Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Храналогія падзей. Кантрольныя пытанні і заданні. Прыкладная тэматыка рэфератаў. 5. Праблема этнагенезу беларусаў. . Літаратура




ХРАНАЛОГІЯ ПАДЗЕЙ

 

100 - 35 тыс. гадоў да н. э. - час з’яўлення першых людзей на тэрыторыі Беларусі.

100–10 тыс. гадоў да н. э. - палеаліт.

9–5 тыс. гадоў да н. э. - мезаліт.

канец 5–3 тыс. да н. э. - неаліт.

2 тыс. да н. э. - VІІІ ст. да н. э. -бронзавы век.

VІІ ст. да н. э. - VІІ ст. н. э. -  жалезны век.

VІІ - VІІІ ст. н. э. - масавае рассяленне славян на тэрыторыі Беларусі.

VІ - VІІІ ст. н. э. - існаванне шматукладнай гаспадаркі.

КАНТРОЛЬНЫЯ ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Калі адбылося трывалае засяленне першабытнымі людзьмі тэрыторыі сучаснай Беларусі? Што перашкаджала больш ранняму яе засяленню?

2. Вызначце асноўныя рысы, характэрныя для прысвойваючай, вытворчай і шматукладнай гаспадарак.

3. Дакажыце, што на землях сучаснай Беларусі не было падставаў для развіцця рабаўладальніцтва.

4. Дайце характарыстыку асноўных формаў першабытнай рэлігіі.

5. Якія канцэпцыі этнагенезу беларусаў вам вядомы?

 

ПРЫКЛАДНАЯ ТЭМАТЫКА РЭФЕРАТАЎ

1. Гаспадарка першабытных людзей на тэрыторыі Беларусі ў каменным веку.

2. Эвалюцыя прылад працы ў першабытную эпоху.

3. Шматукладная эканоміка на землях Беларусі ў перыяд разлажэння першабытных адносін.

4. Зараджэнне і развіццё мастацтва ў першабытную эпоху.

5. Праблема этнагенезу беларусаў.

ЛІТАРАТУРА

1. Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. – Мінск: БелЭн, 1993.

2. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Старажытная Беларусь: Ад пачатковага засялення да сярэдзіны ХІІІ ст. – Мінск: Экаперспектыва, 2000.

3. Горемыкина В. И. История первобытного общества. – Минск: Выш. шк., 1973.

4. Загорульский Э. М. Древняя история Белоруссии (очерки этнической истории и материальной культуры до ІХ в. ). – Минск: Изд-во БГУ, 1977.

5. Калечиц Е. Г. Первоначальное заселение территории Белоруссии. – Минск, 1984.

6. Копытин В. Р. Каменный век на территории Белоруссии. – Минск: Изд-во МГПИ, 1990.

7. Піваварчык С. , Семянчук Г. Археалогія Беларусі. – Гродна, 1997.

8. Саракавік І. А. Беларусазнаўства. - Мінск: Веды, 1998.

9. Чарняўскі М. Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі. – Мінск: Народная асвета, 1981.

 

Тэма 2. Эканамічнае і палітычнае развіццё беларускіх зямель у эпоху ранняга феадалізму (ІХ– пачатак ХІІІ ст. )

1. Характэрныя рысы і перыядызацыя феадальнага спосабу вытворчасці.

2. Генезіс феадальных адносін і сельская гаспадарка Беларусі ў ІХ– пачатку   ХІІІ ст.

3. Першыя беларускія гарады і іх функцыі ў грамадстве.

4. Першыя дзяржаўныя ўтварэнні на беларускіх землях.

5. Феадальная раздробленасць на землях Беларусі і яе наступствы.

6. Культура Беларусі ў ІХ– пачатку ХІІІ ст.

1. Характэрныя рысы і перыядызацыя феадальнага спосабу вытворчасці. Тэрмін «феадалізм» у навуковы ўжытак упершыню ўвёў французскі гісторык Ф. Гізо ў ХІХ ст. Гэтым тэрмінам ён абазначаў новы перыяд у гаспадарчым і сацыяльным жыцці грамадства, які прыйшоў на змену рабаўладальніцкаму.

