3. Дыдактычныя асновы, прынцыпы і крытэрыі адбору ў канструяванні зместу літаратурнай адукацыі
3. Дыдактычныя асновы, прынцыпы і крытэрыі адбору ў канструяванні зместу літаратурнай адукацыі Пры адборы вучэбнага матэрыялу, вызначэнні метадаў і прыёмаў арганізацыі дзейнасці вучняў галоўную ролю адыгрываюць наступныя метадычныя і літаратуразнаўчыя прынцыпы. 1. Прынцып уліку ўзроставых і псіхалагічных асаблівасцей успрымання вучнямі мастацкага тэксту. Гэты прынцып абумоўлівае адбор і прэзентацыю мастацкіх тэкстаў з улікам узростава-псіхалагічных асаблівасцей вучняў на розных ступенях навучання літаратуры. Неабходна ўлічваць інтэлектуальна-пазнавальныя магчымасці вучняў, іх здольнасць да рэпрадуктыўнай дзейнасці, засваення аб’ёму інфармацыі. 2. Прынцып адпаведнасці задачам выхавання і развіцця асобы вучня. Беларуская літаратура садзейнічае фарміраванню светапогляду вучня як цэласнай сістэмы ўяўленняў пра чалавека, прыроду, навакольнае жыццё. Спецыфіка літаратурнай адукацыі абумоўлена педагагічнай накіраванасцю навучання ў агульнаадукацыйнай установе. Змест курса беларускай літаратуры дазваляе ў розных аспектах станоўча ўздзейнічаць на асобу вучня, дае ўдзячны матэрыял для фарміравання трывалых маральна-этычных асноў, выхавання грамадзянскасці, патрыятызму, адданасці агульначалавечым ідэалам. 3. Прынцып эстэтычнага падыходу да аналізу і ацэнкі мастацкага твора. Адна з задач навучання беларускай літаратуры – далучэнне школьнікаў да мастацтва слова праз эстэтычнае ўспрыманне літаратурнага твора. Мастацкая творчасць выклікае эмацыянальныя перажыванні, прыносіць асалоду, фарміруе эстэтычны густ, уяўленні пра прыгажосць жыцця і інш. Разгляд літаратурнага твора вымагае эстэтычнага падыходу, г. зн. яго аналізу і ацэнкі з пазіцый мастацкай цэласнасці, вобразна-выяўленчай арыгінальнасці, ведання асноўных эстэтычных катэгорый і тэрмінаў (прыгожае – агіднае, узнёслае – нізкае, трагічнае – камічнае). Фарміраванне і развіццё эстэтычнай культуры – важны складнік літаратурнай адукацыі.
4. Прынцып адзінства зместу і формы, часткі і цэлага ў спасціжэнні мастацкага твора чытачом. У курсе беларускай літаратуры асноўнае месца адведзена вывучэнню мастацкіх твораў. У працэсе аналізу разглядаюцца ўнутраныя (мастацкі сэнс, характары, абставіны і інш. ) і знешнія (арганізацыя тэксту, асаблівасці мовы і інш. ) кампаненты твора. Задача настаўніка заключаецца ў тым, каб вучань авалодаў уменнем характарызаваць твор цэласна, у адзінстве яго зместу і формы. Азначаны прынцып не можа рэалізавацца без азнаямлення вучняў з тэарэтычнымі паняццямі. Без іх ведання нельга вырашыць адну з найважнейшых мэтаў навучання літаратуры – выхаванне культуры чытання. Засваенне тэарэтычных паняццяў ажыццяўляецца з улікам мастацкай прыроды твора. У такім выпадку тэарэтычнае паняцце стане своеасаблівым інструментам пазнання твора, літаратурнай з’явы, і вучні ўсвядомяць практычную неабходнасць яго ведання. Увядзенне тэарэтыка-літаратурнага матэрыялу ў змест літаратурнай адукацыі павінна адбывацца ў адпаведнасці з прынцыпамі даступнасці, паслядоўнасці і пераемнасці. 5. Прынцып гістарычнага падыходу ў асэнсаванні твораў і з’яў літаратуры і мастацтва. Гісторыка-храналагічны прынцып выступае галоўным у пабудове зместу адукацыі ў курсах беларускай літаратуры ІХ–ХІ класаў. Азначаны прынцып рэалізуецца ў працэсе знаёмства з творамі, фарміравання ўяўленняў пра заканамернасці і найважнейшыя асаблівасці гісторыі развіцця мастацтва слова. Вучні павінны атрымаць агульнае ўяўленне пра развіццё беларускай літаратуры, яе ідэйна-эстэтычную вартасць, каб у іх свядомасці беларускае і замежнае мастацтва ўяўлялася не простай сумай твораў, а цэласным працэсам.
