Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Дамашняе заданне па літаратуры. Улік і ацэнка ведаў і ўменняў пры вывучэнні літаратуры.




Асноўным відам кантролю і ўліку ведаў вучняў з’яўляецца апытанне. Вучань не можа вучыцца толькі дзеля ведаў і развіцця ўменняў, толькі дзеля далёкай перспектывы паспяхова закончыць школу. Ён больш старанны, калі ведае, што гэта будзе заўважана і ацэнена. Пры дрэнным кантролі за ведамі і ўменнямі вучняў у іх вельмі часта прападае цікавасць да навучання. Апытанне - важны сродак замацавання і паглыблення ведаў.!

Нельга не ўлічваць і таго, што апытанне вучняў выступае самакантролем працы настаўніка. Праз кантроль ацэньваецца і эфектыўнасць настаўніцкай дзейнасці ўвогуле, і дзейснасць пэўных метадаў, прыёмаў, шляхоў, відаў урокаў.

Плануючы апытанне, настаўнік арыентуецца на праграму, на анатацыю да тэмы і на «Патрабаванні да ведаў і ўменняў вучняў». Настаўніку трэба выразна ўяўляць аб’ём ведаў, якія павінны быць засвоены школьнікамі кожнага класа. У такім разе яму прасцей распрацоўваць пытанні для адказаў, выразна ўсведамляць паўнату і глыбіню адказу вучня, лягчэй паставіць удакладняльныя пытанні, выправіць недакладнасці, дапоўніць адказ выхаванца.

Метадысты і педагогі адзінадушныя ў тым, што, рыхтуючыся да ўрока, настаўніку трэба намячаць вучняў, якіх трэба пытаць. Калі пытанне плануецца задаць канкрэтнаму вучню, то можна гаварыць аб індывідуальным характары апытання.

Узровень засваення матэрыялу вучнямі выяўляецца праз іх адказы на пытанні. Ад якасці апошніх у значнай ступені залежыць і якасць навучання. Да пытанняў, што прапануе настаўнік для апытання школьнікаў, ставіцца шэраг патрабаванняў. Яны павінны адпавядаць Закону «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь», быць выразнымі, даступнымі, зразумелымі вучням, не патрабаваць дадатковых тлумачэнняў. Настаўніку неабходна пазбягаць пытанняў, на якія можна адказаць словамі «так», «не». Настаўнік павінен устрымлівацца ад пытанняў аднолькавай фармулёўкі, а таксама такіх, якія заключаюць у сабе некалькі праблем.

Пытанні, якія ставіць настаўнік пры апытанні, дзеляцца на асноўныя, дадатковыя і ўдакладняльныя. Асноўныя пытанні звязаны з асвятленнем жыцця і творчасці пісьменніка, з выразным чытаннем твораў, з веданнем вучнямі іх зместу (розныя віды пераказу, завучванне на памяць і інш. ); з аналізам вершаў, апавяданняў, раманаў (тэматыка і праблематыка), асноўнымі кампанентамі (вобразы-персанажы, вобразы-пейзажы, лірычныя адступленні, устаўныя элементы, мова твора і інш. ), з характарыстыкай літаратурнага працэсу пэўнай эпохі.

Дадатковыя пытанні скіраваны на тое, каб вучні запаміналі літаратурныя даты, назвы твораў, імёны герояў эпасу і драмы, пісьменнікаў. Многа разоў паўтораныя, яны становяцца ведамі. Удакладняльныя пытанні ніколі не плануюцца, бо патрэба ў іх узнікае ў час адказу вучняў. З іх дапамогай настаўнік павялічвае паўнату. і глыбіню адказу ў выпадку, калі вучань апускае нешта істотнае (веданне фактаў жыцця пісьменніка, зместу твора, дат), ці робіць памылкі.

Апытанне бывае бягучае і абагульняльнае. З дапамогай бягучага апытання ажыццяўляецца кантроль за працай класа на кожным уроку. Адказ на прапанаваныя пытанні часам выпрацоўваецца калектыўна. Тое, што не сказалі вучні, дапаўняе настаўнік.

Бягучае апытанне падзяляецца на індывідуальнае, франтальнае, камбінаванае. Пры індывідуальным апытанні настаўнік распрацоўвае для кожнага вучня асобна асноўныя і дадатковыя пытанні, якія павінны выявіць узровень ведаў па тэме, уменне лагічна, матывавана выкладаць свае думкі. Дадатковымі пытаннямі настаўнік правярае веданне дат, назваў твораў, літаратурных мясцін. Недахопамі пры індывідуальным апытанні традыцыйна называюць невялікую колькасць апытаных, а таксама тое, што быццам бы клас на гэты час выключаецца з актыўнай працы. Пры індывідуальным апытанні адбываецца пашырэнне і паглыбленне ведаў вучняў, бо перад імі ўзнікае задача аднавіць тое, што было вывучана на папярэднім уроку, аб чым вучні дадаткова даведаліся з падручніка. Настаўнік заўсёды імкнецца, каб гэтае аднаўленне мела творчы характар: адказ навучэнца ацэньваецца вышэй, калі ён выкарыстоўвае новыя аргументы, удала сінтэзуе матэрыял падручніка і ўрока.