Сярод асноўных рысаў феадальнага грамадства вучоныя вылучаюць наступныя:

§ асноўным сродкам вытворчасці пры феадалізме з’яўлялася зямля;

§ зямля знаходзілася ў манапольнай уласнасці феадалаў і з’яўлялася прыкметай палітычнай улады;

§ надзяленне непасрэднага вытворцы (селяніна) сродкамі вытворчасці (зямлёй) з прымацаваннем яго да зямлі (пазаэканамічны прымус);

§ наяўнасць феадальнай рэнты ў трох асноўных формах: даніна - прадуктовы падатак (натуральны аброк), чынш - грашовы падатак, паншчына - адпрацовачная павіннасць;

§ панаванне натуральнай гаспадаркі, пры якой усё, што выраблялася, спажывалася пераважна ў межах гэтай жа гаспадаркі;

§ нізкі, руцінны стан тэхнікі.

У еўрапейскіх краінах феадалізм існаваў з сярэдзіны І тысячагоддзя н. э. па ХІХ ст. Станаўленне і развіццё феадальных адносін можа адбывацца двума шляхамі: сінтэзным і бяссінтэзным. У некаторых краінах Заходняй Еўропы феадалізм развіваўся ў выніку сінтэзу родаплемянных і рабаўладальніцкіх адносін. Ён грунтаваўся на запазычванні некаторых гаспадарчых і тэхнічных дасягненняў Рымскай імперыі: двух- і трохполля, добрага ўгнаення глебы і інш., а таксама на развіцці дробнай вытворчасці і існаванні свабодных абшчыннікаў.

Пры бяссінтэзным шляху развіццё феадалізму праходзіць больш марудна. Яно было ўласціва для краін, у якіх сувязь з рымскім грамадствам адсутнічала ці была слабая. На такіх землях станаўленне феадалізму адбывалася пасля разлажэння родавага ладу. Менавіта такім шляхам, без уліку рымскіх традыцый, мінуючы рабаўладальніцтва, пачалося развіццё феадальных адносін на тэрыторыі Беларусі.

У адпаведнасці з гістарычнымі даследаваннямі прынята лічыць, што ў сваім развіцці феадалізм прайшоў тры перыяды. У гісторыі Беларусі этапы феадалізму храналагічна выглядаюць наступным чынам:

1) перыяд ранняга феадалізму (ІХ - першая палова ХІІІ ст. ), у якім адбылося станаўленне феадальных адносін, сфармавалася саслоўе землеўладальнікаў і землекарыстальнікаў, вызначылася феадальная рэнта, узніклі першыя дзяржаўныя ўтварэнні;

2) перыяд развітога феадалізму (другая палова ХІІІ - першая палова ХVІІІ ст. ), найвышэйшая стадыя, якая характарызавалася развітымі феадальнымі адносінамі, стратай сялянамі асабістай свабоды, уздымам эканомікі і культуры;

3) перыяд крызісу феадалізму і зараджэння капіталістычных адносін (другая палова ХVІІІ - першая палова ХІХ ст. ), у аснове якога было разлажэнне традыцыйных для феадалізму грамадскіх і гаспадарчых парадкаў, развіццё таварна-грашовых адносін, рост гарадоў, складванне ўнутранага рынку і г. д.

2. Генезіс феадальных адносін і сельская гаспадарка Беларусі ў ІХ– пачатку ХІІІ ст. Станаўленнефеадальных адносін на землях Беларусі адбывалася ва ўмовах існавання шматукладнай гаспадаркі. Як і раней, значную ролю ў жыцці сельскага насельніцтва адыгрывала абшчына (верв, мір). Яна складалася з усіх сем’яў вёскі і выконвала адміністрацыйныя, судовыя і гаспадарчыя функцыі. Насельніцтва абшчыны было звязана кругавой парукай ― разам адказвала за здзейсненыя злачынствы і выкананне павіннасцяў, працавала на карысць усёй абшчыны. Ворыўныя землі былі ў карыстанні асобных двароў, а ў абшчынным ― лугі, сенажаці, вадаёмы.

