Храналогія падзей. Кантрольныя пытанні і заданні. Літаратура
ХРАНАЛОГІЯ ПАДЗЕЙ 859 г. – першае ўпамінанне ў «Аповесці мінулых гадоў» пра крывічоў. 862 г. – першае ўпамінанне ў «Аповесці мінулых гадоў» пра Полацк. 980 г. – згадка ў летапісе пра полацкага князя Рагвалода і Рагнеду. 980 г. – першае ўпамінанне пра Тураў. 988 г. – пачатакпрыняцця хрысціянства на ўсходнеславянскіх землях. 992 г. – узнікненне епархіі ў Полацку. 1005 г. – узнікненне епархіі ў Тураве. 1067 г. – бітва на Нямізе і першае ўпамінанне ў летапісе пра Менск. 1101 г. – пачатак феадальнай раздробленасці на беларускіх землях.
КАНТРОЛЬНЫЯ ПЫТАННІ І ЗАДАННІ 1. Вызначце характэрныя рысы феадалізму і назавіце асноўныя віды феадальнай рэнты. 2. Дакажыце, што Полацкае княства з’яўлялася дзяржавай. 3. Вызначце асноўныя напрамкі знешняга гандлю беларускіх зямель у ІХ – ХІІІ ст. 4. Дакажыце, што на першым этапе феадальная раздробленасць спрыяла развіццю гаспадаркі асобных земляў і росту гарадоў, а затым стала тормазам на шляху эканамічнага развіцця. 5. Вызначце ўплыў хрысціянства на развіццё культуры беларускіх зямель.
ПРЫКЛАДНАЯ ТЭМАТЫКА РЭФЕРАТАЎ 1. Шлях «з варагаў у грэкі» – асноўная гандлёвая артэрыя Полацкага княства. 2. Гандаль і грашовае абарачэнне на беларускіх землях у перыяд ранняга феадалізма. 3. Хрысціянская культура на землях Беларусі ў перыяд ранняга сярэднявечча. ЛІТАРАТУРА 1. Алексеев Л. В. Полоцкая земля в ІХ–ХІІІ вв. – М., 1966. 2. Арлоў У. А. Таямніцы полацкай гісторыі. – Мінск: Беларусь, 1994. 3. Галубовіч В. І. Эканамічны стан, побыт і гандаль Старажытнай Беларусі (ІХ – ХІІІ стст. ). – Мінск: Экаперспектыва, 1997. 4. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Старажытная Беларусь: Ад пачатковага засялення да сярэдзіны ХІІІ ст. – Мінск: Экаперспектыва, 2000.
5. Гісторыя сялянства Беларусі: У 3 т. Т. 1. Гісторыя сялянства Беларусі ад старажытнасці да 1861 г. – Мінск: Беларуская навука, 1997. 6. Зверуго Я. Г. Верхнее Понеманье в ІХ – ХІІІ в. – Минск., 1989. 7. Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. – Мінск: Экаперспектыва, 1997. 8. Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца ХVІІІ стагоддзя. – Мінск, 2001. 9. Штыхаў Г. В. Шматукладнае грамадства ІХ – ХІ стст. і пытанні перыядызацыі раннесярэдневяковай гісторыі Беларусі // Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да нашых дзён. – Мінск: Выд-ва БДУ, 1992. 10. Штыхов Г. В., Лысенка П. Ф. Древнейшие города Белоруссии. – Минск.: Наука и техника, 1966. 11. Штыхаў Г. В. Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. – Мінск, 1999.
