Главная | Обратная связь | Поможем написать вашу работу!
МегаЛекции

5. Агульная характарыстыка і асаблівасці пабудовы зместу літаратурнай адукацыі па ступенях навучання




Адна з найважнейшых асаблівасцей літаратурнай адукацыі – гэта яе пашыранасць на ўвесь час знаходжання дзіцяці, затым падлетка, юнака ў агульнаадукацыйнай установе. Таму надзвычай істотным у літаратурнай адукацыі з’яўляецца дакладнае вызначэнне ўзроставых асаблівасцей фарміравання асобы вучня і адпаведная “прывязка” гэтага працэсу да этапаў навучання літаратуры.

Вызначаюцца наступныя ступені літаратурнай адукацыі ў агульнаадукацыйных установах, кожная з якіх мае свае асаблівасці:

– І ступень (І–ІV класы);

– ІІ ступень (V–ІХ класы);

– ІІІ ступень (Х–ХІ класы).

Беларуская літаратура ў агульнаадукацыйных установах з V класа выступае як самастойны вучэбны прадмет, які паслядоўна і сістэматычна далучае вучня да мастацтва слова. Літаратура – сродак эстэтычнага асваення (вымярэння), асэнсавання жыцця, яго нормаў і каштоўнасцей. Яна дапамагае чытачу ўступаць у дыялог з пісьменнікам, аўтарамі іншых твораў мастацтва, з культурай у самым шырокім сэнсе слова. Беларуская літаратура – прадмет, каштоўны для вучня не толькі сваімі ідэямі, але і тым асобасным сэнсам, які маюць для вучня сюжэт літаратурнага твора, яго мастацкія вобразы, адносіны аўтара да падзей і герояў, факты з жыцця і творчасці пісьменніка, стаўленне яго да жыцця і свету. Беларуская літаратура – адзін з найбольш даступных сродкаў спасціжэння духоўнага развіцця грамадства, яна з’яўляецца каштоўнасцю, неабходнай самой асобе для яе культурнага сталення. Мяняецца погляд настаўніка на ролю вучня ў працэсе літаратурнай адукацыі: з аб’екта навучання, калі тэма, праблема, ідэя, аўтарская пазіцыя разглядаюцца на ўроках як нешта знешняе, чужое, ён ператвараецца ў суб’ект, калі істотнымі становяцца асобасныя ўяўленні і веды вучня: “я і мае адносіны да героя”, “мой погляд на праблему”, “маё разуменне ідэі”, “мая пазіцыя і пазіцыя аўтара” і інш. Настаўнік пры такім падыходзе выступае як пасрэднік паміж літаратурным творам і вучнем і не лічыць для сябе магчымым прымаць рашэнні за вучня. У той жа час беларуская літаратура з’яўляецца сродкам маральнага выхавання патрэбнай грамадству асобы – з багатым духоўным светам, гуманістычным поглядам на рэчаіснасць, далучанай да культуры беларусаў і іншых народаў свету, з жывым крытычным мысленнем, выразна сфарміраванымі жыццёвымі інтарэсамі і каштоўнасцямі.

Мэта літаратурнай адукацыі ў агульнаадукацыйнай установе заключаецца ў далучэнні вучня да беларускай літаратуры як падручніка жыцця, мастацтва слова, крыніцы духоўнага і культурнага багацця. Навучанне літаратуры павінна дапамагчы вучню адчуць разнастайнасць свету, адкрыць таямніцы пісьменніцкага майстэрства, набыць вопыт маўленчай і творчай дзейнасці, авалодаць культурай чытання, выхаваць у сабе пачуццё павагі і любові да мастацкай кнігі, а праз яго – да жыцця ў цэлым, да клопатаў пра прыроду, лёс Зямлі.

У залежнасці ад ступені літаратурнай адукацыі вызначаецца і адпаведны яе змест. Вучні ІХ класа атрымліваюць агульнае ўяўленне пра развіццё літаратуры ад старажытнасці да першай трэці ХХ стагоддзя; у іх фарміруецца першаснае ўяўленне пра гісторыка-літаратурны працэс, яго перыяды. Асэнсаванне этапаў развіцця нацыянальнай і сусветнай літаратуры дае магчымасць адчуць жанрава-тэматычную адметнасць роднай літаратуры, яе самабытнасць.

