Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

Тураўскае княства. Але Полацкае княства не было адзінай дзяржавай на землях Старажытнай Беларусі. У басейне ракі Прыпяць у Х ст. на аснове племяннога саюза дрыгавічоў утварылася Тураўскае княства. Пра раннюю гісторыю Тураўскага княства звестак няма. Уперш




Тураўскае княства. Але Полацкае княства не было адзінай дзяржавай на землях Старажытнай Беларусі. У басейне ракі Прыпяць у Х ст. на аснове племяннога саюза дрыгавічоў утварылася Тураўскае княства. Пра раннюю гісторыю Тураўскага княства звестак няма. Упершыню цэнтр княства г. Тураў згадваецца ў " Аповесці мінулых гадоў" пад 980 г. Першым летапісна вядомым князем гэтай дзяржавы быў Тур, ад яго імя, згодна летапісу, насельніцтва празвалася тураўцамі.

Тураўскае княства таксама мела выгаднае геаграфічнае становішча, паколькі праз яго тэрыторыю праходзілі міжнародныя гандлёвыя магістралі. Першая па Прыпяці і Дняпру вяла ў Чорнае мора; другая мела напрамак на Польшчу і праходзіла па рэках Прыпяць – Піна – Мухавец – Буг; трэцяя праз сістэму рэк Прыпяць – Ясельда – Рось – Нёман вяла ў Балтыку.

Тураўскае княства, якое межавала з больш моцнай Кіеўскай дзяржавай, да 80-х гадоў Х ст., хутчэй за ўсё, заставалася самастойным, а ў 980-я гады трапіла ў залежнасць ад Кіева. Вядома, напрыклад, што кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч пакінуў кіраваць у Тураве свайго сына-намесніка Святаполка.

Грамадска-палітычны лад у Тураве меў свае асаблівасці. Тураўскія князі паводле роднасных сувязяў з кіеўскімі мелі права займаць кіеўскі трон. У такім выпадку ў Тураў прызначаўся княжацкі намеснік — пасаднік. Горадам і воласцю кіравала веча; ёсць звесткі, што веча нават выбірала епіскапа. Гэта было незвычайнай з’явай, паколькі епіскапаў па царкоўных законах павінен быў прызначаць мітрапаліт.

Аднак на развіццё Тураўскага княства вельмі адмоўна ўплывала адсутнасць сваёй правячай дынастыі. Прадстаўнікі розных княжацкіх родаў, якія займалі тураўскі прастол, не дбалі пра мясцовыя інтарэсы. У выніку такой палітыкі Тураўшчына нават губляла землі. Так, у 1142 г. Тураўскае княства страціла гарады Берасце, Драгічын, Клецк, Рагачоў, а ў 1155 г. — Мазыр.

Берасцейская зямля. Важным цэнтрам Сярэдняга Пабужжа з’яўляўся горад Берасце. Разам з гарадамі Кобрын, Камянец, Драгічын, Бельск, Мельнік тэрыторыя Берасцейскай зямлі ўяўляла сабой практычна адзіную ў сацыяльна-палітычных адносінах вобласць, нягледзячы на тое, што этнічны склад насельніцтва тут быў вельмі разнастайны.

Берасце адыгрывала ролю заходняга фарпоста на землях усходніх славян, і да сярэдзіны ХІІ ст. Берасцейская зямля ўваходзіла ў склад Тураўскага княства. За магчымасць мець уплыў на гэтую тэрыторыю ў другой палове ХІІ ст. змагаліся кіеўскія і галіцка-валынскія князі і нават польскія каралі. У выніку, як і Тураўскае княства, Берасцейская зямля ў другой палове ХІІ ст. трапіла ў залежнасць ад галіцка-валынскіх князёў.

Верхняе Панямонне з’яўлялася тэрыторыяй, на якой ад старажытнасці жылі балцкія плямёны яцвягаў, літвы і дайновы. Каланізацыя гэтых зямель славянамі ажыццяўлялася пазней за іншыя тэрыторыі. Верхняе Панямонне ўключала гарады Наваградак, Гародню, Ваўкавыск, Слонім і інш.

Як сведчаць летапісы, з канца Х ст. тэрыторыя Гарадзеншчыны трапіла ў сферу палітычных інтарэсаў кіеўскіх князёў: «на яцвягаў» хадзілі Уладзімір Святаслававіч і Яраслаў Мудры. Апошні ў 1044 г. заснаваў Наваградак.