Тэма 3. Вялікае княства Літоўскае (другая палова ХІІІ – першая палова ХVІ ст. ) 1. Прычыны ўтварэння Вялікага княства Літоўскага. 2. Цэнтралізатарская палітыка вялікіх князёў. 3. Дзяржаўны лад і органы кіравання ў ВКЛ. Судовая сістэма. 4. Сацыяльная структура грамадства ВКЛ. 5. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе ВКЛ. 6. Гарады Беларусі ў ХІV–ХVІ ст. 1. Прычыны ўтварэння Вялікага княства Літоўскага. У пачатку ХІІІ ст. дзяржаваўтваральныя працэсы на землях Беларусі перамясціліся з Полацка на тэрыторыю Наваградскай зямлі. Аб’яднанне вакол яго самастойных удзельных княстваў паклала пачатак з’яўленню новай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Сярод асноўных прычын, якія знаходзіліся ў аснове працэса ўтварэння адзінай цэнтралізаванай дзяржавы, можна вылучыць наступныя: 1) унутрыпалітычную: феадальная раздробленасць, якая панавала ў Полацкім княстве з пачатку ХІІ ст., і працяглыя міжусобныя войны паступова прывялі да негатыўных наступстваў у гаспадарчым і палітычным жыцці. У канцы ХІІ ст. на ўсходнеславянскіх землях рэзка зменшылася эканамічнае значэнне гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі». Гандаль паміж краінамі Балтыйскага і Міжземнага мораў стаў ажыццяўляцца вакол Еўропы, што атрымлівалася хутчэй і танней, чым з выкарыстаннем шляху «з варагаў у грэкі» з яго маруднай і складанай працэдурай волакаў. Разам з тым рост гарадоў, развіццё рамёстваў, удасканаленне сельскай гаспадаркі і паглыбленне грамадскага падзелу працы патрабавалі ўнутрыпалітычнай стабільнасці і тэрытарыяльнай кансалідацыі.
У перыяд феадальнай раздробленасці паглыбілася сацыяльная дыферэнцыяцыя грамадства, абвастрыліся супярэчнасці як паміж саслоўямі, так і сярод феадалаў у барацьбе за панаванне. Усё гэта сведчыла пра неабходнасць усталявання моцнай улады, якая магла б заканадаўча абмежаваць разбуральныя працэсы, аб’яднаць усе сілы грамадства для ўмацавання дзяржавы; 2) знешнепалітычную: разрозненыя і аслабленыя беларускія землі з пачатку ХІІІ ст. сталі аб’ектам нападу знешніх ворагаў, асабліва мангола-татараў і крыжакоў. Мангола-татарскія орды пад кіраўніцтвам Чынгісхана з’явіліся ва Усходняй Еўропе вясной 1223 г. (з 1237 г. іх узначальваў хан Батый). За няпоўныя два дзесяцігоддзі яны падпарадкавалі сабе ўсходнерускія княствы, над якімі больш чым на дзвесце гадоў было ўсталявана мангола-татарскае ярмо, Галіцка-Валынскую зямлю, а ў 1240 г. разбурылі Кіеў. З 1240 г. мангола-татары пачалі перыядычна здзяйсняць набегі на паўднёвыя землі Беларусі. Яны праследавалі эканамічную мэту – захоп багацця: палонных, золата, збожжа, футра і інш. Мангола-татары былі качэўнікамі і ніколі не жылі на падпарадкаваных тэрыторыях. Іншая справа была з крыжакамі-рыцарамі з Заходняй Еўропы, якія кіраваліся ў сваёй дзейнасці хрысціянскімі ідэямі прапаведніцтва. У 1186 г. адзін з першых нямецкіх місіянераў на ўсходнеславянскіх землях манах Мейнард звярнуўся да полацкага князя Уладзіміра з просьбай дазволіць хрысціць падкантрольныя Полацку плямёны ліваў і латгалаў. У 1201 г. місіянеры заснавалі ў вусці Заходняй Дзвіны крэпасць Рыгу і тым самым зачынілі Полацку выхад у Балтыйскае мора. Услед за крыжам місіянера ішоў меч заваёўніка, і ў 1202 г. быў заснаваны Ордэн мечаносцаў (Лівонскі ордэн), а ў 1228 г. – Тэўтонскі ордэн. Крыжацкія Ордэны былі добра арганізаванымі ваеннымі структурамі. Іх афіцыйнай задачай была абвешчана абарона заснаванага на землях балтаў Каталіцкага касцёла і пашырэнне хрысціянства, але сапраўднай мэтай рыцараў была палітычная – захоп і падпарадкаванне новых зямель. Галоўнымі даходамі Ордэна была даніна з мясцовага насельніцтва, таму нямецкія рыцары імкнуліся замацавацца на захопленых тэрыторыях.