Навукова даказана, што ва ўсходніх славян існавалі выразныя рысы рабаўладальніцтва (хатняе рабства), хаця яно і не атрымала шырокага распаўсюджання. Асноўнай крыніцай захопу нявольнікаў была вайна.

Але галоўнай характарыстыкай перыяду ІХ - першай паловы ХІІІ ст. стаў працэс усталявання і паглыблення феадалізму, які, з аднаго боку, заключаўся ў фармаванні буйнога землеўладання князёў, знаці і царквы, а з другога ― у тым, што свабодныя абшчыннікі траплялі ў залежнасць ад феадалаў.

З утварэннем на землях Беларусі першых дзяржаваў-княстваў ішло фарміраванне і сацыяльнай структуры феадальнага грамадства. Выразна аформілася феадальная іерархія («феадальная лесвіца»). На чале грамадства стаяў князь, які лічыўся вярхоўным уласнікам зямлі. Ён абапіраўся на баяр (родавую знаць), ваенна-служылую знаць, якая складала старэйшую і малодшую дружыны, духавенства.

Феадальнае землеўладанне на тэрыторыі Беларусі ўсталявалася ў дзвюх формах:

1) вотчыннае (безумоўнае) - з правам продажу, раздзелу і перадачы па спадчыне;

2) часовае (умоўнае) - землі з правам часовага карыстання, якія за сваю службу атрымлівала ад князя ваенна-служылая знаць.  

Разам з тым з канца Х ст. пасля прыняцця хрысціянства ўласнікам зямлі стала і царква.

Паводле аднаго з самых старажытных помнікаў права на землях усходніх славян − «Рускай праўды», свабоднае насельніцтва мела назву «людзі», або «людзіны». Але непазбежным вынікам з’яўлення буйнога землеўладання было ўзмацненне феадальнай залежнасці сялян. Некаторыя свабодныя абшчыннікі − смерды − паступова траплялі ў залежнасць ад дзяржавы, а потым і ад феадалаў. Трапіць у залежнасць можна было рознымі шляхамі, аб чым сведчаць наступныя катэгорыі сялян:

§ закупы ― збяднелыя сяляне, якія бралі ў феадала грашовую пазыку («купу») і павінны былі працаваць на яго гаспадарцы за «купу», пакуль не вярнуць грошы;

§ радовічы ― сяляне, якія знаходзіліся ў залежнасці ад феадала ў адпаведнасці з дамовай («радам»);

§ ізгоі ― у ХІ-ХІІ ст. так называліся людзі, якія ў выніку якіх-небудзь абставін выйшлі са свайго звычайнага грамадскага становішча. Большасць з іх складалі сяляне, якія былі па нейкіх прычынах выгнаны з абшчыны, засталіся без зямлі і былі вымушаны пайсці ў залежнасць да феадала;

§ чэлядзь, халопы - несвабодныя людзі, рабы, якія знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад феадала. Гісторыкі лічаць, што чэлядзь фарміравалася з палонных, захопленых у час вайны, а халопы - з мясцовага люду.

Такім чынам, у ІХ - першай палове ХІІІ ст. сацыяльная структура раннефеадальнага грамадства поўнасцю сфармавалася.

Аснову гаспадаркі ў адзначаны перыяд трывала складала земляробства, развіццю якога садзейнічалі спрыяльныя прыродныя і кліматычныя ўмовы, а таксама эвалюцыя прылад працы. Ворныя прылады выраблялі з дрэва, металічнымі былі толькі асобныя іх часткі. Людзі карысталіся драўляным ралам з жалезным наральнікам, плугам, матыгай, сярпом, драўлянай рыдлёўкай і інш. Значным крокам наперад у развіцці земляробства стала з’яўленне ў канцы ІХ-Х ст. якасна новай ворнай прылады - двухзубай драўлянай сахі з двума металічнымі сашнікамі. Ворнае земляробства ўжывалася з прымяненнем паравай сістэмы ў выглядзе двухполля ці трохполля.