Курс беларускай літаратуры ІХ класа арганічна звязаны з папярэднім этапам навучання. У V–VIIІ класах прадугледжваецца вывучэнне асобных, даступных вучням твораў беларускай і замежнай літаратуры, чытанне і аналіз якіх – асноўны накірунак усіх урокаў літаратуры. Вучні ўдасканальваюць тэхніку чытання. Іх “узаемаадносіны” з кнігай робяцца ўсё больш свабоднымі, яны пачынаюць усведамляць неабходнасць і карыснасць самастойнага ўспрымання твораў розных жанраў, у тым ліку даволі вялікіх па аб’ёме. Гэты перыяд вельмі спрыяльны для выхавання ў дзяцей патрэбы ў чытанні, фарміравання ў іх звычкі рэгулярна звяртацца да мастацкай літаратуры як крыніцы пазнання свету і саміх сябе.

Пры вывучэнні твораў у V–VIIІ класах важна абапірацца на такую адметнасць падлеткавага ўзросту, як цікавасць вучняў да падзей і лёсаў герояў. Асэнсаванне падлеткамі цікавых сітуацый, канфліктаў, матываў паводзін герояў, іх характараў дае вобразнае ўяўленне пра жыццё людзей, іх узаемаадносіны. У час абмеркавання твора ўзбагачаецца мова вучняў, у іх фарміруецца ўменне выказваць свае адносіны да прачытанага, даваць адносна аб’ектыўную ацэнку зместу і формы твораў.

Падлеткі – надзвычай эмацыянальныя чытачы, з развітой фантазіяй, багатым уяўленнем, яны заўсёды суперажываюць героям, параўноўваюць іх паводзіны са сваімі ўласнымі. Вучні здольныя да сатворчасці з аўтарам: дамысліць сюжэт, дамаляваць карціны і г. д. Мастацкі свет твора і свет чытача-падлетка нібыта перакрыжоўваюцца: твор часта робіцца для чытача асобасна значымым. Толькі пры ўліку адзначанай акалічнасці можна разлічваць на дасягненне маральнага і эстэтычнага ўздзеяння літаратуры на вучня.

Пры навучанні беларускай літаратуры ў V–VIII класах вырашаюцца наступныя задачы:

– удасканаленне навыкаў чытання;

– развіццё цікавасці да чытання мастацкай літаратуры;

– выпрацоўка адчування адметнасці літаратуры як мастацтва слова, яе сувязі з іншымі відамі мастацтва (жывапісам, музыкай, тэатрам);

– фарміраванне навыкаў эмацыянальна-вобразнага ўспрымання літаратурнага твора;

– фарміраванне ў вучняў умення адрозніваць роды і жанры твораў, вызначаць асобныя кампаненты твора, іх узаемасувязь і функцыянальнае значэнне;

– развіццё вобразнага і аналітычнага мыслення, творчага ўяўлення, чытацкай культуры, патрэбы ў самастойным чытанні мастацкага твора;

– развіццё вуснага і пісьмовага маўлення вучняў.

З мэтай пашырэння чытацкага вопыту, абуджэння цікавасці і любові да мастацкай кнігі ў вучэбных праграмах для V–VIII класаў прапануюцца тры спісы літаратурных твораў:

1) для чытання і вывучэння;

2) для чытання і абмеркавання;

3) для пазакласнага чытання.

У першы спіс уключаны абавязковы мінімум твораў, вывучэнне якіх праходзіць усе тры этапы (першаснае ўспрыманне, аналіз, абагульненне) і суправаджаецца вуснымі і пісьмовымі заданнямі для вучняў, творчымі работамі, фарміраваннем чытацкіх і маўленчых уменняў.

Творы, прапанаваныя ў другім спісе, падрабязна не разглядаюцца, а абмяркоўваюцца ў час гутаркі, дыспуту. Прадметам абмеркавання можа быць праблема, герой, адметнасці кампазіцыі ці сюжэта. Будзе да месца размова пра экранізацыю, тэатральную ці тэлепастаноўку, музычную інтэрпрэтацыю твораў.