Першым цяжар барацьбы з крыжакамі прыняло на сябе Полацкае княства. На пачатку ХІІІ ст. Полацк вымушаны быў саступіць ім дзве асноўныя крэпасці на Заходняй Дзвіне — Кукейнос (1208 г. ) і Герцыке (1209 г. ) і тым самым аслабіў свае пазіцыі ў Падзвінні. Такім чынам, у сярэдзіне ХІІІ ст. перад беларускімі землямі востра паўстала праблема захавання самастойнасці і неабходнасці арганізацыі дзейснага адпору знешнім ворагам. Ажыццявіць гэта ва ўмовах феадальнай раздробленасці было немагчыма, і таму сярод кіраўнікоў удзельных княстваў і зямель усё большую прывабнасць пачала набываць ідэя аб’яднання. Перавага палітычных прычын над эканамічнымі адрознівала працэс аб’яднання на беларускіх землях ад аналагічных працэсаў у Заходняй Еўропе. У гэтых умовах палітычны цэнтр беларускіх зямель перамяшчаецца з Полацка ў Наваградак, на той час самы значны горад Панямоння. У ХІІ-ХІІІ ст. адбыўся хуткі эканамічны росквіт Наваградка. Асновай эканамічнай магутнасці Наваградчыны сталі развітое земляробства і рамяство, а таксама актыўны гандаль. Па Нёману наваградскія купцы траплялі ў Балтыйскае мора і далей — у гарады Паўночнай і Заходняй Еўропы. Праз развітую сістэму волакаў можна было трапіць у Днепр і Заходнюю Дзвіну, а адтуль адпаведна ў Чорнае і Балтыйскае моры. Пра шырокія гандлёвыя сувязі Наваградскай зямлі сведчаць знаходкі на яе тэрыторыі скарбаў з арабскімі, візантыйскімі і заходнееўрапейскімі манетамі. Узвышэнне Наваградка ў значнай ступені было абумоўлена геапалітычным становішчам — ён размяшчаўся ў пэўнай адлегласці ад асноўных маршрутаў крыжацкіх захопаў і мангола-татарскіх набегаў. Гэта спрыяла прытоку на Наваградчыну славянскага насельніцтва з больш небяспечных тэрыторый і, як следства, узнікненню і ўмацаванню гарадоў (Слоніма, Ваўкавыска, Свіслачы, Зэльвы і інш. ).
Такім чынам, у сярэдзіне ХІІІ ст. Наваградскае княства мела высокі эканамічна-культурны патэнцыял, што, несумненна, уплывала на павелічэнне палітычнай вагі княства сярод суседніх усходнеславянскіх і балцкіх зямель, якія мелі трывалыя ваенна-палітычныя і эканамічныя сувязі з крывічамі. Таму не выпадкова, што ідэя неабходнасці аб’яднання выспела менавіта сярод наваградскай знаці і атрымала падтрымку купцоў і рамеснікаў. Так Наваградак стаў цэнтрам новага дзяржаваўтваральнага працэсу, у выніку якога з’явілася адна з самых буйных дзяржаў тагачаснай Еўропы — Вялікае княства Літоўскае. Праблема ўтварэння ВКЛ канчаткова не вырашана ў гістарыяграфіі, аб чым сведчыць наяўнасць многіх канцэпцый. Іх узнікненне было звязана з рознай палітычнай кан’юнктурай і недакладнай лакалізацыяй Літвы летапіснай. Тэрмін «Літва» ўпершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах пад 1009 г. Большасць беларускіх даследчыкаў лічаць, што Літва летапісная знаходзілася на балцка-славянскім памежжы і займала тэрыторыю паўночнага захаду сучаснай Беларусі і паўднёвага ўсходу сучаснай Літвы. Утварэнне ВКЛ як моцнай цэнтралізаванай дзяржавы было заканамерным этапам у развіцці не толькі ўсходнеславянскіх, але і балцкіх зямель, гэта быў жыццёва неабходны сімбіёз для двух бакоў. ВКЛ узнікла і развівалася на шырокай тэрытарыяльна-этнічнай аснове і стала калыскай утварэння многіх народаў. Важны ўклад у станаўленне дзяржавы зрабіў літоўскі князь (з Літвы летапіснай) Міндоўг. У 1235 г. упершыню ў летапісах упамінаецца «Літва Міндоўга». У літоўскай гістарыяграфіі прапагандуецца канфрантацыйная версія пачатковага перыяду ВКЛ, якая сцвярджае, што Наваградская зямля была захоплена Міндоўгам. Але даследаванні беларускіх вучоных сведчаць, што, верагодна, наваградская знаць для здзяйснення сваіх кансалідацыйных планаў спецыяльна запрасіла Міндоўга на наваградскі трон, ведаючы здольнасці гэтага князя і жадаючы выкарыстаць яго ў сваіх палітычных мэтах. На карысць гэтай версіі гаворыць факт прыняцця Міндоўгам у 1246 г. праваслаўнай веры як неабходнай умовы абрання на пасаду наваградскага князя. Традыцыя запрашэння на княжанне магутных правадыроў з дружынамі была вядома на землях усходніх славян значна раней (Рурык, Рагвалод). Міндоўг хутка аб’яднаў вакол Наваградскай зямлі тэрыторыю Верхняга Панямоння, і першапачаткова гэтая дзяржава называлася па-рознаму: «Літва», «Літоўскае княства», «княства Літоўскае і Наваградскае» ці нават «Вялікае княства Наваградскае».
