Паспалітай у 1653 г. Масква разарвала дыпламатычныя адносіны з Варшавай, і непазбежнасць вайны стала відавочнай. Яна пачалася ў маі 1654 г. і стала самай жудаснай па сваіх выніках вайной у гісторыі Беларусі.
Дзеля дасягнення сваіх палітычных інтарэсаў маскоўскія ўлады традыцыйна разыгралі канфесійную карту — напярэдадні вайны ў Беларусь пасылаліся спецыяльныя царскія граматы, мэтай якіх была спроба пераканаць насельніцтва ў тым, што рускі цар Аляксей Міхайлавіч пачынае барацьбу з мэтай абароны праваслаўя. Тым, хто не акажа супраціву, гарантавалася царская міласць, іншых чакала бязлітасная расправа. Каб далучыць беларускія землі да сваёй дзяржавы, рускі цар накіраваў на тэрыторыю Беларусі 100-тысячнае войска, на дапамогу якому Хмяльніцкі паслаў 20 тыс. казакоў з Украіны. ВКЛ не было падрыхтавана да вайны, агульная колькасць войска налічвала толькі 10–12 тыс. чалавек. Дзякуючы перавазе сіл, а таксама актыўнай агітацыі, скіраванай да праваслаўнага насельніцтва, рускай арміі за адзін год удалося захапіць амаль увесь усход Беларусі. Некаторыя гарады здаваліся без бою ― Магілёў, Крычаў, Шклоў, Новы Быхаў. Іншыя аказвалі мужнае супраціўленне, напрыклад, Віцебск, Дуброўна, Гомель, Мсціслаў. Няскораным застаўся Стары Быхаў. Рускія ваяводы атрымалі загад бязлітасна знішчаць гарады, якія аказвалі супраціўленне. Яскравым прыкладам можа служыць абарона Мсціслава, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай «Трубяцкая разня» (1654). Пасля чатырохдзённай аблогі і магутнага штурму рускія войскі ўварваліся ў Мсціслаўскі замак і «народ розны шляхецкі, мяшчан і яўрэяў у пень высеклі». Паводле дакументаў, у Мсціслаўскім замку загінулі каля 15 тыс. чалавек. Сітуацыя ўскладнялася тым, што ў вайну супраць Рэчы Паспалітай уступіла і Швецыя. У такіх умовах, каб выратаваць краіну, вялікі гетман ВКЛ Януш Радзівіл стаў ініцыятарам заключэння дагавору са Швецыяй. Дагавор прадугледжваў аб’яднанне ВКЛ і Швецыі на роўных правах, а шведскі кароль Карл Х Густаў прызнаваўся вялікім князем ВКЛ. Ён абавязваўся выгнаць маскоўскае войска за межы Беларусі. Таксама дэкларавалася свабода веравызнання. Гэтае пагадненне, якое аўтаматычна скасоўвала Люблінскую унію, вядома ў гісторыі як Кейданскі дагавор (1655). Аднак ён не дапамог выратаваць Вільню ад захопу маскоўскім войскам у жніўні 1655 г. Да таго ж, большасць шляхты захавала вернасць каралю Рэчы Паспалітай Яну Казіміру, і праз год Кейданскі дагавор фактычна страціў сваю сілу.
У 1656 г. Рэч Паспалітая і Маскоўская дзяржава падпісалі двухгадовае перамір’е, і рускія войскі на акупаваных беларускіх тэрыторыях паказалі свой сапраўдны твар захопнікаў. Гэта быў жудасны час для беларускага насельніцтва, адбывалася сапраўднае «паляванне на людзей», паколькі адной з асноўных мэтаў Маскоўскай дзяржавы быў вываз мясцовага насельніцтва. Служылыя рускія людзі мелі спецыяльны царскі дазвол «имать полон» (браць палонных). Гандаль «литовским полоном» стаў важнай крыніцай даходаў. Вывозіліся пераважна маладыя жанчыны, дзеці, рамеснікі, заможныя сяляне разам з інвентаром і цяглавай жывёлай. Тыя, хто застаўся на акупаваных тэрыторыях, зведалі рабаўніцтва, марадзёрства і гвалт з боку рускіх войскаў. Пераследаванням падвяргаліся католікі, уніяты, іудзеі і іншыя прадстаўнікі неправаслаўнага веравызнання. Рабаванні і злоўжыванні рускіх войскаў прывялі да пачатку і хуткай актывізацыі на тэрыторыі Беларусі партызанскай барацьбы супраць захопнікаў. У афіцыйных дакументах Маскоўскай дзяржавы партызаны называліся шышамі, адзначалася іх асаблівая небяспека для разрозненых фарміраванняў рускіх. Шышамі былі ў асноўным мясцовыя сяляне, атрадамі якіх звычайна камандавалі шляхціцы. Да моцнай хвалі партызанскага руху і гарадскіх паўстанняў супраць