Трэці спіс прапаноўвае творы для самастойнага чытання, індывідуальнай работы з вучнямі, пазакласных мерапрыемстваў (конкурсы чытальнікаў, літаратурныя віктарыны, канферэнцыі і да т. п. ).

Творы з другога і трэцяга спісаў узаемазамяняльныя, сюды могуць далучацца і іншыя тэксты на выбар настаўніка або вучняў.

Напрыканцы VIII класа вучні павінны в е д а ц ь:

– аўтараў, назвы і змест вывучаных і самастойна прачытаных твораў;

– герояў вывучаных твораў і асаблівасці іх характару; учынкі і ўзаемаадносіны персанажаў;

– асаблівасці паэтычных і празаічных твораў;

– асаблівасці публіцыстычных і навуковых тэкстаў і іх адрозненне ад мастацкіх твораў;

– роды літаратуры (эпічны, лірычны, драматычны), іх асноўныя жанры і мастацкія асаблівасці;

– вобразна-выяўленчыя сродкі;

– асноўныя тэарэтычныя паняцці;

– творы, прапанаваныя для завучвання на памяць.

Вучні павінны ў м е ц ь:

– выразна, у патрэбным тэмпе чытаць уголас літаратурныя творы, навукова-папулярныя і публіцыстычныя тэксты;

– узнаўляць мастацкія карціны, створаныя пісьменнікам;

– вызначаць тэму, ідэю, праблематыку твора;

– выяўляць аўтарскую пазіцыю ў творы;

– вылучаць у літаратурных творах і вучэбных артыкулах лагічна закончаныя часткі;

– складаць план невялікага апавядальнага твора ці ўрыўка з яго, план характарыстыкі героя мастацкага твора;

– сцісла, выбарачна, падрабязна або творча пераказваць невялікі апавядальны твор ці ўрывак з яго, захоўваючы лагічную паслядоўнасць і прычынна-выніковую сувязь;

– вылучаць эпізоды або дэталі, важныя для характарыстыкі дзейных асоб, устанаўліваць прычынна-выніковую сувязь паміж падзеямі і паводзінамі герояў;

– характарызаваць героя літаратурнага твора па яго ўчынках, паводзінах, перажываннях, на падставе створанага аўтарам партрэта, у святле пастаўленага настаўнікам праблемнага пытання;

– параўноўваць двух герояў аднаго твора;

– рыхтаваць тэзісы вуснага выказвання пра твор ці пра свае адносіны да адлюстраванага ў творы;

– вызначаць сюжэтныя і кампазіцыйныя асаблівасці твора;

– знаходзіць выяўленчыя сродкі мовы (эпітэт, параўнанне, метафару, увасабленне) і тлумачыць іх мастацкую ролю ў тэксце;

– рыхтаваць вусныя і пісьмовыя сачыненні з элементамі апавядання, апісання і сачыненні-разважанні (разгорнуты адказ, адказ на пытанне і паведамленне пра героя, апісанне сваіх жыццёвых уражанняў, роздумаў аб розных з’явах жыцця);

– даваць вусны водгук на самастойна прачытаны літаратурны твор і на творы іншых відаў мастацтва, выказваючы свае адносіны да герояў і падзей.

У аснову пабудовы зместу навучання ў ІХ класе пакладзены гісторыка-храналагічны прынцып. Вучні ІХ класа, як ужо адзначалася, павінны атрымаць уяўленне пра развіццё беларускай літаратуры ад старажытнасці да першай трэці ХХ стагоддзя. Адначасова гэта звяно літаратурнай адукацыі выступае як пераходнае да заключнага этапу навучання літаратуры.

У ІХ класе методыка навучання прадмету ў значнай меры захоўвае асаблівасці методыкі навучання літаратуры ў папярэдніх класах (канцэнтрацыя асноўнай увагі на мастацкім творы) і, разам з тым, паступова ўзбагачаецца новымі спосабамі і падыходамі (разгляд твора ў сувязі з даступнай для вучняў характарыстыкай часу, з якім тэкст звязаны сваімі ідэйна-мастацкімі асаблівасцямі, з біяграфічнымі звесткамі пра пісьменніка). З’явы гісторыі літаратуры ў ІХ класе раскрываюцца пераважна на прыкладзе канкрэтнага мастацкага твора або некалькіх асобных твораў пісьменніка. Гэта дазваляе ўлічваць інтарэсы і ўзроставыя магчымасці вучняў, выконваць наступныя дыдактычныя і выхаваўчыя задачы:

– далучаць вучняў да багаццяў айчыннай і сусветнай літаратуры;

– фарміраваць у вучняў уяўленне пра развіццё літаратуры ў гістарычным часе і яе грамадскае значэнне;

– развіваць уяўленне вучняў аб багацці зместу і формы мастацкіх твораў, аб адметнасці стылю і творчай манеры пісьменнікаў;

– развіваць літаратурна-крытычнае мысленне, творчыя здольнасці, камунікатыўную культуру вучняў;

– фарміраваць маральна-эстэтычныя погляды вучняў, развіваць іх лагічнае мысленне, уменне фармуляваць і аргументаваць сваю ацэнку герояў і падзей.

Беларуская літаратура, застаючыся галоўным прадметам вывучэння, паўстае перад вучнямі ў элементах дыялектычнага ўзаемадзеяння з літаратурай народаў свету. Гэтым закладваецца падмурак разумення вучнямі агульных заканамернасцей і асноўных этапаў беларускага і сусветнага літаратурнага развіцця.

Дзевяцікласнікі атрымліваюць пачатковыя веды пра адметнасці літаратуры Сярэднявечча, Адраджэння, Асветніцтва, уяўленні пра асаблівасці рамантызму і рэалізму.

Манаграфічнае вывучэнне паасобных класічных твораў спалучаецца ў ІХ класе са сціслымі аналітычнымі аглядамі літаратуры пэўнага гістарычнага перыяду. Улічваючы ўзрост вучняў і абмежаванасць часу, адведзенага на аглядавыя тэмы, настаўнік сцісла і выразна характарызуе гістарычную эпоху, тэндэнцыі ў развіцці культуры і літаратуры, а потым з дапамогай некалькіх вучняў можа пазнаёміць клас з двума-трыма найбольш тыповымі творамі. Пры гэтым можна выкарыстаць выразнае і каменціраванае чытанне асобных фрагментаў тэксту, пераказ ці аналіз яго асноўных эпізодаў, характарыстыку вобразаў, працу са словам, кампазіцыяй і інш. Франтальную дзейнасць вучняў пажадана спалучаць з групавой і індывідуальнай (мастацкае чытанне, паведамленне, міні-даследаванне, ілюстраванне і да т. п. ).

Найбольш значнымі крытэрыямі літаратурнага развіцця старэйшых падлеткаў з’яўляюцца начытанасць, накірунак чытацкіх інтарэсаў, любоў да кнігі і патрэба ў ёй. У сувязі з гэтым у курсе беларускай літаратуры ІХ класа таксама прадугледжваюцца тры спісы твораў:

1) для чытання і вывучэння;

2) для самастойнага чытання;

3) для пазакласнага чытання.

Творы першай групы вывучаюцца тэкстуальна, дастаткова падрабязна, з выкананнем шэрага вусных і пісьмовых заданняў рознага характару (рэпрадуктыўнага, аналітычнага, творчага). Творы другога спіса прапануюцца для самастойнага чытання, асэнсавання і абмеркавання ў класе, для пісьмовага ці вуснага водгуку на іх і г. д. Апошні спіс пашырае кола самастойнага чытання. Творы двух апошніх спісаў узаемазамяняльныя са згоды вучняў і настаўніка. Гэта дазваляе пашырыць кола чытання, станоўча ўплывае на развіццё патрэбы вучня ў чытанні, а настаўніку дае свабоду выбару твораў для вывучэння і аглядавай характарыстыкі.

Курс літаратуры Х–ХІ класаў – заключнае звяно літаратурнай адукацыі ў агульнаадукацыйнай установе. Ён пабудаваны на гісторыка-літаратурнай аснове і адлюстроўвае асноўныя эпохі ў развіцці мастацтва слова. Вялікае значэнне набываюць актуалізацыя і сістэматызацыя папярэдне набытых ведаў. Вучні павінны не толькі правільна ацэньваць канкрэтныя творы, але і характарызаваць іх у кантэксце гістарычнага развіцця культуры, мастацтва свайго народа і чалавецтва ў цэлым, умець суадносіць канкрэтныя з’явы роднай літаратуры з асноўнымі этапамі, перыядамі развіцця сусветнай літаратуры, з мастацкімі напрамкамі. Такі падыход дазваляе настаўнікам мэтазгодна падаваць інфармацыю пра асноўныя этапы развіцця літаратуры, фарміраваць у вучняў неабходны паняційны апарат і засяроджваць іх увагу на спасціжэнні мастацкага твора ці творчасці пісьменніка ў культуралагічным і літаратурным кантэкстах.