Некаторы час Верхняе Панямонне знаходзілася ў палітычным падпарадкаванні Галіцка-Валынскага княства. Аднак у першай трэці ХІІ ст. у летапісах паведамляецца аб самастойным гарадзенскім князі Усеваладку (1116–1141), які ў 1127 г. прымаў удзел у паходзе на Полацк. Гэты факт сведчыў пра тое, што Гародня ўжо была цэнтрам удзельнага княства. Дынастычныя шлюбы звязвалі гарадзенскіх князёў з кіеўскімі, і яны перыядычна арганізоўвалі сумесныя ваенныя паходы.

У сярэдзіне ХІІІ ст. Верхняе Панямонне адыграла знакавую ролю ў гісторыі Беларусі, паколькі менавіта гэтыя землі сталі тэрытарыяльным ядром новай дзяржавы, вакол якой перад пагрозай знешніх ворагаў пачалі аб’ядноўвацца аслабленыя ўдзельныя ўсходнеславянскія княствы.

Такім чынам, у перыяд ІХ – ХІ ст. развіццё беларускіх зямель характарызавалася ўзнікненнем на іх тэрыторыі раннефеадальных княстваў-дзяржаў, для якіх быў уласцівы прынцып арганізацыі насельніцтва не на падставе кроўных сувязяў, а па тэрытарыяльнай прыкмеце. Пазней працэс утварэння і развіцця дзяржаў-княстваў змяніўся феадальнай раздробленасцю (1101 – сярэдзіна ХІІІ ст. ) — з'явай, якая была характэрнай для ўсіх краін, якія развіваліся па шляху феадалізму.

5. Феадальная раздробленасць на землях Беларусі і яе наступствы. Феадальная раздробленасць гэта працэс падзелу раннефеадальных дзяржаў на ўдзельныя княствы. Так, пасля смерцi Усяслава ў 1101 г. Полацкая дзяржава была падзелена на 6 удзельных княстваў: Полацкае, Менскае, Вiцебскае, Лагойскае, Ізяслаўскае і Друцкае. Асаблівасцю феадальнай раздробленасці ў Полацкім княстве было тое, што міжусобная барацьба мела не сепаратысцкі характар, а вялася за дамінаванне на дадзенай тэрыторыі.

Найбольш моцным стаў Менскі ўдзел. Менскі князь Глеб Усяслававіч (? – 1119) праводзіў актыўную палітыку, накіраваную на ўзмацненне і пашырэнне тэрыторыі княства, імкнуўся аб’яднаць усе беларускія землі вакол Менска. Кіеўскія князі арганізавалі некалькі паходаў супраць князя Глеба. Апошні быў захоплены ў палон, кінуты ў кіеўскі поруб, дзе хутка памёр.

Незалежную ад Кіева палітыку імкнуліся весці і іншыя нашчадкі Усяслава Чарадзея. У 1127 г. быў здзейснены паход паўднёварускіх князёў на Полацкую зямлю. За «непаслушэнства» Кіеву ў 1129 г. некаторыя князі Полацкай зямлі былі высланы ў Візантыю. Незадаволеныя кіраваннем стаўленнікаў Кіева палачане ў 1132 г. узнялі паўстанне і на вечы пастанавілі вярнуць сваіх князёў з Візантыі. Але не ўсе высланыя князі вярнуліся ў свае ўдзелы.

У барацьбу за незалежнасць ад Кіева ў ХІІ ст. уключылася і Тураўскае княства. У 1158 г. тураўскі князь Юрый Яраславіч адмовіўся падпарадкоўвацца Кіеву. Натхнёныя княжацкім прыкладам, жыхары Турава вытрымалі дзесяцітыднёвую аблогу вялікага варожага войска, якое складалася з кіеўскай, галіцкай, смаленскай і луцкай дружын. Вораг адышоў, і такім чынам была абаронена незалежнасць Турава і ўсяго княства.

Аднак у другой палове ХІІ ― пачатку ХІІІ ст. Тураўская зямля таксама перажывала працэс феадальнага драблення. Спачатку яна была падзелена паміж сынамі Юрыя Яраславіча на Тураўскае, Пінскае і Дубровіцкае княствы, пазней выдзеліліся Клецк, Берасце, Драгічын. У выніку землі былога Тураўскага княства трапілі пад уплыў больш моцных галіцка-валынскіх князёў.

 Паглыбленне феадальнай раздробленасці суправаджалася міжусобнымі войнамі. Дробныя князі таксама прагнулі самастойнасці і са сваімі землямі і дружынамі выходзілі з-пад улады кіраўнікоў удзелаў.