У перыяд ранняга феадалізму на землях Беларусі вырошчвалі амаль усе вядомыя сёння збожжавыя культуры, галоўнай з якіх было жыта. Сярод іншых культур можна адзначыць пшаніцу, ячмень, проса, лён, каноплю, грэчку, агуркі, цыбулю, моркву, рэдзьку. Ураджайнасць земляробства была ў сярэднім сам-3. Гэта значыць, што людзі атрымлівалі ўраджай у тры разы большы ў параўнанні з затрачаным насеннем.

Важную ролю ў гаспадарчым жыцці адыгрывала і жывёлагадоўля. Насельніцтва беларускіх зямель разводзіла коней, буйную рагатую жывёлу, свіней, хатнюю птушку. Гэтая галіна гаспадаркі забяспечвала людзей не толькі мясам, малаком, скурай, але таксама цяглавай жывёлай і ўгнаеннем, неабходнымі для вядзення ворыўнага земляробства.

Разам з тым у разглядаемы перыяд людзі займаліся і промысламі, галоўнымі з якіх былі рыбалоўства, паляванне, збор грыбоў і ягад. Акрамя таго, займаліся бортніцтвам – зборам мёду дзікіх пчол, даглядалі дуплы і нават стваралі новыя. Развівалася таксама і хатняе рамяство: ткацтва, выраб посуду і інш.

Такім чынам, сельская гаспадарка з’яўлялася асновай гаспадарчай дзейнасці людзей на беларускіх землях у ІХ - першай палове ХІІІ ст. Узровень яе развіцця дазваляў не толькі пракарміцца адной сям’і, але і стварыць дадатковы прыбавачны прадукт, які быў неабходнай умовай для развіцця рамяства і гандлю.

3. Першыя беларускія гарады і іх функцыі ў грамадств. У выніку росту прадукцыйных сіл у земляробстве і жывёлагадоўлі, шырокага распаўсюджання і ўдасканалення жалезных прылад працы з’явілася магчымасць вызваліць ад працы ў сельскай гаспадарцы пэўную частку людзей, здольных да рамяства. Такім чынам, адбылося выдзяленне рамяства ў самастойную гаспадарчую галіну. У гістарычнай літаратуры гэты працэс атрымаў назву другога грамадскага падзелу працы.

З аддзяленнем рамяства ад земляробства цесна звязана ўзнікненне гарадоў. Горад - агароджаны (адсюль назва «горад»), умацаваны населены пункт, жыхары якога займаліся пераважна рамяством і гандлем. Шляхі ўзнікнення гарадоў былі рознымі. Часта гарады ўтвараліся на месцах былых гарадзішчаў жалезнага веку, а таксама вакол феадальных замкаў ці як прыгранічныя крэпасці. Важнымі фактарамі ўзнікнення, развіцця і росту гарадоў былі іх геаграфічнае становішча і наяўнасць гандлёвых шляхоў.

Першым горадам на землях Беларусі лічыцца Полацк. Ён быў заснаваны крывічамі на месцы ўпадзення ракі Палаты ў Заходнюю Дзвіну і ўпершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862 г., аднак даследаванні беларускіх археолагаў сведчаць, што горад узнік як мінімум на сто гадоў раней за першую згадку ў летапісе. У ліку старажытных беларускіх гарадоў пісьмовыя крыніцы называюць: Тураў (980), Ізяслаўль (Заслаўе) (каля 985), Берасце (1019), Віцебск (1021), Менск, Орша (1067), Пінск (1097), Слуцк (1116), Гародня (1127), Мсціслаў (1135), Гомель (1142) і інш. Усе старажытныя беларускія гарады былі заснаваны на берагах вялікіх рэк, па якіх праходзілі рачныя гандлёвыя шляхі.