Становішча маладой дзяржавы было вельмі хісткім і небяспечным у суседстве з больш моцным Галіцка-Валынскім княствам. Так, паўднёвыя князі ў 1252 г. арганізавалі кааліцыю і спустошылі Наваградскую зямлю. Яны імкнуліся спыніць тут працэс дзяржаваўтварэння. Каб адстаяць сваю незалежнасць у барацьбе з гэтым ворагам, Міндоўг вымушаны быў заключыць саюз з Лівонскім ордэнам, пагадзіўся прыняць каталіцтва і ў 1252 г. (паводле іншых звестак, у 1253 г. ) каранаваўся ў Наваградку. Актам каранацыі Міндоўг хацеў дабіцца міжнароднага прызнання ВКЛ. Такім чынам, новае дзяржаўнае ўтварэнне, якое стала магчымым дзякуючы ваенна-палітычнаму саюзу славянскага горада Наваградка з балцкім кунігасам (князем) Міндоўгам, перамагло ў барацьбе з галіцка-валынскімі князямі. Падначаленне невялікіх княстваў Верхняга Панямоння адзінай уладзе спыніла працэс феадальнай раздробленасці і садзейнічала інтэграцыі жыхароў розных княстваў Беларусі ў рамках адзінай дзяржавы. Стабільнасць і магутнасць новай дзяржавы дасягаліся не толькі выгадным геапалітычным становішчам, а таксама дыпламатыяй, сілай і крывёю. Пачатковы перыяд утварэння ВКЛ характарызаваўся жорсткай барацьбой за ўладу. Так, шляхам забойства з гістарычнай арэны ў 1263 г. быў выдалены Міндоўг. Расправіўшыся са змоўшчыкамі і забойцамі бацькі, сваю ўладу ў Наваградку ўсталяваў сын Міндоўга Войшалк (1264− 1267). Ён заключыў саюз з галіцка-валынскімі князямі і, зыходзячы з палітычных інтарэсаў, у 1267 г. перадаў уладу свайму сваяку галіцкаму князю Шварну (1267− 1270). Але сам ён у гэтым жа годзе быў забіты па загаду галіцка-валынскага князя Льва Данілавіча. Пасля смерці Шварна ўладу ў ВКЛ атрымаў Трайдэн (Трайдзень) (1270− 1282). Падчас яго кіравання значна пашырыўся знешнепалітычны ўплыў Княства. Трайдэн разарваў саюз Літвы з галіцка-валынскімі князямі, супрацьдзейнічаў ваенным паходам татар на землі ВКЛ, даў прытулак уцекачам ад крыжацкай агрэсіі з Прусіі. Такім чынам, Трайдэну ўдалося стабілізаваць унутрыпалітычную сітуацыю ў Княстве і на некаторы час прыпыніць пасягненні ворагаў на незалежнасць ВКЛ. 2. Цэнтралізатарская палітыка вялікіх князёў. Вялікую ролю ва ўмацаванні ВКЛ адыграла цэнтралізатарская палітыка вялікіх князёў Віценя (1295–1316), Гедыміна (1316–1341) і Альгерда (1345–1377). Віцень змагаўся за ўнутранае адзінства Вялікага Княства. Пра яго палітыку ў летапісах гаворыцца: «Зямлі прыбавіў да княства многа, аж да Буга». Пры ім у 1307 г. да ВКЛ было далучана Полацкае княства, а ў 1315 г. — Берасцейская зямля. Ён вёў актыўную знешнюю палітыку: выступаў супраць палякаў, змагаўся з крыжакамі. З часоў Віценя (1296) бярэ пачатак і гістарычны герб Беларусі — Пагоня: «Измысли себе герб и всему княжеству печать: рыцер збройны на коне з мечем, иже ныне наричут погоня». Пагоня стала гербам дынастыі вялікіх князёў літоўскіх і дзяржаўным гербам ВКЛ. Лёс Віценя, як і многіх іншых князёў ВКЛ, быў трагічны. Праўда, паводле летапісных звестак, загінуў ён не ад рук палітычных супернікаў, а