Франтальнае апытанне ўключае ў праверку ведаў многіх вучняў, але кожны з іх адказвае на вельмі вузкае пытанне, у тым ліку і на дадатковае. Пры франтальнай праверцы ведаў пытанні, якія б маглі задавацца вучню індывідуальна, расчляняюцца на шэраг вузкіх

Пры франтальным апытанні ў праверку ведаў уключаецца значная колькасць вучняў, у іх выпрацоўваецца здольнасць да дакладнага лаканічнага адказу. Але разам з тым у школьнікаў не выхоўваецца неабходнасць і ўменне слухаць і ўспрымаць маналагічную мову, карыстацца ёю, паслядоўна і аргументавана развіваць думку, рабіць пераходы да новай ідэі. Настаўнік не можа праверыць, у якой ступені засвоена тэма. Пры франтальным апытанні звычайна адказваюць тыя, хто падымае руку. Разам з тым у класе шмат дзяцей, якія гэтага не робяць нават у сярэдніх класах, і не заўсёды ад няведання, а часам ад сарамлівасці, няўпэўненасці ў сабе, сціпласці і па іншых прычынах. Бывае, што вучань дома не працаваў, пры франтальным апытанні адказаў усяго на адно пытанне, часам нават па падказцы, і быў ухвалены настаўнікам. Пра такія выдаткі франтальнага апытання трэба помніць настаўніку.

Пажадана, каб час ад часу настаўнік прапаноўваў вучням рыхтаваць дома пытанні для індывідуальнага і франтальнага апытанняў.

Пры камбінаваным апытанні спалучаюцца індывідуальны і франтальны, вусны і пісьмовы яго віды. Камбінаванае апытанне дазваляе адразу апытаць 3-4, а то і больш вучняў. Пры спалучэнні вуснага і пісьмовага апытання настаўніку трэба падрыхтаваць карткі для працы вучня на дошцы ці ў сшытку.

Распрацоўваючы карткі для камбінаванага апытання, настаўнік павінен улічваць, што вучань абмежаваны часам і не можа даць разгорнуты пісьмовы адказ на асноўнае пытанне, таму варта прапанаваць скласці план ці тэзісы адказу.

Як і папярэднія віды, камбінаванае апытанне мае свае вартасці і выдаткі. З аднаго боку, яно дазваляе на працягу кароткага часу, які адводзіцца на апытанне, праверыць многіх вучняў, спрыяе выпрацоўцы ўмення складаць планы і тэзісы, дае магчымасць вучням паказаць глыбокія веды ці іх адсутнасць, з другога - пры камбінаваным апытанні вучні мала гавораць вусна, настаўнік і школьнік, што адказвае, перашкаджаюць тым, хто выконвае заданне на картках. Тыя вучні, якія рыхтуюць пісьмовыя адказы, выключаюцца з працы класа. Каб пазбегнуць некаторых выдаткаў камбінаванага апытання па дадзеным пункце плана ці тэзіса, настаўнік просіць даць разгорнуты адказ.

Дамашняе заданне адносіцца да форм арганізацыі адукацыйнага працэсу ў агульнаадукацыйнай установе, які ўключае матывацыю індывідуальнай працы і інструктаж па яго выкананні. Эфектыўнасць засваення ведаў залежыць ад характару дамашняга задання (якія спосабы дзейнасці яно прадугледжвае, ці цікава вучням), яго аб’ёму і ступені гатоўнасці яго выканання.

Змест дамашняга задання павінен быць рэгламентаваным: Не рэкамендуецца перагружаць вучняў вялікім аб’ёмам, неабходна ствараць умовы для магчымага выбару імі задання, улічваць вучэбныя магчымасці вучняў і іх схільнасці. Заданне, якое даецца класу для дамашняга выканання, не можа быць больш складаным, чым тая праца, якая рабілася на ўроку.

Акрэсліваючы дамашняе заданне па літаратуры, настаўніку трэба прытрымлівацца агульнадыдактычных патрабаванняў, усім ходам урока рыхтаваць клас да выканання дамашняга задання. Яно павінна вынікаць з урока і да яго трэба выклікаць цікавасць.

Матэрыял для паўтарэння неабходна прадугледжваць як аснову актуалізацыі ведаў на наступным уроку.

Мэтазгодна павышаць матывацыю выканання дамашняга задання праз дыферэнцыраваны адбор заданняў і абавязковы кантроль. Старацца дыферэнцыраваць не складанасць задання, а меру дапамогі, якую аказвае настаўнік вучням.

Дамашняе заданне павінна быць пасільным, дакладным, суадносіцца з вучэбным матэрыялам. Неабходна, каб яно дапамагала вучням ліквідаваць прабелы, узнавіць забытае, замацаваць новы змест.