На думку гісторыкаў, свае назвы беларускія гарады маглі атрымаць наступнымі шляхамі:

1) ад назваў рэк, на берагах якіх былі заснаваны: Полацк ― ад ракі Палаты, Віцебск ― ад Віцьбы, Пінск ― ад Піны, Гародня ― ад Гараднічанкі, Слуцк ― ад Случы і інш.;

2) ад імёнаў князёў, якім належалі гарады: Тураў - ад князя Тура, Ізяслаўль - ад Ізяслава, Барысаў - ад Барыса і г. д.;

3) легендарнае (звязанае з легендай) паходжанне назвы некаторых гарадоў (Берасце, Наваградак).

Звычайна раннефеадальныя гарады складаліся з дзвюх асноўных частак:

§ дзядзінца - умацаванага цэнтра, дзе жыў князь з дружынай і размяшчаліся адміністрацыйныя і культавыя пабудовы. У абарончай сістэме спалучаліся прыродны ландшафт (высокі бераг ракі, абрыў) і штучныя ўмацаванні (земляны вал, драўляны частакол, вежы);

§ рамесніцкага пасаду –неўмацаванай часткі горада, дзе жылі і працавалі рамеснікі.

Найбольш буйныя гарады мелі яшчэ вакольны горад, які займаў прамежкавае становішча паміж дзядзінцам і пасадам. Будаваліся гарады цалкам з дрэва: драўлянымі былі княжацкія палацы, жылыя пабудовы, дрэвам масцілі вуліцы.

У жыцці раннефеадальнага грамадства гарады адыгрывалі вялікую ролю і выконвалі шмат функцый. Яны з’яўляліся цэнтрамі рамеснай вытворчасці. Як сведчаць крыніцы, у вывучаемы перыяд у гарадах Беларусі налічвалася каля 40 рамесных спецыяльнасцяў. Вядучая роля належала кавальству, якое забяспечвала неабходнымі прыладамі працы сельскую гаспадарку і многія віды рамёстваў. Добра былі развіты ювелірная справа, апрацоўка дрэва, ганчарства, ткацтва, гарбарства і інш.

Аддзяленне рамяства ад земляробства і горада ад сяла прывяло да развіцця гандлю. Функцыю гандлёвых цэнтраў выконвалі гарады. У іх размяшчаліся рынкі, на якіх можна было набыць ці абмяняць рамесную прадукцыю, сыравіну, прадукты харчавання. У гарадах, якія знаходзіліся на важнейшых водных магістралях, ажыццяўляўся і знешні гандаль. У ІХ – першай палове ХІІІ ст. асноўным накірункам на землях Беларусі быў гандаль з Візантыяй, Арабскім Усходам, Заходняй Еўропай, а таксама з усходнеславянскімі княствамі: Кіеўскім і Наўгародскім. З беларускіх зямель вывозілі футра, мёд, воск, лён. Прадметамі імпарту пераважна былі вырабы з металу, каштоўныя камяні, тканіны, віно, вострыя прыправы.

Узнікаючы вакол феадальных замкаў, гарады выконвалі таксама функцыю адміністрацыйна-фіскальных цэнтраў. У гарадах абвяшчаліся новыя законы, сюды звозілася даніна, сабраная з падданага насельніцтва.

Важнай функцыяй гарадоў была ваенна-абарончая. Створаная вакол горада абарончая сістэма і наяўнасць у горадзе ваеннай сілы - дружыны рабілі яго месцам, дзе можна было знайсці сховішча ў час варожых нападаў і арганізаваць абарону.

З прыняццем у 988 г. хрысціянства гарады сталі і культурна-рэлігійнымі цэнтрамі. Спачатку толькі ў гарадах будаваліся храмы, перапісваліся кнігі, ствараліся вырабы прыкладнога мастацтва і г. д.