акупантаў у 1660 г., пасля падпісання міра са Швецыяй, далучыліся і войскі ВКЛ і Кароны. Такім чынам, рух народнага супраціўлення аб’яднаў прадстаўнікоў розных станаў і канфесій. Вызваленчая барацьба набыла характар усенароднай. Працяглая вайна скончылася на пачатку 1667 г. заключэннем Андрусаўскага міра. Згодна з яго ўмовамі, да Маскоўскай дзяржавы адыходзілі Смаленская і Северская землі, а таксама Левабярэжная Украіна. Вынікі вайны для Беларусі. Па сваіх наступствах гэта была самая стратная вайна для беларускага народа за ўсю яго гісторыю: колькасць насельніцтва зменшылася на 53 % – з 2 млн. 876 тыс. чалавек у 1650 г. да 1 млн. 352 тыс. чалавек у 1667 г. Ва ўладаннях на ўсходзе Беларусі скарачэнне колькасці жыхароў дасягала 80 – 90 %. Ваенныя дзеянні, голад, эпідэміі і, галоўнае, маскоўскі палон зменшылі насельніцтва не толькі колькасна, але і якасна. Лепшыя беларускія рамеснікі-майстры, сяляне, моладзь, вывезеныя падчас вайны, заставаліся ў межах Маскоўскай дзяржавы і працавалі на яе карысць (толькі ў Маскве ў 70-я г. ХVІІ ст. яны складалі 10 % ад усяго пасадскага насельніцтва).
На тэрыторыі ж Беларусі наступіў глыбокі эканамічны крызіс. Звыш за 60 % ворыўнай зямлі ляжала ў пустках, не хапала ні рабочых рук, ні цяглавай жывёлы для яе апрацоўкі. Сялянства не мела магчымасцяў не толькі выплочваць феадальную рэнту, але і весці гаспадарку, неабходную для простага існавання сям’і. Важную ролю ў працэсе вываду эканомікі краіны з пасляваеннага крызісу адыгралі гаспадарчыя мерапрыемствы, праведзеныя ўладай у дзяржаўных маёнтках — каралеўскіх сталовых эканоміях, староствах і дзяржавах. Асаблівасцю дзяржаўнай палітыкі аднаўленчага перыяду другой паловы ХVІІ ст. стала імкненне да ўзнаўлення патэнцыялу сялянскай гаспадаркі. Адбывалася гэта праз увядзенне спецыяльна распрацаванай сістэмы льготных умоваў гаспадарання, у аснову якой была пакладзена палітыка ачыншавання — ліквідацыя фальваркаў і перавод сялян з адпрацовачнай рэнты на грашовую (з паншчыны на чынш). Для ўвядзення ў гаспадарчае абарачэнне як мага большай плошчы зямель, павелічэння колькасці насельніцтва і цяглавай жывёлы ў найбольш разбураных уладаннях (асабліва на ўсходзе Беларусі) дзяржава актыўна ўжывала практыку «слабод» з частковым або поўным вызваленнем насельніцтва ад феадальнай рэнты на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў, а таксама дазваляла розныя формы апрацоўкі зямлі — «у наезд», «з долі ўраджаю» і інш. Аб эфектыўнасці аднаўленчай палітыкі дзяржавы сведчыла масавае вяртанне сялян у сталовыя эканоміі. Да таго ж, узважаная палітыка скарбу па паслабленню павіннаснага абкладання насельніцтва стала прыкладам для многіх (безумоўна, не для ўсіх) прыватных уласнікаў. Такім чынам, не адмаўляючы сутнасці феадальнай дзяржавы, неабходна падкрэсліць, што пасля войнаў сярэдзіны – другой паловы ХVІІ ст. яна з’яўлялася не толькі апаратам, механізм якога быў накіраваны на эксплуатацыю насельніцтва. У тыя часы дзяржава выступіла ў першую чаргу са стваральнымі функцыямі, імкнучыся не толькі атрымаць як мага больш прыбыткаў у скарб, але і забяспечыць (заканадаўча, матэрыяльна, тэхнічна і інш. ) стабільнае развіццё гаспадаркі і абавязкова даць магчымасць для жыцця і аднаўлення гаспадаркі селяніна — асноўнай вытворчай сілы феадальнай эпохі. Да пачатку ХVІІІ ст. эканамічны крызіс быў пераадолены і гаспадарка Беларусі дасягнула даваеннага ўзроўню. Змяненне канфесійнай сітуацыі. Нягледзячы на тое, што ВКЛ здолела выйсці з эканамічнага крызісу, агульная дэструкцыя, выкліканая наступствамі вайны 1654 – 1667 гг., кардынальна змяніла грамадскае жыццё ў краіне — сацыяльную структуру насельніцтва, моўна-культурную і канфесійную сітуацыі. У сярэдзіне ХVІІ ст. карэнным чынам мяняецца