Дамашнія заданні падзяляюцца на два віды: апераджальныя, якія даюцца вучням да ўрока і ўключаюцца ў тлумачэнне новага матэрыялу ці з’яўляюцца асновай для больш глыбокага ўспрымання новых ведаў, і тыя, што вынікаюць з папярэдняй працы на ўроку як працяг тлумачэння новага матэрыялу.

У агульнаадукацыйных установах дамашнія заданні павінны задавацца вучням з улікам магчымасці іх выканання: у V–VI класах – да 2 гадзін, VII–VIII класах – 2, 5 гадзіны, IX–XI класах – 3 гадзіны.

У метадычнай літаратуры вылучаюць некалькі відаў дамашніх заданняў па вывучэнні мастацкага слова. Да першага належаць тыя, што звязаны з арганізацыяй самастойнага чытання. Папярэдняе прачытанне вялікіх эпічных твораў стварае спрыяльныя ўмовы для эфектыўнай працы класа па іх аналізе.

Заданні другога віду – праца над тэкстам твора (план, завучванне на памяць верша ці ўрыўка з драматычнага, празаічнага твора, заданні, звязаныя з падрыхтоўкай розных відаў пераказаў, адказаў на пытанні настаўніка, распрацоўкай інсцэніровак, мізансцэн, стварэннем малюнкаў да твораў і інш. )

Трэцюю групу дамашніх заданняў складаюць тыя, што даюцца па падручніку.

Чацвёртая група дамашніх заданняў звязана з вывучэннем дадатковай літаратуры, падрыхтоўка рэфератаў, дакладаў па адной ці некалькіх крыніцах, складанне бібліяграфіі па прапанаванай тэме, напісанне сачыненняў і інш.

Дамашнія заданні падзяляюцца на групавыя, якія выконваюць вучні ўсяго класа, і індывідуальныя.

Ацэнка вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў па вучэбным прадмеце “Беларуская літаратура”

Плануемыя вынікі навучання ў прадметна-дзейснай форме вызначаны вучэбнымі праграмамі ў адпаведнасці з патрабаваннямі адукацыйнага стандарта па вучэбным прадмеце “Беларуская літаратура”. Падрыхтоўка вучняў прадугледжвае фарміраванне:

—тэарэтыка-літаратурных і гісторыка-літаратурных ведаў;

— чытацкіх уменняў;

— сістэмы эмацыянальна-каштоўнасных адносін;

— вопыту літаратурна-творчай дзейнасці.

Вынікі вучэбнай дзейнасці вучняў па беларускай літаратуры ацэньваюцца па наступных параметрах:

— змястоўнасць і глыбіня вуснага і пісьмовага выказвання, якія адлюстроўваюць якасць успрымання і разумення мастацкага твора, сфарміраванасць аналітычных і маўленчых уменняў, здольнасць выкарыстоўваць іх на практыцы, самастойнасць ацэнак падзей і характараў у мастацкіх творах, іх аргументаванасць;

— выразнасць чытання на памяць;

— тэхніка чытання незнаёмага тэксту.

Паўрочны кантроль вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў ажыццяўляецца ў вуснай і пісьмовай формах ці ў іх спалучэнні шляхам правядзення індывідуальнага, групавога, франтальнага апытанняў з выкарыстаннем пытанняў і заданняў, змешчаных у падручніках, вучэбных, вучэбна-метадычных дапаможніках, а таксама іншых спосабаў кантролю.

Працуючы над тэкстам мастацкага твора згодна з пытаннямі і заданнямі падручніка, настаўнік выпраўляе сэнсавыя, а таксама маўленчыя і граматычныя памылкі ў адказе вучня. Аналітычныя пытанні падручніка могуць быць прапанаваны для пісьмовага адказу пасля абмеркавання іх на папярэдніх уроках.

Пры ацэньванні вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў улічваюцца іх узроставыя асаблівасці і магчымасці.

Тэматычны кантроль вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў ажыццяўляецца ў вуснай і пісьмовай формах ці ў іх спалучэнні.

Пры ацэнцы вусных адказаў і пісьмовых работ вучняў (разгорнуты адказ на пытанне, пераказ, апавед пра героя і інш. ) улічваюцца:

— разуменне ўзаемасувязі падзей, учынкаў, характараў персанажаў і важнейшых сродкаў іх паказу (у адпаведнасці з патрабаваннямі праграмы);

— правільнасць і матываванасць адбору эпізодаў, малюнкаў, дэталяў для вырашэння пастаўленай настаўнікам задачы;

— кампазіцыйная стройнасць і логіка пабудовы адказу;

— моўная пісьменнасць, культура вымаўлення (захаванне арфаэпічных і акцэнталагічных норм; правільнае інтанаванне).

Заахвочваецца самастойнасць думкі вучняў, аргументаванасць і пераканаўчасць довадаў, арыгінальнасць падыходаў да вырашэння задачы, эмацыянальнасць адказу, выразнасць і вобразнасць мовы.

Ацэнкай вусных адказаў і пісьмовых работ па літаратуры неабходна заахвочваць глыбокае, індывідуальна-асобаснае ўспрыманне літаратуры як мастацтва слова.

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...