Такім чынам, з утварэннем гарадоў на землях сярэднявечнай Беларусі адбывалася хуткае развіццё рамяства, гандлю, культуры.

4. Першыя дзяржаўныя ўтварэнні на беларускіх землях. З’яўленне першых дзяржаўных утварэнняў ва ўсходніх славян у перыяд ранняга феадалізму цалкам адпавядала аналагічным працэсам у Заходняй Еўропе. Першыя дзяржавы фактычна з’яўляліся племяннымі княжаннямі. Летапісы паведамляюць, што ў другой палове ІХ ст. славянскія плямёны палян, драўлян, славенаў, крывічоў і дрыгавічоў мелі свае племянныя княжанні.

Полацкае княства з цэнтрам у горадзе Полацку было першай дзяржавай, якая ўзнікла на беларускіх землях. Полацк займаў вельмі выгаднае геастратэгічнае становішча. Заходняя Дзвіна ў той час з’яўлялася часткай шляху, па якім ішоў міжнародны гандаль Візантыі і Арабскага халіфата з усходнеславянскімі княствамі і скандынаўскімі краінамі. Ён праходзіў праз Няву, Волхаў, Ловаць, Заходнюю Дзвіну да Дняпра і меў назву шляха «з варагаў у грэкі». Займаючы на гэтай важнай воднай магістралі фактычна цэнтральнае месца, Полацк з умацаванага паселішча хутка ператварыўся ў моцны транзітны і гандлёвы цэнтр.

Акрамя таго, Полацкае княства знаходзілася паміж двума іншымі дзяржаўнымі ўтварэннямі ўсходніх славян — Кіеўскім і Наўгародскім княствамі. Кожнае з гэтых княстваў імкнулася заключыць саюз з Полацкам, каб разам мець эканамічную і ваенную перавагу ў рэгіёне. Вядома, што ў 907 г. Полацк быў саюзнікам Кіева, а полацкая дружына прымала ўдзел у паходзе кiеўскага князя Алега на сталіцу Візантыі — Канстанцінопаль (Царград). Паход скончыўся перамогай Кіева, а Канстанцiнопаль вымушаны быў плаціць даніну і Полацку.

У другой палове Х ст. летапісы згадваюць першага вядомага полацкага князя Рагвалода, які прыйшоў «з-за мора», княжыў у Полацкай зямлі і валадарыў ёю. У гэты ж час Полацк становіцца ахвярай барацьбы за вярхоўную ўладу паміж наўгародскім князем Уладзімірам і яго братам, кіеўскім князем Яраполкам. Саюз з Полацкам мог стаць вырашальным у гэтай барацьбе, таму ў перыяд паміж 975 і 978 г. Уладзімір і Яраполк адначасова звярнуліся да полацкага князя з падобнай прапановай. Летапісы гэтую дыпламатычную акцыю спрошчана падаюць як сватанне вышэйзгаданых князёў да дачкі Рагвалода Рагнеды. Згодна з летапісам, Рагнеда выбрала Яраполка, дадаўшы пры гэтым, што яна не хоча выходзіць за Уладзіміра ― «сына рабыні» (Уладзімір быў пазашлюбным сынам кіеўскага князя). Але хутчэй за ўсё, выбар Рагнеды быў абумоўлены тым, што полацкі князь хацеў бачыць сваім палітычным саюзнікам больш уплывовага і моцнага кіеўскага князя.

Далей для Полацка падзеі разгортваліся вельмі трагічна. Уладзімір з войскам нечакана напаў на горад, знішчыў полацкую княжацкую сям’ю, а Рагнеду прымусова зрабіў сваёй жонкай. Пазней ён забіў Яраполка, заняў кіеўскі трон і на некаторы перыяд (каля 20 гадоў) аб’яднаў пад сваёй уладай Наўгародскае, Полацкае і Кіеўскае княствы. Утвораная Уладзімірам дзяржава атрымала ў гістарыяграфіі назву «Кіеўская Русь».