становішча праваслаўнай царквы ў краіне — ад рэлігійнай талерантнасці і верацярпімасці часоў Уладзіслава ІV і Яна Казіміра ўлады Рэчы Паспалітай узялі курс на абмежаванне яе правоў. Звязана гэта было з тым, што праваслаўная царква ў ВКЛ мела прамаскоўскую арыентацыю і нярэдка аказвала падтрымку рускім войскам. Да таго ж, у 1685 г. Кіеўская мітраполія афіцыйна была пераведзена з-пад падпарадкавання Канстанцінопалю пад юрысдыкцыю Маскоўскага патрыярхату, і маскоўскія ўлады пачалі лічыць, што маюць «законныя» правы ўмешвацца ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай для «абароны правоў праваслаўных». Другая палова ХVІІ ст. стала перыядам хуткага заняпаду праваслаўя і пашырэння уніі на тэрыторыі Беларусі. У 1673 г. сойм пазбавіў права праваслаўных набываць шляхецтва, а ў 1699 г. — займаць выбарныя магістрацкія пасады. Палітычныя правы фактычна станавіліся прэрагатывай толькі католікаў. Праваслаўная беларуская шляхта масава пераходзілі ў каталіцтва, разам з прыняццем якога выбіралі і польскія культурныя прыярытэты, што непазбежна вяло да паланізацыі і заняпаду беларускай культуры. Апагеем такой палітыкі стаў 1696 г., калі па рашэнню сойма ўсё справаводства ў ВКЛ пераводзілася на польскую мову. Адпаведна польскай станавілася і адукацыя, што не спрыяла з’яўленню ўласна беларускай інтэлігенцыі і на доўгі час замарудзіла фармаванне беларускай нацыі. Змяненне дэмаграфічнай сітуацыі ў гарадах. У другой палове ХVІІ – пачатку ХVІІІ ст. у гарадах Беларусі назіраўся эканамічны і культурны заняпад, які быў выкліканы наступствамі папярэдніх войнаў. Калі ў ХVІІ ст. на тэрыторыі Беларусі налічвалася 37 гарадоў і 320 паселішчаў местачковага тыпу, то ў сярэдзіне ХVІІІ ст. гарадоў і гарадскіх паселішчаў засталося 228, а колькасць жыхароў у іх зменшылася ў 2, 5 раза. Да таго ж, адбыліся змены ў канфесійным і нацыянальным складзе насельніцтва беларускіх гарадоў. Калі да сярэдзіны ХVІІ ст. у іх у асноўным пражывалі праваслаўныя, а беларускі этнас складаў 80 % агульнай колькасці гараджан, то да сярэдзіны ХVІІІ ст. значна павялічылася колькасць яўрэяў. Гэты працэс пачаўся пасля вайны 1654–1667 г., наступствы якой негатыўна адбіваліся і на гандлёвых сувязях паміж горадам і вёскай. Пасля ўвядзення дзяржавай сістэмы льгот і «слабод» гараджане ахвотна перасяляліся туды, дзе былі свабодныя хаты і шмат пустой зямлі, за карыстанне якой яны на працягу ад 5 да 15 гадоў вызваляліся ад усіх падаткаў і павіннасцяў. Таму асноўнай масай жыхароў гарадоў сталі яўрэі, якія не мелі права працаваць на зямлі і карыстацца льготамі. Такім чынам, беларускі горад з канца ХVІІ ст. па большасці насельніцтва стаў яўрэйскім, палітычная эліта была прадстаўлена спаланізаванай і акаталічанай шляхтай, а беларускі этнас пачаў атаясамлівацца толькі з сялянствам, якое складала большасць насельніцтва краіны. 2. ВКЛ у Паўночнай вайне (1700–1721). На пачатку ХVІІІ ст. Рэч Паспалітая аказалася ўцягнутай у жорны чарговай вайны, а беларускія землі ператварыліся ў асноўны тэатр ваенных дзеянняў да 1709 г. Галоўнай прычынай вайны стала жаданне Даніі, Саксоніі і Расіі, якія ўтварылі так званы «Паўночны саюз», абмежаваць панаванне Швецыі на Балтыйскім моры. Да гэтых краін далучылася і Рэч Паспалітая, каралём якой з 1697 г. з’яўляўся саксонскі курфюрст Аўгуст ІІ Моцны. Пачатак вайны аказаўся няўдалым для саюзнікаў: на працягу 1700–1701 г. шведская армія па чарзе перамагла войскі Даніі, Расіі і Саксоніі і на пачатку 1703 г. уварвалася на землі ВКЛ. Шведы хутка занялі Вільню, Гародню, крыху пазней ― Варшаву і Кракаў, а Аўгуст ІІ ратаваўся ўцёкамі. Знешнепалітычнае становішча Княства ўскладнялася ўнутраным супрацьстаяннем у грамадстве: атрымаўшыя паразу ад сваіх палітычных сапернікаў 17 