Фактычна ўсе краіны, якія сталі на шлях феадалізму, у сваім развіцці прайшлі тры стадыі: ад раннефеадальных дзяржаў праз перыяд феадальнай раздробленасці да стварэння цэнтралізаваных дзяржаў. Такім чынам, феадальная раздробленасць была заканамерным этапам эвалюцыі феадальных краін.

Сярод асноўных прычын, якія абумовілі феадальную раздробленасць, можна вызначыць дзве:

1) палітычную , якая была звязана з наяўнасцю ў раннефеадальным грамадстве васальнай залежнасці ― сістэмы своеасаблівых адносін паміж феадаламі. Князі ўступалі паміж сабой у васалітэт, калі адзін з іх пагаджаўся лічыцца «сынам» другога (пры раўнапраўных адносінах князі называлі адзін аднаго «братамі»). Баяры з’яўляліся васаламі таго князя, якому служылі і ад якога за службу атрымлівалі маёнткі. Пачынаючы з ХІ-ХІІ ст. з’явіліся асабістыя дружыны найбуйнейшых баяр з васалаў трэцяга ўзроўню. Узмацненне ўдзельных князёў прыводзіла да аслаблення цэнтральнай улады і садзейнічала распаду раннефеадальных дзяржаў;

2) эканамічную, якая была абумоўлена панаваннем натуральнай гаспадаркі, калі ўсе землі Беларусі мелі так званую эканамічную аўтаркію (незалежнасць): усё неабходнае для жыцця выраблялася і спажывалася ў межах адной гаспадаркі і не было жыццёвай неабходнасці для пашырэння эканамічных сувязяў паміж рэгіёнамі.

Феадальная раздробленасць мела станоўчыя і адмоўныя вынікі. На першым этапе падзел вялікіх княстваў на асобныя ўдзелы ствараў спрыяльныя ўмовы для росту гарадоў, развіцця рамёстваў і культуры, удасканалення натуральнай гаспадаркі. Зразумела, што пры існаваўшых у той час сродках камунікацыі кіраўніцтва невялікімі тэрыторыямі было больш эфектыўным. Аднак перманентнае вядзенне разбуральных міжусобных войнаў стала адмоўна адбівацца на гаспадарчым жыцці. Разбуралася сельская гаспадарка, заняпаў шлях «з варагаў у грэкі», які некалькі стагоддзяў прыносіў трывалыя прыбыткі ў скарб Полацкага княства і іншых беларускіх зямель. Да таго ж, раз’яднаныя ўдзелы не маглі аказаць належнага адпору знешнім захопнікам. Толькі напрыканцы ХІІ ― пачатку ХІІІ ст. пад пагрозай знешніх ворагаў на беларускіх землях сталі праяўляцца тэндэнцыі да палітычнай і эканамічнай кансалідацыі.

6. Культура Беларусі ў ІХ – пачатку ХІІІ ст. Культура народаў у перыяд ранняга сярэднявечча ў многім вызначалася рэлігійнымі ўяўленнямі. Дахрысціянскай рэлігіяй насельніцтва на беларускіх землях было язычніцтва (паганства) — вера ў многіх багоў. Сярод вярхоўных багоў у старажытных насельнікаў Беларусі былі: Пярун — бог грому і маланкі, Вялес — бог жывёлагадоўлі, гандлю, багацця, уладар замагільнага свету, апякун язычніцкіх святароў-вешчуноў, Ярыла — бог урадлівасці і вайны, Дажбог — бог Сонца, Лада — багіня дабрабыту і апякунка сямейнага жыцця і інш. У пантэоне багоў адлюстроўвалася як пакланенне людзей прыродным з’явам, так і іх гаспадарчая дзейнасць.

Аднак з узнікненнем першых дзяржаўных утварэнняў, усталяваннем княжацкай улады, развіццём рамяства і гандлю з’явілася патрэба ў больш шырокіх ведах, граматнасці, трывалых сувязях з іншымі краінамі і ў новым асэнсаванні чалавекам свайго жыцця. Гэта не маглі забяспечыць язычніцкія вераванні, і таму наспела неабходнасць у прыняцці новай рэлігіі, якой на землях усходніх славян стала хрысціянства.

Хрысціянства прыйшло на тэрыторыю Беларусі пасля таго, як у 988 г. муж Рагнеды кіеўскі князь Уладзімір ахрысціў сваіх падданых. Візантыйскі варыянт хрысціянства стаў дзяржаўнай рэлігіяй і, як сведчаць крыніцы, уводзіўся ў Кіеўскім княстве хутка, часта нават з прымяненнем сілы.