Залежнасць Полацк ад Кіева працягвалася нядоўга. Пасля 988 г. Рагнеда, якая так і не даравала Уладзіміру забойства сваіх сваякоў, зрабіла няўдалы замах на яго жыццё. Уладзімір параіўся з баярамі і замест пакарання Рагнеды адправіў яе разам з іх сынам Ізяславам назад, у Полаччыну, у спецыяльна пабудаваны горад Ізяслаўль (цяпер г. Заслаўе Мінскай вобласці). Такім чынам, была адноўлена вотчына Рагнеды, а пасля запрашэння палачанамі Ізяслава на княжанне ў Полацк аднавілася ў Полацкай зямлі і дынастыя Рагвалодавічаў — унукаў Рагвалода. З таго часу полацкiя князi вялi барацьбу за аднаўленне і ўмацаванне незалежнасцi Полацка.

Размешчанае на двух важных гандлёвых шляхах — па Дняпру ў Чорнае мора і па Заходняй Дзвіне ў Балтыйскае — Полацкае княства вымушана было ўступіць у барацьбу з двума другімі цэнтрамі ўлады на ўсходнеславянскіх землях — з Кіевам і Ноўгарадам. Тры цэнтры былі вельмі падобныя па свайму палітычнаму і эканамічнаму паходжанню, а з часоў Уладзіміра іх аб’ядноўвалі і дынастычныя сувязі. Агульнымі для гэтых княстваў былі царкоўнаславянская мова і агульнахрысціянскія каштоўнасці, якія пачалі распаўсюджвацца сярод кіруючай эліты.

Значных поспехаў у барацьбе за незалежнасць Полацка дасягнуў сын Ізяслава, князь Брачыслаў (1003 – 1044). Ён паспяхова змагаўся з Ноўгарадам за волакі — сухапутныя шляхі паміж рэкамі, валоданне якімі прыносіла значныя прыбыткі ў скарб. У 1021 г. Брачыслаў здзейсніў паход на Ноўгарад і захапіў горад, але на зваротным шляху ў Полацк быў разбіты кіеўскім князем Яраславам Мудрым (сынам Рагнеды і Уладзіміра). У выніку Брачыслаў і Яраслаў Мудры заключылі саюз, па якому да Полацкага княства далучаліся важныя гарады Віцебск і Усвяты, якія кантралявалі волакі паміж Заходняй Дзвіной і Дняпром.

Найбольшай магутнасці Полацкае княства дасягнула пры Усяславе Брачыславічы, ці, як называлі яго летапісы, Усяславе Чарадзеі (1044 – 1101). Пры ім канчаткова было зацверджана, што ўладанні Рагвалодавічаў утвараюць асобную, незалежную зямлю, вылучаную з астатняй Русі, і ў другой палове ХІ ст. Полацк зрабiўся асноўным сапернiкам Кiева. Каб паказаць сваю роўнасць з вялікімі князямі Яраславічамі (сынамі Яраслава Мудрага) і падкрэсліць незалежнасць Полацкага княства, па загаду Усяслава ў Полацку быў пабудаваны сабор Святой Сафіі, які стаў уровень з кіеўскім і наўгародскім Сафійскімі саборамі.

У 1065 – 1078 гг. паміж войскамі Усяслава Чарадзея і Яраславічаў адбыўся шэраг бітваў, найбольш жорсткай з якіх была бiтва на Нямiзе ў 1067 г. У сувязі з гэтай падзеяй упершыню ў летапісах згадваецца г. Менск. Бітва на Нямізе была прайграна Усяславам Чарадзеем, а насельнiцтва Менска знішчана. Апісваючы гэтую падзею, летапiсец адзначаў: «На Нямізе снапы сцелюць з галоваў, малоцяць цапамі булатнымі, на таку жываты кладуць, веюць душу ад цела... ».  