лістапада 1700 г. у бітве пад Алькенікамі Сапегі імкнуліся ўзяць рэванш і бачылі ў асобе Карла ХІІ свайго саюзніка, а антысапегаўская шляхецкая партыя на чале з Агінскімі і Вішнявецкімі шукала падтрымкі ў расійскага цара Пятра І. У ліпені 1704 г. арганізаваная Карлам ХІІ Варшаўская канфедэрацыя выбрала каралём познаньскага ваяводу Станіслава Ляшчынскага. У адказ на гэта ў маі 1704 г. прыхільнікі Аўгуста ІІ аб’ядналіся ў Сандамірскую канфедэрацыю і заключылі саюз з Расіяй супраць Швецыі. Такім чынам, на тэрыторыі ВКЛ апынуліся дзве варожыя арміі, а Беларусь да 1709 г. стала асноўнай арэнай, дзе Пётр І і Карл ХІІ з дапамогай зброі высвятлялі свае адносіны, рабавалі і знішчалі краіну і разам з тым яшчэ больш садзейнічалі расколу і канфрантацыі ў шляхецкім стане Рэчы Паспалітай. Як заўсёды, асноўны цяжар вайны прыняло на сябе простае беларускае насельніцтва, у якога і руская, і шведская арміі прымусова забіралі правіянт і фураж, а астатняе, каб не даставалася праціўніку, спальвалі, пакідаючы мясцовы люд практычна без сродкаў існавання. У 1706 г. ваенныя дзеянні складваліся не на карысць саюзнікаў Аўгуста ІІ. У студзені армія Карла ХІІ на тры месяцы блакіравала рускі гарнізон у Гродне, а ў лютым былі разбіты саксонскія войскі. Шведы пачалі рабаўнічы марш па землях Беларусі. Былі абрабаваны, спустошаны і часткова спалены Карэлічы, Клецк, Ляхавічы, Пінск, Мір, Нясвіж і іншыя гарады. У такіх умовах пад націскам шведаў у 1706 г. Аўгуст ІІ вымушаны быў афіцыйна адмовіцца ад улады на карысць Станіслава Ляшчынскага. На бок новага караля перайшлі і некаторыя буйныя магнацкія роды (Радзівілы, Пацы, Вішнявецкія), але частка шляхты не прызнала Ляшчынскага законным каралём, і грамадзянская вайна ў ВКЛ працягвалася. Ля вёскі Лясная 28 верасня 1708 г. руская армія разбіла корпус Левенгаўпта з вялікім абозам правіянту для войска Карла ХІІ, а 27 чэрвеня 1709 г. адбылася Палтаўская бітва, дзе шведскае войска пацярпела сакрушальнае паражэнне, і ваенная ініцыятыва перайшла да Пятра І. У 1709 г. на трон Рэчы Паспалітай ізноў узышоў Аўгуст ІІ. Хаця шведы былі выгнаны з Рэчы Паспалітай і ваенныя дзеянні на яе тэрыторыі спынены, Пётр І не спяшаўся выводзіць свае войскі з беларускіх земляў. Прысутнасць у мірны час чужаземнага войска на тэрыторыі сваёй дзяржавы не падалася шляхце небяспечнай з’явай, і яна па-ранейшаму працягвала барацьбу за першынство ў краіне, чым бесперапынна паслабляла ўнутры- і знешнепалітычнае становішча Рэчы Паспалітай. Вынікі вайны. Паўночная вайна не прынесла тэрытарыяльных зменаў Рэчы Паспалітай, аднак прынесла незлічоныя беды беларускаму народу, на плечы якога выпаў асноўны цяжар вайны. Яшчэ цалкам не аправіўшыся ад войнаў сярэдзіны – другой паловы ХVІІ ст., Беларусь ізноў страціла трэцюю частку свайго насельніцтва, больш за 40 % ворыўнай зямлі ляжала ў пустках. Моцна пацярпелі і беларускія гарады. Яскравым прыкладам з’яўляецца лёс г. Магілёва, які, пасля разбурэння шведскай арміяй, быў 8 верасня 1708 г. дашчэнту спалены па загаду Пятра І. У выніку некалі магутны гандлёвы цэнтр у Беларускім Падняпроўі так і не змог аднавіць сваёй былой велічы. З аднаго боку, аднаўленчы перыяд першай паловы ХVІІІ ст. павінен быў быць лягчэйшым, паколькі скарбам ужо былі распрацаваны і правераны на практыцы рычагі і механізмы гаспадарчай адбудовы ў другой палове ХVІІ ст. Аднак аб’ектыўныя эканамічныя цяжкасці, звязаныя з ваенным ліхалеццем, ускладняліся яшчэ і тым, што ў пачатку ХVІІІ ст. разбурэнне напаткала не поўнасцю адноўленую і ўмацаваную сельскую гаспадарку. Таму разам з выкарыстаннем ужо вядомых мер і льготаў дзяржава вымушана была шукаць новыя дзейсныя спосабы эфектыўнага гаспадарчага адраджэння. У гэты перыяд пашырылася сялянская каланізацыя (асабліва на ўсходзе Беларусі), узрасла роля грашовых падаткаў. Аднаўленчы перыяд першай паловы ХVІІІ ст. быў больш працяглым па часе: калі ў мінулым стагоддзі для адбудовы гаспадаркі спатрэбілася каля трыццаці год, то ў пачатку ХVІІІ ст., нягледзячы на меншыя разбурэнні, эканоміка выходзіла з крызісу амаль паўстагоддзя. Другая палова ХVІІ і пачатак ХVІІІ ст. для эканомікі Беларусі былі, бадай што, самымі цяжкімі. «Страчанае стагоддзе» ― так можна ахарактарызаваць гэты час адносна гаспадарчай гісторыі нашай краіны. Калі ў ХVІІ–ХVІІІ ст. у перадавых краінах Еўропы адбываўся працэс хуткага накаплення капіталу, а ў 60-я гады ХVІІІ ст. у Англіі ўжо пачаўся прамысловы пераварот, то Вялікае княства Літоўскае двойчы аказвалася перад неабходнасцю ўздымаць з руінаў гаспадарку, разбураную войнамі. Працяглыя і спусташальныя ваенныя дзеянні штучна перарвалі натуральны працэс эканамічнага жыцця, і гаспадарка Беларусі гэтага перыяду не развівалася, а вырашала праблемы хутчэйшай адбудовы. Унутрыпалітычная дэцэнтралізацыя. Ваенныя дзеянні адмоўна адбіліся не толькі на эканамічным становішчы краіны, але і сталі прычынай унутрыпалітычнай дэцэнтралізацыі, якая выявілася ў барацьбе магнацкіх груповак за ўладу. Яшчэ ў канцы ХVІ ст. у Рэчы Паспалітай склаўся комплекс шляхецкіх прывілеяў, якія ўтварылі так званыя «залатыя шляхецкія вольнасці». Галоўнымі сярод іх з’яўляліся роўнасць усіх шляхціцаў перад законам, права на свабоду выбараў караля, на свабоду галасавання (liberum veto), недатыкальнасць асобы шляхціца і яго маёнтка (права імунітэту), права ўтвараць канфедэрацыі і права рокаша. Пасля войнаў сярэдзіны – другой паловы ХVІІ ст. на фоне агульнадзяржаўнага эканамічнага крызісу і пагаршэння матэрыяльнага становішча большасці сярэдняй і дробнай шляхты палітычныя правы заставаліся адзіным, што рэальна магла захаваць шляхта ў нязменнасці. Галоўную сваю задачу яна бачыла не ў карпатлівай працы на карысць дзяржавы, а ў захаванні існуючай палітычнай сістэмы. Вельмі хутка згубнасць «залатых шляхецкіх вольнасцяў» стала відавочнай. Усялякія прапановы новаўвядзенняў з боку ўлады расцэньваліся дэпутатамі соймаў як замах на іх даўнія правы і блакаваліся. Усё часцей на пасяджэннях соймаў паслы звярталіся да права «ліберум вета» і грэбавалі дзяржаўнымі справамі дзеля ўласных інтарэсаў. Фактычна ў другой палове ХVІІ ст. распачаўся крызіс парламентарнай сістэмы Рэчы Паспалітай, які за стагоддзе ператварыў шляхецкую рэспубліку ў шляхецкую анархію. Эканамічны крызіс другой паловы ХVІІ ст. прывёў да паглыблення маёмаснай дыферэнцыяцыі ўнутры шляхецкага саслоўя. Усё большую вагу ў Княстве сталі адыгрываць магнацкія роды — Радзівілы, Сапегі, Пацы, Вішнявецкія, якія, валодаючы вялікімі зямельнымі латыфундыямі, не жадалі падпарадкоўвацца вярхоўнай уладзе, ператварыліся фактычна ва ўдзельных князёў і называлі сябе «ўладарамі Вялікага Княства». Яны абкружалі сябе збяднелай у час вайны дробнай шляхтай, з якой утваралі ўласную кліентэлу — давалі ёй зямельныя ўладанні і патрабавалі за гэта вернасці і адданай службы ў іх прыватным войску. Найбольш знакамітыя магнацкія роды вялі паміж сабой барацьбу за першынство ў краіне. У 50-я – пачатку 60-х г. ХVІІ ст. унутрыпалітычнае жыццё ў ВКЛ вызначалася панаваннем роду Радзівілаў, у сярэдзіне 60-х – пачатку 70-х г. — Пацаў, а ў 90-я г. – Сапегаў. Нашчадкі гэтага аднаго з самых старажытных родаў ВКЛ на рубяжы ХVІІ–ХVІІІ ст. здолелі заняць амаль усе асноўныя дзяржаўныя пасады і хацелі ператварыць у жыццё ідэю вялікага гетмана Яна Казіміра Сапегі, якая заключалася ў разрыве уніі з Польшчай і ўсталяванні незалежнасці ВКЛ. Сапежынская ўсеўладнасць выклікала незадаволенасць іншых магнацкіх сем’яў, у першую чаргу Агінскіх і Вішнявецкіх. Складанасць унутрыпалітычнай сітуацыі дапаўнялася яшчэ і бескаралеўем, якое наступіла ў 1696 г. пасля смерці Яна ІІІ Сабескага і якое імкнуліся выкарыстаць суседнія краіны, каб пасадзіць на трон Рэчы Паспалітай выгадную для сябе фігуру. Выбраны каралём саксонскі курфюрст Фрыдрых-Аўгуст ІІ (Моцны) (1697 – 1733) імкнуўся згладзіць канфлікт паміж магнацкімі родамі ў ВКЛ, але напачатку ХVІІІ ст. канфрантацыя толькі ўзмацнілася і набыла характар грамадзянскай вайны. 