ад удару маланкі. Такім чынам, сярэдзіна ХІІІ – пачатак ХІV ст. былі часам станаўлення і ўмацавання ВКЛ. Пры Віцені гэты працэс стаў незваротны. З пачатку ХVІ ст. адбываўся імклівы рост ВКЛ у геаграфічнай і палітычнай прасторы Еўропы. Вялікую ролю ў гэтым адыграў Гедымін. Гедымін. У час княжання Гедыміна ў складзе ВКЛ былі аб’яднаны беларускія землі да Дняпра. Аднак у гэты перыяд неаднойчы спустошаны ў другой палове ХІІІ – пачатку ХІV ст. галіцка-валынскімі князямі і крыжакамі, Наваградак прыйшоў у заняпад. Таму Гедымін вырашыў перанесці сталіцу з Наваградка ў Вільню, што і было зроблена ў 1323 г. Ёсць сведчанні, што Вільня была заснавана крывічамі, з 1070-х г. з’яўлялася цэнтрам Віленскага ўдзела Полацкага княства і да пачатку ХІV ст. стала значным палітыка-эканамічным цэнтрам. Знешняя палітыка Гедыміна мела два асноўныя накірункі: пашырэнне межаў Вялікага Княства і барацьба з крыжацкай агрэсіяй. У адпаведнасці з першай задачай, Гедымін шляхам дынастычнага саюза далучыў да ВКЛ у 1320 г. Віцебскае княства, у 1326 г. – Менск, а пазней – Тураў і Пінск. Разам з тым з мэтай умацавання дзяржавы і больш паспяховай барацьбы супраць крыжакоў ён у 1325 г. заключыў саюз з польскім каралём Уладзіславам І і загадаў распачаць будаўніцтва магутных умацаванняў у ВКЛ – замкаў па лініі Трокі – Вільня – Меднікі – Крэва – Ліда – Наваградак. Вялікую ролю ў барацьбе з крыжакамі адыграў знакаміты палкаводзец Давыд Гарадзенскі (1283–1326). Аб павазе да яго з боку вялікага князя гаворыць той факт, што Гедымін аддаў яму ў жонкі сваю дачку Біруту. Давыд Гарадзенскі быў паплечнікам Гедыміна, яны неаднаразова разам выступалі супраць крыжакоў і нават арганізавалі паход войска ВКЛ на крыжацкую крэпасць Брандэнбург (1326 г. ). Падчас гэтага паходу Давыд Гарадзенскі быў па-здрадніцку забіты падкупленым немцамі мазавецкім рыцарам і, па паданню, быў пахаваны каля Каложскай царквы ў Гародне. Сам Гедымін таксама загінуў пры аблозе нямецкай крэпасці Баербург у 1341 г. Роля Гедыміна ва ўмацаванні ВКЛ вельмі вялікая: ён не толькі здолеў абараніць дзяржаву ад ворагаў, але і запрашаў рамеснікаў, гандляроў, адукаваных людзей з еўрапейскіх краін на сталае месцажыхарства ў ВКЛ, што ў значнай ступені садзейнічала гаспадарчаму і культурнаму росквіту краіны. Шляхі ўключэння беларускіх зямель у склад ВКЛ. Пашырэнне тэрыторыі ВКЛ ажыццяўлялася рознымі шляхамі. Найбольш значным быў добраахвотна-дагаворны шлях, які даваў тэрыторыям пэўную аўтаномнасць пры ўваходжанні ў склад новай дзяржавы. Далучэнне да больш моцнага Наваградка і ўмацаванне дзяржаўнай улады гарантавала надзейную абарону ад ворагаў і стварала ўмовы для стабільнага развіцця сельскай гаспадаркі і рамёстваў. Асноўнымі рысамі аўтаномнасці былі наступныя: · намеснікі і ваяводы прызначаліся толькі са згоды мясцовага насельніцтва; · існавала мясцовая судовая сістэма; · на пасады мясцовага кіравання магло быць прызначана толькі мясцовае баярства.
Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|