У Полацкім княстве хрысціянская вера распаўсюджвалася больш спакойна. У гістарычных крыніцах не згадваюцца факты насілля альбо прымусу пры ўвядзенні новай рэлігіі на беларускіх землях. У Полацкай зямлі існавалі свае перадумовы для прыняцця хрысціянства, да таго ж, полацкія воіны ўдзельнічалі ў паходзе на Візантыю ў 907 г. і ўжо мелі ўяўленне аб хрысціянстве. Існуе думка, што кіруючая эліта Полацкага княства яшчэ раней прыняла хрысціянства, якое прыйшло на гэтую тэрыторыю праз Скандынавію.

Але больш упэўнена можна сцвярджаць, што хрысціянства ў Полацку было прынята прадстаўнікамі вышэйшай знаці ўслед за афіцыйным увядзеннем яго ў Кіеве. Ізяслаў, сын Уладзіміра і Рагнеды, хутка пасля прыняцця новай веры стаў княжыць у Полацку. Аб яго клопаце па распаўсюджванню тут хрысціянства ўскосна сведчыць характарыстыка, дадзеная Ізяславу ў Цвярскім летапісе, дзе сказана, што ён «прилежаще прочитанию божественных писаний», гэта значыць, быў вельмі набожны. Княгіня Рагнеда таксама шчыра прыняла новую веру, пашырала яе сярод сваіх суродзічаў-крывічоў павольна, абдумана, высвятляючы сутнасць Хрыстовай навукі. Дзякуючы Рагнедзе з Полацка хрысціянства распаўсюдзілася на ўсю Полаччыну, Смаленшчыну і іншыя крывіцкія землі. Апошнія гады свайго жыцця Рагнеда правяла ў манастыры пад імем чарніцы Анастасіі.

Пасля прыняцця хрысціянства ў буйных княствах пачалі стварацца епархіі. Так, у 992 г. узнікла епархія ў Полацку, а ў 1005 г. — у Тураве.

Усталяванне хрысціянства адбывалася адначасова з існаваннем паганства, таму працэс хрысціянізацыі расцягнуўся на стагоддзі. Трывалымі аказаліся шмат якія язычніцкія традыцыі, як, напрыклад, шанаванне памерлых продкаў («дзяды») ці святкаванне Купалля. Хрысціянская царква так і не змагла іх пераадолець, таму многія язычніцкія звычаі не зніклі, а сталі арганічнай часткай хрысціянскай культуры на тэрыторыі Беларусі. У выніку тут усталяваўся так званы сінкрэтызм – арганічнае ўзаемаперапляценне старажытных паганскіх уяўленняў з хрысціянскімі.

Вынікі прыняцця хрысціянства былі вельмі значнымі. Распаўсюджанне новай веры садзейнічала развіццю на землях Беларусі пісьменнасці і адукацыі. Пры царквах і манастырах перапісваліся кнігі і адкрываліся школы. У беларускіх гарадах вялося летапісанне. Вялікую навуковую каштоўнасць маюць знойдзеныя ў Віцебску і Мсціслаўлі берасцяныя граматы-лісты, змест якіх сведчыць пра тое, што граматай у той час валодалі не толькі прадстаўнікі духавенства і знаці, але і простыя гараджане.

На беларускіх землях разгарнулася мураванае дойлідства. Саборы, царквы і манастыры сталі самымі велічнымі і прыгожымі будынкамі таго часу. Так, маючы шырокія сувязі з Візантыяй і Заходняй Еўропай, Полацк развіваўся як буйны культурны цэнтр з уласнай архітэктурнай школай. У 50-я гады ХІ ст. у Полацку быў пабудаваны грандыёзны Сафійскі сабор. Ён меў сем купалоў, а ў сярэдзіне быў аздоблены фрэскамі. Сярод помнікаў старажытнага мураванага дойлідства можна назваць Спаскую царкву ў Полацку, Ніжнюю і Барысаглебскую (Каложскую) царквы ў Гродне (другая палова ХІІ ст. ). Вядомым помнікам абарончага дойлідства канца ХІІІ ст. з’яўляецца Камянецкая (Белая) вежа. Яна была пабудавана дойлідам Алексам па загаду валынскага князя Уладзіміра Васількавіча як парубежны апорны фарпост і мела шмат агульнага з еўрапейскімі вежамі тыпу «данжон».