18 лістапада 1700 г. пад Алькенікамі адбылася рашаючая бітва паміж войскам Сапегаў, якое складалася з кліентэлы, наёмнікаў і нават сялян, і паспалітым рушаннем, якое сабрала шляхта ВКЛ. Сапегі былі разбіты, а шляхта прыняла пастанову, па якой Сапегі страчвалі ўсе дзяржаўныя пасады і ўладанні ў ВКЛ. Паўночная вайна не спыніла барацьбы магнацкіх груповак за ўладу ў першай палове ХVІІІ ст., што яшчэ больш спрыяла ўмяшальніцтву ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай іншых дзяржаў. Краіны-суседзі – Расія, Аўстрыя і Прусія прыкладалі шмат намаганняў для таго, каб не даць парушыць «дэмакратычныя» парадкі ў Рэчы Паспалітай і тым самым замацаваць шляхецкую анархію. У 1717 г. аднадзённы «нямы» сойм у Варшаве, пастановы якога, прадыктаваныя расійскім урадам, прымаліся без абмеркавання, яшчэ больш абмежаваў уладу караля. Акрамя таго, у 1720 г. Пётр І і прускі кароль Фрыдрых Вільгельм дамовіліся не дапусціць магчымасці палітычнага і эканамічнага рэфармавання Рэчы Паспалітай. У 1726 г. да гэтай дамовы далучылася Аўстрыя. У 1733 г. большасцю галасоў каралём Рэчы Паспалітай быў абраны Станіслаў Ляшчынскі, але Расія і Аўстрыя пры падтрымцы расійскага войска дамагліся, каб новым манархам быў абвешчаны чарговы прадстаўнік саксонскай дынастыі Аўгуст ІІІ Прыгожы (1733–1763). У сярэдзіне ХVІІІ ст. на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў краіне аказвалі ўплыў дзве магнацкія групоўкі: 1) «Фамілія» – прыхільнікі роду Чартарыйскіх, якія выступалі за неабходнасць правядзення эканамічных і палітычных рэформ у краіне; 2) «рэспубліканцы» – прадстаўнікі розных магнацкіх родаў, якіх з сярэдзіны ХVІІІ ст. узначальваў Караль Станіслаў Радзівіл («Пане Каханку»). Пасля смерці ў 1763 г. Аўгуста ІІІ гэтыя групоўкі актыўна ўключыліся ў барацьбу за вылучэнне свайго кандыдата на трон Рэчы Паспалітай. Больш слабая «Фамілія» для палітычнай перамогі папрасіла ваенную падтрымку ў Кацярыны ІІ. Такім чынам, пры дапамозе расійскага ваеннага, палітычнага і фінансавага ўдзелу на сойме 1764 г. чарговым (і, як аказалася, апошнім) каралём Рэчы Паспалітай быў абраны пляменнік канцлера ВКЛ Міхала Фрэдэрыка Чартарыйскага ўраджэнец Беларусі Станіслаў Панятоўскі (1764–1795), які пры каранацыі ўзяў імя Аўгуст. Такім чынам, абранне Станіслава Аўгуста Панятоўскага, стаўленніка прагрэсіўнай магнацкай групоўкі, сведчыла, што Рэч Паспалітая ў другой палове ХVІІІ ст. выбрала новы вектар развіцця ― шлях рэформ. Разам з тым перамога на выбарах пры апоры на іншаземнае войска чарговы раз адчыняла дзверы для ўмяшальніцтва замежных краін ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай, што ў далейшым і прывяло да знікнення дзяржавы ў выніку трох падзелаў яе тэрыторыі паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй (1772, 1793, 1795). 