Адладжаная сістэма самастойнага чытання стварае неабходныя ўмовы для супастаўляльнага вывучэння літаратуры, дазваляючы заўважаць тую або іншую праблему ў трактоўцы творчасці мастакоў розных эпох і сацыяльна-эстэтычных арыентацый, бачыць пераемнасць у мастацтве, назіраць плённасць бытавання традыцый і з’яўленне наватарства, спасцігаць спрадвечныя сацыяльныя, эстэтычныя і маральныя каштоўнасці ў літаратуры.

Структура аглядавых і манаграфічных тэм забяспечвае не толькі дастаткова шырокае кола чытання вучняў, але і фарміраванне ў іх асноўных тэарэтыка-літаратурных паняццяў і чытацкіх уменняў, надае літаратурнай адукацыі сістэмнасць і выхаваўчую скіраванасць.

У выніку навучання беларускай літаратуры ў агульнаадукацыйных установах вучні павінны в е д а ц ь:

– змест твораў, прадугледжаных для тэкстуальнага вывучэння, а таксама самастойна прачытаных твораў;

– біяграфіі, жыццёвы і творчы шлях пісьменнікаў, творчасць якіх вывучаецца манаграфічна;

– спецыфіку асноўных эстэтычных катэгорый – прыгожага, узвышанага, трагічнага, гераічнага, камічнага і інш., – неабходных для засваення духоўных, мастацка-эстэтычных каштоўнасцей твора;

– асаблівасці рамантычнага, рэалістычнага і мадэрнісцкага тыпаў мастацкай творчасці;

– асаблівасці асноўных родаў і жанраў літаратуры;

– асноўныя этапы і заканамернасці развіцця беларускай літаратуры (ад старажытных часоў да пачатку XXІ стагоддзя) у суаднясенні з развіццём сусветнай літаратуры;

– характэрныя асаблівасці эпохі, якая адлюстравалася ў творах, тыповае, канкрэтна-гістарычнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў іх змесце;

– грамадзянскую пазіцыю аўтара, сувязь яго творчасці з эпохай, жыццём грамадства;

– змест, праблематыку, сістэму вобразаў, сюжэт і кампазіцыю вывучаных твораў, іх канкрэтна-гістарычнае, нацыянальнае і агульначалавечае значэнне;

– мастацкую цэластасць твора, функцыянальнае ідэйна-эстэтычнае значэнне ўсіх яго структурных кампанентаў (тэмы, ідэі, сюжэта, кампазіцыі, воразаў, выяўленчых сродкаў мовы);

– асноўныя тэарэтыка-літаратурныя паняцці (стыль, напрамак, мастацкі вобраз, літаратурны характар, літаратурны тып, лірычны герой, аўтар, задума твора, праблематыка, пафас, род, жанр, жанравая форма і інш. ), патрэбныя для ўспрымання, засваення, аналізу і ацэнкі мастацкіх твораў;

– асноўныя жанравыя і стылявыя асаблівасці мастацкіх твораў, якія вывучаюцца тэкстуальна;

– тэксты, прапанаваныя для завучвання на памяць.

Выпускнікі павінны ў м е ц ь:

– выразна чытаць мастацкія творы з улікам іх родавай і жанравай спецыфікі, выяўленага аўтарам пафасу ці настрою;

– успрымаць творы на эмацыянальна-вобразным узроўні ў адзінстве ідэйнага зместу і мастацкай формы;

– даваць самастойную ацэнку прачытаным творам і абгрунтоўваць яе;

– узнаўляць мастацкія карціны, створаныя пісьменнікам;

– вызначаць асноўную праблематыку твора;

– выяўляць асноўныя адметнасці стылю (творчай індывідуальнасці) пісьменніка;

– характарызаваць героя твора, супастаўляць герояў аднаго або некалькіх твораў;