Хрысціянства прынесла на беларускія землі не толькі пісьменнасць, адукацыю і мастацтва, але і змены ў норавах. Хрысціянская вера ўзвышала чалавека над прыродай, вучыла рабіць дабро і цярпліва пераносіць пакуты зямнога жыцця. Але разам з тым нават у самых складаных жыццёвых сітуацыях у чалавека заставалася надзея на дапамогу Бога. Хрысціянскія запаведзі — не забі, не падмані, не ўкрадзі, шануй бацьку і маці і разам з тым знікненне ўласцівых для язычніцтва ахвярапрынашэнняў і кроўнай помсты — садзейнічалі прагрэсіўнаму развіццю грамадства.

Ефрасіння Полацкая. Найбольшае праяўленне новай культуры знайшло сваё адлюстраванне ў дзейнасці Ефрасінні Полацкай (каля 1120 – 1173). Яна была ўнучкай Усяслава Чарадзея і ў свецкім жыцці мела імя Прадслава. Ад замужаства маладая дзяўчына збегла ў манастыр, пастрыглася ў манашкі і атрымала новае імя — Ефрасіння. Яна заснавала ў Полацку жаночы і мужчынскі манастыры, займалася перапісваннем багаслоўскіх кніг, адкрыла школу, бібліятэку. Па яе замове ў 1161 г. майстар Лазар Богша стварыў шэдэўр старажытнабеларускага эмальернага мастацтва — крыж Ефрасінні Полацкай, які знік падчас другой сусветнай вайны.

Ефрасіння Полацкая напрыканцы свайго жыцця здзейсніла падарожжа да «Гасподняй дамавіны» ў Палесціну, дзе і памерла 23 мая 1173 г. Пазней яна была кананізавана праваслаўнай царквой і каталіцкім касцёлам і ўключана ў лік святых беларускай зямлі.

Кірыла Тураўскі. Вялікі ўклад у развіццё старажытнабеларускай культуры ўнёс пісьменнік і прамоўца, выдатны сын Тураўскай зямлі Кірыла Тураўскі (каля 1130 – 1182). Найбольшую вядомасць яму прынеслі яго «словы», прысвечаныя розным біблейскім сюжэтам, якімі ён імкнуўся схіліць да хрысціянскай веры як мага больш людзей. У 1158 г. ён быў прызначаны Тураўскім епіскапам. Словы і прытчы Кірылы Тураўскага карысталіся сярод насельніцтва шырокай папулярнасцю, за што яго яшчэ пры жыцці іменавалі Златавустам.

Прыняцце хрысціянства, безумоўна, было станоўчай з’явай, якая паўплывала на змены маральных каштоўнасцяў усходніх славян, пашырыла іх эканамічныя і палітычныя зносіны з іншымі краінамі, спрыяла развіццю культуры, літаратуры, мастацтва. Хрысціянская вера выпрацоўвала і прыкметна ўзмацняла ў беларусаў мяккасардэчнасць, міласэрнасць, гуманнасць.

Такім чынам, культура беларускіх зямель у перыяд ранняга сярэднявечча вылучалася высокім узроўнем развіцця. Вызначальную ролю, безумоўна, адыгралі прыняцце хрысціянства і распаўсюджанне пісьменнасці. Аднак наяўнасць моцных язычніцкіх традыцый надавала адметнасць культурным працэсам на землях усходніх славян.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ І ПАНЯЦЦІ

Веча (ад стараславянскага вет – рада) – народны сход, орган дзяржаўнай улады (разам з князем) у асобных княствах.

Волакі – назва месца найбольшага збліжэння дзвюх суседніх судаходных рэк, па якому караблі перацягвалі (валаклі) з адной рэчкі ў другую або перавозілі грузы.

Даніна – натуральны аброк. На землях усходніх славян вядомы з ІХ ст. як асноўны падатак насельніцтва на карысць дзяржавы, а таксама як падатак з заваяваных народаў.

Натуральная гаспадарка - тып гаспадаркі, пры якой усё, што выраблялася, спажывалася ў межах гэтай жа гаспадаркі.

Палюддзе («хадзіць па людзях») – штогадовы аб’езд князем з дружынай падуладных тэрыторый з мэтай збору даніны.

Паншчына - апрацоўка сялянамі зямлі феадала ўласным інвентаром і цяглавай жывёлай.

Сінкрэтызм – арганічнае ўзаемаперапляценне старажытных паганскіх уяўленняў з хрысціянскімі.

Феадальная раздробленасць – працэс дзялення раннефеадальных дзяржаў на ўдзельныя княствы.

Чынш - грашовая рэнта.

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...