3. Культура Беларусі ў другой палове ХVІІ – ХVІІІ ст. Беларуская культура ў другой палове ХVІІ – ХVІІІ ст. развівалася ў вельмі неспрыяльных умовах. Як адзначалася вышэй, пасля войнаў другой паловы ХVІІ ст. змянілася канфесійная сітуацыя на землях Беларусі — ад талерантнасці да рэлігійнай нецярпімасці, што не магло не паўплываць на агульны стан культуры. Больш за тое, пасля пераводу ў 1696 г. усяго справаводства на польскую мову распачалася адкрытая паланізацыя і акаталічванне, у першую чаргу шляхты. Манаполію на адукацыю захапіў касцёл, што вылілася ў клерыкалізацыю культуры. Былі забытыя дасягненні «залатога веку» (Рэнесанса), паўсюдна ў Рэчы Паспалітай панаваў рэлігійны фанатызм. Галоўным мастацкім стылем у той час было барока, якое асабліва выявілася ў архітэктуры (дынамічнасць кампазіцыі, кантрастнасць маштабаў, ілюзія бязмежнай прасторы і г. д. ). У адпаведнасці з гэтым стылем у гарадах і вёсках будаваліся касцёлы, манастыры і магнацкія сядзібы. На рубяжы ХVІІ – ХVІІІ ст. развівалася тэатральнае жыццё ў ВКЛ. Найбольш былі распаўсюджаны тэатры пры езуіцкіх навучальных установах, існаваў народны лялечны тэатр — батлейка. У якасці мецэнатаў культуры выступалі ў першую чаргу магнаты, якія мелі ва ўласных маёнтках прыгонныя тэатры. Яны нават пасылалі найбольш таленавітых прыгонных акцёраў вучыцца за мяжу. Адным з першых у ХVІІІ ст. Францішкай Уршулай Радзівіл быў заснаваны прыгонны тэатр у Нясвіжы. Вядомы быў таксама слонімскі тэатр Міхала Агінскага. Нягледзячы на цяжкасці ў развіцці культуры, Беларусь мела ў тыя часы знакамітых асобаў, якімі па праву ганарыцца і сёння. Сярод іх грамадскія і царкоўныя дзеячы, аўтары падручнікаў Мялецій Сматрыцкі (1572 – 1633) і Сімяон Полацкі (1629 – 1680); Казімір Лышчынскі (1634 – 1689), які за свой трактат «Аб неіснаванні бога» быў спалены на вогнішчы інквізіцыі; Казімір Семяновіч (каля 1600 – пасля 1651), які выдаў кнігу «Вялікае мастацтва артылерыі», а таксама ўпершыню ў свеце стварыў праект шматступенчатай ракеты; Ілля Капіевіч (1651 – 1714), які выдаў больш за 20 падручнікаў па граматыцы і рыторыцы. Другая палова ХVІІІ ст. стала якасна новым этапам у эканамічным і палітычным развіцці ВКЛ і ўсёй Рэчы Паспалітай. У гэты час у краіне пачалі распаўсюджвацца ідэі Асветніцтва - антыфеадальнай, буржуазнай ідэалогіі перыяду станаўлення капіталізму, якая прапаведавала прыярытэт асветы, навукі і розуму ў жыцці асобы, грамадства і дзяржавы. Прыхільнікі Асветніцтва імкнуліся пераадолець недахопы існуючага грамадскага ладу, рэфармаваць яго сацыяльную і дзяржаўную структуры, палітыку, паводзіны людзей шляхам распаўсюджання навукі, ведаў, прапаганды ідэй справядлівасці і гуманізму. Ідэолагам Асветніцтва стаў французскі філосаф Вальтэр, які выступаў за адмену саслоўных прывілеяў і надаваў вялікую ролю ў змене грамадства «адукаваным манархам». Распаўсюджанне ідэй Асветніцтва на тэрыторыі Рэчы Паспалітай супала з перыядам стабілізацыі гаспадарчага жыцця. У пэўнай ступені неабходнасць зменаў была ўсвядомлена часткай патрыятычнай эліты Рэчы Паспалітай. Адбылася своеасаблівая «мадэрнізацыя ў розумах», для якой важнае значэнне меў асветніцкі спосаб разумення прагрэсу, у першую чаргу, як аддзялення (ці супрацьпастаўлення) сучаснасці і мінулага. Верагодна, упершыню традыцыя, якая была да гэтага часу бясспрэчным аўтарытэтам («старыны не рушыць»), здругой паловы ХVІІІ ст. стала падвяргацца крытыцы, і з уласцівым для тых часоў аптымізмам пачала даказвацца перспектыўнасць увядзення палітычных і эканамічных навацый для паляпшэння становішча грамадства і дзяржавы. У гэты час выходзіла шмат кніг, у якіх прапагандаваўся еўрапейскі вопыт гаспадарання ў вёсцы і ў горадзе. Аўтары эканамічнай літаратуры заклікалі шляхту не баяцца новаўвядзенняў, выкарыстоўваць замежныя напрацоўкі, але не забываць свае традыцыі (здабыткі) і спалучаць іх з рэаліямі грамадскага і гаспадарчага развіцця. На землях Рэчы Паспалітай пашырылася свецкая адукацыя. Пад кіраўніцтвам С. Канарскага была праведзена школьная рэформа. У 1773 г. для кіраўніцтва народнай асветай у Рэчы Паспалітай была створана спецыяльная ўстанова ― Адукацыйная камісія, якая зрабіла спробу вызваліць адукацыю ад прамога ўплыву каталіцкай царквы. За 20 