З рэшткамі сваёй дружыны Усяслаў адышоў да Дняпра, але падманам быў захоплены Яраславічамі ў палон. Больш за год прасядзеў полацкі князь у порубе (турме) у Кіеве, пакуль не быў вызвалены паўстаўшымі жыхарамі горада. Усяслаў Чарадзей на некаторы час стаў кіеўскім князем, але потым вярнуўся ў Полацк.

У 1097 г. у Любечы адбыўся з’езд князёў Рурыкавічаў, на якім адбылася спроба ўпарадкавання адносін паміж нашчадкамі Яраслава Мудрага. Яго вотчына раздзялілася на ўдзелы трох ліній – Ізяславічаў, Святаславічаў і Усеваладавічаў. Гэтая дамова не тычылася Полацкай зямлі, і таму Усяслаў Чарадзей не быў запрошаны на гэты з’езд. Такім чынам, нашчадкі Яраслава Мудрага прызналі незалежнасць Полацкага княства. Да канца ХІ ст. вотчына Усяслава не ведала спусташэнняў, і гэта быў перыяд, калі Полацкае княства дасягнула найбольшай сваёй магутнасці.

    Вышэйпералічанае дазваляе сцвярджаць, што Полацкае княства было першай дзяржавай на беларускiх землях, паколькi Полацкая зямля мела ўсе неабходныя атрыбуты дзяржаўнасці.

1. Тэрыторыю — узнiкшы як горад на беразе Дзвiны i Палаты, Полацк здолеў аб’яднаць паўночна-ўсходнюю i цэнтральную часткi беларускiх зямель. У другой палове ХІ ст., у перыяд найбольшай магутнасці Полацкага княства, яно межавала з Наўгародскай зямлёй на поўначы, са Смаленскай — на ўсходзе, з Тураўскай — на поўдні, з балцкімі народамі — на захадзе.

2. Насельніцтва, якое ўсведамляла сябе жыхарамі менавіта гэтай дзяржавы і адрознівала сябе ад тых, хто жыў за межамі іх княства. Жыхары Полацкага княства называлі сябе крывічы-палачане.

3. Органы кіравання,  якія ў Полацкім княстве можна вызначыць як княжацка-вечавы лад. Веча — агульны сход грамадзян, які збіраўся ў Полацку. Веча валодала вялікімі паўнамоцтвамі: запрашала князя, а таксама магло прагнаць яго («указаць яму шлях»), абвяшчала вайну і заключала мір, прызначала падаткі. Практычна ўсе найважнейшыя справы дзяржаўнай палітыкі ажыццяўляліся толькі са згоды большасці паўнапраўных грамадзян.

Паўнамоцтвы князя распаўсюджваліся ў асноўным у сферы выканаўча-распараджальнай дзейнасці. Ён абавязаны быў клапаціцца пра абарону краіны, кіраваць войскам і збіраць падаткі. Полацкае княства мела сваю ўласную дынастыю Рагвалодавічаў — «Рагвалодавых унукаў».

4. Войска. Галоўнай ваеннай сілай з’яўлялася княжацкая дружына. Полацкая дружына ўжо ў 907 г. прымала ўдзел у паходзе кіеўскага князя Алега на Царград.

5. Законы. Пануючым было так званае «звычаёвае права» — сістэма няпісаных прававых норм, якія ўзніклі непасрэдна з грамадскіх адносін і абапіраліся на агульнапрынятасць і даўнасць ужывання і прызнаваліся дзяржавай.

6. Падатковая сістэма. Падаткі з насельніцтва збiраліся князем разам з дружынай у выглядзе данiны натуральнымі прадуктамі: зернем, мёдам, футрам i г. д. Збор данiны ва ўсходніх славян называўся «палюддзе».

Такiм чынам, Полацкае княства стала першай дзяржавай на беларускіх землях, якая па ўзроўню развiцця не саступала iншым моцным княствам таго часу – Кiеўскаму i Наўгародскаму.

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...