– выяўляць характэрныя родавыя і жанравыя, стылявыя асаблівасці вывучаных твораў;

– выяўляць узаемасувязь структурных частак твора;

– суадносіць веды пра гістарычную эпоху з падзеямі, адлюстраванымі ў творы;

– суадносіць канкрэтныя з’явы роднай літаратуры з асноўнымі эпохамі і кірункамі сусветнага літаратурнага працэсу;

– пісаць сачыненні па вывучаных ці самастойна прачытаных мастацкіх творах;

– рыхтаваць рэферат і даклад з выкарыстаннем літаратуразнаўчых крыніц;

– пісаць рэцэнзію на самастойна прачытаную кнігу, прагледжаны фільм, спектакль.

Акрамя таго, вучні на заключнай ступені літаратурнага навучання павінны:

– умець самастойна набываць веды – аналізаваць, супастаўляць, знаходзіць адказы на пастаўленыя пытанні, выяўляць адметныя рысы характару герояў, тыповае ў іх паводзінах, адносінах да жыцця;

– валодаць навыкамі абагульнення і сістэматызацыі вывучанага, вылучэння галоўнага, істотнага, бачання адметнага пры параўнанні вывучаных і самастойна прачытаных твораў;

– валодаць уменнямі і навыкамі вуснага і пісьмовага маўлення, лагічнага і выразнага выказвання думак, дастатковым запасам маўленчых сродкаў;

– умець параўноўваць літаратурныя творы з творамі жывапісу, музыкі, тэатра і інш.;

– валодаць рознымі відамі літаратурна-творчай дзейнасці (напісанне сачынення, даклада, рэферата, рэцэнзіі);

– сачыць за літаратурна-мастацкай перыёдыкай;

– працаваць з навукова-крытычнай і даведачнай літаратурай па вызначанай тэме (літаратурна-крытычныя артыкулы, слоўнікі, даведнікі, энцыклапедыі і інш. ).

Навучанне літаратуры ў агульнаадукацыйнай установе адбываецца ў адзінстве інварыянтнага і варыятыўнага кампанентаў.

Арганізацыя факультатыўных заняткаў у V–VIII класах скіравана на абуджэнне і фарміраванне цікавасці, захопленасці мастацтвам, на выхаванне мастацкага густу і развіццё творчых здольнасцей, асабліва літаратурных. Факультатыўныя заняткі ў IX–XІ класах могуць быць скіраваны на пашырэнне і паглыбленне асноўнага курса, прысвечаны найбольш значным з’явам літаратурнага працэсу, праблеме “індывідуальнасць пісьменніка і літаратурны працэс”, узаемадзеянню літаратуры і іншых відаў мастацтва, тэарэтычным праблемам (стылі і жанры літаратуры, мастацкі напрамак і інш. ), адной з літаратур народаў свету і інш.

Пастаянна дзеючыя формы пазакласнай работы: літаратурныя гасцёўні, гурткі, клубы, літаратурныя і краязнаўчыя музеі, школьныя мастацкія галерэі – усё гэта таксама павінна быць максімальна выкарыстана для ўмацавання сувязей школьнікаў з мастацтвам, развіцця іх інтарэсаў і творчых схільнасцей. Паглыбленню і пашырэнню сувязей літаратурнай адукацыі з духоўнай культурай народа, выхаванню нацыянальнай самасвядомасці вучняў спрыяе выкарыстанне літаратурнага і фальклорна-паэтычнага матэрыялу ў пазакласнай рабоце: стварэнне літаратурна-музычных кампазіцый, прысвечаных традыцыйным народным святам, развіццё розных напрамкаў літаратурна-краязнаўчай дзейнасці.

Такім чынам, навучанне прадмету “Беларуская літаратура” заснавана на ведах, уменнях, вопыце творчай дзейнасці, эмацыянальна-каштоўнасных адносінах. Якасць літаратурнай адукацыі вучняў вызначаецца ў адпаведнасці з 10-бальнай сістэмай ацэнкі вучэбнай дзейнасці.

Поделиться:





Воспользуйтесь поиском по сайту:



©2015 - 2024 megalektsii.ru Все авторские права принадлежат авторам лекционных материалов. Обратная связь с нами...