6. Прынцып міжпрадметных сувязей. Беларуская літаратура разам з іншымі прадметамі сацыяльна-гуманітарнага цыкла (“Руская літаратура”, “Беларуская мова”, “Руская мова”, “Замежная мова”, “Сусветная гісторыя. Гісторыя Беларусі”, “Грамадазнаўства”, “Музыка”, “Выяўленчае мастацтва”) утварае аснову культурацэнтрычнай сістэмы адукацыі. Міжпрадметныя сувязі актуалізуюцца на ўсіх этапах навучання, іх рэалізацыя ў адукацыйным працэсе ўзбагачае дыялог літаратуры з іншымі відамі мастацтва (жывапіс, музыка, фотамастацтва, кіно, тэатр і інш. ), эфектыўна ўздзейнічае на маральна-этычнае, інтэлектуальнае, эмацыянальнае, эстэтычнае развіццё асобы. 7. Прынцып пастаяннай увагі да мовы ў яе эстэтычнай і камунікатыўнай функцыях. Беларуская літаратура як вучэбны прадмет істотна ўплывае на агульную гуманітарна-філалагічную падрыхтаванасць вучня, яго камунікатыўную кампетэнцыю. Пастаянная праца па развіцці маўлення спрыяе засваенню вучнямі багацця беларускай мовы, яе літаратурных нормаў, навыкаў вуснага выказвання, разважання, дыялогу, у выніку ўсё гэта фарміруе культуру мыслення і камунікатыўную культуру асобы. 4. Мэты вучэбнага прадмета Карыстаючыся універсальным сродкам уздзеяння на чалавека – словам, літаратура здольная цэласна, сістэмна ўплываць на інтэлект, пачуцці, волю, фарміраваць светабачанне і светаразуменне, агульную культуру кожнага, хто судакранецца з яе багаццямі. З улікам падобных уласцівасцей літаратуры вызначаюцца мэты і задачы літаратурнай адукацыі ўвогуле і на кожным этапе навучання ў прыватнасці. Мэты і задачы літаратурнай адукацыі на сучасным этапе павінны быць скіраваныя на выхаванне чалавека з глыбокім гуманістычным і дэмакратычным светапоглядам, самастойным мысленнем, з развітым пачуццём нацыянальнай і асабістай самапавагі, чалавека, чуйнага да сацыяльнага поліфанізму жыцця, патрыёта, адданага агульначалавечым ідэалам, асобы з выразна выяўленымі творчымі схільнасцямі, здольнай успрыманне прыгожага выкарыстаць для выпрацоўкі стымулу маральнага самаўзвышэння, інтэлектуальнага і духоўнага развіцця.
Такая агульная ўстаноўка рэалізуецца ў сістэме канкрэтных патрабаванняў да вынікаў літаратурнага навучання: – дастаткова шырокае знаёмства з нацыянальнай літаратурнай спадчынай, а таксама з асобнымі (класічнымі, узорнымі) творамі сусветнай літаратуры; – начытанасць, устойлівая цікавасць да чытання, рознабаковасць, сістэмнасць, свядомая скіраванасць чытацкіх інтарэсаў; – глыбіня засваення ідэйна-мастацкага зместу праграмных літаратурных твораў, уменне самастойна аналізаваць тэкст і ацэньваць яго ідэйна-эстэтычную каштоўнасць; – валоданне тэарэтыка-літаратурнымі паняццямі і здольнасць прымяняць іх у працэсе аналізу і ацэнкі мастацкіх твораў; – веданне спецыфічных асаблівасцей літаратуры ў параўнанні з асаблівасцямі іншых відаў мастацтва; – знаёмства з асноўнымі эстэтычнымі катэгорыямі (прыгожае, узвышанае, гераічнае, трагічнае, камічнае, агіднае і інш. ) і здольнасць ацэньваць з іх дапамогай творы літаратуры і сумежных відаў мастацтва; – зарыентаванасць вучняў у гістарычным развіцці літаратуры і мастацтва: веданне асноўных этапаў (эпох, перыядаў), ідэйных і мастацкіх напрамкаў і інш.; – здольнасць выяўляць у творах літаратуры чалавеказнаўчы змест, пытанні філасофскага, псіхалагічнага, маральна-этычнага, эстэтычнага характару, выказваць уласныя адносіны да адлюстраваных у літаратуры розных грамадскіх з’яў, супярэчнасцей, канфліктаў, да такіх агульначалавечых каштоўнасцей, як любоў да Радзімы, павага да свайго народа і іншых народаў, гонар, сумленне, абавязак і іншыя ідэйныя, маральныя, эстэтычныя арыенціры; – развітасць творчых здольнасцей і ўменняў, неабходных для самавыяўлення і самаўдасканальвання асобы; – валоданне мовай, маўленчымі ўменнямі і навыкамі як умова і сродак самапазнання і самавыяўлення. У залежнасці ад узросту вучняў і ступені навучання гэтыя патрабаванні канкрэтызуюцца, пры гэтым захоўваецца пераемнасць, сістэмнасць, не парушаецца адзінства літаратурнай адукацыі. Усе акрэсленыя прынцыпы функцыянуюць на кожнай ступені адукацыі.
Воспользуйтесь поиском по сайту: ©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...
|