гадоў яе дзейнасці на тэрыторыі Беларусі было заснавана 20 школ сярэдняй ступені навучання ў такіх гарадах, як Гародня, Пінск, Мазыр, Бабруйск і інш. 4. Спробы мадэрнізацыі жыцця ў другой палове ХVІІІ ст. Рэформы А. Тызенгаўза ў дзяржаўных уладаннях. Магнаты і шляхта, якія хацелі палепшыць сітуацыю ў краіне і імкнуліся правесці рэформы ў эканоміцы і палітыцы, аб’ядналіся вакол Станіслава Аўгуста і «Фаміліі». Яны і склалі ядро ў каралеўскай партыі, якая павінна была стварыць апору ўлады і ўзняць яе аўтарытэт. Спробы рэфармавання пачаліся на канвакацыйным сойме 1764 г., дзе, між іншым, было вырашана: – абмежаваць практыку ўжывання права «ліберум вета» па эканамічных пытаннях, якія сталі прымацца простай большасцю галасоў; – заснаваць Скарбавую камісію ВКЛ – Эканамічную Раду Літоўскага скарбу, якая з’яўлялася спецыяльным дзяржаўным органам па кіраванню фінансамі, кантролю за збіраннем і размеркаваннем падаткаў, ажыццяўленню судовых функцый па фінансавых справах, нагляду за гандлем і ўвогуле за гаспадарчай сітуацыяй у краіне; – адмяніць ўнутрыдзяржаўныя гандлёвыя пошліны і замяніць іх адзіным «генеральным падаткам»; – увесці ў дзяржаве адзіную сістэму мераў і вагі; – стварыць разгалінаваную сістэму зносін для актывізацыі гандлю ў краіне і інш. Рэформы А. Тызенгаўза ў дзяржаўных уладаннях. Пры ажыццяўленні свайго палітычнага і эканамічнага курсу Станіслаў Аўгуст мог разлічваць толькі на асабіста адданых яму людзей, адным з якіх быў Антоній Тызенгаўз. Займаючы пасады надворнага літоўскага падскарбія, гарадзенскага старосты, генеральнага адміністратара ўсіх каралеўскіх эканомій у ВКЛ, А. Тызенгаўз распачаў сістэму эканамічных пераўтварэнняў, мэтай якіх было фінансавае ўмацаванне каралеўскай улады і пазбаўленне караля залежнасці ад магнатаў. Цэнтрам эканамічнага, палітычнага і культурнага жыцця ў ВКЛ у другой палове ХVІІІ ст. стала Гародня: у горадзе, згодна з пастановай сойма 1673 г., праходзіў кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай (акрамя канвакацыйных, элекцыйных і каранацыйных), для чаго ў 1737–1742 г. быў пабудаваны новы каралеўскі палац; у Гародні праходзілі пасяджэнні Скарбавай камісіі і знаходзіўся яе архіў; горад стаў рэзідэнцыяй каралеўскай партыі ў ВКЛ і, нарэшце, цэнтрам эканамічных і культурных пераўтварэнняў А. Тызенгаўза. Аграрная рэформа А. Тызенгаўза. Ажыццяўленне сваіх рэфарматарскіх планаў А. Тызенгаўз распачаў з правядзення аграрных пераўтварэнняў у сталовых эканоміях ВКЛ, якія з’яўляліся асноўнай крыніцай папаўнення каралеўскага скарбу, з мэтай павелічэння іх прыбытковасці. Асноўныя мерапрыемствы рэформы. 1. Рэформа пачалася з люстрацыі – дакладнай рэвізіі ў сталовых эканоміях ВКЛ. У першую чаргу, неабходнасць вызначэння іх даходнасці тлумачылася тым, што пры сістэме «слабодаў» і іншых ільгот, якія ўводзіліся ў папярэдні перыяд пасляваеннай адбудовы гаспадаркі, многія сяляне значна пашырылі свае надзелы, але гэта не знайшло адлюстравання ў інвентарах. У выніку збор падаткаў і выкананне сялянамі павіннасцей ажыццяўляліся не з рэальнага ўчастка, а з замацаванага за пэўнай сям’ёй у даўніх дакументах, памеры якога звычайна былі значна меншыя за рэальны надзел. 2. Зямля, якая надавалася сялянам, падзялялася на дзве часткі – сядзібную (аселую) і прыёмную. З мэтай упарадкавання землекарыстання і падаткаабкладання кожная сялянская сям’я абавязана была ўзяць 1/4 частку валокі ў якасці сядзібнага надзелу, з якога прызначаліся асноўныя падаткі і павіннасці. Зямля, якая заставалася, атрымала назву прыёмнай і магла разбірацца сялянамі на добраахвотных пачатках у любой колькасці (у залежнасці ад наяўнасці яе ў маёнтку і ад гаспадарчых магчымасцяў той ці іншай с
Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|